Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Прэс-рэліз (лістапад 2008 г.)

1 лістапада прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка даў распараджэньне стварыць у Львове Музэй вызваленчай барацьбы Украіны. Прэзыдэнт, віцэ-прэм’ер ураду, міністар абароны і іншыя дзяржаўныя кіраўнікі ўсклалі кветкі на магілах сечавых стральцоў у Львове. Атрады сечавых стральцоў ваявалі супраць палякаў і расейцаў на захадзе Украіны ў 1918-м – 20-х гадах. У 1971 г. расейскія акупанты зьнічшылі магілы бульдозэрамі. У 1992 г. могілкі былі адноўлены ўкраінцамі.

Была такая бадзёрая бальшавіцкая песьня, якую доўга прымушалі сьпяваць беларускіх школьнікаў, з рэфрэнам: “Грозовые ночи Спасска, Волочаевские дни…” Нашыя галовы забіваліся невядомай геаграфіяй і чужой гісторыяй. Усё, каб беларусы не засьпявалі песьні пра Воршу і Слуцкі Збройны Чын. Аказваецца, гэты Спаск знаходзіцца ў расейскім Прымор’і, непадалёк ад кітайскай мяжы. Там жывуць сапраўдныя самураі. 4 лістапада папулярны дэпутат мясцовай гарадзкой Думы А. Кулібаба паехаў на паляваньне. Замест таго, каб страляць па дзічыне, ён расстраляў ва ўпор свайго кіроўцу. У Курскай вобласьці на прыканцы кастрычніка міліцыянты дапытвалі злоўленага мужчыну, армяніна па нацыянальнасьці. Ён адмаўляўся даваць патрэбныя ім паказаньні. Тады міліцыянты аблілі чалавека бэнзінам і спалілі зажыва. Пра ўсё гэта цяпер можна даведацца толькі з сеціва або з маленькіх паведамленьняў у газэтах. На расейскіх тэлеканалах сытая Дзярждума вальяжна галасуе “за барацьбу з карупцыяй”, выступае з пагрозамі Захаду Медведев (які ўжо навучыўся рэзка тузаць галавой і грымасьнічаць у пуцінскім стылі), маршыруе ў яркіх уніформах пуцін-югенд (ці ўжо цяпер можа медведь-югенд)…

7 лістапада камуністы пад чырвонымі сьцягамі сабраліся на плошчы Свабоды ў Львове. Пачалі выступаць. Выступалі ня доўга. Украінская моладзь прарвала міліцэйскі кардон, наляцела на камунякаў і добра ўваліла ім. Пашкуматаныя, парваныя чырвоныя сьцягі валяліся па ўсёй плошчы. Міліцыя актыўна ратавала камунякаў, вывозячы іх на сваех машынах прэч. Міліцэйскі палкоўнік на пытаньні журналістаў заявіў, што “зьнішчэньне камуністычнай сымволікі не зьяўляецца злачынствам”.

Грузінскія палітыкі і грамадзкія дзеячы 7 лістапада зьвярнуліся да ўладаў Тбілісі з заклікам перайменаваць усе вуліцы, якія маюць расейскія назовы. Розныя “леніградскіе” і “московскіе” вуліцы будуць названы грузінскімі імёнамі. Такія працэсы адбываюцца ў Кіеве, Львове, Ташкенце і іншых постсавецкіх месцах.

“Действуйте смелее. Побольше цинизма, люди это любят…” – даваў інструкцыі Кісе Вараб’янінаву Астап Бэндэр перад чарговай жульніцкай авантурай. Літаратурная мадэль адэкватна кладзецца на дзеяньні групоўкі Вячоркі-Баршчэўскага, якая сядзіць у офісе на Варвашэні, 8. 11 лістапада прагматыкі абвясьцілі пра “новы курс”. Яны высунулі ажно дзесяць (!) прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах на Беларусі. Яшчэ ніводзін пеўнік не пракукарэкаў пра чарговую выбарчую авантуру рэжыму, а гэтыя ўжо выстаўляюцца ў чаргу па прэзыдэнцкую ўладу і даюць першыя сігналы грамадзтву ў стылі “Іді і скажі ему своё нет”. На фоне расейскай агрэсіі і разбуральнага эканамічнага крызісу прагматыкі спрабуюць затлуміць галовы беларусаў балбатаньнем пра “выбары”. Робяць гэта ў чарговы раз, упэўненыя ў сваёй беспакаранасьці. Але перамога народнага байкоту на нядаўнім выбарчым фарсе рэжыму прадэманстравала, што ніхто ўжо ўсур’ёз ня ўспрымае гэтую мітусьлівую публіку. Іхнае месца – на палітычным сьметніку. Ім ня ўдасца ашукаць беларусаў.

13 лістапада ў Кіеве сарвалася буйнамаштабная антыўкраінская правакацыя. У адным з цэнтральных кінатэатраў маскоўская агентура зьбіралася паказваць расейскі дакумэнтальны фільм пра расейска-грузінскую вайну пад выразным назовам “Історія предательства”. Разам з гэбельсаўскай хлусьнёй пра “грузінскія зьверствы” і “маскоўскае благародства” лубянскія стваральнікі фільма высунулі абвінавачваньні супраць кіраўніцтва Украіны, якое нібыта закідала Грузію сваёй зброяй. За некалькі дзён да правакацыі спэцслужбы Украіны давалі кіраўніцтву краіны інфармацыю пра антыдзяржаўны характар “мерапрыемства”. У прызначаны час у кінатэатры сабралася стракатая кампанія. Усе чакалі прыезду пасла РФ Чарнамырдзіна з сьвітай. Пасол урэшце увайшоў у фае. Але раптам пачуліся панічныя крыкі: “Товарішчі, кто-то украл экран… Укралі экран!” Пасол і іншыя “несолоно хлебавші от’ехалі восвоясі”. У той жа дзень МЗС Украіны перадаў у Маскву ноту пратэсту ў сувязі з правакацыйнымі антыўкраінскімі дзеяньнямі прадстаўнікоў Расеі на ўкраінскай тэрыторыі.

У Маскве ўсё цяжэй купіць квіткі на хуткасныя цягнікі, што ідуць у наш Менск. Па пятніцах зрабіць гэта зусім цяжка. На выходныя ў Менск выпраўляюцца цэлыя кодлы расейскай шпаны, афэрыстаў, мафіёзаў і іншых “столічных ребят”. Дэсант высаджваецца на нашым вакзале і запаўняе сабой сталічныя рэстараны і казіно. Справа ў тым, што гэтыя “заведенія” і іхныя паслугі каштуюць у Менску значна таньней, чым элітныя рэстараны і казіно ў Маскве. Ды й крымінагенная сітуацыя значна больш стабільная, чым у “златоглавой”. Беларусы забаўляюць, ахоўваюць і абслугоўваюць маскоўскую публіку зь яе крывавымі капіталамі (значная частка якіх скалочана на розных этапах абрабаваньня беларускага народу). Адмысловыя мафійныя сеткі (з удзелам афіцыйных турыстычных фірмаў РБ) забясьпечваюць дорогіх гостей зондэр-камандамі прастытутак (таксама значна таньнейшы тавар, чым у Маскве). Цікава, што пачуўшы гэтую інфармацыю, некаторыя беларусы і беларускі гукаюць: “Ну, так і хорошо. Пусть оставляют у нас своі деньгі. Это выгодно…” Па-першае, большасьць рэстаранаў і казіно ў РБ даўно ўжо належаць расейскім мафіёзам. А па-другое, пьяныя дэсанты ператвараюць нашу сталіцу ў сьметнік-адстойнік для чужой асацыяльнай публікі, якую люта ненавідзіць сам рускі народ. Вось такая “саюзная дзяржава”…

14 лістапада Медведев заявіў, што “разговоры о голодоморе направлены на разобшченіе народов і на достіженіе сіюмінутных політіческіх целей”, што “нужно іскать совместные подходы по этому вопросу”. Таму прэзыдэнт РФ адмаўляецца ехаць у Кіеў на мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць 75-гадавіны Галадамора 1932-33 гг., якія адбудуцца 15 лістапада. Цынізм крамлёўскага начальніка нікога не зьдзіўляе. Гэта ў іхнай традыцыі. А вось адмаўленьне ад візыту ў Кіеў вельмі адэкватнае. Зьяўленьне крамлёўца выклікала б адпаведную рэакцыю ўкраінцаў: буру праклёнаў і аглушальны сьвіст. Госьціка давялося б везьці ў аэрапорт пад канвоем танкаў. У Крамлі яму спакайней будзе.

15 лістапада адбыўся акт шоў пад назовам “Правыя направа, а левыя налева”. Усе групоўкі і партыі, што называліся “правымі сіламі Россіі” і пасылалі на запрашэньне вінцучкоў сваіх прадстаўнікоў на вінцучкоўскія мітынгі ў Менску, у адзін дзень самараспусьціліся на сваіх зьездах. Падобнае зрэжысіраванае групавое палітычнае харакіры цяжка адшукаць у аналах чалавечай гісторыі. Супраць самароспуску галасавала па два тры-чалавекі з сотняў, што галасавалі. Па расейскіх тэлеканалах нейкія новыя фізіяноміі ад гэтых “сіл” тлумачылі, што яны ствараюць агульны саюз пад назовам “Правое дело” і будуць працаваць пад кіраўніцтвам Крамля. Цяпер трэба чакаць урачыстага прыёму вінцучкоў-мілінкевічаў-лебедько у крамлёўскай палаце пад салют з “цар-пушкі” і гул “цар-колакала”. Хаця нічога не атрымаецца. Як вядома, адзін “цар” не зрабіў аніводнага стрэлу, а другі “цар” аніразу не зазваніў…

Радыё Свабода зрабіла чарговы панегірычны рэпартаж пра былога “агульнага дэмакрата” Мілінкевіча. Толькі гэтым разам з панегірыка выйшаў вельмі самараспранальны маналёг. А было так… 15 лістапада ў Менску праходзіў “нямецка-беларускі форум”. Немцы перамаўляліся з прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму пра тое, як усім ім жыць далей (бо пасьля перамогі народнага байкоту на нядаўнім выбарчым фарсе сітуацыя зьмянілася). Пасярод форума ва ўласьцівай яму гутапэрчывай манэры шпацыраваў Мілінкевіч. “Свабода” паведамляе, што калі ён праходзіў каля амбасадара ФРГ Г. Вайса, той размаўляў з Макеем, кіраўніком “прэзыдэнцкай адміністрацыі” Лукашэнкі. Вайс гукнуў Мілінкевіча і пазнаёміў яго з Макеем. Цытуем расповед Мілінкевіча: “Я выклаў яму сваю пазіцыю, якая супадае з пазіцыяй аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Я лічу, калі краіна ў небясьпецы, вельмі важна, каб эліты і контрэліты знайшлі між сабой агульную мову. Бо ў нас агульны інтарэс: захаваць Беларусь”. Вось як, аказваецца… У іх з антыбеларускімі “элітамі”, якія зьнішчаюць нашую культуру, мову і Дзяржаву, агульны інтарэс. Многія беларусы здагадваліся аб гэтым, назіраючы за дзеяньнямі псэўдаапазыцыі (“контрэлітаў”, паводле Мілінкевіча) і слухаючы іхныя фальшывыя і пустыя прамовы пра “дыялёг” і “кантроль за ўладай”. Цяпер гэта прагучала ў адкрытую, як у савецкім фільме “Шчыт і меч”, дзе інфільтраваны ў нямецкія структуры шпіён Вайс вывеў усіх на чыстую ваду.

Расейскія СМІ паведамілі 18 лістапада пра канфэрэнцыю НАТО у Іспаніі на тэму расейска-грузінскага канфлікту: “У Валенсіі ўсё было прасякнута антырасейскім духам…” Масква вельмі пакрыўдзілася, што іхнага прадстаўніка Рагозіна нават не пусьцілі на трыбуну. Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі заявіў удзельнікам: “Расейцы могуць напасьці на вас, як напалі на нас”. Генсек НАТО Дэ Хооп Схэфэр казаў, што “трэба адгарадзіцца ад Расеі”. Грузінская дэлегацыя прадставіла таксама фактычныя доказы таго, што ў Цінвалі напярэдадні 8 жніўня знаходзіліся 50 расейскіх журналістаў, якія павінны былі даваць рэпартажы пра расейскі напад на Грузію.

19 лістапада ў расейскай Дзярждуме “грамілі камунізм”. На трыбуне рэй вёў адзін з падначаленых вядомага Жырыноўскага. Вялізная фігура з паголенай галавой, вельмі падобная на Катоўскага, грымала у мікрафон: “Трэба ліквідаваць помнікі Леніну па ўсёй Расеі. Ленінскае сьмецьце… Вынесьці яго з маўзалея!” Камуністы ўскочылі з месцаў і карцінна махалі кулакамі. З чаго раптам ЛДПР усхвалявалася ў рамках гэтай тэмы? А ім гэта ня ў першы раз. Вядома, што сваім крыкам на сур’ёзныя нібыта тэмы жырыноўцы рэгулярна прыкрываюць падступныя дзеяньні крамлёўскага рэжыму. Гэтым разам гэта ёсьць прыкрыцьцё антыканстытуцыйнага 6-гадовага прэзыдэнцкага тэрміну для Пуціна і агульнага сацыяльна-эканамічнага краху імпэрыі. Імітатары спадзяюцца, што вэрхалам вакол ленінскай муміі ім удасца адхіліць думкі людзей ад крамлёўскай авантуры і імпэрскага правалу. Ва ўнісон з гэтай “спэцапэрацяй” маскоўскіх падстаўных паціху разгортваецца “спэцапэрацыя” драбнейшых менскіх падстаўных. Некаторыя з падстаўных пачалі выходзіць да будынку КГБ РБ у Менску і патрабаваць “трыбуналу над камунізмам” ды даваць імпэтныя інтэрвію на Радыё Свабода. Здаецца, усё эфэктна. Але людзі заўважылі, што гэтыя маладзёны анісловам ня згадваюць пра тое, што сёньняшні прамаскоўскі рэжым у Беларусі зьяўляецца паўнавартасным спадчыньнікам камуны і што сапраўдны трыбунал можна будзе арганізаваць толькі пасьля сканчэньня гэтага рэжыму. І, зразумела, што патрабаваць такога трыбуналу ад КГБ – гэта значыць дэзарыентаваць людзей.

21 лістапада ў расейскіх інтэрнэтвыданьнях выступіў Міхаіл Дзелягін, доктар эканамічных навук, дырэктар маскоўскага Інстытута глабальных праблем. Ён выклаў факты, якія сьведчаць пра глыбокі эканамічны крызіс у расейскай прамысловасьці. Нават буйныя і да нядаўна прыбытковыя прадпрыемствы пераходзяць на 4-х і 3-х дзённы працоўны тыдзень. Ужо пачаліся маштабныя скарачэньні. У хуткім часе з мінімальнымі заробкамі і беспрацоўем мільёны людзей проста ня здолеюць выжыць і пракарміць свае сем’і. Дзяржаўныя структуры і сілавыя службы рыхтуюцца да сур’ёзных сацыяльных пратэстаў. Нават прынялі пастанову “Аб антырасейскіх настроях”. ФСБ пачало брутальна выбіваць патэнцыйных арганізатараў народнага пратэсту. За апошнія тыдні ў Маскве і на правінцыі было забіта і цяжка паранена шэраг папулярных лідэраў незалежных прасаюзаў і журналістаў, якія пісалі праўду пра крамлёўскі рэжым. Махавік краху набірае абароты.

26 лістапада адбылося нешта, што Радыё Свабода падало як гістарычную падзею. Маладзёвы дзеяч Дашкевіч правёў на вінцучкоўскай сядзібе па вул Варвашэні, 8 круглы стол на тэму “Камунізм як антычалавечая ідэалогія. Лічбы і факты”. Прагучала гэта даволі манумэнтальна. На здымках сайта “Свабоды” можна было ўбачыць чалавек сем, якія сядзелі за сталом і старанна напускалі на сябе важнасьць. Пісаць пра ўсё гэта без іроніі і сарказма проста немагчыма. Сядзелі “трыбунальцы” за тым самым сталом і на тых самых крэслах, на якіх пад чырвоным сьцягам камандуе “дэмсіламі” камуніст Калякін. А ў суседнім вінцукоўскім пакойчыку наведвальнікам бясплатна раздаюць камуністычную газэтку “Товарищ”. Прыпусьцім, што трыбунальцы гэтай абсурднасьці не заўважаюць. Прыпусьцім, што ім усяроўна. Тады зразумела, што яны не заўважылі таксама абсурднай кур’ёзнасьці словаў галоўнага трыбунальшчыка Дашкевіча: “Мы ведаем, што цяперашняя ўлада не зьніме помнікі Леніну. Але мы павінны падрыхтаваць гэта цяпер…” Цікавая манэра ў гэтых псэўдаапазыцыйных. Яны заклікаюць беларусаў ісьці на ўсе выбарчыя фарсы прамаскоўскага рэжыму, гукаюць “Іді і скажі ему нет!” І тут жа дадаюць: “Зразумела, што мы не пераможам на гэтых выбарах…” Яны – як той пеўнік, што ня мог дагнаць курыцу, то хаця б сагрэўся. Чарговая сьвістулька падстаўных “пра камунізм” з той жа самай сэрыі. Ну, чаго варты, напрыклад, іхны моб-шмоб з транспарантам “Камунізм пад трыбунал” насупраць будынку КГБ у Менску? Вы што, патрабуеце ад КГБ трыбуналу над камунізмам? Дык гэбэ – не судовая кантора. Больш лагічным каля бюсьціка Дзяржынскаму быў бы лёзунг “КГБ пад трыбунал”. Але такое не для падстаўных імітатараў і не для іхных балбатлівых моб-шмобаў.

Стала вядома, што яшчэ 11 лістапада сёлета нач. генштаба ўзброеных сілаў РФ Н. Макаров падпісаў стратэгічны загад пад выразным назовам “О недопущении разглашения сведений о реформировании вооружённых сил РФ”. Загад прадугледжвае суровыя пакараньні за любыя кантакты расейскіх вайскоўцаў з грамадзтвам і СМІ ў прыватнасьці. Усё дзеля таго, каб яны не распавялі пра “рэформу” узброеных сілаў імпэрыі. Усяго мы ня ведаем, але генштабнікі агучылі пляны скарачэньня генэральскага і палкоўніцкага корпусу і нават у цэлым узброеных сілаў. Паабяцалі павялічыць колькасьць лейтэнантаў. Журналісты паведамляюць пра генэральскае груканьне кулакамі аб штабныя сталы і шэраг рапартаў ад службістаў з вялікімі залатымі зоркамі на звальненьне з арміі. Пакуль рана яшчэ казаць канкрэтна, што задумалі Крэмль-Лубянка. У хуткім часе яно высветліцца. Але яшчэ з даўніх часоў вядомыя гэтыя ўсе крамлёўскія “ваенныя рэформы”. Напрыклад, пры тав. Брэжняве заявілі былі, што выводзяць з ГДР дваццаць тысячаў савецкіх вайскоўцаў і тысячу танкаў. Вывелі… А крыху пазьней стала вядома, што праз іншы калідор Масква завяла ў ГДР яшчэ трыццаць тысячаў пяхоты і дзьве тысячы танкаў. З Аўганістана “скарачалі” і “выводзілі” свае войскі разоў 15-20, да самага правалу авантуры ў 1989 годзе. Не выключана, што Лубянка паспрабуе пасьля татальнага апанаваньня ўсіх цывільных камандных структураў паставіць паўсюль сваіх “ребят” і на вайсковыя структуры. Наколькі гэта ўдасца гэбоўскім рэфарматарам, пакажа час. Толькі вядома, што афіцэрскі корпус ужо даўно рэзка незадаволены разьмеркаваньнем маёмасьці і багацьцяў у цяперашняй імпэрыі. Чуюцца галасы пра тое, што Лубянка падмяла ўсё пад сабе і ня хоча дзяліцца (“мы на кавказскіх дорогах головы подставляем, а гебісты жіруют!”). Апошнім разам такі жанравы канфлікт прывёў да лабавога сутыкненьня НКВД і арміі ў 1953 годзе (такзваная “ліквідацыя групы Берыя”). Тады армейцы даволі грунтоўна “разабраліся” з ненавіснай канторай, якая да вайны, падчас і пасьля вайны катавала іх і страляла ім у патыліцу. Але КПСС спыніў тады гэтую справу і паступова ўсё вярнулася на старыя месцы.

29 лістапада публічную заяву зрабіў міністар абароны Эстоніі Яак Аавікса. Ён заклікаў накіраваць больш сродкаў з нацыянальнага бюджэту на разьвіцьцё нацыянальных узброеных сілаў. Міністар сказаў, што калі з гэтым замарудзяць, то “20% эстонцаў зноў будуць накіраваны ў Сібір або зьнішчаны”. Паводле міністра, гэтаму вучыць агрэсія Расеі супраць Грузіі. Аавікса нагадаў, што “калі гэта не зрабіць, то будзе позна”. Адэкватны міністар у эстонцаў…

Старэйшыя людзі памятаюць, як пачыналіся пры саветах ранішнія тэлерэпартажы і зборнікі сюжэтаў пад назовам “кіножурнал”, што паказвалі перад пачаткам сэансу ў кінатэатрах. Іграла лёгкая аптымістычна-гімнастычная музычка, пасярод ткацкага або тэрмітнага цэху рытмічна махалі рукамі ткачыхі і тэрмітніцы. Савецкі рабочы кляс разьмінаўся. Усе разумелі, што гэта кінафальшыўка. І вось мы дачакаліся ўрэшце тэлепраўды. Цяпер расейскія тэлеканалы паказваюць раніцай псіхолагаў і нават псіхіятраў. Гэтыя спэцы ў белых халатах плаўна рухаюць рукамі перад групай грамадзянаў і грамадзянак у трыко і таямніча-загадкава амаль сьпяваюць: “Кризиса нет, всё хорошо-о-о. Скажем депрессии не-е-ет. Всё это только порождение нашего сознания, нашего созна-а-ания…” Сальвадор Далі і іншыя пазайздросьцілі б гэтаму сюррэалізму. А дама ў белым халаце паабяцала з тэлеэкрана, што ў Расеі будуць створаны тысячы “депрессівных кабінетов”. Цьвярозыя людзі, што пабылі ў крамлёўскіх кабінэтах, публікуюць у інтэрнэце зьвесткі пра калачэньне рук у лубянскіх начальнікаў, якія ведаюць сапраўдны размах эканамічнай і сацыяльнай катастрофы на прасторах Расеі і мабыць задумваюцца аб адказнасьці.

Янка Базыль

3/12/2008 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2008
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024