Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Анатоль Грыцкевіч: Юбілей Зянона Пазьняка

Гэты артыкул быў напісаны да 65-годдзя Зянона Станіслававіча Пазьняка і перададзены аўтарам ва ўправу ТБМ. але на шляху з Менска ў Ліду ў рэдакцыю газеты “Наша слова” рукапіс артыкула знік пры загадкавых абставінах. Таму артыкул адноўлены па памяці. А.Г.

У 2009 г. Зянону Станіслававічу Пазьняку спаўняецца 65 гадоў. У энцыклапедычных выданнях і даведніках пра яго гаворыцца коратка: беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, старшыня Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, мастацтвазнаўца, пісьменнік, паэт.

Аднак гэта характарыстыка няпоўная. Зянон Пазьняк – лідэр беларускага Адраджэння, харызматычны кіраўнік Беларускага Народнага Фронту з канца 1988 года, лідэр апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання 1990-96 гг., якая, адносна невялікая (30 дэпутатаў), прымусіла камуністычную большасць Вярхоўнага Савета БССР спачатку прыняць Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, а потым надаць ёй статус канстытуцыйнага закона.

Зянон Пазьняк быў не толькі кіраўніком дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але і лідэрам усяго нацыянальнага руху беларускага народа ў канцы 80-х-90-х гадах ХХ ст. Яго аўтарытэт прызнавалі не толькі прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту, але і людзі абыякавыя да палітыкі і палітычныя праціўнікі. Імя Пазьняка ў Беларусі стала сінонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў, барацьбы за дасягненне суверэнітэту краіны і захаванне незалежнасці Беларусі. Поўная адданасць ідэі незалежнасці , пастаянная барацьба за гэтую ідэю ў неспрыяльных умовах, барацьба супраць прамаскоўскага марыянетачнага рэжыму ва ўмовах фактычнай акупацыі краіны, адыходу часткі прыхільнікаў ад З. Пазьняка і здрада некаторых былых паплечнікаў – усё гэта ніколькі не змяніла характару Зянона Пазьняка. Ён застаецца ўсё такім жа лідэрам, які працягвае служыць інтарэсам сваёй роднай краіны, такім жа вытрыманым, мэтанакіраваным, прадбачлівым. Яго фармулёўкі дакладныя, трапныя з вычляненнем самага галоўнага.

У адрозненне ад многіх іншых палітычных дзеячаў Беларусі ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя, якія шмат у чым захавалі рысы савецкіх людзей з іх комплексамі, звычкамі і настроямі, Зянон Станіслававіч Пазьняк з’яўляецца беларускім хрысціянінам, які быў узгадаваны ў традыцыях свайго каталіцкага роду. А гэта надало З.С. Пазьняку лепшыя рысы яго характару.
Ужо на пачатку 90-х гадоў была заўважана прадбачлівасць Зянона Пазьняка. Агульнай у грамадстве стала фраза : “Усё так, як казаў Пазьняк!” Аднак, як сказана ў Бібліі, “няма прарока ў сваёй Айчыне”. Шмат хто не разумеў яго, распрапагандаваная яшчэ ў савецкі час, а потым пракамуністычным рэжымам пачатку 90-х гадоў і асабліва лукашэнкаўскай прапагандай, маса ўспрыняла скажоны вобраз З. Пазьняка і спакойна аднеслася да пагрозы жыццю Зянона Станіслававіча, калі ён у 1996 г. мусіў з’ехаць за мяжу. Аднак і адтуль ён кіруе Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыяй – БНФ і Беларускім Народным Фронтам “Адраджэньне”, сустракаецца з дзяржаўнымі дзеячамі іншых краін, прадухіляе пагрозы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі з боку імперыялістычнай Расіі і некаторых заходніх палітыкаў, гатовых ахвяраваць Беларусяй дзеля нейкіх сваіх выгод у дачыненнях з кадэбісцка-алігархічным рэжымам у Расіі.

З. Пазьняк паходзіць з беларускай нацыянальнай дынастыі. Яго дзед Ян Аляксандравіч (Янка), дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, арыштаваны ў кастрычніку 1939 г. бальшавікамі ў Вільні, вывезены ў БССР і растраляны. Бацька Зянона Пазьняка, Станіслаў Пазьняк, ваяваў з нямецкімі фашыстамі і загінуў на фронце ў 1944 годзе.

Нарадзіўся Зянон Станіслававіч Пазьняк 24 красавіка 1944 г. у мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, па спецыяльнасці тэатразнаўца.

Зянон Пазьняк працаваў у розных установах, у тым ліку фатографам Дзяржаўнага музея БССР, у музеі Янкі Купалы ў Менску, вучыўся ў аспірантуры. З 1972 года З.С. Пазьняк працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, займаўся мастацтвазнаўствам. Пасля чарговых палітычна-адміністратыўных рэпрэсіяў у 1974 годзе быў пазбаўлены працы ў гэтым інстытуце.

З 1976 года займаўся археалогіяй у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, працаваў спачатку малодшым, а потым старэйшым навуковым супрацоўнікам. Падрыхтаваў дысертацыю “Праблемы станаўлення і развіцця беларускага прафесійнага тэатра пачатку ХХ стагоддзя (1900-1917 гг.)”. З-за канфлікту па прынцыповых навуковых пытаннях з кіраўніцтвам інстытута Зянон Станіслававіч мусіў перанесці абарону сваёй дысертацыі ў Ленінград, дзе ў 1981 г. паспяхова абараніў яе і атрымаў навуковую ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Дарэчы, адзначалі сябры абарону дысертацыі на кватэры ў Валянціна Грыцкевіча, будучага (з 1988 г.) і цяперашняга старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.
Тут хачу перапыніць апавяданне пра паважанага Зянона Станіслававіча і сказаць пра сябе. Мне таксама прыйшлося пасля канфлікту з тагачасным кіраўніцтвам Інстытута гісторыі з-за маіх поглядаў на Вялікае Княства Літоўскае абараняць сваю доктарскую дысертацыю аб прыватнаўласніцкіх гарадах Беларусі ў ХVІ-ХVІІІ стагоддзях у 1985 г. у Вільні, бо тут дысертацыю “не бралі ў чаргу”.

У аддзеле археалогіі Зянон Пазьняк вывучаў перыяд позняга сярэдявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі ў Менску, Лоску (Валожынскі раён), Мядзелі, Суботніках і іншых месцах.

Ад 1960-х гадоў З.С. Пазьняк актыўна змагаўся за захаванне гісторыка-архітэктурнага асяроддзя Менска, якое разбуралася ў працэсе сацыялістычнага будаўніцтва. У 1969 г. ён апублікаваў артыкул у газеце “Правда” на гэтую тэму, што адтэрмінавала знішчэнне многіх гістарычна каштоўных будынкаў і кварталаў у цэнтры Менска. З. Пазьняк адстаяў ад разбурэння гістарычныя кварталы Менска: Траецкае прадмесце, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце. Займаўся тэорыяй і практыкай аховы і аднаўлення культурна-гістарычнай спадчыны Менска.
Ужо ў гэты час Зянон Станіслававіч Пазьняк становіцца вядомым у колах беларускай інтэлігенцыі як чалавек адданы нацыянальнай справе.

Зянон Пазьняк стаў шырока вядомым, калі ў 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусветнай грамадскасці і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах, мясцовасці ля Менска, дзе ў 1937-1941 г. (да сярэдзіны чэрвеня) супрацоўнікі НКВД расстрэлівалі людзей. Разам з Я. Шмыгалёвым З. Пазьняк апублікаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” ад 3 чэрвеня 1988 года артыкул “Курапаты – дарога смерці” пра масавыя расстрэлы і шматлікія пахаванні людзей у гады сталінскага бальшавіцкага тэрору. Папярэдне паводле ўсіх навуковых правілаў З. Пазьняк разам з археолагамі М. Крывальцэвічам і А. Іовам зрабілі археалагічныя раскопкі пахаванняў ва ўрочышчы Курапаты Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну з адпаведнымі замерамі, апісаннямі раскопаў і заключэннем. Артыкул “Курапаты – дарога смерці” страсянуў беларускае грамадства. Давер да камуністычнай партыі, якая кіравала ў СССР паступова знікаў нават у саміх чальцоў партыі, бо партыйнае кіраўніцтва, у тым ліку ў БССР, не хацела прызнаваць гэтыя злачынствы і старалася прыпісаць іх нямецкім фашыстам. Усё ж пасля публікацыі артыкула З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва ў тым жа 1988 годзе пачалося крымінальнае следства і створана ўрадавая камісія, якія афіцыйна пацвердзілі факт існавання ў Курапатах пахаванняў расстраляных у другой палове 30-х гадоў да пачатку савецка-германскай вайны 1941-1945 гг. Паводле папярэдніх падлікаў у Курапатах магло быць расстраляна да 100 тысяч чалавек, а ўлічваючы, што ў другой палове 40-х частка магіл была знішчана ўладамі , а частка аказалася пад пракладзенымі дарогамі, то колькасць расстраляных магла сягаць і да 200 тысяч чалавек.

Слова “Курапаты” стала сінонімам месцаў масавых расстрэлаў органамі НКВД у Беларусі і ва ўсім СССР. На Беларусі каля кожнага буйнога горада былі знойдзены свае Курапаты. У Расіі з’явіліся сімвалічныя назвы Ленінградскія Курапаты, Краснаярскія Курапаты і г.д. Курапаты ля Менска сталі месцам нацыянальнага пантэону.

Зянон Пазьняк стаўся адным з актыўных заснавальнікаў і Старшынёй Мартыралогу Беларусі і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” у 1988 годзе. Адбылося гэта на сходзе нацыянальнай інтэлігенцыі і прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі 19 кастрычніка 1988 года ў тагачасным памяшканні Саюза кінематаграфістаў Беларусі (будынак Чырвонага касьцёла). Тады быў створаны аргкамітэт БНФ, у які ўвайшлі прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі. Адразу пачалі ўзнікаць групы падтрымкі БНФ на заводах і ва ўстановах. Узнік масавы рух за дэмакратыю, пераўтварэнні ў грамадстве і незалежнасць Беларусі.

30 кастрычніка 1988 г. адбылася масавая дэманстрацыя грамадзян Менска і іншых мясцовасцяў Беларусі, якую ўзначаліў Зянон Пазьняк. Яна была прысвечана памяці ахвяраў сталінізму (“Дзяды-88”). Дэманстрацыя была разагнана антыбеларускімі камуністычнымі ўладамі з прымяненнем дубінак і слёзацёчных газаў, што было ўпершыню на тэрыторыі Савецкага Саюза. З. Пазьняк згуртаваў вялікую колькасць дэманстрантаў і прадухіліў іх распыленне міліцэйскімі сіламі і масавыя арышты. Яго кароткая прамова надала сілы і стойкасць дэманстрантам. Разгон дэманстрацыі выклікаў узрастанне апазіцыйных настрояў у грамадстве.
24-25 чэрвеня 1989 г. у Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд БНФ “Адраджэньне”, які прыняў статут і праграму БНФ. Старшынёй БНФ быў абраны Зянон Пазьняк.

На выбарах у вярхоўны Савет БССР у 1990 г. было абрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Саміх жа дэпутатаў ад БНФ было 30. Яны склалі фракцыю БНФ – дэпутацкую Апазіцыю камуністычнаму рэжыму. Узначаліў апазіцыю ў Вярхоўным Савеце яе лідэр Зянон Пазьняк.

Зянон Пазьняк вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе. Нягледзячы на фальсіфікацыю з боку прамаскоўскай наменклатурнай улады, ён набраў паводле афіцыйных звестак больш мільёна галасоў выбаршчыкаў. Аднак усе групоўкі прамаскоўскай наменклатуры, кіруемыя з Масквы, зрабілі ўсё, каб не дапусціць перамогі адзінага нацыянальнага кандыдата.

Акрамя працы ў парламенце, Зянон Пазьняк кіраваў і грамадска-палітычнай работай сярод насельніцтва. БНФ праводзіў масавыя мітынгі, дэманстрацыі, зборы подпісаў, чальцы БНФ удзельнічалі ў забастоўках рабочых. Праводзіліся і навукова-практычныя канферэнцыі. На кіраўніцтва пазапарламенцкай дзейнасцю Зянон Станіслававіч звяртаў немалую ўвагу.
Аднак палітычна важнай была праца ў Вярхоўным Савеце. Пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка была праведзена такая важная справа, як адкрыццё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы ў 1989-1990 гг. Дзякуючы настойлівасці апазіцыі БНФ Вярхоўны Савет у 1991 годзе вярнуў нацыянальную сімволіку як дзяржаўную – бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоню. Была зменена назва дзяржавы: замест БССР Рэспубліка Беларусь. Пры самай актыўнай працы дэпутатаў ад БНФ было распрацавана сацыяльна-эканамічнае заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасці краіны. БНФ пад кіраўніцтвам З. Пазьняка ў 1992 годзе распрацаваў Канцэпцыю эканамічнага развіцця дэмакратычнай незалежнай Беларусі.
На пачатку 1996 г. узмацніліся рэпрэсіі з боку дыктатарскага антыбеларускага рэжыму А. Лукашэнкі, які набыў усе рысы расійскага акупацыйнага рэжыму. Над Зянонам Пазьняком навісла пагроза арышту, зняволення і нават фізічнай расправы. У сакавіку 1996 года, унікаючы магчымага арышту, Зянон Пазьняк пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. праз месяц нечакана вярнуўся ў Менск на шматтысячны “Чарнобыльскі шлях – 96” і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазбег арышту. ад гэтага часу быў на Украіне, у Чэхіі, Польшчы, Англіі, быў запрошаны ў ЗША, дзе сустракаўся з палітычнымі дзеячамі. Там ён атрымаў дакладнае пацверджанне пра распрацоўку ва ўладных колах Беларусі плана яго фізічнага знішчэння (“стрелять на поражение”). У сувязі з пагрозай пазбаўлення волі пад надуманай зачэпкай, а хутчэй за ўсё, і жыцця ўрад ЗША ў канцы 1996 г. прадставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.
З. Пазьняк не з’яўляецца эмігрантам. Ён захаваў беларускае грамадзянства, усе гады займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадскасцю і журналістамі розных краінаў, бароніць інтарэсы Беларусі і яе незалежнасць, выступае супраць розных саступак заходніх палітыкаў рэжыму А. Лукашэнкі і расійскім уладам за кошт незалежнасці Беларусі. Зянон Пазьняк і за мяжой змагаецца за Беларусь.

З 1996 года на грамадскіх пачатках ён рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь “Беларускія Ведамасьці”. Зянон Станіслававіч Пазьняк як старшыня працягвае кіраваць Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – Беларускі Народны Фронт і грамадскім аб’яднаннем Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Ён непасрэдна праводзіць паседжанні кіруючых структураў КХП-БНФ, прапануе тэксты рашэнняў і зваротаў па самых важных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Беларусі. Ён прадбачліва выбірае для азнаямлення народа Беларусі самыя галоўныя тэмы ў жыцці сучаснай Беларусі, каб папярэдзіць аб небяспецы для беларускага народа з боку маскоўскіх імперыялістычных кіраўнікоў і акупацыйнага рэжыму ў самой Беларусі.
Адначасова Зянон Пазьняк з’яўляецца і аўтарам шматлікіх кніг і артыкулаў палітычнага і культурніцкага кірункаў, паэтычных твораў, выданняў з цудоўнымі фотаздымкамі розных мясцінаў беларускай зямлі.

Пералічым іх.
1. Браслаўшчына (фотаальбом). Мінск, 1985
2. Рэха даўняга часу. Мінск, 1985
3. Сапраўднае аблічча. Менск, 1992
4. Курапаты. Менск – Ню Ёрк, 1993
5. Курапаты. 2-е выд. Менск, 1994 (разам з Я. Шмыгалёвым)
6. Глёрыя Патрыя. Вільня, 2000
7. Новае стагоддзе. Вільня – Варшава, 2002
8. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава – Вільня, 2003
9. Беларуска-расейская вайна. Нью-Ёрк, 2004; Варшава – Нью-Ёрк – Вільня, 2005
10. Вялікае Княства. Паэма. Нью-Ёрк – Варшава – Вільня, 2005
11. Прамаскоўскі рэжым. 2005
12. Дарога. Варшава – Вільня, 2007
13. Развагі. Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня. Кн. 1, артыкулы і матэрыялы (1990-ІІІ.1996). Варшава – Нью-Ёрк – Вільня, 2007

Дзейнасць і творчасць Зянона Пазьняка ўжо патрабуе вывучэння, аналізу і ацэнкі навукоўцамі розных дысцыплінаў – палітолагамі, гісторыкамі, філосафамі, літаратуразнаўцамі, сацыёлагамі, мастацтвазнаўцамі ды іншымі. Бо Зянон Пазьняк не толькі палітык, але і філосаф Адраджэння, творца нацыянальнай ідэі, паэт і мастак, мастацтвазнаўца, чалавек, які цалкам аддадзены Беларусі.

Зянон Станіслававіч Пазьняк з’яўляецца харызматычным лідэрам не толькі канца ХХ, але і пачатку ХХІ стагоддзя, лідэрам бескампрамісным і мэтанакіраваным, лідэрам, які прадбачыць падзеі і ўскрывае іх сапраўдную сутнасць. Гарачая любоў да Бацькаўшчыны, поўная аддадзенасць справе, пастаянная праца, перадача ідэй паплечнікам для іх працы ў асяроддзі людзей на Бацькаўшчыне – усе гэтыя рысы характару Зянона Пазьняка робяць яго сапраўдным лідэрам беларускага народа, які прывядзе да свабоднай і сапраўды незалежнай Беларусі.

Анатоль Грыцкевіч
11/ІХ-2009

8/10/2009 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2009
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь