Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зборка артыкулаў Зянона Пазьняка (28 чэрвеня - 22 жніўня 2022)

МІМІКРЫЯ ПСЭЎДАПАЛІТЫКІ
І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ

Сярод думаючых беларусаў, здаецца, ужо не засталося асобаў, якія б ня ўбачылі і не зразумелі, што выбарчы праект 2020 года з Бабарыкам-Цапкалам і Ціханоўскімі — гэта шматхадовы эфэсбоўскі план Крамля, аформлены праз Газпрам і яго арганізацыі ў Беларусі. Сутнасьць праекту — стварэньне ўмоваў для фармальна дэмакратычнай замены нелегітымнага Лукашэнкі на іншага, дэмакратычна абранага стаўленьніка Крамля. Для Масквы гэта было важна, каб зрабіць анэксію Беларусі з апорай на легітымную прамаскоўскую ўладу і на легітымнага прэзыдэнта. Лукашэнка тым часам псаваў чысьціню афёры і ня ўпісваўся ў міжнароднае права.

Але ня ўсё пайшло для Масквы гладка. Сотні тысячаў беларусаў выйшлі на пратэсты пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Рух набыў нацыянальна-палітычную афарбоўку. Нацыянальны Беларускі сьцяг стаў галоўным героем і галоўным ідэйным сымвалам пратэстнагна руху, які пры ўмове радыкальнага абвастрэньня мог бы пагражаць існаваньню рэжымнай улады ў Беларусі і стаць небясьпечным прыкладам для расейцаў, нездаволеных палітыкай Крамля.

Размах і характар беларускіх пратэстаў вырашыў пазыцыю Масквы. Асьцерагаючыся народнай актыўнасьці і рэвалюцыйнага прыкладу для Расеі, Крэмль падтрымаў Лукашэнку, махнуў рукой на сваіх “сядзельцаў” (якіх Лукашэнка засадзіў надоўга), а бяздумна-адданую Маскве і разгубленую Сьвятлану Ціханоўскую вывезьлі ў Вільню, там прыставілі да яе ахову і выдзелілі 400 тысячаў эўра ў год на існаваньне за кошт Летувы. Такі вось паварот з прыцэлам на прафанацыю апазыцыйнай нішы ў Беларускім руху (клясычная тэхналёгія, якая задаволіла і Маскву, і Брусэль).

Другі пасаж — удар па ўяўленьнях і фатальная прабоіна ў зьмесьце палітычнага існаваньня прамаскоўскай групоўкі Латушкі-Ціханоўскай здарыўся ў студзені-лютым 2022 года, калі нечакана для групнікаў Масква ўвяла войскі, акупавала Беларусь і зь Беларусі напала на Украіну, дэманструючы людабойства і фашысцкую сутнасьць вайны.

Усё гэта паралізавала мазгі пасьлядоўнікаў “мудрага Пуціна”, “братской России” і працэсаў “інтэграцыі”.

Праз месяц разгубленасьці, агледзеўшыся, група паступова набыла антываенную рыторыку і, пазьбягаючы канкрэтызацыі, стала асвойвацца ў нечаканых абставінах, ганячы агрэсію супраць Украіны. Але палітычная цнатлівасьць ўжо была страчана. І што рабіць?

І вось тут — увага! Рашылі штучна вярнуцца ў цноту, у нявіннасьць (такое бывала ў жыцьці). Ні слова пра “мудрасьць” крамлёўскага гнома. Ён — агрэсар. Загаварылі пра “аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў”, пра стварэньне агульнага народнага беларускага руху супарць Лукашэнкі, і нават пра “беларускае нацыянальнае адзінства”, і г. д., і т. п.

У сярэдзіне траўня гэтага году “дэмакраты” сабраліся ў Варшаве па ініцыятыве спадара Цапкалы, які пакрыўджаны і вельмі не задаволены разьмеркаваньнем эўрафінансаў на “беларускую дэмакратыю”.

На канфэрэнцыі ўсе “харашо” выступалі па-руску за нацыянальнае “единение”, але часу не хапіла, і вырашылі яшчэ сабрацца ў першай палове ліпеня ў Бэрліне (гэта якраз тое месца, дзе “дэмакратам” якраз добра “обьединиться”, лепш было б толькі ў Маскве).

Ініцыятыва спадара Цапкалы не засталася незаўважанай другімі “беларускімі дэмакратамі”. Аб надзяваньні маскі беларускага нацыянальнага руху задумаліся ў групоўцы Латушкі-Ціханоўскай. Гэта ж такі выхад з тупіка. Пра беларускае “народное движение” групнікі таксама зьбіраюцца гаварыць, магчыма, нават неўзабаве.

Усю гэтую мімікрыю агентуры і палітычную банальшчыну беларусы бачылі ўжо ня раз у гісторыі, нават аскому набілі. Мімікрыя пад беларускую форму — гэта тыповы прыём расейскага імпэрскага каляніялізму ў змаганьні зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам. Мэтодыку распрацавала яшчэ расейская царская жандармэрыя.

Перад 1-й Сусьветнай вайной, напрыклад, чыноўнікамі расейскага Міністэрства ўнутраных спраў было створана ў Вільні так званае “Белорусское общество” для барацьбы зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам, з “Нашай Нівай”, зь Беларускай Сацыялістычнай Грамадой і г. д. Узначаліваў яго такі палітычны прахіндзей чарнасоценнага кшталту і беларускі вырадак нейкі Лукаш Саланевіч. “Белорусское общество” выдавала газэту “Белорусская жизнь” (пазьней — “Северо-западная жизнь”), выступала за “белорусский народ”, за “Белоруссию”, за “красивую белорусскую природу, но против белорусского языка” і г. д.

У 1919 годзе, акупаваўшы Беларусь і скарыстаўшы беларускіх камуністых, расейцы нават нібыта беларускую савецкую без незалежнасьці, з шасьці паветаў дзяржаву зацьвердзілі (у якой потым перадушылі і перасстралялі ўсё беларускае). Тут мэтодыка была ў шырокім маштабе. Нават ідэалегему для зьнішчэньня беларускай культуры прыдумалі, маўляў, яна “национальная по форме и коммунистическая по содержанию”. Неўзабаве “содержаніе” сажрала і форму.

Тое ж шырока практыкавалася ў 1990-х (інтэрфронт супраць народных франтоў). У 1991 годзе, напрыклад, з ініцыятывы КГБ і Савета міністраў было створана супраць БНФ так званае “Народное движение Белоруссии” (з бюджэтам у тры мільёны даляраў з дзяржаўнай казны). Рашылі перахапіць справу БНФ на русіфікатарскі капыл. Начале “движения” паставілі канторскага чалавека Сяргея Гайдукевіча. Посьпеху “движение” ня мела, але мэтодыка тая ж (і бюджэт скарысталі).

Што датычыць грошай (тут між іншым), то ня ў прыклад цяперашняй Брусэльскай Эўракамісіі, прэм’ер Кебіч (ён жа афіцэр КГБ, як потым стала вядома) тварыў з выдумкай. Арганізавалі фіктыўна-падстаўную арганізацыю “Комитет солдатских матерей”. “Мацерам” выдзелілі ўрадавую дапамогу ў тры мілёны даляраў, пасля чаго “мацеры” ўступілі ў “Народное движение Белоруссии”. Далей вядома.

У той час гэб’ё стварала нават беларускія партыі “для борьбы за демократическую Белоруссию”. Так была створана Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі. У ліпені 1991 года старшыня гэтай партыі Алесь Емельянаў у парыве пачуцьцяў пайшоў у рэдакцыю газэты “Свободные новости” і заявіў для друку, што ён ёсьць “сексот” КГБ (гл. Алесь Емельянов: “Я был сексотом КГБ”, — “Свободные новости”, — 1991, июль, №10, стар.7)

Тое ж было ў 2000-м, калі нямецкі разьведчык Ганс Вік (ён жа старшыня Менскай Місіі АБСЭ) разам з КГБ (засьведчана ў друку) раскалолі Беларускі Народны Фронт і стварылі новую “беларускую дэмакратычную апазыцыю”, якая арыентавалася на Захад (на заходнія гранты), дружыла з Масквой і пускала “паперадзе дэмакратыю”, але не “беларускі язык” (выказваньне С. Аліксіевіч).

Супраца нямецкіх афіцыйных асобаў з расейска-арыентаванай “дэмакратыяй” і з КГБ у барацьбе за “дэмакратыю” ў Беларусі і за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй (засьведчана ў друку) распачала новую эру ў жыцьці беларускай квазі-апазыцыі. Нарадзілася арыгінальная “халяўная” зьява — палітычны бізнэс (спажываньне грошай) на справе апазыцыйнага руху шляхам выкарыстаньня эўрапейскіх датацыяў і грантаў.

У гэтым палітбізнэсе галоўнае патрабаваньне да паводзінаў апазыцыяністаў гучэла так — каб былі за дэмакратыю, каб разам з Расеяй і каб ніякага беларускага нацыяналізму. Інакш — грошай ня будзе. Гэтая паразітная парадыгма палітбізнэсу дзейнічае ў квазі-апазыцыі па сёньняшні дзень.

Цяпер, у выніку расейскай акупацыі, агрэсіі і вайны, мы зьяўляемся сьведкамі крызісу галоўнага пастулату заходніх лявацкіх грантадаўцаў. Пастулат гучэў так: супраць дыктатуры Лукашэнкі, але разам з Расеяй. І вось аказалася, што на “разам з Расеяй” ужо не паедзеш.

Магчыма Брусэль таксама рашыў наступіць на горла сваёй антынацыянальнай песьні. Але сумняваюся, хутчэй за ўсё прыдумаюць эўфемізмы. Па грантаемцах відаць. Зараз грантаемцы, каб мець датацыі зьбіраюцца схавацца ў патрыятычныя маскі, спрабуюць сыграць супраць рэжыму Лукашэнкі на дэмагогіі пра народ, на рыторыцы пра аб’яднаньне нацыі ў дэмакратычны нацыянальны рух. Толькі ведаем мы гэтых зрусіфікаваных саўкоў і іхныя матэрыяльныя інтарэсы .

Ёсьць таксама палітычная прычына маніпулятыўных паводзінаў псэўдаапазыцыі. Справа ў тым, што рашыстам даўно муляе і непакоіць стварэньне Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту і Нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”, які разьвіваецца здаўна, валодае дасканалай Праграмай пераўтварэньня Беларусі ў вольную краіну, суполкамі ў Беларусі і за мяжой, кантактамі з замежнымі палітычнымі структурамі і магчымасьцямі ўплыву.

У верасьні мінулага года, назіраючы палітычны крызіс і набліжэньне вайны, Беларускі Нацыянальны Сакратарыят аб’явіў, што ў выпадку рэзкіх пераменаў і ў выпадку сканчэньня рэжыму Лукашэнкі, Сакратарыят бярэ ў рукі адказнасьць за лёс краіны і ўскладзе на сябе ролю Часовага ўраду Беларусі. Рыхтуецца да гэтага цяпер, як Часовы урад і адчувае абавязкі. Некіруемага балагану і ўсялякіх “нэкстаў” 2020 года больш ня будзе. Мы ведаем, што трэба рабіць, маем вопыт і падтрымку там, дзе не ўплываюць ніякія рэжымныя і перакупленыя квазідэмакратычныя групы. Беларуская пазыцыя ўмацоўваецца. Ніякая інфармацыйная блакада нам не перашкодзіць.

Тое, што ў грантавых рускаформных групоўках зьявілася рыторыка пра аб’яднаньне ўсіх нацыянальных сілаў, пра народны беларускі рух і т. п. — гэта якраз праява традыцыйнай расейскай мэтодыкі падставы і прафанацыі ў змаганьні з рэальным Беларускім нацыянальным рухам. Але нічога не атрымаецца ў маніпулятараў. Рэальны беларускі нацыянальны рух існуе і зробіць сваю справу.

У бліжэйшы час Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху “Вольная Беларусь” шырэйшым колам (і шырэйшым сходам) будзе разглядаць праграмныя палажэньні і дзеяньні дзеля існаваньня беларускай нацыі ва ўмовах акупацыі і вайны.

У заключэньні хачу нагадаць аб патрэбе стварэньня суполак руху “Вольная Беларусь” на Бацькаўшчыне пад акупацыяй. (Згодна з апублікаванай мэтодай — толькі 2-3 асобы ў суполцы, гарызантальная сувязь праз адну асобу; адпаведнае захаваньне.) За мяжой — вольнае ўтварэньне.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху “Вольная Беларусь” зьяўляецца, фактычна, аргкамітэтам Руху. Ён узяў на сябе задачы інфармацыі, каардынацыі, сектаральнай працы, вызначэньне нацыянальнай палітыкі і нацыянальнай ідэалёгіі Руху.

Нагадаю галоўныя прынцыпы і пастулаты:
1. Дзяржаўная незалежнасьць Беларусі.
2. Дзяржаўная Беларуская мова.
3. Вольнае дэмакратычнае грамадзтва.
4. Расея — вораг Беларусі.
5. Вяртаньне законнай Канстытуцыі 1994 года.
6. Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чарвона-Белага сьцяга і гэрба Пагоня.
7. Парляманцкая рэспубліка.
8. Выбары Вярхоўнага Савета па мажарытарнай сістэме (пакуль ні створыцца партыйная сістэма палітыкі).
9. Адмена лукашысцкага заканадаўства.
10. Выхад з усіх антынародных дамоваў і саюзаў з Расеяй.
11. Балта-Чарнаморская супольнасьць.
12. Супраца з Захадам
13. Дабраахвотная падтрымка Украіны ў вайне супраць расейскай акупацыі.
14. Дэрусіфікацыя.

ЗАЎВАГІ.
Падчас дзейнасьці Часовага нацыянальнага ўраду (БНС) будзе скарыстаная мэтода хуткай і безбалеснай зьмены ўлады па ўсёй Беларусі з выкарыстаньнем існуючых адміністрацыйных кадраў.

Люстрацыя толькі пасьля стварэньня Парляманту. Парлямант (”Вярхоўны Савет” па Канстытуцыі) прымае закон аб люстрацыі.

Для суду над Лукашэнкам (пры ўмове, калі ён будзе арыштаваны) і над лукашысцкімі злачынцамі супраць Беларускай нацыі і супраць чалавецтва (пры ўмове іх арышту) будзе створаны (парлямантам) Адмысловы Беларускі Трыбунал. Палажэньне аб сьмяротным пакараньні можа быць абмежавана альбо выключана з Крымінальнага Кодэксу толькі пасьля заканчэньня працы Адмысловага Беларускага Трыбуналу (пры ўмове рашэньня парляманту).

4 ліпень 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
(Ад Беларускага Нацыянальнага
Сакратарыяту руху “Вольная Беларусь”)

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/mimikryapseudapalitykiibelaruskinacyanalna-vyzvolnyruh

____________

ДА ЖАЎНЕРАЎ І АФІЦЭРАЎ БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА

Калі рашысцкія акупанты прымусяць менскага вар’ята штурхнуць беларускіх вайскоўцаў ісьці вайной на Украіну, каб страляць па ўкраінцах, тады памятайце, у Вас ёсьць тры шляхі:

Першы шлях — ганебны і самагубчы для Вас і для гонару нашай краіны. Гэта падпарадкавацца шызоідным распараджэньням вар’ята, ступіць на Украіну са зброяй і забіваць ні ў чым не павінных перад Вамі украінцаў на іхняй зямлі, і таксама прыняць ад іх сваю бязсэнсоўную сьмерць.

Другі шлях — калі пагоняць, тады падняць белы сьцяг і перайсьці на бок украінцаў. Вы будзеце абаронены міжнароднымі законамі. Гэта не палон. Адмова ад чужой маскоўскай несправядлівай вайны, адмова быць агрэсарам, адмова ваяваць з суседам забясьпечыць Вам статус жыцьця ў любой краіне ААН альбо магчымасьць (хто пажадае) ваяваць супраць рашысцкага мордара на баку ўкраінцаў у беларускіх вайсковых аддзелах.

Трэці шлях — гэта шлях герояў і патрыётаў Айчыны. Перагрупавацца, павярнуць назад і пайсьці на Менск вызваляць Беларусь ад акупацыі прамаскоўскага рэжыму і ад улады псіхічна збочанага вар’ята, здрадніка, ворага нацыі і чалавецтва.

І яшчэ. Вам вайскоўцам, што нясуць адказнасьць за лёс і абарону Айчыны, трэба адказаць сабе на стратэгічна важнае пытаньне: чаму Пуцін так апантана душыць на Лукашэнку, каб пагнаць беларускае войска вайной на Украіну? Яно ж нічога там ня вырашыць. Прытым расейцы вывозяць цяпер боепрыпасы зь Беларусі сабе ў Данбас і Пуцін ведае, што беларускія ваенныя ня хочуць ваяваць. У чым тут справа?

Трэба разумець агрэсіўную, подлую, антынародную і антыбеларускую палітыку Масквы. Крэмль нічога не заваюе, загнаўшы беларускае войска на Украіну. Масква спадзяецца на тое, што нематываванае беларускае войска амаль гарантавана будзе панішчана і разьбіта ўкраінцамі і тады пры ўсіх раскладах і паваротах Масква можа захапіць Беларусь голымі рукамі. Бараніць краіну ня будзе каму.

Таму самы рацыянальны і патрэбны для Беларусі вайсковы чын — гэта трэці шлях беларускай арміі, пра які я тут распавёў. Паварочвайце зброю супраць рэжыму здраднікаў, тэрарыстаў, варвараў і акупантаў. Калі тое станецца, то гэта будзе ня толькі канец менскага вар’ята, але і канец крамлёўскага гнома, і канец маскоўскай вайне.

Памятайма пра гонар, справядлівасьць, народ, нацыю і Айчыну.
Жыве Беларусь! Слава Украіне!

7 ліпень 2022 год
Зянон Пазьняк
(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту
руху “Вольная Беларусь”)

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/dazaunerauiaficeraubelaruskagavojska

__________

НАРОДНАЯ ЗАПАВЕДЗЬ

Усім прыхільнікам дэмакратыі і свабоды хацеў бы нагадаць праўду, на якой стаіць сьвет.

У якім бы стане ні трываў народ, ніколі нельга зьневажаць, абвінавачваць і ненавідзець агулам свой народ, яго мову і быт, калі толькі сапраўды Вы хочаце дэмакратыі і свабоды, і каб народ існаваў.

Народ як роднае дзіця, трэба толькі любіць, шкадаваць, абараняць і дапамагаць яму стаць лепшым нават тады, калі ён Вас ненавідзіць, і гора ягонае трэба браць на сябе, каб у сэрцы яно было горам Вашым.

Такімі былі беларускія адраджэнцы, пачынаючы ад Каліноўскага, што ўзьнялі народ зь небыцьця і бяды і, дзякуючы якім існуе Беларусь.

9-07-2022
Зянон Пазьняк

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/narodnaazapavedz

___________

НЕВЕРАГОДНАЯ КАМЭДЫЯ

Характэрная зьява саўковай псіхалогіі — калі нейкае палажэньне рэчаіснасьці выносіцца як пазыцыя палітыкі і прапускаецца праз прапаганду і тэлевізар, і калі тое успрыме савок, тады яму хоць кол на галаве чашы, будзе тупа стаяць насьмерць і паўтараць тое, як папугай, нягледзячы ні на што.

