Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Цяжкі час без перамен

(Выступ на красавіцкім 2018 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адараджэньне”)

Мінуў 25 Сакавік. У розных гарадах і мясьцінах Беларусі адбыліся імпрэзы, выступы, канцэрты, арышты і затрыманьні. Стогадовы юбілей аб’яўленьня незалежнасьці БНР пачаўся па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Не ўдалося ажыцьцявіць шмат таго, што плянавалі, але ў цэлым сьвята прагучэла моцна і нагадала аб пачатку беларускай нацыянальнай дзяржавы і волі.

Наша Партыя Беларускага Народнага Фронту, які падхапіў і рэальна ажыцьцявіў ідэалы незалежнасьці Беларусі, канцэнтравалася на трох накірунках: Мітынг з мастацкай праграмай, Акадэмія (г.зн. навукова-гістарычная канфэрэнцыя на тэму стварэньня і аб’яўленьня незалежнасьці БНР) і ўстаноўка памятных камянёў у гонар 100-годдзя БНР па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Гэтая праца працягваецца, шмат што падрыхтавана. Але рэальна да 25 Сакавіка ўстаноўлены толькі адзін памятны знак у Горадзенскай вобласьці.

Удала, на прыстойным узроўні былі праведзены мітынг і мастацкія выступы на бульвары Шаўчэнкі каля кінатэатра “Кіеў” у Менску. Добрай падзеяй стала выдатна праведзеная 17-га сакавіка навукова-гістарычная канфэрэнцыя. Усе адзначалі высокі ўзровень дакладаў і чытаньняў. Праўда на некаторых асобаў недзе там яно, як заўсёды, дрэнна падзейнічала. Невыпадкова ўсе квазі-апазыцыйныя СМІ зацята не далі ніякай інфармацыі пра выдатную канфэрэнцыю (акрамя радыё “Рацыя”).

Галоўнай падзеяй сьвята стаў мітынг-канцэрт, які адбыўся 25 Сакавіка ў Менску на плошчы ля Опэрнага тэатра. Наша арыентацыя на 100-гадовы юбілей незалежнасьці БНР як на сьвята ўсёй нацыі, была ўспрынята ў цэлым усюды станоўча і апраўдала сябе, дзякуючы ініцыятыве актыўных патрыятычных людзей, якія на шчасьце не ўваходзяць у так званую “апазыцыю” (псэўда-апазыцыю). Дзякуючы гэтым энэргічным асобам і быў арганізаваны сьвяточны мітынг-канцэрт, які сабраў дзясяткі тысячаў добрых, сьветлых, прыгожых людзей. Адбылася падзея станоўчая, узьнёслая і якасная – сьведчаньне патрыятызму нашых грамадзян.

Сімптаматычныя зьявы ўзніклі пасьля сьвята, посьпех якога стаў нечаканым для рэжыму, для Масквы і для ейнай агентуры ў Беларусі. Пачаўся лямант, за якім, між іншым, карысна паназіраць. Расейскія рэсурсы ў Сеціве ў чарговы раз засьведчылі паталягічную нянавісьць да ўсяго беларускага. Іхная ідэалёгія здаўна заснавана на агрэсіўным жаданьні, каб беларуская нацыя, яе мова і культура былі б сьцертыя з твару зямлі, ніякіх сьвятаў, ніякіх нацыянальных юбілеяў, ніякіх беларусаў не павінна быць. Такі дэвіз рускай нянавісьці. Цяпер ён гучыць, гістэрычна і чутна.

Вось характэрны прыклад. Работнік нейкай канторы ў Менску пад замежным назовам «Juno» (мяркуецца, што ён псіхічна нармальны) назваў у друку народ, які сабраўся на сьвяточны канцэрт каля опернага тэатра “нацысцкім быдлам” і выказаў пісьмова публічнае патрабаваньне “Каб там што-небудзь ўзарвалі і іх гнілыя кішкі разляцеліся”.
Тут наўпроставы заклік да тэрарызму і публічная зьнявага народа па нацыянальнай прыкмеце.

Удакладняю. Тэрмін «нацызм» — гэта скарот ад “Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі” Гітлера (ням. NSDAP). “Нацызм” (ад — “нацыянал-сацыялізм”) — гэта афіцыйная назва фашызму — палітычнай ідэалогіі ў Трэцім Райху.
Ні пракуратура, ні Следчы камітэт, ні КГБ гэтай крымінальнай выхадкі нават не заўважылі.

Поўнае і дэманстратыўнае маўчаньне. Хоць па закону павінны ўзбудзіць судовую справу.
З усіх бакоў у розны спосаб пачалі крытыкаваць і проста абляпваць сьвяточную імпрэзу і мітынг, што адбыліся ля Опэрнага тэатра. Калі прааналізаваць галасы, то ўбачым, што злосьнічае амаль выключна агентура (яўная і схаваная). Нават удзельнік правакацыі 2010 года і паплечнік М. Статкевіча А. Саньнікаў выступіў з ганебным артыкулам і брыдкай лексікай, абазваўшы сьвята вульгарнымі словамі. (Не кажам ужо пра М. Статкевіча).

Зашавялілася ўся агентурная сістэма. У допісах асобаў гэтай катэгорыі добра відаць, што Масква занепакоілася ходам і вынікам сваёй гібрыднай антыбеларускай вайны. Я схільны меркаваць, што рэжымны дазвол на сьвята і канцэрт у Менску быў дадзены са згоды (а магчыма нават з ініцыятывы) Масквы. Крамлёўцам захацелася прамацаць сітуацыю, пераканацца: дыхае ці, можа, ужо ня дыхае “брацкі кліент”. Аказваецца, яшчэ дыхае. Ну як тут не ўзлавацца!

Паколькі шум вакол канцэрта ўзьняла агентура, сітуацыя выглядае штучнай, надуманай і дэмагагічнай. Нічога ж экстраардынарнага не адбылося. Чаму такі лямант? А таму што Масква занэрвавалася. Аказваецца, Беларусь жыве.

У гэтай сітуацыі поўнай нечаканасьцю стаў выступ аднаго з арганізатараў сьвята ля Опэрнага тэатра з прапановай адмовіцца ад назвы сьвята Дзень Волі і перайменаваць яго ў Дзень Беларусі. Заява зьбянтэжыла шмат каго.

Традыцыя, якая склалася гістарычна, ёсьць сама па сабе нацыянальная культурная каштоўнасьць. Яна не адмяняецца. Падмену мэтанакіравана рабілі каланізатары і бальшавікі, зыходзячы з палітычных мэтаў вынішчэньня культуры. Па аналягічнай схеме, напрыклад, антыбеларускі рэжым сьцьвердзіў свой міфічны “дзень незалежнасьці” трэцяга ліпеня, калі Менск быў захоплены “савецкай арміяй” (перамена акупантаў). Зрэшты, такія заявы тлумачацца тут хутчэй за ўсё палітычнай нявопытнасьцю заяўніка і добрымі намерамі (якія маглі быць памылковымі).

Зазначу, аднак, што сама ідэя мець у нашым нацыянальным жыцьці сьвята “Дзень Беларусі” ёсьць добрая думка, толькі зьвязаць яго варта з працоўным календаром, які яднае працавітых. А такое ёсьць і ў вельмі прыгожым часе. (Я да гэтай тэмы яшчэ вярнуся).
Шматслоўе, якое ўзьнікла пасьля сьвяткаваньня 25 Сакавіка, хай нікога не зьдзіўляе. І, галоўнае, хай не плодзіць ілюзій. Рэжым нікуды не падзеўся. Ён якім быў, такім і застаўся. Прытым рэпрэсіі могуць узмацніцца. Масква запатрабуе. Гэта ўжо відаць па паводзінах агентуры і па тым, што яны пачынаюць пісаць. (Нападкі на 90-я гады і на БНФ таго часу – абавязковая прыкмета).

Вольную будучыню краіны і свабоды вызначае палітычнае змаганьне. Рэальна існуюць дзьве вобласьці яго праяўленьня. Гэта парлямант і грамадзкія пратэсты (вуліца, страйкі і г.д.). Іншыя, нерэальныя для Беларусі мэтады, мы не разглядаем (тэрарызм, змова, інтэрвэнцыя і т.п..).

Тым часам парлямант у Беларусі ліквідаваны (створана фікцыя), рэальных выбараў няма. Гэтая вобласьць палітычнага змаганьня адсутнічае. Палітычны клас і палітычная эліта не ўтвараюцца.

Грамадзкія пратэсты, “вуліца” таксама перажылі істотныя перамены. На сёньняшні дзень вуліца цалкам захоплена правакатарамі, якія імітуюць бяздумныя пратэсты і бадзяюцца па тратуары з сотняй-другой людзей, гарланячы “Жыве Беларусь!” ды падстаўляючыся пад рэпрэсіі.

Правакацыйная тактыка даўно зайшла ў тупік. Але працягваецца, каб дазавана выяўляць і вычышчаць пратэстны патэнцыял (дарэчы пад лёзунгам яго нібыта павелічэньня). Мікалай Статкевіч характэрны выканаўца гэтых падстаўных спэктакляў. Прытым некаторыя асобы, што ідуць за ім, магчыма шчыра ўпэўненыя ў неабходнасьці такіх адчайных паводзінаў (для якіх магло б быць лепшае прымяненьне).

Мы папярэджваем грамадзтва пра гэтыя “наватворы” даўно. Але, аказваецца, ня так проста ўсё зразумець. Супроцьлеглым дзеяньнем тут (у абставінах пэрманэнтных забаронаў, разбурэньня і рэпрэсій) павінна стаць перш за ўсё накапленьне сіл (да пэўнага часу) і паралельнае існаваньне. А гэта значыць – мусіць быць часткова схаваная палітыка пад салідарнымі лёзунгамі.

Правакацыйная вулічная мэтадалёгія, не зважаючы ні на што, працягваецца. Але з цягам часу яна скончыцца. Вуліца зноў вернецца ў шэрагі народнага руху. І гэта будзе рака, новая народная плынь.

Стагоддзе аб’яленьня незалежнасьці БНР добра паказала ўсім, якіх ідэалаў трэба трымацца, каб вярнуць народу вольную сьветлую Беларусь. Незалежнасьць, воля, Беларуская мова, дэмакратыя, Беларуская салідарнасьць, вольная праца і гарантаваная ўласнасьць, гарантыя права і годнасьці асобы, выбраная ўлада і парлямант, незалежны суд, роўны закон для ўсіх – вось гэтыя каштоўнасьці.
Трэба ведаць за што змагацца і будучыня настане.

Пра Чарнобыльскі шлях. Сімптаматычна, што ў асяроддзі пралукашысцкай апазыцыі ў гэтым годзе зьявіліся выказваньні, што “Чарнобыльскі шлях” ужо не патрэбны, што ён зжыў сябе, што “нада сматрэць шырэ” і г.д. Тут такая ж агентурная песьня з арсэналу гібрыднай вайны: нішчыць усё, што закранае інтарэсы нацыі і ўсё, што зьвязана з Народным Фронтам.

Праблему Чарнобыля падняў Беларускі Народны Фронт, дамогся адкрыцьця праўды пра чарнобыльскую катастрофу і стварэньня заканадаўства па ратаваньні насельніцтва ў забруджаных зонах.

У 1989 годзе Фронт падрыхтаваў, арганізаваў і правёў агульнацыянальную маніфэстацыю супраць подлай палітыкі Савецкага Саюза, супраць схаваньня праўды пра Чарнобыль камуністамі, супраць маскоўскай хлусьні пра чарнобыльскую катастрофу. Назва “Чарнобыльскі шлях” і ключавое графічнае афармленьне вобразу былі прапанаваны мной, разумеючы, што ва ўжытак павінна ўвайсьці пасіянарная традыцыя памяці пра трагедыю, якая доўжыцца разам з жыцьцём пакаленьняў.
Першы “Чарнобыльскі шлях” адбыўся 30 верасьня 1989 года. З усіх абсыпаных радыяцыяй гарадоў Беларусі рушылі ў Менск людзі, паднятыя Народным Фронтам і пачуцьцём самазахаваньня. Камуністы кінулі супраць іх міліцыю, АМОН, унутраныя войскі. Перагарадзілі і заблякавалі ўсе дарогі да Менска, аўтобусны і чыгуначны транспарт. З Гомеля заранёў на Менск пешшу рушыла калёна ў 700-1000 чалавек, якая мусіла б папаўняцца па дарозе, перамяшчацца рознымі спосабамі. Унутраныя войскі не прапусьцілі калёну. Хапалі людзей.
І тым ня менш у Менску пад праліўным дажджом сабралася дэманстарцыя ў некалькі дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія прайшлі пасярэдзіне цэнтральнага праспэкта ад гадзіньнікавага завода (месца збору) да цяперашняй плошчы Незалежнасьці (месца мітынгу).

Пасьля мітынгу супраць чарнобыльскага генацыду адбылася ў Доме Кіно (Чырвоны Касьцёл – адна з рэзыдэнцый БНФ на той час) прэсавая канфэрэнцыя з удзелам вучоных і знакамітых асобаў зь Менску і Масквы.

Адразу пасьля маніфэстацыі і мітынгу супраць мяне як аднаго з заяўнікаў і вядоўцы мітынгу ўзбудзілі судовую справу. Суд мусіў адбыцца па месцы жыхарства ў Заводзкім раёне Менска. На працэс прышлі масы фронтаўцаў і абураных людзей, з лёзунгамі і патрабаваньнямі спыніць перасьлед за праўду пра Чарнобыль. Бачачы такую маніфэстацыю, суддзя Аўчынка адклаў працэс і ўцёк з суду.

Тады вырашылі даць мне штраф па адміністрацыйнай лініі за шкоду Тралейбуснаму дэпо. (Маўляў, з-за мітынгу не маглі праехаць тралейбусы і ТТУ панесла ўбыткі). Памятаю, што мы пайшлі зь Яўгенам Будзінасам у Трамвайна-Тралейбуснае Упраўленьне і пагаварылі з адміністрацыяй. Размова ішла ў стылі: “Таварышы, у вас сумленьне ёсьць?! Забірайце заяву і не ганьбуйцеся перад людзьмі!” І аказалася, што сумленьне ў “таварышаў” было. Адклікалі заяву з суда.

Зразумела, што Фронт на той час ужо быў сілай і аўтарытэтам. Адкрыцьцё праўды пра Чарнобыль стварыла яму шмат прыхільнікаў. Камуністы пабойваліся “ламаць дровы” у такой тэме як чарнобыльская трагедыя. Але ўсё ж тады былі крыху іншыя людзі, высьпяваў час нацыянальнай рэвалюцыі. Пры цяперашнім хамскім рэжыме, пра якое “сумленьне” можна казаць? Гэтыя на службе ў хама ўжо ня ведаюць, што такое сумленьне.

Сёлета, як і ў мінулым годзе, мы плянуем мітынг у Кіеўскім скверы на бульвары Шаўчэнкі як частку “Чарнобыльскага шляху”. Месца гэтае прыгожае і людзкае з добрым назовам. Трэба абавязкова запрасіць братоў-украінцаў.
Нашыя чарнобыльскія мітынгі (не ў прыклад “Дзядам”) нешматлюдныя. Дэпутат Незалежнасьці Сяргей Антончык у мінулы раз адзначыў, што справа ня ў колькасьці. Не глядзіце, што нас няшмат. За намі стаіць праўда, высокія ідэалы і вялікая ідэя, пацьверджаная практыкай і гісторыяй. Колькі б ня доўжылася цемра, ёй прыйдзе канец, калі будуць жыць вялікія ідэі беларускай волі і будучыні. Мы робім высокародную працу, і крок за крокам яна прыносіць плён.

Яшчэ адна зьява, якая ненавісная Маскве – Народны Мэмарыял Курапаты. Год таму начальнікам рэжыму быў выдадзены чарговы план яго зьнішчэньня пад выглядам сваёй там (рэжымнай) нібыта «мэмарыялізацыі». Пасьля 25 Сакавіка цяпер зноў зашумела раптам агентура аб тым, як, маўляў, сэрца ім баліць пра Курапаты. Адна газэтка ўжо зьвярнулася ў Міністэрства, маўляў што зроблена і чаму ня выкананыя ўказаньні Лукашэнкі па зьнішчэньні Народнага Мэмарыяла і нічога ня зроблена. Абяцалі ж праваслаўную капліцу ўсталяваць. Нават адданаму Якубовічу дасталося. “Пасьля як да справы далучыўся Якубовіч, пачаліся размовы, што капліцу ставіць ня трэба”, — загучэў заангажаваны галасок. Па ўсім відаць, што ў Крамлі ад злосьці ўжо закусілі цуглі, і сатрап зноў (з падачы, вядома) загаварыў пра капліцу для ўсіх (і ахвярам і забойцам).

Словам, у чарговы раз пачынаецца атака на Народны Мэмарыял Курапаты. У існуючы мэмарыяльны помнік-магільнік хочуць уціснуць праваслаўную капліцу і загнаць туды “рускі мір” (нашчадкаў забойцаў людзей у Курапатах) на чале з папом “Кранікам”. Нават такога адпетага цемрашала, як камуніст Іван Антановіч паднялі ледзь не з труны, каб гэты цынік і бязбожнік агучыў сваё старое прапагандысцкае, быццам “праваслаўе нацыянальная рэлігія беларусаў”. Так працуе сістэма агентуры і чужароднай улады ў Беларусі (што адно і тое).

Словам, рыхтуймася да чарговай абароны Народнага Мэмарыялу Курапаты. Трэба стаць усім на абарону сьвятыні, нават калі абараняць яе прыйдзецца фізічным спосабам.

15. красавік 2018 г. Зянон Пазьняк

16/4/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2018
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь