Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Украінска-бальшавіцкая вайна

Прадастаўляем вашай увазе фрагмэнт кнігі аўтарскага калектыва “Гісторыя ўкраінскага войска”, выдадзенай у 1936 г. і перавыдадзенай на эміграцыі ў Канадзе. Кніга дачакалася выданьня ў незалежнай Украіне ў 1992 годзе.

Фрагмэнт прысьвечаны пачатку ўкраінска-бальшавіцкай вайны, падзеям 1917 – пачатка 1918 года. Гэта была першая старонка драмы ўкраінскага змаганьня за вольную радзіму – Першая антыбальшавіцкая вайна, як яе называюць. Яна скончылася адступленьнем украінскіх частак і захопам Кіева бальшавіцка-маскоўскім ворагам. Але ўжо праз месяц украінская армія сабрала сілы і выбіла маскальскіх акупантаў з сваёй сталіцы. Змаганьне працягвалася. На працягу 1917-1920 гг. улада ў Кіеве памянялася 17 разоў (!), там пабылі і бальшавікі, і немцы і палякі. І толькі ў 1991 годзе ўкраінскі народ адрадзіў сваю дзяржаўную незалежнасьць. Як бачым, Масква не пакінула ў спакоі Ўкраіну і зноў спрабуе з дапамогай мясцовай агентуры падпарадкаваць і паняволіць вялікую нацыю. Але ўкраінцы супраціўляюцца маскве. Падзеі сьнежня 1917 г. разгортваліся ў тых жа месцах, на тых жа вуліцах і плошчах, што й падзеі сьнежня 2013 г.

Мірныя перамовы з цэнтральнымі дзяржавамі

Ад самага пачатку рэвалюцыі народныя масы, якія галоўным чынам несьлі на сваіх плячах ўвесь цяжар вайны, дамагаліся міру. Пасьля падзеньня Часовага Ўраду, калі бальшавіцкія агітатары ўрэшце дэмаралізавалі і расклалі расейскую армію, усім стала зразумелым, што вайну трэба неадкладна спыніць, бо без таго ваяваць не было магчымасьці. Немагчыма было ўжо наладзіць ні забесьпячэньне арміі, ні дысцыпліну ў ёй. Асабліва ж не было прычыны весьці далей вайну Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы, якую яна не распачынала.

Расейскі бальшавіцкі ўрад адразу стаў на шлях тэрміновага спыненьня вайны з цэнтральнымі дзяржавамі, і ўжо 10 лістапада 1917 г. заключыў перамір’е на фронце. Цэнтральная Рада доўга не наважвалася на заключэньне сэпаратнага міра. Яна мусіла б з-за гэтага пайсьці на разрыў з Антантай, якая ў той самы час пачала наладжваць адносіны з украінскай дзяржавай. Украінскі ўрад не прызнаў бальшавіцкага Савета Народных Камісараў як цэнтральны ўрад Расеі, але ж і сябе не лічыў уладай самастойнай дзяржавы, бо яшчэ намагаўся ўтварыць фэдэральны ўрад, які меў бы права заключыць мір. І бальшавікі таксама распачалі ў Берасьці мірныя перамовы з цэнтральнымі дзяржавамі. Украінскі ўрад, каб не дапусьціць замірэньня без удзелу ўкраінцаў, зьвярнуўся 22 сьнежня 1917 г. да дзяржаў, якія ваявалі між сабой, і да цэнтральных дзяржаў з нотай, у якой заклілалася спыніць вайну. Адначасова Генэральны Сакратарыят пастанавіў аб’яднаць румынскі і паўднёва-зах. франты ў адзін украінскі фронт, каб забясьпечыць сабе карысныя ўмовы міру і не дапусьціць бальшавікоў да перамоваў ад імя ўсяе Расеі і арміі.

У адказ на мірную ноту ўкраінскага ўраду прышоў 26 сьнежня тэлеграфічны адказ цэнтральных дзяржаў, дзе Нямеччына, Аўстрыя, Баўгарыя і Турцыя выказвалі гатоўнасьць “павітаць паўнаўладных прадстаўнікоў Украінскай Народнай Рэспублікі, якія б ўзялі ўдзел у мірных перамовах у Берасьці”.
У Берасьце выехала ўкраінская мірная дэлегацыя пад кіраўніцтвам генэр. сакратара гандлю і прамысловасьці В. Галубовіча. 9 студзеня 1918 г. адбылося ў поўным складзе паседжаньне мірнай канфэрэнцыі з прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі, Нямеччыны, Турцыі і Баўгарыі. Кіраўнік украінскай дэлегацыі прадставіў украінскія мірныя ўмовы і зазначыў, што з гэтага моманту Ўкраінская Народная Рэспубліка пачынае сваё міжнароднае існаваньне, якое яна страціла 250 гадоў таму.

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Троцкій заявіў, што расейская дэлегацыя прызнае ўкраінскую дэлегацыю як прадстаўніцтва сувэрэннай дзяржавы. Старшыня мірнай канфэрэнцыі граф Чарнін таксама заявіў ад імя дэлегацый чатырох хаўрусных дзяржаў, што ўкраінская дэлегацыя зьяўляецца сувэрэнным і ўпаўнаважаным прадстаўніцтвам сувэрэннай Украінскай Народнай Рэспублікі.

Такім чынам, украінская дзяржава выйшла на шлях міжнародных адносін. Заставалася толькі аформіць сувэрэннае існаваньне. Гэта было зроблена Цэнтральнай радай яе Чацьвёртым Унівэрсалам ад 22 студзеня 1918 г., якім абвяшчалася самастойная і сувэрэнная Ўкраінская Народная Рэспубліка.

Украінская дэлегацыя павяла перамовы хуткім тэмпам. Цэнтральным дзяржавам было важна, каб як мага хутчэй заключыць мір з Украінай, бо ў Нямеччыне і Аўстрыі харчовая справа пагаршалася з кожным днём ды й насельніцтва дамагалася хутчэйшага спыненьня вайны. А Ўкраіна яшчэ мела вялікія харчовыя запасы, якімі магла дапамагчы цэнтральным дзяржавам. Ды й новая сувэрэнная ўкраінская рэспубліка была вымушана хутчэй замірыцца, каб усе свае сілы зьвярнуць супраць маскоўскіх бальшавікоў, якія пагражалі існаваньню маладой украінскай дзяржавы.

Непазьбежнасьць і прычыны вайны з Саветамі

Узаемаадносіны Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і савецкай Маскоўшчыны былі ад самага пачатку непрыязнымі, з самых першых дзён існаваньня абедзьвюх дзяржаў. Цэнтральная Рада выступіла супраць бальшавіцкага пераварота ў Пецярбурзе. Яна лічыла, што ўлада ў расейскай рэспубліцы павінна належаць усім дэмакратычным групоўкам, а ня толькі адной бальшавіцкай партыі. Маскоўскія бальшавікі ва Ўкраіне распачалі дзеяньні супраць Цэнтральнай Рады. Яны відавочна зыходзілі з таго, каб усталяваць савецкую ўладу за плячыма ўкраінскага ўрада. Аднак бальшавіцкая партыя ня мела вялікага ўплыву на ўкраінскія народныя масы, і пасьля няўдалага паўстаньня ў Кіеве яна абмежавалася пакуль што агітацыяй за перавыбары Цэнтральнай Рады і за скліканьне Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якія павінны былі абвясьціць савецкую ўладу ва Ўкраіне.

Пагаршэньне адносінаў паміж Цэнтральнай Радай і бальшавіцкай партыяй ва Ўкраіне выклікала напружаньне і ў адносінах паміж украінскім урадам і Саветаім Народных Камісараў Маскоўшчыны. Савецкі ўрад разглядаў раззбраеньне бальшавіцкіх вайсковых частак у Кіеве як варожы чын супраць РСФСР, і Савет Народных Камісараў быў незадаволены яшчэ й тым, што Цэнтральная Рада не прызнала яго як усерасейскі ўрад ды яшчэ й абвясьціла нэўтралітэт у барацьбе Маскоўшчыны і Вобласьцю Данскога Войска і ў дадатак прапускала праз украінскую тэрыторыю данскія аддзелы з фронта на Доншчыну. Калі ўкраінскі ўрад даручыў камандваньню паўднёва-зах. і румынскага франтоў не выконваць загады бальшавіцкага галоўнакамандуючага Крыленкі і спыніў бескантрольны вываз хлеба з Украіны ў Маскоўшчыну – канфлікт з Саветам Народных Камісараў набыў надзвычай вострыя формы. Паміж украінскімі і бальшавіцкімі вайсковымі часткамі пачаліся тут і там сутычкі, а бальшавіцкае франтавое камандваньне меркавала заняць Кіеў і разагнаць Цэнтральную Раду.

З нагоды бальшавіцкай агітацыі супраць украінскага ўраду Ген. Сакратарыят абвясьціў 14 сьнежня адозву да грамадзтва Ўкраіны, у якой сярод іншага гаварылася, што Генэральны Сакратарыят не дазволіць нікому на тэрыторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі зьдзяйсьняць які-кольвечы ціск на рабочыя і іншыя арганізацыі і прыме ўсе захады, каб усе сацыяльныя рэформы такога вялікага значэньня, як зямельная і вайсковая, былі праведзены як мага шырэй, але арганізавана і без тых патрасеньняў, кровапраліцьця і анархіі, якія вызначалі тыя самыя рэформы на тэрыторыі Народных Камісараў.

“Любыя спробы парушыць той лад, які ствараецца ва Ўкраіне, Генэральны Сакратарыят будзе сілай падаўляць ў корані. Доказам гэтага ёсьць раззбраеньне вайсковых частак, зробленае ўноч з 12 на 13 сьнежня. Гэтыя часткі з анархістычных, недысцыплінаваных элемэнтаў, падбухтораныя нячэснай агітацыяй бальшавікоў, увесь час пагражавалі разгромам Кіева з гармат, якія яны мелі. Прыклад братазабойчай вайны ў Петраградзе ды й у самым Кіеве, пагрозы аддаць на разгром нявіннае насельніцтва Кіева прымусілі ўкраінскі ўрад адабраць у анархістычных частак зброю і выслаць іх па-за межы Ўкраінскай Народнай Рэспублікі”.

“Украінскае сялянства, найбольш прадстаўленае ў Цэнтральнай Радзе, найбольш да рэвалюцыі пакрыўджанае нацыянальна, сацыяльна і палітычна, не дапусьціць, каб яго адраджэньне скасавала агітацыя прышлых з поўначы Расеі анархічных элемэнтаў”.

Гэтая адозва яшчэ больш раздражніла бальшавіцкі ўрад. Так што не было спадзяваньня на мірнае залагоджваньне канфлікта, які скончыўся ўльтыматумам Савета Народных Камісараў на адрас Украінскай Цэнтральнай Рады.

Бальшавіцкі ўльтыматум

17 сьнежня 1917 г. Цэнтральная рада атрымала радыё-тэлеграфам ультыматум пецярбургскага Савета Народных Камісараў, у якім “праўда, Савет Народных Камісараў яшчэ раз пацьвярджае права на самавызначэньне за ўсімі нацыямі, якія былі прыгнечаны пад царызмам і расейскай буржуазіяй, ажно да права гэтых нацый аддзяліцца ад Расеі” і “прызнае Ўкраінскую Народную Рэспубліку, яе права цалкам аддзяліцца ад Расеі…”, “цяпер, без абмежаваньня і без умоваў”, але абвінавачвае Цэнтральную Раду ў тым, што “яна, прыкрываючыся нацыянальнымі фразамі, вядзе няпэўную буржуазную палітыку”, не прызнае яе “як прадстаўніка працоўных мас украінскай рэспублікі”! У гэтым ультыматуме бальшавікі закідвалі, што: “Цэнтральная Рада зрабіла дэзарганізацыю на фронце, адклікаючы і перасоўваючы ўкраінскія часткі, раззброіла савецкія войскі ва Ўкраіне і таксама што падтрымвае змову супраць савецкай улады, тым “стаючы на бок ганебнай здрады рэвалюцыі і, жадаючы дапамагаць найнебясьпечнейшым ворагам незалежнасьці народаў Расеі і савецкай улады – Цэнтральная Рада прымушае нас падаць ёй да ведама, што мы (Савет Нар. Камісараў) неадкладна абвесьцім ёй вайну”, калі яна на працягу 48 гадзін не дасьць задавальняючыя адказы на такія пытаньні:

1. Ці Цэнтральная Рада забавязваецца адрачыся ад спробаў дэзарганізацыі супольнага фронту?
2. Ці Рада забавязваецца без згоды вярхоўнага галоўнакамандуючага не прапускаць ніякія войскі, што ідуць у бок Дона і Ўрала?
3. Ці Рада забавязваецца даваць дапамогу савецкаму войску ў барацьбе з контррэвалюцыйным паўстаньнем Каледзіна?
4. Ці Рада забавязваецца спыніць любыя спробы раззбраеньня савецкага войска і чырвонай гвардыі ва Ўкраіне і ці неадкладна верне адабраную ў гэтага войска зброю?

Гэты ўльтыматум пазбаўляў Цэнтральную Раду права арганізоўваць уласную армію, прымушаў абвясьціць вайну казацкім краінам і дамагаўся вольнага знаходжаньня ва Ўкраіне маскоўскіх вайсковых частак. Генэральны Сакратарыят Украіны адказаў 20 сьнежня на бальшавіцкі ўльтыматум.

У гэтым адказе Генэральны Сакратарыят рашуча адкінуў намаганьні Народных Камісараў умешвацца ў жыцьцё і справы Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, сьцьвердзіў неабходнасьць раззброіваньня бальшавіцкіх аддзелаў ва Ўкраіне і даў да ведама, што ўкраінскі ўрад ня зьменіць сваёй датыхчасовай палітыкі, няхай бы й пад пагрозай вайны.

Паміж абодвух бакоў нейкі час яшчэ вяліся перамовы, аднак да паразуменьня не дайшло. Вайна паміж савецкай Маскоўшчынай і Ўкраінскай Народнай Рэспублікай ўсё ж распачалася, хаця бальшавіцкі ўрад фармальна вайну не абвясьціў. Маскоўскі Савет Народных Камісараў прызнаў урадам Украіны ўтвораны ім такзваны “Украінскі Савецкі Ўрад” у Харкаве, якому даў сваю армію для вайны з Цэнтральнай Радай. Бальшавікі пачалі заваёўваць Украіну знутры – з дапамогай новага “украінскага ўраду” і ягонага войска, насланага з Маскоўшчыны.

Пачатак вайны

Савецкі ўрад прызначыў галоўным правадыром маскоўска-бальшавіцкіх войскаў, што меліся апэрыраваць супраць Украіны з Дону, В. Антонава-Аўсеенку. Ён выпрацаваў апэратыўны план захопу Харкава, Палтавы і Екацерынаслава. На Кіеў меліся наступаць бальшавіцкія войскі з двух бакоў – з поўначы ад Гомеля на Чарнігаў і Бахмач і з Бранска на Канатоп і Варажбу, а з захаду збальшавізаванымі часткамі, што стаялі на такзваным украінскім фронце.

Галоўныя маскоўскія сілы былі сканцэнтраваныя на поўначы ў трохкутніку Гомель-Бахмач-Бранск. Падчас гэтага канцэнтраваньня рэгулярных бальшавіцкіх войскаў аддзелы чырвонай гвардыі, арганізаваныя ва ўкраінскіх гарадах з маскоўска-габрэйскага работніцтва, пачалі па ўсёй Украіне баі з малалікімі ўкраінскімі часткамі. Разьмяшчэньне маскоўскіх рэзэрваў ва Ўкраіне і маскоўскіх аддзелаў на паўднёва-заходнім фронце дапамагло перш за ўсё перамозе бальшавіцкага войска.

Першы наступ бальшавікі распачалі з захаду, маючы на мэце захоп Кіева. У Стараканстанцінаве, Роўне і ў Шапятоўцы дайшло да першых сутычак з украінцамі, якія ўрэшце раззброілі бальшавіцкія аддзелы. У раёне Казяцін-Здаўбунаў былі раззброеныя тры бальшавіцкія палкі. На Правабярэжжы ўкраінскім аддзелам спачатку ўдалося наогул ліквідаваць выступы збальшавізаваных жаўнерскіх бандаў. Галоўным чынам 1-шы Ўкраінскі Корпус з дапамогай Вольнага Казацтва ачысьціў Кіеўшчыну і Падольле ад маскоўскіх аддзелаў ІІ гвардэейскага корпуса і 8-й арміі, адабраў у іх зброю і выслаў іх у Маскоўшчыну.

Затое на Левабярэжжы параскіданыя ўкраінскія часткі, аточаныя ворагам з усіх бакоў, ня малі сілы стрымаць навалу добра арганізаваных і дысцыплінаваных палкоў маскоўскай рэгулярнай арміі.

25 сьнежня 1917 г. паўночная маскоўская армія пад камандваньнем Антонава-Аўсеенкі распачала агульны наступ. У склад гэтай арміі ўваходзілі чатыры армейскія групы – пад камандваньнем Ягорава, Бэрзіна, Кудзінскага і Мураўёва. Яны мелі сілу ў 30 тысячаў адборнага войска, набранага з былой гвардыі, матросаў і маскоўскага работніцтва; яно мела 60 гармат і 10 бранецягнікоў. Маскоўскія войскі без вялікіх намаганьняў займалі ўкраінскія гарады, дзе рабочыя чужынскія нацыянальныя арганізацыі ставалі са зброяй на іхны бок.

У такі вырашальны для ўкраінскай дзяржавы час украінскі ўрад, ня маючы дысцыплінаванага, гатовага на рашучы выступ войска, застаўся безабаронным. Украінскай арміі не было, існавалі толькі паасобныя аддзелы, малога колькаснага складу, якія самастойна вялі бой. Было зразумела, што супраць добра ўзброенай, апранутай і пад адзіным камандваньнем бальшавіцкай арміі немагчыма будзе ўтрымацца. Тыя шматлікія ўкраінскія палкі, якія нядаўна яшчэ заяўлялі пра сваю адданасьць Цэнтральнай Радзе, у крытычны момант паразьбягаліся, а то й перайшлі на бок ворага. У прынцыпе толькі ўкраінскія дабраахвотніцкія аддзелы ратавалі існаваньне ўкраінскай дзяржаўнасьці, зьберагаючы славу і гонар украінскай зброі.

На пачатку вайны ўкраінскі ўрад прызначаў камандуючымі супрацьбальшавіцкага фронта па чарзе падпалкоўніка Капкана, сотніка Шынкара і генэрала Кірэя, але ўсе яны ў такіх складаных умовах не дарасьлі да свайго заданьня. У дадатак яны ня мелі ў распараджэньні войска, каб утварыць абарончы фронт.

26 сьнежня маскоўскія войскі занялі без бою Харкаў з дапамогай мясцовай чырвонай гвардыі і 30-га запаснага палка. Тут бальшавікі раззброілі мясцовы ўкраінскі полк і забралі 18 браневікоў і шмат зброі. Пачаўся бой за чыгуначныя станцыі Лазову, Сінельнікава, Аляксандраўскае і Пяціхатку. У Александраўскім Гайдамацкі курэнь і Вольныя Казакі адбілі на пэўны час бальшавіцкі наступ. На прыканцы сьнежня Харкаў, Палтава і Чарнігаў ужо былі ў руках бальшавікоў. У Екацерынаславе мясцовыя бальшавікі паднялі паўстаньні. Пасьля двухдзённага зацятага бою з екацярынаслаўскім Гайдамацкім куранём, горад 9 студзеня захапілі аддзелы групы Ягорава, што прыбылі з Лазавой, а бальшавікі 15 студзеня занялі й Аляксандраўскае. 20 студзеня перадавыя часткі Ягорава разьбілі ў Канстанцінаўградзе ўкраінскі курэнь, і з гэтага дня аддзелы Ягорава злучыліся ў Палтаве з групай Мураўёва.

У той самы час маскоўскі “аддзел асобага прызначэньня” Знаменскага вёў наступ з боку Бранска, заняў пасьля невялікага бою 19 студзеня Міхайлаўскі Хутар і Глухаў, а 26 студзеня з падтрымкай мясцовых бальшавікоў – Кралявец і Канатоп.

Адначасова наступаюць і аддзелы групы Бэрзіна дзьвюма калёнамі – з Гомеля на Бахмач і праз Навазыбкаў і Ноўгарад-Сівэрскі на Канатоп.

Мураўёў сваёй групай заняў Рамадан і Лубні, а 27 студзеня пасьля бою з 1-ай Вайсковай Школай захапіў Бахмач.

У Бахмачы злучыліся ўсе маскоўскія армейскія групы і адсюль пачалі непасрэдны наступ на Кіеў пад камандваньнем Мураўёва.

Баі на подступах да Кіева. Круты

Пасьля першых посьпехаў бальшавіцкіх войскаў, калі катастрофа была непазьбежнай, а захоп ворагам Кіева быў пытаньнем колькіх дзён, украінскае камандаваньне высылае на фронт апошнія часткі на абарону сталіцы, якая апынулася пад пагрозай. На пачатку студзеня падаўся на фронт у накірунку Палтавы Гайдамацкі Кош Слабодзкай Украіны, у які ўступілі таксама й юнакі 2-й Вайсковай Школы. З Гайдамацкім Кошам была таксама 2-я сотня Січавых Стральцоў сотніка Сушкі. Усім аддзелам, які налічваў каля 600 ваяроў, кіраваў атаман С. Пятлюра. Гайдамацкі Кош змагаўся да канца студзеня з маскоўскай арміяй, што наступала ў раёне Палтава-Грэбінка.

8 студзеня вырушыла з Бахмача на Чарнігаўшчыне першая Вайсковая Школа ў складзе 600 юнакоў пад камандваньнем сотніка Д. Насенкі. Вайсковая Школа заняла ўчастак фронта Бахмач-Канатоп, абараняючы чыгуначны шлях з боку Гомеля. Да 25 студзеня Школа ўвесь час без перапынку знаходзілася на пазыцыях у баях з ворагам, што наступаў. Урэшце тры сотні Школы, пашкуматаныя, зьнявераныя і змардаваныя бесперапыннымі баямі, самавольна пакінулі фронт і адступілі на Кіеў. У Бахмачы заставалася толькі адна сотня з камандай Школы і два бранецягнікі.

Уначы 28 студзеня з Кіева на фронт паслалі апошнія аддзелы, якія мусілі ахвяраваць сабой ў абароне подступаў на сталіцу. Гэта былі юнакі згаданай Вайсковай Школы, якія толькі што прыбылі з фронта, а таксама Дапаможны Курэнь Січавых Стральцоў пад камандваньнем сотніка Амельчанкі, насьпех сфармаваны апошнімі днямі, зусім не навучаны і ўласна прызначаны да ахоўнай службы ў Кіеве. На золку 29 студзеня абодва аддзелы, што мелі разам каля 500 чалавек, даехалі да ст. Круты. У Крутах яны засталі парэшткі сотні юнакоў Школы, якая засталася бараніць Бахмач і маленькі аддзел Вольнага Казацтва, якія адступілі цяпер у Круты.

Каманда вырашыла бараніць гэты важны чыгуначны вузел, што быў ключом ад сталіцы. У выкапаных перад станцыяй акопах па абодвух баках чагуначнага шляху заляглі абаронцы – справа Вайсковая Школа, леваруч стральцы Студэнцкага Кураня. Раніцай 30 студзеня маскоўскія войскі пачалі наступаць, абстрэльваючы гарматным агнём лінію акопаў ад ст. Пліскі. У першай варожай лаве ішлі п’яныя матросы. Спачатку ўкраінскія аддзелы адбівалі варожыя наступы, але не засталося потым амуніцыі, кулямёты па чарзе змаўкалі і жменька герояў не змагла стрымаць штыкавую атаку шасьцітысячнай варожай фалангі. Матросы штыкамі выбілі юнакоў Школы на правым крыле, атачылі на левым Студэнцкі Курэнь, які яшчэ кінуўся ў апошнюю атаку. Частка кураня загінула разам з сваім камандзёрам сотнікам Амельчанкам, частку стральцоў, што патрапілі ў палон, бальшавікі пасьля дзікіх зьдзекаў расстралялі. Пазьней, пасьля вызваленьня Ўкраіны ад бальшавіцкай інвазіі, на круцянскім полі бою былі знойдзены некалькі дзесяткаў палеглых січавікоў Студэнцкага Кураня. Іх перавезьлі ў Кіеў і 19 сакавіка пахавалі за дзяржаўны кошт у брацкай магіле на Аскольдавых могілках. Бой пад Крутамі скончыўся перамогай маскалёў, якія атрымалі вольны доступ да Кіева.

Удзельнік бою пад Крутамі паручык М. Міхайлік апісвае хаду баявых падзей так: “Мяне бачныя былі тры чорныя густыя масы матросаў, што пайшлі ў наступ. Затарахцелі кулямёты, ружжы. Бачна было, як падалі на сьнег чорныя постаці матросаў, але яны падсоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй. У нас ужо было шмат параненых, і сотня адыходзіла ў акопы. Тут ужо былі разьмешчаны для бою ўсе нашы сілы і чакалі з напружаньнем рашаючага моманту. А ён ужо набліжаўся. Густыя шыхты шэрых і цёмных постацяў ішлі ў поўны рост. Наша змучаная сотня пайшла ў рэзэрвы за рампу. З акопаў затарахцелі сорак нашых кулямётаў і ружжы трох сотняў юнакоў і Студэнцкага Кураня. Падалі чорныя постаці, за імі ішлі новыя, зноў падалі, і зноў ішлі адны за аднымі чорныя і шэрыя шыхты. Нашы акопы, станцыю і цягнікі засыпалі варожыя снарады і кулі, але нашы моцна трымаліся. Пасылалі па патроны ў цягнікі за паўтары вярсты, выстрэльвалі іх і зноў пасылалі. Але грозныя зьвесткі: “няма патронаў”, “псуюцца кулямёты” – праляцелі па акопах, а тут чорныя постаці падняліся, крыкі “ура”, “слава”, і ўсё перамяшалася. Стралялі адзін у аднаго. Абліліся крывёй штыкі. У дзесяць разоў больш колькасныя ворагі – перамаглі. Пачалося хуткае, ужо неарганізаванае адступленьне да цягнікоў, а маскалі з крыкам “ура” кінуліся на станцыю, якую ахоўвалі 50 студэнтаў, пераважна з тых, што ня ўмелі страляць. Вечарэла, калі ваяры сабраліся каля цягнікоў. Два вагоны, прызначаныя для параненых, былі перапоўнены, ім адвялі трэці вагон. Сёстры і санітары насьпех перавязвалі параненых. Цягнікі рушылі пад агнём ворага”.

На абарону подступаў да Кіева застаўся толькі адзін Гайдамацкі Кош атамана Пятлюры. Частка Коша, пры якой быў Пятлюра, змагалася каля ст. Бобрык, у напрамку на Круты, а другая разам з сотняй Січавых Стральцоў стрымлівала бальшавіцкі наступ на ст. Кананіўка з боку Палтавы. Кош мусіў спыніць далейшыя баі, бо ў Кіеве пачалося паўстаньне, і Кош мусіў неадкладна вырушыць на дапамогу сталіцы.

Абарона Кіева

Перад самым наступам маскоўскай арміі Мураўёва ўначы з 28 на 29 студзеня ў Кіеве выбухнула бальшавіцкае паўстаньне супраць украінскай улады. У паўстаньні ўзяло ўдзел мясцовае работніцтва, што складалася пераважна з маскалёў і габрэяў. Украінскія сьведамыя рабочыя былі арганізаваныя ў аддзелах Вольнага Казацтва, што зацята змагалася з бальшавікамі.

На пачатку паўстаньня ў распараджэньні Цэнтральнай Рады былі ўкраінскія часткі. Усе гэтыя аддзелы мелі разам каля трох тысяч байцоў, 10 гармат і нейкіх 100 кулямётаў. Сілы бальшавіцкіх паўстанцаў у Кіеве налічвалі да васьмі тысячаў, прычым яны мелі маральную падтрымку ўсяго кіеўскага маскоўскага насельніцтва, незалежна ад палітычных перакананьняў.

Паўстаньне распачалося спачатку на Пячэрску, тут паўстанцы адразу ж захапілі кіеўскі арсэнал. Вольныя Казакі з Полуботкаўцамі і з трыма бронеаўтамабілямі, якім камандваў паручнік Баркоўскі, імкнуліся адбіць арсэнал. Але іх адкінулі зь вялікімі стратамі, а камандзёра браневікоў пар. Баркоўскага цяжка паранілі. Баі разгарэліся ва ўсім горадзе. Аддзелы паўстанцаў зьяўляліся паўсюль у горадзе і стралялі па ўкраінскіх ваярах. Невялікія ўкраінскія аддзелы, якіх перасоўвалі з месца на месца, не маглі апанаваць вялікай плошчы горада. Да таго ж распачаліся нязгоды ў камандаваньні, былі два камандных цэнтры, што кіравалі абаронай Кіева – штаб камэнданта Кіева атамана Кавенкі і штаб такзванага антыбальшавіцкага фронта сотніка Шынкара.

Паўстанцы мелі ўжо распрацаваны план баёў: атачыць і ліквідаваць Цэнтральную Раду як варожы ім урад. На другі дзень паўстаньня бальшавікі занялі таварную станцыю і пачалі наступ на Вялікавасількаўскую вуліцу і Крышчацік. Яны захапілі Падол, Стары Горад, дзе занялі паліцэйскі ўчастак і гатэль “Прага” і пачалі атачаць будынак Цэнтральнай Рады. Курэнь Січавых Стральцоў, што квартараваўся ў будынку духоўнай сэмінарыі, зацята бараніўся і адбіваў бальшавіцкія атакі з Падола. З-я сотня Січавых Стральцоў сотніка Чмолы, каб ня даць бальшавікам заняць будынак Цэнтральнай Рады, прабілася з духоўнай сэмінарыі праз варожае кальцо і штыкавой атакай адбіла старакіеўскі ўчастак і гатэль “Прага”.

Сотнік В. Кучабській з 1-й сотняй Січавых Стральцоў адбіў бальшавіцкія атакі з Падолу на будынак духоўнай сэмінарыі, сам перайшоў у контнаступ, штурмам заняў гару Шчакавіцу і ачысьціў Падол. Адначасова Вольныя Казакі з дапамогай аднаго бранеаўтамабіля распачалі наступ на Аляксандраўскай вуліцы. Паўстанцы мелі вялікія страты – якіх 150 забітых і больш за 300 параненых, але і з украінскага боку палегла 70 чалавек, а раненых было да 150.

На трэці дзень баёў у руках украінскага войска быў квартал паміж вуліцамі Вяліка-уладзімірскай, Фундукліеўскай, Пушкіна і Бібікаўскім бульварам, дзе была сядзіба Цэнтральнай Рады і Васйковага Сакратарыята, далей – квартал паміж вуліцамі Лютэранскай, Мэрынгоўскай, Інстытуцкай і Банкаўскай, дзе месьціліся розныя дзяржаўныя ўстановы і дзяржаўны банк, а таксама ішлі баі ў ваколіцы Львоўскай вуліцы, дзе месьціліся Січавыя Стральцы і былі казармы Багданаўскага палка, насупраць самога арсэнала.

Паўстанцы мелі арсэнал – галоўны іхны асяродак – чыгуначныя майстэрні Кіева І, прыстань на Дняпры і раён паміж Крутым Спускам і Сабачай Сьцежкай.

Самыя жорсткія баі ішлі на Сафійскай плошчы за будынак галоўнай пошты і паміж арсэнальцамі і абаронцамі дзяржаўнага банка, а таксама паміж арсэналам і Багданаўскім палком, які бараніўся ў сваіх казармах.

Абаронцы Кіева гераічна змагаліся з паўстанцамі, але пачуваліся няёмка ў чужым варожым горадзе. З усіх бакоў, з кожнага вакна і дахаў будынкаў стралялі па іх схаваныя ворагі. Акрамя таго, свае ўкраінскія “нэўтральныя” палкі спачувалі паўстанцам, дастаўлялі ім зброю і харчы, як напрыклад, полк імя Сагайдачнага, які дапамагаў арсэнальцам. Такіх украінскіх “нэўтральных” частак было тады ў Кіеве вельмі шмат, сваёй колькасьцю яны перабольшвалі абодва бакі, што ваявалі паміж сабой.

Уначы 2 лютага ў Кіеў прыбыў Гайдамацкі Кош атамана Пятлюры з сотняй Січавых Стральцоў. Ён зрабіў сябе шлях праз занятую ўжо паўстанцамі Слабодку, штыкавой атакай здабыў Мікалаеўскі мост і адразу ж ачысьціў ад бальшавіцкіх банд Пячорскае. У папярэдні дзень прышоў у Кіеў Гардзіенкаўскі полк пад камандваньнем палкоўніка В. Пятрова, які прабіўся з заходняга фронта.

На золку 4 лютага сумеснымі сіламі Гайдамацкага Коша, Гардзіенкаўскага палка і Вольнага Казацтва быў здабыты прыступам пад асабістым камандваньнем С. Пятлюры і палкоўніка Пятрова асяродак маскоўска-бальшавіцкіх паўстанцаў – кіеўскі арсэнал. У прыступе на арсэнал палягло 70 украінскіх казакоў, а больш за 300 бальшавікоў былі пераколаны штыкамі.

У той дзень украінскія аддзелы адбілі чыгуначную таварную станцыю, электрастанцыю і вадаправод. Здабываючы вадаправод, паляглі амаль усе маракі Чарнаморскага Кураня. Украінскія аддзелы паступова ліквідавалі паўстанцкія банды, баі спыняліся, а горад пасьля жахлівых вулічных баёў супакойваўся.

Аднак у той самы час ўжо падыходзіла з Левабярэжжа маскоўская армія Мураўёва. Аддзелы чырвонай гвардыі Прымакова перайшлі Дняпро і захапілі Падол. Іншыя маскоўскія аддзелы занялі масты на Дняпры і пачалі агульны наступ на Кіеў.

Украінскія войскі зацята бараніліся. Маскоўскія гарматы з-за Дняпра пяць дзён і начэй барабанным агнём бамбавалі Кіеў. Украінскі ўрад, каб не дапусьціць поўнага зьнішчэньня горада, загадаў распачаць эвакуацыю, якую правялі ўначы з 8 на 9 лютага.

У якіх умовах даводзілася трымаць фронт украінскім абаронцам Кіева на адным толькі ўчастку, мы даведаемся з апісаньня ўдзельніка: “Шыхты гайдамакаў ляжалі ў Царскім Садзе. Сад засыпалі снарады з-за Дняпра. Бальшавікі даходзілі да самага будынка Купецкага Сходу і тады ўсе мы з атаманам Пятлюрай выскаквалі і пераходзілі ў наступ. Раз наш наступ быў такі імклівы, што бальшавікі не пасьпелі ўскочыць на масты, што злучалі два сада, і там іх шмат перабілі. Увесь сад быў завалены трупамі. Гэтае таптаньне на месцы без хвіліны спакою ні ўдзень, ні ўначы страшна стаміла ўсіх, а атакі чырвоных рабіліся ўсё больш упартымі. Стомленыя ляжалі гайдамакі, адбіваючыся ад ворага, і ў наступ ужо не пераходзілі. Стома была настолькі вялікая, што нават гайдамакі захваляваліся: “Чаму не даюць дапамогі? Дакуль будзем так біцца?” Надыходзілі апошнія дні і апошні наш наступ. Атаман Пятлюра сабраў усіх нас і зьвярнуўся з прамовай: “Трэба напружыць усе сілы яшчэ раз!” То была шалёная атака – жорсткая і лютая. У той астатняй атацы было шмат забіта гайдамакаў. Не было ніводнага гайдамака, якога не зачапіла б куля. Гайдамакі ўжо не хадзілі, а лазілі па Саду ад стомы і ранаў, але ніводзін не хацеў адысьці ад сваіх. Усё гэта ўжо даўно перавысіла меру магчымасьцяў чалавека”.

9 лютага 1918 г. перадавыя аддзелы маскоўскай арміі ўвайшлі ў Кіеў. Заняўшы сталіцу, бальшавікі ўчынілі крывавы разгром, расстралялі тры тысячы жыхароў. Пераважна гінулі тыя, хто меў вайсковыя пасьведчаньні ад украінскай улады.

І. Крип’якевич, Б. Гнатевич З. Стефанів, О. Думін, С. Шрамченко. Історія украінського війська (від княжих часів до 20-х років ХХ ст.). Львів, 1936.

Пераклаў з украінскай В. Буйвал.

17/12/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2013
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024