Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

МЕНСКІ ГАРСАВЕТ У ПЭРЫЯД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ (1990-1991)

На першую сэсію Менгарсавета ХХІ скліканьня (1990 г.) дэпутаты ад Беларускага Народнага Фронту прыйшлі зь вялікімі спадзяваньнямі. Уздым нацыянальнага адраджэньня ў грамадзтве, начале якога стаяў Народны Фронт, надаваў нам шмат сілы і надзеі. Але мы (прадстаўнікі Фронту і ўтворанай дэпутацкай фракцыі Дэмакратычная плынь) адразу ж сутыкнуліся з спрактыкаванай у пытаньнях улады большай дэпутацкай часткай Гарсавета, у якую ўваходзіла камуністычная савецкая намэнклятура. У іх быў вопыт кіраваньня, маніпуляваньня людзьмі. Мы ж (дэпутаты Дэмплыні) былі яшчэ напачатку занадта даверлівыя і не заўсёды ўмелі прадбачыць намэнклятурнае крывадушша. Потым мы ўжо ведалі хто зь іх чаго варты.

Адрозьніваліся мы і ад дэпутатаў-фронтаўцаў Вярхоўнага Савета, куды ўдалося прайсьці невялікай колькасьці сапраўдных беларускіх інтэлектуалаў, узбагачаных ведамі сапраўднай (несфальшавнай) гісторыі і нашай культурнай спадчыны. Мы былі “маладзейшымі” (ня толькі па ўзросту), менш вопытнымі ў палітыцы, і галоўнае — у нас (прадстаўнікоў Фронту ў Гарсавеце) не было лідэра.

Мы арыентаваліся на іх, Апазыцыю БНФ Вярхоўнага Савета, натхняліся іхнымі ідэямі. Адзінства, якое, бясспрэчна, было паміж намі і “вярхоўнымі” дэпутатамі Фронту, — гэта любоў да Бацькаўшчыны і вера ў нашую сьветлую перамогу над панаваньнем камунізму. Іхныя ідэі мы, “малодшыя” фронтаўцы, успрымалі з захапленьнем.

За сьценамі Гарсавета жыцьцё віравала. Фронт! Над усім быў Фронт, з ідэямі Адраджэньня беларускай волі і беларускай дзяржаўнасьці. Там, у Фронце, былі лепшыя беларусы – гісторыкі, навукоўцы, мастакі, пісьменьнікі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, сьведамыя рабочыя. Ідэі незалежнасьці ішлі ад людзей адукаваных – сапраўднай нацыянальнай эліты, — якія добра ведалі беларускую гісторыю і разумелі, якім павінен быць наш беларускі шлях.
Для грамадзтва ж, ад якога сапраўдная гісторыя нашай Бацькаўшчыны 70 гадоў хавалася савецкай уладай, шмат што яшчэ толькі “раскрывалася”, было “навіной”, і таму яно слухала, “верыла — ня верыла” пачутаму пра магутную Беларускую дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае, — было ўражана, а часамі, пад уплывам камуністычнай прапаганды, паддавалася на іхную хлусьню.

Асаблівую атаку прышлося перажыць тады ўсім нам на беларускую нацыянальную сымволіку, бо зь яе ўсьведамленьня пачыналася адраджэньне беларускага гонару, беларускай душы і іншага (годнага) асэнсаваньня сябе ў сьвеце.

Усе газэты, тэлебачаньне (СМІ былі цалкам у руках камуністаў) наперабой казалі, пісалі пра “фашыстоўскія” сымвалы Фронта, маючы на ўвазе наш старажытны беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб “Пагоня”. Таму многія (у тым ліку і дэпутаты Менгарсавета) “сумняваліся” ў нашай праўдзе. Наперадзе была вялікая праца па іхнай асьвеце.
Але напачатку трэба было сфармаваць кіруючыя ворганы Гарсавета. З гэтага і пачалася нашая дэпутацкая дзейнасьць.

Яшчэ да першай сэсіі дэпутаты Гарсавета ўтварылі некалькі фракцыяў, адна зь іх — фракцыя “Дэмакратычная плынь”, на паседжаньнях якой абмяркоўвалі (рыхтавалі) парадак дня першай сэсіі, кандыдатуры на кіраўніцтва Гарсавета, кіраўнікоў дэпутацкіх камісіяў, зь якіх потым будзе складацца Прэзыдыюм (кіруючы ворган) сталічнай заканадаўчай улады.
У “Дэмплыні” Менгарсавета акрамя фронтаўцаў былі розныя дэпутаты, якія ў бальшыні сымпатызавалі новым ідэям Адраджэньня. Але паколькі сапраўдную гісторыю Беларусі бальшасьць дэпутатаў (як і грамадзтва ў цэлым) ня ведала, то далёка ня ўсё з нашай праўдзівай гісторыі ўспрымалі адразу.

Многія дэпутаты прыходзілі на паседжаньні фракцыяў, шукаючы “сваіх” і кідаючы, так бы мовіць, “пробны шар”, слухалі (што за ідэі тут кіруюць). Некаторыя заставаліся ў Дэмплыні. Хто зь іх шчыра, хто не – адразу ня скажаш. Некаторыя “плынаўцы” раскрыліся як антыадраджэнцы значна пазьней, калі на сэсіі вырашаліся прынцыповыя пытаньні.
А пакуль мы абмяркоўвалі кандыдатуры на пасаду Старшыні Менгарсавета ад Дэмплыні. Гэта былі Ігар Чарняўскі, Андрэй Цялькоўскі, Анатоль Гурыновіч.

Першым зьняў сваю кандыдатуру А. Цялькоўскі, узважыўшы ўсе будучыя цяжкасьці першага прадстаўніка ад дэмакратычнай часткі грамадзтва на пасадзе, фактычна, кіраўніка сталіцы. Усе спадзяваліся на Ігара Чарняўскага. У адрозьненьне ад А. Цялькоўскага, які ў грамадзкім жыцьці быў чалавекам невядомым, І. Чарняўскага на тыя часы ведалі як чалавека адраджэнскага гатунку. (Калі на Беларусі настане чорная ноч рэпрэсіўнага рэжыму, ён кардынальна пераменіцца і пахіліцца да антыбеларускай улады). Але ў пачатку ўздыму грамадзкага жыцьця 90-х ён быў “сваім”.
Было відаць, што Ігару прыемна чуць добрыя меркаваньні сяброў Дэмплыні ў свой бок. Таму некалькі дзён ён вагаўся, але, відаць, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, кандыдаваць на пасаду старшыні Гарсавета адмовіўся, пагадзіўшыся быць кандыдатам у Прэзыдыюм ад Дэмплыні.

У выніку ўсіх абмеркаваньняў кандыдатам ад Дэмплыні на старшыню Гарсавета застаўся Анатоль Гурыновіч. Але правесьці яго кандыдатуру на першую пасаду не атрымалася, паколькі камуністаў і намэнклятуры было ўсё ж болей. Старшынёй Менгарсавета абралі Аляксандра Міхайлавіча Герасіменку. Анатоль Гурыновіч стаўся ягоным першым намесьнікам.

Пасьля вялікіх спрэчак абралі Прэзыдыюм. Акрамя Старшыні і намесьніка, у яго склад увайшлі 18 сяброў: 10 — ад камуністычнай большасьці і 8 — ад Дэмплыні: Вольга Кузьміч, Ігар Чарняўскі, Міраслаў Кобаса, Міхаіл Пліска, Міхаіл Фрыдлянд, Тадэвуш Чылек, Мікалай Тарчэўскі і Ўладзімер Кавызін.

З такім раскладам сілаў мы вымушаныя былі пагадзіцца, бо нас было меней, чым камуністаў. А каб ніхто нікога не падманіў, вырашылі, што рашэньне аб складзе Прэзыдыюма пасьля індывідуальнага галасаваньня па кожнаму кандыдату павінна будзе прымацца “цалкам”, і рашэньне будзе прынята толькі ў тым выпадку, калі галасаваньне пройдуць усе кандыдаты ад абодвух бакоў. Таму кожны павінен быў галасаваць за “сваіх” і “чужых” узгодненых на сэсіі дэпутатаў.

Галасаваньне прайшло. У цэлым пры такім раскладзе сілаў мы былі задаволеныя: у нас жа амаль палова галасоў Прэзыдыюма, і гэта наша “амаль палова” – старшыні дэпутацкіх камісіяў Менгарсавета. Можна рабіць адраджэнцкую справу, рыхтаваць на сэсію адпаведныя пытаньні, ставіць іх на абмеркаваньне і прымаць рашэньні.

Але пазьней, калі я праглядала вынікі некалькіх паіменных галасаваньняў, то была вельмі ўражана, убачыўшы, што некаторыя нашы “дэмплынаўскія” сябры прэзыдыюма прагаласавалі як камуністы, намэнклятура і начальства. Выходзіла, што камуністы вельмі лоўка нас абдурылі, ўвёўшы ў нашую фракцыю “сваіх” (ці, можа, потым знайшлі на іх “рычагі” ўзьдзеяньня). Гэта былі, прынамсі, трое: Тадэвуш Чылек — старшыня камісіі па спажывецкаму рынку (пазьней – загадчык аддзела па абароне правоў спажыўцоў Камітэту рэгуляваньня спажывецкага рынку, тавараў і паслуг Менгарвыканкама), Мікалай Тарчэўскі – старшыня мандатнай камісіі і Уладзімер Кавызін – старшыня камісіі па ахове здароўя насельніцтва, пазьней – кіраўнік прэс-цэнтру Менгарсавета, ўжо пажылы чалавек. (Дарэчы, незадоўга перад сваім адыходам у лепшы сьвет (гэта было, калі не памыляюся, у 1994-м г.) спадар Уладзімер Кавызін перажываў моцную дэпрэсію, па невядомай мне прычыне яго вельмі моцна мучыла сумленьне. Ён пачаў ужываць алькаголь, жаліўся, што яму вельмі дрэнна, прасіў дапамагчы, але ў чым справа, што яго мучыць — не казаў. Аднаго разу ён патэлефанаваў мне — хацеў пагаварыць: “Галіна, мне вельмі цяжка, я ня бачу сэнсу жыцьця. Як мне жыць? Што рабіць? Я не знаходжу сабе месца ў гэтым жыцьці”. Але прычыны свайго стану, сваіх перажываньняў не адкрываў, на пытаньні “што зь ім” адказваў абстрактна. Па-чалавечы я разумела яго і спачувала, як магла, але “здагадацца” пра прычыну такога стану было немагчыма. І як тут можна было дапамагчы?)

На той час мы яшчэ ня ведалі ўсяго і віншавалі адзін аднаго, бо ўпершыню за 70 гадоў існаваньня БССР “амаль палова” Прэзыдыюма Менгарсавета, на нашую думку, прадстаўляла дэмакратычную частку грамадзтва.

Пачалася праца дэпутатаў у камісіях. Першыя гады нашай кадэнцыі многія дэпутаты працавалі актыўна і зацікаўлена. Мяне захапіў вір працы ў камісіях па адукацыі і культуры. Камісію па выхаваньні і адукацыі ўзначаліла заслужаная настаўніца Беларусі Вольга Кузьміч, якая ўсе гады аддана працавала ў галіне адчыненьня беларускіх школ і дашкольных навучальных установаў Менска, дзе беларускіх школ на пачатак 90-х амаль не было. Да 1994 году ў Менску абсалютная большасьць школ набылі статус беларускамоўных. Вольга Кузьміч выдатна разумела, што Беларусь і беларусы ў сьвеце пачынаюцца з нашай мовы, з беларускай школы, з нашай культуры і нашых традыцыяў.

У такім жа адраджэнцкім накірунку пачала сваю працу і Камісія па культуры, ахове і адраджэньні гістарычна-культурнай спадчыны, якую ўзначаліў Ігар Чарняўскі. Гэтая камісія, як ніякая іншая, складалася з фронтаўцаў і адраджэнцаў, прынамсі напачатку. На сваіх паседжаньнях мы абмяркоўвалі шмат пытаньняў, якія тычыліся нашай культуры і адраджэньня, але напачатку адным з першасных было – нашая нацыянальная сымволіка, пытаньне, якое з канца 80-х паставіў Народны Фронт і якое найбольш выклікала шалёны супраціў з боку існуючай камуністычнай улады. Сярод мора хлусьні і паклёпу змагацца за сьцяг і “Пагоню” было ня проста, таму рыхтавалі яго ў Гарсавеце мы даволі доўга.

Асноўную працу рабіў, безумоўна, Фронт, які (пачынаючы з 1988 года) правёў незьлічоную колькасьць шматлюдных мітынгаў, лекцыяў, распаўсюджваў дзясяткі тысячаў лістовак, “незарэгістраваных” газэтаў з артыкуламі пра наш Сьцяг і “Пагоню”. Паралельна з гэтай аргомністай працай авангарда беларускага грамадзтва і яго прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце – пачалі працаваць і мы ў Гарсавеце.

Пытаньні на сэсію Менгарсавета ўносіў Прэзыдыюм, менавіта Прэзыдыюм сваім галасаваньнем першы павінен быў прыняць іх (пытаньні) на сваіх паседжаньнях. Рыхтавалі ж пытаньні камісіі. Камісія па культуры і прапанавала пытаньне па сымволіцы.

У працу нашай Камісіі па культуры па падрыхтоўцы гэтага пытаньня на сэсію актыўна ўключыўся Анатоль Гурыновіч. (Трэба сказаць, што асоба А. Гурыновіча была неадназначная, я пра гэта ўжо пісала ў кнізе “Беларусь у сэрцы”, але што тычыцца сымволікі і перайменаваньня вуліцаў — тут мы заўсёды адчувалі ягоную падтрымку і зацікаўленасьць.)
Паседжаньні Прэзыдыюма па падрыхтоўцы сэсіі, на якой мы павінны былі абмеркаваць нашу сымволіку, праводзіў у асноўным ён, і дапамагаў, як мог, прадстаўляў жа прапанову Камісіі па культуры па сымволіцы яе старшыня І. Чарняўскі.
Я заўсёды прысутнічала на гэтых паседжаньнях Прэзыдыюма (як дэпутат, але без права голасу) і добра памятаю, што кожны раз абмеркаваньне было вельмі цяжкім. Некаторыя сябры Прэзыдыюма і слухаць не хацелі пра гістарычны сьцяг і гэрб, былі ў гэтым абмеркаваньні вельмі актыўныя і агрэсыўныя. Але Анатоль Гурыновіч з паседжаньня ў паседжаньне зноў і зноў даваў слова І. Чарняўскаму, які (згодна рэгляманту) прадстаўляў новых выступоўцаў-“асьветнікаў” для цёмнай масы Прэзыдыюма. Гэта былі вядомы гісторык — прафэсар Міхась Ткачоў, і навуковец (гісторык і геральдыст) Анатоль Цітоў. Аргумэнтавана выступалі некаторыя сябры Прэзыдыюма, дадаваў свае трапныя меркаваньні і А. Гурыновіч.

Пасьля некалькіх паседжаньняў стала зразумела, што бальшыні ў Прэзыдыюме мы не набярэм, бо некаторых дэпутатаў камуністычнай бальшыні пераканаць было немагчыма ні пры якіх умовах. (Напрыклад, у сяброў Прэзыдыюма А. Астахава, В. Мікуліча, В. Андрыянавай і А. Мазго наша гістарычная спадчына, наш нацыянальны гонар, увасоблены ў Бел-Чырвона-Белым Сьцягу і гэрбе “Пагоня”, выклікалі вострую нянавісьць. Напрацягу ўсіх гадоў нашай працы ў Гарсавеце гэтыя дэпутаты паводзілі сябе асабліва варожа да ўсяго беларускага.)
Самае большае, што ўдалося за пяць ці шэсьць паседжаньняў, — набраць 7 галасоў Прэзыдыюма па гэтым пытаньні. Чарговае паседжаньне нічога ўжо не вырашала: галасаваньне заставалася нязьменным, якія б аргуманты ні прыводзіліся і якія б аўтарытэты ім пра гэта ні казалі. Нашыя праціўнікі ці крыва ўсьміхалася (маўляў, я сумняваюся), ці сарамліва адводзілі вочы, ці катэгарычна заяўлялі сваё “супраць”. Каб унесьці пытаньне пра сымволіку на сэсію патрэбна была большасьць – 10 галасоў.

На паседжаньні нашай камісіі мы вырашылі не здавацца і актыўна працаваць на ніве адукацыі дэпутатаў гарсавета. Тут рупіліся ўсе, стараліся як мага болей дэпутатаў “прасьвяціць”, растлумачыць, прыцягнуць на свой бок.

3 верасьня 1991 г. пачалася нечарговая 5-я сэсія Менгарсавета. Ужо адбылася “сэсія Незалежнасьці” Вярхоўнага Савета” (24-25 жніўня), на якой была аб’яўлена незалежнасьць нашай краіны і спынена дзейнасьць КПСС. (У гарачыя жнівеньскія дні сабраць сэсію Гарсавета па патрабаваньні фронтаўцаў, каб даць палітычную ацэнку маскоўскаму путчу, не ўдалося. Большасьць дэпутатаў-камуністаў на яе не зьявілася (зразумела, чаму), і мы вымушаныя былі абмежавацца рашэньнем сходу дэпутатаў, які асуджаў камуністычны путч ў Маскве.)
Сэсія Гарсавета 3 верасьня прымае рашэньне “забясьпечыць рэалізацыю пастановаў Вярхоўнага Савета” ад 25 жніўня аб прыпыненьні дзейнасьці КПСС на тэрыторыі Беларусі, аб дэпартызацыі ворганаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў і аб маёмасьці КПСС і ЛКСМБ. Дзеля гэтага свараецца дэпутацкая Камісія па кантролю за захаваньнем і выкарыстаньні маёмасьці КПСС. Прэзыдыюм уносіць прапанову па яе складу, які быў добра прадуманы нашымі праціўнікамі. Абсалютную большасьць камісіі складалі дэпутаты з лягеру камуністаў (ня толькі яўных, але і пакуль не раскрытых, якія ўдавалі сябе за дэмакратаў). З адкрытых фронтаўцаў на той момант быў уведзены толькі І. Чарняўскі (пра канфармісцкія схільнасьці якога мы тады і не здагадваліся).

Адказнасьць за захаваньне маёмасьці КПСС і ЛКСМБ была ўскладзена на намесьнікаў старшыні Гарвыканкама В. Ярмошына і Н. Нікіценку, за якіх мы ж, як нам было прапанавана, і галасавалі: хто “за”, хто “супраць”. І толькі пазьней нам стала відавочна, што аднаго галасаваньня мала, трэба было весьці мэтанакіраваную фракцыйную працу, сумесна аналізаваць сытуацыю і выпрацоўваць агульную тактыку, рыхтаваць свае, альтэрнатыўныя праекты рашэньняў, свае кандыдатуры. Бяз гэтага нічога дамагчыся ў палітыцы немагчыма. Мы ж дамаўляліся аб сумесных дзеяньнях толькі ў камісіях (гэта некалькі чалавек), калі “ішло” нашае пытаньне. Нашы ж апанэнты, наадварот, прадугледжвалі ўсё наперад, і, як выглядае, яны ўсе агулам згаварываліся заранёў.

Гарсавет прыняў рашэньне: “выканкаму гарсавета прадставіць у камісію пералік маёмасьці КПБ-КПСС, якая знаходзіцца на тэрыторыі Менска, і прапановы па яе выкарыстаньні”. Далей усім займалася камісія. Галоўнае рашэньне — пра справаздачу абранай Камісіі перад сэсіяй у канкрэтны тэрмін – прынятае не было.
Я ў тую Камісію не ўвайшла, і зараз пра яе дзейнасьць магу меркаваць толькі па выніках працы гэтай камісіі. А вынікі былі такія: усё вырашалася ціха, зьвесткі пра маёмасьць КПСС ніхто не афішаваў, а камуністы сябе не пакрыўдзілі, бо на справе яны па-ранейшаму заставаліся пры ўладзе.

Па патрабаваньні фронтаўцаў і Дэмплыні сэсія прымае рашэньне даручыць камісіі па культуры (але сумесна з Гарвыканкамам – А. Сасноўскі і П. Нікіценка) “уносіць на зацьвярджэньне выканкама гарсавета прапановы па перайменаваньню вуліц, плошчаў і выкарыстаньні помнікаў манумэнтальнай прапаганды ў Менску”. (Фармулёўка рашэньня “ніякая”, але дэмплынаўцы таго на той час не заўважалі і меркавалі, што нешта істотна зьменіцца.)
Тым часам на гэтай жа сэсіі адбылося, здавалася б, немагчымае: пытаньне па сымволіцы большасьцю галасоў дэпутатаў было прынятае ў парадак дня сэсіі. Можна сказаць, так прагаласаваў час, і дапамагло нам рашэньне Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета “аб уключэньні ў парадак дня чарговай сэсіі (ВС) пытаньня “Аб назве, дзяржаўным гэрбе і дзяржаўным сьцягу Беларускай ССР”.

Але перад гэтым нас чакала цяжкая дыскусія-абмеркаваньне. Тут, безумоўна, стараліся многія. Добра аргумэнтавана выступіў І. Чарняўскі. Ён ня ставіў пытаньне аб зьмене сымволікі — гэта кампетэнцыя Вярхоўнага Савета (дзе вялася свая вялікая барацьба за Беларускі сьцяг і Пагоню), — а казаў пра выкарыстаньне Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба “Пагоня” разам з дзяржаўнай сымволікай БССР у горадзе Менску. І гэта была ўжо нашая кампетэнцыя.

У перапынку я падыйшла да Анатоля Гурыновіча: “Анатоль, мне здаецца, усё магчыма, я веру ў гэта. І калі мы прымем сёньня Сьцяг, дык трэба ж яго падрыхтаваць, каб адразу ўсталяваць у зале!”
– Не хвалюйся, — кажа мне Анатоль, з прыемнасьцю паціраючы рукі, — усё ўжо падрыхтавана, толькі каб быў старт.

З хваляваньнем успамінаю тыя апошнія выступы, у якіх мы стараліся прыводзіць цікавыя факты з гісторыі, калі наш сьцяг надаваў сілы ў перамозе над ворагамі і беларускае войска перамагала колькасна значна большую варожую арду. Высакародныя эмоцыі, гістарычныя факты, зворот да лепшых момантаў нашай гісторыі, усхваляваныя словы нашых гістарычных постацяў, — усё гэта віравала ў залі нашага паседжаньня, напаўняла яе патрыятызмам, любовяй да Бацькаўшчыны і да нашых продкаў. Усё ішло на такой узьнёслай хвалі, што, здавалася, яна, гэтая хваля патрыятызму, існуе сама па сабе і бярэ ў палон.

Пайшло галасаваньне. Секунды стукалі ў скронях. Калі шчасьліва засьвяцілася табло, нашыя “паўпрыхільнікі” радаваліся за нас, за тое, што бачаць такіх шчасьлівых людзей. “Ну, вось, віншуем вас!” – усьміхаліся яны нам.
– І мы вас віншуем, — радасна адказвалі мы.

А. Гурыновіч сьвяціўся. Выразна памятаю, як ён ужо трымае Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і ўсталёўвае яго ў Прэзыдыюме залі Гарсавета.
– А на будынак?! – пытаю я ў яго праз імгненьне.

Анатоль дабразычліва глядзіць мне ў вочы, як бы кажучы: “Хоць ты і нецярплівая, але і мы “ня лыкам шытыя”. Можаш выйсьці на вуліцу і паглядзець.” І ягоны твар асьвяціўся доўгай задаволенай усьмешкай.
Я выйшла на вуліцу. Над Гарсаваетам і Гарвыканкамам разьвіваўся Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, які апэратыўна ўсталявалі фронтаўскія дэпутаты. Гэта было 5-га верасьня 1991 года, за два тыдні да прыняцьця беларускіх нацыянальных сымвалаў у якасьці дзяржаўных на Сэсіі Вярхоўнага Савета (19-га верасьня).

Успамінаючы тыя гады сёньня, маючы лепшы досьвед, разумееш: шмат што можна было б зрабіць інакш, прынцыпова лепей. Гэта быў наш першы вопыт. Мы добра працавалі ў камісіях, але ўпускалі часта з-пад увагі галоўныя “лейцы” – сэсію. Праекты важных рашэньняў сэсііі нам трэба было рыхтаваць паралельна з афіцыйнымі (так, як рабілі дэпутаты-фронтаўцы ў Вярхоўным Савеце). Мы ж засяроджваліся ў асноўным на камісіях. Шкода. У выніку – рабілі шмат, але не ўсё рэалізавалі.
І ўсё ж, чым можна ганарыцца нам, дэпутатам таго, 21-га скліканьня, дык гэта таксама і тым, што змаглі пазбавіцца ад камуністычных імёнаў галоўнай плошчы Менска і галоўнага праспэкта ды некаторых вуліц, вярнулі старажытны магдэбургскі (1591 г.) гэрб Менска і ўсталявалі яго ў залі Гарсавета; рашэньнем сэсіі Менгарсавета зьвярнуліся да Вярхоўнага Савета аб адмене рашэньня ВС БССР (1939 г.), калі г. Менск быў перайменаваны ў Мінск. Потым было прынята таксама рашэньне аб дэмантажы помніка Леніну і рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці.

Гэтаксама мы дамагліся тады, каб сэсія выказала недавер сябрам Прэзыдыюма Астахаву А. С. І Мікулічу В. В. за іхную падтрымку ГКЧП (гэта істотна было з маральна-палітычных меркаваньняў).
* * *
З таго часу прайшоў ўжо 21 год. Па-рознаму склаўся лёс нашых дэпутатаў ад Дэмакратычнай плыні (як і дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце). Нехта зь іх (як Ігар Чарняўскі), фактычна, адкрыта знайшоў сябе ў сфэры рэжыму і працуе, забываючыся пра усё, за што мы так моцна змагаліся раней; нехта перайшоў працаваць у “рэжым” ціхенька і як агню, баіцца ўспамінаць, што калісьці быў у Фронце і рупіўся на ніве Адраджэньня, гатовы адмовіцца нават ад таго “адзінкавага” добрага, што было зроблена асабіста; нехта прадаўжае ахвярна жыць для Беларусі, нехта ўвогуле зьнік з поля зроку, некатрыя адыйшлі ў лепшы сьвет. І многае, што было ў тыя змагарныя часы, пачало забывацца грамадзкасьцю. Маладыя, народжаныя пасьля, і вымушаныя сёньня спажываць рэжымную хлусьню, могуць, аднак, даведацца праўду ад сьведкаў і ўдзельнікаў тых вялікіх падзеяў.

Тое таксама, аднак, часам пачалі выкарыстоўваць людзі несумленныя, якім захацелася бяз усялякіх на тое заслугаў “трапіць ў гісторыю”, і тыя, хто ня ведае пра падзеі сам (бо ў 90-я гады, магчыма, яшчэ толькі хадзіў у школу ці садок) і піша, што “скажуць” ці што прыдзе ў галаву.
У год 20-годдзя дасягненьня Незалежнасьці нашай краіны давялося мне паглядзець у Інтэрнэце канфэрэнцыю С. Шушкевіча і М. Грыба, дзе яны бессаромна сцьвярджалі, што гэта яны здабылі незалежнасьць, на справе ня ўклаўшы ў гэтае вялікае змаганьне ня толькі нічога станоўчага, але і наадварот, усяляк перашкаджаючы Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, якая змагалася ў Авальнай залі з камуністычнай цемрай і варожасьцю за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса Канстытуцыйнеага закону.

На шчасьце, у 2011 годзе стараньнямі Зянона Пазьняка выйшла кніга “Сэсія незалежнасьці”, у якой апублікавана стэнаграма гэтай знакамітай сэсіі, зь якой відаць усё: і як хто змагаўся, і як хто выступаў-галасаваў, і як хто перашкаджаў нашым адважным змагарам за незалежнасьць. Дык вось, 24 жніўня 1991 года, калі пачалася нечарговая сэсія (“Сэсія Незалежнасьці”), абмяркоўвалі яе парадак дня. Дэпутат Валянцін Голубеў, выступаючы ад Апазыцыі БНФ, патрабуе ўвесьці ў парадак дня сэсіі пытаньне аб Беларускай незалежнасьці і зьвяртаецца да С. Шушкевіча: “Паважаны дэпутат Шушкевіч! Дзе дзелася пытаньне аб наданьні статуса канстытуцыйнага закона Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце? Што, мы зноў уцяклі, зноў баімся сказаць, што мы беларусы, і Вярхоўны Савет Беларусі павінен ахоўваць сваю рэспубліку?..”
Цытую адказ спадара Шушкевіча В. Голубеву: “Шаноўны Валянцін Фёдларавіч! Вы мяне прабачце, я рэдка ўжываю слова “нонсенс”, а часьцей ужываю беларускае слова бязглузьдзіца. Дык вы, прабачце, на грані бязглузьдзіцы. Наданьне Канстытуцыйнага статуса Дэклярацыі БССР – гэта пярэчыць самой Дэклярацыі.” І г. д., і г. д.
Дзякуючы афіцыйнай стэнаграме, увесь “гераізм” такіх “змагароў”, як кажуць, на далоні. Тут ужо не адвярцецца перад рэальнасьцю і не схаваць праўду ад новых пакаленьняў беларусаў. (Як аказалася, чытаць “сухую” стэнаграму сэсіі ВС надзвычай цікава, бо як бы пераносішся ў тыя часы, перажываеш, і нават, ведаючы, як усё скончыцца, ня можаш паверыць, што Апазыцыя БНФ пераможа – такі моцны супраціў ішоў ад вядучага сэсіі С. Шушкевіча і камуністычнай большасьці.
(Хто хоча ведаць сапраўдную гісторыю змаганьня і здабыцьця незалежнасьці, вельмі раю пачытаць стэнаграму гэтай сэсіі (Зянон Пазьняк. Сэсія Незалежнасьці. – Варшава, Нью-Ёрк, Вільня, 2011 г.). Моцна ўражвае, як напачатку камуністы супраціўляюцца і баяцца, каб Беларусь ня стала незалежнай дзяржавай і ня выйшла з-пад кантролю Масквы, а потым усе здаліся пад націскам абставін і дэпутатаў Фронта. Але яшчэ больш ашаломлівае пазыцыя С. Шушкевіча, які, як кажуць, “клаўся касьцьмі”, каб толькі дагадзіць гэтым камуністам і каб незалежнасьці не было.)

Вельмі зьдзіўляе мяне гэтаксама тое, што пачынаюць фальсіфікаваць і гісторыю Менгарсавета ХХІ скліканьня. (Вядома ж, не за гарамі рэжым абваліцца, і некаторым асобам, відаць, захацелася выглядаць лепей, чымся тое было на справе.) Зьяўляюцца дабраахвотнікі, якія пачынаюць сцьвярджаць, што пытаньне беларускай нацыянальнай сымволікі ў Менгарсавеце ініцыяваў дэпутат і пракамуністычны прафсаюзны дзеяч Г. Фядыніч, спасылаючыся пры гэтым на думку дэпутата А. Завадзкага. На самай справе асоба камуніста Г. Фядыніча ня мела ніякіх дачыненьняў да беларускай нацыянальнай сымволікі. (Такія перакручаныя факты і непраўдзівыя міфы пра дзейнасьць некаторых дэпутатаў Менгарсавета ХХІ скліканьня ёсьць у інтэрнэт-публікацыі кнігі Валеры Каліноўскага “Справа Бяляцкага”, якую шырока рэклямавала радыё “Свабода”.)

Цяжка паверыць, што гэтак мог казаць Андрэй Завадзкі, які ня можа ня ведаць як усё адбывалася тады на Сэсіі Менгарсавета. Ды і ўвогуле ён сьведка гісторыі падзеяў, барацьбы Беларускага Народнага Фронта і дэпутатаў БНФ за незалежнасьць, за дэмакратыю, за нашу сымволіку, мову і культуру.
У тыя часы у беларускім грамадзтве іншай сілы, як БНФ, якая б адкрыта супроцьстаяла камунізму, не існавала, і толькі Беларускі Народны Фронт сьмела (не баючыся ўлады камуністаў) ўзьняў Беларускі Сьцяг і трымае яго нязьменна. Ужо ў нашыя часы адзін зь лепшых яго прадстаўнікоў Сяргей Каваленка (сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ), змагаючыся з акупацыйным рэжымам і сцьвярджаючы Беларускі Сьцяг, гатовы быў ахвяравацца жыцьцём у турме, разумеючы, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг — гэта наш нацыянальны гонар, наша гісторыя, наша сьветлая народная будучыня, якую ненавідзіць і нішчыць антыбеларускі рэжым.

Г. Фядыніч ня толькі ня быў у Фронце, але калі на прадпрыемствах пачалі стварацца незалежныя прафсаюзы, ён разам з уладай змагаўся супраць рабочых актывістаў свабодных прафсаюзаў (у прыватнасьці, на КБТМ), каб свабодных прафсаюзаў не было.

Г. Фядыніч быў і заставаўся дзеячом афіцыйнага камуністычнага прафсаюзнага руху, у якім не было тады і гаворкі пра нацыянальную сымволіку. Усе афіцыйна-прафсаюзныя мітынгі, якія праходзілі ў тыя гады, каб прыглушыць рух да незалежных прафсаюзаў, падымалі выключна сацыяльныя пытаньні, у асноўным – павышэньне заработнай платы, удавалі сябе за народных барацьбітоў, але ім рабочы народ ужо ня верыў.
Палітычных пытаньняў арганізатары мітынгаў афіцыйных прафсаюзаў пазьбягалі. На гэтыя апалітычныя прымусовыя мерапрыемствы, як супроцьвагу фронтаўскім шматтысячным мітынгам, рабочых проста “дастаўлялі” аўтобусамі. Мы назывылі такія мітынгі “кілбаснымі”. На іх, як правіла, прысутнічала камуністычная намэнклятура, начальства прадпрыемстваў і прывезеныя па загаду начальства рабочыя.

Нацыянальнай сымволікі на прафсаюзных мітынгах, зразумела, не было – ня тая атмасфэра ды й арганізатары гэтага не дазвалялі. Не прыносіў Беларускі Сьцяг на тыя мітынгі дэпутат Г. Фядыніч, не змагаўся за яго ў Гарсавеце.

Усе, хто адстойвалі нашыя нацыянальныя сымвалы ў Менгарсавеце, былі ўдзельнікамі спробы стварыць тут фракцыю БНФ. (А. Завадзкі таксама некалькі разоў прысутнічаў на гэтых нашых сходах). Нажаль, не вявілася сярод нас безумоўнага лідэра, і фракцыя ўтворана не была. Ніхто не пагадзіўся на кіраўніка, бо кіраваць фракцыяй БНФ – справа нялёгкая, вымагала б шмат уменьня, інтэлектуальнага напружаньня, забірала б шмат сіл. Існаваньне фракцыі БНФ азначала б, што мы плянуем сваю працу ня толькі ў дэпутацкіх камісіях (што і было), але пасьлядоўна ажыцьцяўляем, і наладжваем кантроль за дзейнасьцю гарадзкой улады ў інтарэсах нацыянальнай сталіцы Беларусі і ўсіх менчан.

Што датычыць прыняцьця Бел-Чырвона-Белага Сьцяга (і выкарыстаньня яго ў якасьці нацыянальнага сымвала на тэрыторыі Менска), тут цяжка выдзяліць кагосьці, акрамя А. Гурыновіча і І. Чарняўскага, якія па свайму статусу мелі магчымасьць ставіць пытаньні перад сэсіяй: А. Гурыновіч — як непасрэдны кіраўнік сэсіі, асабліва калі А. М. Герасіменка адсутнічаў (бо ён быў яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савета); І. Чарняўскі – як кіраўнік Камісіі па культуры, і менавіта ён, а ня іншы дэпутат, прадстаўляў пытаньне на сэсіі. Астатнія дэпутаты-фронтаўцы шчыра былі за зацьвярджэньне нацыянальнага Сьцяга ў Менску, дзейнічалі разам, стараліся і працавалі, як маглі.

Калі сымволіка была прынятая, тады Сьцяг у залю прынёс А. Гурыновіч, Анатоль жа (як ужо адзначана) яго і ўсталёўваў у Прэзыдыюме нашай залі паседжаньняў (Прэзыдыюм – гэта было месца, дзе разьмяшчаліся старшыня і намесьнік, сакратарыят сэсіі. Дэпутаты там не хадзілі туды-сюды.)

Спадар В. Каліноўскі тут ізноў напісаў небыліцу, быццам бы Сьцяг у залю ўнёс Алесь Бяляцкі. Не было такога. Я ўдзельнічала ў Сэсіі, прысутнічала ў залі і ўсё бачыла. (Дзеля фармальнасьці і пацьвярджэньня я абзваніла нават даступных мне з-за мяжы дэпутатаў Дэмплыні і папрасіла дэпутата Гарсавета (і Вярхоўнага Савета) Сяргея Антончыка абзваніць недасяжных. Ніхто ўдзелу Бяляцкага ў гэтай справе не пацьвердзіў, адзначаюць яго поўную безініцыятыўнасьць на сэсіях.)
Тут трэба сказаць, што ў 2011 годзе з Алесем Бяляцкім здарылася вельмі дрэнная і дзіўная справа. Будучы кіраўніком правабарончай арганізацыі “Вясна”, ён трапіў ў лукашысцкую турму. “Дзіўная” гэтая справа таму, што тыя, хто яму давалі грошы, тыя ж яго і здалі рэпрэсіўнаму рэжыму. І тыя ж сталі патрабаваць потым яго вызваленьня з турмы і ўэносіць ягоную асобу да неба. У гэтым рэчышчы напісана і кніжка Валеры Каліноўскага. Абсурду, як быццам, ніхто не заўважае і нічога не крытыкуе, бо чалавек знаходзіцца ў турме і вінаватасьць яго пад сумненьнем. Таму стараюцца, каб незнарок асуджанаму не нашкодзіць. Але ж турма — гэта не нагода, каб ствараць міфы і гаварыць няпраўду.

Што тычыцца перайменаваньня вуліц. Гэта была кампетэнцыя Гарвыканкама, але не Гарсавета. Гарсавет, аднак, мог прыняць агульнае канкрэтнае і абавязваючае рашэньне на сэсіі. Сэсія тым часам пад ціскам намэнклятурнай бальшыні (як ўжо падкрэсьлена) прыняла рашэньне даручыць Камісіі па культуры сумесна (!) з выканкамам “уносіць (тт. Нікіценка П. Г., Сасноўскі А. В.) на зацьвярджэньне выканкама Гарсавета прапановы па перайменаваньню вуліц, плошчаў…” і г. д.
Тут зноў выявіўся намэнклятурны “прарыў”, які моцна ўскладніў нам працу, бо ўсё аддавалася на водкуп выканкаму, дзе ў кіраўніцтве заставаліся тыя ж намэнклятурныя камуністы. Потым мы, фронтаўскія дэпутаты, прыкладалі шмат высілкаў і працы, каб дамагчыся ў падпарадкаванага Гарсавету выканкама рашэньня аб зьмене камуністычных назваў вуліц. Усяго, што тычылася адраджэньня беларускай гісторыі і культуры трэба было дамагацца, усё трэба было штурхаць.
(Да слова, яшчэ пра тэкст В. Каліноўскага і пра А. Бяляцкага. Алесь Бяляцкі ніколі ў Гарсавеце ў такіх змагарных справах ня ўдзельнічаў і не “штурхаў”, быў ціхім і незаўважным дэпутатам. За ўвесь час цяжка прыпомніць увогуле хоць адзін ягоны выступ (хоць бы аб чым) на сэсіях Гарсавета. І гэта ўвогуле было дзіўна, бо ён у розны час уваходзіў у Сойм БНФ і быў сьведамым беларусам.)

Валеры Каліноўскі зноў жа напісаў, што “ініцыятыва перайменаваньня (вуліц) паходзіла ад Алеся Бяляцкага”. Гэта ня так. Такога не было. Ад Алеся ўвогуле не ўзьнікла ў Гарсавеце ніякіх ініцыятыў.
Актыўным у пытаньні перайменаваньня вуліц сталіцы быў якраз Андрэй Завадзкі. Частку вуліц мы пераназвалі, але перайменаваць усе вуліцы (“Валадарскага”, “Леніна”, “Сьвярдлова” і іншых бальшавіцкіх катаў) не ўдалося. Галоўнае супраціўленьне тут ішло ад намесьніка старшыні Гарвыканкама А. Сасноўскага (пазьней – кіраўніка ініцыятыўнай групы кадыдата ў прэзыдэнты В. Кебіча, таго Кебіча, які ў той час шмат прыклаў сваіх уладных намаганьняў, каб нашкодзіць нашай незалежнасьці). Гэта была яго, Сасноўскага, “дзялянка дзейнасьці”, ад яго шмат залежыла, і ён рабіў усё (тут была ягоная ўлада), каб перашкодзіць нашым намаганьням. Удалося толькі перайменаваць праспэкт Леніна ў праспэкт Ф. Скарыны, плошчу Леніна ў плошчу Незалежнасьці, вуліцу Горкага ў вуліцу М. Багдановіча і вуліцу Рэвалюцыйную ў Гарадзкі Вал, хоць праекты па перайменаваньні былі зроблены, практычна, па ўсіх камуністычных назвах.

Анатоль Гурыновіч асабіста прыклаў немалыя намаганьні, каб перайменаваць праспэкт Леніна ў праспэкт Францыска Скарыны (да юбілейнай даты славутага беларуса) і вуліцу Горкага – у вуліцу Максіма Багдановіча (таксама да 100-годдзя вялікага паэта). Андрэй Завадзкі з паседжаньня Гарвыканкама (дзе было прынята рашэньне аб пераназваньні) тэрмінова паехаў на ўрачыстае паседжаньне ў Дзяржаўны тэатр Опэры і балета, каб можна было агучыць там гэтую радасную вестку, бо быў адным з ініцыятараў і найбольш актыўна дзейнічаў у гэтых абставінах.

Думаю, многія з нас ганарацца тым, што мы, дэпутаты-адраджэнцы Менгарсавета, першымі ў Беларусі дамагліся рашэньня ўсталяваць наш Сьцяг над будынкам сталічнай улады. Але мы не перабольшваем нашую заслугу. Нашая перамога мела значэньне толькі ў межах Менска. І нашая Бацькаўшчына стала незалежнай пад сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, дзякуючы неверагодным высілкам, змагарным сэрцам і вялікай мужнасьці дэпутатаў гераічнай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Слава героям Айчыны!

Чытаючы абсалютна перакручаныя факты, якія часам зьяўляюцца ў СМІ, зьдзіўляешся, як так проста “з галавы” (па нечаму хаценьню) утвараюцца міфы пра быццам бы ахвярную дэпутацкую дзейнасьць некаторых асобаў, якія трапілі ў цяперашнюю кан’юнктуру. Дзякуй Богу, мы яшчэ жывыя і можам засьведчыць як рэальна было.
Аднаго разу дэпутат і старшыня Камісіі па горадабудаўніцтву і архітэктуры Алег Мазго (зь лягеру камуністычнай большасьці, наш актыўны праціўнік), выступаючы на сэсіі, прыхапіў з сабой вялікі плякат, цынічна (і прадумана, да чаго толькі яны не дадумваліся) завесіў ім выяву дзяржаўнага гэрбу “Пагоня”, якая ўпрыгожвала трыбуну, і навязьліва-моцна тыркаў у графікі, намаляваныя на плякаце, пад якім была “Пагоня”, дэманструючы сваю нелюбоў да беларускай сьвятыні, як бы паказваючы: “Вось вам, вашаму гэрбу, вось!”.

Памятаю, І. Чарняўскі, А. Бяляцкі, А. Гурыновіч прысутнічалі тады ў зале. Я паглядзела на іх па чарзе і паказвала знакі праз ўсю залю, маўляў, зьвярніце ўвагу на такую зьнявагу нашага гэрбу. Але гэта іх не ўсхвалявала. Яны спакойна глядзелі на А. Мазго і ніяк не рэагавалі на яго правакацыю (часам проста дзіву даешся такой атрафіі). Тады зрэагавалі іншыя ды так, што Мазго прышлося сьпешна скручваць свае транты.

Настаў 1999 год. Сярод часткі фронтаўцаў, што трапілі пад уплыў заходніх грантадаўцаў, пачалося бражэньне: “Пазьняк не даёт “делать бабкі” (гэта такі іхны слэнг, які ўвасабляе любоў да грошай). Некаторым грошай, відаць, вельмі хацелася, асабліва задарма. Пазьняк жа моцна стаяў на пазыцыі, што свабоду і волю трэба здабываць самім, за кошт сваіх сілаў, бо ніхто чужы нам за нашу свабоду дарма грошай ня дасьць. Купіць – могуць, каб потым дыктаваць “купленым” сваю волю. Па гэтай лініі “халяўных грошай” і адбыўся раскол Фронта. Хто любіў перадусім грошы, а Бацькаўшчыну потым ўтварылі сваю арганізацыю, якую ўзначаліў В. Вячорка. Якія вынікі ў гэтых, “з бабкамі”, сёньня – відавочна.

Тыя, хто жыў і змагаўся за нашу вольную Бацькаўшчыну, перадусім павінны не маўчаць (тым больш, калі іншыя хлусяць), а казаць праўду, раскрываць новым пакаленьням беларусаў, якое гэта цяжкае змаганьне (ішло і ідзе сёньня) за нашую Волю, Айчыну і Незалежнасьць.

У нас ёсьць сапраўдныя героі, якія сёньня церпяць за гістарычную справядлівасьць, за нашую родную мову, за наш Сьцяг і культуру, за нашае чалавечае і народнае права, за імкненьні да сапраўднай дэмакратыі, за нашы нацыянальныя інтарэсы, якімі рэжым Лукашэнкі гандлюецца з Масквой99 Але ня вечна цемры быць. Наперадзе будучыня вольнай Беларусі, праўдзівая гісторыя і ўшанаваньне сапраўдных герояў Бацькаўшчыны.

Галіна Пазьняк
25 кастрычніка 2012 г.

4/12/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2012
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь