Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Прэс-рэліз (кастрычнік 2008 г.)

Пакуль Пуцін з Медведевым удаюць з сябе спартоўцаў і трэнэраў, пазіруюць з школьнікамі і г.д., расейская правінцыя (а гэта – усё, акрамя Масквы і Піцера) дагнівае і валіцца. Чарговая трагедыя адбылася 1 кастрычніка ў сяле Беляеўка Арэнбургскай вобласьці. Дзеці вучыліся ў будынку, які доўга ўжо знаходзіўся ў аварыйным стане. Пасярод вучэбнага дня сьцены захісталіся і далі вялікія шчыліны. Замест таго, каб ратаваць дзяцей, адміністрацыя пачала тэлефанаваць гарадзкому, потым абласному начальству і пытацца, што трэба рабіць. Дзяцей пачалі выводзіць з будынка, калі ляснула галоўная сьцяна і абрынуліся сходы. Загінулі пяць 16-гадовых школьніц, некалькі цяжка паранены. Такі вось “гарант міра і стабільнасьці”.

На прыканцы верасьня — пачатку кастрычніка па расейскіх тэлеканалах паказалі сюжэты пра лакальную пугачоўшчыну. Арэнай “аптымістычнай трагедыі” гэтым разам стаўся рэгіён Валдай (Ноўгарадзкая вобласьць). Насельніцтва там ня можа прысьці ў сябе пасьля зьнішчэньняў, наладжаных яшчэ апрычнінай Івана Жахлівага. Людзі выміраюць, сьпіваюцца, жывуць у страшнай галечы. Раней яны яшчэ неяк трымаліся дзякуючы недалёкай Эстоніі, езьдзілі туды па якасныя і танныя тавары, прадавалі свае вырабы. Цяпер мяжа з суседам зачынена і яны засталіся адрэзанымі ад сьвету. Аднак, Валдай прыгажосьцю прыроды, чысьцінёй паветра (мала людзей, няма фабрык) прывабіў багацеяў рознага кшталту з Масквы і Піцера. Яны пачалі будаваць тут свае дачы-маёнткі. Валдайцы некаторы час з-пад ілба глядзелі на “терем-теремкі” за высокім плотам і слухалі бесклапотны сьмех сталічных гаспадароў. А потым мясцовы люд пачаў актыўна паліць гэтыя маёнткі. Валдайскае неба штоноч залівала полымя. Загінулі нават аб’екты, што належалі некалькім вядомым кінаакцёрам. Расейскага Кот Д’Азур не атрымалася. Хто ацалеў ад народнага чырвонага пеўня, пачаў хуценька прадаваць маёнткі за медны грош і ўцякаць назад у сталіцы.

2 кастрычніка Расея падпісала з Эўразьвязам пагадненьне аб вывадзе расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Грузіі. А ўжо 3 кастрычніка ў Цхінвалі адбыўся магутны выбух. Выбухнуў аўтамабіль перад будынкам галоўнага штаба “расейскіх міратворчых сілаў”, загінулі 9 чалавек, шмат было паранена. Сярод загінуўшых апынуўся і камандуючы гэтым штабам генэрал Іван Петрык (чарговы беларус, які рабіў кар’еру ў расейскім войску ды так і не дарабіў). Зразумела, што Масква адразу ж абвінаваціла Тбілісі ў тэрарызме. Але грузінскія прадстаўнікі лагічна спыталіся: “А навошта гэта нам?” Сапраўды, навошта? Можа для таго, каб “міротворцы” ніколі не сыходзілі з Грузіі? Уражвае сам сюжэт з выбухам (як у жанры іранічнага дэтэктыва, папулярнага апошнім часам). “Міротворцы” знайшлі на цхінвальскай вуліцы пакінуты аўтамабіль. Каб праверыць яго, яны прывалаклі аўтамабіль да свайго штаба і пачалі раскручваць на часткі. Прычым, рабілі гэта непасрэдна пад вокнамі свайго вышэйшага начальніка Петрыка. Машына выбухнула. Расейскае камандваньне так і не паведаміла, хто аддаў такі дзіўны загад. Хаця нічога дзіўнага. У той жа дзень у Крамлі адбывалася чарговая раздача крыжыкаў і ордэнаў. Некаторыя зь іх уручаліся пасьмяротна. Напрыклад, прызначаныя некалькім афіцэрам спэцчастак ФСБ, якія “отлічілісь в Беслане”. Тэлевядучы не забыўся сказаць, што дзесяткі “отлічівшіхся” загінулі праз некалькі дзён пасьля трагедыі ў Беслане. Яны адляталі з Каўказа на двух верталётах, якія ўпалі і разьбіліся ў гарах. Расейскім генэралам і афіцэрам трэба было б даўно здагадацца, што самых “отлічівшіхся” зь іх абавязкава ліквідуюць.

