Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: ПРЫЙДУЦЬ НОВЫЯ ЛЮДЗІ

zfota.jpg
Гэты артыкул напісаны пасьля выступаў некаторых асобаў так званай «прагматычнай апазыцыі» на Старонцы радыё Свабода. Падзеі, якія я закранаю, важныя не для гісторыі (якая яшчэ не настала), а якраз для сучаснасьці, бо выяўляюць карэньні пэўных зьяў, даюць падставу зразумець што ж адбываецца на палітычнай мапе Беларусі.

На апошняй канфэрэнцыі ў Сеціве на радыё Свабода 8-га лістапада, адказваючы на пытаньне пра «Ракаўскі Бровар», я пералічыў прозьвішчы сакрэтных перамоўшчыкаў з прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму. Файрверкавая рэакцыя на гэта Вінцука Вячоркі на інтэрнэт-старонцы радыё Свабода 10 і 11 лістапада, скажу шчыра, была для мяне нечаканай, нават здалася мне нейкай штучнай. Я ніколі ня меў зь ім ніякіх асабістых парахункаў, як некаторыя, ня ведаючы, часам могуць падумаць (дый асабістых дачыненьняў зь ім ня меў, ён быў значна маладзейшым). Вінцук Вячорка ўваходзіў у групу раскольнікаў БНФ, быў у гэтым актыўным, але ідэолагамі і генератарамі расколу былі іншыя асобы. Гэта вядома. Вінцука Вячорку, якога ня выбралі на шостым Зьезьдзе БНФ (не дабраў чатыры галасы), маніпулятыўна зрабілі старшынём Фронту тыя, што ішлі на зьнешняе фінансаваньне і раскол арганізацыі. Вінцук Вячорка сам таго старшынства хацеў, сам пагадзіўся і сам потым са сваім старшынствам праваліўся. Я яго не рэкамендаваў на старшыню. Якія могуць быць у мяне да яго асабістыя прэтэнзіі? У мяне іх няма.

Той, хто праглядае матэрыялы пра палітыку, ня раз, напэўна, чытаў, што ў мяне быццам бы нейкія пастаянныя закіды Гансу Георгу Віку, якія незразумелыя, бо Вік, маўляў, такі заслужаны прыяцель дэмакратыі ў Беларусі. Але пытаньне з дзейнасьцю Ганса Віка ў Беларусі значна больш сур’ёзнае, чым некаторыя сабе ўяўляюць. Тут я закрану асобныя аспэкты яго дзейнасьці.

Вінцук Вячорка зьмясьціў на Свабодзе адразу два матэрыялы. Адзін называецца: “Вячорка: 1,5 мільёна даляраў пайшлі не апазыцыі, а на ўтрыманьне КНГ АБСЭ», другі — «Вячорка адказаў Пазьняку: Мэсія ня прыйдзе». У тэксьце ён пяць разоў называе мяне «паклёпнікам» і піша наступнае: «Абразіўшы Бяляцкага, Зянон Станіслававіч апынуўся па той бок маралі. Па адзін бок з нашчадкамі Бэрыі й Цанавы». З гэтага можна зрабіць выснову, што Вінцук Вячорка быў тут у нэрвовым стане і не зусім разумеў, што пісаў. Ён піша пра грошы Ганса Віка і хоча пераканаць, што іх было няшмат, бо гэта, маўляў, бюджэт Менскай місіі АБСЭ, а значыць на падрыхтоўку перамоўнага працэсу і на «бровар” пайшла толькі частка, мізэр. Такая тут відаць логіка.

На Інтэрнэт-канфэрэнцыі і ў іншых выступах я сапраўды згадваю пра грошы выдаткаваныя Гансу Віку і спасылаюся на ягонае інтэрв’ю газэце. Але сэнс размовы не пра грошы, а пра тое на якую мэту былі яны прызначаны, пра фактычную фальшывасьць новых вікаўскіх апазыцыянераў-прагматыкаў ды пра супрацу Ганса Віка з КГБ, пра што ён сам сказаў ў інтэрв’ю.

Ганс Вік адлюстроўваў намеры пэўных нямецкіх палітычных колаў па далучэньні Беларусі да Расеі. Ствараючы ў Беларусі сваю апазыцыю, немцы хацелі дамагчыся потым ад яе згоды на гэтае далучэньне да Расеі. Маючы такое на мэце, была арганізавана падрыхтоўка да перамоўнага працэсу з рэжымам і адначасна (падвойным дном) таемныя спатканьні прадстаўнікоў улады і новай (толькі што створанай) прагматычнай апазыцыі ў півярні «Ракаўскі бровар» у Менску. (Легальныя перамоўшчыкі пра тое ня ведалі.) З гэтага вынікае (калі ўсё ўзважыць), што нямецкі спадар лічыў, відаць, гэтых апазыцыйных асобаў за поўных «лохаў» і, як ня дзіўна, ледзь не дасягнуў сваёй мэты. Але пра гэта потым. Спачатку пра «паклёпніка» і грошы Віка.

Вінцук Вячорка піша, што ён «не палянаваўся ўважліва прачытаць крыніцу» і там, маўляў, сказана, што гэта быў бюджэт Кансультацыйна-наглядальнай групы АБСЭ. «Гэта значыць, што КНГ АБСЭ, якая працавала ў Беларусі, здаецца, два з паловай гады, з гэтага бюджэту аплочвала свае выдаткі: арэнду, жытло для супрацоўнікаў, іхнія выправы, у тым ліку дадому, ня танных замежных экспэртаў, заробкі сабе і г. д.», — піша ён.
Тлумачэньне В. Вячоркі бачым.

А цяпер цытуем словы Віка з газэты цалкам.
«Когда я руководил миссией ОБСЕ в Беларуси, мы пытались правительство и оппозицию привести к общему столу переговоров, чтобы реформы были либеральными и чтобы они подходили одной и другой стороне. В 1999 г. Лукашенко подписал Стамбульские соглашения, в которых взял на себя обязательства диалога с оппозицией, обеспечения демократических выборов, свободы слова, прекращении давления на СМИ. Он все это подписал! ОБСЕ, решив, что подпись что-то значит, выделил деньги, все до последнего цента, на переговоры с оппозицией, на консультации с независимыми СМИ. (Бюджет КНГ и бюджеты ориентированных на эти цели фондов, доступ к которым открыла Европейская комиссия, в совокупности составили немногим меньше полутора миллиона долларов. Эти деньги прямо и косвенно были направлены на поддержку диалога между правительством Беларуси и оппозицией. - И.Ч.) И все европейские правительства были в курсе, не было никаких тайн! Единственной тайной было то, что бумаги подписывал также шеф белорусского КГБ, других тайн не было». (БелГазета, — 2004, 12 студзеня).

Сутнасьць словаў Віка (і тлумачэньне журналісткі) мной выдзелена чорным шрыфтам.
АБСЭ «выделил деньги, все до последнего цента, на переговоры с оппозицией, на консультации с независимыми СМИ».

Далей журналістка ўдакладняе, што гэты «бюджет КНГ и бюджеты ориентированных на эти цели фондов, доступ к которым открыла Европейская комиссия, в совокупности составили немногим меньше полутора миллиона долларов. Эти деньги прямо и косвенно были направлены на поддержку диалога между правительством Беларуси и оппозицией.»

У першым тэксьце Вінцук Вячорка, магчыма, думаў увесьці чытачоў у зман (альбо не чытаў цытаты Віка). Потым, відаць пачытаў і ўжо ў матэрыяле «Мэсыя ня прыйдзе» надрукаваў словы з «БелГазеты», але пакінуў бяз зьменаў свае папярэднія тлумачэньні, што гэта, маўляў, «некалькігадовы бюджэт» КНГ АБСЭ, што тут і аплата супрацоўнікам, і аплата жыльля супрацоўнікаў, арэнды офісаў і г.д.

За каго Вінцук Вячорка прымае свіх чытачоў? За ідыётаў? Ці можа ён думае, што яны не прачытаюць словы Віка, а толькі выкрутасы Вінцука Вячоркі? Вось вам і «паклёп».

Але мая інфармацыя была ськіравана тут не на аплату, а на тое, што сказана далей. Не істотна якую суму (хоць яна дакладна названа) немцам адпусьцілі на гэтую нямецкую справу. Істотна было наступнае: «И все европейские правительства были в курсе, не было никаких тайн! Единственной тайной было то, что бумаги подписывал также шеф белорусского КГБ».

Ці разумелі гэтыя гора-палітыкі, седзячы ў півярні, што яны трапілі ў распрацоўку дзьвюх палітычных сіл – нямецкай (Ганс Вік – былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны) і расейскай (праз «белорусский КГБ»), у якіх была адна мэта: загнаць Беларусь у Расею. Калі не разумелі (былі «прастачкамі»), то гэта яшчэ неяк па-бытавому іх апраўдывае (хаця якая ўжо тут «палітыка»). Але калі разумелі і пайшлі на такое дзеля грошай, то гэта як называецца?

Пакуль што я стаўлю пытальнік, бо людзі там былі розныя. І ўсё пранесла (пры вялікім напружаньні і змаганьні грамадзтва) – Беларусь засталася незалежнай. Але які вынік прагматычнай псэўда-апазыцыйнай працы на чужых грашах за 13 гадоў? Вынік нават не нулявы, а мінусовы. Ні адной станоўчай справы. Ні адной перамогі. Яны заехалі ў поўны тупік і працягваюць спадзявацца на замежныя грошы ды імітаваць палітычную дзейнасьць. Ізноў жа, як гэта ўсё называецца? Падскажыце. Можа гэта прадажнасьць? Ці можа наіўнасьць? А пачалося ўсё адтуль, ад узаемадзеяньня з Гансам Вікам.

1999-2002 гады (як і раней 1996) былі вельмі пагрозьлівыя для незалежнасьці Беларусі. На гэты час прыпадае кульмінацыя нямецка-расейскай палітыкі па ліквідацыі беларускай незалежнасьці. Адзначу схематычна некалькі тычак гэтага пэрыяду.

Лістапад 1999 г. Стамбульскі саміт АБСЭ. Запрашаліся кіраўнікі ўсіх беларускіх партыяў. Ганс Вік лёг касьцьмі, каб ў Стамбуле не было мяне і прадстаўнікоў нашай партыі. З цяжкасьцямі паляцеў туды мой намесьнік Юры Беленькі. Лукашэнка пагадзіўся прыняць умовы АБСЭ аб правядзеньні выбараў у «палату» ў 2000 годзе.

Нямецка-расейскі плян заключаўся ў тым, каб міжнародна прызнаць выбары ў «палату» дэмакратычнымі. Потым «палата» (пры дамоўленасьці з Лукашэнкам) прымае рашэньне аб інтэграцыі з Расеяй. На 2001 год ў Расеі плянавалі рэфэрэндум аб «прыняцьці» Беларусі ў склад РФ, які далей мусіў быць прадубляваны ў Беларусі.

У Стамбуле пасьля саміту Лукашэнка запрашае ўсю прагматычную «апазыцыю» ў свой самалёт ляцець разам у Беларусь. «Апазыцыя» з радасьцю пагаджаецца. Але клямка не ляпнула. Катэгарычна не згадзіўся Юры Беленькі. («Я же говорил, я же говорил, – залемантаваў Гайдукевіч, – что Беленький будет против».) Лукашэнка паляцеў сам.

Чэрвень 2000 года. Ганс Вік запрашае ўсіх кіраўнікоў партыяў у Бэрлін на спатканьні зь нямецкімі палітыкамі. Туды ж былі запрошаныя і прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі. Ганс Вік зноў клаўся ўпоперак, каб не дапусьціць мяне. (Тады я вырашыў, што зноў паедзе Юры Беленькі.)

Спатканьні былі на высокім ўзроўні. Немцы ўсюды казалі беларусам, што адзіны шлях Беларусі, каб здабыць дэмакратыю – гэта далучыцца да Расеі, якая, маўляў, «у дэмакратыі пайшла далёка наперад». Усіх агітавалі яшчэ індывідуальна. Парадам камандаваў Ганс Вік. Рыхтавалі нейкае камуніке.

На заключным паседжаньні ўсе немцы выступілі ў адно – ідзіце ў Расею. Толькі адзін у канцы сказаў: «А ўвогуле вы можаце пагадзіцца ўвайсьці ў Расею, калі толькі зможаце потым глядзець у вочы сваім дзецям».

Вынік быў некарысным для Віка. Нямецкія парады разьбіў Юры Беленькі. Яго са скрыпам падтрымаў С. Шушкевіч, а потым і В. Вячорка. Астатнія змаўчалі. Камуніке не прынялі.

25-га верасьня 2000 года Ганс Вік выступае на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку і кажа наступнае: “На протяжении двух лет приоритетной задачей КНГ ОБСЕ было содействовать включению Беларуси в состав России. С одной стороны, это соответствует экономическим интересам Германии. А с другой - белорусы ведь не понимают, что для них это наиболее короткий и безопасный путь к демократии. Так как в этом случае и в Беларуси будут действовать куда более демократические законы Российской Федерации”. (БелГазета, — 2000, 16 кастрычніка).

Гэтыя словы выклікалі абурэньне прысутных. 30-га верасьня Валянцін Голубеў (удзельнік беластоцкай канфэрэнцыі) расказвае пра гэта на Каардынацыйнай Радзе Дэмакратычных Сілаў і … поўнае маўчаньне КРДС. Чаму? Таму што Ганс Вік на той час быў амаль што адзіным «рэсурсным цэнтрам» для прагматычнай апазыцыі.

Хіба прагматыкі, што таемнічалі з лукашыстамі ў «Ракаўскім бровары» пад кантролем Віка ня ведалі, што ён кажа і чым займаецца? Вось як апісвае сытуацыю зь Вячоркам Юры Беленькі:

«На наступны дзень (пасьля выступу палатніка Жушмы па БТ, які ўсіх заклаў) перад паседжаньнем «аб’яднанай апазыцыі» ў прысутнасьці чалавек, здаецца, васьмі я запытаўся ў спадара Віка: «Скажыце, калі ласка, хто з сяброў БНФ быў заўчора на згаданым Жушмам паседжаньні?»
– Я не памятаю, — коратка адказаў Вік.

Тут адчыняюцца дзьверы – уваходзіць Лябедзька. «Анатоль, — пытаюся я, — хто ад БНФ быў заўчора разам з табой у «Ракаўскім бровары»?
– Вячорка і Хадыка, — проста адказаў ён.
Адразу ж пасьля слоў Лябедзькі ўваходзіць Вячорка.
– Вінцук, — кажу, — дык раскажы, аб чым ты заўчора дамаўляўся з лукашыстамі ў «Ракаўскім бровары»?
І тут зусім нечаканая для мяне рэакцыя Вячоркі. З абурэньнем, часта дыхаючы, на павышаных танах ён выгукнуў: «Гэта ўсё хлусьня, я там ніколі ня быў!»

І сьледам – спакойныя словы, здаецца Аляксея Караля: Вінцук, маўляў, цішэй. Лябедзька ўсё расказаў. Вінцук змаўкае, сядае на сваё месца. Пачынаецца паседжаньне. Сядзеў ён за сталом насупраць мяне. Я ня вытрымаў і зь лёгкім сарказмам пытаюся, кшталту, ці добрае піва падавалі ў «Бровары»? І тут жа ў адказ даволі гучна чую: «Калі ты дзе-небудзь яшчэ пра гэта скажаш, мы знойдзем спосаб з табой разабрацца». (Як кажуць, зьдзіўленьню майму не было канца – такое пачуць ад акуратнага Вінцука)». (З. Пазьняк. Цяжкі час. Працяг, т. 3, — Варшава-Нью Ёрк-Вільня, 2010, с. 898).

Што кажа цяпер Вінцук Вячорка:
«Ня люблю той бровар … я ніколі там ня быў ані зь Вікам, ані з рэжымнымі, ані на таемных перамовах. Ніякога Жушму ня ведаю».
Тут, як кажуць, без камэнтароў.

Выбары ў «палату» павінны былі адбыцца 15 кастрычніка 2000 года. Лукашэнка адкінуў умовы Стамбульскага саміту АБСЭ. Пасьля гэтага наша партыя (КХП – БНФ) прапанавала рэжымныя выбары байкатаваць. Усе партыі пагадзіліся акрамя «Народнай Грамады» М. Статкевіча (Статкевіч падтрымліваў і працягвае падтрымліваць усе фальшывыя выбары рэжыму). Партыі выступілі з патрабаваньнем да АБСЭ не прысылаць на недэмакратычныя выбары назіральнікаў. Гэтаму запрацівіўся Ганс Вік. Ён запрасіў назіральнікаў з розных краін з мэтай пераканаць іх, што ў Беларусі дэмакратыя і што ўсе партыі за тое, каб прыехалі назіральнікі і каб далучыцца да Расеі. Перад гэтым ён наладзіў спатканьне са спонсарамі для «аб’яднанай апазыцыі». Спонсары паабяцалі рэсурсы.

На спатканьне з замежнымі назіральнікамі Вік спэцыяльна прывёз з Масквы групу перакладчыкаў – усіх рослых, як на падбор, са спартыўнай выпраўкай, коратка падстрыжаных.

Але паседжаньне ў Нямецкім цэнтры ў Менску прышлося перанесьці ў маленькую залю, бо пад вокнамі стаяў пікет КХП – БНФ з плякатамі аб адстаўцы Віка і замежнікі, якія нічога не разумелі, пачалі цікавіцца. Каб згладзіць сытуацыю, Вік выйшаў і запрасіў Ю. Беленькага на паседжаньне. Калі «апазыцыянеры» выступалі, маскоўскія перакладчыкі кожнаму замежніку шапталі пераклад.

І ўсё было б для Віка па-пляну, калі б акуратны Вінцук Вячорка, гэтак жа як і ў Бэрліне, казаў па-расейску. Але ў Бэрліне за расейшчыну калегі потым зь яго (пасьлядоўнага прыхільніка мовы) зьедліва пацьвельваліся. Вячорка пакрыўдзіўся і ў Менску выступіў па-беларуску, ня бачачы адчайных знакаў Ганса Віка і, ня чуючы яго патрабаваньняў гаварыць па руску.

Працэс акалпачваньня замежнікаў спыніўся, бо «перакладчыкі» не разумелі мовы. Пачалася ціхая паніка. Юры Беленькі запатрабаваў беларускага перакладчыка. Вік быў вымушаны пагадзіцца. Ю. Беленькі выступіў і сказаў, што «Беларусь хочуць загнаць у расейскі канцлягер, што ў краіне няма дэмакратыі і зьнікаюць людзі».

І тут профі Вік сарваўся. Ён ускочыў і прарэзьлівым голасам закрычаў: «Гэта ня так! Гэта правакацыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі!» Але ўжо ўсё перакулілася. Ашарашаныя замежнікі, распрапагандаваныя Вікам, аказваецца нічога ня ведалі, бо Вік казаў ім, што Беларусь хуткім тэмпам ідзе да дэмакратыі і хоча ў Расею.

Такі вось характэрны эпізод, што да паводзінаў Ганса Віка. Пасьля правалу з «перакладчыкамі» Вік двойчы прысылаў свайго «парлямантара» да кіраўніцтва КХП – БНФ з пагрозамі зрабіць ізаляцыю нашай Партыі ў сьвеце, калі Партыя ня выканае яго ўмоваў. У партыі над пагрозамі Віка пасьмяяліся. (Хаця, як мне здаецца, ажыцьцяўленьню сваіх пагроз Ганс Вік пасьвяціў потым добрую рэшту свайго жыцьця.)

Тут яшчэ дадам, што назіраючы гэтую вікаўскую палітыку, у нас, нарэшце, лопнула цярпеньне. Сойм КХП – БНФ аб’явіў Ганса Віка пэрсонай нон-грата ў беларускім палітычным асяроддзі, запатрабаваў яго адстаўкі і выезду зь Беларусі. Гэтае рашэньне і патрабаваньне Сойму мы накіравалі ў Парляманцкую Асамблею АБСЭ, Старшыні АБСЭ, Міністру замежных справаў Нямеччыны, амбасадару Нямеччыны ў Беларусі і ў Бундэстаг. 29 студзеня 2001 года мне афіцыйна паведамілі зь Місіі АБСЭ ў Аўстрыі аб разглядзе нашых патрабаваньняў. Ганса Віка хацелі адклікаць у траўні-чэрвені, але дацягнулі да канца кадэнцыі (восень 2001 г.).

Акрамя Бэрыі і Цанавы Вінцук Вячорка абыгрывае маё інтэрв’ю, дзе было сказана пра інфармацыю з КГБ, кажа пра «інфарматараў і дараднікаў», намякаючы, што я іх там маю і слухаю, што яны кажуць. І яшчэ ён піша: «скажы мне, хто твой дараднік, і я скажу, хто ты». Так пішуць тады, калі трацяць пачуцьцё меры.

Маю я інфарматараў ці ня маю гэта ня будзе публічна абмяркоўвацца. Можа я іх маю ўсюды, а можа нідзе. Страта невялікая. Сістэма настолькі дзіравая, што доўга нідзе нічога не затрымліваецца. Зьвесткі бягуць адусюль і ня трэба вялікага ўменьня, каб разабрацца, дзе факты, а дзе «ліпа». У сакрэтных перамовах з прадстаўнікамі рэжыму акрамя Вячоркі ўдзельнічалі А. Лябедзька, М. Статкевіч, С. Калякін, С. Гайдукевіч , Ю. Хадыка і яшчэ М. Пліска (быў такі дэмакрат у АГП). Але сакрэт ёсьць сапраўдным сакрэтам тады, калі пра яго ведае толькі адна асоба. Гледзячы на тую небясьпечную камэдыю з «сакрэтным» броварам, часам ня ведаеш ці тут плакаць, ці сьмяяцца з тых «сакрэтаў».

Вяртаючыся да Віка. У аснове нямецка-расейскага пляну «далучэньня» Беларусі да Расеі, які ажыцьцяўляў Вік, з боку немцаў галоўным было эканоміка (транзыт газу і нафты) і геапалітыка (ціск на Польшчу). Тыя ж аспэкты і з боку Расеі. Поўнае супадзеньне.

Трэба сказаць, што Гансу Віку дапамагала група афіцыйных асоб (і ня толькі немцы). Памятаем, напрыклад, такога Адрыяна Севярына – былога старшыню Парляманцкай Асамблеі АБСЭ, а потым адмысловага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Ў мінулым годзе ён быў пазбаўлены ў Эўрапарляманце дэпутацкага імунітэту і аддадзены пад суд у справе аб карупцыі і падробцы фінансавых дакумантаў.

Гансу Віку і ягоным лабістам, аднак, не ўдалася стратэгічная апэрацыя ў самым галоўным. Не ўдалося загнаць Беларусь у Расею, скарыстаўшы барацьбу за дэмакратыю, псэўдаапазыцыю, Лукашэнку ды ягонае русафільства. І таму двухсэнсоўныя паводзіны прагматычнай вікаўскай апазыцыі ў той час сталі неўзабаве якбы неактуальнымі. Тым часам шкода, якую зрабілі для Беларусі Ганс Вік і ягоная «апазыцыя», велізарная. Найперш тое, што яны развалілі Народны Фронт і пазбавілі Беларусь у змаганьні з антыбеларускім рэжымам нацыянальнай альтэрнатывы. Сваім прагматычным падыходам да палітычнай барацьбы яны ператварылі палітычную дзейнасьць ў бізнэс на імітацыі палітыкі, сапсавалі гэтым цэлае пакаленьне маладых актыўных людзей. У 2004 годзе яны сваім удзелам у антыканстытуцыйным рэфэрэндуме, агітацыяй і дзеяньнямі актыўна паспрыялі ўсталяваньню антыканстытуцыйнай, бястэрміновай асабістай улады Лукашэнкі.

За 13 гадоў існаваньня на чужых грашах яны не зрабілі нічога станоўчага ў палітыцы, не дасягнулі ніводнай нават мінімальнай перамогі. Наадварот, удзельнічалі ва ўсіх антынародных праектах рэжыму.

Разваліўшы Народны Фронт, Ганс Вік і памагатыя, стварылі і пакінулі ў Беларусі такую квазі-апазыцыю, якая шчыльна кантралюецца агентурай рэжыму з Усходу і амаль цалкам кантралюецца грашыма з Захаду, выконвае ролю маніпуляцыйнай прылады ў палітыцы паміж Усходам і Захадам, Захадам і рэжымам.

І вось карцінкі фінальнага выніку гэтага прагматызму. 26 кастрычніка гэтага году «апазыцыянер» А. Лагвінец кажа на зборцы ў Празе, што «беларусы ніколі ня мелі такога ўзроўню дабрабыту як пры Лукашэнку». Яго падтрымала «апазыцыянер» Л. Гразнова і сказала, што «апазыцыя» павінна працаваць над мадэрнізацыяй сістэмы» і г. д. (Радыё Свабода, 26 кастрычніка).

Зрэшты, відаць, недакладна я гэта назваў. Тут не «фінальны вынік», а звыклая псэўда-ідэалягічная (сэрвільная) руціна палітызаваньня вікаўскай «апазыцыі». Яны ўвесь час такое казалі.

Камэнтары тут не патрэбныя. Байкот пацьвердзіў відавочнае, што на шляху да ліквідацыі антыбеларускага рэжыму гнілой калодай ляжыць гэтая вікаўская псэўдапазыцыя. Пакуль калода застаецца ляжаць, ніякага руху наперад ня будзе. І ніякага выніку. Аб’ектыўна яе неабходна прыняць з дарогі і ськінуць пад адхон. І чым хутчэй, тым лепей.

Што датычыць Вінцука Вячоркі і іншых, якія адкалоліся ад БНФ і пайшлі на «фінансаваньне», то зь імі здарылася тое, што я сказаў ім летам 1999 года. Людзі якія пойдуць да іх на прагматычныя каштоўнасьці пераўзыдуць па інтрыгах і сквапнасьці іх самых і вытураць іх у каршэнь разам з ўсёй іхняй адукацыяй і інтэлектам. Так яно і сталася. Прыйшлі лейтэнанты і павыганялі ўсіх. Самы час задумацца. Можа нават пакаяцца. Хаця, як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Мы (народная партыя) імкнемся зараз ствараць беларускую народную альтэрнатыву і аднаўляем Ценявы Кабінэт Адраджэньня (ён ўжо, практычна, адноўлены), прапануем гуртаваць (спакойна, бяз шуму) групы падтрымкі «народнай партыі» (КХП – БНФ). І мяркуем, што добрае пачынаньне будзе пачута. Людзі самы будуць гуртавацца ў групы падтрымкі. Гэта проста, пакуль што законна і эфэктоўна. У пэрспэктыве павінна зьявіцца новая народная партыя беларускай салідарнасьці. Так некалі ствараўся Народны Фронт. Інфармацыю пра стварэньне групаў падтрымкі мы зьмяшчаем на старонцы

Прыйдуць новыя людзі і без заганы. Зьявяцца новыя лідары і змагары не за мамону, а за свабоду, за вольную, сьветлую, разумную і добрую Беларусь.

Зянон Пазьняк

19/11/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2012
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024