Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Эпізоды расейскай вайны супраць Беларусі

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Цягам стагодзьдзяў на тэрыторыі этнічнай Беларусі было нямала розных дзяржаўных утварэньняў. Адны зь іх існавалі працяглы час, іншыя — кароткі. І сёньня, калі ўжо, здавалася б, напісана наноў гісторыя, прычыны ўтварэньня й лёс некаторых такіх дзяржаваў застаюцца малавядомымі. Асабліва гэта тычыцца пачатку ХХ стагодзьдзя.

І сярод тых дзяржаўных утварэньняў, пра якія мала пішуць і гавораць, — Сацыялістычная савецкая беларуская рэспубліка, або ССБР. Яна праіснавала толькі тры месяцы: ад сьнежня 1918 году да сакавіка 1919-га. Хто й дзеля чаго ствараў гэтую рэспубліку?”

(Алесь Петрашкевіч: ) “Гэта можна назваць вялікай і вельмі пасьпешлівай авантурай. Стварала гэтую авантуру бальшавіцкая Масква. Ёй патрэбен быў буфэр паміж Польшчай і Расеяй”.

(Ракіцкі: ) “Як утваралася гэтая Рэспубліка, у якіх умовах і кім непасрэдна?”

(Петрашкевіч: ) “Умовы былі франтавыя. Трэба было хуценька стварыць такую рэспубліку, як сказаў Ленін, якая сама абаранялася б ад наступальных ворагаў. Мелася на ўвазе Польшча. Сталіну было даручана стварыць урад рэспублікі. Сталін гэтым займаўся з тыдзень. Ён дамовіўся зь Мясьніковым, які ўзначальваў “Западную камуну” й сядзеў у Смаленску, пра тое, што Западная камуна касуецца, а ўтвараецца вось такая рэспубліка — ССБР.

Старшынём ураду быў прызначаны Зьміцер Жылуновіч. Гэта быў бальшавік, пісьменьнік, які вельмі дрэнна ставіўся да БНР. І тут акупацыйная ўлада заблыталася. У свой час савецкая ўлада прыняла канстытуцыю й паабяцала ў ёй навакольным дзяржавам — былому Вялікаму Княству Літоўскаму, Латвіі, Эстоніі — незалежнасьць. І Сталін піша Леніну: “За годы гражданской войны, когда мы ввиду интервенции вынуждены были демонстрировать либерализм Москвы в национальном вопросе, мы успели, помимо своей воли, воспитать среди коммунистов настоящих и последовательных социал-независимцев, требующих настоящей независимости во всех смыслах и расценивающих вмешательства ЦК РКП как обман и лицемерие со стороны Москвы. І я так понимаю, что мы переживаем такую полосу, когда формальный закон, конституция не могут быть откровенно игнорированы. Когда молодое поколение коммунистов на окраинах игру в независимость отказывается понимать как игру, упорно признавая и принимая слова о независимости за чистую монету и так же упорно требуя от нас проведения в жизнь буквы конституции о независимых республиках. Таков и Жилунович со своими белнацкомовцами”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі беларускія нацыянал-бальшавікі шчыра ўспрынялі рашэньне Масквы пра стварэньне такой рэспублікі?”

(Петрашкевіч: ) “Шчыра, але не бесканфліктна. Павялі сябе беларускія бальшавікі, так бы мовіць, абсалютна нацыянальна. І не выпадкова зьявіцца такое вызначэньне: “гэтыя наркамы большыя беларусы, чым бальшавікі.” Канфлікты пайшлі адразу. Мясьнікоў не пагадзіўся стварыць беларускую газэту. Ён адмаўляў права на карыстаньне беларускай мовы. Наагул гэта быў ваенны дыктатар. Ён быў таксама гэтак званым абласьніком. Абласьніцтва ж на той час не падтрымлівалася Масквою. Канстытуцыя дазваляла незалежныя рэспублікі, а на практыцы гэта быў падман, які мясцовыя бальшавікі ўспрынялі за чыстую манэту”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, Масква з дапамогаю беларускіх нацыянал-бальшавікоў утварыла, здавалася б, незалежную Беларускую рэспубліку. Але чаму тады ад Беларусі адрэзваюць тры вобласьці — Віцебскую, Смаленскую й Магілёўскую?”

(Петрашкевіч: ) “Справа пайшла яшчэ далей. Роўна праз два тыдні пасьля ўтварэньня гэтай рэспублікі была прынята новая пастанова маскоўскага ЦК — што ня трэба такой рэспублікі, трэба яе аб’яднаць зь Летувой. І сюды прыяжджае ўпаўнаважаны ЦК Іофэ, які выкручвае рукі гэтым наркамам. Жылуновіч і ягоныя наркамы катэгарычна былі супраць. Адразу падалі ў адстаўку Шантар, Фальскі й Дыла. Гэта ўжо быў скандал. Праходзіць нейкі час, і зьбіраецца гэтак званы Ўсебеларускі зьезд. Ніякіх дэлегатаў ніхто не абіраў — іх прызначылі. І гэты Ўсебеларускі зьезд прымае рашэньне аб’яднацца зь Летувой. Але аб’ядноўваць няма чаго. Аб’ядноўваюцца зь Летувой фактычна толькі Меншчына й Віленшчына. Гарадзенская вобласьць яшчэ пад палякамі, Берасьцейская — пад немцамі. Ніводзін з наркамаў не трапляе ў гэты новы ўрад. Некалькі наркамаў, улучна з Жылуновічам, апынуліся ў турме. Жылуновічу ўдаецца потым ўцячы на Ўкраіну. Трох наркамаў выракаюць да сьмяротнага пакараньня. У 1919 годзе загіне Найдзянкоў, потым расстраляюць Шантара, міністра замежных спраў Фальскага засудзяць да сьмяротнай кары, але заменяць катаржнай турмой”.

(Ракіцкі: ) “За што?”

(Петрашкевіч: ) “За іхныя “нацыяналістычныя” паводзіны”.

(Ракіцкі: ) “А што давала стварэньне Літоўска-Беларускай рэспублікі самой Беларусі?”

(Петрашкевіч: ) “Гэта зноў жа штучнае стварэньне буфэрнай рэспублікі на час. У гэты момант ужо ставілася задача весьці доўгія зацяжныя перамовы з Расеяй на аб’яднаньне. Так было сфармулявана. Гэтай рэспубліцы не вызначалі нават культурнай аўтаноміі — ёй папросту надавалі статус аўтаномнай вобласьці”.

(Ракіцкі: ) “І чым уся гэтая гісторыя завяршаецца?”

(Петрашкевіч: ) “Стварыўшы гэтак званы Літ-Бел, ува ўрад якога ўжо не ўвайшоў ніводзін наркам ні ад Мясьнікова, ні ад Жылуновіча, улада адразу пайшла на рэпрэсіі. Жылуновіч уцякае на Ўкраіну. Прыходзіць лета, палякі ідуць у наступ, займаюць Вільню, Менск. Мясьнікоў зноў вяртаецца ў Смаленск. Сталін як упаўнаважаны прыбывае ў Беларусь і бярэ яшчэ ўдзел у скасаваньні й гэтага Літ-Белу. Гісторыя будзе мець працяг у трыццатыя гады. У 1933 годзе будуць дапытваць Жылуновіча пра ягоныя нацыяналістычныя паводзіны падчас стварэньня гэтай рэспублікі. Загіне ён у псыхіятрычным шпіталі ў Магілёве (ня вытрымаў катаваньняў). І амаль усе наркамы — і прыхільнікі Мясьнікова, і прыхільнікі Жылуновіча — будуць расстраляныя. Мясьнікоўцаў зьвінавачвалі за няправільныя, з гледзішча Масквы, бальшавіцкія паводзіны. Бо ж яны адстойвалі кіраваную імі Западную камуну. А прыхільнікаў Жылуновіча зьвінавачвалі за тое, што яны вялі “нацыяналістычную палітыку”: выступалі за беларускую мову, патрабавалі беларускай газэты, адкрыцьця нацыянальных культурных установаў”.

(Ракіцкі: ) “Чаму й сёньня факт гэтага дзяржаўнага ўтварэньня — Савецкай сацыялістычнай беларускай рэспублікі — замоўчваецца? І яшчэ: чаму п’есу, напісаную пра гэтыя падзеі, вы назвалі па-расейску — “Белорусский вопрос”?”

(Петрашкевіч: ) “У беларусаў не было “беларускага пытаньня”. А вось белорусский вопрос — раней для Масковіі, пазьней для Масквы — не зьнікаў ніколі. Быў зьвязаны з паўстаньнямі, якія адбываліся ў Беларусі, быў зьвязаны з нацыянальна-вызвольным рухам, які тут разьвіваўся. Гэты “белорусский вопрос” ня зьнік для Масквы й сёньня. Таму так пільна сочыць Масква за тым, што ў нас адбываецца. Масква чакае зручнага часу дзеля інкарпарацыі. І на шляху да яе лічыць, што гісторыя можа й паўтарыцца, як з той Савецкай сацыялістычнай беларускай рэспублікай, пра якую энцыкляпэдыі ня пішуць. Бо сёньня, відаць, нават бессаромным канфузна за тыя падтасоўкі”.

(Радыё “Свабода”, эфір 4 траўня 2005 году)

6/5/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2006
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024