У Грозным 5 кастрычніка зноў іграў аркестар і разразалі чырвоную стужачку. Гэтым разам чарговай вуліцы надавалі новае імя: ул. В.В. Путіна. Шкада, што не было самога намінанта. Яму трэба было б задумацца над тэндэнцыяй. У г. Грозным за апошнія гады шэраг вуліц назвалі імёнамі барацьбітоў супраць чачэнскага народу, якія наляцелі на бомбу, міну або кулю. Добра, што не прыехаў сам намінант. Раптам бы аркестар зайграў фрагмэнт з оперы “Барыс Гадуноў”. Той, дзе тэнар-юродзівы сьпявае: “Государь! Не являются ль тебе в ночи кровавые младенцы?!..”

З усяе краіны пасьля выбарчага фарсу паступаюць зьвесткі пра маштабную акцыю беларускага студэнцтва пад крыптонімам “Дуля ў кішэні”. Як вядома, заганялам на выбары найбольш масава ўдалося загнаць на выбарчыя ўчасткі менавіта студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах і зьяўляюцца вельмі паднявольнай часткай нашага грамадзтва. Студэнты бюлетэні ўзялі і пайшлі ў кабінкі для галасаваньня. Большасьць зь іх у знак пратэсту ўкінулі ў урны пустыя бюлетэні. А многія напісалі на бюлетэнях “ласковые слова” ў адрас дыктатуры і яе начальніка. Аб гэтым паведамляюць самы студэнты, а таксама сябры выбарчых камісій, якія высыпалі з урнаў стосы праклёнаў і кпінаў ад беларускай моладзі.

Рэжым працягвае кампанію запалохваньня людзей. 10 кастрычніка сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Юрыя Качука выклікалі позвай у Зэльвенскую міліцыю. У міліцыі яму сказалі, што “яго чакае спэцыяліст-дакціласкапіст у справе выбуху ў Менску ўноч на 4 ліпеня”. Спэцыяліст запатрабаваў у сп. Качука, каб той даў зьняць у яго адбіткі пальцаў. Юры Качук заявіў, што патрабаваньне незаконнае і адмовіўся ад незаконнай працэдуры. Вядома, што калі туды ж выклікалі мясцовых грантаўскіх “оппозіціонеров”, то яны з паклонамі давалі свае пальцы і яшчэ пыталіся: “Может быць вам ещё что-то нужно. То мы всегда рады…”

15 кастрычніка начальнік РПЦ Алексій ІІ сустракаўся з амбасадарам Сэрбіі ў РФ Вуківічам у Маскве. Паводле расейскіх СМІ, ён асудзіў уручэньне Нобэлеўскай прэміі міру фінскаму палітыку Ахцісары, бо той аддзяліў Косава ад Сэрбіі. Уяўляем, як арцыбацюшка трос барадой і грымаў: “Я, как генерал КГБ, решительно осуждаю…»

Служба Бясьпекі Украіны 15 кастрычніка запатрабавала ад кіраўніцтва краіны ліквідаваць філію Інстытута СНД ва Украіне, бо яна “праводзіць антыўкраінскую дзейнасьць”. У прыватнасьці, кіраўніцтва і супрацоўнікі Інстытута публічна адмаўляюць факт Галадамору ва Украіне ў 1932-33 гг. (такія заявы лічацца ва Украіне крымінальным злачынствам). Нагадаем, што дырэктарам гэтага сумнавядомага “інстытута” зьяўляецца сумнавядомы шавініст К. Затулін з Дзярждумы РФ. Яму рэгулярна забараняюць зьяўляцца на тэрыторыі Украіны.

