Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ НЕБЯСЬПЕЦЫ

Тое, пра што я пішу ў гэтым лісьце, важна ведаць усім беларусам, якія клапоцяцца пра Бацькаўшчыну.

Безадказная агітацыя штабоў гэбіста Цапкалы, банкіра Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай за несправядлівыя выбары, іхныя заклікі прыйсьці ўсім 9-га жніўня на фальшывае галасаваньне, якое ўзаконьвае фальшывая выбары, і прагаласаваць ў канцы дня — падразумявае пратэстную сітуацыю, выкід эмоцыяў супраць заведама ілжывага рашэньня ЦВК аб выбраньні Лукашэнкі.

Канчатковыя вынікі выбараў будуць аб’яўлены 10-га жніўня. Зьявіліся правакацыйныя заклікі ў Сеціве і ўлёткі з заклікам выйсьці на вуліцы ў гарадах Беларусі і зьбірацца каля будынкаў мясцовай адміністрацыі з патрабаваньнямі “новых сумленных выбараў”. У Менску — ісьці да “стэлы” на Паркавай магістралі і пратэставаць. Тады рэжым, на думку стваральнікаў улётак, спалохаецца сотняў тысячаў людзей і капітулюе, адрачэцца ад улады.

Аналіз сітуацыі, аднак, паказвае, што рэжым, які абапіраецца толькі на сілу і на ўжываньне сілы, улады не аддасьць і падрыхтаваны да самых жорсткіх дзеяньняў па разгрому грамадзтва, не спыняючыся перад ахвярамі.

Рэжым падрыхтаваў пастку, каб адным махам расправіцца з грамадзтвам і задушыць усё жывое ў Беларусі. Людзі спадзяюцца на мірныя пратэстныя дзеяньні. Рэжым тым часам гатовы на ваенную апэрацыю супраць народа. У такім становішчы разгром грамадзтва гарантаваны пры любой колькасьці мірных пратэстантаў. Сітуацыя падобная, як з папом Гапонам у 1905 годзе ў Расеі, які прывёў масы людзей пад расстрэл і заведамую паразу.

Выснова такая: нельга паддавацца на правакацыі і падстаўляць грамадзтва на заведамы разгром. Трэба зьберагчы здароўе, жыцьці і сілы людзей, устрымацца ад масавых выступаў 9-га і 10-га жніўня і дамагчыся тым самым дэканцэнтрацыі сілаў зьнішчэньня. Яны вымушаныя будуць расканцэнтравацца.

Пазьбегнуўшы разгрому і захаваўшы народныя сілы, у наступныя дні трэба будзе пачаць арганізацыю страйкамаў па ўсёй краіне і суполак вызвольнага руху Вольная Беларусь, рыхтавацца да ўсеагульнага страйку, да падрыхтоўкі адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня парляманцкіх выбараў па законнай Канстытуцыі 1994 года. Новы парлямант сфармуе ўрад і будзе вызначаць перамены ў Беларусі. Ніякія выбары прэзыдэнта непатрэбныя.

І цяпер аб фактах і пагрозах грамадзтву, якія мне вядомыя.

– Рыхтуецца спэцапэрацыя супраць народа, у якой будуць задзейнічаныя ўсе ахоўныя сілавыя структуры і войска.

– Лукашэнка асабіста аб’язджаў вайсковыя часткі.

– У вайсковых частках зроблены адбор вайскавікоў, выхаванцаў зь дзіцячых дамоў. Зь іх створаныя асобныя вайсковыя групы.

– У гатэлях Менска шмат заказаных нумароў на 9-ы жнівень ад грамадзянаў Расеі.

– Распараджэньне па клініках аб павелічэньні ложак-месцаў.

– Зварот станцыі пераліваньня крыві да донараў аб патрэбе вялікай колькасьці крыві.

– Прыезд баевікоў з Данбаса (іхтамнетаў) і расканцэнтрацыя ў Беларусі.

– Зьвесткі аб пранікненьні ў Беларусь расейскіх тэрарыстычных груп.

– Зьвесткі аб падрыхтоўцы правакатараў зь ліку прыбылых расейскіх грамадзянаў, якія будуць правакаваць АМАП і, магчыма, страляць з агнястрэльнай зброі.

– Зьвесткі аб вывазе дакумантаў і каштоўнасьцяў з адміністрацыйных будынкаў у раёне магчымых пратэстаў.

– Зьяўленьне (ці арышт і затрыманьне ў Менску) абазначаных невядомых расейскіх узброеных груп (магчымая імітацыя груп).

– Зьвесткі пра распараджэньні аб асабліва жорсткім здушэньні пратэстаў і пабіцьці людзей.

Зьвяртае на сябе ўвагу характар некаторых правакацыйных заклікаў, напрыклад, ісьці на край горада пад стэлу на Паркавай магістралі. (Вядома, што гэтая пляцоўка, як палігон, узорна “адпрацаваная” АМАПам. Тут жа франтальна паўколам разьмешчаныя высотныя дамы, зручныя для снайпераў.)

Іншае паведамленьне (зьмешчанае ў Сеціве на старонцы “Хартыя-97″) заклікае людзей па ўсёй Беларусі выходзіць з пратэстамі да будынкаў мясцовай улады і адміністрацыі. Тут праглядаецца адзін да аднаго план акупацыі Данбаса ў 2014 годзе. (Мы назіралі тое нават па тэлебачаньні. З асяроддзя пратэсту выскоквалі рускія ўзброеныя дыверсанты і захоплівалі будынкі адміністрацыі пад відам пратэстоўцаў.

У Беларусі магчымая імітацыя такога плану, які разыграюць паміж сабой правакатары і спэцназ, каб пахапаць і патрушчыць усіх навокал.

Зрэшты, у рэжыма ёсьць дарога, каб пазьбегнуць разбою. Толькі я ня ўпэўнены, ці скарыстае ўзурпатар гэты шлях.

Аналізуючы выбарчую кампанію і выказваньні Ганны Канапацкай, я ўжо намякаў у ранейшых тэкстах, што ў заначцы рэжыму заплянаваны, як варыянт, другі тур выбараў. У выніку — узурпатар зробіць потым сабе свае 76 адсоткаў. Але які пасаж! План сапраўды “элегантны”.

У другі тур выходзяць Лукашэнка і Канапацкая. Якія пратэсты?! Выбары ж працягваюцца. Пратэсты пасярод кампаніі будуць грубым крыміналам, парушэньнем выбарчага заканадаўства. Штабісткі, грацыі, агітуйце за Канапацкую! “Мы победим!”

Вось тут ужо рэальна патрэбны будзе байкот, і “ніхто — на фальшывыя выбары” (калі, вядома, штабісткі зноў не перашкодзяць і наіўныя не залемантуюць пра чарговую Эмілію Плятар.)

Лукашэнка, думаю, не рашыцца на другі тур. І не таму, што збаіцца байкоту і правалу кампаніі, а таму, што надта ж “народцу” адпомсьціць хочацца і даць, каб ня ўсталі.

Прасіў бы аднесьціся да ўсяго, што я тут паведамляю, з разуменьнем. Некалі я пісаў, што гэтыя прадажныя спадары Бабарыкі і кампанія, паспадзяваўшыся на Маскву і крамлёўскі Газпрам (якія быццам бы прывялі б іх да ўлады ў Беларусі), не разумелі, зь кім маюць справу. Цяпер ужо сядзяць, і пасадзяць іх яшчэ па суду на гадоў 6-8. А Масква памые рукі. Псіхапатычны ўзурпатар дзеля аховы сваёй улады здольны на ўсё.

Мая парада. Ні 9-га, ні 10-га жніўня ня йсьці ў пастку, не зьбівацца ў натоўп, не паддавацца на правакацыі, разьбягацца ад правакатараў (няхай хапаюць самы сябе), не набліжацца да адміністрацыйных будынкаў.

Не пускайце на вуліцу дзяцей і падлеткаў. Перачакайце пагрозу дома, пакуль варожыя сілы не расканцэнтруюцца са сваімі ротамі, шэрагамі тэрарыстаў, аўтазакамі, вадамётамі і бронетранспарцёрамі.

Беларусы, будзьце разумнейшымі, не падстаўляйце лэб пад кулю вар’ята. Захавайма сілы і людзей. Мы акуратна збавімся ад узурпатара, маючы моц, адзінства і салідарнасьць. Праўда на нашым баку. І час працуе на нас.

Жыве Беларусь!

7 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК
http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/paparedzanneabnebaspecy

8/8/2020 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2020
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024