Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Антымаскоўская партызанская вайна ў Эстоніі

У Эстоніі многія з тых, хто намагаўся пазьбегнуць мабілізацыі, далучыўся да атрадаў Лясных Братоў, якія былі паўсюль. Калі ўсталяваныя саветамі ўлады ўжылі карныя мэтады супраць іхніх сем’яў, гэта толькі натхніла іншых пайсьці тым жа шляхам. Мяркуецца, што да 15000 эстонцаў ваявалі супраць савецкай улады ў складзе атрадаў Лясных Братоў, а галоўныя зоны супраціву былі на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе.

Рыхард Саалістэ, які служыў быў афіцэрам у Эстонскім палку памежнай аховы, быў двойчы паранены падчас вайны, а ў 1944 г. патрапіў на выспу Хііюмаа. Там ён арганізаваў маршрут для ўцёкаў у Швэцыю для эстонцаў, якія не хацелі жыць пад нямецкай акупацыяй. Яго арыштавалі немцы, але ён выкарыстаў свае асабістыя кантакты сярод нямецкіх вайскоўцаў і здолеў вызваліцца. У кастрычніку 1944 г., калі Чырвоная армія высадзілася на Хііюмаа, Саалістэ уцёк у Швэцыю. Улетку 1945 г. ён паспрабаваў падацца ў Эстонію, але вярнуўся, бо ледзь ня быў перахоплены савецкім патрульным чаўном. У кастрычніку 1946 г. ён зноў зрабіў такую спробу разам з трыма чалавекамі. Хаця яны высадзіліся ўдала, але амаль адразу нарваліся на берагавы патруль. У перастрэлцы двое эстонцаў былі забіты, але Саалістэ здолеў адарвацца ад перасьледу. Выпадак ня быў выпадковым, стукач у групе Саалістэ паведаміў савецкім уладам пра ягоныя планы, і толькі нікчэмнае выкананьне савецкімі засады дазволіла Саалістэ пазьбегнуць арышту. Ён усталяваў кантакт са сваім братам, які ўжо быў актыўным членам атрада Лясных Братоў, і дапамог яму наладзіць сувязі з эмігранцкімі групамі ў Швэцыі.

У чэрвені 1947 г. Саалістэ і іншыя аб’ядналі розныя атрады ў адзіны і арганізаваны рух – Relvastadud Voitluse Liit (Ліга Ўзброенага Супраціву – RVL). Рух меў спадзевы на замежнае ўмяшальніцтва, што адлюстравалася ў яго дэкларацыі: “Арганізацыя рыхтуе ўзброенае паўстаньне супраць савецкага рэжыму на момант, калі Англія і Злучаныя Штаты ўступяць у вайну супраць Савецкага Саюзу, альбо калі палітычны пераварот адбудзецца ў самым Савецкім Саюзе”.
У выніку зменшылася колькасьць атак на савецкія ўлады і прасавецкіх эстонцаў, бо RVL імкнулася захаваць і разьвіць свае сеткі, быць гатовай да будучай дзейнасьці. RVL зусім не імкнулася ўключыць усіх Лясных Братоў у свае шэрагі. Яна, хутчэй, спрабавала падтрымліваць сувязь паміж групамі супраціву па ўсёй краіне. Аднак, змаганьне супраць Чырвонай арміі працягвалася. у раёне Пярнумаа чыгункі і іншыя шляхі зносінаў былі перарваны 22 разы толькі за тры месяцы.

Эстонскі супраціў дасягнуў свайго апагэю ў 1947 г. У многіх месцах на правінцыі RVL і мясовыя Лясныя Браты эфэктыўна кантралявалі ня толькі лясы, але й вёскі і мястэчкі, асабліва ўначы. Доўгі час савецкі калёны забесьпячэньня маглі перасоўвацца толькі пад эскортам значных вайсковых сілаў. Некаторыя з удзельнікаў супраціву дасягнулі шырокай вядомасьці. Адным зь іх быў Антс Кальюранд, вядомы звычайным эстонцам як Hirmus Ants (Антс Жахлівы). Ён быў і Лясным Братам і членам RVL, ваяваў для немцаў супраць Савецкага Саюзу. Ён быў адным з многіх эстонцаў, што прынялі рашэньне застацца ў сваёй краіне, калі Вэрмахт адступіў. Яго хутка схапілі, але ён здолеў уцячы і ў хуткім часе ўславіўся сваімі адчайнымі ўчынкамі. Мяркуецца, што ён выратаваў з-пад арышту ў Соонтагана сваю дзяўчыну. Антс зьявіўся пасярод ночы ў доме начальніка гарвыкама, наставіў на яго зброю і запатрабаваў даць яму ключы ад вязьніцы. Ён зьдзейсьніў таксама шмат нападаў на савецкіх і прасавецкіх дзеячоў.

Калі краіна пачала выразна выходзіць з-пад кантролю, савецкія ўлады зьвярнуліся да жорсткіх мэтадаў. Пачаліся маштабныя арышты, аблавы па лясах, а таксама шматлікія спробы інфільтрацыі агентурай шэрагаў RVL. На прыканцы 1947 г. група байцоў RVL няўдала правяла акцыю па захопу транспарту з грашыма. У выніку быў ўзяты ў палон кіроўца, які меў кантакт з многімі вядучымі дзеячамі RVL. Пасьля гэтага саветы правялі шэраг нападаў, у выніку якіх былі ліквідаваны многія схроны і бункеры, а невялікая колькасьць афіцэраў RVL загінула або была паранена. Большасьць зь іх пайшлі на самагубства, каб не трапіць у рукі саветаў. На працягу 1948 г. колькасьць байцоў RVL і Лясных Братоў значна паменшылася, і генэрал Барыс Кумм, міністр дзяржаўнай бясьпекі ва ўрадзе Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, заявіў – крыху надта рана – што RVL не зьяўляецца ўжо дзейснай арганізацыяй. Змаганьне працягвалася ў 1949 г., і 14 сьнежня Рыхард Саалістэ быў забіты, калі саветы напалі на ягоны бункер. Наступныя два гады каардынаваная дзейнасьць RVL і Лясных Братоў практычна спынілася. Хаця паасобныя байцы працягвалі супраціў, мара аб масавым паўстаньні з падтрымкай Заходніх Дзяржаў хутка разьвейвалася. Антса Кальюранда здрадзілі ўладам у 1951 г. Ён быў арыштаваны, аддадзены пад суд і пакараны сьмерцю ў Таліне 13 сакавіка.

Саветы спрабавалі абвінаваціць байцоў супраціву як контррэвалюцыянэраў, заходніх шпіёнаў і “кулакоў”, але на самой справе байцы карысталіся шырокай падтрымкай. Хаця падтрымка аслабілася ў выніку арыштаў саветамі ўсіх, хто падтрымліваў сувязь з байцамі супраціву. Была арыштавана вялікая колькасьць людзей. Часткова для таго, каб падарваць падтрымку Лясных Братоў і RVL, а часткова для таго, каб аблегчыць задачу калектывізацыі сельскай гаспадаркі, камуністычныя ўлады ва ўсіх трох балтыскій рэспубліках ўзялі ўдзел у апэрацыі пад кодавай назвай “Прыбой”. Рашэньне аб арганізацыі хвалі масавай дэпартацыі было прынята ў студзені 1949 г. Саветам Міністраў СССР, і дадатковыя сілы былі пасланы на выкананьне гэтай задачы. Арышты пачаліся 25 сакавіка, уся апэрацыя працягвалася тры дні. Калі ўсё скончылася, каля 20000 эстонцаў былі дэпартаваны ў Сібір. У адрозьненьні ад дэпартацый 1941 г., сем’і не разрывалі гвалтам, але ўсе дэпартаваныя павінны былі падпісаць заяву аб тым, што яны “спэцпасяленцы” ў Сібіры, і ім пагражае арышт і катарга, калі яны паспрабуюць вярнуцца на радзіму.

Prit Buttar. Between Giants: The Battle for the Baltics in World War II. London, 2013.
Пераклаў з ангельскай В. Буйвал.

28/5/2020 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2020
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024