9 ліпеня ў аэрапорце Вены адбыўся “абмен палоннымі”. Амэрыканцы аддалі лубянцам злоўленых расейскіх шпіёнаў, а лубянцы некалькіх вязьняў з сваёй турмы. Як сур’ёзна пажартаваў адзін з расейскіх публіцыстаў, “ім навуковец, нам прастытутка” (маецца на ўвазе абмен Эн Чапмэн на навукоўца Суцягіна, якога ФСБ ўвязьніла “за разглашэньне дзяржтаямніцаў”). Колькі б ні намагалася афіцыйная маскоўская прапаганда выставіць апошні лубянскі правал як нешта дробнае і малазначнае, сапраўдныя знаўцы “таямнічай рускай душы” (у тым ліку і ў самой Расеі), грунтуючыся на гэтай падзеі, робяць даволі глыбокія разважаньні пра сутнасьць расейскай дзяржаўнасьці ў цэлым і ў прыватнасьці – на сёньняшнім этапе “чэкізма”. Для маскоўскага публіцыста Д. Шушарына чэкізм (або гэбізм) гэта ёсьць “мадэль – руская нацыянальная ў чэкісцкім выкананьні”. Што ж, сфармулявана адэкватна: ад Арды да Пуціна…
Дзімітры Шушарын Чэкісцкая Расея з тварам Ганны Чапмэн
Пуцін зьнішчыў апошні міф саўка – аб чэкістах як вялікй і мудрай сіле. Хаця не ў чэкістах справа, а ў той сістэме квазідзяржаўнага ладу, якую яны ўсталявалі. Чэкізм і ўсё зь ім зьвязанае – толькі прыватная праява агульнай прыроды цяперашняга нэататалітарнага рэжыму, саўка і самадзяржаўя. Усіх іх зьвязвае інстытуцыйная недастатковасьць, якая кампэнсуецца надінстытуцыйнай інтэграцыяй – ідэалагічнай і сілавой. Гэта значыць, парлямант, урад, прэзыдэнт (вярхоўны савет, саўмін, старшыня прэзыдыюму вярхоўнага савета) як бы ёсьць, але пры гэтым дзяржава мае патрэбу яшчэ і ў наддзяржаўных умацаваньнях.
Тое, што наладзіў у Расеі кааператыў “Озеро”, з такім жа посьпехам маглі зьдзейсьніць выхадцы з любога іншага ведамства. Але на практыцы да стварэньня дзяржаўнага ладу, заснаванага на сталым аслабленьні, стане нежыцьцяздольнасьці дзяржаўных інстытутаў і сталым ўмацаваньні пазаканстытуцыянальных элемэнтаў, аказаліся гатовыя чэкісты і хаўрусныя зь імі прадстаўнікі іншых карпарацый – сілавых і ня надта.
Гэта значыць, што цяперашняя дзяржаўная мадэль – яна не чэкісцкая. Яна руская нацыянальная ў чэкісцкім выкананьні. І вывучэньне гэтай мадэлі павінна адбывацца ў супастаўленьні з самадзяржаўнай і савецкай уладамі, дакладна так жа сама, як савецкая ўлада можа быць адэкватна ацэнена толькі ў супастаўленьні з самадзяржаўнай уладай, якая гістарычна ёй папярэднічала. Якая, у сваю чаргу, выходзіць з адзінай крыніцы легітымнасьці ўлады маскоўскіх князёў і цароў – з ардынскага ярлыка, з Арды як таго самага наддзяржаўнага ўмацаваньня, якое ўласна і стварыла расейскую дзяржаўнасьць.
У адрозьненьні ад савецкай, чэкісцкая сістэма здаецца ідэалагічна індыфэрэнтнай. Гэта не зусім так – яе ідэалогія выпрацоўвалася яшчэ ў савецкі час, а цяпер была не на відавоку сінтэтызавана. Інакш ня можа быць, бо чэкізм, у адрозьненьні ад самадзяржаўя і камунізма, не прадугледжвае відавочную ідэалагічную сістэму. Яму значна бліжэй нацысцкія гульні ў таямнічыя веды. Часам чэкісты самы прагаворваюцца. Так здарылася днямі з Пуціным, калі ён ў захапленьні ўспамінаў Ахмата Кадырава: “Ён мне ў свой час сказаў: “Жыць немагчыма! Для таго, каб больш альбо менш нармальна жыць, трэба было мець кодлу”. “І ў мяне, — сказаў ён, — была кодла”.
Такая ж кодла была ў Леніна, такая ж кодла ёсьць у Пуціна. Хаця, зразумела, у Чачэніі з гэтай справай прасьцей. У сямнадцатым годзе інстытуцыянальнае разьвіцьцё Расеі, якая вызвалілася ад надінстытуцыянальнага самадзяржаўя, было зусім нядоўгім. У дзевяностыя гады ў краіны было больш часу. Але зноў не ўдалося стварыць паўнавартасную дзяржаву, якая б адбылася. Дзесяць гадоў антыінстытуцыянальнага кіраваньня наддзяржаўнай групоўкі, сфармаванай паводле ведамственна-зямляцкай прыкметы, зусім ня трэба лічыць застоем. Гэты час характарызуецца высокай дэградацыйнай дынамікай, па якой можна меркаваць аб патэнцыяле архаізацыі, якім валодае ЧКГБ.
Міф, які разбурыў Пуцін, узьнік у позьнім саўке, шмат у чым дзякуючы намаганьням ідэёлага андропаўскага чэкізма Юліяна Сямёнава, які атрымаў доступ да сродкаў масавай агітацыі і прапаганды і засвоіў самы дзейсны агітацыйны інструмант свайго (ды й цяперашняга таксама) часу – тэлесэрыял.
Для цяперашняй кіруючай эліты “Сямнаццаць імгненьняў вясны” і “ТАСС упаўнаважаны заявіць…” – гэта іхная песьня аб Нібэлунгах. Шцірліц, безумоўна, фігура, роднасная стругацкім прагрэсарам, якімі ўяўлялі сябе чэкісты, — і Сямёнаў, і Стугацкія родам з шасьцідзесятых, нічога дзіўнага. Усе яны задавольваліся і задавольвалі іншых тым, што можна даслужыцца да штандартэнфюрэра і застацца чалавекам.
А вось “ТАСС” – гэта ўжо андропаўшчына ў чыстым выглядзе. Калі гэты сэрыял зьявіўся, адзін стары савдыпламат, які адпрацаваў усё жыцьцё ў Афрыцы, са сьмехам сказаў мне, што Сямёнаў адпрацаваў ведамственную замову цалкам. Мяркуючы па сэрыялу, у савецкай зьнешняй палітыцы няма ані МЗС, ані зьнешгандлю, ані нават ваенных дарадцаў. Дарэчы, вэтэраны вайны дакладна так сама абураліся сэрыялам пра Шцірліца – а дзе ўласна вайна?
Усё ў стваральніка шцірліцыяны было прагрэсіўным і вольнадумным. І ўсё падводзіла да думкі: няхай замест партапаратчыкаў дзяржаву змацоўваюць пераемнікі тых, хто скалечыў на допытах Сямёна Ляндрэса – бацьку Юліяна Сямёнава.
Вось і аднавіў Пуцін са сваімі аднапалчанамі і аднавяскоўцамі такую мадэль – вакол адны шпіёны і ніякай дзяржавы. Мяняем уласных грамадзянаў на ўласных грамадзянаў, насуперак канстытуцыі і здароваму сэнсу. Засталася драбніца: перанесьці сюды сучасныя тэхналогіі і назваць гэта мадэрнізацыяй.
Таксама старая руская забава – з часоў Пятра. Той таксама сабутыльнікаў паўсюль пасадзіў. Яны па-чорнаму кралі і інтрыгавалі, выкарыстоўвалі новую імпэрыю як хацелі. Сацыяльныя адносіны станавіліся ўсё больш архаічнымі, самадзяржаўе ўсё больш азьвярэлым, затое тэхнічна было нешта прыўлашчана.
А памёр Пётр, дык высьветлілася, што дзеяздольнай дзяржавы няма. З тэхнічных навінак нешта прыжылося, нешта сталася забавай. У цэлым, ніякая гэта не мадэрнізацыя. Цяпер жа і паміраць нікому ня трэба. Вэксельбэрг з Сурковым могуць колькі заўгодна будаваць пляны і захлынацца ад захапленьня, расказваючы аб Сколкаве (“інавацыйная міжнародная школа бізнэс-кіраваньня”, праект сёньняшніх крамлёўскіх элітаў – заўвага рэдактара), — але навошта чэкістам Сколкава, нават калі яны будуць удзельнічаць у распілоўцы бюджэта? Нават у якасьці закрытай зоны Сколкава – гэта іншая ступень адкрытасьці сьвету. Чэкісты ж мелі намер увайсьці ў сусьветную эліту праз ложак Ганны Чапмэн. Гэта ёсьць іхнае чарговае вакно ў Эўропу, бо ў дзьверы ўвайсьці значна цяжэй – трэба ствараць дзяржаву, а не тое, што ў іх атрымліваецца.
Чэкістаў называюць новымі апрычнікамі, а можна іх назваць і новымі ардынцамі, якія выдалі ярлык на княжэньне бясьпечнаму Дзімітрыю Медведеву і спрабуюць зноў скарыць сьвет, які іхным папярэднікам не ўдалося ні заваеваць, ні напалохаць. Можна паспрабаваць спакусіць яго і карумпаваць. Так што Чапмэн увасабляе цяперашняе становішча чэкісцкай Расеі ў сьвеце, яе прэтэнзіі і спосабы камунікацыі і самаідэнтыфікацыі. Такая вось мадэрнізацыя і перазагрузка.
А што тычыцца пэрспэктываў унутранага разьвіцьця, то варта прыгледзецца да Рамзана Кадырава, які можа дазволіць сябе тое, на што фэдэральная эліта пакуль не наважваецца. Але з добразычлівай цікаўнасьцю вывучае ягоны досьвед.
Крыніца: http://grani.ru/opinion/shusharin/m.179688.html
(Пераклад з расейскай)