Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“Чорныя цюльпаны”

Здаецца, зусім нядаўна мы прыгадвалі пра 50-я ўгодкі з дня сьмерці Сталіна (адбылося 5 сакавіка 1953 г.), а ўжо просяцца ва ўспамін паўстагоддзявыя юбілейныя даты разьвітога хрушчавізма.
У 1960-м усяго сем гадоў прамінула з пышнага ўнясеньня ў маўзалей у Маскве муміі “любімага важдзя і генія”, а СССР жыў зусім іншымі рытмамі. Хрушчоў цалкам зьмяніў імідж начальніка імпэрыі. Калі Сталін бязвылазна сядзеў у Крамлі (напрыклад, у Ленінградзе ён так і не пабыў аніразу з 1918 года), то Мікітка (як яго называў быў Сталін) актыўна езьдзіў па ўсім сьвеце. Ён нават імпанаваў публіцы ў розных краінах, ён быў майстар плебейскага экспромта і асоба ня надта абцяжараная комплексамі. Падчас візыту ў ЗША ён з групай амэрыканскіх палітыкаў хадзіў па кукурузнаму полю, вакол бегалі журналісты, шчоўкалі і трашчалі сваёй апаратурай. Хрушчову гэта абрыдла і ён моцна кінуў у іх вялікі камык зямлі (гэта, дарэчы, дадала яму сімпатыі амэрыканскіх працоўных). Знакамітым ёсьць ягоны выступ з чаравіком на сэсіі Генасамблеі ААН, а таксама спіч на канфэрэнцыі ў Вене, дзе ён крычаў амэрыканцам: “Мы вас похоронім!” Хадзілі легенды, што ён перасоўваўся з мінімальнай аховай. Можа яно так і было. На прыканцы ягонага цараваньня, калі мільёны людзей ня бачылі белага хлеба і лысы арыгінал пачаў усіх нудзіць, гэта мела для яго сумныя наступствы. Аднойчы на Хрышчацік у Кіеве начальства сагнала тысячы людзей удаваць “радушную встречу” і прымусіла кідаць у бок картэжа букеты кветак. Нехта замаскіраваў у букеце фрагмэнт цагліны і далёка шпурлянуў свой прэзэнт. Хрушчова павезьлі прэч з акрываўленай галавой…

Але ўсё гэта яшчэ наперадзе. Наша юбілейная рэфлексія прысьвечана залатой сярэдзіне эпохі хрушчоўскага рэабілітанса, які доўжыўся з 1956 па 1964 год. У сакавіку 1960-га генсек КПСС і прэм’ер СССР М.С. Хрушчоў і вялікая савецкая дэлегацыя зьдзейсьнілі афіцыйны сяброўскі візыт у Аўганістан. За ўсю гісторыю ўзаемных дачыненьняў дзьвюх дзяржаваў гэта было ў першы і апошні раз. А дачыненьні былі даволі актыўнымі, нават калі лічыць з 1917 года. Менавіта Аўганістан першым у сьвеце ўсталяваў дыпляматычныя адносіны з Савецкай Расеяй (люты 1921 г.). Саветы адудзячылі дружалюбным суседзям на свой тыповы манер. Крэмль заслаў у Аўганістан сотні сваёй бальшавіцкай агентуры з ліку чырвоных узбэкаў і таджыкаў. Тыя пачалі “распускать пропаганды” сярод кансэрватыўных аўганцаў: “Бога нет, товарішчі”, “всё поделіть”, “із феодалізма в коммунізм” і г.д. Народ слухаў іх нядоўга, а потым ліквідаваў на працягу некалькіх дзён. Пазьней, у 1929 годзе саветы яшчэ раз паспрабавалі дэстабілізаваць і захапіць суседнюю краіну. Калёна РККА прамаршыравала па аўганскай тэрыторыі каля 60 кілёмэтраў, але павярнула назад. Ці то вада скончылася ў “вызваліцеляў”, ці то Брытанія прыгразіла вайной, але Масква адклала “вызваленьне Аўганістана ад аўганцаў” роўна на 50 гадоў.

Кадры кінахронікі дэманструюць сапраўды вельмі дружалюбную сустрэчу, якую наладзілі маскоўскім гасьцям аўганскі народ і эліты. Хрушчоў проста ў прэзыдыюме надзеў на сябе падораны яму стракаты аўганскі халат, за ім тое ж зрабіла і ўся маскоўская каманда. Генсек шмат жартаваў і ўсьміхаўся. Падобна, што сапраўды ў яго быў вясёлы і аптымістычны настрой. Нападпісвалі цэлую кіпу дамоваў на супрацоўніцтва і дапамогу. У Аўганістан паехалі тысячы савецкіх спэцыялістаў (шмат беларусаў). Безьліч аўганскіх студэнтаў і іншых спэцоў прайшла праз савецкую цывільную і вайсковую вывучку. У нас у Гомелі таксама захаваліся ўспаміны пра даваенны Аўган. Шмат аўганскіх афіцэраў-лётнікаў стажыравалася на авіябазе ў Зябраўцы, што каля Гомеля (тады там быў запасны, на выпадак вайны камандны пункт Варшаўскай дамовы). Іхныя жонкі нараджалі дзяцей у гомельскім раддоме. Там працавала мая маці. Яна расказвала, як афіцэршы грэбліва ставіліся да абслугі, называлі беларусак “сьвіньнямі”. Беларускія вайскоўцы яшчэ бліжэй пазнаёміліся з традыцыйным азіяцкім грамадзтвам. Іх уразілі парадкі, што існавалі ў аўганскай арміі, і яны забаранілі афіцэрам зьбіваць жаўнераў. Дагэтуль гамяльчане ўспамінаюць спэктакль, які недзе ў 60-я гады паказвалі ў мясцовым драмтэатры. Называлася п’еса “Чорныя цюльпаны” і была прысьвечана аўганскім фэлахам і выведзенаму імі новаму гатунку кветак.
Аўганскі народ сапраўды хацеў жыць у міры. У першай палове ХХ стагоддзя яму ўдалося пазьбегнуць вялікай бяды. Лоя-джырга (генэральная нарада старэйшынаў ўсіх плямёнаў) у 1914 і 1939 гадах адзінадушна прагаласавала за нэўтралітэт у сусьветных канфліктах. Краіна нетаропка крочыла сваім спрадвечным шляхам. Фэадальныя канфлікты былі пэрманентнай зьявай. Штогод у перастрэлках і сутычках гінула каля 200 чалавек. Пасьля 1960-га года ў краіне пачаліся імклівыя працэсы мадэрнізацыі ва ўсіх сфэрах жыцьця. Хто працаваў там, успамінае рэспэкт і павагу да савецкіх спэцоў. Калі рускі напіваўся і падаў на вуліцы, мінакі абшарвалі ў яго кішэні. Але толькі для таго, каб па дакумэнтах даведацца, дзе жыве “шураві” і аднесьці яго на кватэру…

Кароль Дауд і ўрад краіны прытрымліваліся выразна прасавецкай палітыкі. У прынцыпе для ўсяго сьвету антыманархічны пераварот, зьдзейсьнены пад кіраўніцтвам Масквы ў Кабуле ў 1973 годзе, быў поўнай нечаканасьцю. Да ўлады прышоў пляменьнік караля, ён адмяніў манархію і зрабіўся прэзыдэнтам. Прэзыдэнт Дауд працягнуў палітыку шчыльнага супрацоўніцтва з саветамі. Але ўжо ў красавіку 1978 года Масква арганізавала “народную рэвалюцыю”. Дауд і ўся ягоная сям’я былі расстраляны “рэвалюцыянэрамі”. Аўганскія выпускнікі расейскіх партшколаў і спэццэнтраў КГБ пачалі вайну супраць рэлігіі і традыцыйных нацыянальных элітаў (“протів мракобесія і угнетателей”). Народ доўга не цярпеў зьнішчэньне духоўных каштоўнасьцяў і шанаваных людзей, калектывізацыю і чырвоныя сьцягі. У краіне пачалася партызанская вайна супраць прамаскоўскіх экстрэмістаў. Падобна, што Крэмль не прадугледжваў такога паварота падзеяў. Ім мабыць здавалася, што аўганскі народ можна ўзяць голымі рукамі. Ужо праз паўтара гады, у сьнежні 1979 года Масква вымушана была ратаваць сваіх васалаў спосабам простага ваеннага ўмяшальніцтва.

З пачатковага пэрыяду Аўганскай вайны найбольш вядомым зьяўляецца эпізод з штурмам прэзыдэнцкага палацу ў Кабуле савецкімі спэцчасткамі. Не выпадкова цяперашняя расейская прапаганда засяроджвае ўвагу менавіта на гэтым “подвіге нашіх ребят”. Такім чынам Масква імкнецца адцягнуць увагу ад больш жудаснага па маштабах эпізода інвазіі. Пакуль “альфаўцы” штурмавалі сталічны палац, крамлёўскія стратэгі загадалі арміі перайсьці мяжу і заняць усю краіну. На прыканцы сьнежня 79-га – пачатку студзеня 80-га калёны савецкага войска пайшлі па горных дарогах, па чужой зямлі. Абсалютная большасьць вайскоўцаў былі маладыя (народжаныя якраз у 1960 годзе), ненавучаныя, слаба ўзброеныя жаўнеры – сярод іх тысячы беларусаў. Яны ня мелі артылерыйскай і авіяцыйнай падтрымкі. Іх проста гналі наперад. Як заўсёды ў расейска-ардынскай стратэгіі – “грудью, товарішчі”. Аўганскія мужчыны адразу пачалі бараніць радзіму ад інтэрвэнтаў. Савецкія калёны былі расстраляныя аўганскім паспалітым рушэньнем, па іхных трупах ішлі наступныя аддзелы. Гэта быў першы акт аўгана-савецкай трагедыі. Потым было яшчэ шмат актаў. Макабрычную вядомасьць набылі грузавыя самалёты, на якіх у СССР перавозілі трупы забітых мужчын і юнакоў. Іх называлі “чорнымі цюльпанамі”…

Гісторыя гэтай вайны цяпер больш менш вядомая. Раскрыліся факты жудасных злачынстваў савецкай ваеншчыны, генэральская-афіцэрская карупцыі (пляны ўсіх савецкіх апэрацыяў былі заранёў прададзены штабнікамі аўганскім партызанскім камандзёрам), зьдзеку савецкіх начальнікаў з уласных падначаленых і параненых, адміністрацыйнага зьдзеку з інвалідаў і вэтэранаў ужо ў саўдэпіі. І над усім хлусьня, дэмагогія і яшчэ раз хлусьня. Праз дзесяць гадоў аўганскі народ выгнаў акупантаў з сваёй зямлі, нанёс саўдэпіі такі ўдар, які прыспешыў яе развал і падзеньне ўсяго праз некалькі гадоў. Але брутальнае ўмяшальніцтва Масквы і савецкая палітыка генацыду аўганскага народу дэстабілізавалі старажытную краіну настолькі глыбака і грунтоўна, што Аўганістан ня можа вярнуцца да нармальнага жыцьця дагэтуль. 32 гады пэрманентнай вайны, разрухі, варажнечы, экстрэмізму. І, здаецца, што гэтаму ня будзе канца.

Успомнім, што ў тым самым 1960-м годзе Мікіта Хрушчоў прыязджаў з візытам і да нас у Менск. Ён таксама жартаваў і сьмяяўся, казаў камплімэнты. Напрыклад у выступе ў БДУ сказаў, што “белорусскій народ стремітельно ідёт к победе коммунізма, потому что он перешёл на русскій язык…” І сапраўды, маскоўскім магнатам ня трэба было дэстабілізаваць беларускую правінцыю. Ім здавалася, што тут ужо ўсё вырашана. Задаволенасьць і весялосьць іхныя былі шчырымі.
Аўганцы і цэлы сьвет не маглі зразумець, у чым справа. Усё пачыналася так прыгожа і міралюбна. “Шураві” дапамаглі ім мадэрнізаваць гаспадарку і соцыюм, навучылі ў акадэміях тысячы людзей. А потым раптам пачалі арганізоўваць путчы і дайшлі да зьнішчальнай агрэсіі. Без зьнешняй прычыны.

Проста даўно трэба было б перакласьці на мовы дары і пушту “Іліяду” Гамэра. Там ёсьць класічны вобраз, які ўражвае сваёй унівэрсальнасьцю. Вобраз траянскага каня, Гамэрава папярэджаньне: “ня верце данайцам, якія даюць падарункі…” Аўганскі народ з удзячнасьцю прыняў з Масквы “брацкую дапамогу” і прапановы супрацоўніцтва. Але мусіў бы спытацца ў народаў, якіх ужо захапіла Масква, пра тое, чым гэта скончыцца. Падсавецкія народы патлумачылі б наіўным, што падарункі скончацца здрадай, захопам, генацыдам, русіфікацыяй і зьнішчэньнем усяго жывога і сьвятога. Што наперадзе ў Аўганістана адзін шлях – далучэньне да маскоўскай імпэрыі і разгром усяго нацыянальнага. А яны паверылі усьмешкам і простым манерам візыцёра Хрушчова з камарыльяй.

Калі мы цяпер чуем прапановы з Масквы ашчасьлівіць нас атамнай станцыяй, русскім языком, агульным рублём, калі мы бачым фальшывыя ўсьмешачкі Барадзіна, Пуціна і іншых, мы павінны разумець – радзіму і будучыню дзяцей трэба ратаваць ужо зараз. Наша будучыня – ў сям’і цывілізаваных народаў Эўропы, куды ўжо вярнуліся нашыя суседзі. Вяртаньне ў Расею – гэта пагібель. Беларусь выбірае жыцьцё.

Валеры Буйвал

14/3/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2010
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024