Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: «РУСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ» НА СЛУЖБЕ РУСКАЙ ІМПЭРЫІ

Што такое руская імпэрская «дэмакратыя» – усім добра вядома. Асабліва тым, хто пажыў пры «савецкай дэмакратыі», якой тады было «таржаство» (савецкая тэрміналёгія). Тым ня менш, слоўца «дэмакратыя» час ад часу пачынае круціцца на вуснах расейцаў, нездаволеных уладай альбо царом. Калі ж часам па віне нездаволеных адбываецца нібыта дэмакратычная перамена ў гэтай уладзе, тады настае вэрхал, дэмагогія, ляцяць галовы, ліецца кроў, крадуць, страляюць, і ўрэшце ўсё вяртаецца да новай тыраніі, маразму і новага цара.

Гісторыя так званай «рускай дэмакратыі» пачалася з 1825 года, калі група вайсковых афіцэраў-масонаў хацелі ўстанавіць «дэмакратыю» у Расеі шляхам вайсковага перавароту. На шчасьце для расейцаў, з гэтага нічога ня выйшла, і імпэрскае балота пратрывала бяз зьменаў яшчэ амаль сто гадоў.

У 1917-м нездаволеныя царом зноў захацелі ўстанавіць «рускую дэмакратыю». На гэты раз удалося. Перабілі некалькі мільёнаў людзей, некалькі мільёнаў вымарылі голадам, забілі цара і ўсю яго сям’ю, і ўсё, што можна, раскралі пад верхавенствам новага цара-плебея Леніна.
Пасьля Леніна атрымалі за цара крымінальніка Іосіфа Сталіна. Гэты перабіў ужо некалькі дзясяткаў мільёнаў людзей, і дзясяткі мільёнаў замарыў голадам.

Пасьля Сталіна зьмянілася яшчэ некалькі цароў і царкоў, якія ціснулі, душылі, шмат гаварылі, вялі войны. У выніку расейцы зноў захацелі «рускай дэмакратыі» (гэта значыць «дэмакратыі» з захаваньнем імпэрыі). У Маскве зноў зьявілася шмат дэмакратычных гаваруноў, якія адмовіліся ад недэмакратычнай улады камуністычных цароў і падтрымалі новага цара Ельцына. Пры ім «дэмакраты» разбагацелі, атрымалі ўладу і капіталы і пачалі вольна красьці.

Гэта не спадабалася «блюсьціцелям дэмакратыі» ў Расеі – КГБ і кагэбістам (бо ім не даставалася ні ўлады, ні дзяльбы маёмасьці). Яны ськінулі цара Ельцына і паставілі на царства маёра Пуціна. Пры ім «руская дэмакратыя» дасягнула дасканаласьці. Расквітнелі ўсе тры чыньнікі новай «рускай дэмакратыі»: імпэрыялізм, кагэбізм і праваслаўе. Усё стала, як заўсёды: цар аўтарытарны, патрыярх у партупеі (пад сутанай), Расея ваюе, кілеры страляюць , багацеюць алігахі, крадуць «дэмакраты» і ахоўнікі дэмакратыі, п’юць расейцы, ненавідзяць «врагов» і мараць «всех проучить».

І ўлада не падвяла народных спадзяваньняў. Цар Пуцін адным махам, без адзінага стрэлу захапіў і «адцяпаў» ад Украіны Крым. Расея звар’яцела ад шчасьця, а веліч Пуціна дасягнула нябёс. «Пуцін – Хрыстос!» – віватуе праваслаўная імпэрыя. «Пуцін – прэзыдэнт сьвету!» – крычыць ашчасьліўлены народ і патрабуе аб’явіць вайну гэтаму варожаму для яго сьвету.

І ўся так званая «руская дэмакратыя», гэтыя Навальны, Хадаркоўскі, Латыніна, «цяпкіна-ляпкіна» (ня кажам ужо пра Кабзона і пра сотні дзеячоў, навукі, мастацтва і культуры) ківаюць галовамі і паўтараюць «Крым рускі, Крым рускі» і што Украіне яго ня вернуць і г. д.

Толькі неўзабаве нешта стала ў цара Пуціна ня так рабіцца ў вайне супраць сьвету. І на Украіне завяз, і ворагі ад «зайздрасьці» загубіць Расею намераныя, і есьці народу хочацца (закусваць). І тут ізноў задумаліся «блюсьціцелі» (расейская тэрміналогія) і трымальнікі «рускай дэмакратыі»…
* * *
На гэтым стары фэльетон пра «рускую дэмакратыю» канчаецца. Пачынаецца новы і чарговы. Але пра гэта – сур’ёзна.

Зараз шмат каму робіцца зразумела, што пуцінская палітыка завязла і няўхільна заходзіць у тупік. Ідуць адчайныя спробы Крамля ўгаварыць Захад прызнаць анэксію Крыма і пагадзіцца на аўтаномнае статус-кво частак Луганскай і Данецкай вобласьцяў Украіны, занятых рускімі наёмнікамі і рускім войскам. У замен Пуцін абяцае не ўжываць вайсковай сілы супраць Украіны. Маўляў, усё, мы на гэтым спыняемся (абяцаюць Захаду). Памірымся, і будзем надалей супрацоўнічаць ды гандляваць. Эўропа і ня супраць пагадзіцца на такую зьдзелку. Але яна разумее, што на тое ніколі не пагодзіцца ўкраінскі народ, і таму наўрад ці дасьць Пуціну сябе ашукаць.

Сытуацыя, як у шахматах. І можна было б яе наперад разьлічыць, калі б было вядома, што зробіць цар. А паколькі таго ніхто ня ведае, акрамя самога цара (які, відаць, таксама толкам таго ня ведае), то пэрспэктыва выхаду з тупіка ў гэтай гэбоўскай аўтарытарнай сістэме ёсьць толькі адна – дзяржаўны пераварот і адкіданьне Пуціна з дарогі. Калі гэтага не адбудзецца і калі Захад пры гэтым пачне ужываць больш жорсткія мерыі санкцыі супраць Расеі (у рэальнасьці малаверагодна), то працэс мог бы ськіравацца да ўпадку і чарговага поўраспаду імпэрыі. І вось тут яе зноў будзе ратаваць «руская дэмакратыя».

Агентурная «дэмакратыя» (альбо «кіруемая дэмакратыя») ствараецца гэбісцкім рэжымам рэальна дзеля аховы сваёй улады (так у Беларусі і гэтак у Расеі). Рэжым можа трымаць гэтакіх сваіх «апанэнтаў» нават у турме. Але калі ўзьнікне сытуацыя па зьмене ўлады, то ім дадуць магчымасьць выканаць належную дэмакратычна-рэвалюцыйную функцыю, стаць нават «сьцягамі пераменаў». На момант яны атрымаюць нават месцы ва ўладзе, крыху разбагацеюць, а затым усё вернецца на кругі свае. Гэта значыць: ізноў будзе дэмагогія, хлусьня, карупцыя, крадзёж, карпарацыя, аўтарытарызм, імпэрыялізм, чарговы цар і вайна.

Такая ёсьць гісторыя Расеі, якая асабліва вымоўная за апошнія 200 гадоў яе палітыкі. Існуе адна фармальная і галоўная прычына такой зьявы: гэта дзяржава і грамадзтва-імпэрыя плюс азіяцкая імпэрская сьвядомасьць імпэрыі. Пакуль руская імпэрыя ня будзе разбурана і Расея не дэзінтэгравана, датуль яна будзе няшчасьцем для народаў, якія яе насяляюць, і праблемай для чалавецтва.
* * *
Тым часам мы назіраем, як крывавая гісторыя рускай імпэрыі цыклічна круціцца перад нашымі вачыма. Зьявіліся прыкметы чарговай «дэмакратычнай рэвалюцыі» ў Расеі, якую, відаць, пачалі ўжо рыхтаваць. 27-га лютага гэтага года забілі рускага палітыка Б. Нямцова. Зроблена так, каб усім было зразумела, што ўсе ніткі і ўсе падазрэньні ў арганізацыі забойства вядуць у Крэмль. А ў працэсе сьледзтва пачаліся падкопы пад галоўную збройную (і асабістую) апору Пуціна – кадыраўскую Чачэнію.

Невядомая, аднак, матывацыя забойства. Навошта было Пуціну дэманстратыўна забіваць Нямцова? Можа, каб па-паханску паказаць, хто ў зоне гаспадар і напалохаць іншых? Магчыма. Бо ўсё тут адпавядае натуры Пуціна. Але ў выніку для Пуціна адны мінусы. Да таго ж рэальна Нямцоў – ня тая асоба, якой Пуціну трэба было баяцца. Нямцоў фігура, вядомая ў палітыцы, але роля яго там была даволі ардынарнай. Лубянка раскруціла (для народа) такога бізнэсоўца-камбінатара («цёмнага коніка») Навальнага, але не Нямцова. Ягоны даклад пра ваенныя дзеяньні расейскіх войскаў у Данбасе і Крыме (чаго нібыта збаяўся Пуцін) у сапраўднасьці нічога новага не адчыняе. Усё, што там напісана, было ўжо вядома, і цяпер ужо вядома значна больш. Навошта было Пуціну забіваць Нямцова? Якая палітычная матывацыя такога злачыннага кроку?

Тым часам адразу пасьля забойства палітыка на паверхні зьяўляецца, практычна, маргінальная цяпер партыя пад назвай «РПР – Парнас» (там якраз і сядзеў Нямцоў) і пачынае рух па выкрыцьцю праўды пра забойства і прапаганду дакладу Нямцова па ўсёй Расеі і па ўсім сьвеце. Выявіліся актывісты партыі, якія ў цэлым робяць добрую і патрэбную справу. Асабліва цытуюць у сродках масавай інфармацыі словы актывіста гэтага руху Ільлі Яшына, які прапанаваў вырашэньне праблемы анэксаванага Крыма. Маўляў, трэба, каб паўвостравам адначасна валодалі і Расея, і Украіна, каб суверэнітэт Расеі і Украіны аднолькава распаўсюджваўся на Крым. З гэтай імпэрскай (і даволі тупой) ідэяй дэмакрат Ільля Яшын выступаў нават у Кіеве. І яго, здаецца, за гэта адтуль ня вытурылі, бо ён жа прэзэнтаваў там даклад Нямцова, карысны для Украіны.

Пасьля Кіева «дэмакраты» з партыі «РПР – Парнас» апынуліся ўжо ў Нью-Ёрку, каб выступіць перад украінскай эміграцыяй. Гэтая акалічнасьць здалася мне вартай таго, каб на іх паглядзець і паслухаць. Ілья Яшын аказаўся рухавым неахайна апранутым (як і трэба сапраўднаму «дэмакрату») маладым чалавекам. У яго выступе не было нічога новага. Вядомыя факты і банальныя сэнтэнцыі пра «рускі народ» і дэмакратыю. Але дзясяткі разоў ляйтматывам было паўторана, што ўсё зло і няшчасьце Расеі ад Пуціна. Што ён (гэты Пуцін) вядзе Расею ў бездань, што ён напаў на брацкую Украіну і зганьбіў рускі народ і г. д. Усё змаганьне мусіць быць супраць Пуціна. Пазбавіўшыся Пуціна, Расея ўздыхне свабодна, і дэмакратыя ўрэшце рэшт пераможа.

У гэты ж час, калі адбываецца такога роду прапаганда дакладу Нямцова і выказваюцца прапановы аб падвойным валоданьні Крымам, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Пуціна генэрал-палкоўнік КГБ Сяргей Іваноў выступае зь дзіўнай заявай на ангельскпай мове, запісанай на відэа і распаўсюджанай у англамоўных СМІ. Сутнасьць выступу Іванова ў тым, што Расею, маўляў, абвінавачваюць у карупцыі ўладных структур, у злоўжываньні ўладай, у хабарніцтве палітыкаў і г. д., але, маўляў, гэта ня так, і ён, Іваноў, не такі, хабараў не бярэ, і супраць яго такіх падазрэньняў ня можа быць.

Выступ Іванова выглядае на асьцярожную прэзэнтацыю сваёй асобы перад Захадам. На Захадзе чамусьці пра такія прэзэнтаваныя яго якасьці ўсе павінны ведаць. (Між іншым ў гэты ж час прэм’ер-міністар Канады зрабіў заяву, што з Расеяй ня можа быць сур’ёзных дачыненьняў, пакуль яе прэзыдэнтам зьяўляецца Пуцін.)

Увогуле, цалкам магчыма, што існуе сувязь паміж незразумелым забойствам Нямцова, «дэмакратычнай» прапагандай яго дакладу чарговымі рускімі «дэмакратамі» (з імпэрскімі інвэктывамі), падкопамі пад Кадырава і самапрэзэнтацыяй Сяргея Іванова. Ніякіх высноваў яшчэ нельга зрабіць. Але можна канстатаваць, што пачаліся зрухі і шавяленьне, якое можа прывесьці да чарговай барацьбы чарговай «рускай дэмакратыі» за чарговую «рускую дэмакратыю», якая скончыцца чарговай карупцыяй, абагачэньнем, маразмам і чарговым царом, які пачне ваяваць за адзіную Расею, за «русский мир», за «скрепы» ды ўставаньне з каленяў.

Нам, беларусам, відаць, зноў прыдзецца ўсё гэта назіраць. Але тады мы мусім не змарнаваць час, пазбавіцца ад акупацыйнага антыбеларускага рэжыму, умацаваць сваю незалежнасьць, суверэнітэт і народную беларускую ўладу.

Падсумоўваючы апісаньне так званай «рускай дэмакратыі», адзначу наступнае. Элемэнтарнае дэмакратычнае думаньне вымагае выступаць супраць агрэсіі і вайны, супраць захопу чужых тэрыторыяў. Калі б у Расеі зьявіліся дэмакраты, яны павінны б былі засьведчыць сваю пазыцыю спраць нападзеньня на Украіну, супраць анэксіі Крыму і захопу Данбасу. Яны павінны б былі пасьлядоўна выказаць патрабаваньні вываду з Украіны ўсіх расейскіх войскаў, усіх засланых расейскіх узброеных грамадзян і (sic!) усёй расейскай зброі і збройнай тэхнікі з тэрыторыі Данбаса і Крыма. Крым і Данбас мусяць быць безагаворачна вернутыя Украіне. За разбурэньне, зьнішчэньне і захоп маёмасьці ўкраінцаў, за нанесеную шкоду Ўкраіне Расея мусіць выплаціць Украіне рэпарацыі і кампэнсаваць страты. Рускія тэрарыстычная злачынцы, што арганізавалі бойню ў Данбасе, павінны пайсьці пад суд.

Такіх дэмакратаў і такіх патрабаваньняў у Расеі не існуе (і не існавала ніколі). Замест гэтага мы чуем толькі галасы (справядлівыя, вядома) з непрыняцьцем і крытыкай Пуціна (якія, гэтыя галасы, ўжо асядлала, між іншым, унутранная гэбоўская апазыцыя супраць Пуціна), чуем (ізноў жа справядлівае) абурэньне яго хлусьнёй і подлымі дзеяньнямі супраць украінцаў. Але як толькі пытаньне датычыць захопленых тэрыторыяў Крыма і Данбаса, пачынаецца цёмнае імпэрскае мармытаньне, што будучыня Данбаса пад пытаньнем, што Крым ўжо застанецца ў Расеі, што яго ўжо ня вернуць і нават зусім дзіцячае – давайце, маўляў, валодаць Крымам разам (рускія і ўкраінцы) пад двума кіраваньнямі і двума суверэнітэтамі (вось узровень думаньня рускіх імпэрскіх нібы-дэмакратаў).

Мы, беларусы, ведаючы расейцаў і імпэрскую гісторыю Расеі, не павінны мець адносна іх ніякіх ілюзіяў, што б яны там ні казалі і ў чым бы сябе ні пераконвалі. Расейская імпэрыя мусіць быць разбурана і дэзынтэгравана. Толькі тады можна будзе казаць пра дэмакратыю і толькі тады, магчыма, зьявяцца на яе тэрыторыі дэмакратычныя ідэі і пасьлядоўнікі.

Тым часам нам, беларусам, цяпер (у гэтым становішчы) нават такія абкарнаныя імкненьні так званай «рускай дэмакратыі» трэба тактычна збольшага падтрымліваць (памятаючы, аднак, пра іх імпэрскую сутнасьць). Зараз вельмі важна, каб спынілася вайна супраць Ўкраіны і каб адбыліся любыя перамены ў Расеі, каб узьнікла любая барацьба за ўладу (а змагацца там хутчэй за ўсё будуць Лубянка з Лубянкай). Вельмі важна, каб хоць некалькі месяцаў (як гэта здарылася ў 1991 годзе) Расея была б занята сама сабой (каб ёй было «не да жыру – быць бы жыву»). Тады для беларусаў узьнікнуць рэальныя шансы расправіцца з антыбеларускім акупацыйным рэжымам і нават разьвеяць яго попел па ветры. І гэта павінна стацца ўжо назаўсёды, каб ніколі маскаль не пляваў нам ў твар.

2-5 чэрвеня 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

7/6/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2015
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь