Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ АХВЯРАМ СТАЛІНСКАГА ГЕНАЦЫДУ, ЗАБІТЫМ У КУРАПАТАХ

(Выступ у Дзень памяці пра генацыд)

Дарагія землякі, дарагія беларусы! Сёньня, 3-га чэрвеня, спаўняецца 30 гадоў з таго дня, які перамяніў Беларусь, які ўзьняў у гару Беларускі дух народнага сумленьня і прагу справядлівасьці. У гэты дзень Беларусь пачула рэальную народную праўду пра сталінскі генацыд, і гэтая праўда ўскалыхнула людзкія душы.

Гэтая праўда прагучэла як атамны выбух. На яе адгукнулася ўся краіна. Масква і яе камуністычная ўлада, якія думалі, што задушылі ў Беларусі ўсё жывое, што ўсю нацыю ўжо затапталі ў друз, затахцілі ў небыцьцё, — яны памыліліся. Аказалася, што Беларусь духоўна жывая і сьмела дэманструе свой гнеў.

Мне здаецца, што ворагі чалавецтва і па сёньняшні дзень не зразумелі сутнасьці такога паўстаньня Беларускага духу амаль зь небыцьця. Рэакцыя на адкрыцьцё Курапатаў — гэта быў люстраны адбітак маштабаў савецкага генацыду ў Беларусі. Маштаб быў такі вялікі, такі пачварны, што закрануў, практычна, кожную беларускую сям’ю, кожнага чалавека. І вось праўда пра Курапаты ўскаланула ў кожным ягонае баленьне, ягоныя страты і гнеў, ягоную прагу справядлівасьці і непрыняцьце забойцаў людзей. Беларусь выбухнула, не дамаўляючыся, бо кожны памятаў і кожнаму балела сваё. Узьнік народны рэзананс памяці і нясплочанага гневу, які вывеў людзей на вуліцы і плошчы, стварыў народны рух, павёў за Народным Фронтам, разьвітаўся з камунізмам і сустрэў незалежнасьць Айчыны.

Вось што такое Курапаты ў гісторыі нашай свабоды і незалежнага існаваньня.

Ці трэба зьдзіўляцца, што ворагі чалавецтва хацелі зьнішчыць і абылгаць Курапаты. Курапаты ёсьць сымвал і сакральнае месца, зь якога пачалося наша новае Беларускае Адраджэньне ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

У Беларускім Народным Фронце бальшыня людзей была з тых сем’яў і з тых родаў, якія пацярпелі ад саветаў, трапілі пад рэпрэсіі і генацыд. І так ёсьць па сёньняшні дзень. І тут таксама сёньня стаяць нашчадкі без віны расстраляных людзей. І таксама іх ёсьць тут бальшыня. Курапаты — нацыянальны магільнік і нацыянальны мартыралог беларускага народа. Вось што такое Курапаты.

Расстрэлы ў гэтым месцы пачаліся ў 1937 годзе. Арыштаваных прывозілі машынамі, расстрэльвалі з наганаў у патыліцу дзень і ноч і ськідвалі ў ямы. Людзі з ваколічных вёсак усё чулі і ведалі. Я апытаў шмат сьведак яшчэ ў 70-х гадах і чакаў спрыяльнага моманту. Такі момант зьявіўся ў 1988 годзе перад 19-й канфэрэнцыяй КПСС, калі сістэма была паралізаваная ў чаканьні невядомых рашэньняў з Масквы. У траўні 1988 года я зрабіў першыя археалагічныя раскопкі Курапатаў, апытаў жывых сьведак і пра ўсё напісаў. 3-га чэрвеня 1988 года артыкул “Курапаты — дарога сьмерці” быў надрукаваны ў газэце “Літаратура і мастацтва” пры поўнай падтрымцы рэдакцыі, якая ўступіла нават у канфрантацыю з ЦК кампартыі БССР.

І тут я хачу ўспомніць цёплым словам майго сябра Яўгена Ігнатавіча Шмыгалёва. Гэта быў выдатны, крыштальнай сумленнасьці чалавек, працаваў інжэнерам на заводзе, патрыятычны беларус; да выслугі гадоў быў капітанам у савецкай арміі. Я прасіў яго хадзіць разам са мной па вёсках і апытваць сьведкаў расстрэлаў у Курапатах, бо аднаму рабіць тое псіхалагічна не выпадала. Мусіў быць большы давер людзей да апытаньня і такі напарнік, які ўмеў трымаць таямніцу.

Мы абышлі навакольныя вёскі і апыталі шмат сьведак. Потым па маральным абавязку я прапанаваў яму падпісаць разам напісаны мной артыкул. Яўген Ігнатавіч наадрэз адмовіўся. Ён ня быў публічнай асобай, ніколі нічога не пісаў, не друкаваў. Тады я пайшоў на невялікую хітрасьць: уключыў у артыкул ягоны расповяд пра сталінскую дэпартацыю і вынішчэньне крымскіх татар і ўгаварыў падпісаць, паколькі і ягоныя зьвесткі былі ўключаны ў тэкст.

Яўген Ігнатавіч хаваў таямніцу пра Курапаты разам са мной, заслугоўвае добрай памяці і пашаны. Ён памёр у 2000-м годзе ад невылечнай хваробы. Вечная яму памяць.

Нас, нашчадкаў расстраляных беларусаў, зноў чакаюць выпрабаваньні. Ворагі чалавецтва ня спыняцца ніколі перад спробамі разбурыць і зьнішчыць Народны Мэмарыял Курапаты, які паўстаў, дзякуючы стараньням беларускіх людзей, і перш за ўсё — сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Народны Мэмарыял Курапаты створаны людзьмі. Рэжымная ўлада увесь час перашкаджала, арганізоўвала перашкоды і зьнішчэньне працы народных энтузіястаў. І вось цяпер, калі нягледзячы на перашкоды, Народны Мэмарыял існуе, псавальнікі Беларусі, пад’юджаныя антынародным рэжымам, хочуць залезьці сюды пад выглядам нібыта сваёй казённай мэмарыялізацыі гэтага месца і пад выглядам гэтых намераў разбурыць Мэмарыял, выбіць клін клінам.

Ненавісьнікі Беларусі зноў рыхтуюць правакацыю з рэстаранам бардэльнага тыпу, які маскоўцы незаконна пабудавалі ў ахоўнай зоне Курапатаў. Яны сьпяшаюцца яго адчыніць, пачаць тут сваё “ядзеньне”, пітво і танцы. Ім напляваць на нашы пакуты, ахвяры і расстрэльныя магілы, якія пакінулі тут іхныя маскоўскія папярэднікі, бальшавікі. Закон тут груба парушаны ад самага пачатку. У ахоўнай зоне Курапатаў у змове з уладай была ажыцьцёўлена маскоўская дыверсія – пабудаваны рэстаран-бардэль пад ганебнай назвай «Бульбаш-хол». Калі гэтая афёра раскрылася, тады была зроблена наступная афёра – ліквідавана ахоўная зона Курапатаў у гэтым месцы. Тыя хто тое зрабіў, думалі такім чынам вывесьці з-пад адказнасьці незаконных забудоўшчыкаў. Але закон зваротнай сілы ня мае. Дыверсанты павінны быць прыцягнуты да адказнасьці, а ганебны рэстаран зьнесены па-закону.

Цяпер парушальнікі, каб замесьці сьляды парушэньня, выдалі праз агентуру трэцюю афёру – гандлярскую ініцыятыву, маўляў, трэба не разбураць «самабуд», а выкупіць яго (і нават перадаць) пад музей Курапатаў. Прафанскі гандаль распачынаюць, каб гандлявацца і не гаварыць пра злачынства, усіх абдурыць і ўцячы ад пакараньня. Падсумоўваючы тэму я выкажу вам верагоднасьць якой будзе чацьвёртая афёра і працяг «Бульбаш-хола». Чацьвертая афёра простая, як кол. Самабуд застрахуюць і спаляць, зваліўшы падпал на «нацыяналістаў» (з прыветам ад Масквы і Валгадонска).

Рыхтуймася да абароны курапацкіх магіл! Па вялікаму кошту, мы павінны разумець, што Курапаты сталі знакавай прыкметай узроўню нашай нацыянальнай годнасьці. Калі мы папусьцімся і акупацыйная чэрнь будзе скакаць і галдзець побач з магіламі нашых забітых продкаў, значыць грош нам цана, тады мы нават ужо не народ.

Але ня будзе таго. У Беларусі ёсьць абаронцы — сыны і дочкі Бацькаўшчыны, якія не здадуць у крыўду ні жывых, ні мёртвых, і будучыня нашай краіны будзе сьветлай і прыгожай, такой, пра якую марылі лепшыя яе сыны, што паклалі галовы і сэрцы за яе свабоду. Вечная слава беларускім героям! Слава Айчыне.

3 чэрвеня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

5/6/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2018
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь