Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Cяргей Навумчык: ПРА ГАЛОЎНАЕ

Магчыма, гэта самы важны мой тэкст за апошнія часы, калі не лічыць кнігі — па памеры ён меншы за кнігу, але таксама не малы).

Тое, што аналізуюцца дзеяньні палітыкаў і палітычных актывістаў (ці праз 30 гадоў, калі мы кажам пра пачатак 1990-х, ці праз год, калі мы прыгадваем жнівень 2020-га) — гэта нармальна.

Мусяць быць толькі дзьве ўмовы: а) абапірацца трэба на факты, а не на фантазіі (кшталту, што «Пазьняк хацеў усіх прымусіць размаўляць па-беларуску» ці што «БНФ прагледзеў Лукашэнку» (насмарэч, дэпутаты Апазыцыі БНФ ужо ў 1993 патрабавалі пазбавіць Лукашэнку дэпутацкага мандату, але Шушкевіч нават не паставіў гэта на галасаваньне); б) трэба ўлічваць тагачасныя рэаліі (а не прыдумляць папрокі тыпу «БНФ мусіў аб’яднацца з Кебічам і наменклатурай, каб не прапусьціць Лукашэнку» (калі б я такое прапанаваў у якім 1992, мяне б разарвалі на часткі — як сёньня разарвуць таго, хто прапануе абʼяднацца з Лукашэнкам).

Чым больш я разважаю над падзеямі пачатку 90-х — тым глыбей пераконваюся, што толькі цуд мог уратаваць Беларусь ад прышэсьця дʼябла. Ты можаш у тым жа 1993-м у сталоўцы Дому ўраду пырнуць відэльцам у вока дэпутату Лукашэнку, каб выключыць яго з актыўнай палітыкі, вы можаце зьвязаць Ганчара, Булахава, ды іншых «маладых ваўкоў» і пасадзіць іх на цэпы ў якое скляпеньне на паўгады, карміць-паіць, але каб не высоўваліся — але вы ня можаце за тры гады (1991-94) зьмяніць мэнталітэт большасьці насельніцтва, які фармаваўся 200-мі гадамі жыцьця пад імпэрскай акупацыяй, прычым акупацыяй, якая пэрыядычна амаль дашчэнту вынішчала нацыянальную эліту.

Замест «маладых ваўкоў» знайшліся б іншыя дзеячы («маладыя шакалы»), палітычныя амбіцыі якіх, пастаўленыя вышэй за лёс Беларусі, скарыстала б Масква, і яны б выштурхнулі якога-небудзь Кукашэнку. А большасьць людзей за яго прагаласавала б, бо «чарка ды шкварка» — для іх важней, чым свабода, чым дэмакратыя і чым Незалежнасьць. Так іх выхоўвалі 200 гадоў.

Проста задумайцеся на хвіліну: тры гады адноснай свабоды дзейнасьці нацыянальных сілаў — супраць 200 гадоў імпэрскай несвабоды.

Да гэтай тэмы я вярнуся ў канцы, а цяпер дзьве цытаты, якія, на мой погляд, вельмі дакладна тлумачаць тое, што адбылося і чаму адбылося менавіта так.

Першая належыць Васілю Быкаву — у канцы 1995-га ён адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды Аляксандра Лукашука, якія памылкі былі зробленыя нацыянальнай дэмакратыяй (прыгадаўшы і «перамогу маладзейшай наменклатуры» у 1994-м, і рэфэрэндум пра Сьцяг, Герб і мову ў 1995-м). Вось адказ Быкава:

«Калі разабрацца і прынцыпова падыходзіць — дык гэтых памылак, такіх значных памылак, было ня так і шмат — можа быць, і наогул не было. Іншая справа, што і вельмі правамоцная і абгрунтаваная палітыка не прынесла посьпеху. Дык яна ў гэтых умовах і не магла прынесьці таго посьпеху, на які дэмакраты разьлічвалі. Значыць, можна гаварыць пра празьмерныя спадзяваньні беларускай дэмакратыі. Вось гэта сапраўды было. Грамадзтва яшчэ не гатовае, каб прынесьці посьпех беларускай нацыянальнай дэмакратыі » (Васіль Быкаў на Свабодзе, 2005, с. 47)

А другая цытата належыць чалавеку, які падпісваецца ў фб як Ахрэм Гвозд, гэта нядаўні ягоны камэнтар на мой допіс.

«Што ў такой сытуацыі каланіяльнай прорвы, дзе знаходзілася і знаходзіцца Беларусь, можна было рабіць іначай каб быў лепшы вынік?
Я думаў над гэтым. І прыйшоў да высновы, што зьмена тактыкі не палепшыла б вынік. Ў прынцыпе БНФ (і колішняя Грамада ў тым ліку) усё рабіў правільна. Я скажу, нават часам звыш натуральных сіл. Але…

Ёсьць абʼектыўныя гістарычныя працэсы, якія не пераскочыш, хіба можна іх толькі трохі прыскорыць або запаволіць. Напрыклад працэс распада імпэрыі ды імпэрскага грамадзтва ды імпэрскай сьвядомасьці. Гэта адбываецца больш павольна чым хацелася б асобнаму чалавеку абмежаваным сваім векам.

Галоўнае тут казаць праўду на пэрспэктыву, на беларускую пэрспэктыву. Ўласна гэта і рабіў БНФ і яго лідар.

Так, гэта процівага папулізму і можа каштаваць у лепшым выпадку неразуменьнем. Але пасеяныя зерні праўды ня зьнікнуць і прарастуць калі не зараз то трохі пазьней. Калі беларускую праўду не казаць і займацца папулізмам як Лукашэнка, граючы на каляніяльных саўковых стэрэатыпах грамадзтва і цынічна выкарыстоўваючы яго балячкі, сапраўды можна прыйсьці да ўлады, але зноў такі калі Масква „одобріт“. Але тады беларуская палітыка як такая папросту зьнікне. І з часам зьнікне і незалежная Беларусь. Яе папросту „сольют“ маскоўскім інтарэсам.

Схітрыць тут на паўшляху ды потым разруліць на 180 гр., як часам прапанавалі, наўрад ці атрымалася б. Але нават калі і дапусьціць неверагоднае спрыяньне фартуны і наяўнасьць махлярскага таленту то ўсё адно мы б атрымалі ў рэшце палітычны крызыс, імпэрскую рэакцыю і рэванш з разбуральнымі вынікамі. Бо з наяўным каланіяльным станам грамадзтва Маскве гэта будзе зрабіць нескладана.

Усё ўпіраецца ў гэты самы стан. Ён урэшце вырашае. Таму тут на першы план выходзіць нацыянальная асьвета» — піша аўтар камэнтару.

І вось цяпер пра мэнтальнасьць, якая фармавалася 200 гадоў.

Як вядома, Апазыцыя БНФ у ВС-12 падрыхтавала 5 (пяць) эканамічных праграмаў, дзясяткі законапраектаў у сфэры ўмацаваньня дзяржаўнасьці, эканамічных рэформаў (Законы аб банках і банкаўскай дзейнасьці, Закон аб Уласнасьці, Зямельны Кодэкс, Закон аб грамадзянстве, пастановы ВС аб стварэньні ўласнага войска, памежнай і мытнай службаў, уласнай грашовай сыстэмы, і г.д.), пытаньні беларускай мовы надаваўся добра калі 1 (адзін) працэнт нашай парлямэнцкай дзейнасьці (за выключэньнем працы ў Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, якую ўзначальваў Ніл Гілевіч).

Дык вось, з пазыцыі сёньняшняга дня я б 99% дзейнасьці прысьвяціў мове, нацыянальнай адукацыі, беларускаму кнігадрукаваньню, нацыянальнай культуры. Усяму таму, што ўплывае на мэнтальнасьць народа.

Я ўтрырую, канешне (без законапраектаў пра, напрыклад, войска ці грамадзянства не ўмацавалася б дзяржава, ды і той жа закон аб банкаўскай дзейнасьці істотна паспрыяў станаўленьню недзяржаўнага фінансавага сэктару, а значыць, і эканамічных рэформаў). Але падаецца, што асноўны (і ў пэрспэктыве пераможны) накірунак дзейнасьці тых, хто лічыць сябе апанэнтамі лукашэнкаўскага рэжыму, павінен палягаць у гэтай плоскасьці.

Праца на гады, нават на дзесяцігодзьдзі. Але бяз нацыянальнай сьвядомасьці Беларусь
ператворыцца ў калёнію (у лепшым выпадку), а беларусы зьнікнуць як нацыя (што цалкам адпавядае інтарэсам Крамля).

3 снежань 2021 г. Cяргей Навумчык

8/1/2022 › Навіны, Аналітыка


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2022
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь