Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Анэксія Азоўскага мора прывядзе да страты паўднёва-ўсходняй Украіны або пачатку вайны

Радыё Рацыя

Беларусь бярэ ўдзел у канфлікце на ўсходзе Украіны не толькі менскімі пагадненнямі. Яна так ці іначай падвяргаецца спробам Расеі ўцягнуць сябе ў гандаль на акупаваных тэрыторыях. Ужо шэраг беларускіх кампаній быў злоўлены на тым, што гандлююць з непрызнанымі ДНР і ЛНР. Беларуска-расейскія войскі праводзілі сумесныя вучэнні, а канфлікт тым часам развіваецца далей. Што можа азначаць расейская агрэсія ў Керчанскай пратоцы? Ці правільна паступае ўкраінскае кіраўніцтва? І як сябе праяўляе міжнародная супольнасць? Як усё гэта можа паўплываць на Беларусь?

Наш калега Кастусь Багушэвіч у праграме «Госць Рацыі» закрануў гэтыя тэмы ў размове са старшынём Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі Беларускі народны фронт Зянонам Пазьняком.

РР: Як вы ацэньваеце сітуацыю з Украінай? Расея ідзе на канкрэтнае абвастрэнне канфлікту?

Зянон Пазьняк: Я лічу, што гэта працяг анэксіі Азоўскага мора. Пачалася яна з будаўніцтва моста. Бо лагічна гэты мост не трэба будаваць: ён доўга там стаяць не будзе. Іншая рэч – невядома, калі ён пачне разбурацца. Тым не менш, яны пачалі яго будаваць. Хутчэй за ўсё, гэта не ёсць будаўніцтва такога стратэгічнага плана, а хутчэй тактычнага.

Выдаткоўваюцца грошы, мост будуецца, ствараецца магчымасць перакрыць пратоку. Па-першае, яны абнізілі вышыню моста: вялікія караблі ўжо не пройдуць. Па-другое, усё гэта спрасціла перакрыццё пратокі там. І гэты выпадак паказвае, што гэта другі этап, які звязаны з тым, што сусветная грамадскасць зараз занятая сама сабой, рашучых палітычных лідараў у свеце няма, акрамя Трампа. Магчыма, тут ёсць разлік, што гэта неяк сцерпіцца. І тады пачнецца трэці этап. А што гэта такое для Украіны – кожны цудоўна разумее. Усе гэтыя парты, асабліва Марыупаль, проста задыхаюцца. І тады праблема захапіць усё ўзбярэжжа і Марыупаль – гэта праблема тэхналогій і часу.

Рэакцыя сусветнай грамадскасці на тое, што адбылося, даволі стрыманая. А насамрэч гэта вельмі сур’ёзна, бо тут парушана міжнароднае права аб пралівах. Гэта вельмі важнае права, якое датычыць літаральна ўсіх краін. І тут мае месца прэцэдэнт, калі гэтае права парушана: адна дзяржава ў нейтральных водах абстраляла караблі другой дзяржавы. Гэта акт агрэсіі, які таксама прапісаны ў міжнародным праве. Мала за тое, у дадатак не прапускаюцца караблі праз праліў, у той час калі існуюць міжнародныя пагадненні і канкрэтнае пагадненне паміж Украінай і Расеяй 2003 года. Таму тут у Масквы няма ніякіх аргументаў, акрамя хлусні і прапаганды.

Прайшло ўжо дастаткова часу, а ніякіх дзеянняў не робіцца, няма санкцый. Таму я гляджу на гэтую справу вельмі трывожна, бо фактычна гэта пачатак новага этапу захопу Украіны з боку Расеі, новы этап расейскай агрэсіі.

Зараз сусветная грамадскасць перадусім займаецца тым, каб вызвалілі захопленых маракоў. Гэта правільна, гуманна. Але галоўнае пытанне ў тым, што пачаўся новы акт агрэсіі. Гэта трэба спыніць, бо тут уся Украіна пад пагрозай. Таму пакуль усё круціцца вакол маракоў і суда над імі, акупацыя будзе працягвацца. Калі анэксія Азоўскага мора застанецца, як засталася анэксія Крыма, то для Украіны гэта будзе абазначаць фактычна магчымасць страты паўднёва-ўсходняй Украіны альбо пачатак вайны. А Пуцін здольны на ўсё.

РР: Амаль 5 гадоў на ўсходзе Украіны ідуць баявыя дзеянні, гінуць людзі за тэрытарыяльную цэласнасць краіны. Натуральна, што тут не выпадае чакаць і арыентавацца на тое, што скажа Еўропа ці ЗША. Тут трэба вымагаць канкрэтных рашэнняў ад украінскага кіраўніцтва. Тым часам Пятро Парашэнка толькі зараз задумаўся і ўвёў рэжым ваеннага стану ў краіне, хоць многія кажуць, што было варта гэта рабіць неадкладна, калі толькі анэксавалі Крым, калі палезлі на Данбас.

Зянон Пазьняк: Канешне, варта было. Але людзі робяць жыццёвыя памылкі, прычым масава. А быць разумным заднім розумам – гэта тыповая з’ява для чалавечага інтэлекту, чалавечага існавання.

Тады была зусім другая сітуацыя. Па-першае, эфект нечаканасці. Ніхто не мог паверыць, што такое пачалося. Па-другое, поўная негатоўнасць Украіны – ні псіхалагічная, ні збройная. У краіне не было гаспадара, не было каму рашаць. Калі б у Крыме было супраціўленне, то ўся гэтая авантура правалілася. Таму цяжка сказаць, што паступілі няправільна. А ўмовы якія былі?! Таму б я не стаў нікога вінаваціць.

Што датычыць цяперашняй сітуацыі, то, як я казаў яшчэ 5 гадоў таму, задача Расеі – зрабіць язву ў Данбасе, як з Сірыяй. Яны зробяць язву, якая не будзе загойвацца. Для Расеі гэта будзе зручна: туды яны будуць скідаць сваю старую амуніцыю і зброю, і ўсіх падонкаў там збяруць. У Расеі крымінальнікаў поўна, таму туды іх і пашлюць, каб там стралялі і здыхалі.

Ва Украіне няма рашучых стратэгаў, якія б узялі на сябе такую справу. Ну, такая сістэма, такая дэмакратыя. І гэта вельмі недасканалая сістэма ва ўмовах ваеннага стану.

Я лічу, што Украіну няма ў чым вінаваціць. Яна сябе паводзіць гераічна, мужна, дзе ўсё, канешне, трымаецца на народзе, на людзях. Больш вінавата міжнародная супольнасць, асабліва Еўропа, якая недаацэньвае небяспекі, якая ўзнікла ва Украіне.

РР: Як вы думаеце, што Расея можа распачаць ужо ў 2019 годзе? Ці будзе рэальная, канкрэтна акцэнтаваная спроба ўцягнуць Беларусь у канфлікт з Украінай?

Зянон Пазьняк: Насамрэч яна пастаянна існуе. Для Расеі гэта зручна, выгодна. Таму такая палітыка будзе працягвацца. Зразумела, тут ёсць разуменне таго, што гэта небяспечна як асабіста для начальніка, так і для ўсёй краіны. Таму вялае супраціўленне будзе весціся з боку гэтых рэжымных уладаў, але паўтараю – вялае. Бо гэтае супраціўленне не абгрунтавана нацыянальнымі інтарэсамі – яно абгрунтавана асабістымі інтарэсамі ўладаў, якія цалкам залежныя ад Пуціна і яго крэдытаў. І ў Беларусі няма ніякай міжнароднай падтрымкі. Таму калі пытанне ўзнікне вельмі востра, то Масква проста змусіць гэтага кліента зрабіць тое, што яна захоча. Вось у гэтым і ёсць небяспека для нас усіх.

Гутарыў Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Поўную размову з Зянонам Пазьняком слухайце ў далучаным гукавым файле на: https://www.racyja.com/palityka/aneksiya-azouskaga-mora-strata-paudn/#essb_displayed_bottom

7/12/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2018
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь