Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Вайна

Зянон Пазьняк
Ёсьць некалькі прычынаў вайны Амэрыкі на Блізкім Усходзе. Першая — гэта стварэньне дзяржавы Ізраіль і Палестына-Ізраільскі канфлікт (шырэй — араба-ізраільскі канфлікт). Другая — нафта. Трэцяя — галоўная, якая вынікае з першых двух, — гэта непасрэдная пагроза Злучаным Штатам, разьвязваньне радыкальнымі групамі мусульманскага сьвету міжнароднай партызанска-тэрарыстычнай вайны супраць Амэрыкі.

Пасьля 11 верасьня 2001 года (нападу тэрарыстаў-сьмертнікаў на Вашынгтонт і Нью-Ёрк і разбурэньне Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру) стала зразумела, што вайна Амэрыкі на Блізкім Усходзе, практычна, непазьбежная, дзеля прадухіленьня эскалацыі тэрарыстычнай вайны. Амэрыка зразумела, што толькі сродкамі аховы, стрымліваньня і абароны яна ня зможа доўга і пасьпяхова супрацьстаяць партызанскаму тэрарызму радакальных ісламістаў. Яна можа пацярпець у гэтай вайне, як толькі нябачны праціўнік атрымае ў свае рукі зброю масавага зьнішчэньня. Стала зразумела, што калі не прыняць хутка рашучых мераў, то нябачныя ворагі Амэрыкі завалодаюць гэтай зброяй.

Зьнішчэньне партызанскага тэрарызму радыкальных ісламістаў Усходу і ліквідацыя пагрозы амэрыканскай дзяржаве ёсьць жыцьцёвай неабходнасьцю Амэрыкі. Ня кажам ужо пра тое, што пастаянныя абарончыя меры каштуюць дорага і не гарантуюць ад ахвяраў.

Першым чынам трэба было ліквідаваць асяродкі тэрарызму і рэжымы, якія маглі стаць базай для тэрарызму, і крыніцай атрыманьня зброі масавага зьнішчэньня.

Гэтак адбылася вайна з талібамі ў Аўганістане і разбурэньне гэтай краіны. Гэтак пачалася і небясьпечная вайна ў Іраку (фармальна — як працяг нафтавай кувэйцкай кампаніі, якую праводзіў старэйшы Буш).

Трэба ўлічыць, што Ірак ня ёсьць тэакратычная ісламісцкая дзяржава. Гэта у цэлым — сьвецкая краіна з даволі разьвітай навукай і з самымі перадавымі ўнівэрсітэтамі на Блізкім Усходзе (Багдад). Ірак мае інтэлектуальныя магчымасьці стварыць зброю масавага зьнішчэньня. Тым часам дыктатура Садама Хусэйна — адна з самых жорсткіх у сьвеце. Усёпаглынаючы страх — такая ёсьць пануючая атмасфэра ў ірацкім грамадзтве.

Усе гэтыя чыньнікі плюс антыамэрыканізм Хусэйна і стан фактычнай вайны з Амэрыкай рабілі збройную інвазію ЗША ў Ірак, практычна, неўнікнёнай. (Няма таксама гарантыяў несупрацоўніцтва Аль-Каіды з Хусэйнам.) Амэрыка па-амэрыканску рэагавала на рэальную пагрозу сваёй бясьпецы.

Такая сутнасьць справы. І менавіта таму прэзыдэнт ЗША адзначыў, што для ваенных дзеяньняў супраць рэжыму Садама Хусэйна ЗША ня мае патрэбы ў згодзе Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў і Савета Бясьпекі ААН.

Пазыцыя Заходняй Эўропы ў гэтай вайне — тыповая для эўрапейскага палітычнага філісьцерства. (Успомнім пазыцыю Чэмбэрлена ў дачыненьнях з Гітлерам, здачу Чэхаславаччыны, Аўстрыі, Польшчы і г.д.) Гэта паводзіны здраднікаў і нікчэмных палітыкаў, схаваныя за нібыта ”гуманнай” пацыфісцкай дэмагогіяй і подлай інфармацыйнай прапагандай.

Менавіта гэтая, прымітыўна-праўдападобная прапаганда Францыі і Нямеччыны (перш за ўсё) выклікала на вуліцы антываенныя шматтысячныя натоўпы абывацеляў, якім раптам стала шкода мірных іракцаў. Пры гэтым, калі адбываўся генацыд у Чачэніі і рускае тэрарыстычнае войска вынішчала мірнае чачэнскае насельніцтва, тады нешта не відаць было гэтых “міралюбівых” натоўпаў, ня гледзячы, што і чачэнцы, і ўсе сумленныя людзі пастаянна даводзілі інфармацыю пра генацыд у Чачэніі да сусьветнай грамадзкасьці, а ўрады ЗША і Заходняй Эўропы проста кінулі, прадалі чачэнцаў, дзеля прагматычных інтарэсаў з Расеяй. Цяпер гэтыя эгалітарныя ахвяры масавай прапаганды пад лямант з Парыжу і Бэрліну масава выяўляюць сваю нянавісьць да Амэрыкі (якой, дарэчы, абавязаны і сваім эўрапейскім мірам, і сваім мяшчанскім дабрабытам. Я маю на ўвазе канец Другой Сусьветнай вайны, плян Маршала, НАТО, перамогу ў Халоднай вайне і г.д.). Нават расейскі прэзыдэнт Пуцін — спраўца масавых забойстваў чачэнцаў (і няверны прыяцель Амэрыкі) — выступіў у абарону Садама Хусэйна, праліваючы кракадзілавыя сьлёзы па ахвярах вайны. (Ужо хто б што казаў пра ахвяры і “права сілы” — толькі ня Пуцін.)

І немцы, і французы, і расейцы шмат уклалі сродкаў у ірацкую нафту і эканоміку. (Якія там “ідэі”, “гуманізм”, “дэмакратыя”! Кожны ратуе свае грошы.) Ініцыятыва амэрыканцаў падважыла б валюту “эўра” і саму ідэю пабудовы новай супэр-імпэрыі ў Эўропе (так званы Эўразьвяз). І раптам гэтак усё агалілася, фактычна, раскалолася НАТО, а Францыя, Нямеччына, Бэльгія, Люксэмбург зьбіраюцца арганізаваць свой ваенны блёк, сваю “абарону Эўропы”. Тут жа стварылася вось Парыж-Бэрлін-Масква, якія амаль не хаваючыся пачалі дамаўляцца пра новы перадзел Эўропы на “сфэры ўплыву” (справа йдзе, перш за ўсё пра Беларусь, Украіну і Польшчу, краіны Балтыі, былую Ўсходнюю Прусію — цяперашнюю Калінінградзкую вобласьць).

Як бачым, усё у каторы раз у гісторыі — паўтараецца. Як толькі аб’ядноўваюцца Парыж-Бэрлін з Масквой — акупацыя, анэксія, аншлюс, вайна не за гарамі. Усё гэта ў Эўропе ўжо праходзілі. Выступленьне ж супраць Амэрыкі — гэта самае горшае, да чаго маглі дадумацца цяперашнія ўрады Эўропы.

Характар цяперашняй амэрыканскай вайны на Блізкім Усходзе — зусім іншы, чым папярэдні. Дзеяньне разгортваецца паволі, на выбраных тэрыторыях, авія-налёты ня носяць масавага характару, усё накіравана на як найменшыя страты цывільнага насельніцтва. Тым часам (на першы погляд, парадокс) прыхільнікі Хусэйна, на баку якіх быццам бы маральнае права абароны радзімы, самы страляюць у сваіх мірных уцекачоў і правакуюць ахвяры насельніцтва, каб паказаць па тэлебачаньні і выставіць у дрэнным выглядзе амэрыканцаў, ды выклікаць да сябе спачуваньне ў сьвеце. Вайна — ня толькі крывавая, але і брудная справа.

Як мы, беларусы, павінны адносіцца да гэтай вайны?

Ва ўсіх войнах церпяць нявінныя мірныя людзі. Гэта ёсьць найгоршы бок вайны. Таму за вайной павінен быць міжнародны кантроль, дапамога пацярпелым і мірнаму насельніцтву. Мы не павінны заставацца ўбаку ад агульналюдзкай салідарнасьці і дапамогі людзям.

Што датычыць самога канфлікту. Мы ня мусім у ім удзельнічаць ні ў якой форме. Але мы павінны ведаць, што ў нашых беларускіх інтарэсах, каб Амэрыка як найхутчэй пераможна закончыла вайну. У гэтым сэнсе нам трэба прызнаць рацыю амэрыканскага боку, зразумець амэрыканскае бачаньне будучыні ў інтарэсах ня толькі Амэрыкі, але і ўсяго цывілізаванага сьвету. У тым ліку — і незалежнага Іраку.

Пазыцыя немцаў і расейцаў — галоўных ворагаў нашай беларускай незалежнасьці — тут вядомая. Але зьвернем увагу на выказваньні цяперашніх расейскіх думальнікаў і палітыкаў. Яны кажуць, што ў іхных расейскіх інтарэсах — паражэньне і кампрамэтацыя Амэрыкі. І тлумачаць, што параза ў вайне, аслабленьне і зьніжэньне ўплыву Амэрыкі павялічыла б сусьветную цану на нафту (якая ўжо некалькі гадоў і так высокая). Гэта дало б Расеі (якая прадае нафту і газ) велізарныя барышы, якія можна было б часткова накіраваць на дадушэньне Чачэніі і захоп Беларусі, ды прыціснуць Украіну, і ўплываць на палітычныя стасункі ў Эўропе, закончыць яе перадзел на сфэры ўплыву і паставіць нагу на Блізкім Усходзе. Такую выснову можна зрабіць з выказваньняў некаторых рускіх аналітыкаў.

Пры ўсіх недахопах, “русацяпстве” і супярэчнасьцях амэрыканскай палітыкі, не забывайма, што Амэрыка ёсьць, практычна, адзіным гарантам (бо куды Амэрыка — туды й Вялікабрытанія) нашай беларускай незалежнасьці, яна схільная рэальна дапамагчы беларусам, была б толькі на гэта беларуская воля і беларуская сіла.

Мяркую, кожны разумее, што калі скончыцца агрэсіўная дыктатура Хусэйна і амэрыканцы прыстойна перамогуць, то рэжым прамаскоўскай сатрапіі на Беларусі адчуе сябе няўтульна, а расейскія шавіністы ў Маскве паўстрымаюць свой агрэсіўны імпэт. Гэта дасьць шансы беларусам хутчэй скончыць з сатрапіяй, абараніць незалежнасьць і па-людзку загаспадараваць сваю Бацькаўшчыну, спрыяльна для ўсіх людзей.

* * *

Тут мушу яшчэ парушыць вельмі істотны для нас, беларусаў, сьветапоглядны і псіхалягічны аспэкт, паколькі нашае цяперашняе грамадзтва сілком спынілі ў паняцьцях савецкай сістэмы. Савецкая ідэалёгія ўлады трымалася на вайне. У 1920-1930-х гадах — на псіхозе “дзейнасьці” зьнешніх і ўнутраных “ворагаў” і варожых падкопаў буржуазных імпэрыялістаў, гатовых шкодзіць і напасьці на СССР. Пасьля вайны гэтая палітыка будавалася на гіпертрафіраванай, аднабокай і перакручанай памяці пра жахі вайны, якія ўзводзіліся ў паралізуючы пачварны культ сістэмнай ідэалёгіі страху перад вайной.

Амаль 50 гадоў савецкая сістэма выкарыстоўвала цярпеньні і пакуты людзей за часы Другой Сусьветнай вайны дзеля апраўданьня ўсіх сваіх недахопаў, рэпрэсіяў, эксплуатацыі і паразітызму, уціску і няўдачаў. Ідэалёгія канцэнтравалася ў формуле: “галоўнае, каб не было вайны”. Альтэрнатывай каляніяльнаму саветызму і сацыялізму выстаўлялася вайна. Таму трэба было цярпець, і з усёй мярзотай пагаджацца, “абы вайны не было”.

На гэтым ідэёва-псіхалягічным збачэнстве і страху запалоханых людзей 46 гадоў трымаўся Савецкі саюз, і гэтая прапаганда, гэты бяздумны жах перад вайной увайшлі у жылы і кроў савецкага чалавека.

Але элемэнтарны здаровы сэнс падказвае, што трэба баяцца не вайны, а рабства; што ёсьць каштоўнасьці і зьявы, даражэйшыя за жыцьцё. І гэта даказваецца ўсёй духоўнай і экзыстэнцыяльнай гісторыяй чалавецтва.

Войны бываюць розныя. Мала хто здолеў дасягнуць незалежнасьці і свабоды без пакутаў, ахвяраў, барацьбы і вайны (хоць кожны хацеў бы мірнага самавызначэньня). І нікому не ўдалося засьцерагчыся ад агрэсіі, не супраціўляючыся.

Пагроза нашай незалежнасьці — гэта палітычная рэчаіснасьць цяперашняга часу. І як бы ні разьвіваўся маскоўскі акупацыйны сцэнар на Беларусі, рашаючае слова застанецца за беларусамі. Як, якім чынам яно будзе сказана, ці па сістэме “абы вайны не было”, ці на ўзроўні — “акупанты, прэч!”, ці ў перакананьні: “Бацькаўшчына — альбо сьмерць!” — ад гэтага ў канцовым выпадку будзе залежыць і наша будучыня.

Зянон ПАЗЬНЯК, Варшава

29/3/2003 › Аналітыка


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2003
П А С Ч П С Н
« Люты   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024