Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Галіна ПАЗЬНЯК: БЕЛАРУСКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ ЎКРАІНСКАГА ФРОНТУ

Тут расповяд у форме інтэрв’ю пра беларускую валанцёрскую групу ў Нью Ёрку патрыётаў і сяброў беларускага Адраджэньня — Андруся, Віктара і Валеры (празьвішчы не называю зь меркаваньняў ваеннага часу). Інтэрв“ю запісана з Андрусём.

Расейская акупацыя Беларусі і напад Расейскай Федэрацыі на Украіну — дзікая ваварская сярэднявечная вайна з боку рускіх супраць украінцаў, вынішчэньне ўкраінскага насельніцтва, жудасныя злачынствы расейскай ваеншчыны супраць чалавецтва скаланулі сэрца і розум многім звычайным людзям, найперш украінцам і беларусам, дазволілі ім наўпрост убачыць пачварнага расейскага монстра, які ненавідзіць вольныя народы, нацыі і культуру. Эўропа зноў ўгледзіла крывавае аблічча дзяржаўнага рускага нацызма, які паўстаў разам з ідэалогіяй і агрэсіяй “руского міра”.

Акупацыя і вайна выявілі сапраўдную цану людзям. Шмат якія беларусы, знаходзячыся пад гнётам беззаконьня і рэпрэсій антынароднага рэжыму, зьдзеку і вынішчэньня, знайшлі ў сабе сілы для супраціву акупантам і волю дзеля дапамогі ўкраінцам.

Беларусы замежжа паехалі дабраахвотнікамі ваяваць супраць рашыстаў за Украіну, іншыя сталі зьбіраць сродкі дапамогі для ўкраінцаў, стварылі валанцёрскія арганізацыі для забесьпячэньня ваенным рыштункам украінскай арміі і беларускіх змагароў за Ўкраіну (батальён Каліноўскага і іншыя групы). Людзі ахвяруюцца сваім часам, працай, заробкам, дабрабытам дзеля дапамогі братам па змаганьні, бо кожны валанцёр-беларус разумее, што рускага мордара трэба спыніць, зьнішчыць і разьбіць, што ад перамогі ўкраінцаў будзе залежыць таксама воля і вольная будучыня Беларусі.

І ў Польшчы, і ў Злучаных Штатах, і ў Канадзе – усюды, дзе жывуць беларусы, — ёсьць разуменьне трагедыі Беларускай нацыі, якую вынішчае прамаскоўскі акупацыйны рэжым, ёсьць салідарнасьць з Украінай і падтрымка справядлівай барацьбы ўкраінцаў з маскоўскім агрэсарам за існаваньне, волю і незалежнасьць сваёй Айчыны.

Тут расповяд у форме інтэрв’ю пра беларускую валанцёрскую групу ў Нью Ёрку патрыётаў і сяброў беларускага Адраджэньня — Андруся, Віктара і Валеры (празьвішчы не называю зь меркаваньняў ваеннага часу). Інтэрв“ю запісана з Андрусём.

31 сакавіка 2022 г.
Галіна Пазьняк

ВЫБАР

Андрусь і Віктар — беларускія валанцёры ўкраінскага фронту. Пазнаёміліся на Бацькаўшчыне ў Беларусі, трэніраваліся разам, у лукашысцккай турме сядзелі разам за апазыцыйную справу, потым выйшлі з турмы і разам дабраліся да Амэрыкі.
Галіна Пазьняк: — Як атрымалася, што вы сталі валанцёрамі Украінскага фронту?
Андрусь: — 24 лютага я глядзеў навіны, і тут пачаліся абстрэлы Украіны. Я патэлефанаваў сябру Паўлу, які знаходзіўся ў ЗША на зборах. (Павал – беларус, удзельнік Алімпійскіх гульняў, майстра спорту міжнароднага класу, які з Амэрыкі паляцеў ваяваць у першыя дні вайны.) Ён кажа: “Прыязджай, мяне забірай. Я еду на вайну.”
Я скачу ў машыну, еду, зьбіраю торбы для Паўла (частку рэчаў аддаў Віктар, частку я, плюс яшчэ на двух хлапцоў і нешта для трэцяга жаўнера — тое, што ў нас было). Першых хлопцаў мы экіпіравалі (яны вывозілі нашы з Віктарам камплекты). Мы аддалі свае шлемы, свае бронежылеты, усялякія падсумкі, дзяжкі і іншыя рэчы, і яны былі цалкам падрыхтаваныя (акрамя зброі).

Г. П.: — А ў вас было ўсё сваё для вайны?
Андрусь: — Усё неабходнае, каб перайсьці з цывільнага жыцьця да вайсковага, у нас было. Таму нашым хлопцам, якія сьпешна зьязджалі са Злучаных Штатаў на вайну ва Украіну, мы адразу ж прывезьлі ўсё і распавялі, як чым карыстацца. Далей зьвязваюся з іншымі беларусамі. На раніцы другога дня вайны мы сустракаемся, ідзем па крамах, набываем ўсё, што змаглі зь іх выгрэбсьці: навушнікі для хлопцаў, частку медыцынскага прызначэньня, нейкія хімічныя сродкі, нажніцы для разразаньня вопраткі пры аказаньні першай дапамогі і г. д.

Г. П.: — А ў вас гэтыя рэчы адкуль?

А.: — Мы зь Віктарам ўсё жыцьцё займаліся актыўным адпачынкам і ўдзельнічалі ў розных спаборніцтвах. Пэўныя спартовыя спаборніцтвы патрабуюць наяўнасьць такіх рэчаў. У некаторых спаборніцтвах ты ня можаш удзельнічаць, калі ў цябе няма сваёй зброі, свайго пісталета, свайго бронежылета. Гэта абавязковы рыштунак. Таму ў нас усё гэта было. Гэта ўсё каштуе дорага, але мы не задумваючыся аддалі нашым хлопцам, бо мы сабе тут яшчэ здабудзем, а хлопцам гэта патрэбна менавіта зараз.

Г. П.: — Бяз вашай дапамогі (ня толькі вашай асабістай, але і шмат каго іншых), бяз вашай працы быцьцё жаўнераў на фронце было б цяжкім.

А.: — Зь першага дня вайны нашыя сябры-беларусы трапілі да ўкраінскай тэратарыяльнай абароны, і ўсё, што ім выдалі, — гэта “падсумак” на чатыры “магазіны”, камусьці пашанцавала, і яму далі рэмень, аўтамат і патроны. І ўсё. З такім малым рыштункам шмат не наваюеш: сучасная вайна – штука ня танная, і вайсковае забесьпячэньне дарагое.
З гэтага і пачалася нашая праца, каб у нашых людзей было неабходнае, што забясьпечвае ахову жыцьця ваяроў у гэтай вайне. Дзень за днём, усё больш знаёмстваў, перазнаёміліся — і зараз каардынуемся.

СЯБРА ВАЛЕРА

Г. П.: — Дык вы зь Віктарам кінулі часова сваю працу. Але бяз працы ў Амэрыцы выжыць немагчыма. Тут працаваць абавязкова.

А.: — Так, мы зь Віктарам часова не працуем, я спадзяюся, што на пару тыдняў ці на месяц у нас яшчэ грошай хопіць. Потым прыдзецца зноў вяртацца да працы, бо на тыя грошы, што намі назьбіраны, доўга тут не пражывеш. Відаць прыдзецца мяняць працу, напэўна, на цяжэйшую, але каб было больш вольнага часу, каб працаваць 2-3 дні, астатняе — на нашую валанцёрскую патрэбу. Пэўныя сувязі і шляхі ўжо наладжаны, але ўсяроўна яны займаюць шмат часу. Зараз жа мы зь Віктарам не займаемся нічым, акрамя арганізацыйнай працы: зьбіраем грошы, арганізоўваем, закупаем-адпраўляем.
Да нашай валанцёрскай працы я дадаю яшчэ сябра Валеры, які працуе кіроўцам “траку” і на свае патрэбы (каб тут выжываць), і на фронт: ён шмат ахвяруе грошай на вайну. Каб задзейнічаць валанцёрства, ён мне сказаў: “За тваю кватэру плаціць буду я, каб ты не адхіляўся на такія клопаты. Займайся, чым трэба займацца”.

Г. П.: — Днямі я размаўляла па тэлефоне з Валерам. Вось што ён мне распавёў:
Валеры: — Як толькі пачалася вайна 24 лютага, я таксама хацеў стартаваць на Украіну. Мы з хлопцамі доўга размаўлялі. Мне казалі: “Зь цябе ваяр – так сабе. Што ты ведаеш пра тактыку боя? Анічога. Не валодаючы ваеннай падрыхтоўкай – ты цяжар для валанцёраў. У нашай вызвольнай справе – апранеш хлопцаў па-вайсковаму, каб уратаваць іх у цяжкой баявой сітуацыі, — гэта лепш. Ты тут сам ствараеш рэсурсы на фронт. Сёньня жадаючых ваяваць больш, чым зброі. Але ня кожны можа”. Мы прынялі такое агульнае рашэньне: дапамагаць тым, хто на фронце, каб яны засталіся жывымі і перамаглі.
Кожны з нас выбірае, дзе яго ўдзел будзе вырашальным. Таму на дадзены момант мы прынялі такое рашэньне. Яно не канчатковае, плюс ніхто з нас (і я, і Андрусь, і Віктар) ня мае дакумантаў, таму ехаць на Украіну — гэта квіток у адзін канец. Вось, напрыклад, наш сябра Аляксандар (які адзін зь першых паехаў на фронт) мае “грын-карту”, ён свабодны ў перамяшчэньні з ЗША… Праўда, нашае рашэньне застацца тут і дапамагаць з усіх сіл — было для нас вельмі цяжкім. Хацелася на фронт.

А.: — Усё так… Валеры нам вельмі моцна дапамагае зь першага дня. Калі звоніш яму і кажаш, што ў нас закупка і нам не хапае некалькі тысячаў даляраў, ён проста адразу закрывае сваімі грашамі гэтую праблему, плюс ён дае вельмі добрую рэкламу сярод сваіх дальнабойшчыкаў, сярод якіх працуе. Людзі тэлефануюць і кажуць, што яны ад Валеры, які ім сказаў, што трэба тое і тое. Давайце гэта зробім. Валеры дапамагае вельмі моцна. У гэтым плане Валеры — залаты чалавек.
Мы зь Віктарам валанцёрствам пачалі займацца даўно, з 2014 года, калі пачалася ўкраінска-расейская вайна (тады мы яшчэ ня ведалі Валеру), бо Украіна заўсёды была братняй краінай. З Расеяй жа мы, беларусы, ваявалі ўсю сваю гісторыю. За саветамі нашу беларускую гісторыю ад людзей хавалі, і беларусы ня ведалі праўды пра гэта.

Г. П.: — Пра сваё валанцёрства вы расказваеце як чалавек дасьведчаны. Адкуль у вас гэты досьвед?

А.: — Я служыў у войску ў 103-й асобнай мабільнай брыгадзе, быў гранатамётчыкам і восем год праслужыў у МНС (Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў). Зброя там была амаль такая ж самая, толькі ськіраваная на ратаўніцтва. Я працаваў з вайсковай і авіяцыйнай тэхнікай, з вадалазнай тэхнікай, працаваў як ратаўнік, які аказвае дапамогу пры зруйнаваных будынках, як ратаўнік, які ратуе людзей з пажараў і аўтамабільных катастроф, плюс я ўмею страляць. Таму я так ведаю ваенную спэцыфіку. Ну і цікавіўся навінкамі стралковага спорту.

Г. П.: — А Віктар?

А.: — Ён прапаршчык вайсковы, прычым складзскі. У яго ўлікова-вайсковая спэцыяльнасьць. Ён дасьведчаны ў гэтых справах, добра разьбіраецца, што-як лепш захоўваецца, як перавозіцца, як маркіруецца машына. У лагістыцы ён разьбіраецца значна больш за мяне. Таму ў тандэме вельмі добра атрымалася працаваць.

ВАЛАНЦЁРСКАЯ ПРАЦА

Г. П.: — Валанцёры – гэта асобы, якія дабрачынна дапамагаюць людзям у іхным мірным цяжкім жыцьці. А калі ідзе вайна, тут могуць быць розныя роды “валанцёрства”, так?

А.: — Тады мы хутчэй валанцёры тылавога забесьпячэньня (у адрозьненьні ад звычайнага валанцёра). Мы займаемся выключна забесьпячэньнем неабходнымі для вайны рэчамі.
Валанцёраў, якія дапамагаюць войску – безьліч. Яны займаюцца і закупкай розных рэчаў (ад ваеннай амуніцыі да прадуктаў харчаваньня), і нарыхтоўкай прадуктаў харчаваньня (адмыслова сушаць гародніну, мяса, каб на лініі сутыкненьня з ворагам людзі асабліва не задумваліся, што ім есьці). У ваяроў ёсьць рацыён на некалькі чалавек, яны высыпаюць свае пайкі ў адно вядро з кіпенем і праз некалькі хвілінаў у іх усё гатова.
Валанцёры ў Адэсе зьбіралі пясок на пляжы ў мяшкі, каб абкласьці імі помнікі культуры, каб зрабіць абарончыя пабудовы ў горадзе. Хтосьці шые дабрачынна штосьці. Дзяўчаты ва Украіне для ваяроў плятуць маскіровачныя сеткі (якіх заўсёды не хапае). Таксама яны штосьці пакуюць, перапакоўваюць, каб паслаць на фронт, вядуць анкеты. Ёсьць валанцёры, якія займаюцца выключна дастаўкай на фронт розных рэчаў. Тут разнастайная праца. Хтосьці займаецца медыцынай, зьбірае лекі, хтосьці эвакуацыяй параненых. А ёсьць яшчэ гуманітарны аспэкт: гэта і ўцекачы-бежанцы, і дзеці, і жывёла…

Г. П.: — Зараз у Эўропе, асабліва ў Польшчы, шмат людзей займаецца валанцёрствам. І тут вельмі важная каардынацыя.

А.: — Нярэдка ў вытворчасьці для фронта “робяць” вельмі нізкія кошты. За адзін заплечнік у ЗША можна набыць 8 заплечнікаў ва Украіне і вельмі якасных. Гэта ўсё трэба адсочваць, каб ведаць і працаваць эфэктыўна.
Наша дзейнасьць – адзін з такіх накірункаў, бо мы дасьведчаныя ў вайсковай справе і можам гэта рабіць правільна. Сярод вытворцаў для вайсковых патрэбаў існуе шмат кітайскіх падробак. Вось аптэчкі. Частку зь іх можна ўжываць толькі ў трэніровачных працэсах, на фронце іх выкарыстоўваць нельга. І так шмат чаго. Трэба ва ўсім разьбірацца. Ёсьць рэчы вайсковага прызначэньня і ёсьць вельмі падобныя, хоць такімі не зьяўляюцца.
Для нас зь Віктарам гэта ня першы год валанцёрства. Мы валанцёры з 2014 года, і трохі разумеем, што патрэбна непасрэдна на месцы. Адна і тая ж рэч розных прадуцэнтаў можа быць зусім розная па якасьці. Напрыклад, жгут можна набыць за 12 даляраў і за 30. Зьнешне яны выглядаюць амаль аднолькава. Але гэта два розныя жгуты.

Г. П.: — Жгут – гэта для прыпыненьня страты крыві з рукі альбо нагі, так?

