Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Камуністы і камунізм у Эўразьвязе

У Заходняй Эўропе мы назіраем цікавыя перамены. Грамадзяне, сытыя экспэрымэнтамі, якія праводзяць над імі лібэралы і сацыялісты, пачалі актыўна галасаваць за прадстаўнікоў правых народных, хрысьціянскіх, кансэрватыўных партый. Урэшце эўрапейцы пачынаюць эфэктыўна выкарыстоўваць мэханізм дэмакратыі дзеля таго, каб пазьбегнуць катастрофы, да якой імкліва вядзе Эўропу ўлада левых “рамантыкаў”. Людзі выказваюць недавер дзеячам, для якіх не існуюць правы нацыі, а толькі “правы чалавека”, начальнікам, якія ў імя гэтых “правоў” раскрылі брамы краінаў для расейскіх бандытаў і мафіёзаў, афрыканскіх гультаёў і мільёнаў іншых чужынцаў. Грамадзяне абралі шэраг нацыянальных палітыкаў у Эўразьвяз. І для брусэльскай бюракратыі раптам скончылася спакойнае і вальяжнае жыцьцё. Даўно не гучалі (а можа і ўпершыню прагучалі) словы суровай праўды пад скляпеньнямі эўразьвязаўскіх палацаў. Нацыянальныя прадстаўнікі раскрываюць цікавыя падрабязнасьці з жыцьця і дзейнасьці цяперашніх брусэльскіх элітаў. Праўда падабаецца ня ўсім. Левыя перарываюць прамовы гуканьнем, сьмехам і воплескамі (спосаб спыненьня прамовы). Але праўда гучыць.

Прапануем пераклад дзьвюх кароткіх, але ёмістых прамоваў брытанскага эўрадэпутата-народніка Найджэла Фэрэджа, перададзеных чэшскім тэлеканалам Gloria. TV.

Крыніцы: http://cs.gloria.tv/?media=53961
http://cs.gloria.tv/?media=53267

***

Найджэл Фэрэдж, эўрадэпутат (Вялікая Брытанія), старшыня фракцыі “Эўропа свабоды і дэмакратыі”.

Першы выступ
падчас дэбатаў на прэзэнтацыі новага складу Эўракамісіі (ураду Эўразьвязу). Стразбург, 9 лютага 2010 г.
Добры дзень. Тое, што мы сёньня маем перад сабой – гэта новая ўлада Эўропы. Улада, якая паводле Лісабонскага пратаколу, атрымала вялізныя паўнамоцтвы. Яна атрымала ня толькі міністэрства замежных справаў і амбасады, ня толькі магчымасьць падпісваць дамовы, але і надзвычайныя паўнамоцтвы з мэтай літаральна прыўлашчваць уладу над краінамі-сябрамі Эўразьвязу. Нягледзячы на гэта, сёньня раніцай мы пачулі ад старшыняў найвялікшых фракцыяў Эўрапарляманту пажаданьне, каб яны ўзялі на сябе яшчэ больш паўнамоцтваў і як мага хутчэй. Можа варта будзе нагадаць, што Дамова, якая надае гэтай Эўракамісіі гэтыя паўнамоцтвы, ня мае ў Эўразьвязе ніякай дэмакратычнай легітымнасьці. Вы ігнаравалі вынікі рэфэрэндумаў, пазьбягалі рэфэрэндумаў і ціснулі на ірляндцаў, каб яны галасавалі ў другі раз.

Кідаецца ў вочы, што “агульным назоўнікам дробу” у гэтай Эўракамісіі зьяўляецца вялікая колькасьць з тых, хто быў камуністам або быў вельмі набліжаным да камуністаў. Сам пан Барозу быў мааістам. Сім Калас быў не студэнцкім актывістам, ён нават быў членам Вярхоўнага Савета. Яшчэ ў нас тут ёсьць першаклясная камуністка. Баранэса Эштан дзейнічала ў Руху за ядзернае разбраеньне, але дагэтуль нам так і не распавяла, ці брала грошы ад Камуністычнай партыі Вялікай Брытаніі. Я мог бы працягнуць далей, але гэта зойме вам яшчэ часу. Але ў гэтай Эўракамісіі мы маем мінімальна 10 камуністаў. І гэта вамі павінна ўспрымацца як вяртаньне да былых часоў.
Камуністы павінны адчуваць пэўную настальгію. Пасьля таго, як 60 гадоў таму на Эўропу апусьцілася жалезная заслона, мы маем тут жалезны кулак у Эўракамісіі. Мы ўбачылі гэта ў сувязі з артыкулам 121 і ў сувязі з тым, як вы эфэктыўна зрабілі з Грэцыі пратэктарат. Няшчасная Грэцыя, якую кінулі ў эканамічную турму пад назовам эўра! Няшчасная Грэцыя, якую кінулі ў сучасны варыянт турмы народаў, адкуль, як аказваецца, няма выйсьця! Што патрэбна Грэцыі, пане Барозу, — гэта дэвальвацыя, а не сада-манэтарызм. Бог ведае, што зь імі будзе. У 1968 годзе мы мелі брэжняўскую дактрыну абмежаванага сувэрэнітэту. Цяпер мы маем “агульныя каштоўнасьці”. Маем “усё больш шчыльны Эўразьвяз” і “агульны сувэрэнітэт”, як вы гэта цяпер называеце. Але безумоўна, што так будзе ня толькі з Грэцыяй, бо тое ж самае станецца з Іспаніяй, Партугаліяй і Ірляндыяй. Паступова праз гэта пройдуць усе краіны.

Пане Барозу, Вы сказалі, што будзеце прытрымлівацца нашага курса. А гэта значыць, што Вы штурхнеце мільёны людзей у вялікія непрыемнасьці, калі будзеце імкнуцца ўтрымаць гэты катастрафічны праект, якім зьяўляецца эўра. Ён распадзецца на кавалачкі, на гэты конт ня можа быць сумневу. Гэта адбудзецца безумоўна, так, як гэта адбылося ў Брытаніі з мэханізмам абменных курсаў у 1992 годзе. Вы можаце сьмяяцца, можаце ўсьміхацца. Гэта ня будзе дзейнічаць. Яно ня можа быць дзейсным. Распадзецца на кавалачкі, а што тычыцца эўрапейскіх народаў, то чым хутчэй гэта распадзецца, тым лепш.
Мы патрабуем дэмакратычнага рашэньня гэтай праблемы. Калі вы будзеце надалей прасоўваць свой экстрэмісцкі эўро-нацыяналізм, гэта прывядзе да гвалту. Мы мусім галасаваць супраць гэтай Эўракамісіі. Будучыню Эўропы мы павінны даверыць людзям у кожнай краіне-сябры ЭЗ на свабодных і празрыстых рэфэрэндумах. Дзякуй.

Найджэл Фэрэдж.
Другі выступ.
9 лютага 2010 г. Стразбург.

Наступныя пакаленьні будуць распавядаць дзецям гэтую гісторыю. Бацькі будуць казаць: маўляў, Эўропа была падзеленай. Быў там вялікі мур проста пасярэдзіне. І людзі на Усходзе былі вельмі бедныя і ня мелі дэмакратыі. І жылі яны ў дрэннай сыстэме, якая называлася камунізмам і якая забіла мільёны сваіх людзей. Потым настала вялікая радасьць, гэты мур быў развалены. І мы сталіся 27-ю народамі, людзі якіх зажылі ў дэмакратыі. І 500 мільёнаў людзей жылі ў міры. Але на жаль… на жаль, на жаль… (Воплескі з боку левых фракцый).

Не, я хачу яшчэ сказаць. Я абяцаю… абяцаю вам… Абяцаю вам, што маю, што сказаць. Дзякуй, дзякуй. Можа я мушу цяпер сесьці? Але я мушу сказаць цяпер, што ўпершыню… упершыню я атрымаў такія воплескі. І лепш Вам, пане Вэрхофстадтэ, лепш бы Вам прысесьці. Калі можна… На жаль, гісторыя працягваецца. Палітыкі на пасадах былі вельмі сквапныя. Хацелі для сябе грошай і хацелі ўлады. І таму пачалі карыстацца хлусьнёй і падманам. І такім чынам падрыхтавалі гэты найцудоўнейшы бюракратычны путч, якога сьвет яшчэ ня бачыў. Але дзеля гэтага ім не былі патрэбныя кулі. Яны былі значна больш хітрэйшыя, значна большыя інтрыганы. І так прасунулі сваю дамову. Называлася яна – Лісабонская дамова. І такім чынам, такім чынам 27-мі людзям была дадзена абсалютная неабмежаваная ўлада. То былі тыя людзі, тыя людзі, якія рабілі ўсе законы. Зразумела, што ў іх ужо быў сьцяг і быў гімн. Але яны ішлі ўсё далей у будаўніцтве новай дзяржавы. Але яны ігнаравалі грамадзянаў. І пабудавалі, сьведама ці не, зноў жа тую самую дрэнную сыстэму, у якой раней жылі людзі ва Усходняй Эўропе. І неверагодна… гэта было неверагодна, але многія з тых новых босаў раней працавалі на тую дрэнную сыстэму.

Зразумела, іхны плян меў недахопы, і іхны фантастычны манэтарны праект скончыўся калапсам. Аднак, гэтыя новыя начальнікі не хацелі слухаць грамадзянаў. Не, яны надалей абцяжарвалі ім жыцьцё. Яны аддалі мільёны людзей у абдымкі беднасьці, не давалі людзям слова сказаць. І ўрэшце рэшт людзі мусілі прыбегнуць да гвалту, каб вярнуць сябе свае нацыянальныя дзяржавы і дэмакратыю. І навучаныя… і навучаныя досьведам, што начальнікі нічаму не навучыліся з гісторыі.

Сябры Эўрапейскага Парляманту, перш чым вы даверыце ўладу гэтай Эўракамісіі, успомніце, успомніце, што 60 гадоў таму на Эўропу апусьцілася жалезная заслона. А цяпер з гэтай Эўракамісіі стаўся жалезны кулак. І яго вельмі добра цяпер адчуваюць у Грэцыі. Мы ня можам пабудаваць новы…
(Старшыня Эўрапарляманту Ежы Бузэк выключыў мікрафон).
Дзякуй, пане старшыня.

12/3/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2010
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024