Валеры Буйвал: Нямецкі ўспамін

15 сакавіка 2010 г.

Навіны

У адзін з драматычных момантаў бессьмяротнага савецкага фільма народны кінагерой штурмбанфюрэр Штірліц брабурчэў пра сябе: “Видимо что-то у них там не получилось…” Ён быў на валаску ад правала, але ў немцаў сапраўды атрымаўся непрадугледжаны плянам канфуз, і агент Масквы ў чарговы раз выйшаў сухім з вады. Гэтая цытата стала набыткам народнага фальклёру, ёмістай формулай прыгодаў падвойнай гульні.

Лета 2000 года запомнілася беларускім патрыётам. Набіраў абароты пуцінскі рэжым, які афіцыйна аформіўся пасьля нечаканай адстаўкі Ельцына ў апошні дзень 1999 года. Пуцінізм ўзяў з месца ў кар’ер. Успыхнула полымя Другой расейска-чачэнскай вайны, пачалося татальнае здушэньне парэшткаў грамадзкага супраціву ў самой Расеі. Халодны сьмерч пранёсься і над тэрыторыямі маскоўскіх васалаў. 23 сакавіка 2000 года, калі тысячы беларусаў выйшлі ў цэнтар Менску, каб сьвяткаваць Дзень Волі, рэжым вывёў на вуліцы сталіцы калёну бранетэхнікі і цемру паліцэйшчыны. Мірны сьвяточны мітынг на плошчы Якуба Коласа быў брутальна атакаваны сіламі рэжыма. Сотні людзей былі зьбіты, паранены, арыштаваны гарыламі рэжыма. Выканаўца абавязкаў на Беларусі БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ Юры Беленькі быў цяжка паранены, у засьценках на працягу сутак яму адмаўлялі ў аказаньні мэдычнай дапамогі. Камандваў карніцкай акцыяй генэрал Жадобін. Фронтаўскае кіраўніцтва атрымлівала трывожныя зьвесткі з дыпляматычных крыніцаў і ад прыхільнікаў Беларусі з-за мяжы. Стала вядома, што заходнія краіны пад ціскам Нямеччыны выразілі згоду здаць Беларускую дзяржаву ў Расею. Наша краіна была разьменнай манэтай у выгадніцкім гандлі паміж чужынцамі, перш за ўсё паміж Масквой і Берлінам. Беларускае грамадзтва, аднак, прарэагавала на гэта не апатыяй і не страхам, а мабілізацыяй нацыянальных сілаў на абарону незалежнасьці. Драматычныя падзеі на Дзень Волі былі якраз адным з момантаў чарговага этапа барацьбы за Бацькаўшчыну. На прыканцы ліпеня 2000 года ў Менску сабраўся Усебеларускі Зьезд за Незалежнасьць, які адзінадушна выступіў за вольнае разьвіцьцё нашай краіны і даў адлуп замежным і мясцовым антыбеларускім змоўшчыкам.

Я, на жаль, ня мог удзельнічаць ва ўсіх пасяджэньнях Зьезда. Якраз у гэтыя дні старшыня Свабоднага Прафсаюза Беларусі Генадзь Быкаў папрасіў мяне папрацаваць з групай маладых немцаў, якія прыехалі ў Беларусь на запрашэньне прафсаюзнай моладзі. Адмовіць Быкаву я ня мог. Патрыёты шанавалі гэтага чалавека, які стаяў на чале рабочых пратэстаў увесну 1991 года, а потым арганізоўваў незалежны ад дзяржсыстэмы прафсаюзны рух у Беларусі. Прыехала даволі вялікая (каля 20 чалавек) дэлегацыя хлопцаў і дзяўчат з Заходняй Нямеччыны. Я вадзіў іх па музэях, распавядаў пра нашу гісторыю і культуру. Былі сустрэчы ў міністэрствах і сэмінар з беларускімі калегамі. У праграме быў таксама і візыт у сядзібу АБСЭ у Менску. Нас сустрэў усьмешлівы і карэктны Ганс-Георг Вік. На працягу гадзіны ён ўдаваў “добрага дзядулю”, распавядаў моладзі пра тое, як ён мацуе дэмакратыю і дапамагае апазыцыі ў Беларусі. (Праз год ён публічна прызнаецца, што ўся ягоная дзейнасьць адбывалася “по согласованію с белорусскім КГБ” , а галоўнай ягонай мэтай была “дэмакратызацыя Беларусі шляхам далучэньня яе да больш дэмакратычнай Расеі”).

Маладыя немцы адэкватна рэагавалі на хлусьню чыноўнікаў пра “магчымасьць бясшкоднага пражываньня ў чарнобыльскіх раёнах Беларусі”, спачувалі нашым маладым, пазбаўленым многіх магчымасьцяў. Але я адразу заўважыў, што яны вельмі варожа рэагуюць на мае словы аб расейскім імпэрыялізме, аб нашай нацыянальнай барацьбе супраць яго. Час ад часу немцы агрызаліся: “Ды што Вы ўсё пра сваю незалежнасьць? У вас яе няма і быць ня можа!..” 30 ліпеня я паказаў ім нумар “Народнай Волі” з вялікім здымкам, на якім быў адлюстраваны момант галасаваньня палутара тысячаў дэлегатаў за “Дэклярацыю ў абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі”. З гонарам я паказваў ім сваю фізіяномію на гэтым групавым здымку. На мой энтузіязм маладыя немцы прарэагавалі халоднымі позіркамі і сьціснутымі вуснамі. Я канчаткова зразумеў, што перад паездкай да нас іх нехта вельмі грунтоўна апрацаваў.

Высьветлілася, што ўсе яны і іхныя два старэйшыя кіраўнікі зьяўляюцца актывістамі нямецкай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (старшыня партыі Шродэр, канцлер ФРГ). Перад паездкай у Беларусь ім далі партыйнае заданьне паўплываць на беларускую моладзь у духу “сацыялістычнага інтэрнацыяналізма”, усялякім чынам “подрывать устоі” беларускага нацыяналізма і пераконваць далучацца да дэмакратычнай Расеі. З маладымі і старэйшымі беларусамі (уключна са мной) у іх гэты хітрык не атрымаўся. Пасланцы ад Шродэра нэрваваліся, я раздражняў іх сваім нежаданьнем вяртацца ў маскоўскі ГУЛАГ (дзе дарэчы сядзеў мой бацька пасьля знаходжаньня ў нямецкіх лягярох сьмерці). На чацьверты дзень кіраўнікі дэлегацыі заявілі Быкаву, што “ня хочуць больш бачыць і слухаць гэтага фашыста”. Фашызмам для немцаў было маё нежаданьне прадаваць маю Бацькаўшчыну ў расейскі палон. На гэтым кур’ёзны эпізод і скончыўся. Сярод іншага мяне тады зьдзівіла, зь якой нянавісьцю яны ставіліся да асобы былога канцлера Гэльмута Коля, энэргічнага арганізатара падзеньня Берлінскага Мура і уз’яднаньня нямецкай айчыны. Яны выхваляліся, што справа кансэрватызму ў іх пахавана разам з Колем.

Але час не стаяў на месцы. Праз некалькі гадоў Шродэр з сацыялістамі пацярпеў паразу на выбарах. Ён упіраўся, не хацеў сыходзіць, арганізаваў скандал, але вымушаны быў саступіць. Галоўны сацыял-дэмакрат нядоўга быў беспрацоўным. Як вядома, ён пайшоў на рускую службу ў “Газпром”. Нямецкія эліты і ўсё грамадзтва былі ў шоку. Такога яшчэ не было ў нямецкай гісторыі з палітыкамі першага рангу. Пачало высьвятляцца, што на шэрагу ключавых месцаў у германскай дзяржадміністрацыі, грамадзкім сэктары і палітыцы засядаюць прыхільнікі сацыялістычнай ідэі, яны ж — агенты Штазі. А некаторыя зь іх нават зьяўляюцца даўнімі сябрамі юнацтва Пуціна, які служыў быў у ГДР. Гэта не засталося незаўважаным у нямецкім грамадзтве. На чарговых выбарах у Бундэстаг два гады таму сацыял-дэмакратыя пацярпела сакрушальную паразу, якой ня зьведала за ўсю гісторыю свайго існаваньня з далёкага 1945 г. Немцы ня выбачылі Шродэру і шродэрцам дэманстрацыйнага халуйства перад крамлёўскімі баярамі. Уяўляю сябе, як мае экскурсанты 2000-га года ўцякалі з дзіравага карабля пад чырвоным сьцягам і пад камандай маскоўскага агента.

Літаральна сёньня СМІ ўсяго сьвету (у тым ліку Радыё Свабода) паведамілі пра буйны скандал у Нямеччыне. Спэцслужбы і пракуратура ФРГ вядуць рассьледваньне па фактах дзяржаўнай здрады ў дзяржаўным кіраўніцтве нямецкай зямлі Брандэнбургіі (сэрца Прусіі).

Раскрываецца, што шэраг дзяржаўных служачых высокага ўзроўню і іхныя сакратары зьяўляюцца агентамі расейскіх спэцслужбаў. Такога маштабнага хапуна яшчэ не было ў гісторыі ўзьяднанай Нямеччыны. “Что-то у ніх там не получілось…” Брандэнбургскія шцірліцы мітусяцца ў адчаі, даюць паказаньні. Фэномэн шродэрызма бокам вылазіць нямецкай дзяржаве і грамадзтву. А ўсё пачыналася так прыгожа, з заяваў пра вечную дружбу, дэмакратыю і міжнародную салідарнасьць. Са спробаў расплаціцца за сваё нямецкае шчасьце няшчасьцем беларускага народа.

Валеры Буйвал