Партугальская рэвалюцыя (відэа)

8 мая 2014 г.

Навіны

Роўна 40 гадоў таму на ўскрайку нашага кантынэнта адбылася адзіная эўрапейская рэвалюцыя 1970-х. 25 красавіка 1974 года народ і армія (хутчэй армія і народ) вызвалілі краіну ад класічнай правай дыктатуры, якая праіснавала амаль паўстагоддзя. Партугалія пайшла па дэмакратычнаму шляху разьвіцьця.

За дзесяцігоддзі свайго існаваньня хунта давяла Партугалію да глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу. У Афрыцы партугальская армія сьцякала крывёй у бясконцай каланіяльнай вайне на тэрыторыі калоній. Моладзь натоўпамі ўцякала з краіны, каб ня быць мабілізаванай на вайну, не загінуць або пакалечыцца ў Анголе ці Мазамбіку. Дагэтуль у шэрагу заходніх краін жывуць вялікія партугальскія дыяспары, гэтых працавітых людзей і іх нашчадкаў радзіма страціла назаўжды. Паняволеная хунтай Партугалія ўвесь час “спаборнічала” з такой жа паняволенай Грэцыяй, хто зь іх у штогадовых статыстыках будзе займаць апошняе месца сярод заходнеэўрапейскіх краін. Эліты і народ стаміліся ад гэтага маразма, канца якому, здавалася, ня будзе ніколі. Але канец настаў і даволі нечакана ды рэзка.

Група маладых патрыятычных афіцэраў пад кіраўніцтвам генэрала Антоніу дзі Спіналы доўга распрацоўвала план ваеннага перавароту і выйсьця краіны з крызісу. Яны перайшлі да дзеяньняў ўноч на 25 красавіка. Вайскоўцы дзейнічалі вельмі арганізавана, план заставаўся невядомым для спэцслужбаў рэжыму (крывавай PIDO). Зафіксавана, што яшчэ а 3-й гадзіне ночы дзяжурныя дакладвалі ў рэжымныя штабы, што ў “Лісабоне ўсё спакойна”. А 4-й гадзіне паўстанцы вывелі бранетранспарцёры і войскі з базаў і казармаў і пачалі марш па вуліцах і праспэктах сталіцы. Яны атачылі шэраг дзяржаўных будынкаў і парлямант ды запатрабавалі адстаўкі дыктатара Марсэлу Каэтану і правядзеньня рэформаў у краіне. Вайскоўцы меркавалі, што ўдасца абмежавацца пэўнымі рэформамі і карэкцыямі дзяржаўнага курсу. Аднак, ваенны пераварот (у многім дзякуючы тэмпэрамэнту партугальцаў) імкліва перарос у агульнанацыянальную рэвалюцыю, распад імпэрыі, крах дыктатуры і глыбокія пераўтварэньні ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Лісабонцы выйшлі з сваіх дамоў і кватэраў, каб пайсьці на працу, убачылі бранетэхніку на вуліцах і ўсхваляваных, але прыязных вайскоўцаў. Людзі да двух не лічылі і на працу ніхто ў той дзень ужо не пайшоў. На працягу адной ранішняй гадзіны на вуліцах і плошчах сабраліся стотысячныя масы народу. Праз тры гадзіны, даведаўшыся пра падзеі ў сталіцы, людзі пачалі зьбірацца ў іншых гарадах і мястэчках па ўсяе Партугаліі. Па краіне рэхам пакаціўся дэвіз рэвалюцыі – “O povo unido jamais sera vencido! (Згуртаваны народ ня ўдасца перамагчы!)”. Людзі абдымалі і цалавалі жаўнераў і афіцэраў, устаўлялі чырвоныя гвазьдзікі ў дулы аўтаматаў. Першым чынам паўстанцы пачалі атачаць гарадзкія і раённыя сядзібы ненавіснай PIDO. Разгубленыя гэбэшнікі паспрабавалі адстрэльвацца, але потым пачалі ўцякаць у розныя бакі. Па ўсяе краіне народ граміў PIDO і вызваляў палітвязьняў з турмаў. Увечары таго ж дня паўстанцы ўзялі пад свой кантроль практычна ўсю краіну, пачалося фармаваньне часовага кіраўніцтва дзяржавы. Дыктатар Каэтану ледзь пасьпеў уцячы і падаўся ў Бразілію. Генштаб аддаў загад спыніць ваенныя дзеяньні ў калоніях. На наступны дзень у краіну пачалі вяртацца палітычныя, прафсаюзныя і культурніцкія дзеячы, якія многія гады вымушана жылі на чужыне. Іх сустракалі шматтысячныя народныя масы…

Наперадзе было палітычнае змаганьне і стваральная праца. Але гэта ўжо была справа народа, які вызваліўся ад дыктатуры.

Гімнам “рэвалюцыі чырвоных гвазьдзікоў” стала песьня паэта і кампазітара Жазэ Афонсу “Grandola, Vila Morena”. Песьня прысьвечана героям сялянскага страйку ў Грандале на поўдні Партугаліі. Пры дыктатуры песьня была забаронена. Калі радыёстанцыя “Рынашымэнту” перадала яе ў эфір 25 красавіка, гэта быў знак пачатку паўстаньня.

Валеры Буйвал

Ілюстрацыя – відэа

http://www.youtube.com/watch?v=Ha-h5bPSxQE