Кур’ёзна глядзець расейскія тэлеканалы ў гэтыя травеньскія дні. Іхныя перадачы навінаў зроблены пад стыль савецкага Інформбюро апошніх дзён сусьветнай вайны ў Эўропе. Толькі голаса Левітана не хапае. Пад грукат танкаў і тупат шыхтоў тэлевядучыя паведамляюць пра чарговыя рэпэтыцыі “парада перамогі” у Маскве. Нават пры саветах з іхнымі гіганцкімі шэсьцямі і дэфілядамі ніколі не было такой надзьмутай траскатні пра банальныя рэпэтыцыі гэтых масавых мерапрыемстваў. У людзей складваецца ўражаньне, што маскоўцам (калі няма тэрактаў на прасторах імпэрыі) то й няма пра што распавядаць, асабліва з аптымістычнага. Менскі васальны рэжым пастараўся не адстаць ад сваіх маскоўскіх гаспадароў і 3 траўня вывеў на вуліцы нашай сталіцы свае танкі. Калі раней трэніроўкі рабіліся па вечарах і начах, то гэтым разам калёны бранетэхнікі рушылі праз мірны горад у вечаровую гадзіну пік, ад 18.00 да 19.30. Спыніўся ўвесь гарадзкі транспарт на шляху танкаў. Дзесяткі тысячаў грамадзянаў не маглі патрапіць з працы дахты і вымушаны былі стаць сьведкамі дэманстрацыі ваеннай магутнасьці рэжыму. Магутнасьць праехалася па асфальце, паламала яго і нанесла казьне шалёныя страты. Многія людзі ўспрынялі танкавы манеўр дыктатуры як адказ на народны байкот на нядаўніх фальшывых “мясцовых выбарах”. Дыктатар дэманстраваў народу “хто ў хаце гаспадар”.
Па ўсёй Расеі назіраецца мельцяшэньне з партрэтамі і помнікамі Сталіну. Зноў жа правінцыйную копію гэтых неадэкватных паводзінаў актыўна лепяць дзеячы РБ. У гэтым шоў афіцыёзу ёсьць усё: мілітарызм, агалцеласьць, цынізм, непавага да палеглых і жывых людзей, імпэрскі эксгібіцыянізм. Няма толькі аднаго, самага галоўнага – праўды пра вайну. На жаль, мы ня чуем галасоў праўды ад загнанай у кут беларускай гістарычнай навукі і публіцыстыкі. Паўсюль толькі даўно вядомыя штампы, фальшыўкі і лубачныя карцінкі.
У расейскай інтэрнэт-прасторы нечакана прагучаў такі голас праўды. Маскоўскі публіцыст Барыс Сакалоў выступіў у інтэрнэт-выданьні Grani.ru на тэму дапамогі заходніх саюзьнікаў падчас вайны. Як адразу накінуліся на яго ў камэнтарах! Проста нейкае “все на зашчіту отечества, за родіну, за Сталіна!” А публіцыст толькі параўнаў лічбы, прапорцыі і факты, выказаў меркаваньне ва ўмоўным склоне пра магчымае разьвіцьцё працэсу вайны пры іншых абставінах. На наш погляд, беларускія мысьляры таксама павінны прадстаўляць грамадзтву свае выкладкі на такую, напрыклад, тэму: калі б у 1939 годзе Беларусь была незалежнай дзяржавай, ці здарылася б сусьветная вайна?
Барыс Сакалоў: Перамога без саюзьнікаў?
Ці маглі б мы перамагчы без заходніх саюзьнікаў? Гэта значыць, давайце прыпусьцім, што Англія і ЗША наогул ня ўздельнічалі б у Другой сусьветнай вайне. Што б тады страціў Савецкі Саюз? Пачнем з лэнд-ліза. У нас любяць цытаваць старшыню Дзяржпляну Мікалая Вазнясенскага, які заявіў (у 1946 годзе – заўвага рэдактара), што дапамога па лэнд-лізу склала ня больш за 4% ад агульнага аб’ёма савецкай вытворчасьці ваенных гадоў. Няхай так, хаця як карэктна вызначаць тагачасныя суадносіны паміж далярам і рублём, ніхто яшчэ не прыдумаў. А калі мы возьмем некалькі натуральных паказчыкаў, то стане зразумела, што без дапамогі заходніх саюзьнікаў савецкая ваенная эканоміка не магла б задаволіць патрэбы фронта. Па лэнд-лізу паступіла прыкладна палова ўсяго алюмінія, які спажыла савецкая прамысловасьць у ваенныя гады, асноўная частка легіруючых дадаткаў, без якіх немагчымай была вытворчасьць якаснай брані, больш за траціну авіябэнзіну, які спажыў СССР, і выкарыстаных падчас вайны выбуховых рэчываў. Пастаўленыя па лэнд-лізу аўтамашыны склалі траціну франтавога аўтапарка. Не кажучы ўжо аб тым, што па лэнд-лізу даставілі асноўную частку вагонаў, паравозаў і рэек, дзякуючы якім бесперапынна функцыяваў савецкі чыгуначны транспарт. Па лэнд-лізу таксама паступіла асноўная частка радыёстанцый і радараў, а таксама мноства разнастайнага прамысловага абсталяваньня, танкаў, самалётаў, зэнітных гармат і г.д. Ды й амэрыканскую тушонку і мэланж ня трэба забываць.
Вось і падумайце: ці перамаглі б мы, калі б стварылі ўдвая менш самалётаў, на чвэрць менш танкаў, на траціну менш баепрыпасаў, калі б у нас бракавала машын для перавозкі войскаў, калі б у нас было ў некалькі разоў менш радыёстанцый і шмат яшчэ якой імпартнай тэхнікі.
Ня трэба забывацца і пра тое, што найбольш цяжкія паразы на Усходнім фронце, накшталт разгрома ў Беларусі і Румыніі, вэрмахт пачаў цярпець пасьля высадкі ў Нармандыі (высадка войскаў антыгітлераўскай кааліцыі на бераг Францыі 6 чэрвеня 1944 г. – заўвага рэдактара), куды былі перакінуты лепшыя германскія танкавыя дывізіі і асноўныя сілы авіяцыі. Ды й наогул дзьве траціны сваіх страт люфтвафэ панесла ў барацьбе супраць заходніх саюзьнікаў. Таксама супраць Англіі і Амэрыкі дзейнічаў амаль увесь германскі ваенна-марскі флёт. А ў апошні год вайны англа-амэрыканскія войскі бралі на сябе больш за траціну германскіх сухапутных сілаў.
Толькі ўявіце на хвіліну, што СССР змагаўся б з Нямеччынай сам на сам. Тады на Чырвоную Армію абрынулася б уся магутнасьць люфтвафэ і германскага флёту, а таксама і ўся германская сухапутная армія. А савецкія войскі, маючы ўдвая менш самалётаў, ніколі не заваявалі б панаваньня ў паветры, не змаглі б ва ўмовах поўнай перавагі германскага флёту доўга абараняць Севастопаль і Ленінград, наўрад ці атрымалі б перамогі пад Сталінградам і Курскам. Баюся, што ў двубоі сам на сам паміж Чырвонай Арміяй і вэрмахтам савецкая параза была б зусім верагоднай.
А цяпер паспрабуем уявіць сябе проста супрацьлеглую сітуацыю: Савецкі Саюз у вайне ня ўдзельнічае, захоўвае нэўтралітэт і забясьпечвае Нямеччыну сыравінай і харчаваньнем (варыянт – у 1942 годзе СССР церпіць паразу і выходзіць з вайны, як гэта апісана ў фантастычным рамане Робэрта Харыса “Фатэрлянд” і пастаўленым паводле яго матываў галівудскага фільма). Як бы тады скончылася змаганьне Англіі і ЗША супраць Нямеччыны? Эканамічны патэнцыял заходніх саюзьнікаў усяроўна пераўзыходзіў бы германскі, што забясьпечыла б ў доўгатэрміновай пэрспэктыве панаваньне англа-амэрыканскай авіяцыі і флёта і выключыла б германскую высадку на Брытанскія выспы. Вайна зьвялася б галоўным чынам да стратэгічных бамбардовак тэрыторыі Нямеччыны. Аднак што да сухапутных войскаў, то арміям Англіі і ЗША яшчэ доўга давялося б даганяць вэрмахт. Зыходзячы з таго, што нам вядома пра разьвіцьцё амэрыканскага і германскага ядзерных праектаў, можна сьцьвярджаць, што няўдзел СССР у вайне не аказаў бы грунтоўнага ўплыву на хуткасьць іх рэалізацыі. Разрыў паміж немцамі і амэрыканцамі на шляху да атамнай бомбы ў 1945 годзе складаў ня менш за тры гады, бо амэрыканцы яшчэ на прыканцы 1942 года зьдзейсьнілі ланцуговую рэакцыю ў рэактары, а ў немцаў такі экспэрымэнт у сакавіку 1945 года скончыўся няўдачай. Так што не даводзіцца сумнявацца, што ЗША атрымалі б атамную бомбу ў той момант, калі Нямеччыне да яе было б яшчэ далёка. Амэрыканцы, зразумела, ня сталі б марнаваць такую дэфіцытную зброю на ўжо пераможаную Японію, а падкапіўшы ядзерных боезарадаў, абрынулі б на прыканцы 1945 года ці на пачатку 1946 года дзесяткі ядзерных бомб на Берлін і Гамбург, Нюрнбэрг і Мюнхен, Кёльн і Франкфурт-на-Майне. Верагодна, што вайна скончылася б капітуляцыяй Нямеччыны пасьля зьнішчэньня яе буйнейшых гарадоў і прамысловых зон. Так што можна з упэўненасьцю сказаць, што Чырвоная Армія сваім гераічным супрацівам пазбавіла немцаў ад жахаў атамных бамбардовак.
Барыс Сакалоў