Усе гэтыя ганебныя гады мы бачылі такія паводзіны адносна Лукашэнкі. “Сукін сын” (як афіцыйна называюць яго расейцы) прывёў да акупацыі краіны расейскім войскам, хоча ўцягнуць беларусаў у вайну супраць Украіны. І ўсяроўна для добрай чвэрці насельніцтва, нават у гэтых умовах, ён “прэзідзент харошы”. Вось што робіць з інтэлектам русіфікацыя.

Рэпрадукцыя

Потым зьявіліся новыя “саўкі”, так званыя “невероятные” (ці “ніякія”), што ня любяць старых “саўкоў” і гукаюць, што ўжо не Лукашэнка, а Ціханоўская ёсьць іх лідар і “прэзыдэнт”. Маўляў, большасьць прагаласавалі за яе. Ім так здаецца — і ўсё тут. Можна таксама кол на галовах часаць. Ніякія высновы юрыстаў, амэрыканскіх і беларускіх заканадаўцаў, палітыкаў для іх ня маюць значэньня. Ім так хочацца думаць.

І вось гэтую саўковую паставу ўжо спэцыяльна (быццам нічога не разумеючы) пачынаюць падтрымліваць розныя прапагандысты, журналісты ды палітычныя прайдзісьветы. Шум і гам стаіць па сёньняшні дзень. Але фальшывая роля “Сьвета — наш прэзыдэнт” ужо заканчваецца. У стане расейскай акупацыі Беларусі і ў час ваеннай агрэсіі супраць Украіны гэтая роля і прарасейская групоўка ня маюць беларускай палітычнай пэрспэктывы

Фальсіфікацыя ад Лукашэнкі
і фальсіфікацыя ад Ціханоўскай

У сувязі з гэтым нагадаю заканадаўчыя, юрыдычныя і паліталагічныя палажэньні. У 2020 годзе прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя, і прэзыдэнт ня быў выбраны. Прытым фальсіфікацыя адбылася з абодвух бакоў (з боку Лукашэнкі і з боку Ціханоўскай). Ні адзін, ні другі бок ня мог прадставіць выбарчых дакумантаў, якія пацьвярджалі б вынікі галасаваньня. Згодна інструкцыі Цэнтральнай Выбарчай Камісіі (ЦВК) выбарчыя бюлетэні галасаваньня былі зьнішчаны на працягу 24 гадзінаў пасьля галасаваньня. Лукашэнка залічыў сабе 80 адсоткаў галасоў падтрымкі на аснове непацьверджанага рэальнымі дакумантамі (бюлетэнямі) вызначэньня ЦВК. (Паўтараю, бюлетэні былі зьнішчаны.) А калі так, то аб’яўлены вынік ня можа прымацца пад увагу як сапраўдны. Гэта фальсіфікацыя.

З боку Ціханоўскай не было ніякай спасылкі на адсотак выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за яе. (Гэтая лічба невядомая.) Агулам аднак Ціханоўская і яе прыхільнікі адвольна сцьвярджалі, што яна перамагла на выбарах. Пры гэтым ішла спасылка на ўяўленьні, на эмоцыі, на эмацыйныя меркаваньні і на масавыя дэманстрацыі выбаршчыкаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Падразумевалася, што гэтыя масы пратэстоўцаў галасавалі за Ціханоўскую, а таму, маўляў, у яе ёсьць падстава казаць пра перамогу на выбарах. Такога меркаваньня было дастаткова для новых “саўкоў” (якім надакучыў Лукашэнка), каб у гэтае лапідарнае сцьвярджэньне паверыць.

Тут усё так не сур’ёзна, так прымітыўна, што, у прынцыпе, няма пра што нават гаварыць.

На пратэсты выходзіла ў Менску ад 200 да 300 тысячаў людзей. Па ўсёй Беларусі разам зь Менскам — ад пяцісот тысячаў да аднаго мільёна.

Нават калі дапусьціць, што ўсе пратэстанты галасавалі за Ціханоўскую (што недакладна), то гэта 10 адсоткаў ад усяго насельніцтва Беларусі і 15 адсоткаў ад усіх выбаршчыкаў.

Тыя, што не выходзілі на пратэсты, — за каго яны (па логіцы адносінаў) маглі галасаваць? Ня тры ж адсоткі было за Лукашэнку. Акрамя таго шмат беларусаў (якраз тыя, хто супраць Лукашэнкі) заўважна і вынікова галасавалі яшчэ і за “спойлераў”, а іх было чатыры вядомыя ў палітыцы кандыдаты. Увесь набытак Ціханоўскай на выбарах тут быў — максімум — 30-35 адсоткаў галасоў.

Цікава, што калі агентурная платформа “Голас” захацела выявіць і сабраць усіх тых, што галасавалі за Ціханоўскую, то сабрала ўсяго 700 тысяч. Гэта, ізноў жа, тыя 10 адсоткаў ад усіх выбаршчыкаў.

Фальсіфікацыя Ціханоўскай, якая пабудаваная на эмоцыях, на домыслах і на невядомасьці, ня можа быць прадметам для высноваў пра рэальнасьць выбару, пра легальнасьць і, тым больш, пра легітымнасьць выбару.

(Цікава, што, маючы крыху больш за дзьвесьце чалавек ў групе зборшчыкаў падпісаў за балатаваньне на выбарах, яна і подпісы цалкам не сабрала (бо не магчыма было сабраць з такой малой групай). Пра гэта нават Ярмошына пазьдзеквалася калі насуперак закону рэгістравала Ціханоўскую (інфармацыя зафіксавана).

Фальшывая роля для электарату пад назовам “Сьвета — наш прэзыдэнт” ужо заканчваецца. У становішчы калі Беларусь акупаваная расейскім войскам і ў час ваеннай агрэсіі і вайны Расеі супраць Украіны гэтая прарасейская групоўка ня мае беларускай палітычнай пэрспэктывы.

Прамаскоўская група

Нагадаю якая палітычная роля ўскладзена Масквой на так званую “газпрамаўскую ” групоўку апазыцыі супраць Лукашэнкі (Ціханоўская-Латушка-Цапкала). Лукашэнка і цяпер для іх галоўны вораг.

Крэмль праз “Газпрам” і ФСБ вельмі моцна падрыхтаваўся да выабараў у 2020 годзе ў Беларусі. Праект “Бабарыка” пачаўся з 2017 года. Задзейнічалі шмат новых людзей, агентуру і каласальныя фінансавыя сродкі.

На нейкім этапе (пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі) усе прамаскоўскія сілы аб’ядналіся (”объединение штабов”) і паставілі на “цёмнага коніка”, нікому не вядомую хатнюю гаспадыню Ціханоўскую. Праект часткова спрацаваў сваёй нечаканасьцю, але быў паламаны рэжымам Лукашэнкі. Цяпер праект працягвае сваё існаваньне за мяжой у стадыі квазібеларускага палітычнага маразму.

Сэнс іхнай “дзейнасьці”, як яны кажуць, — “вызваленьне палітзьняволеных і новыя выбары прэзыдэнта”. На практыцы гэта азначае, што ўся маскоўская крэатура будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта па лукашысцкіх законах і пад лукашысцкім ЦВК, і пад ўплывам ФСБ. Выбраны прэзыдэнт (па існуючым рэжымным законе) будзе валодаць абсалютнай паўнатой улады. Масква і яе пятая калона (”невероятные”) фінансава, арганізацыйна і па-прапагандысцку даўно падрыхтаваныя, каб правесьці на пасаду абсалютнай улады ў Беларусі сваю крэатуру Бабарыку. Групнікі на тое і спадзяюцца.

Пры гэтым застаюцца ўсе нелегальныя і незаконныя дамовы з Расеяй (АДКБ, Мытны зьвяз, СНД і інш.). Законная Канстытуцыя 1994 года адкідаецца. Прапануецца іншая, зманіпуляваная канстытуцыя, дзе зьнятае палажэньне аб дзяржаўнай беларускай мове і ўводзіцца каляніяльная мова расейскіх акупантаў.

Гэта ёсьць электаральны план дзяржаўнага перавароту з маніпулятыўным ашуканцтвам беларусаў (падобнае здарылася ў 1994 годзе). Першаснымі выканаўцамі гэтага плана якраз ёсьць групоўка вакол Ціханоўскай-Латушкі, плюс Цапкала.

Вось чаму па гэтай групоўцы і па гэтых асобах павінна быць усчата судовае сьледзтва ў вольнай Беларусі.

Бабарыка

Віктар Бабарыка — гэта адкрытая крэатура Пуціна, падрыхтаваная Газпрамам і ФСБ. У выніку канфлікту аб уладзе (паміж Пуціным і Лукашэнкам) Лукашэнка пасадзіў Бабарыку ў турму за карупцыю і фінансавыя махінацыі. У вольнай Беларусі, пасьля вызваленьня з турмы ўсіх зьняволеных па палітычных матывах, Бабарыка (і ягоная сакратарка Калесьнікава) пойдуць пад сьледзтва па абвінавачваньні ў антыбеларускай дзейнасьці і ў здрадзе незалежнасьці Айчыны.

Бабарыка, будучы афіцыйнай публічнай асобай (спаборнікам на выбарах прэзыдэнта) адкрыта агітаваў аб уваходзе Беларусі ў склад імпэрыялістычнай Расеі, называў Беларусь дэградаванай і паміраючай дзяржавай, казаў, што ў складзе Расеі ўсім беларусам будзе добра жыць, усе будуць багатыя. Гэтая прапаганда зафіксаваная ў сродках інфармацыі і зьяўляецца парушэньнем дзеючай Канстытуцыі (Прэвмбула, арт.1, 3, 9), парушэньнем законнай Канстытуцыі 1994 года (арт. 1, 9), парушэньнем арт. 361 (ч.1) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

(Прыклады прапаганды Бабарыкі супраць Беларусі:
– “Став частью России, большинство из них (беларусау) скажет радостно: “наконец то!” Скажут, поверьте!”
– “Беларусь как страна находится “в состоянии умирания”, и большинство белорусов обрадуется вхождению в состав России” (інтэрв’ю regnum.ru).

Групнікі

Цяпер Бабарыка і групнікі з “штабоў” так за Расею не агітуюць. Але не таму, што сталі думаць інакш ды перамяніліся. Пасьля акупацыі Беларусі і пасьля нападу Расеі на Украіну, казаць як раней — гэта значыць засьведчыць сваё русацяпства і падтрымку рускаму фашызму. Увесь сьвет ўбачыў што такое подлая Расея вораг чалавецтва. Таму групнікі карэктуюць рыторыку, сталі хавацца за беларушчыну, нават беларускі нацыянальна-вызвольны рух спрафанаваць хочуць, канфэрэнцыі плануюць. Толькі ня зь іхным рылам у нацыянальна-вызвольны рух. Як кажуць у Адэсе — “каво вы хаціце абмануць?”

Саўковая публіка, аднак, ня можа абыйсьціся без хлусьні. Яны не перастануць хлусіць да той пары, пакуль беларускае грамадзтва будзе гатовае верыць ва ўсялякую авантуру і ва ўсялякую лухту ў каляровай абгорцы. Але скора ўжо будзе скончана гэтая групніцкая камэдыя.

24 ліпеня 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

___________

ПРА “АБ’ЯДНАНЬНЕ ЎСІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

Пэрыядычна ў Беларусі і сярод беларусаў за мяжой і, звычайна, у таталітарных рэжымах зноў і зноў узьнікае пытаньне пра “аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў”. Пра сутнасьць такіх намераў даўно вядома, але варта паўтарыць.

“Аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў” — гэта тыповы антыдэмакратычны таталітарны тэзіс, які зьяўляецца, як правіла, у аўтарытарных і таталітарных краінах з слабым узроўнем дэмакратыі і ўсталяваным кантролем спэцслужбаў над грамадзтвам.

Дэмакратыя прадугледжвае множнасьць пазыцый і арганізацый, стварае такім чынам дэмакратычную грамадзянскую супольнасьць, якая адлюстроўвае шырокі спэктар грамадзтва. У гэтым — прырода і структурная сутнасьць дэмакратычнага грамадзтва. Яно па прыродзе сваёй ня можа стаць уніфікаваным.

Заклікі да аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных арганізацыяў (партыяў і т. п.) у адну форму дзеля быццам бы лепшага змаганьня супраць улады з аргумэнтацыяй, што аб’яднаньне павялічыць моц, — такія прапановы, як правіла (і першым чынам), зыходзяць ад агентуры рэжыму ўлады і наступнае — ад палітычна маладасьведчаных людзей (звычайна толькі з тэарэтычным багажом паняцьцяў), якія часта зьяўляюцца агентамі ўплыву з боку структураў рэжыму.

Для рэжыму ўлады і агентуры рэжыму (спэцслужбаў і палітычнага сыску) злучэньне дэмакратычнай множнасьці ў адну форму значна палягчае кантроль над людзьмі і ўплыў на дзеяньні аб’яднанай арганізацыі. Для антынароднага палітычнага рэжыму ўніфікацыя апазыцыйных арганізацый і суполак у адну сілу аблягчае таксама правядзеньне рэпрэсіяў і ў часы палітычнага абвастрэньня ці крызісу дае магчымасьць адным махам забараніць і разграміць усё. Пры множнасьці такое зрабіць, практычна, не магчыма без вялікага скандалу (не ў карысьць улады) і вымагае доўгага часу (асобныя працэсы, сьледзтва, аргумэнтацыя і т. п.).

У звыклай (сістэмнай) грамадзкай сітуацыі ўніфікацыя дэмакратычных арганізацыяў не адбываецца, ня гледзячы на стараньні агентуры, “тэарэтыкаў” і прастакоў. Яна ў звыклай сітуацыі ў прынцыпе не патрэбная.

Тым часам у час выбараў у дэмакратычнай краіне, дзе дзейнічаюць законы, магчымае часовае кааліцыйнае злучэньне арганізацыяў (партыяў) ў пэрыяд выбарчай кампаніі ў парлямант і ў час дзейнасьці ў парляманце.

Такая кааліцыя заўсёды абмежавана і прадвызначана часовымі рамкамі, часовымі задачамі і тэрмінамі і будуецца не на прынцыпах, а на кампрамісах. Адзінства яе ўмоўнае. Гэта ня ёсьць аб’яднаньне, але толькі парляманцкая форма дзейнасьці розных арганізацыяў (партыяў).

Падсумоўваючы напісанае і камэнтуючы чарговую афёру з быццам бы аб’яднаньнем прарасейскіх, завязаных на чужыя датацыі груп, у нібыта беларускі нацыянальна-вызвольны рух, трэба адзначыць ужо вядомую па прыродзе зьявы пустапарожнасьць такой задумы. Стварэньне нацыянальна-вызвольнага руху магчымае толькі на нацыянальных прынцыпах (якія найперш мусяць быць), а не на надзяваньні беларускіх нацыянальных масак і на разьмеркаваньні чужых датацый.

Нядаўна пра такую чарговую падставу аб’явілі групнікі псэўдапазыцыі (Латушка-Ціханоўская-Цапкала). З прафанацыі нічога не атрымаецца. Рэальны нацыянальна-вызвольны рух не ствараецца “раймонамі”.

Тут у прафанатараў дзьве задачы: імітаваць”дзейнасьць” і атрымаць гранты, і наступная — галоўная — заблытаць беларусаў, якія шукаюць беларускіх шляхоў да нацыянальнага вызваленьня, адвярнуць іх (хоць бы часова) ад нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”.

Але і тут у іх не атрымаецца. Нацыянальна-вызвольны рух не ствараецца зь верху і абы кім. Нацыянальна-вызвольны рух разьвіваецца зьнізу, калі ёсьць агульныя нацыянальныя прынцыпы руху і пасьлядоўнікі. Сьцяг “Вольнай Беларусі” даўно падняты, праграма і прынцыпы вядомыя. Стварайце вольныя суполкі на гэтых прынцыпах і ўлучайцеся ў рух за вольную Беларусь (асабліва ў Беларусі, дзе трэба дзейнічаць у падзем’і). Рух за мяжой мае легальнае вымярэньне, якое з цягам часу будзе фармалізавана. Слава Айчыне!

8 ліпень 2022 г. Зянон Пазьняк

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/praabadnanneusihdemakratycnyhsilau

_____________

РАЗУМНЫ ШУКАЕ СЯБРОЎ, НЕРАЗУМНЫ — ВОРАГАЎ

У апошні час (асабліва пасьля летувіскай блакады расейскіх чыгуначных перавозак ў Каралевец) рэзка ўзрасла колькасьць украінскай лаянкі супраць беларускага народа. Здаецца, што гэтыя зьявы карэлююцца. Нянавісьць часам “зашкальвае”, успышка беспрычынная і выглядае зробленай. Катэгорыя ўкраінскіх лаяншчыкаў (а яна, відаць, не малая: тут і саўкі, і правакатары, і злосьнікі, і вядомая кантора) са скуры вылазіць, каб зрабіць зь Беларусі ворага Украіны.

Яны, зразумела, наўпрост ня бачаць расейскай акупацыі Беларусі, бандыцкіх рэпрэсій супраць народа з боку акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі і часам, здаецца, сапраўды не даражаць прыхільнасьцю беларусаў да ўкраінцаў. Самы сабе робяць горай. У той час калі логіка ваеннага часу дыктуе зусім іншыя, сэнсоўныя паводзіны. Хто і чаму тое гукае ўсё насуперак здароваму сэнсу — гэта пытаньне.

Калі не глядзець унутр гэтай зьявы і калі ня ўлічваць яе правакацыйную прыроду, то зьнешне здаецца, як жа далёка яшчэ некаторым ўкраінскім грамадзянам да палітычнага думаньня і палітычнай культуры Польшчы. Баюся ўсё ж, каб гэтая агрэсія абмежаванасьці сапраўды не нашкодзіла Украіне. Добра б было, каб разумныя ўкраінцы неяк дэзавуявалі расьперазаных крыкуноў, каб тыя ўсё ж не псавалі вобраз Украіны.

У сетках зьяўляюцца дыхтоўна аформленыя плакаты (зробленыя прадумана, не на эмоцыях) з падборам шрыфту і аксэсуараў, дзе пра рэпрэсаваны Беларускі народ, які падтрымлівае Украіну напісана, напрыклад, такое: “Вы не браты…, вашыя рукі ва ўкраінскай крыві” і т. п. На першы погляд здаецца, што гэта нейкі амок, зацямненьне розуму, але прыгледзімся і ўбачым, што тут прадуманая спэкуляцыя на нянавісьці, мэта якой зразумелая — выклікаць узаемную крыўду і злосьць.

У дужках праілюструю тут некалькі пэрлаў правакацыйнай агрэсіі з аднаго толькі месца, каб быў зразумелы мэтад і ўзровень рыторыкі:

( “Поганим білорусам добре і зручно, коли з їхньої території летять російські ракети”
“Вони співчувають росіянам і свідомі своєї підлеглої ролі”
“хороших білорусів, як і хороших росіян, не існує у природі” https://www.facebook.com/andrij.bondar/posts/10158442589121599)

У гэта сітуацыі не раіў бы беларусам уступаць у пустую палеміку з тролямі і з людзьмі, якія знаходзяцца ў ачмурэньні (тым больш нейкага “ставіць на месца”, зьневажаць і т.п.), бо гэта якраз тое, дзеля чаго спускаюць такія правакацыі. Можна спакойна (як гэта ўмеюць беларусы) патлумачыць па сутнасьці. Зразумела, што тлумачэньне не для правакатараў, але часам трэба сказаць нешта для гледачоў збоку, якія назіраюць і, магчыма, не разумеюць прыроды рыторыкі.

Павелічэньне дзіўнай нянавісьці супраць беларусаў зьвязана яшчэ з тым, што цяпер маскалі, і асабіста Пуцін, з усіх сілаў ціснуць на “свайго сукінага сына” (так крамлёўцы публічна называюць Лукашэнку) з мэтай ўштурхнць беларускае войска ў вайну з Украінай. Правакаваньне лаянкі — гэта спроба стварыць, так бы мовячы, адпаведны грамадзкі фон варожасьці, ўзлаваць беларусаў.

Праўда, ня думаю, што крамлёўцам тое ўдасца. Але ўлічваць намеры неабходна. Нядаўна (27-06-2022 г.) прэзыдэнт Украіны Ул. Зяленскі ваступіў з прамовай, дзе істотна скарэктаваў свае адносіны да становішча ў Беларусі. У пэўнай ступені гэта адказ на тыя пытаньні, пра якія мы тут кажам. Ніжэй цытую вытрымку з прамовы прэзыдэнта Зяленскага.

“Я знаю, что народ Беларуси поддерживает Украину. Они поддерживают нас, точно нас, а не войну. И именно поэтому вас – всех белорусов – российское руководство и хочет втянуть в войну, хочет посеять ненависть между нами.

От простых людей Беларуси сейчас зависит очень многое. И я знаю, что вы можете не участвовать в этой войне. Ваши жизни принадлежат только вам, а не кому-то в Кремле.”

Беларусам трэба арыентавацца якраз на такую пазыцыю ўкраінскіх патрыётаў. Усімі сіламі і магчымасьцямі нам, беларусам, трэба дапамагаць Украіне ў барацьбе супраць рускага фашызму, які ўжо акупаваў нашую краіну і хоча зьнішчыць украінскую дзяржаву і Украінскі народ. Хто можа, уступайце ў беларускія вайсковы аддзелы Украінскай арміі, якія ваююць за Ўкраіну. Рашысцкага мордара трэба перамагчы са зброяй і зьнішчыць. Ад гэтага залежыць ня толькі свабода Украіны і Беларусі, але і іншых народаў Эўропы. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!

28 чэрвень 2022 г.
Зянон Пазьняк.

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/zanonpaznakrazumnysukaesabrounerazumny–voragau

____________

РЭАЛЬНАСЬЦЬ ВАЙНЫ

Мэдыя-прастора — гэта асаблівая сфэра штучна створанага сьвету. Тое, што там адбываецца, уплывае на рэальнасьць, але не адпавядае ёй, бо супадае прыблізна, а часам супярэчыць рэальнасьці.

Ведаючы гэта, бывае карысна глянуць на сьвет вачыма староньняга фіксатара зьяваў і падзей, нягледзячы на ўласную заангажаванасьць у працэсы і на волевую зацікаўленасьць у іхным разьвіцьці.

У студзені гэтага года адбылася вайсковая акупацыя Рэспублікі Беларусь расейскім войскам. Масква ўвяла свае войскі, пераняла кантроль над ваеннай і стратэгічнай інфраструктурай Беларусі і, скарыстаўшы захоплены беларускі плацдарм, напала на Украіну.

Пачалася збройная агрэсія Расеі супраць Украіны. Захоплены ўкраінскія тэрыторыі, пяты месяц працягваецца маскоўска-украінская вайна.

Расейцы вядуць вайну злачыннымі мэтадамі, зьнішчаюць жыцьцёвае асяроддзе, сацыяльную інфраструктуру, гарады, паселішчы і мірных людзей Украіны. Расейцы дэманструюць перавагу перад Украінай на некалькі парадкаў ва ўзбраеньні і ва ўсіх ваенных рэсурсах. Пры гэтым яны нясуць велізарныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, выяўляюць нізкі маральны ўзровень свайго войска і яго матывацыі да вайны.

Украінскае войска і ўкраінскі народ, наадварот, дэманструюць нацыянальную салідарнасьць, моц духу і глыбокую народную матывацыю ў абароне свабоды, незалежнасьці і існаваньня сваёй Айчыны. Украінцы ставяць моцны гераічны супраціў агрэсару.

Палітычным посьпехам Украіны ёсьць тое, што яна на прыкладзе вайны з Масквой здолела пераканаць Захад, Амэрыку, Эўразьвяз і НАТО ў тым, што агрэсія Расеі мае працяг і нясе небясьпеку для ўсёй Эўропы і ўсяго атлантычнага сьвету, і што абарона Украіны — гэта ёсьць абарона ўсёй эўрапейскай цывілізацыі.

Гэтая пазыцыя Украіны ў значнай ступені зьяднала заходні сьвет і выклікала рэальную (збройную, гуманітарную, фінансавую і інш.) падтрымку для Украіны ў вайне супраць Расеі.

Тым ня менш, вайна разьвіваецца з пасьлядоўнай перавагай Расеі, і (па меры зацягваньня ваенных дзеяньняў) гэтая перавага павялічваецца.

Маскоўская перавага абумоўлена і выяўляецца ў наступным. Вайна вядзецца на тэрыторыі Украіны, носіць жыцьцёва вынішчальны і людабойчы характар. Страты Украіны з гэтай прычыны непараўнальныя са стратамі Расеі і ў агульным вымярэньні шматкроць пераўзыходзяць расейскія.

Пасьля правалу наступу на Кіеў, расейцы рацыянальна перагрупаваліся, зрабілі высновы, перанесьлі ваенныя дзеяньні на поўдзень і на ўсход, пастаянна наступаюць, не рызыкуючы адрывам ад тылу, і крок за крокам вынішчаюць асяроддзе, займаюць украінскія тэрыторыі і гарады. Забраны (і поўнасьцю зьнішчаны Марыопаль, Севераданецк, Лісічанск, Херсон і інш., заблакаваная Адэса і ўся акваторыя Чорнага мора. З захопленых тэрыторыяў насельніцтва і дзяцей акупанты вывозяць у Расею (стары прыём маскоўскай арды), зьнішчаецца ўсё украінскае (мова, школы, надпісы, шыльды, кнігі і інш.), рыхтуюцца “рэфэрэндумы” па аб’яўленьні новых квазі-рэспублік (Херсонскай і інш.) і далучэньне іх да Расеі, ствараюцца акупацыйныя адміністрацыі. Луганская вобласьць ужо, практычна, уся акупаваная расейцамі. Расейскі наступ і расправа над Украінай працягваецца. Рашаючае значэньне мае тут каласальная перавага расейцаў у артылерыі, ракетах і ракетных устаноўках, таксама ў авіяцыі і ва ўсіх рэсурсах. Стрымлівае гэта ўсё у асноўным толькі гераізм украінскіх ваяроў, якія рэальна нясуць людзкія страты, ня меншыя, чым расейцы (чаго не павінна быць, бо расейцы наступаюць).

Надзеі украінцаў на пералом вайны зьвязаныя са спадзяваньнем атрымаць якасную (такую ж, як у рускіх, а мо’ й лепшую) зброю з Захаду (найпераш артылерыю і ракеты).

Другая надзея — на вычарпаньне ваенных рэсурсаў Расеі і на вынік маральнай нематываванасьці расейскіх жаўнераў (што з большага ёсьць праўдай).

Аднак гэта прывідныя надзеі. Рэсурсы Расеі, практычна, невычарпальныя. Іх хопіць яшчэ надоўга.

Што датычыць слабой маральнай матывацыі жаўнераў, дзікасьці, варварства і безадказнасьці у расейскай арміі, то такой яна была заўсёды, пачынаючы ад маскоўскай арды. У гэтым якраз яе сутнасьць і яе шалёная сіла, бо Расея заўсёды вяла і вядзе дзікую, жорсткую, вынішчальную, варварскую вайну з выпальваньнем тэрыторыі, з забойствамі ўсіх падрад, з рабункамі, групавым гвалтам, адсяканьнем канечнасьцяў і выколваньнем вачэй дзеля забавы і т. п. Для такой дзікай вайны павінен быць адпаведны жаўнер, здольны на варварскую вайну. І ў рускай арміі заўсёды быў і ёсьць такі жаўнер, зь якім Масква захоплівала чужыя тэрыторыі. Уся макоўская гісторыя імпэрскіх “перамог” перапоўнена дзікімі злачынствамі варварскай расейскай арміі. Іншых прыкладаў проста не існуе. Ці трэба нагадваць пра нядаўнюю ельцынска-пуцінскую вайну ў Чачэніі? Ці, можа, хто ня ведае, што рускія тварылі ў Аўганістане (забілі 1 мільён 400 тысячаў мірных аўганцаў, кідалі гранаты ў хаты зь дзецьмі “ради развлечения”). Я ўжо не кажу, што рускія дзікуны тварылі ў 1945 з цывільнымі немцамі і немкамі, які быў масавы гвалт і марадзёрства.

Слабая матывацыя ваяваць зь немцамі ў 2-ю Сусьветную вайну ўзмацнялася “загрядотрядами” НКВД, якія стралялі ў плечы савецкім жаўнерам. І беглі жаўнеры пад нямецкія кулямёты, бо толькі там яшчэ можна было ацалець.

У жаўнераў расейскай і ўкраінскай арміі розныя матывацыі і розны парадак адносінаў, але наступае і займае ўкраінскую тэрыторыю пакуль што руская армія з сваёй людабойчай ардынскай мэтодай вайны.

Нягледзячы на патрыятызм украінцаў і на гераізм украінскіх ваяроў, становішча Украіны няпэўнае, бо яе перамога і яе лёс цяпер цалкам залежыць ад Захаду. Як павядзе сябе Захад, так будзе і з Украінай.

Вось тут ёсьць самае слабое зьвяно ва ўсёй драме, якая разгортваецца ва ўсходняй Эўропе. У Эўразьвязе няма глыбокага разуменьня зьместу расейскай агрэсіі, сутнасьці расейскай дзяржавы і расейскага грамадзтва. Эўразьвяз падзелены на прыхільнікаў перамоваў і заключэньня міру з Расеяй коштам украінскай тэрыторыі і на тых, хто настроены на актыўную ваенную дапамогу Украіне з мэтай нанясеньня паразы рускім агрэсарам. Але ніхто (у тым ліку і НАТО) не дапускае магчымасьці непасрэднага ўдзелу Захада ў вайне з Расеяй.

Нядаўні зьезд НАТО у Мадрыдзе пацьвердзіў неактыўную абарончую настроенасьць блоку адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны. НАТО прызнала Расею ворагам, хоча павялічыць прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Эўропе да трохсот тысячаў дзеля абароны “усходняга флангу”. Але краіны НАТО не змаглі стварыць неабходнае агульнае стратэгічнае камандваньне гэтымі сіламі НАТО у Эўропе, якое звычайна павінна б было ажыцьцяўляць стратэгію паводзінаў войска на выпадак вайны. (Супраць стратэгічнага камандваньня НАТО ў Эўропе выступілі даўнія сябры Расеі — Нямеччына і Францыя.)

Ніхто ў Эўропе (акрамя Вялікабрытаніі і ў пэрспэктыве Польшчы) ня хоча ваяваць за сябе, і тым больш — за Украіну. Выявілася таксама слабасьць і раззброеннасьць НАТО. У Эўразьвязе — поўная адсутнасьць валявых, стратэгічна думаючых палітычных лідараў.

У выніку Захад робіць памылку за памылкай і страчвае час для прыняцьця рашэньня. Складваецца ўражаньне, што, дапамагаючы Украіне, некаторыя палітыкі на Захадзе не разумеюць, што Расея ваюе з усім Захадам, хоць пакуль што гэта гібрыдная вайна. Расея рыхтуе магутны ўдар па Захадзе, які можа вырашыць лёс вайны на Украіне. Маецца на ўвазе блакаваньне вывазу ўкраінскага збожжа на Блізкі Усход і ў Паўночную Афрыку. Па прагнозах гэта выкліча частковы голад у рэгіёне і масавую эмігрпацыю ў Эўропу. І тут ужо будзе не да Украіны. Эўрапейскі філісьцер залемантуе пра мір ва Украіне на ўмовах Расеі.

Яшчэ ў траўні, калі ўзьнікла пытаньне з украінскім зернем і блакадай гандлёвых шляхоў, было зразумела, што Расея б’е гэтым ня столькі па Украіне, колькі па Эўропе і плануе выклікаць сусьветны голад. Тут — агрэсіўныя дзеяньні супраць Эўропы і краінаў Афрыкі. На гэтую пагрозу трэба было хутка і рэзка рэагаваць. Напрыклад, мог бы зьявіцца ўльтыматум супраць Расеі, што, калі яна не разблакуе ўкраінскія парты для вывазу збожжа, то НАТО увядзе свае караблі ў Чорнае мора і зьнішчыць расейскі флот.

Але на такое ні Захад, ні НАТО ня здольныя. У выніку (пакуль што) — перамога Пуціна. І ўсе тое ўбачылі. Руская палітыка правакацыі голаду і ўдару па Эўропе працягваецца.

І вось тут трэба адзначыць дамінацыю расейскай інфармацыйнай прапаганды літаральна на ўсіх інфармацыйных франтах (акрамя часткова ва Украіне).

Поўная інфармацыйнае панаваньне пуцінскай прапаганды існуе на ўнутраным інфармацыйным фронце Расеі. Вялікі інфармацыйны ўплыў Расеі існуе ў Эўропе праз агентуру і перакупленых левакоў. Рускай інфармацыйнай прапагандай поўнасьцю пакрыта Беларусь. І, нарэшце, поўная перамога рускай дэзінфармацыі адзначана ў Азіі і Афрыцы, што нядаўна (сваю інфармацыйную бездапаможнасьць) афіцыйна прызнаў Эўразьвяз. Азія і Афрыка ўжо вінавацяць Эўропу, што праз яе санкцыі супраць Расеі Эўропа рыхтуе голад для Афрыкі.

Інфармацыйна Эўропа тут бездапаможная. Прытым трэба ўлічыць, што афрыканскі кантынент ужо амаль цалкам пад уплывам кітайскага бізнэсу і кітайскіх інвестыцый. Кітай таксама чакае, калі па рацэ праплыве труп ворага. Перамога Расеі ў рэвалізацыі з Эўропай незаўважнай не мінае.

Індыя ў тры разы павялічыла закупкі расейскай нафты. Вядома, па таннай цане, але Расеі выгадна. Азія таксама чакае, што будзе далей.

Важкай інфармацыйнай перамогай Расеі ва Украіне ёсьць пасьлядоўнае фармаваньне думкі аб беларусах як аб ворагах Украіны. Як напісаў адзін дасьведчаны беларус, “неразуменьне ўкраінцамі беларускіх рэалій ашаламляе”. Тут, аднак, ня толькі інфармацыйны ўплыў агентуры, але яшчэ і звыклая ўжо слабасьць украінскай палітычнай думкі, часам ня здольнай прафэсійна ацаніць падзеі і тым больш — растлумачыць іх свайму насельніцтву.

Некаторыя папулярныя тэарэтыкі-эксперты з разумным выглядам апавядаюць, што Беларусь не пад акупацыяй, што беларускі народ будзе адказваць за агрэсію расейцаў з тэрыторыі Беларусі на Украіну і таму падобныя дамарослыя разважаньні.

Найбольш уразіла паўторанае шматкроць выказваньне Сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны спадара А. Данілава аб тым, што яны ва Украіне аніяк не чакалі нападу расейскага войска з тэрыторыі Беларусі і што для іх гэта было поўнай нечаканасьцю. Такія прызнаньні сьведчаць пра небясьпечную памылку, пра няўвагу да стратэгічнага аналізу і пра “ашаламляльнае” (паўтару тое слова) неразуменьне таго, што адбылося ў Беларусі. У такое нават цяжка паверыць.

Тых жа палітыкаў, якія цьвяроза бачаць абставіны і часта даюць адэкватныя ацэнкі (напрыклад, А. Арэстовіч) агентура і крыкуны гатовыя зьмяшаць з зямлёй.

Падсумоўваючы гэтую частку, вымушаны канстатаваць, што расейцы цалкам выйграюць дэзінфармацыйную вайну, практычна, на ўсіх мэдыйных франтах.

Трэба памятаць жыцьцёвую асаблівасьць, што інфармацыйна ілжа і фантасмагарычная хлусьня ў масавым інфармацыйным полі вельмі эфектыўная. Маса — гэта яе сфэра.

Для перамогі праўды ў масавай інфармацыі патрэбныя рэсурсы і галоўнае — працяглы час (бо праўда разьлічана на разумных людзей, устойлівых да прапаганды, якіх мяншыня). Гэтага працяглага часу бывае дастаткова, каб ілжа (што абапіраецца на невысокую культуру масавай сьвядомасьці) запанавала і пабегла далей. Ведаем прыклад, калі гёбэльсаўская радыёпрапаганда, фактычна, падрыхтавала паразу Францыі ў 2-й Сусьветнай вайне.

Беларускі Народны Фронт ад самага пачатку стварэньня ў канцы 1980-х пастаянна зьвяртаў увагу на геапалітычныя праблемы Беларусі ў сувязі з агрэсіўнымі інтарэсамі імпэрыялістычнай Расеі. Вельмі важна было грунтоўна замацаваць незалежнасьць краіны, бо ў выпадку імпэрскага абвастрэньня палітыкі ў Крамлі, казалі мы ў той час, беларускі стратэгічны плацдарм стане першай ахвярай рускай агрэсіі. І толькі забраўшы Беларусь, Расея падрыхтуе ўдар па Украіне.

Пра гэта казалася на 1-й і 2-й Міжнароднай канфэрэнцыі па Балта-Чарнаморскай Супольнасьці ў Менску ў 1990-м годзе і таксама на Міжнароднай канфэрэнцыі па БЧС і Балта-Чарнаморскім нафтавым калектары ў 1993 г. у Менску. https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=pfbid0UagcTjDNftsC1GB5k5upAsNMPSiBxiiGNkyMe1LZXsf1QrvtXAnAVsUAsPy68Stkl&id=100010349618178

Увогуле, увесь час мы абмяркоўвалі гэтую праблему з украінскім Рухам, і украінцы тое ведалі. (І нават у 2014-15 гг. мы пра тое папярэджвалі.) Але цяпер нарадзілася пакаленьне (як і ў Беларусі, між іншым), якое нічога ня ведае, не разумее і нічога ня памятае. На жаль, гэта так. Таму рускай дэзінфармацыі ёсьць дзе разгарнуцца.

А павінна б была, як і ў беларусаў, існаваць поўная яснасьць для украінцаў, што імпэрская Масква, плануючы агрэсію на Захад, перашым чынам пастараецца выбіць стратэгічна важнае зьвяно (Беларусь) і аслабіць яго дзеля лёгкай здабычы.

Улічваючы такую стратэгію, у 1994 годзе да ўлады ў Беларусі быў прыведзены стаўленьнік Масквы А. Лукашэнка, які пад камандай Крамля стаў праводзіць гібрыдную палітыку ўнутранай акупацыі, зьнішчаючы нацыянальныя асновы беларускай нацыі.

За 28 гадоў нішчэньня і лукашысцкага тэрору беларускую нацыю абяскровілі настолькі, што збройная акупацыя краіны ў студзені 2022 года, закамуфляваная пад лукашысцка-маскоўскія вайсковыя вучэньні, адбылася без супраціву з боку Беларусі.

Пераняўшы кантроль над ваеннай, транспартнай і стратэгічнай структурай краіны, рускія нават ня сталі ствараць сваю акупацыйную адміністрацыю. Ролю акупацыйнай адміністрацыі стаў выконваць стаўленьнік Лукашэнка і яго антынародная хунта. Пры гэтым вайна хунты супраць беларускага народа і рэпрэсіі павялічыліся шматкроць. Расправы над беларусамі бесперапынна адбываюцца кожны дзень.

Захапіўшы Беларусь, расейцы выйшлі на межы непасрэднага кантакту з Украінай, Польшчай, Летувой і Латвіяй. Гэта адчыніла для Расеі рэальную магчымасьць пагрозы сумежным краінам і распачынаньне вайны. Неўзабаве расейцы напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Здавалася б, вопытныя, адукаваныя палітыкі ва Украіне павінны б былі разумець тэхналёгію маскоўскай агрэсіі — спачатку, скарыстаўшы акупацыйны рэжым Лукашэнкі, захапіць Беларусь, а потым зь Беларусі напасьці на Украіну. Трэба ж было ім пра тое перажываць, маркоціцца, біць у званы, абурацца тым, што рускія захапілі Беларусь і пагражаюць Украіне. Трэба ж было патрабаваць спыненьня акупацыі Беларусі, вываду адтуль рускага войска, трэба ж было падтрымліваць беларусаў гэтак жа, як беларусы падтрымліваюць украінцаў, бо і беларусы, і украінцы сталі ахвярай расейскай агрэсіі.

Замест алярму была цішыня і слуханьне бесперапыннай прапаганды маскоўскай агентуры (тыпу Іларыёнава), што ніякай рускай расейскай агрэсіі на Украіну ня будзе. А цяпер (калі рашысты напалі) мы бачым бесперашкоднае гарцаваньне рашысцкай прапаганды ва ўкраінскай мэдыа-прасторы, пляваньне на рэпрэсаваных беларусаў і ўзбуджэньне нянавісьці супраць беларусаў ў галовах бязмозглых саўкоў. Вось яна бесперашкодная перамога расейскай дэзінфармацыі.

Так званыя тэарэтыкі-аналітыкі-экспэрты, разумнікі, яшчэ і цяпер даказваюць у эфір, што ніякай акупацыі Беларусі няма і г. д. Можа, яны атручаныя? Чым такое растлумачыць?

Найбольш разумную пазыцыю здаровага сэнсу ў дачыненьні да Беларусі займае якраз украінскае войска і ўкраінскія ваенныя. На іх найбольш (на ўкраінскай арміі) цяпер і трымаецца Украіна.

Маё падсумаваньне будзе трывожным. Захад ня хоча праводзіць ніякай тактычнай палітыкі адносна Беларусі, так неабходнай ва ўмовах вайны. Складваецца ўражаньне, што там проста не разумеюць, якія пагрозы ўзьніклі для Эўропы ў выніку акупацыі Беларусі, і што яшчэ (з прычыны гэтай акупацыі) можа адбыцца.

Пералом у вайне на Украіне мог бы стаць у выніку перадачы ўкраінцам вялікай колькасьці сучаснай зброі з Захаду. Аднак гэта тармозіцца, бо Захад не зацікаўлены ў паразе і распадзе Расеі. Ён хацеў бы мець аслабленую Расею як крыніцу рэсурсаў і залежную ад Захаду эўрапейскую Украіну, куды Захад усадзіць свае капіталы.

Такая пазыцыя будзе ўзмацняць у Эўропе канфармісцкія тэндэнцыі пошуку кампамісу і міру з Расеяй коштам Украіны.

Гэты дрэнны варыянт часовага міру ў рэальнасьці засьведчыць перамогу Расеі, пакіне Украіну бяз Крыма, паўднёвых і ўсходніх тэрыторыяў, а Беларусь можа зьнікнуць з мапы Эўропы як незалежная дзяржава. Усё гэта будзе ўспрынята ў вачах астатняга сьвету як параза Захаду і паспрыяе маргіналізацыі эўрапейскай цывілізацыі.

Такі нядобры сцэнар рэальна магчымы, і таму трэба цяпер яму супраціўляцца, каб не дапусьціць укараненьня рускага фашызму з-за супярэчлівай і млявай палітыкі заходняй Эўропы. Тут трэба працягваць барацьбу і мацаваць цьвёрдую волю да перамогі. Як было некалі ў нашым Вялікім Княстве — толькі наперад. Толькі змагацца. Ня слухаць заходніх філісьцераў. Моцная змагарная пазыцыя Украіны будзе ўплывыць на станоўчую пазыцыю Захаду.

Трэба дапамагаць Украіне. Беларусам, хто можа трымаць зброю, трэба ўступаць дабраахвотнікамі ў беларускія аддзелы ўкраінскай арміі, ваяваць за Украіну і біць маскаля. Маскоўскага фашыста трэба толькі зьнішчаць, інакш — ён разбурыць Украіну і заб’е наш народ.

7 ліпеня 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/realnascvajny

______________

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ШЫБАЛЕТ

Для ўкраінцаў цяпер гэта адказ на пытаньне : “ЧЫЙ КРЫМ?” Усе ворагі Ўкраіны на гэтым пытаньні паляцца імгненна, бо яно вымагае адказу па сутнасьці.
За часы савецкай акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе нацыянальны шыбалет для грамадзянаў акупаванай краіны гучэў так: “СВАБОДА ЁСЬЦЬ?” Пытаньне без варыянтаў.
8-9 жніўня, праглядаючы выступы пярэстай публікі з асяроддзя групоўкі каля Ціханоўскай, я пачуў сэнтэнцыю: “Расія нам не враг”. Хтосьці папляскаў у ладкі і ніхто не супярэчыў. І тут я ўбачыў (гэта ж так проста) — вось ён беларускі нацыянальны шыбалет (ён вынесены ў прынцып “Вольнай Беларусі”, п. 4) па якім усё мераецца ва ўмовах расейскай акупацыі Айчыны, зьнішчэньня Беларускай нацыі, рускага фашызму і маскоўскай вайны. Пытаньне: “РАСЕЯ ВОРАГ?” Па адказе будзе зразумела, хто перад намі.

18 жнівень 2022 г. Зянон Пазьняк

________________

ПРАРАСЕЙСКІ АГЕНТУРНЫ ТУПІК У ПАЛІТЫЦЫ
І НЕАБХОДНАСЬЦЬ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ

1-га жніўня з Адэсы паплыў першы вадаплаў з украінскай кукурузай. Стамбульскія пагадненьні паміж Расеяй і Украінай пры гарантыях Захаду і пры ўдзеле ААН і Турцыі пачалі дзейнічаць насуперак таго, што йдзе вайна і насуперак вопыту, што з Расеяй нельга дамаўляцца. Сумняваюся, што расейцы не застануцца тут тым, чым яны ёсьць, але пакуль што вадаплавы паплылі, і ніхто гэтаму не зьдзіўляецца (нават у эўрадруку) і асабліва не абмяркоўвае.

Гэта зразумела, бо інакш трэба б было прызнаць заганнай і шкоднай сваю тупіковую палітыку эканамічных санкцыяў. Таму і так званыя беларускія “дэмсмі”, што на датацыі Захаду, пра тое маўчаць.

А маўчаць вось пара што. Зерне з Адэсы для краінаў Афрыкі, Азіі, Бэльгіі, Нідэрландаў і т. п. паплыло таму, што былі выкананыя патрабаваньні Пуціна:
1. Уведзеныя прэфэрэнцыі для расейскага гандлю і зьнятыя санкцыі з Расеі (канкрэтна — з Уралкалія) на пастаўкі калійных угнаеньняў.
2. Зьнятая забарона на пастаўку ў Расею запчастак для самалётаў.
3. Зьнятая забарона на пастаўку ў Расею мэдыцынскіх лекаў.
4. Зьнятая забарона на пастаўку расейскага зерня за мяжу.
5. У так званым “сёмым” пакеце заходніх санкцыяў ня ўключана эмбарга на рускі газ.

Заходняя палітыка эканамічных санкцыяў, як кажуць у народзе, ад пачатку накрылася медным тазам. Ад яе сама Эўропа ўжо церпіць. Праблемы санкцыяў для Эўропы якраз дыктуе Расея (асабліва па газе).

Хто сапраўды церпіць ад гэтай шкоднай палітыкі, дык гэта Беларусь і рэальна — беларускі народ, на які наклалі эканамічныя санкцыі выходзіць за тое, што краіну акупавалі расейскія войскі, што народ гнобяць, рэпрэсуюць, што тысячы людзей катуюць у турмах, помсьцячы за супарціў рэжыму ў 2020 годзе.

І вось вынік. “Беларуськалій” гіне, а “Уралкалій” робіцца сусьветным манапалістам. Беларуская нафта-хімічная прамысловасьць разбураецца. Беларуская транспартная гандлёвая сістэма і “ІТ”-галіна занепадаюць, а рэжым Лукашэнкі, якога санкцыямі цалкам загналі пад Маскву, стаў рэжымам расейскай акупацыйнай адміністрацыі, які пачаў зьдзіраць сродкі з народа, павышаць цэны на камуналку, спажывецкія тавары, прадукты, уводзіць падаткі на кватэры, на жыўнасьць, на дрэвы і расьліны, на збор ягадаў і грыбоў, і нават на валоданьне мабільным тэлефонам. І гэта толькі пачатак зьдзёру.

Ніводзін дыктатар ад санкцыяў ня згінуў, а народы даходзяць да галечы. Прытым Расея на гэтай камбінацыі спраўна паразітуе.

Вось вынік сумеснай расейска-заходняй палітыкі санкцыяў супраць Беларусі.

Галоўным прапагандыстам і ашуканцам народа ў такой антыбеларускай палітыцы санкцыяў была і працягвае быць агентурная квазі-апазыцыйная групоўка вакол Латушкі-Ціханоўскай.

Цяпер Масква адчула, што беларусы вяртаюцца да нацыянальных каштоўнасьцяў і што яе стаўка на гэтую групу апазыцыйнай агентуры зайшла ў тупік. Вырашылі замяніць агентуру. У гэтым увесь сэнс крытычнага пагромнага вэрхалу, які ўзьняўся раптам супраць групоўкі вакол Ціханоўскай.

Трэба разумець, што гэты арганізаваны галас і шум ёсьць грызьня ў лагеры “сабе падобных”. Нават калі б групоўку вакол Ціханоўскай перанялі і замянілі агентурныя маргіналы тыпу сужэнства Цапкалаў, Балкунца, Карач і т. п., — нічога для Беларусі не перамянілася б. Гэта чужая публіка, узгадаваная на каланіяльнай ідэалогіі. Гэта не нацыянальныя палітыкі і ўвогуле — не палітыкі. Галоўным ворагам для іх у гэтых умовах расейскай акупацыі па-ранейшаму застаецца Лукашэнка. Яны не разумеюць нават, што адбываецца ў Беларусі і што перамянілася ў сьвеце, ідучы ўсьлед за маскоўскай палітыкай. Няма нават сэнсу іх крытыкаваць, бо бяз толку, бо яны не ад нацыі, бо ідэалагічна чужыя, сьляпыя ад прыроды і па паходжаньні.

Цяпер яны зьбіраюць у Вільні “канферэнцыю”, каб ацалець. Але дастаткова пачытаць праграму гэтай “канфэрэнцыі”, каб убачыць, што там за публіка і што яна думае.

Наша беларуская нацыянальная ідэя, якая стварыла беларускую нацыю і дзяржаву Беларусь, вось ужо больш за сто гадоў ёсьць ідэя “Адраджэньня”. Пры камуністах за гэтае слова каралі. Яно было забаронена. Бо ідэалёгія беларускага нацыянальнага Адраджэньня гэта ёсьць тое, што яшчэ ў 1918 годзе дало для Беларусі нацыянальнае дзяржаўнае жыцьцё, тое што ўздымае на змаганьне і стварае будучыню, за якую ўжо заплочана мільёнамі жыцьцяў у барацьбе з расейскімі варварамі. Гэтага нельга забыць, бо гэта наша беларуская Свабода, Воля і Незалежнасьць, гэта нашая вялікая Беларуская мова, гэта наша магутнае гістарычнае Вялікае Княства Літоўскае, на якім грунтуецца і стаіць беларускае Адраджэньне, і якое павінна быць адроджана ў вольнай Беларусі. Нарэшче, гэта Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, які вярнуў незалежнасьць Айчыны.

“Беларусь перад усім!” Гэтага трэба трымацца цяпер у барацьбе, калі ворагі захапілі краіну і душаць народ.

Ёсьць рэчы простыя і канкрэтныя, зь якіх пачынаецца справа. Тыя беларусы, што шукаюць беларускай справы, камунікуйцеся між сабой і стварайце суполкі руху “Вольная Беларусь” па ўсім замежжы. Гэта першы крок, без якога нічога не пачнецца.

Ёсьць вопыт Беларускага Народнага Фронту. Гэтыя стваральныя крокі трэба рабіць дзеля мацаваньня будучай сілы і здабыцьця перамогі.

5 жнівень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/prarasejskiagenturnytupikupalitycyineabhodnascvyzvalennabelarusi

_______________

УСПАМІН АБ ПАБІЦЬЦІ РУСКІХ ФАШЫСТАЎ

У сувязі з загадкавай ліквідацыяй у Маскве рашысткі Д. Дугінай інтэрнэт-Свабода зьмясьціла інфармацыю пра гэтую руска-фашыстоўскую публіку. Сяргей Навумчык выклаў копію інфармацыі з газэты Свабода пра падзею 28-гадовай даўніны. Успамінаю таксама той крыху камічны (у беларускім успрыняцьці) выпадак. Але напачатку тэкст з інтэрнэт-выданьня:

“У 1993 годзе Дугін выступае адным з заснавальнікаў Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расеі, якая ўвабрала ў сябе ідэалёгіі нэабальшавізму і нэафашызму. Кіраўніком партыі быў пісьменьнік Эдуард Лімонаў.

У сьнежні 1994 году Дугін і Лімонаў прыяжджаюць зь лекцыяй у Менск. Яны меліся выступаць у ДК тонкасуконнага камбінату. Аднак сустрэча так і не адбылася. Яе сарвалі прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту, якія прыехалі туды проста зь мітынгу.

Тагачасная прэса пісала, што ў ДК чуліся крыкі: «Фашысты, прэч зь Беларусі!». Ахоўвалі Дугіна і Лімонава чальцы беларускага аддзяленьня РНЕ, многія зь якіх мелі фашыстоўскую сымболіку.

Урэшце Лімонаў і Дугін уцяклі з сустрэчы праз акно ў грымэрцы. Пазьней Лімонаў успамінаў, што іх затрымалі супрацоўнікі КДБ на кватэры лідэра гурту «Красные звезды» Ўладзімера Селіванава, адвезьлі ў КДБ, там дапыталі, а пасьля выслалі зь Беларусі.

Дугін сьцьвярджаў, што на іх напалі людзі зь бітамі і пнэўматычнай зброяй, але відавочцы кажуць, што нічога такога не было і блізка. «Гэта быў адзін з самых адрэналінавых момантаў у маім жыцьці. Практычна зона баявых дзеяньняў», — казаў Дугін.

Пасьля гэтага выпадку наведваць Беларусь больш не рызыкавалі ні Лімонаў, ні Дугін.”
—————————————-

З. ПАЗЬНЯК: У той час быў вялікі мітынг БНФ на плошчы каля Опэрнага тэатра. Крытыкавалі антыбеларускую палітыку новай лукашысцкай ўлады. У час майго выступу мне перадаюць запіску, дзе напісана, што якраз цяпер у залі палацу Тонкасуконнага камбіната на вуліцы Матусевіча рускія фашысты, што прыехалі з Масквы (Лімонаў ды Дугін) ладзяць свай “зьезд”.

Я спакойна агучыў інфармацыю без ацэнак і заклікаў, сказаўшы толькі, маўляў, да чаго дайшло — нам, беларусам, русьня ўжо сваіх фашыстаў на карак садзіць. І знайшлі ж куды прыехаць. Я ведаў, што ў такіх выпадках беларусам да двух лічыць ня трэба.

Скончыўся мітынг і ўсе ціхенька пабеглі. Плошча імгненна апусьцела. Усе сьпяшаліся на тралейбусы ды аўтобусы ехаць на вуліцу Матусевіча.

Потым мне расказвалі, што першымі ўварваліся нашыя пэнсіянеры (гэта зразумела, на фашыстаў бо). Рашысты пробвалі супраціўляцца, выбрыквалі там нагамі розныя “каратэ”, але раз’ятраныя фронтаўскія цёткі ў авангардзе атакі, лупячы фашыстаў гаспадарскімі сумкамі, ды парасанамі, зьмялі супраціў, як гарох са стала. (Я заўсёды кажу, што нашыя беларускія жанчыны — гэта залаты запас нацыі, калі трэба — поўдуць на рускія танкі з голымі рукамі і дагары нагамі іх перакуляць развм з маскалямі).

А потым было пабоішча маскалёў. Дугін зь Лімонавым выкінуліся праз вакно ў туалеце. Іх тут жа схапіля міліцыя (тады яшчэ пакуль нашая). Раззлаваныя дзядзькі казалі, што рашы пашанцавала, ато б за ногі павешалі, каб павіселі і зразумелі куды прыехалі.

Дарэчы, у Фронце (у Менску, Гародні і іншых гарадах) існавала Фронтаўская беларуская ветэранская арганізацыя партызанаў і ўдзельнікаў вайны, насуперак афіцыйнай савецкай ветэранскай арганізацыі ўдзельнікаў НКВД і т.п. Вось яны то, гэтыя нашыя фронтаўскія ветэраны, найбольш і зьмясілі фашыстаў (паказалі, як цяпер кажуць, “майстар-клас”).

А ўвогуле рускім фашыстам тады велмі не шанцавала ў Беларусі. Адзін раз у Менск (яшчэ да лукашызму) прыязджаў Жырыноўскі. За два дні яго адлупілі два разы. Першы раз, калі паспрабаваў выступаць ля палацу спорту (уратаваўся ўцёкамі у гасьціньніцу “Юбілейная”, паказваў адтуль хфігі). Другі раз у… Вярхоўным Савеце дэпутаты БНФ Навумчык і Садоўскі гэтак брутальна і недыпляматычна спусьцілі яго зь лесьвіцы. Больш у Менску гэты клоун (таксама як і Дугін зь Лімонавым) не зьяўляўся.

Цяпер маскалі акупавалі Беларусь, лукашысты кідаюцца і хапаюць людзей за беларускую мову. Усё, пакуль што як бы ціха, галасоў з турмы не даносіцца. Але капае вада з рукамыйніка, напаўняецца чаша. Кветачак болей ня будзе. Яны нават не ўяўляюць, што іх чакае.
Жыве Беларусь!
Дадатак: 1) — копія (скан) інфармацыі з газэты “Свабода”. 2) — Менская ветэранская арганізацыя БНФ (1993 г.).

22 жнівень 2022 г. Зянон Пазьняк

8/9/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2022
П А С Ч П С Н
« Жні    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь