Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка ХХІV)

Крэпасьць Бамут

“Бессьмяротная крэпасьць Бамут”, як назваў гэтую вёску Дудаеў, мела толькі адну вуліцу і 7 тысячаў жыхароў. Абарона Бамута, які 16 месяцаў змагаўся ў абкружэньні, стала легендай той вайны.
Пра Бамут, аб які расейцы паламалі сабе зубы, пачалі распаўсюджвацца дзіўныя зьвесткі. СМІ паведамлялі, што яго абараняе нейкі “спэцыяльны” спэцназ Дудаева. Пазьней яны дадалі, што там абараняюцца муджахэдзіны з Аўганістану. Паводле адных крыніцаў, абаронцы “непрыступнай крэпасьці” падбівалі бранемашыны лазэрнай зброяй, паводле іншых – яны хаваліся ад бомбаў у гіганцкіх падземных бункерах былой ракетнай часткі або ў шахтах, што засталіся ад балістычных ракет.

Рэчаіснасьць была празаічнай. Бамут – звычайная вёска, якіх у Чачэніі шмат. Калі яна і адрозьнівалася ад іншых, то толькі тым, што яе жыхары вырашылі весьці бескампрамісную барацьбу з расейскімі войскамі, не лічачыся з коштам змаганьня.

З Бамута паходзіў славуты барацьбіт за свабоду Чачэніі Хамзат Ханкараў. Шмат маладых жыхароў вёскі, якія служылі ў ягоным спэцбатальёне, пазьней сталіся камандзёрамі атрадаў паспалітага рушэньня. Салават Хазауры быў першым вайсковым камэндантам Бамута, Салман Фэрзаулі – камэндантам вёскі Аршты, Хасан Амрыеў абараняў Асінаўскую, Шырвані Албакаў выконваў абавязкі начштаба паўднёва-заходняга фронта.
Абаронцы вырашылі ваяваць не ў самой вёсцы, а на далёка высунутых пазыцыях. Чачэнскія сілы падзяліліся на баявыя групы з некалькіх чалавек, якія рассыпаліся ва ўсе накірункі. Вёска знаходзілася пад сталым артабстрэлам, таму ваяры не зьбіраліся ў адным месцы. Пазыцыі былі дасканала замаскаваныя, людзі перасоўваліся толькі ўначы.

Невялікія групы, разьмешчаныя ў навакольлі, увесь час атакавалі фэдэральныя войскі, што абкружылі Бамут. Расейскія пазыцыі абстрэльваліся прыцэльным агнём. Увесь час чачэнцы мініравалі дарогі і масты, праводзілі дывэрсіі, і нават нечаканы абстрэл з мінамётаў, на расейцаў палявалі снайпэры, якія рэгулярна заходзілі ў тыл ворага – усё гэта ў хуткім часе здушыла ініцыятыву праціўніка.

Калі жыхары пакінулі Бамут і перайшлі ў суседнюю вёску Аршты, абаронцы зьмянілі баявую тактыку. Вёску падзялілі на сэктары і кожны зь іх быў перададзены адному з абарончых атрадаў. На ўскрайку забудовы знаходзіліся невялікія групы, а асноўныя сілы разьмяшчаліся ў цэнтральнай частцы Бамута. Усе пазыцыі былі так замаскаваны, што вёска здавалася пустой. Галоўным мэтадам бою стала контратака. Праціўніка запускалі на тэрыторыю, кантралюемую ваярамі, а потым наносілі яму цяжкія страты і выціскалі яго прэч. На працягу ўсяго часу гераічнай абароны Бамута там былі зьвязаныя значныя расейскія сілы, што абмяжоўвала магчымасьць манеўра фэдэральных войскаў.

Расейцы захапілі Бамут пасьля крывавага трохдзённага штурма 22 сакавіка 1996 г. Ваяры адышлі на падрыхтаваныя лясныя базы ў гарах. Генэрал Анатолі Квашнін адразу ж заявіў, што гэтая перамога азначае канец вайны. Такім чынам расейцы перамагалі ў Чачэніі ўжо ў чацьвёрты раз. Першы раз яны абвясьцілі перамогу пасьля “узяцьця Рэйхстага” Дудаева, г. зн., прэзыдэнцкага палацу. У другі раз – калі ваяры адступілі з Грознага. У трэці раз – калі фэдэральныя войскі занялі ўсю раўнінную частку рэспублікі.
Да перамогі, аднак, было далёка. Ваяры вярнуліся ў Бамут у хуткім часе, на пачатку жніўня 1996 г.

Гойскае

Аднойчы ўвечары сустрэліся трое братоў. Адным зь іх быў камандзёр сэктара фронту Нурдзі Бажыеў. Два астатнія былі камандзёрамі батальёнаў. Нурдзі запрасіў братоў на вячэру ў вёску Гойскае.
Мужчыны селі за стол. Толькі Нурдзі ведаў, што праз кароткі час расейцы пачнуць штурм вёскі. Калі яны пачалі есьці, упалі першыя снарады.

Расейцы абкружылі Гойскае 14 сьнежня 1995 г. Пад’ехалі 10 танкаў і бранемашын з боку Урус-Мартана і 10 з Гойт. У вёсцы тады было васьмёра ваяроў з Мусой Бакаевым. Яны мелі дзьве “Мухі”, пяць снарадаў да двух бранябойных гранатамётаў, снайпэрскую вінтоўку і кулямёт. Калі расейцы ўвайшлі ў вёску, чачэнцы сустрэлі іх, спаліўшы чатыры бранемашыны. Пачалася паніка, бранемашыны пасунуліся назад, жаўнеры паўцякалі, кінуўшы два АГС, два кулямёты і два “Фаготы”. Потым на працягу двух месяцаў яны пагражалі вёсцы здалёк.

Увесну 1996 г. у рэспубліку ўступіла расейская 58-я армія генэрала Шаманава, якая ў папярэдніх баях практычна страціла баяздольнасьць. Цяпер яна атрымала падмацаваньні, павысіла колькасны склад да амаль 80 тысячаў чалавек, і з такім запасам сьвежай крыві генэрал Шаманаў распачаў свой ярмолаўскі рэйд па рэспубліцы. У абозе ён цягнуў з сабою, паводле дадзеных чачэнскай выведкі, 28 ракетных установак “Град” і 18 дальнабойных гармат. Расейцы спярша абкружылі Шалі. Але пакуль прыступілі да штурма, паспрабавалі расправіцца з абкружанай на працягу доўгага часу вёскай Гойскае.

Абаронцы ня мелі ілюзій, што ім удасца ўтрымаць вёску. Надта няроўнымі былі сілы па абодвух баках: на кожнага абаронцу вёскі прыходзілася адна расейская бранемашына! Людзі налічылі іх у раёне Гойскай каля 250. Абарона Гойскай павінна была, аднак, абвергнуць сьцьверджаньні Ельцына аб тым, што ў Чачэніі ўжо не ідуць баі.

На становішча абаронцаў, якіх падтрымала вясковая старшызна, паўплывалі паводзіны камандуючага той апэрацыяй расейскага генэрала Кандрац’ева. Падчас перамоваў са старшызнай генэрал праявіў выключную адсутнасьць павагі і сваеасаблівую салдафонскую пыху. Ваяры вырашылі даць яму ўрок. Адно з заданьняў, пастаўленых Дудаевым, гучала: “Абламаць расперазанаму генэралу рогі і сьцерці пыху зь ягонай прапітай фізіяноміі”.

Бітва за Гойскае заслугоўвае асаблівай увагі і аналізу як адзін з найбольш тыповых прыкладаў баёў на раўнінах. У вёсцы сканцэнтраваліся ў той час каля 200 ваяроў. Туды перакінулі таксама Ахмэда Закева ў якасьці камандуючага.

Генэрал брыгады Ахмэд Закаеў перад вайной быў акторам драмтэатра ў Грозным. Потым стаў міністрам культуры ва ўрадзе Джахара Дудаева. Ён быў адным з нямногіх міністраў, якія засталіся вернымі прэзыдэнту пасьля выбуха вайны. Ён ваяваў са зброяй у руках, стаў камандзёрам атрада, а з часам заняў пасаду камандуючага фронтам.

4 красавіка 1996 г. расейцы гвалтоўна атакавалі Гойскае. Яны паспрабавалі прарвацца ў вёску з усходу, але хутка адступілі пасьля страты некалькіх бранемашын. Пачакалі на новыя аддзелы, што падыходзілі з усяго навакольля, перагрупавалі сілы і зноў ударылі на золку наступнага дня.

Расейцы меркавалі рассекчы вёску на дзьве часткі імклівым ударам танкавага кліна, утворанага на малым участку абароны. Каб не дапусьціць гэтага, чачэнцы мусілі ўтрымаць танкі, якія ўжо прайшлі праз абарончыя лініі і знаходзіліся сярод дамоў. За бітвай назіраў з пагорку непадалёк камандуючы фронтам Хамзат Гелаеў. І… нехта яшчэ.
– Нурдзі, выходзь з вёскі, зараз яны цалкам абкружаць цябе! – крычаў па кароткахвалёўцы Гелаеў.
– Я ня выйду! – заўпарціўся Бажыеў.
– І так не дасі ім рады. Лепш выхадзі!
– Не, я хачу набіць ім морду!
Хацеў ці не хацеў, але Гелаеў з свайго НП інфармаваў Бажыева, куды рухаюцца танкі. А той, кіруючыся інфармацыяй, бегаў між дамоў з гранатамётам. Урэшце ён падпаліў першы танк.
– Ёсьць першы трафей! – зароў ён па радыё. – Красаўчык і тры аўтаматы!
Раптам у эфіры прагучала знаёмае, іранічнае “хе-хе-хе!”
– Ангел, ці гэта ня наш чорт? – спытаў ўражаны Нурдзі. (Ангел – крыптонім Гелаева).

Адбіваючы расейцаў, абаронцы спалілі 18 бранемашын. Апошні БМВ, якога не змаглі затрымаць, бо скончыліся снарады да гранатамёта, выехаў на насып чачэнскага акопа. Тады два ваяры – адным зь іх быў сын Мусы Бакаева Алісан – праз люкі шпурлянулі туды “лімонкі”. Убачыўшы бранемашыну, які ўскараскваўся на лінію акопаў, Муса Бакаеў кінуўся на дапамогу з пісталетам у руцэ. Побач зь ім бег ягоны лепшы сябра Хамзат Базаеў. У іх пад нагамі разарвалася міна. Хамзат быў сьмяротна паранены аскелкам у галаву. Бакаева з 74 аскелкамі ў целе таксама палічылі мёртвым. Калі ён прышоў ў сябе, праз два дні яго перавезьлі ў шпіталь ва Урус-Мартане. Ён лячыўся чатыры месяцы. Страты чачэнцаў у тым баі былі трое забітых. Замест параненага Бакаева камандваньне палком спэцназу прыняў Абубакар Магамадаў.

Дудаеў аддаў загад, каб атрады з рэзэрваў – батальёны спэцназу Умарава, Ісабаева і Лабазанава – ударылі звонку на расейцаў, якія штурмавалі вёску. Бой працягваўся да цемры. Калі пачало цямнець, расейцы адступілі, пакідаючы сваіх параненых і забітых. Многія патрапілі ў палон. Чачэнцы страцілі ў тым баі яшчэ 12 чалавек. Быў забіты брат Докі Умарава Муса. Загінулі Магамэд Ітаеў і Муса Базарчыеў. Загінуў Вісхан Дудаеў, стрыечны Джахара. Гэта быў адзін з 27 бліжэйшых родзічаў прэзыдэнта, якія загінулі ў той вайне.
– Чаму называеш свайго прэзыдэнта чортам? – спытаў Дудаеў, калі спаткаўся з Нурдзі Бажыевым.
– А навошта прэзыдэнт зьяўляецца там, дзе ідуць цяжэйшыя баі? – быў адказ. – Лепш сядзі сабе ў штабе і кіруй дэфіладай.
– А вы для мяне хаця кавалак горада захапілі, каб я мог выцягнуць ногі? Зрабілі з мяне лесьніка…
Джахар Дудаеў заявіў, што ў Гойскім ён дасягнуў сваю мэту – прадэманстраваў, што расейская прапаганда хлусіць, калі кажа, што ўсе чачэнскія вёскі заключылі мірныя пагадненьні з камандаваньнем фэдэральных войскаў, ніводная з чачэнскіх мясцовасьцяў не аказвае ўжо супраціву і расейцам няма з кім ваяваць. Аказалася, што 80-тысячная армія Шаманава ня ў стане даць рады з адной чачэнскай вёскай, якую абараняюць некалькі сотняў ваяроў.

27 красавіка 1996 г. расейцы ў чарговы раз пачалі штурм Гойскага. На сьвітанку прыляцела больш за 30 самалётаў, якія амаль поўнасьцю сьцерлі вёску з паверхні зямлі. Потым на працягу гадзіны яе абстрэльвалі ракетамі з верталётаў. Потым дашла чарга да артылерыі. Кананада працягвалася дзьве гадзіны. Урэшце ў руіны ўварваліся жаўнеры на бранемашынах. Зноў разгарэлася пекла. За нечалавечымі намаганьнямі фэдэральных войскаў сачылі з усьмешкай чачэнскія камандзёры і ваяры, якія сабраліся высака на адхоне гары пад Саады-катар. Расейцы ня ведалі, што ў вёсцы няма аніводнага ваяра, што ўсе яны адступілі пад прыкрыцьцём начы і жаўнеры ваююць з ценямі, штурмуючы пустыя дамы і акопы. “Усё там было замініравана, бранемашыны ўзьляталі ў паветра, і тады яны ішлі на штурм яшчэ больш зацята”. – распавядае Дока Умараў.

Усю вёску дакладна замініраваў сапёр Гелаева Эльмурза. “Я мініраваў танкавымі снарадамі і снарадамі, якія не выбухнулі, выкарыстоўваючы электрадэтанатары ўласнай канструкцыі, прымацаваныя да батарэяк у 9 вольтаў. Я назіраў за вынікамі сваёй працы з гары каля Саады-катар. Расейцы ўехалі ў Гойскае на бранемашынах, а потым забеглі ў траншэі, выкапаныя паміж Гойскім і Алхазуравым. Штохвіліну бачныя былі выбухі мін. Яны не сарыентаваліся, што акопы замініраваны. Думалі, што іх абстрэльвае наша артылерыя. Жаўнеры звычайна шукаюць расцяжкі, а я мініраваў зусім інакш. Уся інсталяцыя была схавана на дне або ў сьцяне акопа. Я выкарыстоўваў націсковы кантакт, які спрацоўваў, калі на яго наступалі нагой”.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

29/10/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2010
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024