Беларусы старэйшага ўзросту часам успамінаюць савецкую армію зь яе маразмам, анэкдатычнай абсурднасьцю, дэмагогіяй і “любовью к родіне”. Жаўнеры ратаваліся ад усяго гэтага, як маглі, народнымі спосабамі. Мы ў сваім узводзе (12 розных нацый ад эстонцаў да казахаў) прыдумалі былі свой “фэстываль”. Замест абрыдлага “Советская страна ракеты нам дала/ И мы её границы защитим…” узвод маршыраваў пад эстонскія і ўкраінскія песьні, якія выконвалі адпаведныя салісты. Загады мінабароны СССР таксама зачытваліся не на мове арыгіналу, а ў перакладах узводных лінгвістаў. Усе ад душы сьмяяліся, калі гучала: “Ленін-тын, армія-улы, Кремль-сарай…” З шалёнай радасьцю пасьля звальненьня хлопцы раз’язджаліся ў родныя мясьціны, за тысячы кілёмэтраў ад савецкай арміі, якой аддалі паўтара-два гады жыцьця.
Калі павалілася саўдэпія і ўзьніклі незалежныя дзяржавы, нацыянальныя ўрады прыступілі да стварэньня нацыянальных армій. Імпэрская стракатасьць шыхтоў, здавалася, назаўсёды зьнікла з армейскага жыцьця. Арміі пачалі функцыянаваць на родных дзяржаўных мовах, пачалося фармаваньне нацыянальна-дзяржаўнай вайсковай ідэалогіі. Паўсюль, але не ў Беларусі, ад якой не адчаплялася маскоўская імпэрыя, што засталася ў абрэзаным выглядзе. Яшчэ да лукашызма, у 1992 годзе беларускіх патрыётаў уразіў заклік мінабароны РБ да беларускай інтэлігенцыі “арганізаваць курсы вывучэньня беларускай мовы для афіцэраў і жаўнераў”. Пры чым, усё гэта прапанавалася рабіць “на обшчественных началах”, бясплатна. Гэта ў міністэрстве, якое ніколі не было абдзелена грашыма і дзе вядома якія заробкі ў генэралаў, палкоўнікаў і камісараў. Беларусы адэкватна ацанілі гэты цынічны выбрык чужынцаў у пагонах і не адказалі на іхны “заклік”. Акупацыйная расейшчына ня тое што выжыла ў беларускім войску, яна стала яшчэ больш гнюснай па формах. У нашым войску не гучыць наша мова. Па сваёй мове гэта ёсьць “русская армія”. Усё гэта не выпадкова. Афіцыйныя ваенныя дактрыны, афіцыйныя хаўрусы і арыенціры, загады і штабная дзейнасьць – усё гэта існуе выключна па-расейску і ў інтарэсах Расеі. Як сказаў Лукашэнка, “беларусы гатовы паміраць за Расею…”
Так званая “наглядная агітацыя і прапаганда” засталіся ў былых савецкіх формах. Тут і вялізныя шчыты-транспаранты з творчасьцю кшталту “Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд”. І армейскія газэткі, нібыта адштампаваныя недзе ў Сольвычагодску або Ленінградзе. У казармах і штабах вісяць выявы Крамля, за які нашым маладым прапануецца ваяваць і паміраць. Прыкметна, што ва ўсёй гэтай крыкліва-кічавай камісарскай “эстэтыцы” нават ня згадваецца слова Беларусь. Усё заменена хітрыкамі кшталту “Родина”, “Отечество”, “родная земля”. Каб толькі жаўнер не здагадаўся, што яму трэба бараніць сваю Радзіму Беларусь.
Палітработнікі-камісары (яны з 1991 года называюцца ці то псіхолагамі, ці то выхавацелямі) дадумаліся да новых спосабаў апрацоўкі беларусаў пад ружжом. Калі адбываецца прызыў маладых на вайсковую службу, то першы ліст бацькі жаўнера атрымліваюць не ад яго самога, а ад ягонага “выхавацеля”. Камісар прысылае анкету і прапануе бацькам падзяліцца зь ім “таямніцамі душы” юнака. Маўляў, чым ён захапляецца, чым цікавіцца, якія ў яго арыентацыі і погляды? Усё для таго, каб лягчэй было камандваць і маніпуляваць маладым беларусам на маскоўскі капыл. Беларускія патрыёты, прачытаўшы гэтую расейскую “фількіну грамату” скручваюць для камісараў дулю і просяць пакінуць іх у спакоі. Яны ўжо патлумачылі свайму сыну, што трэба годна выконваць свой канстытуцыйны абавязак – абараняць са зброяй у руках Радзіму-Беларусь, шанаваць нашы мілітарныя традыцыі, ганарыцца гісторыяй. А таксама памятаць, што няма абавязку выконваць злачынныя, крымінальныя загады і абараняць Маскву і расейскую імпэрыю (тым больш паміраць за крамлёўскую хунту).
Наперадзе, у недалёкай будучыне адбудзецца працэс аздараўленьня беларускай арміі, якая стане сапраўды нацыянальнай і будзе служыць нашым нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам. Навязьліваму савецкаму камісарству (тыпу галоўнага ідэолага прамаскоўскай ваеншчыны лукашызма Сераштана) у нашай арміі месца ня будзе.
*Янка Базыль *