А.: — Так, амэрыканскія даражэйшыя за кітайскіх. Яны правераныя і лепшыя.

Г. П.: — А чым яны лепшыя?

А.: — Па-першае, яны прайшлі ўжо сем пакаленьняў. Амэрыканцы вельмі добра зьбіраюць статыстыку: яны глядзяць, колькі іх парвалася, колькі іх было няправільна накладзена і чаму, і яны з гэтага робяць высновы, удасканальваючы кожнае наступнае пакаленьне выраба. Атрымалася, што ў сёмай генэрацыі турнікета “КЭТ” (гэта гэты жгут) ён стаў шырэйшым за папярэднія. Вось паглядзіце: вось сапраўдны, а вось несапраўдны.

Г. П.: — Але зьнешне яны абсалютна падобныя.

А.: — Так, зьнешне вы іх не адрозьніце. Але на сучасным з іншага боку ёсьць усе патрэбныя штампы, чаго няма ў “несапраўдным”. Істотная рэч — маленькія кіёчкі, якія заціскаюць крываток і маленькая страпа, якая ўнутры шырокай страпы. Бывае, што пры зацісканьні нават на трэніроўках (ня кажучы ў баявых умовах) гэтая страпа проста рвецца. І вось вы набылі для жаўнера такі “турнікет”, а ён ня ведае, можна яму давяраць, ці не. А вось гэты, сёмага пакаленьня, — выпрабаваны часам, і ў сёмым пакаленьні вырабу амэрыканцы прыйшлі да такога вось узору “турнікета”, які вы бачаце.

Г. П.: — І колькі ён каштуе?

А.: — Мы іх набываем па 22-24 даляры, а так ён каштуе 26-28 даляраў, дзе-нідзе кеаштуе і 30.

АДНОСІНЫ АМЭРЫКАНЦАЎ ДА ВАЙНЫ ВА УКРАІНЕ

Г. П.: — Гэта амэрыканцы вам робяць ськідку?

А.: — Так, нам робяць ськідку два амэрыканскія прадпрыемствы. Адно зь іх знаходзіцца ў Фларыдзе, другое – у Нью-Ёрку. Яго трымае паліцэйскі, які аказвае дапамогу паліцэйскім пры правядзеньні паліцэйскіх акцыяў альбо калі хтосьці кагосьці падстрэліў падчас затрыманьня злачынцаў. Ён таксама праводзіць трэнінгі, і вось у яго мы набываем мэдычныя камплекты. Першы чалавек, да каго мы зьвярнуліся, гэта быў ён, і прадае нам па значна ніжэйшаму кошту, чым звычайным пакупнікам, і без гандлёвай налічкі.

Г. П.: — А як вы яго знайшлі?

А.: — У паліцэйскага зь Нью-Ёрка Шона Солера мы праходзілі курс па аказаньні першай дапамогі пасьля масавай стральбы (займаліся для сябе, набылі сэртыфікат).

Г. П.: — Без гандлёвай нацэнкі, таму што вы купляеце шмат, ці таму, што ён спачувае Украіне?

А.: — Таму што ён спачувае Украіне і беларусам, якія далучыліся да узброеных сіл Украіны. Ён на свае вочы ўбачыў беларуса, які збіраўся ехаць туды, на іншы кантынэнт, ваяваць і які проста вёз з сабой дзьве торбы неабходнага на фронце. Ён вельмі моцна пранікся і сказаў: “У любы момант зьвяртайцеся, калі штосьці трэба. Мы заўсёды будзем супрацоўнічаць і супрацоўніцтва будзе бясплатнае”.

Г. П.: — Ён амэрыканец?

А.: — Так, амэрыканец. У яго няма ніякіх каранёў ні з Украінай, ні зь Беларусяй. Для яго гэта – іншы кантынент. Ён у свой час сказаў (калі мы прайшлі ў яго трэнінг), што мы “адна вялікая сям’я”. Мы думалі, што гэта, так бы мовіць, для “прыгожага слоўца”: сказаў і забыўся. Але для амэрыканца як яны кажуць, — так яно і ёсьць.

Г. П.: — Што яшчэ вы набываеце?

А.: — Безьліч рэчаў. Бо вайна, на жаль, зараз вельмі тэхналягічная і патрабуе вялікіх сродкаў. Хаця, вайна заўсёды каштавала дорага… На жаль, амэрыканскія законы не дазваляюць вывозіць рэчы падвойнага вайсковага прызначэньня. (Чалавеку дазволена браць з сабой толькі 1 бронежылет і 1 шлем.) Таму мы ня можам іх перасылаць ва Украіну. Але мы набываем усё тое, што дазволена.

Г. П.: — А ў звычайных амэрыканцаў ёсьць якое-небудзь разуменьне-спачуваньне украінцам, ці проста вось прадаюць нейкія рэчы і ўсё?

А.: — Амэрыканцы, зь якімі мы моцна супрацоўнічаем, вельмі адгукаюцца: робяць добрыя зьніжні для тых, хто едзе на Украіну альбо робіць закупы для Украіны. Вось калі я гандляру-амэрыканцу распавядаў пра свайго кума, які хрысьціў маё дзіця і зараз ён на вайне, ён перадаў яму вельмі добры нож, які каштуе 150 даляраў. І такіх выпадкаў вельмі шмат, хоць і ў амэрыканцаў ня мала сваіх праблемаў. У іх жа шмат сваіх ветэранаў, і для амэрыканцаў гэта як бы такая далёкая вайна. Але тыя, зь кім мы сутыкаемся (асабліва сярод былых вайскоўцаў), вельмі прыязна ставяцца да людзей, якія едуць на вайну, бо разумеюць, што Расея – гэта такі пэрманэнтны вораг. Яны ведаюць, што такое Расея.

ПАТРЭБЫ І ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЕ ЖАЎНЕРАЎ

А.: — У першыя ж дні вайны тэрытарыяльных абаронаў ва Украіне зьяўлялася шмат, а забесьпячэньне для іх было вельмі нізкім. Зараз ужо мінуў месяц вайны. У нейкіх гарадах лепей, у нейкіх горш. Камандваньню батальёна Кастуся Каліноўскага атрымалася пайсьці пад ЗСУ, а гэта ўжо зусім іншае забесьпячэньне. Хаця і зараз ёсьць праблемы, таму што людзей прызываецца шмат, а забясьпечыць можна не заўсёды.

Г. П.: — Значыць, украінцы забясьпечаны ўсім неабходным для байца?

А.: — Трэба зразумець, што ўкраіныцы ў першую чаргу забясьпечваюць сваіх жаўнераў, што натуральна. А іншаземныя батальёны, іншаземныя фармаваньні будуць забясьпечвацца пазьней. Таму нам трэба самім забясьпечваць сваіх людзей. Калі мы ня здолеем забясьпечыць іх, то ў баях яны ня будуць добра абаронены. А бяз гэтага нельга ваяваць. Ёсьць такое выслоўе, што вайна, у першую чаргу, — гэта вайна рэсурсаў. Калі мы здолеем забясьпечыць сваіх хлопцаў, то ім будзе прасьцей выконваць пастаўленую задачу. Калі ў цябе ёсьць мэдычнае забесьпячэньне, калі ты разумееш, што ў выпадку раненьня кваліфікаваныя людзі давязуць цябе да шпіталя, то ты ўжо не задумваешся пра тое, што трэба будзе рабіць у выпадку раненьня. Ваяр ужо адчувае ўпэўненасьць. Калі чалавек упэўнены – ён больш канцэнтруецца на выкананьні задачы. А гэта асноўнае падчас ваенных дзеяньняў.
Частку рэчаў хлопцы набываюць у Польшчы альбо ў Нямеччыне — дзе таньней. (Так, мэдыцынскі заплечнік у ЗША каштуе 800 даляраў, а ў Нямеччыне – 400 з нечым эўра.

Г. П.: — Значыць, колькасьць патрэбных рэчаў у вас складваецца ад таго, як, скажам, у Польшчы фармуюцца нашыя атрады для вучэньняў і для адпраўкі на фронт.

А.: — Так, так. Ёсьць першасныя патрэбы забесьпячэньня ваяра, а ёсьць нейкія групавыя забесьпячэньні. Скажам, мэдыцынскія заплечнікі – гэта групавая патрэба. Рыдлёўкі вялікія, якія хлопцы набываюць у Кіеве, таксама больш групавыя, чым індывідуальныя.

Г. П.: — А патрэбныя гэтак сама і індывідуальныя.

А.: — Так, патрэба ў іх вельмі вялікая.

Г. П.: — І колькі можа каштаваць індывідуальная рыдлёўка?

А.: — Самая танная, якую мы знайшлі і якая больш-менш адпавядае патрэбам у вайсковых дзеяньнях, гэта 14 эўра, яна была выпушчана ў 1960 годзе. А калі мы бярэм сучасныя рыдлёўкі, то гэта 70 эўра.

Г. П.: — Розьніца істотная. Рыдлёўка патрэбная кожнаму байцу, так?

А.: – Так, рыдёўка павінна быць у кожнага. Калі браць па закупах рыштунка на аднаго байца сярэдняй якасьці забесьпячэньня (ня самае дарагое), то на аднаго чалавека ідзе ад тысячы (гэта самае таннае і бяз бронепласьцін) да трох-чатырох тысячаў даляраў – толькі тое, што вельмі патрэбна і зношваецца хутчэй. А так – пад 5 тысячаў. Вось, напрыклад, чахол для бронекамізэлькі. Яго можна набыць за 210 даляраў, а можна за 100.

Г. П.: — І розьніца паміж імі істотная?

А.: — Так, істотная: за 210 даляраў у разы зручнейшая. Гэта рэч цяжкая: мы ў яе ўстаўляем сталёвыя пліты, вешаем на яе дадатковыя падсумкі, і яна (гэтая бронекамізэлька) пачынае важыць каля 8 кіль. І ў гэтым трэба хадзіць да 24 гадзін на суткі. Ад зручнасьці такой простай рэчы, як бронекамізэлька, залежыць тое, наколькі ваяр будзе сябе добра адчуваць. Бронекамізэлька за 100 долараў будзе сядзець прыкладна гэтак жа, як і за 210, але калі мы бярэм 3-5-7-10 дзён, то адчуваньне зусім адрозьніваецца, як на плячах, так і ва ўсім целе. Плюс важны момант – патрэба ў якаснай пэўнай тканіне. Таму што ў вайскаўцаў (у адрозьненьне ад цывільных людзей, якія карыстаюцца ў сваім звычайным жыцьці заплечнікамі і могуць набыць сабе тонкі заплечнік, які яму будзе добра служыць) вайсковы заплечнік павінен быць з тоўстай трывалай тканіны, бо ў ім будуць насіцца цяжкія рэчы, зь ім будуць поўзаць і за яго будуць цягнуць з поля боя, калі баец будзе паранены. Такія заплечнікі робяцца зь якаснай тканіны, якая ня можа каштаваць танна. І гэтак жа можна сказаць па кожнаму пункту амуніцыі. Вось боты. Можна набыць за 70 даляраў, а можна за 200. Даражэйшыя ня будуць мокнуць, бо ў іх стаіць добрая мэмбрана, і нага будзе адчуваць сябе камфортна, яны праслужаць даўжэй. У таньнейшых хутка ад вільгаці пачнуць распаўзацца ніткі і сам абутак, хаця зьнешне боты будуць вельмі падобныя.

Г. П.: — А як з памерамі – ва ўсіх жа памеры розныя?

А.: — Сазваньваемся зь людзьмі, якія зараз служаць, і зьбіраем сьпісы з патрэбамі. Нам прыходзяць сьпісы, скажам, 15 штук 41 памеру, 20 – 42-га, 4 – 45-га, 47-га і г. д. Мы складаем адпаведную заяўку і адпаведна з заяўкай пачынаем закуп.

Г. П.: — А вось гэтыя прыборы начнога бачаньня, якія вы мне паказвалі, – яны жудасна дарагія…

А.: — Мы пакуль яшчэ іх не закупалі, бо ёсьць пытаньні па вывазу. (Іх нельга вывозіць, гэта вайсковая спэцыялізацыя…) Ёсьць украінскія аташэ, якія могуць гэта вырашаць. Будзем даведвацца, удакладняць, як можна вывезьці і ў якой колькасьці брацца за гэты набытак.

Г. П.: — Я бачу, грошай трэба шмат.

А.: — Ну, сто індывідуальных аптэчак – гэта дзесьці восем з паловай тысяч даляраў. А адной аптэчкі, зразумела, мала. Скажам, шлём каштуе ў залежнасьці ад таго, што на ім ёсьць – ад 300 да 500 долараў. Я ўжо не кажу пра больш сучасныя сродкі. Адзін добры каліматарны прыцэл каштуе амаль 800 даляраў (гэта тое, што ставіцца на зброю і павялічвае хуткасьць прыцэлу і пераноса агня). Дорага. Яшчэ вялікі дзякуй, што хлопцы ваююць не сваімі патронамі. Бо калі ваяваць яшчэ сваімі патронамі – то было б яшчэ даражэй.
А жаўнерам патрэбна вельмі шмат чаго. Напрыклад, адмысловыя ліхтары, у якіх павінна быць чырвонае сьвятло, адмысловыя дзяжкі, на якіх трэба пераносіць рыштунак, адмысловыя рыдлёукі… Аўтамат жывіцца з дапамогай “магазіна” – трэба “магазін”, бо іх выдаюць ня ў той колькасьці, у якой патрэбна. Гэтыя “магазіны” трэба ў нечым пераносіць – патрэбныя падсумкі для пераноса, плюс гранаты, якія зноў жа трэба пераносіць і патрэбны падсумкі пад гранаты. Рацыі — і іх таксама трэба пераносіць, значыць – падсумак пад рацыю, заплечнік, дзе пераносіцца вада, ежа, дадатковы боекамплект, прыстасаваньні, каб арганізаваць свой быт (той жа “дажджавік”, тое ж “понча”, каб зрабіць мінімальны навес на пазыцыі. Там безьліч рэчаў, якія трэба мець і насіць. І ўсё гэта каштуе грошай.
Вось апошняе, што сталася: хлопцам раздалі камплекты зброі і яны бяз рэменя ў камплектацыі. Зброя і бяз рэменя страляе добра, але доўга насіць яе бяз гэтай дзяжкі вельмі цяжка. Значыць на кожную зброю трэба набыць і рэмень. І так адно чапляецца за другое, і выходзіць вельмі шмат патрэбаў.

Г. П.: — Я ўражана, колькі ўсяго трэба.

А.: — Гэта такое самае-самае першаснае. Але чалавеку трэба 2 камплекты зьнешняй вопраткі (нагавіцы-кіцель), трэба нейкі ўцяпляючы пласт (гэта яшчэ 2 найменьні), 2 пласты тэрмабялізны, якія трэба памножыць яшчэ на два (бо яе ж трэба мяняць), плюс зьменныя шкарпэткі, зьменныя боты пажадана, нейкія тапкі хадзіць мыцца, плюс спальнік, плюс дыванок – ня кажучы пра рэчы, якія неабходныя для выкананьня заданьня. Такіх рэчаў набіраецца шмат. Мы жывем у іншым часе, і гэта ўжо ня тое далёкае незразумелае савецкае войска, якое зараз у Беларусі альбо ў Расеі. Чым лепш салдат забясьпечаны, чым лепш ён высыпаецца, нармальна паеўшы, тым лепш ён выконвае задачу на полі бою. Чым лепш ягоная экіпіроўка, тым больш ён абаронены ад раненьня. Так, усё вайсковае каштуе дорага, але ёсьць як бы за што плаціць. Трэба памятаць, што чалавечае жыцьцё – асноўнае. А на вайне ў ворага задача нанесьці як мага большую страту жаўнерам і максімальна зьнішчыць тэхніку. І хто з байцоў будзе лепш экіпіраваны і падрыхтаваны, той будзе лепш спраўляцца са сваёй задачай. Тады яны не адхіляюцца на розныя нязручнасьці. А тое, што зручнае, тое, на жаль, каштуе. Таму пытаньне грошай у нас стаіць востра.
Заўсёды вельмі якасна працаваць самому і непасрэдна. Калі вы самі сабралі грошы і ведаеце, што вы набылі і для каго яны пайшлі, — гэта непасрэдны ваш унёсак у пэўную справу. Таму самая якасная праца, калі вы ўзялі на сябе нейкі пэўны кавалак справы. Вось людзі з Сан-Дзіега ўзялі на сябе абавязак набываць засьцерагальныя акуляры. Я ім ськінуў спасылку на дакладныя абарончыя вайсковыя акуляры, якія трэба набыць і ў пэўнай вайсковай фірме. Я сам насіў гэтыя акуляры, ведаю, што яны добра бароняць вочы, трымаюць выстрал 12-га калібра, калі ў іх трапляюць, іхныя маскі спыняюць асколкі. Гэта тое, што патрэбна вайскоўцу. Іх нам патрэбна зараз да трохсот. Яны набудуць сто – мы адправім сто (ці больш). Нашыя хлопцы атрымаюць добрыя акуляры.
Вось мы набылі 20 мульцітулаў.

Г. П.: — Гэта што?

А.: — Мульцітул – гэта інструмант са шматлікім прызначэньнем. У вайсковым жыцьці ён вельмі патрэбны, асабліва, калі людзі пачынаюць працаваць зь нейкімі выбуховымі рэчамі. Нават звычайная чыстка зброі патрабуе рыштунку. Пласкагубцы (да прыкладу) на вайне вельмі “паляпшаюць” жыцьцё, а іх ні ў адной замове не было. Я са свайго досьведу ведаю, што гэтая рэч вельмі патрэбная. І мы закупілі 20 штук.
Ні ў адной замове няма газавых газьнічак (гарэлак). А гэта тое, што неабходна ў халоднае надвор’е. Калі байцы ў памяшканьні з добрымі сьценамі, яны могуць зрабіць сабе кіпень (ёсьць сьвятло ці не) Аднаго балона на 10 чалавек пры разумным карыстаньні можа хапіць на тыдзень.
У розных падразьдзелаў ёсьць свае нюансы. Некаторыя беларусы служаць у артылерыі. У іх няма генератара. Патрэбны сонечныя батарэі.

Г. П.: — Вы расказалі пра забесьпячэньне байца. Але ж яшчэ пытаньне і ў харчаваньні – яны ж ня могуць галодныя ваяваць.

А.: – З харчаваньнем прасьцей. Гэтым займаюцца адпаведныя службы ўзброеных сіл. Жаўнерам на лініі сутыкненьня з ворагам трэба спэцыфічныя прадукты, што хутка гатуецца з дадаткам кіпеня. Каб аддзяленьне было забясьпечана вадой – патрэбныя фільтры, бо калі людзі пап’юць кепскай вады, яны ўжо хворыя і ня могуць выконваць вайсковую задачу. Адзін фільтр каштуе каля 70 даляраў. Ім можна адфільтраваць шмат вады (ад 4-х да 15 тысячаў літраў вады), а потым трэба другі.

БРОНЕКАМІЗЭЛЬКА

Г. П.: — А што сабой уяўляе бронекамізэлька ?

А.: — Бронекамізэлька – гэта такая наборная штука. Гэта мінімум дзьве бронепласьціны (грудзі і сьпіна), якія ўстаўляюцца ў адмысловы чахол, плюс супрацьасколачныя бакавыя альбо пакеты, альбо такія штукі, каб мацаваць камізэльку (заднюю і пярэднюю пласьціны). Яны з адмысловай ліпкай тканіны, і бакавыя ўстаўкі супрацьасколачныя.

Г. П.: — І такая бронекамізэлька колькі можа каштаваць?

А.: — Сам “кавар” (такі добры) без бронепласьціны – каля 200 даляраў і да яго 2 пласьціны – ад 300 да 600, у залежнасьці ад класа аховы і матэрыялу выгатаваньня.
Тут трэба сказаць, што беларусы з Чэхіі зрабілі немагчымае: яны набылі бранёвую сталь і самі пачалі рэзаць, гнуць мэтал і абшываць яго патрэбнымі супрацьаскепкавымі матэрыяламі.

Г. П.: — Гэта менавіта, калі пачалася вайна?

А.: — Так. Рускія загадзя рыхтаваліся да вайны і пабралі на сябе вельмі шмат кантрактаў на падстаўныя фірмы, каб не было на рынку складнікаў для бронекамізэлек. Буйны вытворца вайсковых бронекамізэлек Вэлмет ва Украіне сутыкнуўся з тым, што ў іх ня стала магчымасьці наладзіць вытворчасьць. Акрамя таго ў першы тыдзень вайны рускія разбамбавалі амаль усіх вытворцаў бронекамізэлек і шлемаў. Дзякуй Богу, людзі неяк здолелі перавесьці свае вытворчасьці ў заходнюю Украіну і патроху пачынаюць наладжваць працу. Але нам ад гэтага ўсяроўна не прасьцей, таму што, калі размаўляеш з украінскімі вытворцамі, яны кажуць: “Прабачце, у нас зараз вельмі вялікія кантракты для ВСУ, і мы проста фізычна ня можам вам нешта прадаць”. І з шлемамі зараз самая вялікая праблема.

Г. П.: — І з Амэрыкі ня вывезеш, так?

А.: — Так. З бронекамізэлькамі зараз больш-менш добра (дзякуючы таму, што Кірыл у Празе наладзіў сваю вытворчасьць). Ёсьць магчымасьць беларусам перакрыць патрэбы.

Г. П.: — Гэта вельмі ўражвае, што нашы беларусы змаглі закупіць сталь.

А.: — Але сталь – гэта толькі адзін са складнікаў бронекамізэлек. Яе выгінаюць па стандартах. Амэрыканскія беларусы здолелі набыць сто бронекамізэлек бяз пліт, у якія можна ўкладаць пласьціны рознага памеру, у залежнасьці ад камплекцыі чалавека. Цяпер хлопцы могуць выразаць пліты ледзь ні пад кожнага байца (і апрацаваць гэтыя пліты).

Г. П.: — Гэта ж грандыёзная праца.

А.: — Так, працы хапае.

Г. П.: — Калі мы 26 сакавіка гг. адкрывалі помнікі Кастусю Каліноўскаму і Андрэю-Тадэвушу-Банавантуру Касьцюшку ў Нью-Ёрку перад Беларускай Аўтакефальнай Царквой сьвятога Кірылы Тураўскага, то Зянон Пазьняк сваю прамову пачаў з хвіліны маўчаньня па нашым забітым у гэты дзень на вайне ва Украіне беларусе Зьміцеры Апанасовічы.

А.: — Адно з распаўсюджаных раненьнеяў – гэта асколачнае раненьне ў вобласьць таза, калі закранута артэрыя. Зьміцер быў ранены пад лапатку. У яго аскепак зайшоў якраз паміж бронежылетам і сьпіной. У яго быў пнеўматоракс, яму хлопец вельмі добра аказаў першую дапамогу, у стабільна цяжкім стане яго давезьлі да шпіталя, але, на жаль, у шпіталі ён памёр. Ігар Ліцьвін таксама памёр ад кравацечы, і яшчэ адзін наш жаўнер памёр, бо выцекла кроў…
Бандаж, які накладаецца на вобласьць таза – там ужо зусім іншыя грошы. Гэта 320-350 даляраў. Гэты сродак – для чалавека, які прайшоў больш глыбокае навучаньне, як яго накладаць. Такое прыстасаваньне сам паранены ня ў стане надзець, гэта робіць спэцыяліст, зьвязовы мэдык, ён яго накладае.

Г. П.: — А гэтыя, як вы называлі, “турнікеты” павінны быць у кожнага?

А.: — Так, прычым павінна быць мінімум два, бо бывае, калі мышачная маса ног вельмі разьвітая, то першым турнікетам (ці па іншаму жгутом) можна не перацягнуць цалкам.

РАЗЬМЕРКАВАНЬНЕ ЗАДАЧ ПАМІЖ ВАЛАНЦЁРАМІ

Г. П.: — Як валанцёр вы камунікуецеся зь беларусамі, якія жывуць у Амэрыцы і ў Эўропе. Да вайны вы, напэўна, шмат каго і ня ведалі?

А.: — Поўна людзей, якія ў мяне запісаны, напрыклад, “Віктар – Паўночная Караліна”, іншы “Віктар – Каліфорнія” і г. д., якіх я ніколі ня бачыў. Але пры гэтым справа робіцца, і часам – вельмі хутка. Такі прыклад. Беларус Амэрыкі, які пэўны час жыў у Адэсе і мае там маёмасьць, перадаў у карыстаньне адэскаму атраду Ліцьвіна сваю ўласную “Тэслу” — напісаў даверанасьць і перадаў яе на час вайны хлопцам, якія займаюцца абаронай Адэсы (Гэта даволі дарагая машына.) У канцы даверанасьці напісаў “Жыве Беларусь!” і “Слава Украіне!”
Медыцынскае забесьпячэньне – на нас. Па астатняму – штосьці робяць беларусы ў іншых краінах. Мы ўсе камунікуемся паміж сабой і намагаемся рабіць так, каб не было аднолькавых закупак.
Некаторыя беларусы пераводзяць грошы непасрэдна ў батальёны, іншыя зьбіраюць грошы ў сваіх суполках, раюцца з намі і самі набываюць нейкія рэчы для ваяроў і адпраўляюць іх у Польшчу, адтуль усё едзе ў Кіеў, Адэсу альбо ў іншыя месцы.

Г. П.: — Якое мэдыцынскае забесьпячэньне набываецца ў ЗША?

А.: — Гэта тое, што называецца індывідуальная аптэчка жаўнера. Гэта набор мэдычных сродкаў для аказаньня непасрэднай дапамогі на полі бою і падчас эвакуацыі.

Г. П.: — Ва Украіне цяпер, відаць, недахоп медычных сродкаў?

А.: — Вялікі недахоп ня толькі ва Украіне, але нават у Эўропе. ЗША зьяўляецца найбольшым прадукоўцам медычных сродкаў, якія павышаюць жывучасьць параненага чалавека. Тут іх шмат, і іх проста набыць.

Г. П.: — Сярод беларусаў Амэрыкі першымі, хто пачаў зьбіраць грошы на мэдычныя сродкі для беларускіх жаўнераў ва Украіне, гэта былі якраз менавіта вы са сваімі сябрамі.

А.: — Так, мы пачалі гэтую працу на базе царквы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку. Потым моцна ў гэтую працу ўключыліся чыкагскія беларусы. Яны зрабілі свой рахунак, сабралі грошы, і зараз на гэтыя зборы мы будзем набываць і камплектаваць медыцынскія заплечнікі. (Гэта тое, што патрэбна ўжо больш дасьведчанаму чалавеку, уключаючы кропельніцы, кроваспынныя сродкі; яны даражэйшыя, чым звычайная аптэчка). Арганізацыя “АБА” (Арганізацыя Беларусаў Амэрыкі) сабрала на свой рахунак грошы і набывае каля ста індывідуальных аптэчкаў для жаўнера. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква таксама перадала грошы на закупку прыкладна ста індывідуальных аптэчкаў – непасрэдна сам Архіепіскап і Сабор Кірылы Тураўскага. Сто аптэчак ужо набылі і адправілі ва Украіну беларусы Міньнеапаліса.

Г. П.: — Я была сьведкам, як вы пакавалі агромністыя валізкі, і ня проста складвалі, а пэўнымі камплектамі, каб адправіць іх зь некім. Паўночы вы гэтыя ўсе камплекты складалі. Здавалася б, такая простая праца, але калі ўбачыла гэта ўсё, колькі ўсялякіх рэчаў, дробязных і буйных, вы раскладалі ў некалькі велізарных валізаў, то была вельмі ўражана. Такія валізы яшчэ трэба знайсьці недзе…

А.: — Ну, так. Калі мы шукалі звычайную аптэчку, то выходзілі на нейкія фірмы, якія нешта танна распрадавалі. Мы пасьпявалі тое набыць. Трэба разумець, што украінцы таксама ня сьпяць і набываюць тое ж самае. У нас няма наўпроставай канкурэнцыі, але ўсяроўна – хто хутчэй набудзе, той пасьпее. Тады так атрымалася, што мы здолелі ўраздроб набыць шмат мэдычных сродкаў, і потым іх трэба было пэўным чынам кампанаваць, каб хлопцы не гублялі час на лічэньне, разьмеркаваньне (камусьці далі – камусьці не дасталася). Плюс, перадаеш нейкія рэчы даволі крохкія, іх трэба адмыслова ўкамплектаваць, каб яны даехалі да месца.

Г. П.: — Як я зразумела, вы зь Віктарам, з дапамогай Валеры ў асноўным цягніце гэты цяжкі воз працы.

А.: — Не-не-не. Глядзіце: беларусы Чыкага арганізавалі ў сябе збор сродкаў, сабралі 8 тысячаў даляраў. Праз іх мы закупім “медыцыну”. Яны зрабілі сваю частку працы. Хлопцы з Міньнеапаліса зрабілі збор на сто добрых, якасных бронекамізэлек. Плюс яны ўжо самі адправілі сто камплектаў аптэчак. Плюс арганізацыя БАЗА (Нью-Ёрк), БАЦ, АБА, асабіста архіепіскап Сьвятаслаў далі пэўную частку на мэдычнае забесьпячэньне.
Атрымоўваецца, што мы робім найбольш каардынацыйную працу, працу па збору грошай і па актуалізацыі патрэбаў.

Г. П.: — Ну, тут я з вамі не пагаджуся. Тое, што я бачу на свае вочы, — гэта праца велізарная, каб я сама ўсё гэта ня бачыла, не ўяўляла б увесь аб“ём, які вы ахопліваеце. Гэта ўражвае і выклікае вялікую павагу да вашай працы.

А.: — Ну, дык патроху-патроху і набіраецца тое, што патрэбна і што выратуе жыцьцё нашым беларускім абаронцам Украіны, якія пайшлі ваяваць за Украіну і за Беларусь. Праўда, часам сутыкаемся і з праблемамі.

Г. П.: — Якімі?

А.: — Людзі часам думаюць, што калі яны перакінулі грошы на нейкі ўкраінскі фонд падтрымкі, то гэтага дастаткова. Зараз чым больш людзі падтрымліваюць войска, тым больш гэта спатрэбіцца і надалей, вызваляць Беларусь ад акупантаў. Вось украінцы ў Амэрыцы гэта разумеюць лепш. Я бачу, як яны дапамагаюць свайму войску. Яны набываюць вельмі шмат для свайго войска, значна больш зьбіраюць грошай, значна хутчэй забясьпечваюць патрэбы фронта. Яны давяраюць тым, хто займаецца гэтай працай, і пастаянна пераводзяць грошы. Іхны фонд папаўняецца пастаянна. Вось у іх ёсьць падразьдзел, які займаецца эвакуацыяй параненых з поля бою. Шмат якім жаўнерам яны проста ўратавалі жыцьцё. У іх шмат валанцёраў, якія раськіданы па сьвеце і займаюцца выключна гэтым падразьдзелам. Цудоўна, што яны здолелі наладзіць сувязь, узаемадзееньне і збор сродкаў.
Было б выдатна, калі б амэрыканскія беларусы падзяліліся на тры вялікія часткі і дапамагалі б тром розным падразьдзяленьням. Гэта было б выдатна.

ПЕРАПРАЎКА З ЗША

Г. П.: — Як вы дастаўляеце набытыя рэчы ў ЗША для фронта ва Украіну?

А.: — Мы намагаемся перадаваць валізкі на фронт праз людзей. Калі хтосьці едзе ў Варшаву, мы перадаём гэта туды, а там ужо хлопцы з Варшавы едуць альбо ў батальён Кастуся Каліноўскага, альбо ў іншае месца і аддаюць гэтыя валізы. Мы ўвесь час на сувязі з рознымі гарадамі, цэнтрамі, якія фармуюць дабраахвотнікаў. За гэтую сувязь ёсьць адказны ў Польшчы. Тэлефануем, нашыя хлопцы ў Варшаве сустракаюць прыляцеўшых людзей. Чалавеку ж, які ляціць на вайну, знаходзяць, дзе разьмясьціцца і чакаць сваёй адпраўкі.

Г. П.: — Я ведаю, нядаўна вы езьдзілі спэцыяльна зь Нью-Ёрку ў Вашынгтон, каб давезьці валізкі да самалёта.

А.: — Так, дзяўчына маленькая, у якой у самой кіль 45, згадзілася ўзяць з сабой 53 кілі багажа, каб давезьці. Гэта былі дзьве вялікія сумкі. Але там у мяне было яшчэ некалькі важных сустрэчаў, таму я зрабіў адразу колькі справаў. Сустрэўся з украінцамі, каб абмеркаваць валанцёрскія пытаньні. Так адной паездкай зрабіў некалькі спраў, у выніку чаго палепшылася далейшая праца.
Мы ня думаем, што вайна скончыцца хутка, ведаючы рускіх (наколькі яны не кіруюцца ніякай логікай), яны могуць гэтую вайну расьцягваць вельмі доўга. Гэта будуць чарговыя “перамовы”, яны будуць чарговы раз сьцягваць сілы, пераходзіць у наступ, і такое можа цягнуцца вельмі доўга.

Г. П.: — Як я разумею, вы гэтыя валізкі перадаеце праз дабраахвотнікаў з розных гарадоў.

А.: — У нас асноўная праблема – перадачы з Амэрыкі ў Эўропу. Калі ўсё даляцела да Варшавы, то там ужо шлях адладжаны. З варшаўскага цэнтру машыны едуць на Кіеў, і там усё трапляе непасрэдна нашым хлопцам. Але адсюль пасылаць пасылкі ў Варшаву — гэта і дорага, і доўга. Хлопцы зь Міньніапаліса адправілі першую пробную пасылку самалётам да Львова 17-га сакавіка. Паглядзім, як яна дойдзе.

Г. П.: — Але валізы дадатковыя трэба аплочваць.

А.: — Так. І валізы, і пасылкі, зразумела. Але калі нешта тэрміновае, то валізы (самалётам), безумоўна, хутчэй.

ГРОШЫ-АХВЯРАВАНЬНІ

Г. П.: — Пакуль ідзе вайна, грошы патрэбныя ўвесь час.

А.: — Калі б кожны беларус у Амэрыцы кожны месяц аддаваў, скажам, па 100-200 даляраў на войска (у Амэрыцы, хто працуе, — такое магчыма), — гэта б забясьпечыла найбольш надзейна нашых змагароў. Але яно, хутчэй, з вобласьці фантазіі…
Шмат працы цяпер, і шмат – наперадзе. Адзін якасны шлем каштуе 600 даляраў. А калі набываеш сто – то гэта ўжо іншы кошт.
Ёсьць проста тэхнічна дарагія праекты. Хлопцы, якія кіруюць дронамі для пошука ворага, — гэты праект 4-х чалавек, якія прайшлі навучаньне, плюс машына, плюс дадатковыя батарэі, дадатковыя камэры на гэтыя дроны – ён (гэты праект) ужо каштуе каля 60 тысячаў даляраў. Я ўжо не кажу, што чым больш людзей становіцца “ў шэрагі”, тым больш узьнікае патрэбаў забесьпячэньня іхняй дзейнасьці.
Першапачаткова мы “закрываем” самыя неабходныя патрэбы беларускіх фармаваньняў, але з цягам часу патрэбы узрастаюць. На вайне жаўнеры не заўсёды знаходзяцца ў акопе. Ім трэба выязджаць на заданьні, на лінію сутыкненьня праціўніка (хтосьці гэта называе “на нуль”). Частку шляху жаўнеры едуць машынай, частку – ідуць пешшу, і іх трэба на чымсьці перавозіць. Калі байцы затрымліваюцца надоўга, то ежу і баепрыпасы трэба падвозіць пастаянна. Нагамі тут не находзіш, таму машына зь вялікай праходнасьцю вельмі патрэбная. Плюс перавозка параненых. (Гэтым займаецца мэдычнае аддзяленьне (забесьпячэньне).
Дарэчы, мы ўжо дзьве машыны набылі і зьбіраемся яшчэ набываць. Мэдычнае аддзяленьне павінна працаваць 24 гадзіны ў суткі. У ім 4 чалавекі: адзін, які аказвае дапамогу параненаму, 2 чалавекі, якія дапамагаюць (адзін кіроўца, другі забясьпечвае прыкрыцьцё на выпадак страляніны). На гэтых дваіх павінна быць уся экіпіроўка, як у звычайнага байца, плюс абавязкова два прыборы начнога бачаньня, бо аднаму трэба весьці машыну ўначы з выключанымі фарамі, а другому трэба арыентавацца на мясцовасьці (чытаць мапу, глядзець па баках, каб ведаць, кудой можна ехаць – кудой не (да месца забору параненага). А прыбор начнога бачаньня – на дваіх 20 тысячаў даляраў. Я ўжо не кажу, што сярэдняй зношанасьці рэамабіль каштуе каля 30-40 тысячаў. Плюс яго трэба падрыхтаваць, памяняць гуму, зрабіць троху вышэйшым (бо дарогі разьбітыя). І так набягаюць вельмі вялікія грошы.
Вось так: тут неабходна, тут неабходна. І адно чапляецца за другое. Беларусы толькі зараз пачалі фармаваць свае вайсковыя фармаваньні на тэрыторыі іншай краіны. Украіна дае некаторае забесьпячэньне, але шмат чаго не хапае, і ўсё кладзецца на нашыя беларускія плечы.

Г. П.: — А як людзі ахвяруюць грошы? Пакуль ідзе вайна і нашыя беларусы таксама, як украінцы, гінуць на ёй, бываюць параненыя, трэба, каб беларускія суполкі пастаянна зьбіралі грошы на забесьпячэньне беларускіх жаўнераў, каб грошы паступалі ўвесь час. Бо дабраахвотнікаў, мы ведаем, шмат, і іх усё прыбывае. Экіпіроўка павінна папаўняцца няспынна.

А.: — Так, грошы на вайну патрэбны пастаянна. І чым даўжэй будзе ісьці вайна, тым больш патрэбныя грошы на забесьпячэньне нашым ваярам. Нашы беларускія аддзелы толькі фармуюцца, фармаваньне ня скончана. Новыя людзі будуць прыязджаць і прыязджаць. Кожнаму новаму чалавеку патрэбныя першасныя рэчы, а пасьля гэтага – пачынаюцца другасныя рэчы: усё ж не спыняецца на бронекамізэльцы і на шлеме. Потым людзям патрэбныя ўжо нейкія больш тэхналагічныя рэчы. Ёсьць праект, напрыклад, кошт якога каля 57 тысячаў даляраў (гэта разьведаддзяленьне, якое будзе карыстацца добрымі дронамі). Якім чынам людзі здаюць грошы? Грошы ахвяруюцца па-рознаму. Часта проста ў сваіх суполках зьбіраюць, тэлефануюць і кажуць: “Што там сёньня актуальна – давайца мы набудзем”. Яны набываюць і адпраўляюць на адрас ў Польшчу і адтуль даходзіць да адрасата. Альбо гэта даходзіць да нашай царквы ў Брукліне (Атлантык Эвеню, 401), і адсюль мы знаходзім, якім мэтадам гэта пераправіць. Я вельмі ўражаны тым, што людзі, якія лятуць, бяруць торбы з сабой, аплочваюць квіток — за торбу ж таксама трэба плаціць.

Г. П.: — Гэта патрэбныя баснаслоўныя грошы. І пакуль ідзе вайна, неабходна нашая матэрыяльная падтрымка. Бо там людзі ахвяруюць жыцьцём.

А.: — Добра было б, калі б яны не ахвяравалі жыцьцём, а прымушалі ахвяраваць жыцьцём ворага, які напаў на Украіну, а нашыя проста рабілі б прафэсійна вайсковую справу. Вайсковае забесьпячэньне ня можа быць кароткім. Яно павінна быць пастаянным, пакуль ідзе вайна. Зараз мы павінны плаціць такі нацыянальны падатак на нацыянальнае войска.
Тыя, хто не на фронце, павінны разумець, што людзі кідаюць усё і едуць выяваць. Яны ахвяруюць усім. Вайна – гэта вельмі цяжка і фізычна, і эмацыйна. Колькі чалавек можа знаходзіцца пад фізычным прэсінгам? А яны знаходзяцца пастаянна пад стрэсам, бо пастаянна сутыкаюцца са сьмерцю. Жаўнеры мала сьпяць, выконваюць баявыя задачы, бачаць сьмерць, сутыкаюцца з усімі гэтымі жахамі вайны (акрамя сьмерці, яны сустракаюць галодных людзей, якія сядзяць у падвалах, якім трэба дапамагаць. Я ўжо не кажу, наколькі цяжка бачыць параненых і забітых дзяцей, жанчын… Расейцы ж не мяняюцца: яны як гвалцілі нямецкіх жанчын у 2-ю Сусьветную, тое самае яны робяць зараз ва Украіне. І чалавек з гэтым усім сутыкаецца, і гэта накладае на яго пэўны псіхалагічны адбітак.
А ў гэты час шмат людзей на сьвеце жывуць звычайным жыцьцём і нават ня думаюць, што хтосьці там дзесьці змагаецца…

Г. П.: — Я бачу, што вы ўвесь час на тэлефоне.

А. : — Так, калі ў ЗША ноч, пачынаецца сувязь з Кіевам ці Польшчай. Вельмі шмат кантактаў пачынаецца з Эўропай, бо ёсьць пытаньні па адсылках і па каардынацыі пасылак патрэбных рэчаў. На жаль, кітайскіх адпаведнікаў вельмі-вельмі шмат. І калі не разьбіраешся, то не адрозьніш вайсковыя ад страйкбойнай. Трэба адразу набываць, што будзе добрае, не кітайскае. З нашым сябрам Паўлам адбыўся выпадак, калі парваўся заплечнік. А бегаць з парваным заплечнікам – цяжка. Таму зараз мы набылі яму заплечнік, які праслужыць доўга. Вайсковыя рэчы дарагія. Ёсьць амэрыканскія фірмы, якія забясьпечваюць і мэдыкаў, і паліцыю, і войска, і нас і па тых жа коштах, што і паліцыю.

Г. П.: — Колькі працы. Адна толькі каардынацыя шмат бярэ часу, потым набыцьцё, перасылка, дастаўка.

А.: – І яшчэ, калі ты сабраў грошы, трэба ж людзям гэта паказаць — каб была справаздача. А калі хлопцам прыходзіць партыя аптэчак, гэта тое, што патрэбнае ім проста зараз. Вось першая партыя аптэчак прыйшла, і хлопцы разабралі так хутка, што нават не пасьпелі сфатаграфаваць партыю. У 2014-м-15-м валанцёры самі прывозілі сабранае для жаўнераў. Зараз такое немагчыма. Беларусу ж ня проста так уехаць ва Украіну. Трэба браць спэцыяльны дазваол. Таму перадаюць іншым спосабам.
Альбо вось “прыехала” медычная сумка. Медык бяжыць яе разьбіраць, а яна не зялёнага, а сіняга колеру — для пэўнага падразьдзяленьня, яму не падыходзіць, а падыходзіць медпадразьдзяленьню, якое на этапе эвакуацыі. Рыштунак забралі ў іншае падразьдзяленьне. Бывае такое. Альбо хлопцы на вучэньні і прыйшла машына. Яе пачынаюць разьбіраць, бо машына павінна ехаць у іншае месца. Так што першыя дні вайны былі ў гэтым плане вельмі сумбурныя. Цяпер ужо людзі трохі прызвычаіліся, папрыцерліся, і пачатковая паніка і жаданьне ўсё рабіць хутчэй мінула, і людзі па-троху ўцягваюцца ў працу.

БУДУЧЫНЯ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД НАС

Г. П.: — Шмат хто з нашых ваяроў кажа, што як вызваляць Украіну, то пойдуць вызваляць Беларусь. Як вы лічыце, ёсьць у нас для гэтага “порах у парахаўніцах”?

А.: — Трэба ўсё рашаць па этапах. Спачатку – арганізацыя добрых вайсковых падразьдзелаў. Набяром добрых людзей, будзем добра арыентавацца, што адбываецца на сучасны момант у Беларусі.
План – выдатны. Але для яго рэалізацыі трэба прыкласьці шмат-шмат намаганьняў. І гэта тычыцца ня толькі хлопцаў, якія знаходзяцца ў батальёнах (дабраахвотнікі), а проста – усіх, калі абавязкова будуць прыкладаць намаганьні ўсе беларусы, уся наша дыяспара, бо без яе тут не абыйдзецца. Добра, калі беларусы закрыюць пытаньне дапамогі палітзьняволеным, калі ўсе беларусы будуць працаваць на фронт – па-іншаму ня будзе нічога. Знайсьці ж адгаворку, што нешта немагчыма, канешне, прасьцей…

Г. П.: — Калі глядзіш фотаздымкі з цяперашняй Беларусі, то для мяне як для асобы не ваеннай уся там навезеная ворагам ваенная тэхніка – гэта жалеза. Дык гэтага рускага “жалеза” ў Беларусі зараз столькі… Але ж ня пойдзеш з сякерай супраць танкаў. Выгнаць узброеных рашыстаў зь Беларусі – гэта магчыма?

А.: — Канешне, магчыма, было б жаданьне. Беларусь – вельмі ўзброеная краіна. Было б жаданьне – астатняе прыкладзецца. Дзеяньне пачынаецца з жаданьня. Потым знаходзяцца сродкі і спосабы, якімі дамагаюцца перамогі.

31 сакавіка 2022 г. Нью Ёрк, ЗША
Запісала інтэрв’ю Галіна Пазьняк

2/6/2022 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2022
П А С Ч П С Н
« Тра    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь