Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка 27)

Махкеты

9 ліпеня 1996 г. а 18.09 над вёскай Махкеты зьявіліся тры расейскія штурмавікі. Налёт быў зьдзейсьнены дзеля фізычнай ліквідацыі прэзыдэнта Яндарбіева. Да вёскі, па рэчышчу ракі Ваштары набліжалася расейская пяхота, падтрыманая бранемашынамі. Прэзыдэнт Яндарбіеў, зь якім Ельцын толькі што заключыў у Крамлі пагадненьне, якое заканчвала вайну, адыходзіў з вёскі, страляючы з карабіна па расейскіх самалётах. “Я страляў дзесяць разоў. – сказаў ён пазьней. – Спадзяюся, што хаця б раз патрапіў”.

Нажмудзін Каімаў, ваяр мясцовага апалчэньня, быў на двары з пяцьцю сваіх дзяцей, калі прыляцелі самалёты. Ён бачыў, як на ягоны дом ляціць вялікая бомба, хістаючыся ў паветры. Гэта далонь Алаха адвяла ад іх сьмерць. Бомба ўпала ў некалькіх дзесятках мэтраў ад іх, на другім баку дарогі, у агарод суседа. Там былі складзеныя жалеза-бэтонныя балачныя пліты, якія разьляцеліся, як аркушы паперы.

Астатнія бомбы патрапілі дакладна ў мэты – дамы тых, хто найбольш даўся ў знакі расейцам. Самалёты за сем налётаў скінулі чатырнаццаць бомб на пяць дамоў, у якія нехта папярэдне падкінуў адмысловыя радыёмаячкі, “жучкі”. Гэта былі знакамітыя расейскія “кропкавыя ўдары”. Пункт нумар аддзін – дом Аліка, начальніка мясцовай контрвыведкі. Яго самога не было ўдому. Брат Аліка тварыў паўдзённую малітву, жонка паставіла каля яго каляску з кількамесячным дзіцем. Выбух сарваў столявую пліту, якая ўпала і разьбіла мужчыне паясьніцу. Ён прасіў блізкіх, каб не сумавалі, зычыў ім, каб паміралі так спакойна, як ён. Дзіця не пацярпела.

Бомбы забілі ў Махкетах 23 асобы. Сярод іх шмат дзяцей. Людзі ведаюць, хто падкладаў у вёсцы “жучкі”.
У цэнтры вёскі, побач з мячэцьцю лягла ў руінах глядзельная заля, у якой перад самым налётам выступаў для ваяроў цэнтральнага фронту славуты чачэнскі сьпявак Гелані Алімханаў. У будынку ацалелі толькі два памяшканьні з боку фасаду, дзе маладая дзяўчына Сацыта Хумаідава адкрыла першую на цэнтральным фронце кавярню.

Калі выбухнулі бомбы, Сацыта і ейны брат якраз былі ў частцы, якая ацалела. Зь ёй нічога не здарылася, а хлопца аскелкам параніла ў руку. Сацыта пабегла дахаты, а ён застаўся ў суседзяў. Хацеў абмыць акрываўленую руку перш чым яго ўбачыць маці. Тут зноў наляцелі самалёты. Бомба патрапіла менавіта ў дом суседа, выбухнула ў сутарэньні, дзе стаяла цыстэрна з бэнзінам. Хлопец згарэў жыўцом.

Калі фэдэральныя войскі атакавалі Махкеты, Шаміль Басаеў вывеў у горы сваіх ваяроў, якія стаялі на базе непадялёк ад вёскі. “Нам засталіся тры апошнія вёскі, яшчэ ня зьнішчаныя расейцамі”. – сказаў ён сваім хлопцам. Муса, вядомы на ўсю Чачэнію пясьняр і паэт, разам з некалькімі хлопцамі павінен быў адступаць у ар’ергардзе. Невядома, ці то ваяры ня выставілі начную ахову, ці то нехта прывёў расейцаў пад самы лягер, але яны падыйшлі незаўважанымі. Адкрылі агонь з 50 мэтраў. У вагончыку, абстраляным жаўнерамі з гранатамётаў, згарэла славутая гітара Мусы, якую ён атрымаў у падарунак ад прэзыдэнта Дудаева. Ён ніколі не разьвітваўся зь ёю. Яна была яму даражэй за Калашнікава.

Расейцы ўвайшлі ў вёску, пакінутую ваярамі. Узарвалі пяць дамоў. Праверылі ўсе закуткі, шукаючы зброю. Нажмудзін застаўся з дзецьмі ў хаце. Жаўнеры не знайшлі чатырох аўтаматаў, якія ён закапаў у гародзе. Потым транспарцёр заехаў на двор суседа.

Яны пытаюцца ў яго, ты такі і такі? – распавядае Нажмудзін. – Так, адказаў сусед. Сына так завуць? Так. Сын – ваяр? Так. Ён цяпер у хаце? Так… Ня ведаю, чаму ён сказаў ім праўду. Давай яго сюды, сьмяюцца расейцы. Я аддам вам сына, кажа старэнькі сусед, толькі вы скажыце, хто вам данёс, што ён прыйшоў дахаты. Гэта мы ня можам зрабіць — адказваюць яны. Дам вам скрынку гарэлкі і барана, скажыце! Яны параіліся. Давай гарэлку і барана! За тваю шчырасьць мы сына не забярэм. А хто сказаў? Камандзёр раптам выцягнуў з люка за валасы нейкага чалавека… Гэта быў наш сусед. Ён жыў з намі ад нараджэньня… Мы самы ведаем, што зь ім зрабіць, сказалі жаўнеры. Больш ніхто яго ня бачыў”.
Частка атрадаў Шаміля Басаева блукала чатыры дні ў гарах, без харчоў. Ваяры жывіліся толькі лістамі лапухоў. Нічога больш ня мелі.

Расейцы ў хуткім часе вярнуліся на свае сталыя базы. На ўсім фронце пачаліся цяжкія баі – пад Шатоем, Бамутам, Аргунам. Ваяры вярнуліся ў вёску. Тады настаў час аплаціць па рахунках здраднікам. Першым стаў перад ваенным судом прэфэкт Ведзяно.

“Я тут сяджу з вамі, хлопцы, ужо дзьве гадзіны. Больш ня маю часу”. – сказаў прэфэкт Шамілю. “Мы ведаем, што ты ня маеш больш часу. – адказаў яму Шаміль. – Тут вось Крымінальны кодэкс Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі. Для цябе – артыкул 52-гі!” “А што гэта за артыкул!” Шаміль прачытаў яго і закончыў словамі: “расстрэл”. Прэфэкт затрымцеў, пачаў прасіцца. “Я больш ня буду, можа адпусьціце мяне?…” “Мы ведаем, што ты больш ня будзеш”. – засьмяяліся ваяры. Потым далі яму талерку гатаванай канюшыны, хаця самы елі траву сырой. Ён зьеў. Да канца ня верыў, што яго расстраляюць. Пакуль яго не павялі да дрэва.

Бітва за Тумс Барзой-лам

Шатой быў адзіным раёнам Чачэніі, дзе на працягу ўсяе вайны ўтрымлівалася цэльная лінія фронта і вялася доўгая пазыцыйная вайна. Дэмаркацыйная лінія была ўсталявана паміж Ніхалой і Башын-кале, на дарозе праз глыбокі каньён Аргуна. Мяжу ахоўваў 1-ы батальён спэцназа. “Гэта быў першы пастарунак на тэрыторыі вольнай Чачэніі”. – кажа з гонарам Хасан Акуеў. – Наш блок-пастарунак быў на дарозе, а на ўзбочыне гары знаходзіліся стралковыя пазыцыі. Рускія лезьлі на нас шмат разоў. Паставяць з пераду “Шылку”, бранемашыны, страляюць вакол сябе і ідуць. Яны не прайшлі аніразу”.
Расейцы з чэрвеня 1995 г. заляглі на лагодных схілах гары, што ўзвышаецца над Шатоем з захаду, у раёне вёскі Вашэндарой. Ваенны лягер для некалькіх тысячаў людзей атачалі засекі, сетка земляных умацаваньняў і мінныя палі. На горад, які знаходзіўся ніжэй, былі накіраваныя дулы танкаў, закапаных на адхоне. Некалькі разоў расейцы паспрабавалі захапіць тэрыторыю вакол Шатоя, але штораз безпясьпяхова. Яны на некаторы час нават занялі Шатой, нават прайшлі ад горада некалькі кілёмэтраў на ўсход у бок Асланбэк-Шарыпава, але іхны наступ быў спынены на лініі чачэнскіх акопаў пад вёскай Якарач-кель. Расейскі дэсантны полк цэлы месяц стаяў у голым полі пад рэгулярным абстрэлам, а потым з вялікімі стратамі адступіў на базу.

Яшчэ больш прываблівала расейцаў дарога на поўдзень, у бок Ітум-кале. Гэта была адзіная дарога ў горны тыл, які карміў армію. Удалы наступ на Ітум-кале расьсек бы чачэнскія сілы на поўдні рэспублікі. Дарогу, аднак, ахоўвалі два магутныя бастыёны – горы Тумс Барзой-лам і Разэнкорт. Кожная спроба прарыву ўглыб тэрыторыі, занятай ваярамі, заканчвалася няўдачай. Вузкую дарогу, якая бегла па ўскрайку скалы і была выдзяўблена над глыбокай безданьню, маглі заблакаваць некалькі чачэнскіх жаўнераў. Танкі ў такіх умовах былі зусім непрыдатнымі. З чэрвеня 1995 г. расейцы не прасунуліся ў гэтым раёне ні на крок.

Ключом для посьпеху наступу на поўдні было апанаваньне вяршыні Тумс Барзой-лам, якая ўзвышалася над вялікай тэрыторыяй. Гэтую гару абараняў Балаўдзі Бялоеў з сваім палком з трыццаці чалавек. Балаўдзі, як і большасьць яго жаўнераў, паходзіў з вёскі Тумс Барзой, якая прытулілася да паўночнага схілу гары, насупраць расейскай базы. Усе прысягнулі Алаху, што хутчэй памруць, чым дазволяць расейскім танкам заехаць на вяршыню. А на лясістых схілах гары Разэнкорт былі раскіданы пазыцыі некалькіх атрадаў спэцназа Хамзата Гелаева, падтрыманых дабраахвотнікамі. Ваенным жыцьцём паўднёвага фронту кіраваў палкоўнік Давуд Ахмадаў, прэфэкт Шатоя і камісар, гэта значыць, цывільны ўпаўнаўважаны ўраду Ічкерыі па чатырох горных раёнах. Ахмадаў быў адным ў нешматлікіх прадстаўнікоў чачэнскай інтэлігенцыі, якія са зброяй у руках сталі на барацьбу з расейскай агрэсіяй. Перад вайной ён быў выкладчыкам і навуковым работнікам Нафтавага Інстытуту ў Грозным. Быў акадэмікам, прафэсарам, меў пару дзесяткаў навуковых публікацый па электрамэханіцы. Паўсюль разам зь ім была 18-гадовая дачка Эліна, якая выконвала розныя штабныя функцыі, а часта проста гатавала ваярам ежу.
Расейцы пайшлі на штурм Тумс Барзой-лам 19 ліпеня 1996 г. Нечакана бітва за вышыню № 771 набыла пераломнага значэньня пасьля апошніх паразаў чачэнскіх сіл на бамуцкім і вядзенскім франтах, а таксама пасьля таго, як фэдэральныя войскі ў першай палове ліпеня занялі Гэхі і Махкеты. Параза чачэнцаў на шатойскім фронце магла мець вельмі сур’ёзныя вынікі.
Полк Бялоева заняў пазыцыі на вяршыне гары.

Стралковыя пазыцыі былі разьмешчаны на самым храбце вузкага ўскрайку скалы, за якім ваяры хаваліся ад артылерыйскіх снарадаў. Расейцы ўсталі ля падножжа гары і пачалі абстрэльваць яе вяршыню з адлегласьці 3-4 кілёмэтраў. Нават тыя снарады, якія выбухнулі паміж чачэнскімі акопамі, не маглі зрабіць шкоды ваярам, бо яны хаваліся ў расшчэлінах скалы. Ззаду яны былі прыкрытыя – снарады, што праляталі над вяршыняй гары, выбухалі толькі ў даліне Башын-кале, на цэлы кілёмэтр ніжэй. Глыбокія нішы і пячоры ў скалах прыкрывалі іх і ад паветраных атак.

У дзень штурма гары ваяры яшчэ ня мелі гатовых акопаў. Нелюбоў да земляных прац у чачэнцаў усеагульная! Толькі два акопы выкапалі для сябе камандзёр палка Балаўдзі Бялоеў і снайпэр Эльмурза Барчашвілі. Астатнія проста заляглі за скальным храбтом.

Гару заняў полк Баўдзі з 30 чалавек і падраздзяленьні спэцназа, сярод іх батальёны Докі Умарава і Хамзата Лабазанава. Калі стала зразумела, што расейцы пойдуць на штурм, Султан Пацаеў вылучыў з свайго батальёна групу найбольш вопытных і загартаваных у баях ваяроў і паслаў яе на падтрымку палка Бялоева. На вяршыню гары памаршыравала старая гвардыя батальёна Хасана Акуева.

Расейцы караскаліся на вяршыню трыма групамі па некалькі сотняў чалавек. Бранемашыны засталіся ля падножжа гары. Вяршыня, дзе заселі ваяры, увесь час абстрэльвалі цяжкая артылерыя, самаходкі САУ і танкі. Чачэнскія пазыцыі засыпалі снарады з аўтаматычных гарматак БМП-1 і буйнакалібэрных кулямётаў.
Балаўдзі забараніў адкрываць агонь, пакуль ён сам не аддасьць загад. З свайго акопа, разьмешчанага на найвышэйшым месцы на вяршыне гары, ён назіраў за дзеяньнямі расейцаў. Ягоныя людзі схаваліся на пазыцыях. Балаўдзі па радыё паведамляў ім, дзе знаходзяцца расейскія аддзелы.

Наперадзе ішла група выведчыкаў. Яны мелі на плячах радыёстанцыі, на галавах ларынгафоны. Калі яны дасягнулі вяршыні, агонь артылерыі спыніўся. Запанавала несамавітая, мёртвая цмшыня. Выведчыкі перасоўваліся па дарозе, што праходзіла паралельна вяршыне. Ані выведчыкі не маглі бачыць ваяроў, ані ваяры не маглі бачыць з сваіх пазыцый, што робіцца ў іх пад носам. Адзіным, хто бачыў усё дакладна, быў Балаўдзі.
Наперадзе ішоў сяржант Сяргей Іваноў. Ён спыніўся. Яму здавалася, што ён ужо на самой вяршыне. Чачэнцаў няма. Ён узьняў аўтамат і стрэліў – Белая Гара наша! Астатнія выведчыкі пачалі страляць салют. Ваяры ўжо чулі расейскі мат і радасныя крыкі – “духі ўцяклі!”

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

18/11/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2010
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024