Псэўдаапазыцыйныя групоўкі Расеі заявілі 16 кастрычніка, што на 25 кастрычніка (дзень пачатку бальшавіцкага перавароту 1917 г. паводле старога стылю) яны зьбіраюцца правесьці па ўсёй РФ “День народного гнева”. Кіраўнік групоўкі “Авангард красной молодёжі” С. Удальцов патлумачыў, што акцыя будзе праводзіцца пад лёзунгам “Власть под гражданскій контроль”. СМІ паказалі фрагмэнт гэтай “молодёжі”: пад чырвонымі сьцягамі замаскаваныя па самыя вушы і вочы “авангардысты”. Якое ўсё знаёмае… Зусім нядаўна мясцовая прамаскоўская псэўдаапазыцыя заклікала беларусаў ісьці на выбарчы фарс. Тлумачыла, што такім чынам трэба наладзіць “кантроль грамадзтва над уладамі”. Цяпер зразумела, што лубянская кантора сфармулявала гэтую ідэялагему (як кажа непаўторны Падгол, званы ў народзе Падлогам) пад капірку і разаслала яе па сваёй агентуры. Ды толькі беларусы наладзілі байкот фарса, пагналі ад сябе і рэжым, і ягоную псэўдаапазыцыйную хеўру.

Сапраўдныя (не падстаўныя) беларускія аналітыкі ўжо выказвалі свае меркаваньні наконт пэрспэктываў эканамічнага разьвіцьця Расеі. Казалі, што рэжым гэбізму ня здольны існаваць ва ўмовах эканамічнай свабоды, рынку і дэмакратыі. Што Крэмль-Лубянка абавязкава наладзяць у РФ шырокамаштабную татальную “нацыяналізацыю” усяго і ўсіх. На наш пагляд, гэтую пэрспэктыву трэба назваць больш адэкватным словам: “чарговая калектывізацыя”. У сьвятле цяперашняга разбуральнага крызісу 17 кастрычніка падаў голас віцэ-прэм’ер (генэрал ФСБ) С. Іваноў. Ён з “прямотой железного Фелікса” заявіў: “У Расеі надта шмат банкаў і авіякампаній…” У прынцыпе ніхто ў Расеі не пашкадуе новых нэпманаў-мільёншчыкаў. Вядома, што шалёнымі грашамі і дзікім бізнэсам у Расеі валодаюць менавіта дзеячы з гэбоўскіх структураў. Так што адбудзецца элемэнтарны перадзел капіталаў унутры сістэмы.

Па крыжыку безбожнікам. 19 кастрычніка цікавая зьвестка прышла з бананава-чырвонай Кубы, аднаго з апошніх бастыёнаў марксізма-ленінізма. Там упершыню за ўсю гісторыю краіны быў урачыста адкрыты першы будынак РПЦ. Маскоўскія бацюшкі пацелі ў расшытых золатам строях, махалі кадзіламі каля кастраўскага палітбюро, якое ў поўным складзе зьявілася на інаўгурацыю “форпоста православія”. Раней з такой помпай на няшчаснай выспе адсланялі помнікі Леніну і ўручалі кіраўніцтву падарункі ад атэістычнага Крамля. Цяпер у Крамлі – спрэс навернутыя ў РПЦ лубянцы. І падарункі зьмяніліся. Начальнік РПЦ Алексій ІІ перадаў у Гавану, а ягоныя пасланцы ўручылі “православные ордена” Фідэлю і Раулю Кастра “за большой вклад в дело…” Такой кур’ёзнай падзеі таксама не было ў гісторыі краіны.

У сувязі з палітычным крызісам ва Украіне актывізавалася антыўкраінская агентура і пачала праводзіць свае гнюсныя моб-шмобы. 18 кастрычніка па цэнтру Кіева ішла калёна (расейскія тэлеканалы пасьпяшаліся назваць яе “бандеровцамі”). Над калёнай было шмат нейкіх чырвоных сьцягоў і нейкіх жоўтых з стылізаванымі свастыкамі. Гэтая публіка паспрабавала прабіцца на Майдан. Але гарадзкая міліцыя хватка скруціла і раскідала ў розныя бакі гэтых “стылізаваных”. Маскоўская агентура спрабуе выставіць патрыётаў Украіны фашыстамі і агрэсіўнымі істэрыкамі. Усе, аднак, памятаюць, што падчас народнай рэвалюцыі 2004-05 гг. на Майдане не было ні чырвані, ні свастыкаў. На наступны дзень у цэнтры Кіева адбыўся яшчэ адзін моб-шмоб. Арганізатары разьлілі на асфальце брудную калюжыну, пакідалі туды сымволіку розных палітпартыяў Украіны. Потым у брудзе пачалі качацца паўголыя девчата-комсомолкі. Яны круцілі ў руках транспаранцікі з расейскімі надпісамі “Мы против грязи в политике!” і г.д. Спадзяемся, што ўкраінцы зразумелі, хто і навошта наладзіў гэты балаган.

У сярэдзіне кастрычніка актывізаваліся партызанскія сілы ў Інгушэціі. Патрыёты зьдзейсьнілі шэраг атакаў на дамы (у сапраўднасьці – дамы-крэпасьці) галоўных мясцовых здраднікаў і калабарантаў. Калабарантаў ледзь пасьпелі выратаваць іхныя расейскія гаспадары, што на гукі боя прыляталі на танках. А 17 кастрычніка інгушскія партызаны разграмілі на адной з дарог вялікі канвой расейскай тэхнікі. Расстралялі і спалілі некалькі бронемашынаў і грузавікоў-кунгаў, поўных расейскай пяхоты. Калі на дапамогу прыехалі расейскія танкі, яны таксама атрымалі добры адлуп. Пасьля боя расейцы знайшлі паабапал дарогі цэлую сістэму траншэяў і агнявых кропак. Партызаны заранёў рыхтавалі сваю акцыю. Масква прызналася толькі ў 3 забітых. Ніхто ўжо ня верыць гэтай статыстыцы.

21 кастрычніка Нацыянальная судовая палата Іспаніі выдала ордэр на арышт тав. Ул. Рэзніка, дэпутата Дзярждумы РФ. Яго абвінавачваюць у “мафійнай дзейнасьці” на тэрыторыі гэтай краіны. Старшыня Дзярждумы РФ Грызлоў зашумеў з Масквы: “Это попытка очерніть Россію!” Вядома, што карпаратыўнасьць зьяўляецца адной з прыкметаў мафіёзаў.

Дзярждума РФ узнагародзіла “презідента” Прыднястроўя І. Смірнова ордэнам Суворава І ступені: “За укрепленіе обороноспосбності Пріднестровья…” Ордэн Суворава заснаваны у 1942 г савецкай камуністычнай уладай. Паводле статута ордэна, яго можна ўручаць камандзёрам, што вызначыліся ў баі. Такі ж ордэн раней атрымалі “презіденты” ў акупаваных Расеяй правінцыях Грузіі Какойты і Багапш. У баях яны ня былі заўважаны, але сапраўды “ребята боевые”, верна служаць маскоўскай імпэрыі.

24 кастрычніка маскоўская арганізацыя СПС (Союз правых сіл) заявіла, што не падпарадкуецца рашэньню партыйнага кіраўніцтва “уліцца ў пракрамлёўскі правы рух”. Такое рашэньне павінна быць прынята 15 лістапада на сумесным зьездзе СПС, “Гражданской сілы” і Дэмакратычнай партыі Расеі. Як паведамляюць расейскія СМІ, “стваральнікі не хаваюць, што каардынуюць свае дзеяньні з Крамлём”. Пачакайце, а дзе ж “палымяны рускі дэмакрат” Нікіта Белых? Той самы лідэр СПС, які на запрашэньне вінцучкоў-лебедько столькі разоў прыязджаў у Менск і выступаў на мітынгах псэўдаапазыцыі: “Ребята, Россия с вами. Вперёд!..” Аказалася, што пару месяцаў таму лідэр Белых ціхенька выйшаў з шэрагаў СПС і растварыўся ў паветры. Як кажуць на Лубянцы, “мавр сделал своё дело…” Добра, аднак, што падстаўная маскоўская псэўдаапазыцыя прынамсі шчыра прызнаецца, што яе дзейнасьцю кіруе Крэмль. Каго ж цяпер будуць выпускаць на сваіх мітынгах побач з Мілінкевічам менскія калегі? Можа самога Медведева або Лужкова запросяць “поддержать белорусскую демократію”? А калі сур’ёзна, то відавочным ёсьць ідэнтычнасьць мадэлі. Не выпадкова Лукашэнка казаў перад апошнім выбарчым фарсам: “Гэтай апазыцыі няшмат засталося. Скора яе ня будзе…” У Маскве завяршаецца стварэньне цалкам рэжымнай псэўдаапазыцыі. Нямцовы-хакамады-белых сваю справу зрабілі, усё правалілі і могуць ісьці пісаць мэмуары. Мяркуем, што ў Менску адбудзецца тое ж самае. Вінцучкі абрыдлі ўсім: народу і нават дыктатуры. Ад іх будуць пазбаўляцца, выстаўляць на іхнае месца нейкіх новых “апазыцыянэраў” ад антыбеларускага рэжыму.

Часам можна пачуць на правінцыі, дзе з 1941 г. стаіць разбураны мост або няма асфальтавых ходнікаў: “Вось бы ў нас зрабілі чарговыя “Дажынкі”! Навялі б парадак…” Тыя, хто перажыў “навядзеньне парадку”, ведаюць, што гэта такое. Пасьля афіцыёзнага вэрхалу ў чарговым пацёмкінскім мястэчку пры першым дажджы размываецца фарба на размаляваных фасадах дамоў, валяцца дэкарацыі… Стала вядома, што яшчэ 17 кастрычніка ў пасьлядажынкаўскай Воршы падзьмуў вецер. У выніку на людзей упала суцэльна шкляная канструцыя аўтобуснага прыпынку. Такіх небясьпечных “акварыюмаў” панаставілі перад пацёмкінскім сьвятам па ўсім горадзе. Моцна пацярпелі дзьве жанчыны. Ніхто й не зьбіраецца плаціць ім кампэнсацыю.

23 кастрычніка краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прыняцьце рэзалюцыі па трагічным падзеям 1932-33 гг. Цывілізаваныя дзяржавы ўпершыню назвалі Галадамор генацыдам украінскага народу і злачынствам супраць чалавечнасьці. На працягу некалькіх месяцаў, пакуль рыхтавалася гэтая рэзалюцыя і йшло абмеркаваньне, крамлёўская хунта праводзіла шырокамаштабную кампанію супраць прыняцьця рэзалюцыі. Былі мабілізаваны ўсе структуры лубянскай гэбельсаўшчыны. У Расеі і постсавецкіх дзяржавах “прапагандысты і агітатары” ад міністра і амбасадара да дробнага стукача бегалі сярод людзей і шумелі: “Россия тут ни при чём. Это всё еврейское политбюро организовало. А на Украине всё это делалось руками украинских националистов. Это всё они. Русские тоже очень пострадали…” На Захадзе была паднята па трывозе ўся купленая Масквой армія “саветолагаў і русістаў” кшталту эўрадэпутата італьянца К’езы. Ды нічога ня выйшла. Надта страшная па маштабах катастрофа ўразіла ўсіх нармальных людзей, многія зь якіх нічога раней пра яе ня ведалі (Масква на працягу дзесяцігоддзяў хавала жудасную праўду). Расейскія акупанты мелі намер выселіць усіх украінцаў у Сібір. Але нават Сталін зразумеў, што так проста выселіць 40-мільённы народ ня ўдасца. Тады было вырашана зьнішчыць як мага больш украінцаў непасрэдна на іхнай зямлі. Першая хваля масавага зьнішчэньня людзей была прымеркавана на 1932-33 гг. Ва Украіне тады быў сабраны вельмі высокі ўраджай. Расейцы, аднак, канфіскавалі і вывезьлі збожжа ў Расею, не пакінуўшы зерне нават для наступнага пасеву. Быў арганізаваны штучны голад. Савецкая армія ачапіла галодныя вобласьці шчыльнай блакадай. Загінула ад 7 да 10 мільёнаў людзей, у асноўным украінскія сяляне. Па ўкраінскай нацыі быў нанесены магутны ўдар. Наступны ўдар быў нанесены ў 1936-39 гг., калі акупанты зьнішчылі мільёны людзей нацыянальнай эліты. Злачынства адбывалася пад грукат аптымістычных савецкіх песьняў (“Шірока страна моя родная…”). Мяркуем, што цяперашняя Расея не таму так упіралася супраць справядлівай міжнароднай рэзалюцыі, што ёй было “сорамна”. А перш за ўсё таму, што наступным лагічным крокам украінскага народу і кіраўніцтва Украіны будзе выстаўленьне мільярдных рахункаў краіне-акупанту, забойчай імпэрыі – Расеі. У недалёкай будучыні чарга дойдзе і да міжнароднага прызнаньня генацыду беларускага народу і выстаўленьне рахункаў Маскве з боку дэмакратычнай Беларусі.

Здавалася б, ну чаго так закалацілася Масква ў сувязі з адной выставай на вуліцах чужога горада? А рэакцыя сапраўды была не на жарт істэрычная. Справа ў тым, што 24 кастрычніка ва Украіне сьвяткавалі 66-ю гадавіну ўтварэньня Украінскай Паўстанцкай Арміі. УПА змагалася супраць расейскіх і нямецкіх акупантаў за незалежнасьць Украіны. На вуліцах Львова ўлады ўсталявалі 50 вялікіх шчытоў з партрэтамі герояў УПА, здымкамі дакумэнтаў і эпізодаў народнага змаганьня. Тысячы людзей зьбіраліся каля гэтых шчытоў, сьпявалі нацыянальныя песьні, распавядалі дзецям пра барацьбу з ворагам. Менавіта гэтага, — праўды, — і напалохалася Масква. А былі іншыя часы. У акупаваным Масквой Львове адбываліся іншыя экспазіцыі. Існаваў так званы музэй Закарпацкай ваеннай акругі савецкай арміі. Экскурсаводамі там былі генэральскія сынкі, якіх такім спосабам адмазалі ад сапраўднай вайсковай службы. Кіравалі “музэям” гэбоўскія тыпы з халоднымі зьвярынымі фізіяноміямі. Зразумела, што паказвалі і расказвалі наведвальнікам гэтыя “музэйшчыкі”. Пра “освобожденіе” Украіны ад украінцаў, пра подзьвіг НКВД і як яны душылі “націоналістов”. Пасьля правалу маскоўскага путчу ў жніўні 1991 г. і набыцьця незалежнасьці Украінай гэбоўскі “музэй” быў разгромлены і ліквідаваны.

29 кастрычніка адбыўся чарговы акт блюзьнерскай імітацыі ў канторы вінцучкоў на вул. Варвашэні, 8. Аднекуль узяўся “грамадзкі трыбунал па асуджэньню сталінізма”. Як заўсёды туды ўвялі пару акадэмічных інтэлігентаў, якія так і не разабраліся, што гэта ўсё значыць. Але рэй у пацешным трыбунале вядуць такія адыёзныя асобы-імітатары, як С. Кузняцоў, А. Белы, В. Сіўчык. Кур’ёзна было пачуць пра іхныя філіпікі ў адрас “злачынстваў бальшавізма, якія роўныя злачынствам фашызма…” Нагадаем, што ўвесь гэты “антыбальшавізм” адбываўся ў той самай канторы, у той самай зале, за тым жа сталом і на тых жа крэслах, дзе рэгулярна засядаюць “дэмакратычныя сілы” (Лебедько, Мілінкевіч, Вячорка-Баршчэўскі і інш.) пад кіраўніцтвам камуніста Калякіна. А зусім побач, у суседнім пакоі гэтай канторы наведвальнікам бясплатна раздаюць “демократіческую прессу” – бальшавіцкую газэту “Товарищ”. Можа яны лічаць беларусаў за дурняў, што ня здольныя нічога зразумець? Марныя намаганьні імітатараў з-пад мутнай зоркі гранта, ім ня ўдасца заблытаць нашых людзей.

З першага дня панаваньня ў Інгушэціі гэбоўскага генэрала Зязікава, засьведчанага халуя Масквы, інгушскі народ патрабаваў у Крамля вяртаньня на прэзыдэнцкую пасаду папулярнага прэзыдэнта Аўшава. Інгушы спачатку сабралі дзесяткі тысячаў подпісаў пад пэтыцыяй. Калі ў Крамлі не заўважылі гэтага звароту, народ разгарнуў партызанскую вайну супраць гэбоўскай марыянэткі і ягоных акупанцкіх гаспадароў. Яшчэ нядаўна па расейскіх тэлеканалах Зязікаў шумеў: “Не дачакаецеся маёй адстаўкі!” А вось 30 кастрычніка Масква вымушана была зьняць яго і схаваць у Крамлі (дзе ўжо цэлая групоўка з такіх адстаўных). На пасаду Масква прызначыла генэрала Юнус-Бека Яўкурава, які прынамсі служыў у арміі. Гэтую навіну насельніцтва сустрэла танцамі на вуліцах і стралянінай з аўтаматаў, кулямётаў і гранатамётаў у паветра. Што праўда, пад гэты шум партызаны абстралялі таксама і некаторыя будынкі акупанцкай адміністрацыі.

Янка Базыль

4/11/2008 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2008
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024