Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць” зьявілася ў пачатку 2000 года, пасьля падпісаньня 8-га сьнежня 1999 г. незаконнага пакту Лукашэнкі-Ельцына аб стварэньні так званай “саюзнай дзяржавы” Расеі і Беларусі.
8 сьнежня, у дзень падпісаньня “пакту” кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ прыняло заяву “Па пакту Ельцына-Лукашэнкі” (Гл. “Беларускія Ведамасьці”,— 1999-2000 г., №1 (24), стар. 5-6), дзе было паведамлена “аб непрызнаньні гэтай антызаконнай змовы” і аб тым, што “мільёны беларусаў, нязгодныя прызнаць вынікі пакту Ельцына-Лукашэнкі, устануць на абарону Айчыны”.
31 сьнежня 1999 г. адбыўся мяккі кагэбоўскі пераварот у Расеі. Ельцына адхілілі ад пасады. Уся ўлада ў Расеі апынулася ў руках стаўленіка КГБ прэм’ер-міністра У. Пуціна.
Назаўтра, 1-га студзеня 2000 г. зьявіўся Зварот да беларускага народу (Зянона Пазьняка) пад загалоўкам “Беларуская Салідарнасьць” (Гл. “Беларускія Ведамасьці”,— 1999-2000 г., №1 (24), стар. 1-2), дзе было сказана: “беларусы мусяць быць салідарнымі ў абароне незалежнасьці і ў змаганьні з незаконным рэжымам… Падтрымлівайце, стварайце, мацуйце “Беларускую Салідарнасьць”!
Гэтая ідэя знайшла разгорнутае тлумачэньне ў артыкуле Зянона Пазьняка “Трэба змагацца” (Гл. “Беларускія Ведамасьці”,— 2000, №3 (26), стар. 1-2) і ў спэцыяльным звароце Управы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, прынятым 2-га траўня 2000 г. пад загалоўкам “Беларуская Салідарнасьць” (Гл. “Беларускія Ведамасьці”,— 2000, №3 (26), стар. 4-5). У звароце пералічаныя дзеяньні, якія неабходна было рабіць дзеля абароны беларускай незалежнасьці ад пагрозы з Расеі.
У гэты ж час пачынае выходзіць аналітычна-інфармацыйны бюлетэнь “Беларуская Салідарнасьць” і фармуецца аднайменная грамадзкая ініцыятыва, ініцыятарам і рухавіком якой стаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.
У рэчышчы ініцыятывы – арганізацыя палітычна-асьветніцкага друку і палітычна-асьветніцкіх мерапрыемстваў (купалаўскія, коласаўскія, багдановічаўскія чытаньні, мерапрыемствы, зьвязаныя з нацыянальнымі сьвятамі, датамі, асьветна-інфармацыйныя акцыі, зьвязаныя зь бягучымі палітычнымі падзеямі і г.д.).
“Беларуская Салідарнасьць” павінна рыхтаваць грунт, накірунак дзеяньняў і ідэяў для беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, беларускай мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы існаваньня нацыі.
Гэта каштоўнасьці агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць, бараніць і разьвіваць усе беларусы перад абліччам агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лкашэнкі. Тут каштоўнасьці салідарнага нацыянальнага інтарэсу і салідарнага беларускага дзеяньня.
Формы дзейнасьці “Беларускай Салідарнасьці” могуць быць розныя, але паўсюдна ўлічваем рэальную антыбеларускую палітыку прамаскоўскага рэжыму і пагрозу нашаму нацыянальна-культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх нашых справах: Беларусь перадусім. Шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Беларус беларуса мусіць бараніць. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Гэта станавы хрэбет здаровай нацыянальнай мэнтальнасьці, які дапаможа беларусам паважаць сябе, вытрымаць навалу, выжыць і перамагчы.
Ва ўмовах антыбеларускага акупацыйнага рэжыму і вынішчэньня ўсяго беларускага “Беларуская Салідарнасьць” падтрымлівае толькі адну партыю – Беларускі Народ. І тое, што зь ім.
Тыя ж пазыцыі на палітычным полі Беларусі (з Усходу і з Захаду), якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, але абмінаюць рэальнасьць вынішчэньня беларускай нацыі і культуры – усе гэтакія пазыцыі ёсьць блуд, словаблудзтва і фальш, за якімі хаваецца іншы, небеларускі інтэрас.
Гэтакія “змагары”, напрыклад, кажуць: “Для нас несомненно, что права и свободы гражданина должны стоять выше прав и свобод белорусской нации” (Станіслаў Багданкевіч; “Белорусская Газета”,— 1999, 16 ліпеня).
І гэта ў той час, калі нацыю душаць. Мы ўважаем, што такія “дэмакраты” могуць стварыць на Беларусі толькі новае дэмакратычнае халуйства. (Перад Масквой ці перад Бэрлінам – ня мае значэньня).
“Беларуская Салідарнасьць” стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: “Не правы чалавека – галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй”. Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне, а не за “правы” перад рэжымам і акупантамі. Чхалі яны на нашыя “правы”. Страціўшы галаву, па валасах ня плачуць.
Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць” існуе як ідэйна-арганізаваная плынь Беларускага Адраджэньня вось ужо пяць гадоў, не імкнучыся структурызавацца, аформіцца ў арганізацыю ці партыю, зарэгістравацца ў Мінюсьце і г.д.
Плынь – гэта адна з формаў вольнага змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе распазнаньне простае і надзейнае, па прынцыпу Каліноўскага: — Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Дык узаемна.
Калі ж плынь стане магутнай ракой, шырокім беларускім морам, тады яна вылучыць свае дэмакратычныя арганізацыі і аб’яднаньні, якіх ня зглуміць ніякі прамаскоўскі рэжым і ня купіць ніякая збочаная лібэральная дэмакратыя.
Зянон ПАЗЬНЯК
(матэрыялы па ініцыятыве “Беларуская Салідарнасьць” глядзі на галоўнай у катэгорыі Змаганьне за Беларусь)