Расейская імпэрыя. Факты і падзеі №9

19 жніўня 2010 г.

Навіны

Ва Украіне ёсьць, аказваецца, арганізацыя пад назовам “За едіную Русь”. Яна зьвярнулася да прэзыдэнта Януковіча з просьбай не дапусьціць дэманстрацыі кліпа “о русскіх на Украіне”. Справа ў тым, што да Дня Незалежнасьці Украіны тэлеканал “Інтэр” падрыхтаваў 14 кліпаў пра нацменшасьці краіны. Кіраўнік “За едіную Русь” Тюнін патлумачыў, чаму ён супраць кліпа: “Евреи показаны в школе, армяне за работой, грузины на танцевальных подмостках, цыгане в поле, с гитарой. У всех полные вдохновения, умные лица и правильная речь. Русские наоборот – главный герой спит на улице, просыпается, чешет низ живота. Сам небритый, в рубашке и морской фуражке. Встаёт, пьёт рассол, а потом появляется компания с гармошкой. Гармонист в каких-то шортах, босиком, у всех небритые лица, мягко говоря, невдохновенные”. Што ж, не спадабалася ім кінапраўда…


18 жніўня ў Маскве і пад Пецярбургам міліцыя правяла арышты і ператрусы ў кватэрах кіраўнікоў і баевікоў нацыстоўскай расейскай арганізацыі NS/WP. Сьледчыя абвінавачваюць іх у 11 забойствах і 8 нападах на людзей на глебе нацыянальнай нянавісьці, якія яны зьдзейсьнілі ў 2008-2011 гг. у Пецярбургу. Апошняй ахвярай быў грамадзянін Ганы. Фрагмэнты ягонага трупа знайшлі ў кватэры аднаго з кіраўнікоў банды. Забойца, дарэчы, выставіў у сеціва відэа са сцэнай забойства афрыканца. Банду абвінавачваюць таксама ў закладцы выбуховых зарадаў на станцыях мэтро ў Піцеры. Сьледчыя лічаць, што банда мае арганізацыйную сетку ў шэрагу рэгіёнаў Расеі.


Расейскія праваабаронцы і дзеячы культуры выступілі з адкрытым лістом, выказваючы пратэст супраць усталяваньня ў Пецярбургу мэмарыяльнай шыльды дзеячу брэжняўскай эпохі першаму сакратару Ленінградскага абкома КПСС Грыгорыю Раманаву. Ліст мае тытул “Ушанаваньне тыранаў – плявок у твар грамадзтва!” Вось вытрымкі з ліста.

“Грыгорый Васільевіч Раманаў быў ня проста звычайным савецкім рэгіянальным босам, які паўтара дзесяцігоддзя ўзначальваў давераную яму правінцыю. Ён праяўляў асаблівы імпэт у барацьбе з духоўнай незалежнасьцю, іншадумствам. На жаль, яму дасталося з пачатку 1960-х гадоў вызначаць ідэалагічную атмасфэру, а з 1970-га па 1983-ці год – і быць увасабленьнем вышэйшай улады ў культурнай сталіцы Расеі – Ленінградзе. Менавіта ён нясе адказнасьць за цкаваньне і пераслед інтэлігенцыі, ахвярай яго палітыкі сталі людзі, якія сёньня прызнаны нацыянальным гонарам нашай краіны… У горадзе на Няве ўсталявалася прыгнятальная атмасфэра перасьледу…

Ня дзіва, што рашэньне ўраду Пецярбурга ўшанаваць памяць Раманава “мэмарыяльнай шыльдай” было ўспрынята як такі ж плявок у твар грамадзкай думцы, як і спробы ўшанаваць Сталіна ў Маскве.

Натуральна, што пецярбургская інтэлігенцыя выступіла з пратэстам – бо многія яе прадстаўнікі на сабе адчулі мярцьвячы ідэалагічны ціск абкама, асабіста ведалі тых, каго пры раманаўскім кіраваньні сажалі па сфабрыкаваных абвінавачваньнях, выганялі з роднага горада і нават з краіны.

… Гарадская адміністрацыя адказала, што трэба праяўляць “талерантнасьць”, пазьбягаць “чорных” і “белых” фарбаў…

Нельга адначасова ўшаноўваць катаў і туліцца да славы іх ахвяраў. Гэта раскрывае ня толькі цынізм, але і баязьліўства”.

Сярод падпісантаў ліста вядомыя асобы: А. Басілашвілі, Л. Аляксеева, Б. Стругацкі, Г. Якунін і іншыя. Усё справядліва і лагічна ў іхным пратэсьце. Паўстаюць, аднак, рытарычныя пытаньні. Чаму яны маўчаць аб галоўным? Аб тым, што сапраўдным ініцыятарам ўшанаваньня змрочнай раманаўшчыны зьяўляецца не піцерскае начальства, а імпэрская ўлада – гэбізм, адным з герояў-сымвалаў якога быў бальшавік-ідэолаг Раманаў. Справядліва праклінаючы Сталіна і шэраг пазьнейшых савецкіх начальнікаў кшталту Раманава, расейскія эліты чамусьці “забываюцца”, што па ўсёй імпэрыі стаяць помнікі і вісяць шыльды Леніну – натхняльніку і арганізатару выратаваньня расейскай імпэрыі ў яе чырвонай абалонцы, суперкату народаў. Пры ўсёй павазе да лакальнага пратэсту расейскай эліты, можна параіць ім глядзець у корань зла, якое бесперашкодна гаспадарыць у іхнай імпэрыі.


Кур’ёзным чынам Паўднёвая Асэція час ад часу нагадвае пра сваю “сувэрэннасьць”. Днямі з гэтай “сувэрэннай краіны” уцяклі назад у Расею некалькі спэцыялістаў расейскіх фірмаў, якія займаліся ў П. Асэціі працэсам аднаўленьня. 19 жніўня двое зь іх, — гендырэктар піўзавода “Алутон” Руслан Шарыпаў і былы дырэктар галоўупраўленьня па нацыянальных праектах “Расея-Паўднёвая Асэція” Ісмагіль Карымаў, — правялі прэс-канфэрэнцыю ў Маскве і распавялі, як прамаскоўская групоўка “прэзыдэнта” П. Асэціі Э. Какойты “аднаўляе” П. Асэцію.

Карымаў распавёў, што група расейскіх спэцыялістаў, якія вымушаны былі зьехаць з П. Асэціі, перадала ў Генпракуратуру РФ матар’ялы пра злоўжываньні п.-асэцінскіх уладаў. Ён прызнаўся, што прадметам канфлікта стала разьмеркаваньне 870 мільёнаў рублёў, якія прыбылі з Масквы на “аднаўленьне”. Групоўка Какойты адмовілася слухаць расейскіх спэцыялістаў і пачала даваць ім “парады”, куды і як трэба выдаткоўваць гэтыя грошы. Калі расейскія спэцы адмовіліся ад “парадаў”, ім пачалі тэлефанаваць з пагрозамі. А ўвесну сёлета п.-асэцінская пракуратура завяла на Карымава крымінальную справу. Какойты публічна называў спэцоў крымінальнікамі, “якія знаходзяцца ў рэгіянальным вышуку ў Расеі”.

Добра, што расейскія спэцы пасьпелі дабегчы да імпэрскай мяжы…


Цікавыя саманазіраньні робяць расейскія інтэлектуалы сёлета 19 жніўня ў гадавіну путча (19 жніўня 1991 г.). Напрыклад, гісторык і публіцыст Дзімітры Шушарын у інтэрнэт-выданьні Грані.РУ: “Усё пачалося ў 1986 годзе з адмовы ад павароту сібірскіх рэк, каб захаваць іхную прыродную плынь. І завяршылася пасьля Жніўня ў Белавежы, дзе народам была прадастаўлена магчымасьць вярнуць сваё нацыянальнае разьвіцьцё ў гістарычную плынь.

Усе пакарысталіся гэтым акрамя расейцаў, у якіх было і ёсьць наперадзе набыцьцё новай плыні, каб вырвацца з ардынска-імпэрскага балота. Бо не было і няма ў іх ніякага нацыянальнага гістарычнага рэчышча – толькі наднацыянальнае. На фоне гэтай складанейшай гістарычнай задачы ўсе зьмены, што адбываліся ў Расеі з 1991 года, выклікаюць не расчараваньне, а зьдзіўленьне – як жа гэта наогул удалося?”

Мусім дадаць, што ў народаў, якія ў Жніўні вызваліліся ад расейскай савецкай імпэрыі, сучасны гэбоўскі рэжым у Расеі выклікае жах. Утворана нябачаная ў гісторыі чалавека дзяржаўна-мафійная сістэма, кіруемая былымі савецкімі спэцслужбамі. Ды й вырвацца з ардынска-імпэрскага балота можна толькі ліквідаваўшы арду і імпэрыю. А расейцам (нават вытанчаным інтэлектуалам) гэтага вельмі ня хочацца – “велічія не будет”… Янка Базыль