Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЗАЦЕМКІ АБ ПАДЗЕЯХ

Выступ на чэрвеньскім 2019 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ Адраджэньне

…У Беларусі і замежжы адбываюцца падзеі, якія вымагаюць камэнтару. Небясьпечнай падзеяй для існаваньня нашай краіны ёсьць павольнае зьнішчэньне нацыянальнага нэкропалю савецкага генацыду — Народнага Мэмарыялу Курапаты. Схаваныя бандыцкія разбурэньні, якімі ўвесь час займаўся КГБ, зьмяніліся адкрытымі рэжымнымі дзеяньнямі зьнішчэньня. Разьмясьцілі ўвесяляльны рэстаран у ахоўнай зоне, пачалі ламаць крыжы, пастаўленыя грамадзтвам у памяць аб расстраляных людзях.

Крыжалом у Вялікі Пост перад Зьмёртвыхустаньнем Хрыстовым — гэта ёсьць неверагодна цынічнае кашчунства, якое па аналёгіі у некаторых рэлігіях і грамадзтвах вымагае кроўнай помсты. (Увогуле кашчунства — гэта зьява, якая можа наклікаць сьмерць спраўцы.) Беларусы адказалі малітвай, якая доўжыцца ў Курапатах без перастанку.

Зьдзек над крыжамі і над памяцьцю тысячаў расстраляных мірных людзей ускалыхнуў рэлігійную грамадзкасьць. Кіраўніцтва ўсіх цэркваў у Беларусі (акрамя кіраўніцтва Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы) выказалася з асуджэньнем, жалем і гневам аб варварстве ўлады рэжыму. Усе чулі і ведаюць, што вінавайцам злачынства ёсьць Лукашэнка. Ён кіруе зьнішчэньнем Мэмарыяла і Курапацкіх крыжоў.

Нядаўняя выхадка антыбеларускага рэжыму ў дачыненьні да Курапатаў — суд над двума сьвятарамі БАПЦ за малітву аб расстраляных людзях у Курапатах. Суд над беларускімі сьвятарамі за малітву — вельмі паказальная зьява да характарыстыкі акупацыйнай палітыкі антынароднага рэжыму.

У гэтым жа шэрагу стаіць беспрэцэдэнтная зьява рэжымнай ксэнафобіі. Нядаўна выяўлена загадкавая сьмерць міліцыянера ДАІ. Падазрэньне ўзьнікла на кагосьці з цыганоў. Па загаду рэжымнага міністра ўнутраных спраў Шуневіча (аднаго зь меркаваных фігурантаў змовы Вцюріна-Бабіча) пачалі хапаць, арыштоўваць і катаваць усіх цыганоў па Беларусі. Этнацыд працягваўся цэлы тыдзень. Улікаў ня знойдзена. Нябожчыка аб’явілі самагубцам, а цыганоў, зьняважаных і затрыманых, выпусьцілі з-пад арышту.

Цыганская дыяспара ў Беларусі — сем тысячаў чалавек — жывуць кампактнымі групамі. Маштаб ксэнафабічнага злачынства яшчэ дакладна ня высьветлены. На сёньня вядома, што пацярпелі сотні асоб, ёсьць памерлыя. На пытаньне журналіста (”якая настане адказнасьць для міліцыі і ці будуць выбачэньні перад пацярпелымі людзьмі”) міністар Шуневіч сказаў, што выбачэньняў ня будзе, бо міліцыя ўсё рабіла правільна.

Такія зьявы адбываліся ў Беларусі пры бальшавіцкай акупацыі за Сталіным і пры гітлерскім рэжыме ў Нямеччыне. І антыбеларускі рэжым (у асобе Лукашэнкі), і міністар Шуневіч аб’явілі сябе пасьлядоўнікамі палітыкі гэтых рэжымаў і рэалізуюць яе ў характары рэпрэсіяў супраць народа (калектыўная адказнасьць, рэпрэсіі супраць рэлігійных, сацыяньнях і нацыянальных групаў людзей).

Быў такі старшыня КГБ маскоўскі стаўленік расеяц Жадобін. Гэты Жадобін абзываў беларусаў “фашыстамі” за беларускую мову і склаў сьпіс на 1767 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якіх у выпадку маскоўскай патрэбы неабходна будзе рэпрэсаваць першым чынам. (У адказ на выхадку генэрала-ідыёта мы аб’явілі тады, што складаем свой альтэрнатыўны сьпіс маскоўскіх беларусажэрцаў. І гэнэрал зьвяў.)

Ксэнафабічная агрэсія рэжыму супраць цыганоў — гэта тактычная адпрацоўка дзеяньняў супраць групаў беларускага насельніцтва на выпадак гібрыднай агрэсіі з Расеі.

Экзэмпляр Шуневіча – тыповы тыпаж энкавэдзісцкага бандыта, паталагічнага ненавісьніка беларусаў, прывезены ў Беларусь з аналаў маскоўскага КГБ-ФСБ. Нянавісьць да людзей ён дэманструе адкрыта, ходзіць ў абмундзіраваньні энкавэдзісцкіх злачынцаў 30-х гадоў (гэта ж пашыць трэба было), ведае, што беларусы народ рахманы, культурны, ніхто ў морду ня дасьць і ў фізіяномію ня плюне.

З другога боку ніхто так фігуральна не праілюстраваў акупацыйную сутнасьць прамаскоўскага рэжыму, як гэты бандзюжка. Пасьля забойства міністра Захаранкі не было ніводнага міністра беларуса – адны акупацыйныя маскоўскія бандзюганы. І так будзе ўвесь час. Гэтая пасада зафрахтаваная Крамлём і «сукін сын» усё выконвае.

Беларусы не павінны забывацца, пад якім рэжымам антыбеларускай улады яны знаходзяцца. Людзі мусяць рыхтаваць прэвентыўныя меры абароны на выпадак рэпрэсіяў і вайны.

Цыганы (ромы) практычна ня маюць сваёй моцнай інтэлігенцыі. За іх няма каму заступіцца. Аднак ня трэба забывацца, што яны ёсьць часткай беларускага народа і жывуць тут здаўна. Іх таксама, як і сябе, трэба абараняць ад рэпрэсіяў нялюдзкага рэжыму.

З замежных падзеяў самымі важнымі для нас зьяўляюцца падзеі ва Украіне. Мы прыхільна адносімся да ўкраінцаў як да сваіх людзей. Аднак перад выбарамі прэзыдэнта Украіны я вымушаны быў сказаць аб сваіх уражаньнях, што ўсё грамадзтва Украіны быццам асьлепла. Становішча было цяжкае, але з двух дрэнных варыянтаў выбраны горшы, і гэта трывожыць.

Шануючы ўкраінцаў, не хацелася б тут займацца аналізам і казаць пра вынікі іхняй палітыкі, тым больш, што апавядальнікаў хапае, і тыя меркаваньні ёсьць адлюстраваньнем палітычных пазыцый. Калі фігуральна, то на сёньняшні дзень Украіна апынулася ў мяшку, які ўжо пачынаюць завязваць. Толькі ўкраінцы яшчэ гэтага не разумеюць.

У левалібэральнай Эўропе нічога істотнага, што мела б дачыненьне да Беларусі, не адбываецца. Палітычная сітуацыя, якая там узьнікае, выглядае часам як дурны спэктакль. Інакшага не падбярэм слова. Узрастае ўплыў патрыятычных, кансэрватыўных і нацыяналістычных партый. Гэта добрая тэндэнцыя, якая крыху прыпыняе антылюдзкі натурфобны лявацкі лібэралізм. Тым часам амаль усе гэтыя эўрапартыі, якія левакі называюць “папулісцкімі”, сімпатызуюць рэжыму Пуціна ў Расеі, маюць зь ім стасункі, а некаторыя нават бяруць грошы. Мець дачыненьні з такімі партыямі нам, прадстаўнікам Беларускага Адраджэньня, немагчыма, хоць ідэалягічна яны канструктыўныя.

Здараюцца, аднак, і кур’ёзы, дзе Масква дастае па носе. У бадай што самай прарасейскай краіне — Аўстрыі — нядаўна пайшоў у адстаўку цалкам увесь урад краіны начале з палітычным вундэркіндам маладзёнам Сэбасцьянам Курцам. А здарылася вось што. У 2017 годзе лідэр кааліцыйнай “партыі свабоды” і віцэ канцлер Гайнц Штрахэ, а таксама кіраўнік парляманцкай фракцыі гэтай прарускай нацыянальстычнай партыі Ёган Гудэнус адпачывалі на выспе Ібіца. У іхняй кампаніі раптам зьявілася літаральна зь ніадкуль руская “дзяўчынка” “Алёна” (назавём яе гэтак) у какетлівых шорціках і з поўным няведаньнем нямецкай мовы. Партыйныя мужы правялі перамовы зь “дзяўчынкай Алёнай” (нібыта прадстаўніцай рускага бізнэсу) праз перакладчыка аб дапамозе ўзяць пад партыйны кантроль адну ўплывовую аўстрыйскую газэту ўзамен за разьмяшчэньне потым (пасьля перамогі на выбарах) выгадных дзяржаўных заказаў для рускага бізнэсу. Пасьля гэтага “дзяўчынка Алёна” зьнікае (як і зьявілася) у нікуды, і ўсё нікому невядомае забылася. Але праз два гады відэазапіс гэтай размовы быў апублікаваны ў Сеціве, і ўвесь аўстрыйскі ўрад разам з прарускімі кааліцыянтамі загрымеў па нахільнай плоскасьці.

Выглядае ўсё гэта даволі камічна. Цяпер уся палітыка ў атлянтычным сьвеце (ад Украіны да Парыжу) нагадвае дрэнны палітычны спэктакль з удзелам палітактораў, любоўнікаў і камэдыянтаў. Дэградацыя палітыкі (а дакладней, дэмакратыі) відавочная.

Мне цікава было ўсё гэта пераказаць, бо тут адбіўся чарговы правал крамлёўскай гібрыднай палітыкі і іхных інфантыльных саюзьнікаў. Чыя разьведка зрабіла гэтую просьценькую апэрацыю ў царстве аўстрыйскіх інфантылаў, — пакуль невядома. Па ступені зацікаўленасьці і па ўзроўню гэта маглі быць брытанцы. Відаць, Захад усё ж такі шукае сродкі, каб супрацьставіцца расейскай гібрыднай агрэсіі. Магчыма, ён іх знойдзе, і экспансіі расейскага варварства ў Эўропе настане канец. Але, каб запабегчы яму ў Беларусі, — гэта могуць зрабіць толькі самыя беларусы.

Становішча ў нашай краіне я ацэньваю як вельмі дрэннае, бо ганебнае. “Іхны” “сукін сын” і асяроддзе вядуць таемны гандаль з Крамлём аб здачы Беларусі і ніхто ня ведае пра што там злачынныя змоўшчыкі дамаўляюцца. На вачах усяго народа творыцца злачынства, якое вымагае неадкладнай кары і ніхто ня ведае канкрэтыкі іхных злачынных учынкаў і планаў.

Характэрныя выказваньні, заўважаныя цяпер за беларусамі, якія прыязджаюць адтуль, ці вяртаюцца сюды (у ЗША) пасьля пабыўкі ў Беларусі. Галоўнай тэмай размоў (прычым ужо не жартам) стала абмеркаваньне якім чынам трэба будзе караць “сукінага сына”. Усе супраць лёгкай сьмерці праз расстрэл. Прапануюць кітайскія мукі, як у пекле, каб мучыўся доўга пакуль ня здохне за ўсё тое зло і няшчасьце, якое ён зрабіў Беларускай нацыі. Дзіўна часам усё гэта чуць з вуснаў спакойных беларусаў, але факт ёсьць факт і сьведчыць, што нянавісьць да нішчыцеля нацыі зашкальвае.

Я ўжо адзначаў парадоксы дыктатарскай улады і акупацыйнага самадзяржаўя. Дыктатура ліквідуе ўсе магчымасьці законнай зьмены ўлады. Грамадзтва заганяюць у тупік, у якім доўжыцца яго дэградыцыя. Тады праўным (канстытуцыйным) выхадам можа стаць рэвалюцыя — сілавое зьмяшчэньне дыктатуры народам.

Але гэта не заўсёды адбываецца, бо ня кожнае грамадзтва здольнае на рэвалюцыю і свабоду. У выніку застаецца толькі крайні мэтад — фізічная ліквідацыя дзяржаўнага злачынцы.

Мэтад увогуле заганны і беспэрспэктыўны, калі застаецца ўзурпатарская сістэма ўлады. Ліквідацыя злачынцы прыводзіць да палітычных пераменаў толькі пры падтрымцы народа і разьвіцьці рэвалюцыі. Прыклад — канец камунізму ў Румыніі, пакараньне Чаушэску і наступныя перамены. Расстрэл Чаўшэску меў не тыповы, але фармальна рэвалюцыйна-праўны характар. Гэта важны аспэкт разьлічэньня са злачынцам.

“Іхнаму” “сукінаму сыну” павінны быць прад’яўлены абвінавачаньні і адбыцца суд. Палітычныя забойствы, “эскадрон сьмерці”, тэракт у мэтро, здача нацыянальных інтарэсаў Маскве, разбурэньне грамадзянскай супольнасьці нацыі, зьнішчэньне нацыянальнай мовы і нацыянальнай школы, адкрыцьцё мяжы з Расеяй, увядзеньне неграмадзян краіны ў сістэму ўлады, русіфікацыя, прыватызацыя дзяржавы, узурпацыя ўлады, сістэмная карупцыя і г. д. — усё павінна быць названа і аформлена судовым выракам.

Беларусы — эўрапейскі народ, які ў выніку ўнутраннай акупацыі (мэтад гібрыднай вайны) трапіў пад нетыповы маскоўска-азіяцкі ўплыў. Шлях вызваленьня пакручасты і доўгі, але ўрэшце грамадзкае рашэньне будзе прынятае і разьлічэньне з антынацыянальным рэжымам настане.

Што найбольш уражвае і бянтэжыць культурную частку беларускага грамадзтва ў існуючым рэжыме, гэта неверагодны характар і маштаб публічнай хлусьні з боку ўзурпатара. Да яе ўжо, здаецца, нават прывыклі. Але хлусьня на кожным кроку. Глядзіць у вочы і лжэ, лжэ апантана, верачы ў сваю хлусьню. Гэта фэнамэнальнае збачэнства. Ён абгадзіў усё: беларускую мову, культуру, гісторыю, народ (які абазваў “народцам”, “дармаедам”, “рускім”), абпляваў Беларускае нацыянальнае Адраджэньне, здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, пастаянна хлусіць для маладога пакаленьня, што беларусы выганялі з краіны небеларусаў у 90-х гадах, што быццам бы маскоўцы сядзелі тады на чамаданах, што сілком уводзілі беларускую мову і беларускую школу і г. д. Людзі, якія жылі ў 90-х, слухаючы гэтыя ягоныя сіпатыя антыбеларускія выкрыкі, глядзелі на яго, як на вар’ята, які зваліўся з дрэва. Назва такому бесаўскаму “вар’яцтву”, а на самай спараве — нянавісьці да Беларусі — крымінальная ілжа, ілжа без берагоў, мэтад для перакручваньня мазгоў і ўзгадаваньня тупога пакаленьня.

Цяпер, праз чвэрць стагоддзя, чэская дасьледніца, якая піша пра беларускую нацыянальную рэвалюцыю, пра сьветлыя 90-я, сутыкнулася з матар’яламі таго часу і ўражана масавай падтрымкай усяго беларускага грамадзтва для беларускай мовы і беларускай школы. Тысячы лістоў ад усіх сацыяльных і нацыянальных пластоў грамадзтва ў падтрымку беларускай дзяржавы, незалежнасьці, мовы, школы і культуры. Для дасьледчыцы, выхаванай пад узьдзеяньнем штодзённай ілжы “сукінага сына”, гэтая рэчаіснасьць стала адкрыцьцём, стрэсам, інтэлектуальным пераваротам погляду на Беларусь, абылганую нялюдзкім рэжымам.

Пачатак 90-х — гэта быў час, калі ў нацыі пачалі адрастаць крылы. На дэпутацкія прыёмы да мяне часта прыходзілі беларускія расейцы, каб шчыра засьведчыць сваю лаяльнасьць і падтрымку палітыцы Народнага Фронту, пахваліцца, што аддалі сваіх дзяцей у беларускую школу. Нікаму нават у галаву не прыходзіла перасьледваць нейкага за рускую мову, бо шмат беларусаў з прычыны акупацыйнай палітыкі, савецкай русіфікацыі і рускай школы, маючы беларускія перакананьні, гаварылі па расейску. Дзяржаўнай мовай па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь была беларуская. Расейская мова мела статус мовы міжнацыянальных зносінаў. Але грамадзтва імкнулася да беларускай мовы і да беларускага Адрадждэньня.

Вядома, дзейнічала расейская агентура і правакатары, прэм’ер Кебіч і спэцслужбы чужой краіны. Але яны ўжо істотна не ўплывалі і не вызначалі нацыянальнае і чалавецкае разьвіцьцё Беларусі.

Тым ня менш улада заставалася ў былой камуністычнай намэнклятуры і функцыянэраў КГБ. Пры падтрымцы Масквы ўсё было перавернута. Занадта быў кароткі час. Беларусь не пасьпела ўзьняцца. Так была зглумлена маладосьць нацыі. Вось ўжо чвэрць стагоддзя беларусы жывуць пад антынацыянальным рэжымам ў атмасфэры ўсёпаглынаючай расейскай подласьці і хлусьні. Але мусіць жа гэтаму нарэшце настаць канец.

Тым часам мінула ўжо чвэрць стагоддзя жыцьця ў сацыяльным рабстве і прыніжэньні, хамстве і хлусьні. Рэжым агрэсіўны. Нацыянальную культуру нішчыць па тэхналёгіі. Праз русіфікаваную школу і антынацыянальную прапаганду спрыяе ўзгадаваньню новага тупога пакаленьня. Землякі ў замежжы, якія вяртаюцца пасьля наведваньня падрэжымнай Беларусі, кажуць, што атмасфэра нагадвае канцлягер распаўсюджаны на ўсю дзяржаву. Зьявіўся страх горшы чым за саветамі. Уражвае грубасьць і хамства, якое распаўсюдзілася паўсюдна і нагадвае Расею, тым больш, што грубіяняць па-руску. Быць ў гэтай атмасфэры непавагі і несвабоды невыносна.

Тут ёсьць найважнейшы аспэкт гнабленьня нацыі, бо асноўная каштоўнасьць грамадзтва – гэта культура, культурная якасьць чалавека. Немагчымыя стануць ніякія рэформы, ніякая эканоміка, ніякае высокае разьвіцьцё людзтва, ніякая дэмакратыя і ніякае Адраджэньне, калі наўкола будуць блытацца і галёкаць абалваненыя мільёны лукашэнак, выгадаваных у рэжымным заказьніку.

Небясьпечна тое, што рэзкае зьніжэньне гуманітарнай культуры само сабой не выпраўляецца. Гуманітарная катастрофа найстрашнейшая. Патрэбны час і вельмі жорсткія прапісныя, табуіраваныя, абмежавальныя, стымулятыўныя і іншыя пасьлядоўныя захады нацыянальнай дзяржавы, каб паправіць становішча. Магчыма нават ўмяшаньне права (хлусьня, напрыклад, мусіла б, як ў Амэрыцы, стаяць па за звконам, і лічыцца злачынствам). Зразумела, што калі ня будзе ліквідаваны антынацыянальны рэжым, катастрофа ўзмоцніцца.

У палітыцы, як і ў прыродзе — нельга двойчы ўвайсьці ў адну ваду. Трэба ўвесь час рыхтаваць новыя сілы на бітву за вольную нацыю, свабоду і справядлівасьць, ствараць новыя абставіны і умовы для культуры і барацьбы. Так трэба.

9 чэрвеня 2019 г. Зянон ПАЗЬНЯК

12/6/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2019
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024