Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пётра Садоўскі: “Кніга пра мяне”, або “постнацыянальныя” рэсэнтымэнты кібіца- інтэлектуала

Гэтыя нататкі былі завершаныя акурат перад 19-м днём кастрычніка , 25-й гадавінай утварэньня Аргкамітэту БНФ. Тады ў 1988 годзе ў касьцёле Сымона і Алены Васіль Быкаў, адпрэчыўшы ад мікрафона прадстаўніка намэнклятуры, разам зь Зянонам Пазьняком абвесьцілі беларусам гэтую навіну.

Артыкул быў надрукаваны ў сьнежаньскім нумары часопіса “Дзеяслоў” (№67-2013 г.). З дазволу аўтара мы падаем тэкст паводле арыгінальнага рукапісу (тарашкевіца і без скарачэньняў у цытаваньнях).

Прапанаваны тэкст – пашыраны пераказ маёй нямецкамоўнай рэцэнзіі для нямецкага чытача на кнігу Валянціна Акудовіча “Код адсутнасьці. Спроба зразумець Беларусь”(з аўтарызаванай расійскамоўнай вэрсіі). Пераклад выйшаў ў 2013 г. ў нямецкім выдавецтве “Зуркамп”.
Рэцэнзія напісана для часопіса WOSTOK (Берлін).

Выдавецкая анатацыя: Valentin Akudowitsch „Der Abwesenheitscode. Versuch, Weißrussland zu verstehen“. Edition Suhrkamp SV. Aus dem Russischen von Volker Weichsel. Mit einem Nachwort von Martin Polack. Deutsche Erstausgabe, Berlin 2013. 204 Seiten.

Некалькі ўступных заўвагаў для беларускага чытача

Тэкст для чытаньня нялёгкі, пісаны ў жанры нямецкага навукова-папулярнага эсэ, з сэмантычнымі і стылёвымі перападамі, па-нямецку і для немцаў. Ёсьць шмат рэаліяў, якія сярэднім беларусам “з ходу” могуць і не прачытацца, што зусім натуральна. У такіх выпадках даюцца тлумачэньні – у зносках ці ў тэксьце. Розныя разьдзелы маюць розную стылістыку. Напрыклад, пра беларускую “партызанку” напісана папулярна, пра эвангельскую гермэнэўтыку – больш складана.

Загаловак немцы адразу “расшыфруюць”, для нашых даю тлумачэньне:

Рэсэнтымэнт, з псыхааналізу (ад фр. затоеная злосьць, прыкрасьць, падсьвядомая трывога). Для сучаснага нямецкага “більдунгсбюргера” гэтае слова, якое бярэ свае вытокі з псіхааналітыкі Ніцшэ, добра вядомае. Ім абазначаюць пачуцьцё варожасьці ці непрыязнасьці да каго-небудзь ці чаго-небудзь, што пэўная асоба лічыць прычынай сваёй іншасьці, сваёй слабасьці, баязьлівасьці, непаўнавартаснасьці, уяўнага ці матываванага сораму, стараецца знайсьці апраўданьне сваім учынкам і г. д. У выніку суб’ект стварае сістэму сваіх унутраных каштоўнасьцяў, якія дапамагаюць (часта ўяўна) пазбавіцца ад уласных комплексаў праз крытыку сваіх апанэнтаў. Крытыкуючы апанэнтаў, суб’ект вельмі часта падсьвядома сублімуе свае комплексы ў сістэму маралі, у якую сам пачынае верыць і даводзіць сябе нават да стану ідыясінкразіі адносна сваіх апанэнтаў

Кібіц ( Kiebitz) — балотная птушка кнігаўка; таксама — “назіральнік за картачнай гульнёй”.У нямецкай назве рэцэнзіі (“Das Buch über mich”, oder “postnationale” Ressentiments eines kiebitzenden Intellektuellen) ключавым – паводле прычынна-выніковых сувязяў і генеалогіі маралі – зьяўляецца азначэньне “kiebitzend” (той, хто толькі назірае, правакуе, рэзаніруе, папярэджвае, прыцягвае ўвагу, дае парады ды хаваецца ад магчымай небясьпекі), утворанае ад дзеяслова “kiebitzen”. Нямецкі картачны “кібіц” – у адрозненьне, напрыклад ад польскага брытагаловага футбольнага заўзятара-кібіца з шалікам і піўной пляшкай — навязьлівы пустацікавец за сьпінамі картачных гульцоў, што заўсёды па часе мае розум: “Я ж казаў, што трэба было з хрэсьці хадзіць …” . Калі-небудзь праз таемную змову “кібіц” сістэмай умоўных знакаў можа паказваць аднаму з гульцоў карты ягонага візаві. Праз гэта ён рызыкуе апынуцца ў прыкрай сітуацыі.

Мэтафарычная постаць Акудовіча-кібіца ўзнікла ў маім уяўленьні пасьля прачытаньня ягоных эсэ, змешчаных у ARCHE, “Дзеяслове”, беларускім варыянце “Коду адсутнасьці” і ў нямецкім перакладзе, дзе ён малюе свой “партрэт у натоўпе”. Ва ўсіх пяці тэкстах ён узгадвае, як ён “упершыню ўбачыў Пазьняка, ускараскаўшыся на плечы сябра паэта Леаніда Дранько-Майсюка”, падчас разгону Дзядоў каля Маскоўскіх могілак, калі амапаўцы труцілі фронтаўцаў “Чаромхай” … ( У нямецкім варыянце прозьвішча паэта не называецца, што ўвогуле зусім лягічна). Тут жа назіральны талент аўтара па-філязофску абагульняе сваё прадчуваньне хімэры адраджэнскага руху: “… Не на добры лад уразіла, што падчас публічных прамоваў ён (Пазьняк – ПС) зашмат “акцёрстваваў”, раз-пораз карыстаючыся рытарычнымі прыёмамі, вынайдзенымі схаластамі яшчэ ў антычнай Грэцыі. З гэтага атрымлівалася, што Пазьняк казаў праўду так, быццам хлусіў … “.

З гэтага пасажу відаць, што аўтар сапраўды піша кнігу пра сябе. Каму яшчэ магло прыйсьці ў голаў, што схалясты існавалі ўжо ў антычнай Грэцыі . Да такога можна прыйсьці толькі зь лекалам рашучай дэканструкцыі панятку схалястыка, дайшоўшы да позьняй антычнасьці, дзе можна сапраўды шукаць вытокі сярэдневечнага філязофскага багаслоўя.

Чаму напісаўся гэты тэкст?

Канешне, мне было б больш прыемна пісаць сонечныя тэксты пра добрых людзей ці перакладаць нешта зь нямецкіх мысьляроў. Гэты ж мой тэкст – крытычнае (традыцыйнае) прачытаньне ня толькі ўзгаданага нямецкага перакладу кніжкі Валянціна Акудовіча, але і спроба паглядзець на зьяўленьне падобных “тэкстаў” як на фэномэн траўмаванай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, што імкнецца ўпісацца ў эўрапэйскі кантэкст. Ва ўмовах антынацыянальнага аўтарытарызму шмат хто з так званых лібэральных інтэлектуалаў, хто ня мае “прымардыяльнай прышчэпкі”, паціху зьведваюць мутацыю каштоўнасьцяў, якая сягае ў гушчар дзялянак, зарослых мадэрным разнатраўем ўперамежку з старымі антыбеларускімі стэрэатыпамі..(Ад анг. primordial – спрадвечны. першапачатковы. У дапасаваньні да нацыянальнай ідэнтычнасьці гэтым словам абазначаюць дадзеныя чалавеку ад нараджэньня каштоўнасьці малой Радзімы: мову, ляндшафт, песьні, штодзённую працу, звычаі, манеру апранацца, жывёльны сьвет, адносіны да суседзяў, легенды, паданьні і да т. п.)

Гістарычная анэксія нашай зямлі паступова пераходзіць у актуальную акупацыю. Ня толькі ў эканамічную, але і ў каштоўнасна-духоўную. Не без уплыву расейскай эканамічнай і культурнай экспансіі людзі трацяць арыентыры і разуменьне зьмены парадыгмаў існаваньня, развучыліся чытаць “тэксты інтэрпрэтацыяў рэчаіснасьці”. Зьнешне бачнае, кідкае – у жыцьці і ў мастацтве – пачынае падмяняць сутнасьць, сэмантыку. Законы шоў-бізнэсу пачынаюць перамагаць людзкасьць у мастацтве і масмэдыях.

Наш вядомы мастак і літаратар Артур Клінаў, які ня раз засьведчыў сваю заангажаванасьць уласнымі авангарднымі праектамі, кажа: “У наш час… посьпех залежыць не толькі ад мастака і ад яго твора, хутчэй ён вызначаецца тым, што вакол гэтага твора адбываецца, ад узроўню лабіраваньня і гульні інтарэсаў, якія стаяць за тым ці іншым аўтарам. Сучаснае мастацтва працуе па тых жа правілах, што і сусьветны рынак: ідзе жорсткая канкурэнцыя і ніхто, захапіўшы нейкую тэрыторыю, уласнае месца добраахвотна нікому не саступіць”. (З інтэрвію пасьля Венэцыянскага біенале). З гэтым нельга не пагадзіцца.

Мне цяжка зразумець, якія дэманы натхняюць некаторых нашых айчынных аўтараў складаць “тэксты”, што ўяляюць сабою своеасаблівую гульню ў пэрліны, дзе аўтары з свайго сёньняшняга бясьпечнага мадэрнага далёка, як бы з добрымі намерамі, бліскучай паверхняй шарыкаў “бязьлітасна” высьвечваюць нашую мінуўшчыну, вінавацячы нашых папярэднікаў – больш ці менш ахвярных, больш ці менш шчасьлівых — што яны нешта ня так зразумелі, нешта ня так зрабілі, не павесіліся, не застрэліліся, а проста выжывалі … Янка Купала некалі казаў:
I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з’ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
I мы па-даўняму нясмела
Жылі не ўлад і неўпапад?

Каб любіць Беларусь нашу мілую, … яе трэба проста любіць.

Валянцін Акудовіч для мяне – асоба трагікамічная, і як мне здаецца, ня вельмі шчасьлівая. Бо сузіраньне ягонае – мітусьлівае, сабранае з разнатраўя другога укосу, — чужых рамак і вымысьленых спарудаў уласнай канструкцыі, якія дазваляюць вандраваць па чужых дзялянках бясьпечнай інтэлектуальнай утульнасьці. Але гэта – шчасьце Агасфэра.

“Пра Беларусь у нямецкамоўнай прасторы ніхто падобнага не пісаў …”

Так выказваецца пра “Код адсутнасьці” аўтар нямецкага пасьляслоўя Мартын Поляк (с. 173). Сп. Поляк назваў сваё заключнае слова “Ключ да незапоўненай прасторы”, маючы на ўвазе Беларусь. Тут жа ён дадае і больш моцныя сінонімы для назвы нашай краіны – белая пляма Эўропы, невядомая велічыня (матэматычны тэрмін), Hic sunt leones (так рымляне абазначалі на старажытных картах землі па-за межамі імпэрыі). Пра экзатычна невядомую Беларусь для немцаў дазволю сабе паспрачацца з аўтарам пасьляслоўя трошкі пазьней. Пакуль абсалютна пагаджуся з сп. Полякам, што да Акудовіча на нямецкай мове пра Беларусь – тым больш самімі беларусамі – ніхто ніколі так не пісаў. У “інсайдаўскіх дыскурсах” пра нацыянальную ідэнтычнасьць з пункту гледжаньня псыхааналізу і сацыяльнай гермэнэўтыкі такі выклад можна кваліфікаваць як сублімацыю “саманянавісьці” (Selbsthass), самаадмаўленьня.

Аўтар нямецкага пасьляслоўя з постнацыянальнай паліткарэктнасьцю “наватарства” ВА метафарычна-наглядна выкладае ў адным сказе: “Валянцін Акудовіч трасе й калоціць (rüttelt) усё, што зьяўляецца для ягоных нацыянальна сьвядомых землякоў дарагім і сьвятым … “. (с. 177). Сапраўды, удалая мэтафара. Уявіце сабе дзядзьку ў акулярах і з барадой, які ў экстазе экзэкуцыі калоціць яблыню зь яшчэ несасьпелымі яблычкамі: у траве ўжо валяюцца плады, як більярдныя шарыкі, з надпісамі “ВКЛ”, “Каліноўскі”, “Пазьняк” … Зьверху і на двух бакавых суках яшчэ трымаюцца “БНР”, “Багдановіч”, “Купала” …

Тое, што можна было б назваць “рэсэнтымэнтамі вожыка Піляпэкса”(Галоўны герой казкі Фрыдрыха Вольфа “Зухаваты вожык Піляпэкс”) , сп. Поляк разглядае як “постнацыянальную сталасьць” колішняга рамантыка-нацыяналіста і прылічае яго да піянэраў беларускага Адраджэньня, які своечасова адмовіўся ад “этнакультурнай мадэлі ідэнтычнасьці” і бачыць шанец сталеньня новага “грамадзянскага” (тое, што па-нямецку паліткарэктна называюць Verfassungspatriotismus (канстытуцыйны патрыятызм). самаўсьведамленьня пры дыктатуры Лукашэнкі. Ляпідарная характарыстыка Акудовіча, якую дае сп. Поляк, у агульных месцах, як блізьнятка, падобная на вэрбальны партрэт, вынесены ў выдавецкія анатацыі іншых акудовічаўскіх тэкстаў: культавы беларускі філёзаф …, пачынальнік новага адраджэньня…, аказаў вырашальны ўплыў на... і г. д. Падобна, што АВ сам прапаноўваў выдавецтвам сваю атэстацыю, ідэнтычную інтэрнэтаўскай самарэкляме.

На с. 175 аўтар пасьляслоўя піша: “Валянцін Акудовіч належыць да генэрыцыі беларускіх інтэлектуалаў, якія актыўна выступалі за адраджэньне беларускай незалежнасьці. Але ў адрозьненьне ад большасьці сваіх колішніх змагарных паплечнікаў, якія працягваюць марыць пра беларускую дзяржаву з бясспрэчна выразнай беларускай ідэнтычнасьцю, ён назаўсёды разьвітаўся з гэтай ідэяй. .. Ва ўмовах крызісу, куды Лукашэнка завёў краіну, Акудовіч таксама бачыць шанец… Дэмакратычныя сілы не павінны закасьцянела адстойваць ранейшую этнакультурную мадэль…”.

Ужо як дыстанцыяваны “нацыяналіст”-назіральнік гістарычнай паразы адраджэнцаў пасьля (антыканстытуцыйнага! ) рэфэрэндуму 1996 г., Акудовіч са смакам апісвае раніцу, калі “рассыпаліся ілюзіі беларускага Адраджэньня”. Нават пра гарэлку і оргіі нешта прыдумаў. З вышыні свайго назіральнага інтэлекту АВ так малюе нямецкаму чытачу нікчэмнасьць лідэраў “беларускай Беларусі” (с. 156, Эпілог): “Сьвядомыя”, як совы, для якіх нечакана наступіў дзень, толькі разгублена лыпалі вачыма, круцілі туды-сюды галовамі, каб знайсьці паратунак ад невыноснага сьвятла. Не дапамагалі ні гарэлка, ні оргіі…”. І далей на с. 159, сьцьвярджаючы несумяшчальнасьць нацыянальнага і сацыяльнага пачаткаў (чарговае “адкрыцьцё” аўтара), ужо як “сацыяльны філёзаф” Акудовіч піша: “Карацей, колькі я ні ламаў галаву, я ўвесь час прыходзіў да адной высновы: “Нацыянальная дзяржава і “сацыяльная” дзяржава – несумяшчальныя. І з гэтага вынікала, што “сьвядомым” нічога не заставалася, як кожнаму дажываць свой век у сваёй уласнай сабачай будцы, пакуль усе да аднаго ня вымруць…”

Бязьлітасны крытычны патас ВА, скіраваны на неразумных нацыяналаў, падзяляе і выдавец і “гісторык-папулярызатар” Анатоль Тарас, нават запазычвае ў Акудовіча вобраз пра сабак у будцы і асуджаных на паступовае выміраньне тыпаў. У сваім інтэрнэт-камэнтары ““Кто находится в гетто?» (пасьля дыскусіі пра нацыянальную ідэнтычнасьць на РС і партале tut.by) называе беларускамоўных адраджэнцаў «ущербными типами», «озлобленной маленькой группой», трусливыми «сьвядомыми», лающими из подворотни, «кучкой безответственных болтунов», «неспособных шевелить мозгами», «сельскими недотёпами», “представителями постепенно вымирающей породы» …”. “По моим подсчетам, в Минске таковых не более 500 человек на 1,7 млн. жителей – 0, 03% (“Беларусь превыше всего, 2-е выд., с. 232).

Свае “папулярныя” пасажы Анатоль Тарас падмацоўвае “навуковай” цытатай з акудовічаўскага “Коду адсутнасьці”: “Вот высказывания Валентина Акудовича, с которымі я полностью солидарен: Языково-этнографическая форма национального обустройства Беларуси уже не жизнеспособна и, значит, не пригодна для формирования вполне качественной нации … Необходимо прекратить невидимую войну двух белорусских национализмов – «языково-этнографического» и «общественно-гражданского». И первым просить о мире должен этнонационализм, и потому, что он побежден, и потому, что это он начал войну, и потому, что ему придется искать у победителя снисхождения и понимания , чтобы найти себе место и сохраниться в той конфигурации белорусского общества, которая исподволь формируется на концепте посполитого национализма…” (Другое выданьне, с. 148). Гэты пасаж можна прачытаць цяпер ужо і па-нямецку ў перакладзе з расейскага аўтарызаванага акудовічаўскага тэксту.

Кайцеся, сп. Караткевіч, што напісалі “сымулякр” – “Каласы пад сярпом тваім”, кайцеся сп. Кісялёў, што напісалі “Пачынальнікаў”, кайцеся сп. Кулік, што выпусьцілі паштоўку з “Пагоняй”, кайцеся сп. Марачкін, што пісалі партрэты Луцкевічаў … Вы пачалі вайну, вы – пераможаныя, вы павінны прасіць літасьці ў пераможцаў … Пытайцеся: “Ці можна я ў сваёй хаце пад лаўкай перасплю?”.

Калі з Тарасам усё больш-менш зразумела (чалавек пазіцыянуе сябе як нашчадак польскамоўнай і расійскамоўнай шляхты (Мои отец, дед и прадед были минчане, а мой род, принадлежавший до 1831 года к служилому сословию, существует не менее 300 лет (документальное свидетельство тому – грамота императрицы Екатерины II от 11 апреля 1785 года, подтверждающая шляхетское достоинство моего предка Николая Тараса). Долгое время они пользовались польским языком, в ХIX веке перешли на русский. Неужели я, минчанин в четвертом поколении, прямой потомок беларусской шляхты, буду обращать внимание на мнение вчерашней деревенщины …” (Беларусь превыше всего! Изд. 2-е, с. 239. Смоленск, 2011).
, цешыць сваё самалюбства ды зарабляе грошы на скампіляваных скандальных кніжках), то “выхад на міжнародную арэну” Валянціна Акудовіча з канцэпцыяй адмаўленьня ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці – ня вельмі зразумелая мэтамарфоза. Вось старшыня Беларускага ПЭНу А. Хадановіч цешыцца, што яму як члену Праграмнай рады Кангрэса культуры Усходняга партнёрства (Люблін, 21–23. 10. 2012) удалося ўключыць В. Акудовіча ў склад беларускай дэлегацыі (“Адной з маіх функцый было якраз-такі раіць беларускіх удзельнікаў. Я вельмі задаволены, што да кангрэсу даехаў Акудовіч ...”—з інтэрвію Радыё Свабода). Але ж што можна гаварыць пра сябе гораду і сьвету, калі ты прыехаў на міжнародны круглы стол з сваёй труной у партфелі?

Атрымліваецца нейкі абсурд: палякі ладзяць тут кангрэс культуролягаў, вучаць беларускіх студэнтаў па “Праграме Каліноўскага”, а беларускі дэлегат сп. Акудовіч у “Кодзе адсутнасьці” называе Каліноўскага “аўтсайдэрам”, “беларускім патрыётам па разьліку” (як Купалу і Багдановіча), выносіць неаспрэчны прысуд беларускай ідэнтычнасьці і культуры. Тым ня менш сп. Хадановіч какетліва раздае камплімэнты інтэлектуальнаму дэмакратызму “незалежнага філёзафа”: “Незалежны філосаф, эсэіст Валянцін Акудовіч — сам па сабе ўпрыгожанне любой дыскусіі ды пагроза для любой упэўненай у сабе сфармуляванай канчатковай думкі. (з таго ж інтэрвію).

Зь якой “глыбіні” вырастаюць тэксты Валянціна Акудовіча?

Патас адмаўленьня нацыянальнага праз вымысьлены “код адсутнасьці”

Кніжка “Код адсутнасьці” – працяг пісаньняў аўтара, які ўсё жыцьцё гуляе ў вэрбальныя пэрліны дэканструкцыі. Такое радаснае валоданьне словам для стварэньня парадаксальных постмадэрнісцкіх цацак. Гуляць з гэтымі цацкамі і захапляцца могуць хіба толькі людзі, якія абсалютна пазбаўленыя здольнасьці сачыць за прычынна-выніковымі сувязямі ў выкладзе думак.

Вось ВА напісаў чарговае эсэ, запазычыўшы з сваіх “Дыялогаў з Богам” тэзіс пра хімеру нацыянальнага і Боскага. Нацыя, паводле ВА, — “феномен, які да сёньня толькі апісаны. але не растлумачаны” (с. 15). Трэба чакаць, што аўтар гэта, нарэшце, патлумачыць гораду і свету.

На жаль, высьвятляецца, што і ў “Кодзе адсутнасці”, як і ў “Дыялогах з Богам”, аўтар блытаецца ў базавых панятках гермэнэўтыкі Старога Запавету і Евангелля. Ён не ведае базавых іўрыцкіх значэньняў тэрмінаў “бліжні” і “слова” (логас/давар), не разумее значэньня дыхатаміі “эліны /юдэі” ў вуснах апостала Паўла з улікам тагачаснай юдэйскай традыцыі.

Крытыкуючы наяўнасьць “трохкутніка” Бог-царква-чалавек, ВА паўтарае свае пасажы пра хімеру боскага, як і нацыянальнага ў “Кодзе адсутнасьці” “…Для такога спосабу існаваньня не патрэбныя ні Францыск Скарына , ні Леў Сапега, ні Сімяон Полацкі. Нават і Лазар Богша не патрэбны, бо ў дачыненьнях паміж Богам і чалавекам дзьве змацаваныя накрыж трэскі маюць аднолькавую каштоўнасьць з крыжам Эўфрасіньні Полацкай. А верагодна трэскі і нават большую…” (с. 14).(У нямецкім тэксьце і Багушэвіч мае імя “Францыск”, а прозьвішча падаецца на расейскі манер – “Богушевіч” (гл. разьдзел 15 “Franzysk Boguschewitsch und Adam Mickiewicz”. )

“Код адсутнасьці”, як і папярэднія эсэ пра Беларусь– пра адно: усё, што беларусы напісалі пра сябе ў гістарычным, сацыяльным, транцэндэнтным ды мастацкім вымярэньнях – хімера, сымулякр, нонсэнс. Беларусі проста няма. Яна прыдумка купкі хваравітых розумаў. “Код адсутнасьці” — своеасаблівы беларускі антыпод вядомай кнігі нямецкага аўтара Тыла Зарацына “Самаліквідацыя Германіі” (пераклад назвы мой – П.С.). Аўтар нямецкага бэстсэлера, адстойваючы права немцаў на сваю адметную ідэнтычнасьць, карыстаўся аналізам актуальай гісторыі і статыстыкай, хоць і не заўсёды бясспрэчнай. (Thilo Sarrazin: Deutschland schafft sich ab (2010). Кніга мае падзагаловак “Як мы самі ставім на карту лёс сваёй краіны” (аўтар піша пра страту немцамі сваёй ідэнтычнасьці праз мусульманізацыю краіны).

Беларускі ж эсэіст любіць “дуктус пастулатаў”, што не патрабуюць доказаў. У эпілогу аўтар прызнаецца: гэта кніга пра мяне. Сапраўды, навошта тады доказы? Акудовіч проста, працуючы ўсё жыцьцё на ласкавым хлебе эўрапэйскіх “постнацыянальных лібэралаў”, стараецца, як мага хутчэй завесьці беларусаў, што ня маюць выразнай нацыянальнай ідэнтычнасьці, ў “мэтэрніхаў сад” эўрапэйскага постмадэрнага мысьленьня.

Сп. ВА, аднак, не разумее нюансаў нямецкай палітыкі ў адносінах да нацыянальнага ў так званую постнацыянальную эпоху. Ведамства ў справах аховы канстытуцыі думае і дзейнічае ня так паліткарэктна, як выступаюць парлямантары з трыбуны Бундэстага. За нямецкую мову немцам ня трэба хвалявацца. Трэнас некаторых інтэлектуалаў пра “дэнгліш” – не ў разьлік. А суседзі – далёкія і блізкія – няхай сабе паліткарэктна становяцца краінамі мігрантаў. Галоўнае: Германія – чэмпіён Эўропы паводле экспарту. Тут нацыянальныя эгаізмы і трыбунная паліткарэктнасьць пра культурную інтэграцыю добра ўжываюцца. Сучасная нямецкая паліткарэктнасьць як бы дзеля стрымліваньня правага радыкалізму часам патрабуе дадатковага зьнешняга сілкаваньня. Тут ВА разам зь нямецкімі лібэраламі пападае ў патрэбную нішу. Ён такі маленькі анты-зарацын зь Беларусі, які кажа “Беларусь сёньня – гэта Францыя заўтра”. Для гэтага, натуральна, ёй, як і Беларусі, трэба “пераадолець” старыя “нацыяналістычныя” тэксты, міты, дэсакралізаваць апосталаў … Гэта, відавочна, імпануе нямецкаму прамоўтару і аўтару пасьляслоўя Мартыну Поляку. Апошнія сказы пасьляслоўя такія: “…Дэмакратычныя сілы Беларусі не павінны закасьцянела настойваць на этнакультурнай мадэлі ідэнтычнасьці. Гэты выбар – пройдзены (Diese Option ist passé). Беларусь будзе нармальнай эўрапэйскай краінай. “

У такіх выпадках бывае карысна прасачыць жыцьцёвы шлях і сацыяльна-гермэнэўтычны партрэт асобы. Цікава, чаму “сучасны немец” Мартын Поляк думае зусім інакш, чым цяперашні міністар фінансаў кансэрватыўны немец Вольфганг Шойбле з ХДС? Ці ня ціснуць на сп. Поляка якія-небудзь уласныя рэсэнтымэнты?

Пішучы кнігу “пра сябе”, АВ усё ж-такі спрабуе перанесьці сваё бачаньне на больш шырокае кола суб’ектаў. Аднак, цяжка быць пераканаўчым нічога не дэманструючы чытачу, акрамя постмадэрнісцкай рамкі а ля Джойс, абстаўленай сваімі апрыёрнымі пастулятамі. Гэта добра відно, калі па-лінгвістычнаму назіраеш за нематываванай варыятыўнасьцю аднаго з галоўных членаў сказу, — дзейніка – што ўплывае на “лягічны прэдыкат” выказваньня ў тэкстах ВА.

Перманэнтнае непастаянства сэмантычных пасылаў і занадта эсэічная зьмена настрою прымушаюць ВА, гаворачы фактычна ад сваёй асобы пра беларусаў, ужываць займеньнікі “мы”, “я”, “яны” або карыстацца безасабовымі ці абагульняльна-асабовымі сказамі (адпавядае нямецкім канструкцыям з безасабовым займеньнікам “man”). Сустракаецца нават спалучэньне “мы і беларусы”! “Мы б маглі прымірыць беларусаў і саміх сябе з рэчаіснасьцю” (с. 143). Ужо зусім незразумела, хто ёсьць хто. Да таго ж ВА блытаецца ў сваіх палітычных і эмацыянальных прызнаньнях: як ён адчуваў нешта раней, а потым памяняўся. То ён ненавідзеў уладу, то захапляўся апазыцыяй, то пост фактум асэнсаваў фатальнасць сваіх аблудаў. Пачытайце такі сказ (с. 107): “Мы ўсе, хто быў заангажаваны справай беларускай нацыі, мелі “афэру” (па-нямецку таксама ў двукосьсі “eine Affäre”, што надае слову адмоўную канатацыю) з Пазьняком”. Тут жа далей: “Хаця я сам ня быў нават асабіста знаёмы з Пазьняком, мела месца тое, што належыць да афэры: першае захапленьне. сьляпая закаханасьць, нянавісьць, здрада…”. Нічога не скажаш – поўны набор складнікаў для таго, што я назваў рэсэсэнтымэнтамі. Толькі незразумела, хто каму здрадзіў і за што ўзьненавідзеў …

Найлепшым шляхам для камфортнай дзейнасьці і мастацкім прыёмам, што дазваляе прыгожа і як бы па-навуковаму сублімаваць ўласныя рэсэнтымэнты, аўтар выбірае прыём так званай “партызанкі” (паводле аўтара, міту пра беларускі партызанскі рух), якая дазваляе заставацца ляяльным да існага рэжыму і захоўваць арэол апазыцыянэра для сваіх эўрапэйскіх контрагентаў. У тэорыі гэта сфармулявана так: : “У сытуацыі астракізму дзяржаўным дыскурсам… было вельмі істотна стварыць “паляну” дзеля вольнай, незалежнай ад палітычных дамінацыяў і кананізаваных эстэтычных тэндэнцый творчасьці … Галоўная праблема, куды хавацца й на каго паляваць, каб заставацца спраўным партызанам … Гэта – гульня ў хованкі ад прыўладнага дыскурсу ... (З інтэрвію часопісу pARTizan, №20, 2012 г.).

Думаецца, што дарма хваляваўся сп. Акудовіч. Ня трэба яму было хавацца ні ў якую партызанскую бульбу. Ня трэба яму баяцца. Любы вораг беларушчыны і прыхільнік чыста “грамадзянскай дзяржавы” толькі будзе пляскаць у ладкі, прачытаўшы сучасную экзістэнцыяльную максыму эсэіста і “культавага філёзафа”.

Канчаткова разьвітваючыся з нацыянальным, ВА асланяецца Філіпам Брэтонам і піша пра глябалізацыю ды выбух камунікацыі як пра фатальную непазьбежнасьць і прычыну асабістай мутацыі, што нават не саромеецца пісаць пра страту сваіх “прымардыяльных” сувязяў: пачуцьця дому, родных, маральных максымаў: “Раней чалавек жыў у каардынатах быцьця як ва ўніверсальным кантэксьце з транцэндэнтнай пэрспэктывай … Цяпер ніхто не жыве выключна дома, на роднай зямлі, на сваёй Радзіме. Што значаць паняткі “радзіма” і “чужына”, “далёка” і “блізка”, калі я бачыў Лэдзі Дзі перад ейнай сьмерцю часьцей, чым маю родную сястру, …што значаць для мяне словы “радзіма” і “чужына”, калі замежныя фонды, якія пра мяне нічога да гэтага ня ведалі, даюць мне больш грошай, чым мае бацькі …” (с. 148 нямецкага тэксту). І далей на с. 149: “Бясшумны выбух разарваў чалавека і раскідаў яго па ўсіх кутках сьвету…”.

Так аўтар кажа пра ўсіх і перш за ўсё пра сябе: гэта кніга пра мяне. Ён не падае ўжо тут сябе як трагічную фігуру, — новага нацыяналіста без нацыянальнага. Тут ён ужо адыходзіць ад элегічнай скрухі, прадыктаванай “непазьбежнасьцю”, пра што пісаў раней, гадоў 10 таму, у эсэ “Здрада”: “Беларус “сьвядомы” – асоба трагічная …Але з чаго яшчэ, як не з духу высокай трагеды, можа паўстаць воля да супраціву свайму немілажальнаму кону? (беларускі арыгінал “Коду адсутнасьці”). Або вось гэта: “Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім ня тое, што разумеюць сёньня. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое гэта будзе ўся Беларусь (выдзелена АВ). І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура… Так яно станецца. Ужо ж напэўна. Адно не пытайцеся мяне, ці добра гэта? (выдзелена мною). Цытацыя паводле часопіса “Дзеяслоў”, 2003 г. Суплёт эсэ. Здрада.

Але гэта было раней. Цяпер Акудовічу ўжо добра на глябалізаваным скразьняку. Ён стаміўся ад нацыянальных культурных і палітычных “праектаў”: “..У эпоху «сьмерці» нацыянальных праектаў (перадусім палітычных), тэарэтыкі мастацтва нават прытаміліся даводзіць, што нацыянальная культура (любая) мала чаго вартая. (З інтэрв’ю часопісу PARTisan). І далей пра гэта ж з рэфлексам у мінуўшчыну: “…Сёньняшнія беларускія нацыяналісты ўваскрашаюць «хімэры мінуўшчыны», па-некрафільску прыцягваюць за вушы ды ідэялагізуюць мерцьвякоў мінулага (с. 11 нямецкага перакладу). Усё у ім (адраджэньні – ПС) было спрэс незнаёмае і нясвойскае. Вакол нейкія Альгерды, Вітаўты, Сапегі, нейкае ВКЛ, БНР, СБМ і безьліч няўцямнага іншага… ( з часопіса “Дзеяслоў”).

Падсумаваньне гучыць так: “Адраджэньне сталася своеасаблівым інтэлектуальным генацыдам (?! – ПС) тагачаснага беларускага грамадства” (Дзеяслоў. Суплёт эсэ. “Здрада”. ).

Як памяняўся час, людзі і мера сумленнага быцьця! А некалі ж традыцыйны, памяркоўны нацыяналіст Рыгор Барадулін даваў рэцэпт пазьбежнасьці трагічнага: “Трэба дома бываць часьцей .., каб не страціць сьвятое штосьці…”

Як ужо ўзгадвалася раней, для Акудовіча зараз “галоўная праблема, куды хавацца й на каго паляваць, каб заставацца спраўным партызанам …”

На каго ж ён палюе ? Паляваньне пачынаецца здалёку, з сярэдневечча.

Пра гістарычны кантыніум і гістарычныя разрывы

У разьдзеле “Расейская імпэрыя – калыска беларускай нацыі” (сс. 38-42) ВА катэгарычна не прымае ідэю гістарычнай “пераемнасьці” ў сталеньні беларускай нацыі і будуе пастулат пра тое, што “пасьля канчатковага падзелу Рэчы паспалітай у 1795 г. той працэс этнагенэзу, які складаўся ў палітычных, эканамічных, рэлігійных і культурных інстытуцыях пачынаючы з 13 стагодзьдзя, канчаткова згінуў… І толькі ў Расейскай імпэрыі беларускі этнас высьпеў да нацыі … Пакуль у нашую мясцовасьць прыйшлі расейцы, мы ўжо былі калянізаваныя палякамі. Таму пасьля падзелу Рэчы Паспалітай не пачалася русіфікацыяВКЛ і літвінаў. Больш таго, расейская экспансія вызваліла ВКЛ і літвінаў-беларутэнаў ад польскай калянізацыі.”(с. 40-41). Чым не заходнерусізм?

Ніхто ж не сьцьвярджае, што “высьпяваньне” нашага этнасу да нацыяпадобнага стану адбылося яшчэ да апошняга падзелу Рэчы паспалітай. Аднак далей назіраем дзіўнаватую лёгіку: чаму гаворыцца пра ВКЛ і літвінаў? Хто такія літвіны паводле АВ’а? (Нямецкі пераклад зроблены з расейскага тэксту самога аўтара. Аўтар не разьмяжоўвае саманазвы энтасаў і апелятывы, ужываныя суседзямі, таму ў перакладзе назіраецца блытаніна з адпаведнікамі русіны, рутэны, вайсрутэны, літвіны, беларусы. беларусіны. А між тым нават у вуснай расейскай народнай традыцыі праз моўную характарыстыку адлюстроўваецца дакладна арэал ужываньня слова “літвін”: “Литвин умрет, но дзекнет” (В. Даль. Пословицы русского народа, в 2-х томах., 1984 г.) . Ні летувісы, ні палякі, ні ўкраінцы ня дзекаюць.)

Чаму нельга русыфікаваць палянізаваныя групы грамадства ( калі гэта і мела месца)? І няго сп. АВ не знаёмы з гістарычнымі фактамі русыфікацыі “Паўночна-Заходняга краю”? Ёсьць жа статыстыка і сьведчаньні сучасьнікаў. Ну гэта, як бы сказаў паэт, — спрэчка славянаў паміж сабой.

Але ж як будзе ўспрымаць нямецкі (эўрапэйскі) чытач “эўрыстычныя” адкрыцьці ВА пра лінейнасьць/перапыннасьць і нованакіраванасьць працэсу сталеньня этнасу як маркеры ягонага зьнікненьня ці працягу існаваньня? Што носьбіты той самай прымардыяльнасьці (мова, звычаі, вопратка, традыцыйныя гаспадарчыя заняткі і г. д.) імгненна мяняюцца пры зьмене ўлады? Якія зігзагі гісторыі перажылі германцы, пакуль зь іх улоньня не вылупіліся немцы! А сёньняшнія брытанцы? Колькі “разрываў”, “уплываў”, “зьменаў курсу” яны перажылі? Рымляне, вікінгі, нарманы … Эўрапэйскія ж нацыі “высьпелі” толькі к пачатку 20-га стагодзьдзя. Аўтар нямецкага гімну “Германія – перадусім” А. Г. Гофман фон Фалерслебэн яшчэ ў 1841 г. заклікаў нямецкія Землі да адзінства. Бо не было тады яшчэ адзінай Германіі, нават пасьля напалеонаўскіх “кантынентальных” перадзелаў. Былі Саксонія, Баварыя., Брандэнбург і да т. п. Немцы спрачаліся яшчэ пра “малую” і “вялікую” Германію: з Аўстрыяй ці без? Пад Прусіяй ці не?

Жыхары Вялікабрытаніі шануюць як “першаанглічанку” жанчыну, якую звалі Баўдыка (Boudicca). Пасьля сьмерці мужа, што быў у хаўрусе з рымлянамі, яна ўзначаліла кельцкае племя іцэнаў, адважна змагалася супраць прыхадняў, помсьцячы ім за зьдзекі з сваіх дзьвюх дачок і супляменьнікаў, прададзеных у рабства. У адной зь бітваў, адчуваючы немінучую паразу і не жадаючы здавацца ў палон, прыняла атруту з чорнага ваўчка (балігалова). Здарылася гэта паводле паданьня на пачатку 60-х гадоў пасьля Н.Х.

Падобным чынам немцы лічаць легендарнага Германа (паводле рымскіх гісторыкаў – Армінія), вайскавода германскага племені херускаў, “першым змагарным немцам”, які, будучы ўзятым маладым у палон рымлянамі, авалодаў вайсковым майстэрствам, ваяваў на баку рымлянаў, атрымаў рымскае грамадзянства, як манкурт, біў сваіх, а потым у адным з паходаў перабег на бок германскіх плямёнаў, якія нанесьлі цяжкую паразу рымскім легіёнам на чале з вайскаводам Публіем Квінтыліем Варам (Varus) у так званым Тойтэбурскім лесе . Адбылася гэтая бітва (у немцаў – Varusschlacht) у 9-м годзе пасьля Н. Х. Не было тады яшчэ ніякіх немцаў. Былі толькі германцы-варвары. Аднак у эпоху рамантычнага нацыятварэньня, асабліва перад франка-прускай вайной у 70-я гг. ХІХ стг. зьявіліся каля г. Дэтмольд помнік Герману, манумэнт на 54 м. вышыні, і прысьвечаныя яму дзясяткі гераічных паэмаў, опэраў і карцін. Тады яшчэ ня ведалі, дзе дакладна той “лес”, бо раскопак тады не праводзілі. І высока ўзьняты сямімятровы меч Германа быў скіраваны ня ў бок гістарычнага ворага, на Рым, а ў бок Парыжу… У 2009 г. у Нямеччыне выйшла тры таўшчэзныя манаграфіі, прысьвечаныя той бітве, разбудаваны сучасны мемарыяльны комплекс, які наведваюць тысячы школьнікаў, немцаў з усіх фэдэральных земляў ды замежных гасьцей.

У немцаў ёсьць добрая кніжка “Немцы і іхныя міты” (Герфрыд Мюнклер). Ужо пасьля ўзьяднаньня перавыдавалася некалькі разоў. Пра што яна? Пра нібэлюнгаў, Барбаросу, Германа-херуска, Рэйн, кайзэра Вільгельма, Фаўста, Люізу і жалезны крыж… Калі тое было … Нават “своечасовая” уладкаваная нацыя шануе свае старыя міты, якія разьдзяляюцца “разрывамі” з сучаснасьцю памерам у стагодзьдзі, бо нацыя хоча з аптымізмам глядзець у будучыню.

Томас Джэфэрсан, трэці амэрыканскі прэзідэнт (1743-1826), прапаноўваў зьмясьціць на дзяржаўны сьцяг ЗША выявы легендарных кіраўнікоў першых саксонцаў Хенгіста (Hengist) і Хорсы (Horsa), што высадзіліся на Альбіён паводле легенды ў 304 годзе пасля Н. Х. Джэфэрсан лічыў сябе і сваіх паплечнікаў патомкамі тых гераічных англасаксаў.

Швайцарцы лічаць пачаткам сваёй нацыі легендарную клятву прадстаўнікоў трох камунаў (Уры, Швіц і Унтэрвальдэн) на лугу Рутлі (Rüttli-Schwur) каля Фірвальдштэцкага возера у 1291 годзе. Гэта легенда 15 стагодзьдзя. Тут спрацоўвае гісторыя месца. Дакладна невядома, хто былі тыя клятвадаўцы пра ўзаемны хаўрус дзеля адзінства барадзьбы супраць “злых габсбурскіх намесьнікаў”. Адно паданьне кажа, што гэта былі мудрыя старцы, другое – што палымяныя маладзёны, трэцяе – што сярод тых трох была адна жанчына. Некаторыя гісторыкі ідэнтыфікуюць гэтых герояў з канкрэтнымі асобамі: Вернэр Штаўффахэр, Вальтэр Фюрст, Алнольд фон Мэльхьталь (або Вільгельм Тэль з гэтай жа камуны).

Сьпіс народаў і легендаў можна доўжыць і доўжыць. Палякі ўзгадваюць пра свайго легендарнага Леха, іракцы шукаюць сваіх продкаў сярод старажытных бабілёнцаў, венгры – у гунаў, французы – у галаў, румыны – у дакаў, туркі – у шумэраў і хетаў…

А куды ж нам дзець сярэднявечнага Скарыну, які раіў нам браць прыклад зь зьвяроў, птушак, пчол, рыбаў, якія ведаюць свае логавы, гнёзды, віры ды бароняць вульляў сваіх і да тых месцаў вялікую ласку маюць …? Ён жа жыў да падзелу Рэчы Паспалітай.

А каму аддаць канцлера ВКЛ Лява Сапегу, які, прэзэнтуючы Статут 1588 году зьвяртаўся да ўсіх станаў гаспадарства, заклікаў да годнага веданьня правоў, “пісаных не чужой якойсьці моваю, а сваёй уласнай ...” ? Было гэта таксама да падзелу Рэчы Паспалітай, — у 1588 годзе.

А хто гэта ў складзе 22-х харугваў хадзіў з нашых мястэчкаў на Грунвальдскае поле? Гэта ж было да 1795 году … Хто біўся пад Воршай? Пытаньні можна доўжыць. Куды гэта ўсё дзець?

Каліноўскі, Купала, Багдановіч, Быкаў – лузэры і правінцыйныя апосталы

Хвароба на гібрыс (ст.-грэц. – самаўзвышэньне, спаборніцтва з Багамі; тут ужыта ў пераносным сэнсе.) , як гэта ні парадаксальна, – нярэдкі складнік псіхікі рознага кшталту канвэртыдаў ды нэафітаў, што змагаюцца з сваімі дэманамі і рэсэнтымэнтамі. Яны раз-пораз як бы a propos ставяць сябе побач зь вялікімі асобамі. Найбольш апантаныя адчуваньнем свайго актуальнага пакліканьня ідуць далей – зрынаюць з п’едэсталаў клясыкаў і куміраў.

Дзеля сьцьверджаньня постмадэрнісцкага пастуляту адсутнасьці Беларусі і беларусаў у эўрапэйскай гісторыі ВА катэгарычна разбурае “міталягічны кантыніум”, што разбудавалі неразумныя нацыяналісты. Ён аб’яўляе пачынальнікаў нашага адраджэньня няўдачнікамі, якія паводле простага разьліку сталі на бок “тутэйшых”, бо не адчувалі ў сабе моцы і таленту змагацца за сваю экзістэнцыю ў польскай ці расейскай прасторы.

Для лепшага разуменьня фрэйдысцкіх рэсэнтымэнтаў ВА пачнем з хваравітай вівісэкцыі больш блізкай гістарычнай асобы – Васіля Быкава. Раўнуючы сябе, як пісьменьнка, з Васілём Быкавым паводле адносін да нацыягальнага (РС, дыскусія “Пісьменьнік і ўлада”, 2012 г.) ВА сьцьвярджае: ”Я не баюся сказаць, што быў савецкім, стаў антысавецкім, а потым увогуле нацыяналістам. Быкаў — вялікі пісьменьнік… Але навошта выскрабаць зь яго тое, што было ягоным? Да перабудовы вы ў ім нічога і нікога не знойдзеце, акрамя савецкага чалавека, хай крытычнага да ўлады. А кім ён мог быць яшчэ, акрамя як савецкім? Дарэчы і беларус у Быкаве прачнуўся і сфарміраваўся вельмі позна, я не кажу нават нацыяналіст, а проста беларус”.

У разьдзеле “Паўстаньне аўтсайдэраў” (с. 46-47) чытаем пра спробы беларусаў як “іншых” ўладкавацца ў спарудзе расейскай дзяржавы. Тут аўтар узгадвае Фадзея Булгарына як рэдкага лаўца кар’ерных шанцаў. Аднак агульны прысуд гучыць так: “У звычайны спакойны час няўдачнікі моўчкі прымаюць свой лёс. Але ў час крызісу яны выходзяць на гістарычную сцэну. На пачатку беларускага нацыянальнага руху стаялі такім чынам людзі, якія засталіся ў інстытуцыях іншых нацыяў аўтсайдэрамі… У каго была магчымасьць у Расейскай імпэрыі зьдзейсьніць свае амбіцыі і адпаведна гэтым амбіцыям заняць адпаведнае месца сярод эліты, той не вяртаўся… Так, нязьдзейсьненыя амбіцыі могуць быць названыя унутраным чыньнікам, які падштурхнуў Кастуся Каліноўскага разыграць “беларускую карту” у польскім паўстаньні 1863 году. Перад гэтым яму не ўдалося нават за межамі цэнтраў (відаць, маецца на ўвазе “цэнтраў кіраўніцтва паўстаньнем” – П.С.) падняцца да ўзроўню кіраўніка паўстаньня. Праз такія ж прычыны Булак-Балаховіч далучаўся да барацьбы за БНР, а Янка Купала і Максім Багдановіч пакінулі спробы пісаць адпаведна польскія і расейскія вершы …”

Прачытаў я нямецкі тэкст і ня мог паверыць, што такое можна ня тое, што напісаць, але нават падумаць… Пакінем Булак-Балаховіча: пад якімі сьцягамі ён толькі не стаяў. Але як можна думаць пра нейкі халодны разьлік Каліноўскага, чытаючы ягоную “Мужыцкую праўду” і ведаючы ягоны лёс, або пра паэта, які пад дыктоўку неба напісаў па-беларуску радкі: “Ды што мне цемень вечнай ночы, калісь глядзеў на сонца я…”?

Лёгіка, сэнс, дасьведчанасьць

Жанр эсэ, які вельмі папулярны зараз сярод так званага незалежнага супольніцтва беларускіх інтэлектуалаў, небясьпечны тым, што ў ім, як правіла, адсутнічае сапраўдная рэдактура, якая б хаця сачыла за этыкай, лёгікай і прычынна-выніковымі сувязямі выказваньняў. Калі аўтар, напрыклад, даючы фэнамэналягічную характарыстыку нашага народу, піша: “Беларусы або працуюць, або п’юць гарэлку. Яны ня ўмеюць радавацца, проста адпачываць ..”, то як быць рэдактару тэксту? Ня ўмешвацца? Калі зводзіць функцыю рэдактара да абавязкаў простага карэктара, тады так… Але ж што з гэтага атрымаецца? Вось пасьля акупацыі Варшавы ў час Другой усясьветнай вайны немцы выпусьцілі “дакумэнтальны” фільм “Der ewige Jude”, дзе дэманструюцца кадры побыту ў яўрэйскіх сем’ях: дзеці ядуць з бруднага посуду, па ежы поўзаюць мухі, жанчына з ідыёцкім выразам твару цягне за галаву гусь празь дзірку з забітай рэйкамі скрынкі, перад прыходам падаткавага агента гаспадары загортваюць у анучы смажанае мяса, каб паказаць сваю беднасьць, вымазваюць твары дзяцей у бруд … Што гэта таксама ня трэба рэдагаваць?

Зразумела, што Акудовіч і нацысты з розных прычын малююць несімпатычны стэрэатып падразглядных аб’ектаў, — нацысты – яўрэяў, Акудовіч – свайго ўласнага народу. Нацысты робяць гэта з мэтай паказаць “прадстаўнікоў злачыннай расы”, якая падлягае вынішчэнню, што выцякае з іх чалавеканененавісніцкай дактрыны. Валянцін Акудовіч — аўтар арыгінальнага жанру– своеасаблівай “філасофскай паэзіі” з бязмежнымі метафарамі і правакацыйнымі рытарычнымі фігурамі, што не падпадаюць пад апісальна-аргументатыўнае апісаньне. Гэты жанр – вынік банальнага жаданння быць арыгінальным і заўважаным. Эстэтыка і этыка прыніжальна-агіднага такога “мастацтва” выцякае ў сваю чаргу з адсутнасьці ўжо ўзгадванай раней “прымардыяльнай прышчэпкі” і рэліктаў ўсё той жа “саўковасці” і нізкай культуры (“паэтычныя” апанеты – “сабакі ў будцы”, “круцяць галовамі, як асьлепленыя совы …). Але ж ад гэтага беларускаму “рэцыпіенту” не лягчэй.

Так што такія тэксты — пры самым ліберальным падыходзе — павінны рэдагавацца. Задача рэдактара акрамя ўсяго іншага – падтрымліваць этычны узровень разважаньняў і дыскусій.
Чаму так атрымліваецца? Тытул “незалежны філёзаф”, якім ВА, падобна, ганарыцца, у пэўных колах беларускай інтэлігенцыі яму прысвоілі праз нізкую філасофскую культуру і недастатковае разуменне прыроды мастацкай творчасці. Па-добраму тытул “філёзаф” у дачыненні да Валянціна Акудовіча трэба было б успрымаць як іранічную мянушку.

Апошнім часам у нас нярэдка выходзяць кніжкі з падтрымкай замежных спонсараў, якія ня вельмі кантралююць якасьць канцавога прадукту. Тутэйшыя рэцэнзенты, не заўсёды падрыхтаваныя, за сьціплую плату, па-сяброўску адпрацоўваюць пункт бізнэс-пляну. Гэта тут у нас – амаль як правіла. Нават эўрапэйскія выдавецтвы, што атрымліваюць сродкі на падтрымку ўсходніх праектаў, ня вельмі хвалююцца за сваё рэнамэ, выдаючы часта ў перакладах даволі блытаныя тэксты аўтараў з абшараў былога СССР. Тут ня йдзецца аб вялікім прыбытку. Выдавецтвы гарантаваныя, што яны “адаб’юць” свае затраты хай сабе і зь невялікім прыбыткам. Спрацоўвае элемэнт рэклямы для выдавецтва, якая, напрыклад выконвае заказ Эўрапарляманту, партыйнага фонду ці яшчэ якой паважанай арганізацыі. Рэч у тым, што значная частка перакладных кніг проста застаецца нерэалізаванай без дадатковых высілкаў дабрачынных прамоўтараў. На рэкляму перакладных твораў, напрыклад, у нямецкіх праектах да апошняга часу спэцыяльных сродкаў не прадугледжвалася. Асабліва гэта тычыцца выданьняў сацыяльна-палітычнай тэматыкі, нават перакладаў з расейскай мовы.

У выніку часта вельмі актыўнымі “валадарамі думак” на нашых тэрэнах, на жаль, аказваюцца асобы, што не прайшлі нават сьціплай школы кшталту савецкай асьпірантуры: блытаюць палітыку, навуку, мараль, уласныя рэсэнтымэнты. мастацкую творчасьць і г. д. А між тым вядома, што навука дасьледуе стан рэчаў праз статыстыку і экспэрымэнты, мараль мае сваім прадметам адказ на пытаньне, як грамадства мае быць уладкавана найлепшым чынам, мастацкая творчасьць традыцыйна пазьбягае чалавеканенавісьніцтва і агіднасьці, сьцьвярджае самапераўзыходжаньне, а не самаўзвышэньне … У эпоху інтэрнэту ўвогуле зьявіліся дэманы віртуальнай прасторы, якія сьцьвярджаюць сябе паводле законаў шоў-бізнэсу, што часта супадаюць з хваравітым эксгібіцыянізмам, - videor ergo sum. Я існую, пакуль я бачны.

Валянцін Акудовіч належыць да плеяды такіх нерэдагаваных самарэклямаваных “філёзафаў” і тэарэтыкаў мастацкай культуры, бо ўсе ягоныя тэкставыя прадукты ў асноўным вырасьлі на ласкавым хлебе спонсараў, што вельмі прыблізна ведаюць беларускую рэчаіснасьць. Сп. Акудовіча часам як бы цытуюць ягоныя калегі па цэху, але рэдка хто сочыць за прычынна-выніковымі сувязямі выкладу думак і законамі “жанра”.

Пра “сьмяротны двубой паміж рэлігіяй і нацыяй” і нацыянальна-боскія хімеры

У рэлігійных і тэалягічных тэкстах, як вядома, біблійныя аповеды рацыяналізуюцца пры дапамозе сродкаў філязофскага лёгасу: эўрапэйская хрысьціянская тэалёгія зьявілася пасьля старажытнагрэцкай філязофіі. Фэномэн жа суадносін нацыі і рэлігіі ляжыць зусім ў іншай парадыгме. Таму разважаньні пра іх “сьмяротны двубой” нагадваюць шызафрэнічны дыягназ: прымкметы і матэрыял лягічнай канстатацыі прысутнічаюць, але яны цалкам “дэранжаваныя”.

Па-просту кажучы, — у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Чаму так?
Па-першае, трэба ведаць, што значыць эвангелічны выраз пра новага чалавека, што будзе створаны паводле вобразу Бога, які ня будзе ўвасабляць ні эліна, ні юдэя.” “Філёзаф” Акудовіч разглядае гэта як вырак нацыянальнаму: хрысьціянства прывядзе да знікненьня этнасаў і нацый .(А між іншым яшчэ за дзве тысячы гадоў да з’яўлення нацый Бог… сурова папярэдзіў будучых вернікаў, якія памкнуцца ўзяць на душу грэх нацыяналізму: «Няма ні эліна, ні юдзея…» (цытуецца паводле беларускага тэксту “Коду адсутнасьці”. , с.21).
Пры гэтым Акудовіч блытае ўсё, што можна пераблытаць: пра новага чалавека гаворыць не Хрыстос, а апостал Павел у лісьце да каласянаў, і гаворыць ён не пра грэх нацыяналізму, а пра адзінства ў веры паганцаў (неабрэзаных, элінаў, скіфаў) і габрэяў, рабоў і вольных, мужчын і жанчын … Гэта тыповая аматарская мадэрнізацыя . У вуснах апостала Паўла, як і Хрыста,(Поўная цытата (Каласянам, 3: 8-11): “А зараз вы адкладзяце ўсё гэта: гнеў, лютасьць, агавор, ліхаслоўе, з вуснаў вашых; не хлусіце адно аднаму, бо вы распранулі старога чаловека зь дзеямі ягонымі і, апрануўшыся ў новага, абноўленага ў пазнаньні паводле вобраза Творцы , дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні крайняй плоці, ні барбара,ні Скіфа,ні раба,ні вольнага, дзе ўсё і ва ўсім ёсьць Хрыстос”. ( Пераклад мой паводле “Bibel in gerechter Sprache”).
гэтыя словы напачатку цалкам адпавядалі зьместу іудзейскай традыцыі, калі Хрыстос спрачаўся з кніжнікамі пра абавязковае панаваньне ў будучыні адзінага “усіхнага Бога” (а ня толькі іудзейскага), Бога любові. Тут ідзецца пра сутнасьць веры, а не пра разнамаснасьць этнічных вернікаў. Хрыстос прыйшоў не адмяніць Тору, а толькі слушна выканаць запаветы зь яе. “Адвэрзатыўныя” рытарычныя фігуры кшталту “Вы кажаце, што …, а я сьцьвярджаю. што …” – гэта не адмаўленьне максымы апанэнта, а звычайны аратарскі прыём, тыповы для “юдэйскай эляквэнцыі”. Да таго ж словы «элін», «вораг», «бліжні», «любіць» і г. д. ужываюцца ў агульнапрынятай габрэямі традыцыі, натуральна, не выходзячы за межы адпаведнага кантэксту. «Вораг» азначала «не габрэй, прадстаўнік іншага племені», зрэдку — «багаты чалавек»; «бліжні» — «габрэй, прадстаўнік ізраільскага народу»; «Элін» — «не габрэй», а таксама «габрэй з дыяспары, які гаворыць на грэцкай мове» і «паганец» (неабрэзаны). Слова «любіць» у вуснах Хрыста і апосталаў мелі шмат сітуацыйных адценняў не без уплыву старагабрэйскай традыцыі, дзе, паводле Старога запавету, адпаведнікаў для гэтага панятку налічвалася аж цэлых восем. Пафас Хрыста скіроўваўся на аспрэчванне адзінаасобнай прэтэнзіі габрэяў на Бога (з габрэямі за монатэізм ваяваць было не трэба, яны ўжо былі аднабожнымі). Пра касмапалітызм у нашым разуменьні тут гаворка ня йшла. Вялося пра Бога для ўсіх, Бога без нянавісьці да іншапляменнікаў (без ксэнафобіі, як бы сказалі цяпер). Формула « ні элінаў, ні юдэяў» ніяк не выключала таго, што ў наш час называюць шматканфесійнай дзяржавай з усімі прыметамі мадэрнай краіны, якую можна назваць па англійску nation, што ёсць сінонімам state.

Што да агульнай метафары Валянціна Акудовіча пра «сьмяротны двубой паміж Рэлігіяй і Нацыяй», то тут стылістыку трэба падбіраць пад гістарычны момант. Натуральна, у эпоху стварэньня нацыяў, калі фармаваўся нацыянальны буржуазны рынак, або за асьвечанымі манархіямі, дзе вернападданасьць ставілася вышэй за канфесійную прыналежнасць (напрыклад, за часам Фрыдрыха ІІ ў Прусіі), узьнікала непазьбежная супярэчнасьць. Рынак ламаў межы і канфесійна рэлігійныя традыцыі, але царква была проста неабходная як сьветапоглядная аснова, каб ствараць дзяржаўны міт для ўладнага суверэна (дэмакратый новага часу тады яшчэ не было). Нават еўрапейскі папацэзарызм (адрозна ад расійскага цэзарапапізму) парадаксальна сьведчыць пра адваротнае: дзяржавы ўзьнікалі, быццам бы вылузваючыся з абдымкаў папскага дыктату, аднак завершанасьць сваю як нацыянальныя ўтварэнні яны атрымалі не без дабратворнага ўплыву рэлігійнай кансалідаванасці. Тут, я б сказаў, назіраецца дыялектычная заканамернасць, калі адна з’ява дзейнічае ў двух кірунках.

Напрыклад, Лютэр, зрабіўшы пераклад Бібліі, стварыў нацыянальную мову, што нямала спрыяла сталеньню нацыі. Разам з тым пратэстантызм, узаконіўшы права дзяржавы кантраляваць царкву, нямала спрычыніўся да ўзьнікнення рэлігійных войнаў, якія зрабілі Германію «запозненай нацыяй». Бісмаркаўскі «культуркампф» супраць палітычнага каталіцызму, які фармальна таксама можна разглядаць як тормаз для ўтварэння нацыі, паспрыяў стварэньню сённяшняй Германіі, вольнай ад пагрозы сепаратызму, якая адчуваецца ў некаторых «своечасовых» нацыях, што асаблівага «двубою» не зьведалі.

Можна, вядома, сказаць, ідучы ўслед за тэзісам Акудовіча, што плата за кансалідаваную нацыю ў той жа Германіі ці Францыі — секулярызаванае грамадства. Аднак хто ведае, якую форму будзе мець «рэлігійнасць» у будучыні?

Нацыянальная і сацыяльная дзяржава несумяшчальныя ...”

Працытуем яшчэ раз цытаванае раней зь перакладнога тэксту (с. 159): “ І колькі я ні ламаў галаву, я ўвесь час прыходзіў да адной высновы: “Нацыянальная дзяржава і “сацыяльная” дзяржава – несумяшчальныя. І з гэтага вынікала, што “сьвядомым” нічога не заставалася, як кожнаму дажываць свой век у сваёй уласнай сабачай будцы, пакуль усе да аднаго ня вымруць…” . Эўрыка!

Ня трэба ламаць галаву. Ня можа ж быць несацыяльнай дзяржавы! Так, як ня можа быць “дзяржаўнай дзяржавы” без нацыянальных (state = nation) эгаізмаў. Ніхто ж не спрачаецца, што самы просты таварабмен і гандаль ужо ламае нацыянальныя бар’еры, сутыкае людзей розных поглядаў, мяняе сьвет … Здаецца ж Маркс пісаў, што перш, чым думаць, пісаць, будаваць дактрыны, чалавек павінен паесьці, пакрыць сваё цела вопраткай, пабудаваць жытло. Так бы мовіць – штодзённасьць вызначае сьвядомасьць. Хто чытаў “Im Innenraum des Kapitals” Петэра Слётэрдайка (“Унутраная прастора капіталу”), той ня мог не заўважыць апокрыф пра “Ляўдацыё англійскай шпільцы”, — “імпэрыяльны” тост, які нібыта прамовіў у 1778 г. у Глазга Адам Сміт, тадышні галоўны кантралёр Шатландзкай мытні, падчас застольля у гонар брытанскага прэм’ера лорда Норта: “Шчасьлівым будзе сьвет, які аднойчы ператворыцца спрэс у кірмаш, — кірмаш, перапоўнены галасамі гандляроў і пакупнікоў! У тым шчасьлівым сьвеце філёзафы будуць атрымліваць загады ад вытворцаў шпілек, у якім накірунку ім трэба скіроўваць свае думкі …”. Гэтыя ж словы нельга ўспрымаць сур’ёзна як канчатковую перамогу матэрыі над духам. Гэта аптымістычны застольны жанр кшталту вядомага тосту Васіля Шаранговіча, колішняга рэктара нашай Мастацкай акадэміі: “Дык вып’ем жа за нашых графікаў, - найлепшых ня толькі ў сьвеце, але і ў сусьвеце!”.

Але ж і па сёньняшні дзень нават адзіная эканамічна разьвітая Эўропа, з даволі прыстойнай сацыяльнай сістэмай і “постнацыянальнай паліткарэктнасьцю” не разьвітваецца з “хімэрамі нацыянальнага”. Я ўжо не кажу пра Каталёнію ў Гіспаніі ці Фландрыю ў Бельгіі. Яшчэ да апошняга эканамічнага крызісу колішні міністар унутраных справаў, лідар фракцыі ХДС у Бундэстагу Вольфганг Шойбле (зараз міністар фінансаў) на канфэрэнцыі ”Інтэлектуалы і нацыянальнае пытаньне” адзначыў: “Для чалавечага існаваньня неабходны “слушны балянс” паміж індывідуальнымі магчымасьцямі самавыяўленьня і неабходнымі грамадзкімі здольнасьцямі, акрамя таго яшчэ повязямі з сям’ёй, вёскай, горадам, радзімай (Heimat) і Айчынай (Vaterland) … Для мяне застаецца бясспрэчнай – няхай гэта каму і падасца старамодным – ісьціна, што суверэнітэт дзяржаваў абапіраецца на ўсё, што мацуе ў сэрцы чалавека пачуцьцё Айчыны… Ніхто дагэтуль не прыдумаў лепшых рамак, чым нацыянальная дзяржава, у якіх правы грамадзянаў могуць быць сфармуляваныя і гаранатаваныя. Таму трэба перастаць шукаць нешта падазронае ў тым, што чалавек падкрэсьлівае сваю прыналежнасьць да пэўнай нацыі … Пошук іншых эрзац-ідэнтычнасьцяў ліе ваду на млын правых радыкалаў, што ловяць пацукоў разладу. Агульнае пачуцьцё Эўропы пачынаецца якраз там, дзе Эўразьвяз знаходзіць сілу, што закладзена ў асобных дзяржавах.” (Кароткі пераказ выступу можна знайсьці ў архіве газеты “Bonner Stadtanzeiger” (26-27. 11. 1994 г.) у інтэрнэце пад рубрыкай “Прамова ў падтрымку нацыянальнай дзяржавы” на с. 4. або поўны тэкст праз Archivserver der Deutschen Nationalbibliothek.)

З часу таго выступу сп. Шойбле прайшло нямала гадоў. На гэтую тэму зь пераменным посьпехам выказваліся і прыхільнікі і праціўнікі. Аднак апошні эканамічна-фінансавы крызіс, як напісаў “часопіс для сучаснага Эўрапэйскага мысьленьня” CICERO (5-2012), “разбудзіў побач з прывідамі нялепшых патрыятычных забабонаў і нацыянальных эгаізмаў сапраўды велізарныя магчымасьці калектыўных высілкаў асобных дзяржаў, якія рабілі выбар паводле сваіх гістарычных ідэнтычнасьцяў”. Думаю, нямецкія сацыёлягі яшчэ зробяць аналіз гадоў крызісу: як традыцыйнае нямецкае самаўсьведамленьне дапамагло Германіі выстаяць і выйсьці з эканамічнай пасткі з найменшымі стратамі. Варта падумаць пра гэта і пры ўважлівым аналізе перамогі нямецкіх кансэрватараў (ХДС/ХСС) на апошніх выбарах у Бундэстаг.

Апрыёрная прыдумка : “адраджэнцы-русафобы” 90-х гадоў

Вось захацелася ВА паспрачацца з прыдуманым ім жа самім лёзунгам “Толькі беларуская Беларусь”, якога нібыта прытрымліваўся БНФ, і раскручваць далей свой сапраўдны сымулякр пра адраджэнцаў-русафобаў, — калі ласка. Ён не аналізуе ні праграмныя дакумэнты руху БНФ “Адраджэньне”, ні праекты законаў па культуры і адукацыі, якія фракцыя БНФ распрацоўвала ў ВС, ні канцэпцыю моўнай палітыкі ў Беларусі, што была напісана актывістамі БНФ ў Моўнай камісіі Фонду культуры. “Філёзаф” паўтарае стэрэатыпныя прапагандысцкія прыдумкі Лукашэнкі пра “чамадан-вакзал – Расія”. Нешта падобнае гаварыла ў свой час Сьвятлана Алексіевіч: “ Я помню, как Пазьняк призывал белорусов уходить в леса, партизанить и пускать под откос поезда в знак протеста по поводу объединения с Россией. А у меня в России на Радио «Свобода» тогда по этому поводу спросили: «Что делают сейчас белорусы?» А я говорю: копают картошку и закручивают банки, а революция - только в голове у Пазьняка.” Але ж гэта – павярхоўнае агучваньне стэрэатыпаў, якія ўзнікаюць з агульнага недабразычлівага падыходу да феномена нацыянальнага, які можа праяўляцца ў асобных ягоных прыхільнікаў ў выпадковых няўдалых выказваньнях, метафарах, лозунгах. Нацыянальнае – вельмі датклівая дзялянка, дзе выпадковыя эмоцыі ці няўдала сказанае слова могуць часам выклікаць нязгоду ці нават варожасьць апанента.

Крытыка Зянонам Пазьняком агрэсіўнай палітыкі эканамічнага расейскага нэалібэралізму ў адносінах да Беларусі трактуецца сп. Акудовічам як антырасейскі нацыяналізм. Ня хоча ВА ведаць, што сярод актывістаў БНФ былі прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў, што на гэта зьвярталася першачарговая ўвага. Не аналізуе ВА ні зьмест “Закону аб мовах” (вельмі памяркоўны, дзе расейская мова мела статус мовы міжнацыянальных хносінаў), ні яго практычную рэалізацыю на пачатку 90-х гадоў. Пішу гэта з поўнай адказнасьцю, бо быў афіцыйнам членам групы экспэртаў, што яшчэ ў савецкі час пісала прект “Закону аб мовах у БССР”, старшынём Моўнай камісіі пры Фондзе культуры, выступаў у школах, зьбіраў подпісы бацькоў за адкрыцьцё беларускіх класаў. Мой подпіс стаяў першы ў лісьце 250 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, што пісалі зварот у ЦК КПСС ў канцы 80-х гадоў. Перад гэтым быў “ліст 25-ці”, ініцыяваны Быкавым і Зянонам Пазьняком. У абодвух лістах падкрэсьлівалася думка аб правах тытульнай нацыі і нацыянальных меншасьцяў.

Ня раз і ня два ВА ў публічных выступах вінаваціць беларускую дыяспару і БНФ за нібыта адступленьне ад “збалянсаванай” моўнай палітыкі БНР: там, маўляў, было аж чатыры дзяржаўныя мовы. Гэта так – чатыры. Але ж ён ці ня ведае, ці ня хоча ведаць пра пастанову, якая выйшла праз тыдзень пасьля абвяшчэньня Другой устаўнай граматы. У пастанове канстатавалася што з улікам абсалютнай “лічэбнай большасьці” карэннага насельніцтва беларуская мова абвяшчаецца “пераважнай” у грамадзкіх дачыненьнях. Аб гэтым можна прачытаць у спэцыяльным прэс-рэлізе, які захаваўся ў Архіве БНР.

У пытаньні пабудовы “беларускай Беларусі” мы заўсёды падкрэсьлівалі, што з улікам усходняга суседства зь ягоным як бы роднасным нам “культурным кодам”, дзе і па сёньняшні дзень пануе “імпэрыяльная генэтыка” дзяржаўнасьці, пабудова сёньняшняй сувэрэннай дэмакратычнай Беларусі без дзяржаўнага характару беларускай культуры і мовы немагчымая, як кажуць, паводле азначэньня. У адрозненне, напрыклад, ад Рымскай імпэрыі, якая пакідала сваім васалам тэрмы і віадукі, але прымусова не “рымлянізавала” прысабечаныя тэрэны, а паступова сама растваралася ў розных там грэцыях, прымаючы іх культуру, расейская экспансія несла разам са штыхом расейскія буквары і сшыткі для чыстапісаньня. Расея як цывілізацыя не прымае напалеонаўска-дэголеўскі лёзунг (цяпер ужо эўразьвязаўскі) Эўропа Айчынаў. Гэта не закладзена ў ейным “кодзе дзяржаўнасьці”.

Як мовазнаўца я прачытваю гэта і ў асацыятыўна-сэмантычных моўных фігурах. Лихой парень Саша Белый з сэрыяла «Брыгада» гаворыць: “Да, я не раз и не два переступал закон, но я построил два храма од фундамента до купала…». Наш Леў Сапега, прэзэнтуючы Статут 1588 года. казаў: “Мы прымаем гэты закон, каб не было ліхасьці …”. Іван IV быў для маскоўцаў грозным, а для нас і эўрапэцаў – жахлівым (Iwan der Schreckliche, Ivan Le Terrible). Маскоўскі “преступник» пераступаў закон, наш злачынца “чыніў зло” паводле разуменьня старога звычаёвага права. Масковія не магла стварыць ўстойлівых звычаяў на ўсіх прысабечаных землях, бо на працягу 150 гадоў у 16-17 стагодзьдзях штогод пашырала свае “пределы” на 35 000 кв. км., — тэрыторыю адной Галяндыі. Гэта разьлікі Арнольда Тойнбі.

Пра яўрэяў і сталеньне беларускай нацыі

Пішучы “кнігу пра сябе”, як ужо адзначалася, у сваіх як бы гістарычных абагульненьнях ВА не абцяжарвае сябе пошукамі статыстыкі ці хаця б спасылаючыся на дасьледаваньні папярэднікаў.

Разьвіваючы тэму запаволенага высьпяваньня беларускай ідэнтычнасьці ў гарадах, ВА узгадвае вядомы факт пра “яўрэйскасьць” беларускіх гарадоў. Аднак абапіраецца выключна на свой асабісты досьвед. Пры гэтым сам сабе пярэчыць да камізму: “Калі я нарадзіўся, у Беларусі ўжо не было яўрэяў” (с. 168). Перад гэтым, чатырма сказамі раней, глыбакадумна разважае: “Як гэта магло стацца, што ў маім асабістым разуменьні беларускай гісторыі яўрэі амаль не ўзгадваюцца …Чаму яны адсутнічаюць у маёй кнізе? Адказ вельмі просты: Усе беларусы жылі ў вёсцы, а ўсе яўрэі жылі ў горадзе.” Пішучы эсэ на побытавым узроўні, “філёзаф-эсэіст” карыстаецца стэрэатыпамі, што ўспрымаюцца на слых і не адпавядаюць абсалютна вядомай статыстыцы. Так, ён катэгарычна сьцьвярджае: у беларускіх вёсках яўрэі не жылі. Не ўдаючыся ў падрабязнасьці адрозьненьняў паміж яўрэйскімі адасобленымі паселішчамі-“штэдтэламі” і часткай вёсак, дзе яўрэі-такі жылі, прывяду дакладныя лічбы статыстыкі. Паводле перапісу 1987 году, вынікі якога адлюстраваныя і ў “Дакументах і матэрыялах па гісторыі Беларусі” (т.3, с. 215, 1953), “большасьць яўрэяў , якія валодалі моваю ідыш (56,4%), жылі ў вёсках і толькі 43,54% - у гарадах.” Гэта сьведчаньне ўскоснае, але пераканаўчае: у вёсках яўрэі жылі.

Але ж хай бы сп. Акудовіч зьвярнуўся да разважаньняў таго ж Карла Маркса адносна гарадскога насельніцтва Эўропы ў пэрыяд фармаваньня этнасаў ды нацыянальнай буржуазіі. Там жа таксама было нямала яўрэяў. Тут ня так усё чорна-бела. Рэч жа не ў простай статыстыцы, а ў нутраной гаспадарчай палітыцы. Узгадайце “Вялікую хартыю вольнасьцяў (арт 10-12, дзе закранаецца тэма пагашэньня пазыкаў яўрэйскім ліхвярам) у Англіі, рэформы Кромвеля, палітыку Тарквемада ў Гіспаніі, грамадзянскія рэформы Напалеона ў Францыі, царскія ўказы ўказы ў Расеі пра межы аселасьці. Ня так усё адназанчна было ў беларускіх мястэчках з разьмеркаваньнем уласнасьці. Раіў бы аўтару пачытаць па-расейску ці на якой іншай мове, якой сп. АВ валодае, мэмуары Ехезкеля Коціка, сучасьніка Шолама Алейхема, пра жыцьцё яўрэяў у беларускіх мястэчках “Мои воспоминания”, што выйшла ў Бэрліне ў 1922 годзе. Яна перакладзена на дзесяткі моваў. Або дасьледаваньні у часопісе OSTEUROPA пра гаспадарчае жыцьцё ў гарадах і мястэчках Беларусі ды Ўкраіны. Тон жа задавалі царскія намесьнікі, а не яўрэі-гаспадарнікі. Былі ў нашых мясцовых латыфундыстаў яшчэ з часу ВКЛ, як і ў Германіі. свае “прыдворныя яўрэі” (гоф-юдэн, або Hoffactoren), свае яўрэйскія беднякі, рамесьнікі і да т. п.

Гаворачы пра яўрэяў, ВА яшчэ катэгарычна сьцьвярджае: габрэі і беларусы не кантактавалі на “культурным полі”. На с. 168 чытаем мэтафарычны пастулят: “Беларусы і яўрэі як бы (quasi) жылі побач 600 гадоў, але ніколі не сустракаліся. … Я маю на ўвазе, што абедзьве культуры, абодва народы не сустракаліся. ..” Але ж на гэтую тэму ёсьць вялікая бібліяграфія! Найбольш апошнім часам напісана за межамі Беларусі. У тым ліку і ў Нямеччыне. Можна было б параіць аўтару пачынаць з нарысаў Зьмітака Бядулі “Жыды” (1915 г.), “Жыды на Беларусі” (1918 г. “Вольны шлях”. пад псэўданімам Ясакар з эпіграфам з Р. Скірмунта “Любіць свой народ не знача ненавідзець чужыя”), “Рукапіс чарнакніжніка ХУІІІ веку (“Вольны сьцяг”, 1921, 300 старонак на іўрыце, ідыш і беларускай мове: замовы, рэцэпты знахараў, малітвы).

Няхай бы ВА узяў у рукі сапраўдную энцыкляпэдыю-помнік беларуска-яўрэйскім культурным кантактам — “Ідыш-беларускі слоўнік” Аляксандра Астравуха (2008 г.) на 987 старонак ды пачытаў бы хаця б прадмову ў форме ўяўнага дыялога паміж Максютам Літвінам і Мошкам Літваком…

Як германіст і спэцыяліст па фанетычнай інтэрфэрэнцыі пры моўных кантактах магу сьцьвярджаць пра засьведчаны факт ўзаемапранікненьня прасадычных прыкметаў нашых дзьвюх моваў. Паслухайце беларускія інтанацыі і параўнайце іх з гаворкай старых яўрэяў. Хто ў каго запазычыў? Зрэшты, прыслухайцеся да нямецкай прасодыі, якую прынесьлі на нашыя землі яўрэі-ашкеназы. А зазірніце ў бібліяграфію прац, дзе дасьледуюцца запазычаньні ў ідыш зь беларускай і ў беларускую з ідыш. А беларуская анамастыка – гэта ж парад даўніх запазычаньняў зь біблійнага іўрыту ды ідыш! Або прааналізуйце мэляс песьні Ісака Любана “Бывайце здаровы, жывіце багата” … Ці не заўважыце вы ў ёй водгукі тыповых местачковых яўрэйскіх найгрышаў. Шкада, Акудовіч “нарадзіўся, калі яўрэяў ужо не было”. Я ж грэшны, яшчэ памятаю той час, як пісаў Рыгор Барадулін, “калі ў рэках было багата рыбы, а ў мястэчках шмат яўрэяў”. А самаіронія беларускіх пісьменьнікаў! Ці ж яна не падобная на яўрэйскую? Ці наадварот? Каб чуць сьвет, мала мець вушы, трэба яшчэ мець сэрца… А хатнія рэцэпты беларускай кухні? Прыклады ды ўзгадкі можна доўжыць.

Пра “плебейства”беларускай вёскі

Беларуская вёска зь ейным “плебействам” і вечнай прыземленасьцю, як галоўны тормаз сталеньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, далася ў знакі сьвіслацкаму хлопцу, што юнаком прайшоў школу маскоўскіх літаратурных курсаў і дэманстраваў на радасьць сваім бацькам і на зайздрасьць сябрам сапраўдны акцэнт “шамкающих московских просвирен».

Як злы фатум беларускай гісторыі Валянцін Акудовіч разглядае сялянства, якое ніколі не цікавілася “сімвалічнымі каштоўнасьцямі кшталту свабоды”, а толькі думала пра чарку і скварку, і адпаведна гістарычна абумовіла выбар мадэлі беларускай дзяржавы як сялянскай нацыі, — “сацыяльнай грамадзянскай дзяржавы”. Па-нямецку мы называемся ў кнізе Wurstnation (“кілбасная нацыя”). “Беларус або працуе або п’е гарэлку” (с. 161). Ён ня ўмее і ня хоча, паводле Акудовіча, радавацца, па-сапраўднаму адпачываць (на гэтай жа старонцы). Маналог Акудовіча на гэтую тэму ёсьць нават у відэарэсурсах беларускага сеціва.

Адкуль жа тады мы ведаем “Жаніцьбу Цярэжкі”, Купальле, вясельныя, жніўныя, калядныя, радзінныя песьні (па-мойму, акрамя нас, іх ня ў кога няма), “Гуканьне вясны”, беларускія народныя і аўтарскія казкі (напр., Рэдкага), казкі палешукоў-беларусаў. запісаныя Сержпутоўскім і да т. п. Валянцін Акудовіч як бы часам успамінае пра гэта, але неяк паміж іншым, бяз радасьці. Мусіць, гэта яму перашкаджае: не атрымліваецца “пустой прасторы”. А “код адсутнасьці” патрабуе…

Пра сялянства і фармаваньне эўрапэйскіх нацыяў напісаны манблан кніг і дысэртацый. Нідзе сялянства не было носьбітам элітарных ідэй. Каралі, цары, князі з войскам ваявалі, шляхта выстаўляла харугвы, сяляне давалі фураж, хлеб, ішлі пешымі рэкрутамі, царква і адукаваная частка этнасу фармавалі ідэі. (Некаторыя дасьледчыкі, праўда, асобна выдзяляюць малыя горныя этнасы, дзе станавыя адрозьненьні нібыта былі менш заўважныя ).

Нямецкая культурная антрапалёгія адрозьнівае гістарычна эканамічнае становішча сялянства па “эльбэнскай лініі”: на ўсход ад Эльбы сяляне зьведалі ў новы час “другое прыгоннае права” у адрозьненьне ад жыхароў сельскай мясцовасьці на захад ад Эльбы, дзе хутчэй трэба гаварыць пра сялянства як пра стан, пазбаўлены абсалютна ўсіх прывілеяў, але які ня быў юрыдычна жорстка прывязаны да зямлі і, як наёмны падзёншчык або збанкрутаваны арандатар, запаўняў шэрагі так званага “міжсялянскага насельніцтва” (unterbäuerliche Bevölkerung) (гл., напрыклад, Wolfgang Reinhard: Lebensformen Europas. Eine historische Kulturantropologie. C. H. Beck. München, 2004. c. 318. ), што натуральна вяло да ўзмацненьня цыркуляцыі насельніцтва паміж горадам і вёскай. Гэта ў значнай ступені спрыяла фармаваньню падобных ідэнтычнасьцяў і пачуцьця “мы”. Лёс беларускага сялянства пасьля трэцяга падзелу РП добра ўпісаецца ў гэту нямецкую схему.

А што больш паўночныя Нарвегія ці Літва былі гарадзкімі нацыямі? Калі не памыляюся, у Коўне , вельмі літоўскім горадзе, жыло паводле перапісу 1897 году трохі больш, чым 6% летувісаў. Канешне, нават на малых суседніх тэрыторыях, напрыклад, у Балтыі, ёсьць свае гістарычныя адрозьненьні. Так, нямецкія каляністы пабудавалі ў свой час у эстаў нешта накшталт нямецкіх “аграгарадкоў”, але не перашкаджалі сталеньню дробнага нацыянальнага бізнэсу, што ў далейшым дабратворна адбілася на фармаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці ў сельскай мясцовасьці. Пэўна, сацыялогія сяла не павінна быць містычнай, а больш канкрэтнай. Так, як гэта ў нас, напрыклад, робіць Андрэй Кіштымаў, дасьледуючы прамысловую вытворчасьць у гарадах і мястэчках дарэвалюцыйнай Беларусі.

ВА як бы паміж іншым адзначае, што пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай беларуская мова ў выглядзе мясцовых гаворак захоўвалася толькі ў вёсцы. Тут трэба гаварыць ня толькі пра мову, але пра ўвесь комплекс этнанацыянальнай мэнтальнасьці, зь якой вось ужо больш за два стагодзьдзі з таго часу мы чэрпаем рэшткі беларушчыны. Мы падступаем да трывожнай мяжы. Тэарэтычная зьмена парадыгмы з мадэлі “моўнай дзяржавы” на “дзяржаўную дзяржаву” (нямецкія тэрміны Sprachstaat і Staatsstaat) у эпоху эканамічнага глябалізму і суседства з хворай нэалібэральнай эканамічнай імпэрыяй на Ўсходзе (як бы з “чытэльным” для нашых грамадзянаў культурным кодам) – сьмяртэльная небясьпека для 9-мільённай краіны з нестабільнай сацыяльнай будовай. Трэба карэнным чынам мяняць падыход да “вясковай” тэмы ў гістарычнай парадыгме.

Нічога такога асаблівага і містычнага ў беларускай вёсцы няма, напрыклад, у параўнаньні з украінскай ці расійскай. Канешне ж, памежжа адрозьніваецца ад цэнтру. Тэрыторыі, што былі пад Польшчай — не такія, як усходнія, дзе рана пачалася калектывізацыя. Адносіны ў розных пакаленьняў да прыватнай уласнасьці розныя. Мясцовасьці, што засяліліся імігрантамі пасьля масавага прымусовага бежанства мясцовага насельніцтва ў час Першай ўсясьветнай вайны, маюць свае адметнасьці, — не на карысьць беларускага этнасу. Гэта – частка нашай катастрофы. Партызанка, кіраваная з маскоўскага цэнтру, выезд на адходніцтва па вярбоўцы пасьля службы ў войску – яшчэ адзін удар па беларушчыне.

Тое ж могуць сказаць пра сябе і ўкраінцы. Толькі я нідзе не чытаў, што там сацыёлагі ды іншыя дзеячы ў галіне гуманістыкі “накладаюць пакуты” на сялянства, вінавацячы яго ўва ўсіх грахах. Гэта тое самае, што біць сабаку за тое, што ён пільнуе хату і брэша, а не абрастае салам і не нясе яек. Маленькі чалавек, што працаваў на зямлі, ў 18-19 стагодзьдзях пры бясконцай зьмене гаспадароў іншым быць ня мог. Ці ж можна так фатальна-зьняважліва гаварыць і пра беларускае сялянства, якое не па сваёй ахвоце зводзіла зь цёплых хлявоў сваіх кароў і коней у халодныя аборы калектывізацыі пры Саветах і ад’язджала траляваць галаруч лес у сібернай тайзе.

Нарэшце, ня варта забывацца, што хутарская ды засьцянковая сьвядомасьць – гэта ня так і блага. Расейскі акадэмік Дзмітрый Ліхачоў у сваіх нарысах “О русском”, разважаючы пра “генэтыку” расейскай дзяржаўнасьці, са шкадаваньнем пісаў пра “ясачную рэнту” і людзей з псыхалёгіяй перакаці-поле і заўважаў, што “оседлость – это начало нравственности». І наш Янка Купала пісаў: “Не шукай ты шчасьця-долі на чужым шырокім полі …”. Невядома, чым яшчэ адгукнецца патас усясьветнага братэрства. Дасьледаваньні антрапагенетычных і генадэмаграфічных матэрыялаў нашымі вучонымі паказалі, што вёска стала захавальнікам і на генетычным узроўні нашых адметнасьцяў і спадчыннай інфармацыі. А колькі войнаў і закалотаў з суседзямі зьведаў наш край … Быў у гэтым нейкі касьмічны сэнс: прырода ўтрымлівала этнас ад зьмяшаньня і страты свайго аблічча.

“Хімэра беларускай партызанкі

Я не зьбіраюся грунтоўна разважаць пра партызанскі рух на Беларусі, хаця я даволі шмат прачытаў у савецкіх, постсавецкіх і нямецкіх крыніцах пра гэтую зьяву і маю свой асабісты сантымэнт на гэты конт: мой бацька загінуў у партызанах у апошнія дні вайны на нашай зямлі, — 3 чэрвеня 1944 г. У вёсцы Забораўна карнікі забілі і спалілі агнямётамі некалькі маіх блізкіх і далёкіх сваякоў разам з іншымі вяскоўцамі, склаўшы ўсіх у адну вялікую кучу. Ведаю нямала рэгіянальных ды сямейных легендаў. Расповядаў пра партызанку мы наслухаліся розных: ад саміх партызанаў і пра партызанаў. Падчас блякады ў нашай хаце “стаялі” партызаны.

Расказвалі рознае. Памятаю аповяд пра “акружэнца-узбэка”, які заўсёды ўставаў “разам з бабамі” абіраць бульбу і пра расейскага палітрука, які думаў, што тоўстае сала – гэта мыла і гаварыў “шьшяс” і “йішьшё”, як і колішні даваенны расеец-“фінагент”, што апісў у нас сьвіньню за нядоімку, а пры немцах пайшоў служыць у паліцыю. Але ніхто, як кажуць, на побытавым узроўні не ўспрымаў расейскамоўнага палітрука ці шарагоўца як панскага прыганятага з “народнай” казкі. Надзвычайнасьць становішча і лютаваньні чужынцаў прыглушалі крыўды на савецкую ўладу. Людзі йшлі ў лясы ня толькі на загады расейскамоўных камісараў.

У гэтым пункце постмадэрны “код адсутнасьці” Акудовіча, мабыць, дасягае свайго апагею. Ён пераплюнуў нават свайго сымпатыка, самога Анатоля Тараса. Той ў свой час пасьля выхаду ў сэрыі “Невядомая гісторыя” кнігі Сяргея Захарэвіча “Партизаны СССР. От мифа к реальности”, (дзе Тарас быў выдаўцом і навуковым рэдактарам), ў адным з інтэрвію безапэляцыйна заявіў: “Уся (?!-ПС) гісторыя партызанскага руху СССР – адзін вялікі міф”.

Акудовіч задае сам сабе пытаньне: “Чаму раптам узьнік збройны супраціў у апошнюю нямецкую акупацыю, а дагэтуль падчас ранейшых акупацый, у тым ліку і перадапошняй нямецкай двадцацігадовай даўніны, — яго не было?” (с. 60). І тут жа дае чорна-белы безапэляцыйны адказ, які пасуе ў ягоную схему “коду адсутнасьці”: “Адказ відавочны: “Збройны супраціў беларусаў супраць акупацыі быў навязаны Расеяй. .. (с. 61). І далей: “Тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас было самазнішчэньнем” (с. 62).

Ці не занадта? Хай бы хоць замест “Расея” напісаў “Савецкая імпэрыя” ці нешта накшталт. Немцы ж у гэту другую вайну – у адрозьненьне ад 1812 году ці 1914-1915 гг., дзе яшчэ паводле старых традыцый ваявалі арміі – вялі татальную кампанію вынішчэньня этнасаў і ідэалягічных ворагаў: бальшавікоў, камісараў, славянаў, яўрэяў, цыганоў. Калі мой бацька пайшоў у лес, ён больш помніў пра спаленую агнямётам стрыечную сястру ў Забораўне, чым пра арыштаванага і памерлага на лесараспрацоўках у Карэліі ў 1930 г. роднага брата Браніслава. Немцы пераступілі мяжу, якую адкрыта не пераступалі энкавэдзісты. У Курапатах расстрэльвалі ноччу. Немцы палілі людзей удзень, пры яркім сонцы. Ды і крыўда ад свайго чалавека ці блізкага суседа не такая балючая, як ад далёкага незразумелага прыхадня. Тут ужо спрацоўвае інстынкт самазахаваньня. Пэўна, мой пакрыўджаны энкэвэдзістамі бацька пайшоў не ў паліцыю, а ў партызаны не таму, што яго нехта туды гвалтам прывёў (з партызанаў можна было лёгка ўцячы і прыйсьці ў нямецкую камэндатуру), а таму, што ён не захацеў мяняць свае “прымардыяльныя” прывязанасьці на часовыя матэрыяльныя даброты, якія яму маглі паабяцаць у нямецкай камендатуры: яшчэ адну карову, каня з калгаснай канюшні ці смалакурню, дзе некалі працаваў застрэлены немцамі Мойша Бахарэўскі.

Хто ж цяпер спрачаецца пра перабольшаную ў прапагандысцкіх мэтах статыстыку партызанскага збройнага супраціву ці пра тое, што нашыя вёскі часта паліліся карнікамі пасьля часам матываваных правакацыяў зусім не мясцовых партызанскіх камандзіраў? Усё гэта было. Але ж адрозьненьне паміж першай і другой нямецкай акупацыяй – фэнамэналягічнае, што павінен быў бы разумець “філёзаф” Акудовіч.

“Рабочыя страйкі 1991-га года – Вандэя, а не дэмакратычны рух”

Адмаўляючы амаль ўсё, што зьвязана з нацыянальна-дэмакратычным уздымам канца 80-х і пачатку 90-х гадоў, ВА лічыць і рабочыя пратэсты, што пераходзілі ў масавыя страйкі ў красавіку 1991 года, тэарэтычнымі прыдумкамі БНФ. Паводле Акудовіча – гэта былі “маршы Вандэі”, скіраваныя супраць зьменаў, страх перад “так званай свабодай”. Гэта былі маршы за чарку і скварку. Тыя рабочыя – гэта ўчорашнія сяляне. А беларускія сяляне спрадвеку “баяліся свабоды, як чорт сьвятой вады”.

Такія сьцьверджаньні – зноў жа прадукт схемы, у якую аўтар “Коду адсутнасьці” хоча ўціснуць і рабочы рух. Яго павінна “ня быць”! Аднак, як кажуць англічане, каб даведацца, ці смачны пудынг, яго трэба пакаштаваць. Відаць, як і на Зянона Пазьняка каля Маскоўскіх могілак, на калёны страйкоўцаў сп. Акудовіч глядзеў стоячы ў каго-небудзь на плячах… Для яго гэта быў натоўп. Для мяне – не. Я выбіраўся ў дэпутаты ВС ад прадпрыемства “Гранат” (т. зв. “завод робатаў”), дзе я чытаў лекцыі пра беларускую культуру і гісторыю. Туды мяне завабіў Алег Шагулін, паважаны інжынэр-інтэлектуал, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам і сярод рабочых. За мяне галасавалі і працаўнікі суседняга завода вылічальнай тэхнікі. Старшынём страйкама, які вёў калёну рабочых Фрунзенскага раёну на плошчу каля Дома Ўраду, быў мой сябра – фрэзэроўшчык 6-га разраду з МЗВТ Уладзімір Цытрон.

У тых калёнах ішлі розныя людзі. Былі там і рабочыя з Заводзкага раёну, якіх проста падбухторвалі некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў, каб націснуць на ўрад і выбіць грошы на зарплату. Але абсалютная большасьць добра ўсьведамляла, што такое эканамічныя, а што такое палітычныя патрабаваньні. Прычым палітычныя патрабаваньні ўсё больш пашыраліся. З абласьцей з буйных гарадоў прыходзілі рэзалюцыі з патрабаваньнем сувэрэнітэту, забароны кампартыі, нацыяналізацыі саюзнай маёмасьці. Пад тэкстамі стаялі сотні подпісаў. Шмат маніфэстантаў ішлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Я памятаю твары рабочых актывістаў: Сяргей Антончык, Генадзь Быкаў, Георгі Мухін, Уладзімір Цытрон … Усе яны – члены гарадзкога страйкаму. Мы хадзілі на заводы, выступалі ў цэхах. Да нас у Вярхоўны Савет прыходзілі рабочыя дэлегацыі. раіліся, падказвалі нешта нам… Усё было вельмі рознае, усё мянялася. Ішло жывое жыцьцё, якое нельга ўціснуць у апрыёрныя схемы.

Як узьнікаюць коды адсутнасьці і рэсэнтымэнты?

Мутацыі траўмаванага грамадзства

Інтэлектуалы кажуць рознае. Адны сьцьвярджаюць, што выбар ёсьць заўсёды. Іншыя – што асоба ёсьць цацкай гісторыі і абставінаў. Інтэлектуал ВА захоплены выказваньнем нямецкага сучасьніка, які нібыта працытаваў без спасылкі выказваньні Петэра Слётэрдайка зь ягоных “франкфурцкіх” лекцый пра трагедыю сучасьнікаў існаваньня дыктатуры: у іншых абставінах яны маглі б стаць бліскучымі прадстаўнікамі сваёй нацыі!

Калі праходзіць час дыктатуры, сучасьнік — або ягоныя дзеці й унукі – ужо пад сьвятлом сумленьня новага часу “пішуць сваю кнігу ўспамінаў”. Дзейнічаюць сьвядомыя і падсьвядомыя аберацыі памяці. Немцы памятаюць рэзананснае апытаньне, што праводзіліся штотыднёвікам Die Zeit у 2005 годзе ў 60-ю гадавіну канца Другой Усясьветнай Вайны. Толькі 3-5% дзяцей і ўнукаў у сем’ях, дзе тры пакаленьні мелі акадэмічную адукацыю, сказалі, што іхныя дзяды і бацькі актыўна падтрымлівалі Гітлера або бралі ўдзел у халакосьце. Астатнія прылічалі сваіх продкаў у горшым выпадку да катэгорыяў “вымушаны спадарожнік рэжыму (Mitläufer) праз экзістэнцыйны страх, зьвязаны прысягай салдата або дзяржаўнага службоўца”. Невераемна высокі адсотак выпаў на рубрыкі “актыўна удзельнічаў у супраціве”, “дзейсна падтрымліваў супраціў”, “спачуваў і таемна дапамагаў”, “удзельнічаў у акцыях сабатажу” … На чым жа тады трымаўся рэжым?

“Прэзідэнцкі рэжым” у Беларусі – ня раўня гітлераўскаму, — дэманічнаму, гіпэртрафавана “прымардыяльнаму”: нямецкая вернасьць, нямецкае віно, нямецкія жанчыны, нямецкія танкі, - усё найлепшае. Наша спаруда – ўсяго толькі нэасавецкая прарасейская антынацыянальная аўтакрататыя з мэтай захаваць персанальную уладу любым коштам. Для этнаса гэты час – разбуральнае бясчасьсе.

Аднак і ў нармальнага чалавека з рухомым розумам, скіраваным на простае выжываньне, ў бясчасьсі стаяння на раздарожжы ўзнікае пачуццё чакання збаўцы. Скаваны страхам розум падсвядома шукае далей ад скрыжавання ўтульныя спраты для разняволення ў самім сабе. І становіцца сам сабе збаўцам. Ён пачынае фармуляваць апраўданне сваім уцёкам перад тымі, хто застаўся там наверсе, у рэальным жыцці і яшчэ шавеліцца, супраціўляючыся злу. Адчуваючы, што быць сам-насам з сабою даволі ўтульна і бясьпечна, што вяртанне ў жывое жыццё ўжо немагчымае, рэфлексіўны розум для апраўдання сваіх уцёкаў пачынае з свайго утульнага залюстроўя як бы разумна і шчыра будаваць сваю карціну бачання жыцця там наверсе. Навошта? Спрацоўвае падсьвядомы сорам: каб потым выставіць яе і для дэманстрацыі і сваім дзецям, і некаму трэцяму, які не рэфлексаваў і не супраціўляўся злу, а проста вырошчваў капусту. Так паступова гэты разумны ўцякач, пабудаваўшы стройную будыніну для апраўдання сваёй маленькай (ці вялікай?) здрады, так умацоўваецца ў сваім перакананні праведнасці, што непрыязныя адносіны да неразумных змагароў, паціху перарастаюць у нешта, падобнае на алергію, ці нават ідыясінкразію. І вось з гэтай разумнай пячоры пустэльніка нашага часу, як з сілоснай вежы, вурдалакі, монстры і слабыя скалечаныя душы знаходзяць сабе супакойны пачастунак.

Videor ergo sum: дэманы віртуальнай прасторы

Грамадства, як сёньняшняе беларускае, траўмаванае аўтарытарным і антынацыянальным – выдатны гумус для мадэрных “постнацыянальных” мысьляроў, лібэральных і ня вельмі, у якіх самапераўзыходжанне, як характарыстыка духоўнага росту асобы, можа няўзнак перарасці ў самаўзвышэнне, парадзіць плоскі публіцыстычны нарцысізм, які лёгка перацякае ў дэсакралізацыю агульнапрынятых людзкіх каштоўнасьцяў.
Сярод гэтых “мы” на розных “інтэлектуальных” лапіках мутацыяў чужых пазычаных тэкстаў выяўляецца шмат асобаў розных зацікаўленьняў ды ўзростаў. У Акудовіча ёсьць нават супернік, мэтадоляг з філязофскім ухілам, які пераможна пікіруецца зь ім у сваіх пісьмовых маналёгах.

Гэта — самаабвешчаны “лідэр грамадзянскай супольнасьці РБ”, зорка “Белсату”, уладальнік сайту “Логаінквізітар”, “кіраўнік “Лятучага ўнівэрсітэту”, “мэтадоляг і філёзаф”Уладзімір Мацкевіч (скарочана УМ). Ён прывёз з расійскіх абшараў кадэбэшна-макіявелеўскія ідэі Шчадравіцкага сэктанцкай перабудовы грамадства (“захапіць пляцдарм мысьленьня”) і пачаў “думаць Беларусь”.

Сваё бачаньне перабудовы нашага краю УМ ляпідарна сфармуляваў у шматлікіх інтэрнэт-лекцыях і праектах, інтэрвію, інтэрнэт-гутарках “Безумное чаепитие», эсэ “Сага об учителях”, “Не думайте о рыжем и слепом утконосе” і да т. п.

Вось россып пэрлінаў з кіліма сэнтэнцыяў УМ’а:
... Беларусь – невозделанная страна … У беларусов в голове пластилин ... («Безумное чаепитие» зь Ліпковічам і Курэйчыкам)… Культура – это всё, что транслируется. Вот белорус ковыряет в носу. Это и есть культура ... (інтэрнэт-лекцыя) Для среднестатистического беларуса достаточно ровно три К. Колхоз – крама – канапа. Канапа – для мужчин, для женщин – колхоз – крама – киндэр. (З «Утконоса»). З такімі сэнтэнцыямі можа параўнацца хіба зьдзеклівы верш канвэртыда Гайнрыха Гайнэ пра палякаў “Krapülinski und Waschlapski, Polen aus der Polakei” (“Крапюлінскі і Вашляпскі, палякі з Палякіі”).

Так выглядае атэстацыя самога сябе: “По- настоящему состоявшийся человек заставляет мир вращаться вокруг себя .( З інтэрв’ю на партале BEL.BIZ). Ощущаю себя миссионером, как Иона в чреве кита … Вот кто-то тот недосягаемый, пережует меня и выплюнет для осуществления моего предназначения … (Відэа зь сеціва. Гутарка пра канфэсіі)… Я убежден, что от меня через Щедровицкого можно проследить в ретроспективе непрерывную цепь ученичества к Сократу, Фалесу и дальше … … Николай Круковский делает заявление: “Мае карані як беларускага филосафа - у беларускай вёсцы”… Вот замаячил новый Мефистофель (“Сага об учителях”)… А с чего вы взяли, что я их (людей – П.С.) люблю? За что их любить? Есть только несколько человек среди семимиллиардного человечества, которых я люблю (з інтэрвію BEL.BIZ)…

Сам УМ і ягоныя найлепшыя аднадумцы чытаюць лекцыі ў розных гарадах Беларусі. Начальства дазваляе. Сваіх вучняў УМ возіць на сэмінары нават у замежжа, дзе праводзіць зь імі ролевыя гульні для “захопу пляцдармаў мысьленьня “. УМ’ава жонка таксама “думае Беларусь”. Ня так даўно, чытаючы ў Магілёве лекцыю (у межах “Лятучага ўнівэсытэта”) пра стан унівэсыттэцкай адукацыі, яна бязьлітасна крытыкавала беларускі досьвед, выказвала гатовасьць быць міністрам адукацыі, заклікала слухачоў вывучаць замежныя мовы і родную. Сама чытала лекцыю па-расейску. Калі вядомы магілёўскі настаўнік Міхась Булавацкі пацікавіўся, чаму яна не карыстаецца беларускай, яна адказала афарыстычным пытаньнем: “А Вам шашечки или ехать?”. Гэта з анэкдоту савецкага часу пра грузінскага прыватніка-бамбілу, які зьедліва прарэагаваў на заўвагу, што ён не таксіст.

Для прыхільнікаў чыста “грамадзянскай” дзяржавы, якіх ахвотна цытуюць расейскамоўныя лібэральныя сайты, беларушчына – толькі арнамэнт, вакол якога можна будаваць сваю экзістэнцыю ды вальяжна дэманстраваць гульню ў цынічныя пэрліны.

Вылечыць беларусаў ад савецкасьці і беларускай правінцыйнасьці ды завезьці ў “Мэтэрніхаў сад” Эўропы бярэцца і беларускамоўны акудовічаўскі выхаванец з “Бумбамліту”, эўрапэізаваны літаратар Альгерд Бахарэвіч (скарочана АБ) у сваім “Гамбурскім рахунку”. На пачатку творчага шляху, яшчэ ходзячы з тазікам-бубнам у эпатажнай калёне “Бумбамліту”, які “пераадолеў” кансэрватыўных нацыяналістаў з “Тутэйшых” Алеся Бяляцкага , (На прэзэнтацыі кнігі Валера Каліноўскага “Справа Бяляцкага” выступоўцы ацэньвалі праваабарончую працу Алеся Бяляцкага як працяг грамадзкай дзейнасьці з часу “Тутэйшых” і “нефармальнага” нацыянальнага руху 80-х гадоў, дзе на парадку дня стаялі пытаньні нацыянальнага Адраджэньня. В. Акудовіч выказаўся насуперак агульнай танальнасьці ў ацэнцы ахвярнай грамадзкай дзейнасьці Алеся са стрымана-негатыўнай нотай (“Я тут хачу, магчыма, сказаць папярок усім …), усумніўшыся ў тым., што ў будучыні гэтая дзейнасьць наўрад ці будзе ацэнена адэкватна разуменьню самога Бяляцкага. У самой кнізе ВА, як бы станоўча ацэньваючы “някідкі беларускі супраціў “ праваабаронцы, падсумаваў сваё разуменьне вынікаў ягонай дзейнасьці такімі словамі: “Што датычыць грамадзкага плёну ад гэтай ахвярнасьці, то тут няма адназначнага адказу …” (с. 324). )
ён сфармуляваў свой эстэтычны ды этычны “Маніфэст”: “Зазірніце мне ў рот// Я вам верш пазяхаю //Там пануе заўжды некрануты смурод // Там заўсёды вяртаюцца ўсе будулаі // Там жыве працавіты і мужны народ… І застаўся верны свайму маніфэсту, — з рэсэнтымэнтамі, атрыманымі ў спадчыну ад свайго настаўніка.

Мэтафарыст Бахарэвіч ува ўступным слове да “Гамбурскага рахунку” на Радыё Свабода раскрывае генеалёгію сваіх рэсэнтымэнтаў трапнымі кароткімі пасажамі, зь якіх мы даведваемся, што ён вырас на гарадзкім правінцыйным асфальце, на дзявятым паверсе камунальнага дому, з пыльным ліфтам, што ён «быў выгнаны зь дзяцінства», што ягоная настаўніца беларускай літаратуры мела мянушку «Жаба», што яна,«бясконца стомленая, … як добрая пажылая жаба, выпаўзала на шчарбатыя пліты школьнага клясычнага курсу белліту, каб пагрэцца на сонейку …» Далей аўтар заўважае, што гэтая атмасфэра «прымушала пачувацца саўдзельнікам усеагульнай нянавісьці …». Трэба разумець, нянавісьці да беларускай літаратуры, якая для будучага пісьменьніка зь дзяцінства сьціснулася у школьна-савецкую дзёньнікавую абрэвіятуру «белліт».

Тут рэсэнтымэнт непрыязнасьці, нават нянавісьці да роднага, хай сабе і непрывабнага, траўмаванага, нагадвае паводзіны літаратурнага героя Лаўручка з апавяданьня Зьмітрака Бядулі “На Каляды к сыну”. Цяжка зразумець, што сфармавала ў хлопчыку-школьніку пачуцьцё агіднасьці да “Новай зямлі” Якуба Коласа. (“Я …пляваўся малым і ад беллітаўскай «Новай зямлі»). Якая б ні была настаўніца, — але ж былі бацькі, сямейная пяшчота, можа, кот у кватэры, трава каля дому … Нават з тых жа фабрычных Шабаноў, дзе ўзрос “бязьлітасны” крытык, на паўднёвым небакраі можна было разгледзець “край зубчаты бору”. Памятаю гэта з сваіх лыжных вандровак саракагадовай даўніны. Але ж для памяці пра добрае трэба мець сэрца.

Свае рэсэнтымэнты АБ упакоўвае ў мэтафары, заўважаючы, што Якуб Колас «тоне ў бяздоннасьці словаў, як той воўк на стрыжані ракі, што бездапаможна чапляецца за лёд”, калі замілавана малюе карціны сялянскага жыцьця.

Распраўляецца АБ і зь Янкам Купалам. Для Янкі Купалы савецкага пэрыяду АБ знаходзіць кафкіянскую метафару – Каян Лупака. Гэта назва эсэ пра Купалу з “Гамбурскага рахунку”. Успрымаецца як злавеснае таўро — “Каін”, здраднік, труп колішняга Купалы. Гэта ня што іншае як плагіяцкае насьледаваньне кафкіянскага “Die Verwandlung” – ператварэньне Грэгара Замзы ў кузюрку. АБ так і кажа: “Што б там ні казалі, Каян Лупака – велічны вобраз, бо ў ім шмат кафкіянскага (інтэрвію для Радыё Свабода пасьля прэзэнтацыі кнігі). Бачыце, велічны, таму што ў ім шмат кафкіянскага. Кафка – мера велічы. Кафка, як Джойс і Набокаў – куміры АБ. З такімі кумірамі аўтару не патрэбныя ні тыпалягічны гістарызм, ні хрысьціянская спагада, ні крытычны погляд на самога сябе. Дзякуючы хадайніцтву беларускага ПЭН-ЦЭНТРУ АБ да нядаўняга часу жыў ў Нямеччыне як “малады гнаны рэжымам літаратар”, пра што не стамляўся паведамляць ў сваіх інтэрвію ды анкетах. (“Любы чалавек, які ня можа ўладкавацца ў Менску на працу па сваёй дыплёмнай спэцыяльнасьці й ня можа прэтэндаваць на публікацыю сваіх твораў без уступленьня ў “правільны саюз пісьменьнікаў”, можа лічыцца перасьледваным” . Тлумачэньне былога кіраўніцтва арганізацыі ) … З свайго гамбурскага далёка АБ пачынае сучасна па-эўрапэйску прачытваць “белліт”. Напрыклад, у свае 37 гадоў АБ, выпускнік філфаку, прачытаў упершыню Адамчыка і Стральцова (прызнаньне на 420 старонцы “Гамбурскага рахунку”).

Элегічна заканчваючы эсэ пра Васіля Быкава АБ заўважае: “Чалавеку, якому ўтульна жыць са сваімі дэманамі (Ці не пра сябе кажа аўтар?), карысна чытаць Быкава перад сном….. На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура . Засталося надзейна закаркаваць яе яе ў бутэльку з муранскага шкла і пусьціць па вадзе…”.

Бедная наша “залатая рыбка”, чэмпіёнка сьвету па плаваньні, Аляксандра Герасіменя! Яна, пэўна, яшчэ не пасьпела прачытаць Бахарэвіча, захапляецца беларускай клясыкай і кажа беларусам: “Чытайце Быкава!”. Калі паслухае Бахарэвіча, які ў сваім “Дзёньніку” на Радыё Свабода рэклямуе Барыса Віяна (“пісьменьнік стагодзьдзя”), то зможа далучыцца да сапраўднай лібэральнай эстэтыкі – прыгажосьці дагледжаных гомасэксуалістаў, непаўторнасьці ванітаў з чырвонымі таматамі, адлюстраванымі ў фотаальбоме філёзафа Партра/Сартра, магічнасьці аўтапартрэту сэксуальнага акту бацькі з дачкой на сьцяне аптэкі … (Гэта з “раману стагодзьдзя” “Пена дзён”). У Барыса Віяна ёсьць і твор з назвай : “Я прыйшоў, каб напляваць на вашыя магілы”. У сваім імянным “Дзёньніку”, які штодня зьяўляецца на сайце Радыё Свабода, 2-га лютага сёлета АБ надрукаваў нарыс пра першы грамадзкі нужнік у Лёндане. Дзень 2-га лютага – каталіцкія Грамніцы, дзень нородзінаў Кастуся Каліноўскага, дзень перамогі пад Сталінградам.

Аўтару, які прэтэндуе на эўрапэйскі інтэлектуалізм, можна было б ведаць, што ў нямецкага і – шырэй — еўрапейскага “більдунгсбюргерства” існуе традыцыя пэўнай “культуры ўспамінаў” і “культуры пераадольвання гістарычных траўмаў”. Ёсць траўмы народаў, што самі чынілі зло, і ёсць траўмы народаў-пакутнікаў, якія былі вымушаны паводле экзістэнцыйных абставінаў (для выжывання) адступаць ад “крыштальных” этычных стандартаў. Гэта – як нашыя палітвязні, якія, баючыся за сваіх родных, пішуць прашэнні аб памілаванні, не будучы вінаватымі. Нават для злачынцаў хрысціянская цывілізацыя захавала прынцып рымскага права non bis in idem – нельга караць за адно і тое ж двойчы. Бахарэвіч з асалодай цытуе купалаўскі верш, прысьвечаны 20-годзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, які быў напісаны акурат пасьля “вялікага расстрэлу” ў лістападзе 1937 году.

У інтэрнэт-дыскусіі я ўжо ўзгадваў пра абставіны напісання Янкам Купалам гэтага верша. Паэт тройчы меў гутарку з “заказчыкамі”. Адмовіўшыся першы раз, потым пад пагрозай расстрэлу Якуба Коласа і сваякоў напісаў чатыры страфы. Садызм “таварышаў” не ведаў межаў: запатрабавалі павялічыць тэкст да васьмі слупкоў. Напісаў восем. Вось так Янка Купала ў чарговы раз ператвараўся ў “літаратурнага здрадніка”, у Каяна Лупаку. Гэта мне расказала Ядзя Раманоўская, Купалава пляменніца , якая працавала загадчыцай рукапіснага фонду ў музеі Янкі Купалы. (Я пісаў тады артыкул “Мова Янкі Купалы” ў энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”. Было гэта, здаецца, на пачатку 80-х гадоў). Даказаць абсалютную праўдзівасць пачутага я, натуральна, не магу. Ядвіга ўжо даўно памерла.Ды і яна, так бы мовіць, - асоба зацікаўленая. Аднак адно зразумела – пісаць Купалу урачыстыя прысвячэнні Кастрычніку ў тыя дні было пакутай.

Амерыканскі скульптар Пітэр Айзэнман, які праектаваў мемарыяльны комплекс Халакосту (каля Брандэнбурскай брамы ў Берліне) заклаў страшэнную для немецкай гістарычнай памяці канцэпцыю фенаменалагічнай эстэтыкі у выглядзе поля, густа пакрытага цёмнымі гранітнымі плітамі без навершша. Ён сказаў: “Няхай гэта вечна цісьне на грудзі усім нямецкім пакаленням …” Гэта зрабіў прадстаўнік народа-ахвяры. Жаданьне пазбавіцца ад пачуцьця вечнай віны, прымусіла немцаў адважыцца на поўную навуковую і папулярную публікацыю гітлераўскага “Майн кампфу” (публікацыя пачнецца праз год), каб праз публічнае сузіраньне монстра нарэшце зьняць флёр прывабнага табу і даць нацыі той аптымістычны міт існаваньня, які яна мела да хваробы на вялікі дэманізм 20-га стагодзьдзя.

У традыцыі пераадолення траўмаў ахвярамі гвалту, якія пэўна (ці нібыта) пераступілі мяжу прыстойнага, існуе прынцып забывання. У тых жа яўрэяў, калі яны чытаюць “Банальнасць злога” Ганы Арэндт, дзе яна нагадвае сваім суродзічам пра супрацоўніцтва “Яўрэйскіх саветаў” (Judenräte) з нацыстамі (самі складалі сьпісы на адпраўку ў канцлагер, дабраахвотна давалі рэжыму грошы і да т. п. ), пра “нармальнага немца Айхмана” (такіх было нямала), спрацоўвае стэрэатып забывання гістарычнага негатыву як ахоўны інстынкт для захавання аптымізму. Яўрэі нагадваюць пра гэта хіба што ў кантэксце гістарычных даследаванняў. Гэта ў пэўным сэнсе – нешта накшталт паліткарэктнага табу. На гэтую тэму ёсць у габрэяў нямецкамоўныя тэксты, сфармуляваныя з алюзіяй на Стары Завпавет – “Am Anfang war das Vergessen” (“На пачатку было забыванне”).

“Мэмы” пра беларусаў тыпу Каяна Лупакі – творы людзей з халодным сэрцам, якія мала думаюць пра тое, як іх слова адгукнецца ў душы народа, на мове якога ты пішаш, які ягоны вобраз ты ствараеш.

Нашы цяперашнія маладзёны, якія па вядомых прычынах амаль не вывучаюць нашу літаратуру ў школе і абсалютна не навучаны чытаць тэксты, на ўра прынялі кліпавае таўро эсэіста Бахарэвіча: Янка Купала – Каян Лупака, усе пісьменнікі савецкага перыяду — прыслужнікі і графаманы, хваласпеўцы Сталіну … І ўсе беларусы гэткія: церпяць, не паўстаюць, мяняюць свабоду на кілбасу, іх проста няма, яны – людзі без ценю, як і дзяржава РБ …
Падобныя прысуды культуроляг Максім Жбанкоў называе “адбудовай альтэрнатыўнай літаратурнай міфалёгіі у фармаце інтэлектуальнага рэдызайну” з мэтай “пераасэнсаваньня вульгарнай культурнасьці”? Тут без паўлітра не разабрацца, хто вульгарна культурны. А вось камплімэнт Жбанкова аўтару “Шабаноў” зразумелы: “ Ён выкарыстоўвае тое, што ён дакладна ведае. Свядома сыходзіць у прасторы пабытовага жыцця мікрараёнаў.”

Пра бурапенную авангардную эстэтыку “маладых” 30- і 40-гадовых наднацыянальных і па-за-сацыяльных беларускіх творцаў ужо гаварылася нямала. Кіруючыся прынцыпамі шоў-бізнэсу (абы гаварылі, хай сабе і скандальна), яны ствараюць “літаратурныя тэксты”, не цураючыся мату, пэрвэрзій, экскрымэнтаў, інцэсту, брыдкіх алюзіяў … У свой час – яшчэ да Бахарэвіча — разьняволены прыклад эстэтычнай дэсакралізацыі нацыянальнага пантэону даў цяперашні старшыня ПЭН-ЦЭНТРУ, цяпер ужо 40-гадовы Андрэй Хадановіч, радасна гуляючы ў непрыстойныя мэтафары з алюзіямі на Янку Купалу і Кастуся Каліноўскага: “Хлопчык і копчык”, “Пляўкі”, “Лісты з-пад коўдры”

Думаецца, што наш цяперашні ПЭН-ЦЭНТР, у якім Валянцін Акудовіч мае статус недатыкальнага гуру, не найлепшым чынам прапагандуе моладзі беларускую паэзію, калі ўключае ў зборнікі, выдадзеныя на спонсарскія грошы, і шорт-лісты проста непрыстойныя творы, анансуючы іх як наватарскія, што парываюць “повязі з савецкім фальшам”…

У зборніку фіналістаў конкурса стагодзьдзя “Нашай Нівы” “In Вільня veritas” (2007) (“Пабачыць Вільню і … паржаць …) поўна разбэрсаных зьдзеклівых алюзіяў на беларускія творы, рэаліі ды асобы : “Мы вернемся сюды на танках, на коласах, купалах, цётках …”; “І зграі шэрых віленкіх катоў // Нам адчайдушна прапяюць Магутны Божа…”; Або: “…Ён (бабёр)
… узьляцеў па-над раскіданым гняздом // Што баранілі птушкі так зацята// Ў яго зубах – іржавая граната,// Марат Казей з зубамі і хвастом … ; Цень Каліноўскага блукае па Лукішках, // І сарамліва просіць закурыць …//; Паставім пляшкі шчыльнымі радамі, // Бабёр ў Вяльлі свой слуцкі пояс мые …

У конкурсным зборніку маладых літаратараў “Geniush loci (2012), прымеркаваным да стагодзьдзя Ларысы Геніюш., які ўкладаў сам старшыня ПЭН’у, — процьма непатрэбшчыны, мату, мярзотнага словаблудзьдзя побач з іменем Хрыста і сьвятых: “Калі птушкі, звяры і магі спявалі Ісусу песні, а Ён:// - хапаў сябе за ногі, ногі засоўваў у рот, // …сцаў і сраў у далоні рымскім легіянерам, // рымскія легіянеры, прасветленыя. кідалі службу …// ;

“…нібыта ў школу ідзеш з поўным жуйкі пеналам// ды й нагавіцы па самыя яйцы ў лайне// гэта не ты ўсіх учора паставіў ракам // гэта святыя маліліся за цябе …;

“машыніст спускае порткі і паказвае яму (міліцыянту) хуй. Гэта радок зь “верша” пра мэтрапалітэн, дзе “ўсе працягваюць пізьдзець па мабільных …”

У пакутніцы ж Геніюш, стагодзьдзю якой прысьвечаны зборнік, амаль у кожным чацьвертым вершы сустракаецца імя Бога. Яна верыла, што “ так, як Бог укрыжаваны, васкросьне й наша Беларусь…”

Той жа Максім Жбанкоў таксама як бы пагаджаецца з эстэтыкай “стомленых маладых”: “Мне падаецца, што зрух у накірунку бульварнага чытва — “нізкай” літаратуры —адбываецца яшчэ і з той нагоды, што нашы элітарныя стратэгіі сябе вычарпалі…”.

Думаецца, аднак, што эстэтычная стома (ці глухата?) ад гармоніі, любові, дабрыні, спагады хутчэй апаноўвае тых творцаў, якія ня слухаюць сваё сэрца і не шукаюць блізкага цяпла і людзкасьці ў тых, для каго ствараюць свае “тэксты”. Скразьнякі наднацыянальнага і па-за-сацыяльнага выдуваюць зь іх каштоўнасьці, якія мы ў дапасаваньні да этыкі мастацкай творчасьці ўмоўна называем гуманістычнымі, рамантычнымі, хрысьціянскімі, інтэлектуальнымі. Падобна, што нашы “маладыя”, 30-ці- і 40-гадовыя авангардысты, навучыўшыся сьлібізаваць па-эўрапэйску, але не прачытаўшы па-людзку напісанае сваімі папярэднікамі, што сапраўды валодалі беларускім словам, адразу трапілі ў постмадэрнісцкае разнатраўе і сьпяшаюцца разьвітацца з “той” літаратурай, — літаратурай Быкава, што не іранізваў, а дасьледаваў трагедыю беларускай партызанкі, Караткевіча, што пісаў “гістарычныя сымулякры” пра Каліноўскага, Якуба Коласа, які ад замілаваньня вясковай ідыліяй, патанаў у словах , “як воўк на стрыжні, што бездапаможна чапляецца за лёд …”

Глыбінёвая прычына такога сьветаўспрыманьня і выяўленьня – адсутнасьць фэномэна пачуцьця любові і спагады да чалавека як экзістэнцыйнага суб’екта, так і да аб’екта свайго аналізу – Радзімы малой і вялікай. Застаецца цынізм, энтрапія, геленаўскі гуманітарызм, тахелес … (Ням. “Tacheles reden” (з ідыш) (“гаварыць адкрыта”) мае пэўнае адценьне цынізму. Ужывалася як канчатковае слова пры заключэньні ня вельмі чыстага гэшэфту. ) Да гэтага, пэўна, трэба дадаць і тую агрэсіўнасьць, што вынікае з недаадукаванасці “прамежкавага чалавека”, які вельмі лёгка залічае сябе ў шэрагі інтэлектуалаў, што могуць без сумневу выносіць вердыкт на любую тэму.

Паводле Акудовіча, “актуальнаму мастацтву трэба ня столькі змагацца за сябе, за сваё месца ў Беларусі, а сканцэнтравацца на супраціве татальнай баналізацыі сьвету дзеля ратаваньня культуры як дыскурсу ўнікальных актаў тварэньня” . На жаль, гэты “дыскурс унікальных актаў тварэньня”, што супрацьпастаўляе сябе “сацыяльнай баналізацыі” ў выкананьні мала адукаваных і цынічных аўтараў часта трансфармуецца ў вельмі прымітыўныя кантэксты рынкавага мэйнстрыму.

Што ж пісалі да Акудовіча ў нямецкамоўнай прасторы пра Беларусь?

Што да мэтафараў пра невядомасьць Беларусі для нямецкага чытача, тут аўтар нямецкага пасьляслоўя сп. Поляк , безумоўна перабольшвае, абмяжоўваючыся акудовічаўскай постмадэрнісцкай спарудай, дзе Беларусь аказваецца фантомам. Як ужо адзначалася, для яго Беларусь – “ незапоўненая прастора”, “белая пляма Эўропы”, “невядомая велічыня” (матэматычны тэрмін), “ тэрыторыя Hic sunt leones” (так рымляне абазначалі на старажытных картах землі па-за межамі імпэрыі).

Ня хочыцца верыць, што для “дыплямаванага славіста і гісторыка, які спэцыялізуецца на Ўсходняй Эўропе, рэдактара часопіса Spiegel да 1998 году, , шматкроць узнагароджанага аўтара і перакладніка “за пашырэньне на Ўсход эўрапэйскай сьвядомасьці” (з выдавецкай анатацыі пра аўтара пасьляслоўя), Беларусь зьяўляецца невядомымі тэрэнамі, дзе “жывуць ільвы”. Канешне, гэтая мэтафара пэўным чынам адпавядае экзатычнаму жанру Валянціна Акудовіча, дзе даводзіцца, што нас проста няма.

Знаёмства з нямецкімі мэмуарнымі запісамі і тэкстамі, напісанымі ў жанры “штодзённай гістрыі” (Alltagsgeschichte) паказвае, што на побытавым ўзроўні ў сямейнай памяці ў немцаў захавалася нямала ўспамінаў пра “Вайсруслянд” яшчэ з часоў напалеонаўскага паходу на Усход, дзе брала ўдзел нямала “пешага і коннага народу” з розных нямецкіх зямель і дзясяткі немцаў-генэралаў . (Гл., напр., нядаўна перакладзеныя ўпершыню “Успаміны пра паход Саксонскага корпусу генэрала графа Рэйнье 1812 г.”, напісаныя генералам фон Функам . Мазыр, 2013. Выданьне і камэнтар Ул. Лякіна, пераклад А. Клімчыка)
Я ўжо не кажу пра “знаёмства” з часоў Першай і асабліва Другой Ўсясьветных войнаў. У беларускіх балотах вязьлі нямецкія саюзьнікі Напалеона, у першую вайну немцы прымянілі атрутныя газы пад Смаргонню… З апошняга пахода на Усход немцы добра помняць ня толькі лёгкі уваход без бою ў пакінуты Мінск у чэрвені 1941-га, але і “Мінскі кацёл” 1944 году.

Наш край немцы вывучалі ня толькі па вайсковых картах, але і ў межах сваіх вядомых “усходніх штудыяў”. У прафэсара Райнэра Лінднэра ў 500- старонкавым дасьледаваньні гісторыі Беларусі ёсьць цэлы разьдзел, які так і называецца – “Беларусь у нямецкамоўнай гістарыяграфіі”.(Rainer Lindner: Historiker und Herrschaft. Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weißrussland im 19. und 20. Jahrhundert. R. Oldenburg Verlag München 1999. S. 141-146. ) Не пераказваючы зьмест гэтага разьдзелу, дадам толькі тыя крыніцы на нямецкай мове пра Беларусь, пра якія праф. Лінднэр паводле жанру свайго дасьледаваньня не ўзгадвае, або якія зьявіліся пасьля выхаду манаграфіі.

За гады існаваньня Рэспублікі Беларусь самімі немцамі ўжо было напісана некалькі дзесяткаў навуковых і папулярных кніжак і грунтоўных артыкулаў пра нашу краіну.

Ужо ўзгаданы часопіс WOSTOK, пачынаючы з 1993 г.. выдаў чатыры спэцыяльныя выпускі, прысьвечаныя Беларусі. Апошні (№4, 2011) называўся: “Беларусь: сталеньне нацыі – грані гісторыі”. Аўтарамі нумара былі: Алесь Краўцэвіч, Сяргей Харэўскі. Андрэй Кіштымаў, Аляксандар Астравух, Зьміцер Санько, Пётра Садоўскі, Вольга Штокман, Пятро Васючэнка. На старонках часопіса раней зьяўляліся артыкулы Анатоля Грыцкевіча, Т. Гаранскай, В. Скалабана, Ул. Конана, інтэрвію зь беларускімі амбасадарамі ў Нямеччыне, гутарка з Аляксандрам Лукашэнкам, Уладзімерам Някляевым, Андрэем Саньнікавым.

Беларуская тэматыка не была рэдкай і на старонках часопіса OSTEUROPA. Фонды, дасьледчыя цэнтры, газэты, грамадзянскія ініцыятывы, асобныя аўтары публікавалі гістарычныя і актуальныя матэрыялы. Ужо ў 1990 годзе ў Мюнстэрскім унівэсытэце адбылася канфэрэнцыя “Беларусь і Захад” (ініцыятары прафесары Ф. Шольц і Г. Ротэ) , потым зьявіліся папулярныя кніжкі “Беларусь” (Д. Гольтбругэ), “Адкрыцьцё Беларусі” (Э. Шэр), “Ціхая рэвалюцыя чарнобыльскіх дзяцей” (Э. Шухардт у суаўтарстве з Л. Копелевым), шэраг кніг пра нямецкую акупацыю, успаміны жыхароў габрэйскіх гета і г. д. Інфармацыйны нямецка-беларускі цэнтар (Мінск-Дортмунд), амбасада ФРГ у Мінску, Гётэ-Інстытут рэгулярна давалі інфармацыю для сваіх грамадзянаў пра палітычнае, эканамічнае і культурнае жыцьцё Беларусі. У нямецкамоўнай інтэрнэт-энцыкляпэдыі зьявіўся грунтоўны артыкул пра беларускую мову (Г. Цыхун), выйшла дасьледаваньне Г.Ротэ «Каментары да «Бібліі рускай» Ф. Скарыны” (2002), фондам Фрыдрыха Эбэрта праведзена канфэрэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць». Нашым сучасным узаемадачыненьням з Расійскай Фэдэрацыяй была прысьвечана грунтоўная брашура Гайнца Тымэрмана (колішні кіраўнік Кёльнскага інстытута усходніх дасьледаваньняў) “Расія і Беларусь у эўрапэйскім кантэксьце” (2003).

Самым грунтоўным нямецкамоўным дасьледаваньнем Беларусі апошніх гадоў побач з калектыўным выданьнем “Дапаможнік па гісторыі Беларусі” (2001 г.) стала ўжо ўзгаданая манаграфія райнэра Лінднэра “Гісторыкі і ўлада. Утварэньне нацыі і палітычная гісторыя Беларусі ў 19-м і 20-м стагодзьдзях (1999 г.). У 2003 г. выйшаў беларускі пераклад гэтай манаграфіі, зроблены Лявонам Баршчэўскім. У напісаньні “Дапаможніка” бралі ўдзел вядомыя беларускія навукоўцы П. Лойка, Г. Сагановіч, З. Шыбека, А. Кіштымаў, А. Каханоўскі, І. Чыквін, М. Іваноў. Рэдактарамі і аўтарамі выданьня былі Д. Байраў і Р. Лінднэр.

Яшчэ падчас існаваньня СССР нямецкамоўная прастора пашыралася тэкстамі пра Беларусь дзякуючы дасьледаваньням аўстрыйскіх славістаў Г. Бідэра (беларускія запазычаньні зь нямецкай) і Ф. Нойрайтэра (пераклады беларускай паэзіі), М. Банькоўскай (Швайцарыя), выкладчыцкай і асьветнай дзейнасьцю немцаў К. Гутшміта (беларускі ўнівэрсытэцкі сэмінар), С. Хайль, Ё. Шлёца.

Асобнай увагі заслугоўвае абложная праца навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры АН БССР Уладзіміра Сакалоўскага, які апошнія сорак гадоў свайго жыцьця прысьвяціў дасьледаваньню нямецка-беларускіх літаратурных і навуковых ўзаемадачыненьняў. У Нямеччыне апублікаваныя ягоныя крытычныя дасьледаваньні працаў па беларусістыцы А. Брукнэра і Р. Абіхта, напісана шмат грунтоўных рэцэнзіяў на нямецкія тэксты па гісторыі Беларусі. Рудольфу Абіхту. аднаму зь першых дасьледчыкаў беларускай культуры ў Нямеччыне Ул. Сакалоўскі прысьвяціў асобную манаграфію “Рудольф Абіхт. Жыццё і дзейнасць”. З архіва Ул. Сакалоўскага можна даведацца, што гэты нямецкі славіст, тэоляг і гісторык супрацоўнічаў з прадстаў¬нікамі бела¬рускай культуры I. і А. Луцкевічамі, В. Лас¬тоўскім, Я. Станкевічам. У бе¬ла-рускай газэце «Гоман» 10 кра¬савіка 1917 г. ён зьмясціў артыкул «Калі пісан «Тарас на Пар¬насе». Беларускія матэрыялы і пераклады друкаваў у газе¬тах Deutschland, Wilnaer Zei¬tung, Zeitung der 10. Armee і яе дадатку Beobachter, дзе зьмясціў вялікі нарыс «Са старажыт¬най і новай гісторыі беларусаў», 5–29 верасня 1918 (Aus der alten und neuen Geschichte der Weißruthenen). Пры яго актыўнай падтрымцы выдадзена кніга «Беларусь». Берлін, 1919 (Weißruthenien) з раз¬дзеламі па гіс¬торыі і культуры нашага краю, у якой падры¬х¬таваны разьдзелы «Зь беларускай літаратуры», «Зь беларускай вуснай народнай творчасьці» у перакладах на нямецкую мову. Аўтарамі кнігі былі Вальтэр Егер і Антон Луцкевіч пры дапамозе Юльяны Мэнке як перакладчыцы (Гэта ўдакладненьне ад Анатоля Сідарэвіча). Ён спрычыніўся таксама да напісання разьдзела для гэтай кнігі «Духоўная культура» (Die geistige Kultur), прымаў удзел у складаньні сямімоўнага нямецка-беларуска-польска-руска-літоўска-латыска-ідыш слоўніка (1918).

У нямецкай літаратурнай і гістарычнай бібліяграфіі пра ВКЛ можна знайсьці нават пераклад з ангельскай (зусім сучаснага паводле актуальнасьці!) артыкула Ф. Энгельса з газэты “Тайм” 1890 г. “Foreign Policy of Russian Tsardom (Зьнешняя палітыка Расейскага Царства), дзе ён, пішучы пра “Рэспубліку Двух Народаў” і ВКЛ, разглядае іх як вынік польска-беларуска-украінскага хаўрусаваньня перад небясьпекай расейска-азіяцкай экспансіі, называе ВКЛ “так званым Вялікім Княствам Літоўскім” (so-called ), бо ў ім дамінаваў славянскі этнас і культура. Энгельс праўдападобна не займаўся праблемай ужываньня размоўнай формаы палітоніма “Літва”, якім карысталіся палякі і расейцы. Ён піша: White Russia, and Little Russia found protection against the Asiatic invasion, by uniting themselves into the so-called Lithuanian Principality (Белая Русь і Малая Русь знайшлі сваю абарону праз аб’яднаньне супраць азіяцкага нашэсьця, аб’яднаўшыся ў так званае Вялікае Княства Літоўскае).

Як ужо адзначаў аўтар нямецкага пасьляслоўя, да Акудовіча ў нямецкамоўнай прасторы пра беларусь такога яшчэ ніхто не напісаў. Усе папярэднія нямецкія публікацыі пра Беларусь – па-нямецку грунтоўныя і паліткарэктныя (для свайго часу), не пазбаўленыя месцамі уплываў расейскіх, польскіх ды літоўскіх гісторыкаў, з блытанінай пры ўжываньні скарочанага палітоніма Літва з абрэвіятуры ВКЛ. (Былі і кур’ёзы. Першыя сучасныя аўтары прозьвішча Шушкевіч часта пісалі ў форме “Шушкебіч”, а “пушча” ў спалучэньні “Белавеская пушча” перакладалі словам “Heide”, якое па-нямецку значыць “роўная пясчаная бязьлесая раўніна, парослая нізкарослым хмызьняком”.)

Як “пазітывісцкія назіральнікі”, апісваючы гістрыю ВКЛ, нямецкія гісторыкі, добра знаёмыя з расейскімі й польскімі тэкстамі, ў значнай ступені пішуць гісторыю “тэрыторыі”, а не этнасаў і нацый. Пры такім падыходзе зусім натуральнымі зьяўляюцца крытычныя закіды беларускім, літоўскім ды ўкраінскім гісторыкам канца 20-га стагодзьдзя ў новай рамантычнай міталягізацыі, незбалянсаванасьці паміж публіцыстычнымі рэфлексыямі і крыніцазнаўствам, перабольшваньнем ролі нацыянальна арыентаваных “дыскурсных групаў”, стварэньнем новых мітаў геройства і пакутаў.

Тут увогуле ўсё больш-менш ясна. З боку заходнееўрапейцаў, якія гістарычна «свое-часова» прайшлі шлях ад этнасу да нацыі і дзяржаўнасці (nation=state) і ўжо паспелі забыцца на свой «своечасовы» рамантычны нацыяналізм XIX стагодзьдзя, такая крытыка зразумелая. Аднак, ні ў якім тэксьце нямецкіх аўтараў зусім паводле клясычнай дыяхранічнай традыцыі адлік пачатку гісторыі Беларусі і беларускай нацыі не пачынаецца з трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, а на некалькі стагодзьдзяў раней. Ва ўсякім разе Полацкае княства і ВКЛ – абавязковы складнік разгляду пачаткаў беларускай гісторыі.

Падобна, што Валянцін Акудовіч перастараўся ў патасе свайго “постнацыянальнага самадмаўленьня”. Для нямецкіх “більдунгбюргераў”, не гаворачы ўжо пра гісторыкаў, такое чытво будзе трохі нечаканым, бо яны ўсё ж успрымаюць сёньня Беларусь як дзяржаву з сваёй, хай сабе і спэцыфічнай самаідэнтыфікацыяй, а ня толькі нацыю-сымулякр, якая існуе як гістарычны прывід, прывязаны да пэўнай тэрыторыі і часу. Ужо ўзгаданы на пачатку берлінскі часопіс WOSTOK у летнім нумары (№2-2013) ў разьдзеле “Літаратурныя навіны” з пэўнай доляй іроніі анансуе кнігу беларускага аўтара: “Таму, хто хоча пачытаць пра адсутнасьць Беларусі ўва ўсясьветнай гісторыі, раім пачытаць “Код адсутнасьці” В. Акудовіча…” .

Швейцарская пісьменьніца, перакладчыца і літаратурны крытык Ільма Ракуза (дарэчы, перакладчыца вершаў Алеся Разанава), прэзэнтуючы чытачам нямецкі пераклад “Коду адсутнасьці” у “Нойе Цюрыхер Цайтунг” (3.08.2013) у артыкуле з назвай “Краіна, якой амаль няма” (Das Land, das es kaum gibt) напісала: “Большай часткай нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, да якой належыць нямала дэмакратычных апазыцыянэраў, тэза Акудовіча ўспрымаецца як правакатыўная і непрыймальная. Аднак філёзаф мае падтрымку і станоўчыя водгукі з боку знакамітых асобаў. Напрыклад, пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ня можа друкавацца ў лукашэнкаўскай дзяржаве, або мэнэджаркі культурніцкіх праектаў Ірыны Герасімовіч”.

Натуральна, кожны чалавек, які ўмее гаварыць, чытаць і пісаць літары, мае права выказваць свае думкі пісьмова і вусна адносна свайго ўспрыманьня пэўных падзей, прачытаных кніжак, навуковых канцэпцый і г. д. Выказваньні могуць мець форму навуковых трактатаў, пародый, філіпік, хваласпеваў і г. д. Аднак кожны раз чалавек з здаровым розумам не павінен выходзіць за межы выбранай парадыгмы і не блытаць, як у нашым выпадку, сацыяльна-палітычную публіцыстыку з жанрам постмадэрнісцкіх “паэтычных” дыскурсаў з сферы рэлігіі, культурнай антрапалогіі, гісторыі і г. д. , пабудаваных на мэтафарах, аксюмаронах ды іншых рытарычных фігурах. Тады і атрымліваецца, як кажуць: адзін разумны напісаў, а другі, яшчэ разумнейшы, прачытаў. Вось Акудовіч праз дасьціпную навукападобную філасофскую паэтычную фантазію давёў, што Беларусь, яе гісторыя, грамадзянскія рухі – прыдумка, нішто. Тут жа энэргічны папулярызатар гісторыі, рэтранслятар чужых думак, Анатоль Тарас салідарна падхапіў канцэпцыю “грамадзянскай” Беларусі, — Беларусі без мовы, без гісторыі, без памяці. І назваў кнігу — “Беларусь превыше всего”. Ці не абсурд?

Вось ужо ці не з дзясятак гадоў “адраджэнец” Акудовіч даводзіць слухачам Беларускага калегіюму, што ні яго (“Мяне тут няма”), ні Беларусі вакол яго (“Код адсутнасьці”) няма. Прыходзяць выпускнікі калегіюму на гістфак БДУ, ва Універсітэт культуры, іншыя дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы РБ, а там, дзякуй Богу, большасьць выкладчыкаў без асаблівага нацыянальнага патрыятызму, але ж расказваюць дэмаралізаваным выхаванцам Калегіяму на лекцыях па гісторыі Беларусі, што было такое ВКЛ, што была газета “Наша Ніва”, што друкаваліся ў ёй добрыя. светлыя паэты, — Багдановіч, Купала, Колас, самахвярна закладалі падваліны нацыянальнай самасьвядомасьці… Ці не абсурд?

Пачытайце сайты нашых беларускіх амбасадаў, якія мы часам крытыкуем за іх абыякавасць да нацыянальнага. У кароткіх гістарычных даведках пра Беларусь, якія яны прэзэнтуюць замежнікам, яны больш патрыятычныя, чым “нацыяналіст” Акудовіч. Ці не абсурд?

Нашы гісторыкі, культуролагі, грамадскія актывісты, выязджаючы за мяжу на навуковыя канферэнцыі, стараюцца выкладаць сваім калегам нацыянальнае бачаньне нашай гісторыі, ачышчанае ад напластаваньняў мінулага часу. (Пра неабходнасьць выпрацоўкі нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі ў кантактах з замежжам нядаўна гаварыў Алесь Краўцэвіч у інтэрв’ю для Belarusian Review). А вось “апазіцыйны пачынальнік Адраджэння” сп. Акудовіч, прасоўвае сваім “Кодам адсутнасці” ў дабрачынных гуманітарных праектах у мадэрнай упакоўцы ўсё той жа заходнерусізм. Абсурд.

Добра, што звычайныя грамадзяне Беларусі, хоць і ня так шмат, як хацелася б, але ж чуюць і чытаюць Караткевіча, Багдановіча, Купалу, Коласа, а не аўтара “Коду адсутнасьці”.

Пасьляслоўе

Уступіўшы ў свой восьмы дзясятак жыцьця, я ведаю, што пражыў невераемна шмат шчасьлівых дзён. Найвышэйшым было гістарычнае шчасьце – Дзень наданьня Дэклярацыі аб незалежнасьці Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнага статусу. Было гэта 25-га жніўня 1991 году. Тады я стаяў на грузавіку на Плошчы Незалежнасьці перад Домам Урада і сьпяваў Купалавы “Тры дарожанькі” разам з усёй плошчай: “Выбіраў жаўнер трэцьцю сьцежачку, бо вяла яна ў родну межачку …”

Пачыналася гэта шчасьце гадоў 70 таму на малой радзіме ў Буцькаўшчыне, што на Полаччыне… Пра гэта я паспрабаваў напісаць некалькі гадоў таму ў кнізе ўспамінаў “Мой Шыбалет”. Вялікая Радзіма Беларусь уваходзіла ў сэрца праз малую радзіму: краявіды, мову, песьні, сямейныя паданьні, сьпевы птушак, галасы навакольля …

“ … Вось сядзім мы з маці пад калгасным сьвірнам. Мама – старажыха. Праўда, толькі ноччу. Удзень яна разносіць пошту і пасе гусей. Дакладней, гусей пасем мы, дзеці. Нас усяго чацьвёра. Бацька загінуў, калі яму было сорак два… Прыцюцькаешся да маткі, прылабунішся і слухаеш, як жыве ноч. Шаў-шаў-шаў – з падстрэшша ў глухое вакно паплыла лятучая мыш, кажан. Скрэм-скрэм-скрэм! – точыць мышка свае зубы ў засеку. Патачыла і змоўкла. Зноў ціха. Толькі цвыркуны шашчаць сваёй пясочнай мелёдыяй. Але вось дзесьці за аборай чуецца мернае талых-талых-талых. Гэта воз зь нечым цяжкім куляецца па ральлі. Так і ёсьць. Гэта наш сусед Барманскі вязе камень на жорны. А вось і ягоны сабака. Хамыль-хамыль! – і ён ужо тут, вялізны нямецкі аўчар. Нюх-нік, нік-нюх – абшныпарыў усё заўгольле, абнюхаў нас, віль-віль сваім куртатым хвастом і пабег на другі бок сьвірну. Пашча ў сабакі як мае быць, але завуць яго Крываляпы, як колішняга сапраўднага гаспадара – нямецкага “фітфебеля”. У яго быў рот набок – крывая ляпа. “Ляпа” – таму што ён заўсёды на ўсіх роў і моцна лаяўся: “Сакра фікс нох мальс!”. Цяпер вось фельдфебеля няма, а сабака ёсьць… А вось і сам Барманскі. Так, гэта ён: таргік-таргік – узьбіраецца ён на пагорак, падцягваючы параненую правую нагу. І боты яго: шлок-шлок, лох-лох! – б’юць шырокія халявы па лытках. “Здароў, начнік! – вітаецца маці першая . — Усё жаронцы майстрэчыш?”. – “А майстрэчу, хай йіх халера, нада ж. Усё ж капейка йікая будзіць”… Раптам Крываляпы забрахаў. Ціхуці! Хто гэта там? Я трошкі падбягаю наперад, прысядаю, бачу постаць супраць неба, прыслухоўваюся. Штых-штых-штых, сыпле нехта ціхім драбняком з-пад фермы. Відаць, баба. Кавыль-кавыль, - і яна ўжо заварочвае за пуню. Ды гэта ж Мікіціха, што з-за рэчкі: крадзе калгасную леташнюю асянчыну і карове патроху на подсьціл носіць. Хай сабе носіць… Я ў маткі за падстарожку. Усё чую і бачу. Нашто нам сабака. Ён болей за мяне зьесьць… Квяк-квяк! – пераступіла Мікіціха праз гразкую канаву, вароты — шчалык!, і яна прапала… А Барманскі раскурвае ўжо цыгарку – па-па! і нешта дудукае з маткай. Мне шкада каня. Ён час ад часу трасе галавой і працяжна адсопваецца: п-п-ф-ф-рр-р! Прытаміўся і галодны. Я нават чую, як у яго юрчыць у жываце. У каня, як і чалавека, калі ён выхартаецца, юрчыць у жываце… Але вось Барманскі ўжо дакурыў, гіп! – хуценька ўстаў, пагладзіў пяшчотна свой камень, праверыў падпругу і – валюх! – закінуў сябе адным махам у калёсы. Склыг-вых! — застагнаў даўно мазаны перадок. Конь, не чакаючы голаса вазьніцы, рушыў насустрач дому і доўгачаканаму начлегу…

PS. Гэтыя нататкі былі завершаныя акурат перад 19-м днём кастрычніка , 25-й гадавінай утварэньня Аргкамітэту БНФ. Тады ў 1988 годзе ў касьцёле Сымона і Алены Васіль Быкаў, адпрэчыўшы ад мікрафона прадстаўніка намэнклятуры, разам зь Зянонам Пазьняком абвесьцілі беларусам гэтую навіну. Моладзевая дружына, якую узначальваў Алесь Бяляцкі, акуратненька адвяла ад мікрафона партыйнага таварыша ў залу. Вось такі быў “ненацыяналіст” Васіль Быкаў. Вось такі быў “кансэрватыўны нацыяналіст”, кіраўнік “Тутэйшых”, Алесь Бяляцкі. Зараз палітвязень.

З нагоды 19-га кастрычніка шмат хто выказаўся пра БНФ. Чаму не перамог? Юрась Беленькі, узгадваючы вечар 25 жніўня, калі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце быў нададзены канстытуцыйны статус, знайшоў такія словы: “На плошчы перад Домам урада – мора людзей … радасныя твары, прамоўцы выступаюць з грузавіка, адчуваецца подых гісторыі … А па прасьпеце побач са сьвістам праносяцца легкавікі. Людзі, гэта ж усё для вас і дзеля вас! Прыпыніцеся!”.

Чарговы вызвольны рух беларусаў захлынуўся пад сяброўскімі хмарамі “пасіянарнага” усходняга суседа. Фронт не перамог, не прыйшоў да ўлады. Ня мог тады перамагчы, як па сутнасьці антырасейскі “гістарычны праект” краіны, перашнураванай эканамічна на той момант з Расеяй абсалютна. Але Фронт перамог, удыхнуўшы ў прыспаныя душы нашу ідэнтычнасьць, якая, безумоўна, адродзіцца ў нашых дзецях і ўнуках, каб быць сабой у Эўропе Айчынаў, а не “пределамі” суседа.

Пётра Садоўскі

27/12/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2013
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь