Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка 26)

Чачэнцы ў Крамлі

– Аллаху акбар! – крыкнуў Шырвані Масхадаў, брат Шаміля, уваходзячы ў Георгіеўскую залю маскоўскага Крамля, якая зьзяла золатам і бельлю мармура. Чачэнская ахова падняла кулакі ў знак перамогі. Ахова прэзыдэнта Ельцына схапілася за пісталеты.
– Басайчык, мы цябе ўжо не аддамо… – сказаў зь ядавітай усьмешкай Ельцын. Ён быў відавочна нападпітку.
– Гэта ня той Басаеў, гэта ягоны брат Шырвані! – пасьпяшаўся на дапамогу дарадчык прэзыдэнта.
– Какая разніца! Там “шэ” Басаев і тут “шэ” Басаев. – пажартаваў Ельцын, мабыць, адкрываючы адну з найвялікшых таямніц Імпэрыі: чалавек ня лічыцца, статыстыка важней.
Ельцын прыняў чачэнскую дэлегацыю ў Георгіеўскай залі Крамля. Сымволіка была празрыстая: перамовы з “бандыцкімі фармаваньнямі” адбываліся ў адным з найбольш парадных памяшканьняў Расеі, дзе ўсе элемэнты сплываючых золатам дэкарацыяў крычалі аб трыюмфе расейскай арміі. На сьценах былі бачныя шыльды з прозьвішчамі герояў напалеёнаўскай вайны, імпэратарскія арлы, георгіеўскія крыжы, вышэйшыя ваенныя ўзнагароды імпэрыі. І ўсё ж – усё гэта загучала фальшывай нотай. Георгіеўская заля стала сцэнай вялікай перамогі купкі ваяроў. У залі засядалі ўпершыню ў гісторыі камандзёры арміі, якую ня здолела перамагчы Расея. Прадстаўнікі народу, якога Расея ня здолела зламіць. Зьдзейсьнілася мара ўсіх чачэнцаў, якія ўступілі ў няроўны бой: зялёны сьцяг з ваўком, які ляжыць пад месяцам, залунаў у маскоўскім Крамлі. Чачэнская дэлегацыя спазьнілася на спатканьне на дзьве з паловай гадзіны. Расейцы надта позна падалі самалёт у Грозным.
– Вы спазьніліся на столькі часу, а нават прэзыдэнты найвялікшых дзяржаваў не дазваляюць сабе і пяці хвілінаў спазьненьня. – скрыгатаў зубамі Ельцын.
– Спазьненьне просім прабачыць. – адказаў прэзыдэнт Яндарбіеў. – Але гэта вы займаліся самалётам.
– Добра, я гэта высьветлю. – паабяцаў Ельцын пагрозьлівым тонам.
– А калі высьветліце, то хто тады будзе прасіць у нас прабачэньня? – спытаў Яндарбіеў, але не дачакаўся ані адказу, ані – пазьней – прабачэньняў.
– Мы маем сьмеласьць ня толькі спазьняцца. – сказаў адзін з чачэнцаў. – Мы маем сьмеласьць ваяваць з вамі.
Увесь візыт чачэнскай дэлегацыі ў Крамлі складаўся з інцыдэнтаў, якія павінны ўвайсьці ў аналы дыпляматыі. У гэтых дробных здарэньнях, як у кропельцы вады, адлюстравалася праўда аб істоце ўлады, якая кіруе 250 мільёнамі людзей. Яны ілюструюць канфлікт дзьвюх маралей, двух разуменьняў праўды, волі і асноваў гонару.
– Ельцын павітаў нас словамі “сядайце… даваяваліся!” – распавядае са сьмехам Зэлімхан Яндарбіеў. – Я адмовіўся. Нашай дэлегацыі вызначылі месцы насупраць каманды Докі Заўгаева. Такім чынам Ельцын выступаў як гаспадар, што мірыць два супраціўных бакі. “Сядайце!” – зноў скамандваў Ельцын сваім барытонам. Я прыгразіў, што пакіну залю. Ён тады саступіў. Мы ўселіся насупраць адзін аднаго, а дэлегацыя Заўгаева сядзела разам з расейскім бокам на самым канцы стала.
Набліжаліся прэзыдэнцкія выбары ў Расеі, Ельцыну быў патрэбны мір у Чачэніі. Міра хацелі ўсе, так што нічога дзіўнага, што яшчэ ў той самы дзень было падпісана пагадненьне аб спыненьні агню. Адразу пасьля гэтага Ельцын сеў у самалёт і паляцеў у Грозны. “Нечаканы візыт Ельцына ў Чачэнію ёсьць вялікай памылкай прэзыдэнта. – пісалі пазьней расейскія газэты. – Вылятаючы патаемна да айчыны чачэнцаў, Ельцын дэманстраваў ім сваю непавагу. Ён даў гэтым падставы для падозраў, што пакінуў у Маскве Яндарбіева ў ролі закладніка. Гэты крок адразу ж разьвеяў давер да яго намераў”.
Седзячы пад аховай у дачы Сталіна ў Кунцаве, Зэлімхан Яндарбіеў убачыў расейскага прэзыдэнта па тэлебачаньню. Той выступаў у краіне, у якой загінула 85 тысячаў цывільных жыхароў, як сьцьвярджаў Крэмль – грамадзянаў Расеі.
– Рух супраціву поўнасьцю разгромлены. – пераконваў Ельцын. – Яго галоўныя сілы – гэта найміты, супраць якіх ваююць нявопытныя расейскія хлопцы.
Чачэнская дэлегацыя была ўражана. Ельцын віншаваў расейскіх жаўнераў з перамогай!

Сьмерць рыцара

На пачатку ліпеня 1996 г. фэдэральныя войскі атачылі вёску Гэхі. Іса Талхіеў, кіроўца аўтобуса, зьбіраўся 9 ліпеня завезьці жанчын на базар. Калі а 4.00 ён выехаў з дому, то ўбачыў на палях бранемашыны і пяхоту. Ён разьвярнуў машыну і абудзіў камэнданта вёскі Доку Махаева.
Тым часам да дома Рамзана Мамедава, які стаяў на ўскрайку вёскі, пад’ехалі некалькі БРТ. Жаўнеры загадалі паказаць дом, дзе жыве камэндант. Мамедаў адказаў, што вёска вялікая і ён ня ведае ўсіх. Яго прымусам запхнулі ў БТР, дзе ўжо сядзеў моцна падпіты сусед, Ясі Кантаеў.
Праз дзесяць хвілін пасьля таго, як Дока атрымаў папярэджаньне ад кіроўцы аўтобуса, перад ягоным домам сталі БМП і БТРы. Жонка пасьпела вывесьці праз гароды дзяцей камэнданта. Усе мужчыны, якія былі ўдома, схапіліся за зброю. Каля вакон занялі пазыцыю браты Докі Алха і Іса, ягоны стары бацька Лечы і сябра Хаваж Азіеў. Расейцы пачалі біць прыкладамі ў жалезную браму. Дока адчыніў фортку.
– Дзе Дока Махаеў? – спытаў расейскі афіцэр.
– Вам патрэбны Махаеў? – спытаў Дока і, не ўлазячы ў дыскусіі, заваліў двух расейцаў каля брамы чаргой з аўтамата.
Адзін з БТРаў адразу ж разьбіў браму і заехаў на двор. Тут па ім ударыў снарад з гранатамёта, гэта стрэліў з сутарэньня Алха. Потым Алха выбег на дарогу і зьнішчыў яшчэ адзін БТР, які спрабаваў ад’ехаць па дарозе. Два чачэнцы, якіх расейцы захапілі на сьвітанку, выскачылі з пылаючай машыны разам з жаўнерамі. Калі Алха адступаў, яму ў плечы патрапіла куля. Ён упаў мёртвы ў роў з вадой. Вакол дома Махаева разгарэўся люты бой. На дапамогу пачалі падыходзіць ваяры з атрада Махаева і прэзыдэнцкай гвардыі, якія стаялі ў вёсцы. Расейцы хаваліся ў гародах і зарасьніку кукурузы. Праз некалькі гадзін яны былі выбіты з вёскі. У баі палеглі Алха Махаеў і Хаваз Азіеў. Бацька Докі, паранены чаргой з аўтамата, быў цяжка паранены.
Расейцы пачалі абстрэльваць Гэхі з верталётаў і танкаў. Да вечара бальшыня жыхароў пакінула вёску. Засталіся толькі ваяры мясцовага паспалітага рушэньня і прэзыдэнцкай гвардыі, якія занялі абарончыя пазыцыі. З боку Урус-Мартана вёску абараняў атрад гвардзейцаў Ахмада Асламбэкава з Шаамі-юрта.
Ваяры абараняліся тры дні, адбіваючы тры магутныя штурмы. Бачачы безвыніковасьць атак, расейцы наладзілі вогненную навальніцу з зямлі і паветра. Праз старшызну яны прыслалі ваярам ультыматум: ваяры павінны пакінуць вёску, бо так ці інакш будзе праведзена пацыфікацыя. На чацьвёрты дзень дэлегацыя старшызны вёскі сустрэлася з Докай Махаевым.
– Ці ты дасі рады ўтрымаць вёску на працягу тыдня? – спыталі старыя камэнданта.
– Так.
– А два тыдні?
– Так.
– А месяц утрымаеш?
– Утрымаю.
– А даўжэй?
– Калі Аллах дазволіць.
Тады старыя папрасілі ваяроў выйсьці з вёскі – каб выратаваць дамы, якія яшчэ не былі разбураны. Абаронцы вырашылі, што пакінуць Гэхі на наступны дзень, 11 ліпеня.
Дока Махаеў, камандзёр батальёна спэцназа і гэхінскіх апалчэнцаў, меў вялікую павагу сярод ваяроў. “Дока стаў для нас як бы старэйшым братам. – успамінае адзін зь іх камандзёра. – Ён дзяліўся з намі досьведам, вучыў нас быць разважлівымі і асьцярожнымі. Сваёй адкрытасьцю і шляхетнасьцю ён умеў прыцягваць людзей. Ён быў справядлівым і глыбака рэлігійным. Ягоны клопат аб іншых схіляў і нас да таго, каб дбаць аб баявых таварышах”.
Было дасягнута пагадненьне з чачэнскай міліцыяй, якая стаяла на пастарунку паміж Гэхі і Урус-Мартанам, што ваяры выйдуць з вёскі ў калёне цывільных уцекачоў. У сярэдзіне калёны першым ехаў на “Ніве” камандзёр гвардзейцаў Асламбэкаў, потым на УАЗе Дока з ваярамі, за імі аўтобус з ваярамі. Усе ехалі са зброяй, Асламбэкаў у чорным мундзіры прэзыдэнцкай гвардыі. Калі яму запрапанавалі апрануць цывільную вопратку, ён адмовіўся – “я не магу пазьбегнуць таго, што прызначыў для мяне Алах”.
У адпаведнасьці з дамовай, ваяроў прапусьцілі праз пастарунак. Але толькі яны пасьпелі ад’ехаць на 30 мэтраў, як здраднік, што быў на пастарунку, паказаў на іхныя машыны. Адзін з расейскіх афіцэраў загадаў затрымаць ваяроў і тройчы стрэліў у паветра. Тады жаўнеры спэцназа адкрылі ўраганны агонь па “Ніве”, УАЗу і аўтобусу з ваярамі. Дока загінуў на месцы разам зь яшчэ адным ваяром. Цяжка паранены Асламбэкаў здолеў пакінуць машыну і стрэлам з “Мухі” зьнішчыў БПМ, што стаяў каля пастарунка. Пазьней высьветлілася, што ў ім знаходзіўся расейскі генэрал, які камандаваў акцыяй у Гэхі. Гвардзейцы адыйшлі, маючы шмат параненых. Яны здолелі вынесьці свайго камандзёра з поля бітвы. На наступны дзень ён памёр у шпіталі ва Урус-Мартане.
Расейцы некалькі дзён не аддавалі сям’і цела Махаева. Ягоны сярэбраны мэдальён яны прадалі ваярам за 130 даляраў. Потым Хазман Умарава, журналістка прэзыдэцкага тэлебачаньня, аддала яго сыну Докі. Калі распачалася апэрацыя “Джыхад”, ваяры атачылі блок-пастарунак пад Гэхі і запатрабавалі выдаць ім жаўнераў, якія забілі камэнданта. Расейцы адмовіліся. Яшчэ б крыху і жаўнеры спалілі б пастарунак бэнзінам, аднак быў атрыманы загад з генштаба, каб не атакаваць блок-пастарунак.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

12/11/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2010
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь