Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Весткі з Вільні

У студзені ў Таварыстве беларускай культуры ўшанавалі памяць слаўных сыноў Беларусі.

Ігнат Дамейка

Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802г. ў маёнтку Мядзведка тагачаснага Наваградскага павету ў сям’і Гіпаліта і Караліны Дамейкаў. Скончыў Віленскі ўніверсітэт у 1822 годзе са ступеньню магістра філасофіі. Падчас вучобы быў удзельнікам таварыства філаматаў і філарэтаў, куды ўваходзілі такія знакамітыя асобы як Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Юзаф Кавалеўскі, Яўхім Лялевель, пераважная большасць з якіх (113 чалавек) паходзіла з этнічных беларускіх земляў. За ўдзел у падпольным згуртаванні ў 1823 годзе быў арыштаваны і да 1824г. адбываў пакаранне ў Вільні, пасьля якога яшчэ пяць год знаходзіўся пад хатнім арыштам на Лідчыне. Ягоныя таленты і бліскучая адукацыя былі відавочныя нават падчас перасьледу, што бачна па ягонай працы: займаўся сялекцыяй жывёлы, ўводзіў у жыццё апошнія дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі, за што трапіў у твор Міцкевіча “Дзяды” ў вобразе агранома Жэготы.

У 1830-31 гадах удзельнічаў у паўстанні супраць расейскай акупацыйнай улады і быў вымушаны выехаць у эміграцыю, спачатку ў Прусію, а потым ва Францыю, дзе пачаў прафесійна займацца геалогіяй, батанікай і ў 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера. Навуковы запал Дамейкі быў заўважаны нават у Лацінскай Амерыцы, куды быў запрошаны ў якасці выкладчыка горнай школы. Прайшоўшы шлях ад выкладчыка правінцыйнай вучэльні да рэктара Чылійскага ўніверсітэта, пакінуў вялікую навуковую спадчыну, куды ўваходзілі ягоныя даследаванні не толькі па геалогіі, хіміі, мінералогіі, але таксама па этналогіі (апісаў племя індзейцаў араўканаў).

Памёр выдатны сын нашай зямлі 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга, дзе і быў пахаваны як нацыянальны герой Чылі. Выразам следу, пакінутага Ігнатам Дамейкам могуць паслужыць словы даследчыка і біографа нашага навукоўца Адама Мальдзіса: “Ігнат Дамейка гэта адна з самых яскравых зорак на небе беларускай гісторыі”.

Кс. Даніла Сваяк

Ядвігін Ш.

Ядвігін Ш. (сапр. Антон Лявіцкі) – нарадзіўся 4 студзеня 1868 году ў маёнтку Добасна што ля Рагачова тагачаснай Магілёўскай губерніі ў сям’і Івана Лявіцкага - аканома таго ж маёнтку. Пакінуў свой след у гісторыі Беларусі не толькі як адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай прозы, але і як літаратуразнаўца, паэт, драматург, грамадзкі дзеяч.

Пасьля заканчэння гімназіі ў Менску паступіў на факультэт медыцыны Маскоўскага ўніверсітэта, які, аднак, не скончыў праз удзел у студэнцкім супраціве. Апынуўся ў “Бутырцы”, дзе, па ягоных словах, пазнаў сябе беларусам. Вызваленне з вязніцы дало магчымасць Ядвігіну вярнуцца да бацькоў, скончыць аптэкарскія курсы ў Менску і працаўладкавацца ў Радашковічах. Патрыятызм і замілаванне да роднага слова сабралі вакол літаратара шмат свядомай інтэлегенцыі. Збіраючыся разам, адраджэнцы чыталі вершы Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, абмяркоўвалі шляхі развіцця і пашырэння тагачаснай беларускай літаратуры.
Дзейнасць Ядвігіна была заўважана ў Вільні, куды ён пераехаў па запрашэнню рэдакцыі “Нашай Нівы”. У культурнай сталіцы сябраваў з Купалам, на творчасць якога аказаў вялікі ўплыў. Народны пясняр успамінаў: “Я сутыкнуўся з чалавекам, які быў ня толькі пісьменнікам, але і пісаў па–беларуску. 3 ім я вельмі зблізіўся. Ён мне шмат расказваў пра незнаёмыя мне дагэтуль пісменніцкія справы і г. д. Чалавек ён быў з вышэйшай адукацыяй (праўда, унівэрсытэту з-за рэвалюцыйных справаў не закончыў), прытым вельмі цікавым і дасьціпным субяседнікам”.

Да шматлікіх твораў Ядвігіна Ш. належаць такія апавяданні як “Васількі”, “Бярозка”, “Рабы”, нарысы “Лісты з дарогі”, “Дзед завала”, мемуары “Ўспаміны”, раман “Золата”.

Памёр Ядвігін Ш. 24 лютага 1922г. ў Вільні. Пахаваны на віленскіх Росах.

Кс. Даніла Сваяк

Віленскай беларускай гімназіі – 95!

Віленская беларуская гімназія ўзгадавала не адно пакаленне шчырых і самаадданых патрыётаў Беларусі. Афіцыйна гімназія была адчынена 4 студзеня 1919 г. загадам міністра адукацыі Літоўскай Тарыбы Міхаіла Біржышкі (Mykolas Biržiška), хаця неафіцыйна гімназія існавала з 1918 г. Тады яна называлася 1-ая Віленская беларуская гімназія, бо ў Вільні планавалася адкрыццё яшчэ некалькіх беларускіх гімназій. На жаль, па палітычных прычынах гэтага не адбылося. Варта адзначыць, што час заканчэння Першай сусветнай вайны, стварэння БНР і Сярэдняй Літвы быў надзвычай спрыяльным для беларускага школьніцтва. У адной толькі Віленскай і Гарадзенскай школьных акругах было створана 400 беларускіх школ. У Вільні ў 1920 г. акрамя гімназіі існавала 7 пачатковых беларускіх школ. У 1932 г. Віленская беларуская гімназія была пераўтворана ў Беларускаю філію польскай гімназіі імя Славацкага, а ў 1938 годзе ў філію гімназіі імя А. Міцкевіча. З перадачай Вільні Літве ў 1939 г. Гімназія была пераўтворана ў прагімназію і праіснавала да нямецкай акупацыі. У 1941 г. статус гімназіі быў зноў адноўлены, праўда, яна была аб’яднана з рускай гімназіяй і называлася Беларуска-рускай гімназіяй, але ў такім выглядзе праіснавала каля года. У 1942 г. гімназія была раздзелена на асобныя Беларускую і Рускую гімназіі, такім чынам яна зноў атрымоўвала поўную самастойнасць. У траўні 1944 г. гімназія ўрачыста адзначала свой сярэбраны юбілей. Цікава, ці думаў тады хто з прысутных на юбілеі, што гэта не толькі апошняе свята гімназіі, але і апошнія дні яе існавання, бо набліжаўся так званы чырвоны фронт, з прыходам якога тут распачалася новая хваля рэпрэсій, пад якія патрапіла і Беларуская гімназія. Такім чынам, установа праіснавала 25 гадоў.

Першым дырэктарам быў Міхаіл Кахановіч (1882-1934), які кіраваў гімназіяй з 1918 г. па 1922 гг. Сярод першых выкладчыкаў былі: Міхал Кахановіч, кс. Адам Станкевіч, кс. І. Бобіч, пратаірэй Міхаіл Плісс, Маісей Абрамовіч, Максім Гарэцкі, Леаніла Гарэцкая, Францішак Аляхновіч, Яўгенія Юзврэк, Наталля Банцэлебан, Юліяна Мэнке, Фаіна Мікуліна, Фелікс Згірскі, Генадзь Багдановіч, Янка Катовіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Алена Сакалова, Вацлаў Багдановіч, Ніна Сасноўская, Андрэй Якубецкі, Антон Краскоўскі, Мікалай Катовіч, Янка Далінскі, Вольга Мароз, Антон Кадзевіч, Карол Русаў, Антон Кошчык. У самой гімназіі навучаліся не толькі беларусы. Па звестках на 1921 г. навучалася: 264 беларусы, 1 паляк, 11 рускіх, 1 татарын, 59 жыдоў, 7 немцаў, 3 літоўцы; паводле веравызнання: 38 каталікоў, 8 старавераў, 59 юдэяў, 2 магаметаніны, 12 лютэранаў, астатнія праваслаўныя.

У гімназіі выкладаліся наступныя прадметы: рэлігія (праваслаўная, каталіцкая, юдэйская), беларуская, польская, лацінская, руская мовы, гісторыя, геаграфія, фізіка, хімія, матэматыка, прапедэйтыка філасофіі, каліграфія, гімнастыка і інш. Большасць прадметаў выкладалася па-беларуску: рэлігія, нямецкая мова, лацінская мова, сусветная гісторыя, прыродазнаўства, прапедэўтыка фізікі, фізіка, хімія, касмаграфія, матэматыка, прапедэўтыка філасофіі, каліграфія, рысаванне, спевы, гімнастыка, палітычная геаграфія, права. Па-польску: паланістыка, гісторыя Польшчы, геаграфія Польшчы, навука аб сучаснай Польшчы.

Наступнымі дырэктарамі гімназіі былі: Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, Сяргей Паўловіч, Міхалевіч, Мікалай Анцукевіч, Адам Станкевіч, Барыс Кіт, Францішак Грышкевіч і інш. Сярод найбольш вядомых выкладчыкаў і выпускнікоў гімназіі: Максім Гарэцкі, Наталля Арсеньева, Мар’ян Пецюкевіч, Янка Станкевіч, Язэп Драздовіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч і шмат іншых вядомых асобаў.

Прыйдзе час і Віленская беларуская гімназія ў гісторыі сучаснай Беларусі зойме адно з асноўных месцаў.

Д-р Алесь Адамковіч

Янка Шутовіч

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Ядвігі і Юзэфа Шутовічаў у в. Шутовічы Ашмянскага павета ў 1904 г. Вучыўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам вядомым беларускім ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Барадзенічы (Дзісенскі павет, Віленская губ.). У 1918-1919 школьных гадах вучыўся ў Глыбокім

Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ы клас Віленскай беларускай гімназіі. Па яе заканчэнні ў 1924 г. паступіў у ліцэй Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, у 1925 г. у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Невядома па якіх прычынах яе кінуў і паступіў на юрыдычны факультэт Універсітэта Сцяпана Баторыя ў Вільні. З 1928 — рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны і на Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 скончыў ВНУ з дыплёмам магістра права. У 1935—1939 выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі».

За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэньня напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зьняволены ў лагеры Бяроза-Картуская. Вызвалены ў верасьні 1939 году савецкімі войскамі. З 1940 выкладаў у Беларускай настаўніцкай сэмінарыі.
Зь лютага 1941 да лістапада 1944 працаваў загадчыкам Беларускага музэя ў Вільні.
Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Вызвалены з лагеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобл.).

Пасьля высылкі вярнуўся ў Вільню. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменьнікаў БССР «Полымя». Памёр 9 снежня 1973 г. у Вільні.

Артур Яўмен

Алесь Адамовіч

26 студзеня спаўняецца 20 гадоў са дня сьмерці выдатнага беларускага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча. Нарадзіўся Адамовіч 3 верасьня 1927 г. у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна. Калі ён вучыўся ў школе, грымнула Другая сусьветная вайна, і Алесь, будучы 15-гадовым юнаком, бярэ актыўны ўдзел ў партызанскім руху: служыць сувязным, а потым і байцом партызанскага атрада. У 1944—1945 г. быў накіраваны Штабам партызанскага руху вучыцца у Ленінагорскі горна-мэталургічны тэхнікум. У 1945 г. вярнуўся ў Беларусь і экстэрнам скончыў сярэднюю школу, пасьля чаго паступіў на філалагічны факультэт БДУ.
Адамовіч быў выдатным студэнтам, які любіў сваю справу, таму неўзабаве ён сканчвае аспірантуру і далей працуе навуковым супрацоўнікам на катэдры беларускай літаратуры. У 35 гадоў робіцца доктарам навук. У 1962—1966 г. быў накіраваны вучыцца на Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскву, дзе у 1964—1966 г. Выкладаў
беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівесітэце, але быў адхілены ад выкладаньня за адмову падпісваць ліст з асуджэньнем Даніэля і Сіняўскага. У 1971 г. атрымоўвае званьне прафэсара. У 1976 г. Адамовіча прызначаюць загадчыкам сэктара літаратурных узаемасувязяў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1980 г. робіцца чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1982 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічае ў рабоце XXXVII сэсыі Генэральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. – дырэктар усесаюзнага навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. У 1989 г., падчас Перабудовы, быў абраны Народны дэпутатам СССР, уваходзіў у Міжрэгіянальную дэпутатскую групу, актыўна падтрымліваў беларускае адраджэньне.

Алесь Адамовіч - гэта адзін з найбольш каларытных беларускіх пісьменьнікаў другой паловы XX ст. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Сваю навуковую і творчую кар’еру Адамовіч пачынаў як мастацкі крытык. Напісаў шэраг навуковых працаў па літаратуразнаўстве, сярод іх «Шлях да майстэрства: Станаўленьне мастацкага стылю К. Чорнага», «Беларускі раман», «Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планэце» і шмат іншых. Будучы адмыслоўцам у галіне літаратуры Адамовіч і сам не адмаўляецца ад творчых амбіцыяў – у 1960 г. выйшаў яго першы раман «Вайна пад стрэхамі», а ў 1963 г. другі - «Сыны ідуць у бой». У 1972 г. выходзіць адзін з галоўных твораў Адамовіча «Хатынская аповесьць», за якую аўтар, нягледзячы на супярэчлівасьць і неадназначнасьць твору, атрымоўвае Дзяржаўнаю прэмію БССР імя Якуба Коласа. «Хатынская аповесьць» пакладзеная ў аснову сцэнара фільма Э. Клімава «Ідзі і глядзі», які заняў першае мейсца на сусьветным кінафэсьце ў Маскве ў 1985 г. Таксама Адамовіч - аўтар шэрагу аповесьцяў і дакумэнтальных кніг. А. Адамовіч адным зь першых узьняў у літатартуры тэму Чарнобыльскай катастрофы і яе сапраўдных маштабаў.

Памёр Алесь Адамовіч у 1994 г. у Маскве ад другога інфаркту. Пахаваны ў Беларусі на сваёй малой радзіме.

Крыніцы: А. Мясьнікоў “Сто асобаў беларускай гісторыі”, беларуская і руская вікіпэдыі.

Наша місія

Лёс беларуса ў Літве – не толькі частка беларускай ці літоўскай гісторыі, а перадусім жыццё самаго чалавека, які імкнуўся захаваць свой свет, культуру, традыцыі, мову. Таму нам неабходна распавесці не толькі пра гісторыю і культуру беларусаў Літвы, але і пра лёс кожнага асобнага беларуса, які тут жыў і тварыў гэту гісторыю, верыў,кахаў, хацеў перадаць свае пачуцці, веды, свае дні новым пакаленням.
Са згубленых, раскіданых і забытых кавалкаў тут складаецца наша гісторыя, якая не можа зацерціся і проста знікнуць, а павінна быць перададзена наступным пакаленням беларусаў. Гэта спадчына ўзбагаціць іх духоўны свет і злучыць з каранямі і продкамі ў бегу сівых дзедаўскіх дзён.

Наша галоўная задача – звязаць гэтыя мінулыя дні з днём сённяшнім, захаваць і перадаць памяць аб мінулым. Таму мы мусім аднавіць дні беларусаў у Літве і іх сляды. Праз багацейшыя зборы беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча, пакоя-музея Якуба Коласа і іншых музеяў, праз беларускія матэрыялы, што захоўваюцца ў віленскіх бібліятэках і архівах, праз навуковыя даследаванні беларускай мовы і культуры, праз ініцыятывы і дзейнасць сучасных сяброў Таварыства мы распавядзём пра беларускае жыццё ў Літве, адновім памяць пра мінулае і зафіксуем сённяшні дзень, які таксама стане гісторыяй і можа згубіцца. Самае важнае для нас сёняшніх – зрабіць усё, каб голас беларуса Літвы не знік ў бегу стагоддзяў і адбылася пераемнасць паміж намі сёняшнімі і будучымі пакаленнямі беларусаў.

Абавязкі сяброў Рады ТБК

Рада ТБК з’яўляецца кіруючай установай арганізацыі. Таму прыналежнасць да Рады не з’яўляецца чымсці ганаровым, а патрабуе рэальнай працы і самааддачы. Уваходжанне ў Раду дабравольнае, таму кожны сябар павінен гэта добра разумець і выконваць прынятыя на сябе абавязкі:

Абавязковым з’яўляецца наведванне пасяджэнняў Рады (1 раз на месяц) і імпрэзаў, якія арганізоўвае Таварыства.

1. Без паважнай прычыны адсутнічаць на Радзе і імпрэзах нельга. Калі не атрымліваецца прысутнічаць, аб гэтым сябар Рады абавязаны інфармаваць старшыню.
2. Калі па той ці іншай прычыне сябра не можа прысутнічаць на Радзе ці імпрэзе , абавязаны цікавіцца ў іншых сяброў, што там адбылося і, пажадана, у пісьмовым выглядзе ўносіць свае прапановы і заўвагі па адбыўшымся мерапрыемстве.
3. Кожны сябар Рады павінен спрычыняцца да падрыхтоўкі імпрэзаў, шукаць для гэтага нагоды, запрашаць цікавых асобаў. Уносіць свае прапановы і спрычыняцца да іх арганізацыі. Таксама кожны сябар Рады павінен клапаціцца пра колькасць удзельнікаў імпрэзы, запрашаць сваіх знаёмых, новых сяброў. Такім чынам павялічваць як колькасць удзельнікаў імпрэзаў, так і сяброў ТБК.
4. Дапамагаць у працы сайтаў арганізацыі, шукаць для іх матэрыялы, пісаць артыкулы.
5. Дапамагаць у пошуку фінансавання арганізацыі.
6. Дапамагаць у пошуку, фіксацыі матэрыялаў аб беларускім жыцці Літвы як у мінулым так і сучасным.

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве

2/2/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2014
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024