Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: МАРШ ПАМЯЦІ У КУРАПАТЫ

Курапаты — сьведчаньне расейскага камуністычнага генацыду ў Беларусі, найвялікшае ў сьвеце месца расстрэлаў людзей.

Курапаты пад Менскам — гэта мартыралог Беларускага народа. У 1937-1941 гадах расейскія бальшавікі НКВД у час генацыду расстралялі тут, згодна навуковых дадзеных*, каля чвэрці мільёна людзей. Тут забілі і кінулі ў ямы шмат беларускіх сялян, рабочых людзей, асобаў беларускай адміністрацыі, вучоных і маладых у 18 гадоў. Тут расстралялі і закапалі сотні беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, дзеячоў мастацтва. Парэшткі іх я назіраў у 1988 годзе падчас найцяжэйшых у маім жыцьці археалагічных раскопак месца расстрэлаў.

Курапаты былі адкрытыя ў 1988 годзе. Нянавісьць расейскіх гэбістаў да гэтага адкрыцьця доўжыцца да сёньняшніх дзён. Іх круціць у канвульсіях, бо Курапаты матэрыяльна засьведчылі злачынства маскоўскіх бальшавікоў. Гэта ня сьпіскі расстрэлаў, не даклады ЦК КПСС і не ўспаміны — тут знойдзены трупы людзей, якіх расстралялі камуністы — рэчавы доказ, улікі для суду над камуністычнай Масквой за злачынства супраць чалавецтва.

Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронту з 2000-га года тут створаны Народны Мэмарыял Курапаты “Лес крыжоў”. Тут тысячы крыжоў над магіламі, пастаўленыя людзьмі ў памяць забітых продкаў.

Пачынаючы з 1988 году, кожны год на Дзяды — у Дзень усіх Сьвятых, у Дзень Задушны і Дзень памяці продкаў, вызначаны і прыняты Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня, людзі йдуць сюды ў Крыжовым шэсьці, несучы крыжы на плячах — сымвал памяці,– каб пакланіцца магілам і паставіць над імі свой крыж — знак жалобы. Народны Мэмарыял Курапаты — гэта вечны помнік, дзе людзі стаўленьнем крыжоў кожны год матэрыялізуюць памяць народа пра генацыд.

У 2019 годзе, па распараджэньні Лукашэнкі, сюды прыгналі тэхніку і пачалі ламаць крыжы, пастаўленыя народам.

У 2018 годзе, у 30-ю гадавіну адкрыцьця Курапатаў, была зроблена подлая справа Масквы і мясцовых чыноўнікаў антынароднага рэжыму. Побач з касьцьмі расстраляных продкаў ахоўнай зоне мэмарыяла дазволілі пабудаваць забаўляльны рэстаран з асобнымі пакоямі пад назвай “Поедем-поедим”. Па сёньняшні дзень тут зьбіраецца ўся нечысьць, п’юць, рагочуць нашчадкі энкавэдзістаў, танцуюць на жалобным месцы.

Другі год з дня ў дзень перад рэстаранам — гэтай брамай зьдзеку, стаіць Курапацкая варта валанцёраў, папярэджвае кліентаў, тлумачыць куды яны ідуць. Другі год не спыняецца прыезд нечысьці, каб павесяліцца над магіламі і закусіць. Цемра апусьцілася над Курапатамі.

1-га лістапада на Дзяды — у Дзень усіх сьвятых і ў Дзень памяці продкаў павінен быць марш памяці ў Курапаты. Цемра мусіць сканаць перад духам тысячаў беларусаў.

Ідзеце ў Курапаты на Дзяды! Шануйце памяць, каб мець будучыню.
————————————

ЗАЎВАГА*. Навуковыя і крыміналістычныя дадзеныя розьняцца. Археалогія, грунтуючыся на навуковай мэтадалогіі, улічвае выемку касьцей з магіл у канцы 40-х гадоў (бальшавікі замяталі сьляды пасьля скандалу ў Катыні).

Крыміналістыка ўлічвае толькі рэальныя парэшткі людзей, што засталіся на дне магілы.

24 кастрычнік 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК

24/10/2020 › Навіны, Беларускія Ведамасьці, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2020
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь