Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Андрэй Іларыёнаў. Інфармацыйная вайна

Выклікі інфармацыйнай вайны для свабоднага грамадзтва і магчымая контрстратэгія. Выступ на ХІХ Форуме Адкрытай Супольнасьці Эстоніі. Талін, 18 верасьня 2014 г.

Для мяне высокі гонар зноў быць тут, у Таліне, і мець магчымасьць падзяліцца з вамі некаторымі сваімі меркаваньнямі па пытаньню, якое, на жаль, прымушае нас зьвяртаць самую пільную ўвагу на адну з сур’ёзьнейшых праблем сёньняшняга дня – на праблему інфармацыйнай (дэзінфармацыйнай) вайны супраць свабоднага грамадзтва. Гэтая вайна разьвязана пэўны час таму, цяпер яна вядзецца на беспрыцыдэнтным па інтэнсіўнасьці ўзроўні.

Арганізатары дадзенага форуму прасілі мяне ўдзяліць больш увагі таму, што можа супрацьпаставіць інфармацыйнай агрэсіі параўнальна невялікая краіна, якая мае ў сваім распараджэньні абмежаваныя рэсурсы. Якія дзеяньні наагул магчымыя для яе ў даволі агрэсіўнай інфармацыйнай прасторы? Якія інструмэнты маюцца для таго, каб адстаяць вольную інфармацыйную прастору – і тут, у Эстоніі, і ня толькі ў ёй?

Па некаторых меркаваньнях у мяне атрымаўся адказ, які, магчыма, некаторым з вас можа падасца пэсімістычным. Спадзяюся, што тым ня менш гэты адказ дасьць глебу для меркаваньняў і сур’ёзнага абмеркаваньня, якое можа прывесьці нас да неабходнасьці карэктыроўкі некаторых базавых прынцыпаў грамдзтва лібэральнай дэмакратыі, грамадзтва, якім мы так даражым, і якое мы лічым адной зь лепшых мадэляў яго арганізацыі.

Перад намі стаіць задача неверагоднай складанасьці, і я пераканаўча прашу вас разглядаць мае меркаваньні з гэтай нагоды не як варыянт гатовага адказу, а як запрашэньне да дыскусіі, да сумесных інтэлектуальных намаганьняў, якія могуць запатрабаваць нестандартных падыходаў і немалога часу для таго, каб зразумець, што можа і павінна быць зроблена ў цяперашняй, не зусім звычайнай абстаноўцы.

Меркаваньні адносна інфармацыйнай вайны зводзяцца да дзесяці пунктаў, пасьля чаго некалькі словаў будзе сказана пра магчымую стратэгію супрацьдзеяньня.

Пункт першы даволі просты, але дастаткова непрыемны. Інфармацыйная вайна, пра якую мы зараз гаворым, гэта рэальная вайна. З гэтым цяжка пагадзіцца, але такія факты. Гэта азначае, што інфармацыйнай вайне ўласьцівыя практычна ўсе характарыстыкі і элемэнты “класічнай” вайны. Інфармацыйная вайна характарызуецца перш за ўсё наяўнасьцю інфармацыйнай агрэсіі, інфармацыйных бітваў, інфармацыйных франтоў, выкарыстаньнем (дэз)інфармацыйнай зброі. Даводзіцца апэраваць такімі паняцьцямі, як інфармацыйны напад і інфармацыйная абарона, інфармацыйныя атакі і інфармацыйны супраціў, інфармацыйныя наступы і інфармацыйныя абарона, інфармацыйныя праціўнікі і інфармацыйныя хаўрусьнікі, інфармацыйныя перамогі і інфармацыйныя паразы, інфармацыйныя войскі (дывізіі, брыгады, арміі і г.д.) і ахвяры інфармацыйнай вайны, інфармацыйны тэрарызм, інфармацыйныя агенты і інфармацыйныя дыверсанты, інфармацыйныя спэцапэрацыі і інфармацыйны спэцназ, інфармацыйныя блакады і тэатры інфармацыйных баявых дзеяньняў.

Многае з таго, што я пералічыў – зусім ня новыя тэрміны. Многія зь іх былі прыўлашчаныя зь літаратуры аб інфармацыйных войнах, якая стала апошнім часам асабліва багатай. У Расеі і некаторых іншых краінах ёсьць нямала аўтараў, якія прысьвяцілі інфармацыйным войнам і спосабам яе вядзеньня нямала дасьледваньняў.

У цяперашні час найбольш небясьпечную інфармацыйную вайну распачаў і вядзе цяперашні расейскі рэжым. Першай ахвярай інфармацыйнай агрэсіі сталіся грамадзяне Расеі. І менавіта ў Расеі многія з вышэй згаданых паняцьцяў сталіся апошнім часам змрочнай рэчаіснасьцю.

Ня буду паўтараць тое, з чым большасьць з вас ужо добра знаёмыя. Хачу толькі прыцягнуць вашую ўвагу да адной з найбольш важных рысаў сучаснай інфармацыйнай вайны. Калі мы сутыкаемся зь дзейнасьцю такіх арганізацый, як расейскі Першы канал тэлебачаньня, “Russia Today”, ВГТРК, “Голос России”, мы маем справу не з традыцыйнай журналістыкай, не з звычайнымі СМІ. Мы маем справу з інфармацыйнымі войскамі, зь інфармацыйнымі брыгадамі, дывізіямі, арміямі. Яны праводзяць інфармацыйныя наступы, інфармацыйныя атакі – як на насельніцтва Расеі, так і на грамадзянаў іншых краін сьвету.

Галоўная выснова зь першага пункту (мы, магчыма, да гэтага яшчэ вернемся крыху пазьней) прыводзіць нас да неабходнасьці карэктыроўкі традыцыйнага падыходу да прынцыпа свабоды распаўсюджваньня інфармацыі, прынятага ў дэмакратычных грамадзтвах. Гэта выснова аб неабходнасьці інфармацыйнага супраціву, аб неабходнасьці стварэньня трывалай сістэмы інфармацыйнай абароны. Адсутнасьць такой абароны і такога супраціву прыводзіць да шматлікіх і цяжкіх ахвяраў інфармацыйнай агрэсіі, да інфармацыйных паразаў, якія могуць папярэднічаць паразам у іншых сфэрах пры наступе крымінальнага аўтарытарызма на вольнае грамадзтва.

Пункт другі складаецца з таго, што мэтай інфармацыйнай агрэсіі зьяўляецца захоп ня столькі тэрыторый, колькі людзей, дакладней – іх сьвядомасьці. Панявольваньне насельніцтва праз усталяваньне кантролю над сьвядомасьцю людзей, над іх мысьленьнем, сьветапоглядам, іх поглядамі, іх сістэмамі каштоўнасьцяў. Такое панявольваньне не залежыць ад таго, на якой тэрыторыі пражываюць патэнцыйныя ахвяры. Кожны, хто падзьвяргаецца такім атакам у працэсе інфармацыйнай вайны, можа стацца яе ахвярай, калі толькі не прыняць абарончых захадаў. Менавіта чалавечая сьвядомасьць, менавіта яго мысьленьне зьяўляецца найбольш пластычнай часткай чалавечага арганізма, якая ў найбольшай ступені паддаецца ўзьдзеяньню інфармацыйнай агрэсіі.

На працягу амаль паўстагоддзя ад часу Фултанскай прамовы У. Чэрчыля многія на Захадзе (і ня толькі на Захадзе) меркавалі, што эфэктыўная індактрынацыя (“прамыўка мазгоў”) магчымая толькі ў “закрытых” грамадзтвах. Што яна магчымая толькі ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, калі ўсе інфармацыйныя рэсурсы манапалізаваныя, а само грамадзтва аточанае “муром” – ці то Берлінскім ці то Кітайскім ці то т. зв. Жалезнай Заслонай, у сітуацыі, калі ў людзей няма магчымасьці самастойна выбіраць крыніцы інфармацыі.

Менавіта таму адной з важнейшых мэтаў стратэгіі вольнага сьвету ў адносінах да несвабодных грамадзтваў было разбурэньне ўсіх такога кшталту муроў і заслонаў. Мы памятаем знакамітыя словы Р. Рэйгана: “Спадар Гарбачоў, разбурыце гэты мур!” Лічылася, што разбурэньне гэтых муроў і заслонаў, забесьпячэньне інфармацыйнай адкрытасьці гарантуе свабодную канкурэнцыю розных крыніцаў інфармацыі і дае людзям магчымасьць свабодна выбіраць тое, што ім падабаецца, што ім цікавае, што найбольш абгрунтавана і адэкватна адлюстроўвае падзеі ў навакольным сьвеце.

За апошнія 20-25 гадоў мы мелі магчымасьць пераканацца ў тым, што рэальнае жыцьцё, як аказалася, прыкметна адрозьніваецца ад нашых папярэдніх уяўленьняў. Буйнейшым сюрпрызам аказалася тое, што эфэктыўная “прамыўка мазгоў” мільёнаў і дзесяткаў мільёнаў людзей магчымая паўсюль, у любых умовах, як у ізаляваных, так і ў неізаляваных грамадзтвах, незалежна ад наяўнасьці альбо адсутнасьці вакол іх муроў, межаў або заслонаў.

Напрыклад, у адрозьненьне ад СССР у Расеі ў цяперашні час не існуе татальнага адміністрацыйнага кантролю над інфармацыйнай прасторай. Зразумела, тэлебачаньне і бальшыня друкаваных выданьняў кантралююцца рэжымам. Аднак у сацыяльных сетках, прынамсі, на дадзены момант, няма практычна ніякіх абмежаваньняў. Няма ніякіх сур’ёзных абмежаваньняў і для інфармацыйнага абмену са зьнешнім сьветам. Тым ня менш нягледзячы на адносную інфармацыйную адкрытасьць цяперашняй Расеі мільёны людзей у ёй апынуліся ў цяжкой форме закажанымі і атручанымі дэзінфармацыяй, фальсіфікацыямі, непрыкрытай хлусьнёй.

Трэці пункт датычыцца каранёў інфармацыйнай вайны. Яны ідуць глыбока ў савецкія часы. Доўгі час у СССР існавалі адмысловыя ваенныя аддзелы, якія займаліся “спэцпрапагандай”. Ва ўнівэрсітэтах і іншых адукацыйных установах існавалі кафэдры і факультэты, якія рыхтавалі байцоў спэцпрапаганды. Многія з гэтых цэнтраў былі зачынены на пачатку 1990-х гадоў, але зараз аднавілі сваю дзейнасьць. Паводле некаторых ацэнак, у цяперашні час у Расеі існуюць 74 цэнтры, якія займаюцца падрыхтоўкай спэцпрапагандыстаў. Там навучаюцца вайскоўцы, журналісты, ваенныя карэспандэнты, псіхолагі, філолагі, людзі іншых прафэсій. Ім выкладаюцца асновы і мэтады вядзеньня інфармацыйнай вайны.

Чацьверты пункт складаецца з таго, што інфармацыйная вайна зьяўляецца адным з асноўных, а можа й галоўным элемэнтам так званай гібрыднай вайны. Гібрыдная вайна ня зводзіцца да адной толькі “класічнай” вайны. Гібрыдная вайна ўключае ў сябе таксама падрыўныя дзеяньні, карупцыю, энэргетычную вайну, эканамічную вайну, фінансавую вайну і, зразумела, зразумела, інфармацыйную вайну.

Пятае. Інфармацыйная вайна зьяўляецца таксама адным з асноўных элемэнтаў так званай Чацьвертай сусьветнай вайны. У адпаведнасьці з тэрміналогіяй крамлёўскіх прапагандыстаў, вайна, якую расейскі рэжым вядзе ў цяперашні момант, зьяўляецца ня проста Расейска-украінскай вайной. Расейска-украінская вайна разглядаецца ў якасьці ўводнай галавы Чацьвертай сусьветнай вайны. Колькі дзён таму блізкі да расейскага прэм’ера сп. І. Юргенс, выступаючы ў Кіеве, адкрыта заявіў: “Гэта не вайна супраць Украіны. Гэта канфрантацыя Расеі і Захаду”. Іншымі словамі, для пуцінскага рэжыму Україна – толькі тэрыторыя, на якой яны распачалі (дакладней, працягнулі пасьля Расейска-грузінскай вайны) вайну з заходняй “атлантычнай”, англа-саксонскай цывілізацыяй.

Такім чынам, перш чым Чацьветная сусьветная вайна пяройдзе ў фазу непасрэднага класічнага ваеннага сутыкненьня, разьвязаная інфармацыйная вайна. Строга кажучы, інфармацыйная вайна супраць Захаду была распачатая колькі гадоў таму, а цяпер па сваёй інтэнсіўнасьці яна дасягнула новага, беспрыцыдэнтна высокга ўзроўню.

Шостае. Якое вызначэньне і якія мэтады інфармацыйнай вайны? Прывяду цытату з аднаго падручніка спэцпрапаганды:
“Інфармацыйная вайна ўзьдзейнічае на сьвядомасьць масаў людзей і зьяўляецца часткай змаганьня паміж рознымі цывілізацыйнымі сістэмамі. Яна праводзіцца ў інфармацыйнай прасторы пры дапамозе адмыслова прызначаных для гэтага сродкаў кіраваньня інфармацыйнымі рэсурсамі і пры дапамозе інфармацыйнай зброі”.

Назаву асноўныя мэтады і інструмэнты інфармацыйнай вайны, некаторыя зь якіх ужо згадваліся:
- сацыяльны кантроль;
- сацыяльнае маніпуляваньне, гэта зн. мэтанакіраванае ўзьдзеяньне на грамадзтва з мэтай дасягненьня пэўных мэтаў;
- маніпуляваньне інфармацыяй, гэта зн. выкарыстоўваньне сапраўднай інфармацыі такім чынам, каб зь яе былі зробленыя няслушныя высновы;
- дэзінфармацыя, гэта зн. распаўсюджваньне скажонай або сфабрыкаванай інфармацыі (альбо і таго і другога адначасова)
- фабрыкацыя інфармацыі, гэта зн. стварэньне заўчас хлусьлівай інфармацыі.
- лабіраваньне.
- шантаж.
- вымушэньне.
- інфармацыйны тэрарызм.

Сёмы пункт даволі важны. Я хацеў бы зьвярнуць на яго вашую асаблівую ўвагу. Інфармацыйная вайна – першая сапраўды татальная сусьветная вайна. І ў Першай сусьветнай , і ў Другой сусьветнай, і ў так званай Трэцяй сусьветнай (Халоднай) войнах меліся выразна акрэсьленыя тэатры ваенных дзеяньняў, франты, флангі, тылы. Хаця многія дзяржавы былі ўцягнутыя ў гэтыя войны, яны (войны) усё ж не распаўсюджваліся на ўсё чалавецтва.

У сілу сваіх іманэнтных якасьцяў інфармацыя мае ўласьцівасьць распаўсюджвацца нягледзячы на межы і ўсталяваныя абмежаваньні. Таму інфармацыйная вайна ня мае ні тылу, ні флангаў. Франты інфармацыйнай вайны могуць пралягаць дзе заўгодна.

Адной з найбольш папулярных характарыстык сучаснага грамадзтва зьяўляецца яго вызначэньне як “інфармацыйнага грамадзтва”. Многія члены сучаснага грамадзтва занятыя вытворчасьцю, апрацоўкай, перадачай распаўсюджваньнем, спажываньнем інфармацыі. Сучаснага чалавека цалкам можна назваць homo informaticus. Таму інфармацыйная вайна пранікае ва ўсе, у тым ліку ў самыя аддаленыя, закуткі сучаснага “інфармацыйнага грамадзтва”. Кожны чалавек, прынамсі, кожны пісьменны чалавек, тым больш кожны адукаваны чалавек заангажаваны ў бесперапынны інфармацыйны працэс і таму, у выніку, заангажаваны – у рознай ступенм, зразумела, — у інфармацыйную вайну. Больш таго, чым больш чалавек заангажаваны ў інфармацыйны працэс, тым больш ён знаходзіцца пад узьдзеяньнем інфармацыйнай агрэсіі.

Зразумела, нейкія перашкоды для інфармацыйнай вайны існуюць. Спачатку адным з такіх прыкметных перашкодаў зьяўлялася мова, дакладней яе веданьне. Значную частку інфармацыі людзі атрымліваюць і спажываюць з дапамогай знаёмай ім мовы (альбо некалькіх моваў). Зразумела, гэта ня мае дачыненьня да візуальнай або музычнай інфармацыі, якая даступная любому чалавеку, незалежна ад яго валоданьня мовамі.

Аднак такое моўнае абмежаваньне паступова пераадольваецца. З аднаго боку, з боку спажыўца, — у выніку росту ўзроўню ягонай адукацыі і масавага вывучэньня імі замежных моваў. Зь іншага боку, з боку пастаўшчыка, пры дапамозе рэсурсаў, што распаўсюджваюць дэінфармацыю на розных мовах, ня толькі на расейскай. Напрыклад, прапагандысцкі канал “Russia Today” вяшчае на ангельскай, іспанскай, арабскай мовах. У хуткім часе пачынае вяшчаньне на нямецкай і фрацузкай мовах. Акрамя таго, сотні і тысячы байцоў “дэзінфармацыйных брыгад” актыўна дзейнічаюць у сацыяльных сетках на мясцовых мовах у многіх краінах сьвету. Такая інфармацыйная вайна патрабуе аграмадных рэсурсаў. Яны даволі вялікія ў параўнаньні з традыцыйнай журналістыкай, аднак гэта даволі нядорага ў параўнаньні з стандартнымі мэтадамі вядзеньня класічнай вайны.

Восьмая характарыстыка інфармацыйнай вайны. Дзякуючы такой рысе інфармацыі, як яе пранікальнасьць, у асобе інфармацыйнай вайны, падобна, знойдзеная так званая “абсалютная зброя”, пра якую раней ня раз казалі фантасты. Гэтая зброя здольная выцэльваць самыя розныя мэты, дасягаць розных вынікаў. Дыяпазон узьдзеяньня гэтай зброі нічым не абмежаваны. Дэзінфармацыя танная, шырока даступная, яна пранікае праз дзяржаўныя і іншыя межы, не сустракаючы сур’ёзных перашкодаў.

Цяперашняя інфармацыйная вайна дасягнула нябачанага раней ўзроўню інтэнсіўнасьці. Гэта тлумачыцца як дасягненьнямі тэхнічнага прагрэсу ў вобласьці масавых камунікацый, тэлебачаньня, радыё, зьяўленьнем і разьвіцьцём сацыяльных сетак, так і наборам і інтэнсіўнасьцю ўжываемых мэтадаў інфармацыйнай вайны. С прычыны таго, што нам неабходныя нейкія прыклады для параўнаньня, цяперашнюю інфармацыйную вайну па ўзроўню інтэнсіўнасьці можна параўнаць, мабыць, толькі з кампаніямі супраць “ворагаў народу” у 1930-я гады, супраць “бязродных і касмапалітаў” на прыканцы 1940-х гадоў, супраць “лекараў-забойцаў” на пачатку 1950-х гадоў. Тыя нямногія грамадзяне, хто яшчэ памятае сталінскія прапагандысцкія кампаніі 1930-50-х гадоў, кажуць, што ўражаньне падобнае. Прынамсі, у апошнія дзесяцігоддзі існаваньня Савецкага Саюза нічога падобнага не назіралася. Можна меркаваць, што мы перажываем гістарычна адну з найбольш маштабных і найбольш інтэнсіўных кампаній у гісторыі інфармацыйных войнаў.

Эфэктыўнасьць інфармацыйнай вайны. Згодна вынікаў сацыялагічных апытаньняў у Расеі і ў некаторых іншых краінах, у сьвядомасьці людзей апошнім часам адбыліся і адбываюцца значныя падзеі, якіх мы ня бачылі і нават не чакалі яшчэ зусім нядаўна. Вірус імпэрскасьці, які прыснуў быў у расейскім грамадзтве, з дапамогай інфармацыйнай вайны быў абуджаны і адносна лёгка ахапіў значную частку расейскага насельніцтва. Прыкметныя зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці назіраюцца ня толькі ў Расеі, ня толькі ў многіх постсавецкіх краінах, але і ў Цэнтральнай і Заходняй Эўропе, у Паўночнай Амэрыцы, у іншых рэгіёнах краінах.

Яшчэ адзін важны элемэнт сёньняшняй інфармацыйнай вайны – гэта ўласьцівы ёй інтэнсіўна эмацыйны характар, які рэгулярна дасягае ўзроўню гістэрыі. Інфармацыйным агрэсарам гэта робіцца сьвядома і мэтанакіравана, бо гістэрыка – гэта самы эфэктыўны спосаб здушэньня працэсаў рацыянальнага мысьленьня той аўдыторыі, якая падзьвяргаецца інфармацыйнай атацы. Назіраецца рэзкае павелічэньне эмацыйна зараджанай і звычайна табуіраванай лексікі, у тым ліку такіх тэрмінаў, як “нацысты” і “фашысты”, ужываньне якіх у сучаснай цывілізаванай дыскусіі па-за гістарычным кантэкстам лічыцца, як правіла, не да месца.

Наступная рыса сучаснай інфармацыйнай агрэсіі, якая заслугоўвае ўвагі, — гэта ўзровень фальсіфікацыі інфармацыі. Цяперашняя інфармацыйная агрэсія не абмяжоўваецца скажэньнем інфармацыі і прадстаўленьнем рэальных фактаў у скажоным выглядзе. Зараз мы сутыкаемся з масавай вытворчасьцю “альтэрнатыўнай рэчаіснасьці”. Нават тыя людзі, хто памятае тое, што адбывалася ў сталінскія часы, сьцьвярджаюць, што цяперашнія маштабы распаўсюджваньня фальсіфікацый і сьвядомай хлусьні беспрэцэдэнтныя.

Падчас расейска-украінскай фазы гэтай вайны мы сталіся сьведкамі таго, як арганізацыі інфармацыйнага супраціву раскрылі спачатку “20 фактаў хлусьні пуцінскай прапаганды пра Украіну і расейска-украінскую вайну”. Потым гэты сьпіс пашырыўся да “40 фактаў хлусьні пуцінскай прапаганды”, да “60 фактаў пуцінскай прапаганды”, да “80 фактаў хлусьні пуцінскай прапаганды”, да “100 фактаў пуцінскай прапаганды”. Усе гэтыя “факты хлусьні” зьяўляліся прыкладамі вырабленых фальсіфікацый і фабрыкацый з выкарыстаньнем фота- і відэаматэр’ялаў. У прыватнасьці, для ілюстрацыі падзей расейска-украінскай вайны выкарыстоўваліся фота- і відэаматэр’ялы, зазьнятыя ў Чачэніі, Дагестане, Кабардзіна-Балкарыі, Сірыі, Югаславіі, а таксама ў самой Украіне ў іншы час. Гэтыя матэр’ялы былі апрацаваныя і забясьпечаныя тэкстамі такім чынам, нібыта яны прадстаўлялі факты, што мелі месца ў цяперашняй Украіне. Адзін толькі гэты прыклад паказвае, якія значныя чалавечыя, тэхналагічныя, творчыя, арганізацыйныя, фінансавыя рэсурсы падключаны да канвэернага працэсу вытворчасьці фальсіфікацый і фабрыкацый.

У гэтым працэсе асаблівую ролю адыгрываюць як новыя тэхналогіі, так і новыя спосабы распаўсюджваньня дэзінфармацыі праз сацыяльныя сеткі з дапамогай адмысловых “брыгадаў сецявых агентаў”.

Дзевятае. У чым заключаюцца мэты інфармацыйнай вайны? У так зв. “прамыўцы мазгоў” – у зьмене ўспрыняцьця людзьмі навакольнага асяроддзя. У тым, каб выклікаць у людзей водгук, у тым, каб як мінімум дамагчыся нэўтралітэту адной часткі насельніцтва, атрымаць эмацыйную і палітычную падтрымку другой, прыцягнуць яе да распаўсюджваемай ідэалогіі, спарадзіць і ўзмацніць лаяльнасьць да існуючага рэжыму. У тым, каб праводзіць пастаянную мабілізацыю сваіх прыхільнікаў і дэмабілізацыю праціўнікаў. У тым, каб выштурхнуць апанэнтаў і тых, хто здольны супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі, па-за межы інфармацыйнага поля бою.

Гэта, трэба адзначыць, асабліва важны момант, бо мэтады, якія выкарыстоўваюцца супраць звычайных людзей, бязьмежна цынічныя і часта вульгарныя. Многія звычайныя людзі, уцягнутыя ў дыскусіі на палітычныя тэмы, пад узьдзеяньнем жорсткай атакі, у тым ліку з масавым ужываньнем абсцэннай лексікі, не вытрымліваюць агрэсіі, грубасьці, хамства і пакідаюць поле інфармацыйнага бою. Вельмі мала хто з звычайных людзей спасобныя вытрымліваць асабістыя нападкі і не адступаць перад адкрытым хамствам. Многія зь іх проста не гатовыя да гэтага псіхалагічна і таму пасьля такіх нападак вымушаныя спыняць актыўны ўдзел у дыскусіях. Выцісканьне апанэнтаў і звычайных людзей з актыўнага ўдзелу ў інфармацыйнай прасторы зьяўляецца адной з важнейшых мэтаў інфармацыйнага агрэсара.

Яркі прыклад такой інфармацыйнай агрэсіі прадстаўляе гісторыя расейскай блогасфэры. Яе ландшафт радыкальна зьмяніўся за апошнія 15 гадоў. На прыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў расейская блогасфэра была месцам, дзе падтрымліваўся выключна высокі інтэлектуальны і культурны ўзровень дыскусіі, панавала цярпімасьць да іншых пунктаў гледжаньня, а бальшыня ўдзельнікаў дыялогу былі шчыра зацікаўленыя ў зьмястоўным дыялогу. Прыкладна ў 2003 г. банды інфармацыйнага агрэсара зьдзейсьнілі масіраванае ўварваньне ў блогасфэру, зьдзейсьнілі асабістыя нападкі, у тым ліку зь неабмежаваным ужываньнем абсцэннай лексікі, на многіх блогераў. У выніку ў частцы блогасфэры зьмястоўная дыскусія аказалася практычнай немагчымай, а дэбаты былі зьведзеныя да высьвятленьня асабістых адносінаў і ўзаемных абразаў. У выніку гэтай інтэрвэнцыі многія ўдзельнікі тых абмеркаваньняў пакінулі актыўную частку блогасфэры. Пасьля гэтага на працягу шэрагу гадоў у назіральніка магло скласьціся скажонае ўражаньне аб суадносінах сілаў паміж прадстаўнікамі розных пунктаў гледжаньня, аб тым, што палітызаваная частка расейскай публікі знаходзіцца на неверагодна нізкім узроўні інтэлектуальнага і культурнага разьвіцьця, а расейскае грамадзтва ў асноўным прыбягае да выключна прымітыўных і агрэсіўных спосабаў зносін. Спатрэбілася некалькі гадоў для таго, каб расейская блогасфэра паступова пачала выпрацоўваць захады супрацьдзеяньня інфармацыйнай агрэсіі. Але на некалькі гадоў інфармацыйны агрэсар атрымаў важкую перамогу.

Дзесятае. Цяперашняя інфармацыйная вайна прадстаўляе сабой адзін з найбольш сур’ёзных выклікаў сучаснаму свабоднаму грамадзтву. Чаму? Адным з важнейшых прынцыпаў свабоднага грамадзтва зьяўляецца свабода слова. Добра вядомыя словы, якія прыпісваюць Вальтэру: “Я не падзяляю вашых перакананьняў, але гатовы памерці за вашае права выказваць іх”.

Аднак у сытуацыі інфармацыйнай вайны літаральнае насьледваньне гэтаму прынцыпу можа азначаць, па-першае, самагубства – як віртуальнае, так і ў некаторых выпадках і наступнае рэальнае. Па-другое, яно можа аказаць грунтоўную дапамогу інфармацыйным тэрарыстам. Таму ў цяперашніх умовах патрабуецца карэктыроўка ў практычным ужываньні гэтага важнейшага прынцыпа свабоднага грамадзтва.

Тым асобам, супольнасьцям, якія ня могуць арганізаваць інфармацыйны супраціў інфармацыйнай агрэсіі, што вядзецца супраць іх, наканаваная параза. Мы бачылі, да якой грамадзкай, чалавечай, маральнай катастрофы давяла перамога інфармацыйнага агрэсара ў Расеі. Мы бачым, як падобнае адбываецца цяпер па-за межамі Расеі. Спачатку адбываецца параза ў інфармацыйнай вайне, потым – і на іншых франтах так званай Чацьвертай сусьветнай вайны.

Відавочна, неабходна ўнесьці карэкцыі ў гэты вядучы прынцып. Або хаця б распачаць абмеркаваньне таго, якім чынам можна захаваць гэты важнейшы прынцып свабоднага грамадзтва – свабоду слова, свабоду выказваньняў, свабоду распаўсюджваньня інфармацыі, адначасна не дапускаючы беспакаранага шкоднага распаўсюджваньня дэзінфармацыі, хлусьні, выразных фальсіфікацый.

Апошняе – гэта колькі словаў аб тым, як можа быць арганізаваны інфармацыйны супраціў, на якой аснове можа быць выпрацаваная стратэгія інфармацыйнай абароны.
1. Першае, што трэба зразумець: гэта ёсьць вайна. Гэта не жарт і не гульня. Гэта не прыемныя зносіны са знаёмымі ў сацыяльных сетках. Гэта сапраўдная вайна. І нават тым, хто ня хоча браць у ёй удзел, даводзіцца паводзіць сябе ў адпаведнасьці з законамі ваеннага часу: “Сёньня ты апынуўся на вайне”.
2. Другое. У бальшыні выпадкаў мы маем справу з інфармацыйнай агрэсіяй, створанай не журналістамі, а прафэсійнымі прапагандыстамі, інфармацыйнымі войскамі, інфармацыйным спэцназам.
Як паводзіць сябе на інфармацыйнай вайне?
Як паводзіць сябе ў адносінах да інфармацыйнага агрэсара?

3.Неабходная карэктыроўка ва ўжываньні прынцыпа свабоды слова. Давайце ўявім сябе на сэкунду, што зараз на двары не 2014-ты год, а 1944-ты, і мы знаходзімся не ў Эстоніі, а ў Вялікай Брытаніі. У той час Брытанія аказалася адным з двух-трох апошніх свабодных грамадзтваў у Эўропе. Практычна ўвесь кантынэнт знаходзіўся пад кантролем альбо краінаў восі альбо сталінскага СССР. Як вы думаеце, якой павінна была б быць рэакцыя ўладаў свабоднай Брытаніі, калі б група нямецкіх журналістаў, напрыклад, з “Voelkischer Beobachter”, пажадала б наведаць Брытанскія выспы? Скажам, яны захацелі б паглядзець Саўтгэмптан, Портсмут, Брайтан з тым, каб атрымаць інфармацыю аб сытуацыі на паўднёвым узьбярэжжы Вялікай Брытаніі і, натуральна, паведаміць у Берлін пра свае ўражаньні. Нягледзячы на прынцып неабмежаванага пошуку і распаўсюджваньня інфармацыі ў свабодным грамадзтве брытанцы, мабыць, такога не дапусьцілі б. Ва ўмовах вайны для ўжываньня нават базавага прынцыпа свабоднага грамадзтва зьяўляюцца межы. Такога кшталту межы зьяўляюцца і ў ходзе цяперашняй вайны. Мы павінны падумаць над тым, што павінна быць у гэтай сувязі зроблена ў цяперашняй сытуацыі. Яшчэ раз нагадаю: сёньня мы маем справу не з журналістамі, мы маем справу з спэцназам інфармацыйных войскаў.

4. Яшчэ адно сур’ёзнае і складанае пытаньне. Йдзецца аб адносінах да абароны людзей – патэнцыйных ахвяраў інфармацыйнай агрэсіі. Усе людзі розныя. Розьніца, зразумела, заключаецца ня ў розьніцы асноўных правоў і свабодаў чалавека, якія ў свабодным грамадзтве на роўным узроўне гарантуюцца ўсім. Розьнца палягае ў няроўнай псіхалагічнай і псіха-фізычнай здольнасьці розных людзей супраціўляцца інфармацыйным атакам, дэзінфармацыі, фальсіфікацыям. Дакладна так жа, як розныя людзі маюць розную фізычную сілу дзеля супраціву пабытовай агрэсіі.

Ёсьць людзі, якія могуць дастаткова эфэктыўна супраціўляцца інфармацыйным атакам. Зразумела, гэты фэномэн патрабуе больш сур’ёзнага дасьледваньня, але на прыкладзе Расеі мы можам сказаць, што, мабыць, каля 15% насельніцтва Расеі аказалася здольным больш ці менш устойліва супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі. Бальшыня грамадзян аказаліся да гэтага ня здольнымі.

І тады паўстае наступнае пытаньне. Калі, прыпусьцім, 15% людзей могуць самастойна абараняцца, што рабіць з тымі і для тых, хто ня можа сам супрацьстаяць хлусьні і фальсіфікацыі, хто лёгка становіцца ахвярай дэзінфармацыйных атак? Іх трэба абараняць? Або не? І калі абараняць, то як?

Адзін з самых простых і шырока распаўсюджаных спосабаў абароны, якімі карыстаюцца некаторыя расейскія грамадзяне – гэта максімальнае абмежаваньне свайго кантакта з крыніцамі дэзінфармацыі. Нямала расейцаў кажуць, што яны ня могуць глядзець расейскае тэлебачаньне і не глядзяць яго: “Не, расейскае тэлебачаньне я не гляджу”. Гэта сьвядомы выбар часткі грамадзян, які дазваляе ім зьвесьці шкоду ад інфармацыйнай агрэсіі да мінімума. Гэта натуральная рэакцыя неінфіцыраванага чалавека на крыніцу распаўсюджваньня інфекцыі – максімальнае абмежаваньне доступу да такой крыніцы. Іншымі словамі, гэта ёсьць арганізацыя каранціна – ці то калектыўнага, ці то індывідуальнага. Такога кшталту падыход традыцыйна выкарыстоўваецца ў выпадках пагрозы распаўсюджваньня асабліва небясьпечных інфекцый – чумы, халеры, у выпадку працы альбо кантактаў з таксічнымі ці радыёактыўнымі рэчывамі. Уласна, інфармацыйная вайна па свайму характару мала чым адрозьніваецца ад эпідэмій альбо бактэрыялагічнай вайны. Адрозьненьне заключаецца толькі ў тым, што бактэрыі і вірусы атручваюць цела чалавека, а дэзінфармацыя – ягоную сьвядомасьць, гэта зн. менавіта тое, што робіць чалавека чалавекам.

Тыя, хто здольны самастойна супраціўляцца дэзінфармацыі, можа і павінен аналізаваць інфармацыйныя атакі, зьявы інфармацыйнай вайны, адсочваць іх зьяўленьне і займацца іх зьнішчэньнем, утвараючы ўласныя матэр’ялы, якія раскрываюць дэзінфармацыю. Але як абараніць ад дэзінфармацыі, ад ператварэньня ў ахвяры інфармацыйнай агрэсіі тых, хто ня здольны самастойна ёй супраціўляцца?

5. Неабходныя контр-дэзінфармацыйныя (санітарна-эпідэміялагічныя) мерапрыемствы і контр-інфармацыйныя службы. У сакавіку сёлета ўкраінскаму кіраўніцтву раілі ўтварыць цэнтар па барацьбе з дэзінфармацыйнай агрэсіяй супраць Украіны, супраць антыўкраінскай прапаганды і дэзінфармацыі. Украінскія ўлады адмовіліся гэта зрабіць. Але гэтым пачалі займацца прыватныя арганізацыі, прадстаўнікі ўкраінскай грамадзянскай супольнасьці. Такія, напрыклад, як “Інфармацыйны супраціў”, Inforesist, StopFake, якія займаюцца аналізам крамлёўскай прапаганды і раскрыцьцём расейскай антыўкраінскай дэзінфармацыі. Гэтыя арганізацыі здолелі ідэнтыфікаваць сотні выпадкаў інфармацыйных дыверсій супраць Украіны і прадэманстраваць, як менавіта яны былі арганізаваныя. Тым ня менш ва ўмовах глабальнай інфармацыйнай вайны рэсурсаў толькі прыватнай ініцыятывы становіцца відавочна недастаткова.

6. Неабходна памятаць пра важнейшае “правіла вядзеньня інфармацыйнага бою”. Самае галоўнае – нельга здаваць інфармацыйную прастору інфармацыйным агрэсарам, інфармацыйным тэрарыстам.

7. І, нарэшце, самае апошняе. Як можна атрымаць стратэгічную перамогу ў інфармацыйнай вайне, што вядзецца супраць грамадзян Расеі, Украіны, іншых краін? Для гэтага трэба зрабіць шмат што. Але канчатковая перамога над інфармацыйным агрэсарам і інфармацыйнай агрэсіяй будзе атрыманая толькі тады, калі Расея станецца свабоднай і дэмакратычнай краінай.

Пераклаў з расейскай В. Буйвал.

Андрэй Іларыёнаў – расейскі аналітык, публіцыст.

Крыніца: http://www.kasparov.ru/material.php?id=5428303A0EBBD

7/10/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2014
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь