Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Віталь Портнікаў: Галоўныя падзеі яшчэ наперадзе

Зараз лёгка пісаць, што праз гады, азіраючыся на 2014-ты, мы будзем пісаць, што пражылі 365 гістарычных дзён. І на самой справе, калі толькі нагадаць самае-самае галоўнае – Майдан, гібель Нябеснай сотні, уцёкі Януковіча, анэксію Крыма, вайну ў Данбасе, прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары, крызіс у Расеі – то атрымаецца, што мы пражылі незабыўны год, пра які будуць пісаць раманы і здымаць фільмы.

Але мы так думаем таму, што яшчэ ня ведаем, якім будзе 2015-ты. І гэта не канстатацыя відавочнага – што пасьля 2014-га года абавязкава настае 2015-ты, я не сумняваюся, што чытачу і безь мяне ўсё гэта вядома. Гэта прапанова зразумець, што асноўныя выклікі 2014-га года ня толькі не пераадолены, а наадварот – становяцца галоўным зьместам нашага жыцьця і жыцьця сьвету вакол нас.

Майдан запусьціў гістарычны мэханізм – менавіта таму ў 2014-м годзе падзеі разгортваліся з такой галавакружнай хуткасьцю, што многім з нас можа падасца, што сам Майдан завяршыўся не ў лютым адыходзячага года, а быў некалькі гадоў таму. Менавіта таму шмат з таго, што адбываецца зараз, здаецца, разьвіваецца ў нібыта “спыненым”, запаволеным часе – хаця на самой справе падзеі працягваюць адбывацца імкліва, проста мы ўжо самы прызвычаяліся да іншага рытму і ня хочам ад яго адмаўляцца. Менавіта таму вырашальным можа аказацца 2015-ты год, а зусім не 2014-ты — і менавіта пра гэты час будуць пісаць раманы і распавядаць дзецям. А 2014-ты акажацца толькі ашаламляльнай прылюдыяй да сапраўдных пераменаў.

І пры гэтым не абавязкава перамены адбудуцца ў 2015 годзе. Зусім відавочна, што наша краіна стала гэнэратарам цыклу імпэрскай мадэрнізацыі, які ўжо перажывала Расейская імпэрыя стагоддзе таму. Проста прыгадайце, што першым відавочным штуршком да пераменаў у Расеі тады была рэвалюцыя 1905 года, удзельнікі якой патрабавалі дэмакратызацыі краіны – і якая таксама чэрпала энэргію на ўскраінах, а зусім не ў расейскай глыбінцы. Менавіта такім штуршком да мадэрнізацыі стала аранжавая рэвалюцыя – пры ўсёй абмежаванасьці сваіх задач і вынікаў яна рабром паставіла пытаньне аб чэсных выбарах, які потым “зрыкашэціў” і ў самой Расейскай Фэдэрацыі, на маскоўскай Балотнай, прывёўшы да большай жорсткасьці рэжыму – ну зусім як у Расейскай імпэрыі пасьля здушэньня Рэвалюцыі 1905 года. Большая жорсткасьць рэжыму ў абодвух выпадках прывяла да ўзмацненьня неадэкватнасьці першай асобы, штучнай сэлекцыі ідыётаў і шалёных ва ўладзе і поўнага неразуменьня імі заканамернасьцяў разьвіцьця эканамічных і палітычных працэсаў у сучасным сьвеце. І ў гэтым сэнсе Майдан – і асабліва гібель Нябеснай сотні – цалкам можна параўнасьць з стрэламі ў Сараеве ў 1914 годзе. Мы, зразумела, сёньня ня можам сьцьвярджаць дакладна, што людзей на Майдане расстрэльвалі з расейскай вінтоўкі – дакладна як мы ня можам сьцьвярджаць дакладна, што расейская рука вяла на забойства Гаўрылу Прынцыпа. Але падозры такога кшталту захоўваліся і пасьля забойства спадчыньніка стальца Аўстра-Вугоршчыны, захоўваюцца яны і ў нас пасьля Майдану. Перш за ўсё таму, што Расея і сто гадоў таму, і цяпер зацікаўлена ў такой хадзе падзей, мяркуючы, што яна разьвязвае ёй рукі – з ідэалагічнага пункту гледжаньня, зразумела. Але расейскае кіраўніцтва і да 1914-га года, і да 2014-га ўжо было ўкамплектавана вар’ятамі.

Натуральны шанец для захаваньня расейскага рэжыму ў 1914 годзе, асабліва, улічваючы рэвалюцыю 1905 года – паступовае эвалюцыйнае разьвіцьцё з эканамічнымі рэформамі і асьцярожнай дэмакратызацыяй. Але Пецярбургу хацелася ўдзельнічаць у вайне за перадзел сьвету, расейская ўлада была пакрыўджана недаацэнкай сваёй глабальнай вагі, меркавала, што Сэрбія – натуральная частка ейнай сфэры ўплыву, “вялікая Цэнтральная Эўропа” – то бок Аўстра-Вугоршчына – слабая і ня здолее аказаць сур’ёзнага супраціву, зь Нямеччынай удасца дамовіцца, а з Францыяй – уступіць у хаўрус. У выніку расейская ўлада нават калі і не падрыхтавала авантуру ў Сараеве, то з задавальненьнем уцягнулася ў яе наступствы – і загінула. Пры гэтым трэба прызнаць, што многія разьлікі аказаліся слушныя: Аўстра-Вугоршчына сапраўды была рыхлай, Францыя сталася хаўрусьніцай Расеі, зь Нямеччынай сапраўды ўдалося ўрэшце рэшт дамовіцца ў Берасьці. Толькі вось становішча самой Расеі гэтыя разьлікі не ўлічылі.

На прыканцы 1914-га года патрыятызм і энтузіязм у Расейскай імпэрыі былі ў самым разгары, год здаваўся пераломным, а надыходзячы год – пераможным і шчасьлівым. У 2014-м годзе падзеі разгарнуліся крыху раней – таму што раней прагучалі “стрэлы ў Сараеве”. Да канца 2014-га года расейскае грамадзтва прыходзіць дэмаралізаваным і разгубленым, але галоўныя расчараваньні – кашмар 1915-1916 гадоў у расейцаў яшчэ наперадзе. І толькі будучыня здолее даць адказ, ці завершыцца гэты кашмар дэмакратычным Лютым 1917-га года альбо Люты, як гэта ўжо здарылася ў расейскай гісторыі, перарасьце ў Кастрычнік, распад Расеі і грамадзянскую вайну. І трэба памятаць, што ў наш час тое, што раней адбывалася за некалькі гадоў, цяпер укладаецца ў год або месяцы – так што галоўным пераломным годам можа стацца і 2015-ты, і 2016-ты.

Што гэта азначае для Украіны? Калі мы зразумеем, што да расстрэлу Нябеснай сотні і ўцёкаў Януковіча мы заставаліся часткай імпэрыі – у выглядзе эканамічнага пратэктарату зь імітацыяй самастойнай дзяржавы – то ўбачым, што нас чакае лёс “Царства Польскага” ці “Вялікага Княства Фінляндзкага”, якія здолелі пакарыстацца крахам мэтраполіі і назаўсёды стацца часткай эўрапейскага сьвету. Україна – гэта Польшча ХХІ стагоддзя – з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Адкіды імпэрыі будуць ненавідзець нас яшчэ доўга і сьпяваць у шынках свае страшныя песьні (“помнят псы-атаманы, помнят польские паны конармейские наши клинки” – гэта ж ёсьць стогадовай даўніны песьня пра бой арміі УНР і польскай арміі з будзёнаўцамі, адну зь бітваў, у якой была выратавана Польшча) – але зрабіць ужо нічога ня здолеюць, як нічога ня здолеў зрабіць разьбіты нашымі героямі мярзотнік Будзёны, толькі ператвараць у песьні паразу ў перамогу.

Мы ўваходзім у сьвет без Расеі. І ў наступным годзе гэта стане канчаткова зразумела нават самым расейцам. Гэта зн. сама Расея пакуль што нікуды ня дзенецца, прынамсі яе тэрыторыя – але як палітычнага і цывілізацыйнага паняцьця ў нашым сьвеце яе ўжо ня будзе. І менавіта гэта – галоўны вынік 2014 года.

Цяпер усё залежыць ад нас – і толькі ад нас. Акупанты яшчэ могуць зьдзяйсьняць дывэрсіі, прыдумляць новыя авантуры, навязваць нам небясьпечныя зьдзелкі – але ўсё гэта ўжо ніяк ня можа зьмяніць ні наш выбар, ні нашай будучыні. Калі мы апынемся ў стане зьмяніць нашу ўласную краіну – то ўжо праз 10-15 гадоў забудземся пра стагоддзі імпэрскай галечы так, нібыта гэта было не з намі, і ўбачыўшы бюст Леніна, які захаваўся недзе, будзем думаць не “трэба яго вынесьці”, а “хто гэта?” Калі, разьвітаўшыся з Расеяй, мы будзем працягваць спадзявацца на “авось” – тады завісьнем паміж цывілізаваным сьветам і псэўдаімпэрыяй, якая раскладаецца, ня маючы ні волі пайсьці наперад, ні жаданьня ісьці назад.

Часу на скачок у нас ня так і шмат – вельмі спадзяюся, што мы здолеем выкарыстаць шанец, аплочаны крывёй і ахвярнасьцю нашых суайчыньнікаў і прадастаўлены нам гісторыяй.

Віталь Портнікаў
30.12.2014
Пераклаў з расейскай В. Буйвал.
Крыніца: http://www.liga.net/opinion/216827_glavnye-sobytiya-eshche-vperedi-ukrainskiy-shans-2014-goda.htm

1/1/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2015
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024