Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЯШЧЭ РАЗ АБ ТАК ЗВАНЫМ “ГЕАПАЛІТЫЧНЫМ ВЫБАРЫ” РЭЖЫМУ

(Ліст сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Геапалітычны выбар рэжымам Лукашэнкі быў зроблены яшчэ ў зародку. Па сваёй прыродзе, ідэалёгіі і палітыцы – гэта прарасейскі рэжым. Масква яго стварыла. Яна ж падтрымлівае гэты ягоны расейскі “выбар” мільярднымі крэдытамі (выгаднымі Маскве). Яна ж прывязала яго да сваёй газа-нафтавай трубы і да сваёй ваеннай машыны. Яна ж пакрокава заганяе яго ў сваю стара-новую гэбоўскую імпэрыю.

Ваенны напад Расеі на Грузію разбудзіў, нарэшце, Захад ад ружовае сьпячкі. Здаецца, яны ўжо пачалі разумець, што дыпляматычны пэрыяд новага гэбоўскага райха скончыўся і пачаўся адкрыты этап чарговага перадзелу сьвету. (Матывы, матывацыя, дзеяньні і схема дакладна супадаюць з паводзінамі гітлераўскага райха ў 1930-х.)

У гэтай сытуацыі ўсе ў Эўропе адчулі небясьпеку. У тым ліку і прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі зразумеў пагрозу свайму аўтаномнаму існаваньню. Рэжым, які вастрыў авантурныя амбіцыі на захоп улады ў Расеі, ня хоча, каб яго гэтая Расея пракаўтнула цяпер, як зайца ўдаў. Эўразьвяз, бачачы такое, ня хоча гэбоўскага райха і расейскіх ракетаў за Бугам. Смажаны певень дзюбнуў, нарэшце, усіх. Перамовы і збліжэньне рэжыму з Эўразьвязам заканамерна вынікалі з абставінаў – і яны пачаліся. Гэта дало падставу шмат каму гаварыць пра “геапалітычны выбар” рэжыму (які мы пішам толькі ў двукосьсі) і быццам бы паварот ягоны на Захад.
Гэтай фразэалёгіі аб дарозе ў Эўропу, аказваецца, хапіла шмат якому нашаму беларусу, каб душа яго ўсхвалёвана затрымцела. Ён ужо думае, што Лукашэнка (гэты ненавісны яму Лукашэнка) пойдзе, нарэшце, на Захад, і ніхто не пагоніць усіх у Расею.

Мушу, аднак, у чарговы раз моцна расчараваць гэтых людзей і іхняе міфалягічнае думаньне. Лукашэнка і прамаскоўскі рэжым ня пойдуць на Захад, і нават не павернуцца да яго тварам. Хоць зрухі і дачыненьні пачнуцца, але геапалітычныя перавыбары не адбудуцца. Гэта відавочна для ўсіх, хто ўмее хоць збольшага аналізаваць, хоць трошкі ўяўляе сытуацыю і ведае Лукашэнку. Далей за тактыку балянсаваньня (“два крылы”) рэжым не пасунецца.
Некаторае збліжэньне рэжыму з Эўразьвязам (што мы назіраем) і ўзаемныя дробныя саступкі ды перамовы (на якія спакойна глядзіць Крэмль) тактычна прадыктаваныя галоўнай палітычнай задачай Масквы – стварыць на Беларусі “кішэнны” для Лукашэнкі і прарускі для Расеі парлямант (“палату”) і дамагчыся прызнаньня яго (легітымізацыі) міжнароднай супольнасьцю.

Для Лукашэнкі зручна мець такі прызнаны і цалкам ад яго залежны парлямант, каб маніпуляваць рашэньнямі і адказнасьцю. Для Масквы важна прарасейскасьць і легітымнасьць гэтага фармальнага воргана ўлады, каб юрыдычна ў фармальна-прававым полі замацаваць сваю акупацыйную палітыку на Беларусі (захоп беларускай маёмасьці, увядзеньне ракетаў і войска на Беларусь, беларускае грамадзянства для грамадзянаў Расеі і г.д.).

Само так званае прагназуемае “збліжэньне” рэжыму Лукашэнкі з Эўразьвязам было ў агульных рысах распрацавана ў Маскве (не забывайма, што ўсё ўладнае акружэньне Лукашэнкі таксама поўнасьцю расейскае). Выпуск на волю А. Казуліна (які ёсьць чалавекам уплыву Масквы), вызваленьне палітвязьняў, запрашэньне і аплата лёрда Бэла, заявы аб перамене інвестэцыйнага клімату і г.д. – усе гэтыя дробныя саступкі накіраваныя былі на адно: зрабіць прадметам палітычнага гандлю, чыньнікам адплаты за саступкі міжнароднае прызнаньне недэмакратычных выбараў у парлямант за дэмакратычныя. Адплатай з боку Эўразьвязу павінна стаць легітымізацыя кішэннага парляманту Лукашэнкі.

Эўразьвяз, верны сваёй палітыцы падвойных стандартаў, з гатоўнасьцю адклікнуўся на гэты сігнал, пачаў крытыкаваць байкот ды ціснуць на падстаўную “апазыцыю” ў Менску, каб ішлі на выбары да канца. (У дужках зазначу: абсурд сытуацыі заключаецца ў тым, што, у выпадку прызнаньня Захадам фальшывых выбараў за сапраўдныя, як таго патрабуе рэжым, падстаўная “апазыцыя”, у выніку здачы яе Эўразьвязам, ператварылася б ўжо цалкам ў палітычнае нішто (у анучу для затыканьня дзірак). Удзел у байкоце галасаваньня мог бы яшчэ ўратаваць яе твар. Цяпер жа яе лёс і значэньне цалкам залежыць ад маніпуляцыяў Эўразьвязу. Зрэшты, шмат хто з “апазыцыйных” людзей дзейнічае так сьведама, зыходзячы з матэрыяльнага прагматызму.)

Такім чынам, у выпадку “посьпеху” зьдзелка была б выгадная Маскве і Лукашэнку (расплацяцца мякінай, а прыдбаюць “зброю”). Выгадна гэта і прагматычнаму Эўразьвязу, які разумее, што адкупляецца чужым – здачай беларускіх нацыянальных інтарэсаў (прызнаньнем фальшывых выбараў і антынароднага парляманту).

Бок, які поўнасьцю прайграе ў гэтай гнюснасьці, — гэта Беларусь і беларускі народ. Ён даўно стаўся закладнікам чужой палітыкі і здрады эліт.
Збліжэньне рэжыму з Эўропай і легітымізацыя фальшывага парляманту – гэта ёсьць зьявы рознага кшталту. Яны няроўназначныя. Легітымізацыя палаты мае стратэгічны сэнс у палітыцы, стварае аб’ектыўны, прававы і доўгатэрміновы чыньнік, які можа быць па-рознаму выкарыстаны (чаго хоча Масква – мы ведаем).
Тым часам збліжэньне з Эўразьвязам – гэта ўсяго толькі тактыка, тактычная палітыка, якая ў рэальнасьці ў любы момант можа быць спыненая (нават па капрызу ўзурпатара), і нават ператвораная ў сваю супроцьлегласьць. Таму тое, што тут пахне афёрай, відаць адразу. Рэжымны гандляр хоча купіць каня за мыльныя бурбалкі.

Для беларусаў у гэтай сытуацыі непрызнаньне фальшывых выбараў ёсьць важнейшае, чым усе маніпуляцыі рэжыму з Эўразьвязам. Рэальны паварот рэжыму да Эўропы мусіў бы адбывацца на іншых умовах.

Бяспрынцыпны “чэмбэрленаўскі” узровннь эўрапейскай палітыкі мы таксама ведаем. Ніякімі глупствамі яны ўжо, здаецца нас не зьбянтэжаць. Але паветра чэмбэрленаўшчыны ўплывае нават на дасьведчаных у камунізме людзей. Зьдзівілі нас сваёй даверлівасьцю нашыя добрыя суседзі. Міністар замежных справаў Польшчы праз галаву беларусаў паехаў спатыкацца з лукашысцкім міністрам расейцам Мартынавым. Так бы мовіць наводзіць масты супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам. Поўны канфуз. Вялікая місія ўперлася ў Анжэліку Борыс, а лукашысцкі рэжым запатрабаваў ад польскага боку у парадку супрацоўніцтва выдаць шэраг беларускіх палітычных уцекачоў (экстрадаваць з Польшчы ў Беларусь). Прыслалі нават сьпіс гэтых беларусаў. (І што вы хочаце ад гэб’я! А зь імі там супрацоўнічаць сабраліся.)

Расейскі напад на Грузію паставіў беларускую і эўрапейскую палітыку цалкам на геапалітычныя рэйкі. Геапалітыку тым часам можна зьберагальна і пасьпяхова праводзіць толькі маючы нацыянальнае кіраўніцтва і ўладу, якая зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. Беларусь, ня маючы такой улады, знаходзіцца ў вельмі нявыгадным і небясьпечным становішчы.

Бліжэйшая міжнародная пэрспэктыва (калі застанецца існаваць рэжым) можа яшчэ больш пагоршыць сытуацыю вакол Беларусі. Прычынай можа стацца новы канфлікт на Блізкім Усходзе, падпальшчыкам якога зноў выступае Расея (рашэньне аб перадачы Ірану ў 2009 г. сучасных супрацьпаветраных ракетаў С-300). Такія дзеяньні ў існуючых варунках вымагаюць прэвентыўнага адказу. І Расея, правакуючы “адказ”, гэта цудоўна разумее. Любы ваенны канфлікт у пазыцыі множнасьці геапалітычнага супроцьстаяньня можа прывесьці да маштабнага гандлю інтарэсамі (значна большага, чым цяпер), і Беларусь у яе сучасным стане можа лёгка стаць разьменнай манетай паміж Расеяй і Захадам.

Нешта падобнае ўзьнікала ўжо ў 2000 годзе за часы бамбаваньня Сэрбіі авіяцыяй ЗША, калі канцлер Нямеччыны Г. Шродэр таемна паляцеў у Маскву і 4 гадзіны размаўляў з У. Пуціным. Вынікам стала неактыўнасьць і адхіленасьць Расеі ад канфлікту ў Сэрбіі ўзамен за абяцаньне немцаў дапамагчы загнаць Беларусь у “дэмакратычную Расею”. Пра нямецкую палітыку спрыяньня ўключэньню Беларусі ў Расею прагаварыўся ў верасьні 2000 года ў Беластоку разьведчык Ганс Вік (ён жа тады — рэзыдэнт заходняй сеткі ва Ўсходняй Эўропе і па сумяшчальніцтву кіраўнік Місіі АБСЭ у Менску).

У геапалітычных дачыненьнях паміж імпэрыямі і блёкамі пастаянна ўзьнікаюць вялікія і маленькія пакты ды пакцікі “Рыбентропа-Молатава”. Да такой палітыкі трэба быць падрыхтаванымі, каб ня стацца ахвярай. Яе можна прадбачыць, але нельга лягічна спрагназаваць, бо вельмі розныя падыходы ўключаныя ў дзеяньне. Адсутнасьць прынцыпаў, прыстойнасьці і маралі не перашкаджае Эўропе прытрымлівацца агульных правілаў. Расея, тым часам, усё робіць і ацэньвае толькі па сваіх ”чынгізханаўскіх” правілах (дакладней, па паняцьцях), а Лукашэнка ўвогуле не трымаецца ніякіх правілаў. Тое, што ён па-цыганску захоча ашукаць гэтую “гуляшчую Эўропу”, атрымаўшы сваё, можна не сумнявацца. Толькі вельмі наіўныя і далёкія ад рэчаіснасьці людзі могуць думаць, што рэжым Лукашэнкі тут дзейнічае ў адзіночку і намерваецца зрабіць нейкі “геапалітычны” заходні выбар, што, у прынцыпе, для яго немагчыма.

Рэальна дапусьціць, што палітыка рэжыму будзе балянсаваць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Рэжым дэкляруе гэта, і мы бачым пэўныя яго захады. У прынцыпе, такі стан быў бы больш зручны для нашай прыгнечанай цяпер нацыі, чым аднабокая ськіраванасьць рэжыму на Ўсход. Але ўся справа ў тым, што заходнія зрухі рэжыму, аказываецца, шчыльна кантралююцца ўсходнім надзіральнікам. Цяперашняя сытуацыя з гандлем аб прызнаньні ці непрызнаньні фальшывых выбараў добра тое ілюструе. Стопрацэнтовую выгаду ад легалізацыі парляманцкай падробкі ў Беларусі атрымае толькі Масква і, у значнай ступені, рэжым. Эўропа, у выніку палітычнай прастытуцыі, не атрымала б нічога, акрамя ганьбы.

Цяпер яшчэ раз зьвяртаю ўвагу сяброў Фронту і яшчэ раз паўтаруся, што ўсе дзеяньні ва ўнутранай палітыцы рэжыму за апошні час, усе дачыненьні з Масквой і ўсе варыяцыі з Захадам падпарадкаваныя адной тэме – выбарам, і адной задачы – стварыць кішэнны для рэжыму прарасейскі парлямант і легітымізаваць яго. (Пытаньне, будуць там прадстаўнікі “апазыцыі” ці ня будуць, у гэтай раскладцы ўжо ня мае практычнага значэньня.)

Перашкодзіць легітымізацыі выбарчай афёры ў існуючых абставінах фальсыфікацыі гарантавана можна толькі байкотам галасаваньня, гэта значыць масавым няўдзелам у галасаваньні. Ход выбараў (папярэдняе галасаваньне) паказвае, што шырокі байкот хочуць сарваць. Людзей прымусам заганяюць (прывозяць) на ўчасткі і людзі паддаюцца. Але адначасна гэта наглядна ілюструе, што выбары і галасаваньне ня ёсьць свабоднымі. Заўтрашні дзень, аднак, павінен паказаць больш адэкватную карціну.

Пытаньне — прызнае, ці не прызнае Эўропа фальшывыя выбары ў Беларусі, — разьмеркавалася, на мой погляд, ужо цяпер, катэгарычна не на карысьць прызнаньня. Як бы не круцілася Эўропа, але ў гэтых абставінах разумна абгрунтаваць прызнаньне, нават моцна скрывіўшы душой, ўжо не магчыма, не страціўшы свайго твару. Падрыхтоўка байкоту галасаваньня абвастрыла абставіны, штурхнула рэжым ісьці напралом у сваім беззаконьні. (У некаторых месцах “папярэдне” прымусілі прагаласаваць 93 адсоткі выбарцаў, а ў цэлым па Беларусі – 30 адсоткаў. Гэта ёсьць падрыхтоўка маштабнай фальсіфікацыі, якую ўжо не абвергнеш.)

Пры найгоршым выніку (фальсіфікацыя і прызнаньне дэмакратычнасьці недэмакратычных выбараў) беларусы не павінны прызнаваць фальшывыя выбары і фальшывую “палату”. Неабходна будзе гэта разнастайна засьведчыць. У тым ліку, на спэцыяльным форуме усіх выбаршчыкаў і арганізацыяў, што ўдзельнічалі (ці сьвядома ня ўдзельнічалі) у выбарах. Беларускае грамадзтва павінна б было ўсьвядоміць новую сытуацыю ў міжнароднай палітыцы і мусіла б зьвярнуцца да аб’яднаньня вакол нацыянальнай ідэі, мусіла б падтрымліваць беларускую вызвольную палітыку і беларускае нацыянальнае Адраджэньне, асабліва — ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць”. Трэба ўжо цяпер, не марудзячы, і ня гледзячы які будзе вынік выбараў, ствараць групы падтрымкі беларускага Адраджэньня і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, нашай народнай партыі. Наперадзе жорсткія дні. Беларусам ва ўсім сьвеце неабходна арыентавацца на салідарнасьць, змаганьне і барацьбу, і галоўнае – абапірацца на сябе, на свае сілы і духоўныя рэсурсы нацыі, на сваіх людзей і свой народ. Неабходна ствараць нацыянальную альтэрнатыву дыктатуры і рыхтавацца да далейшага змаганьня з Масквой. Гэта ёсьць доўгая, жмудная, часам руцінная, але неабходная справа. Толькі пры наяўнасьці такой справы і такой працы пасіянарныя імпульсы і ўзбуджэньні, якія час ад часу ўзьнікаюць у грамадзтве, могуць мець вынік і асэнсаваны працяг.

Гэтыя разважаньні могуць здацца для некаторых крыху адцягненымі, іншых, начытаных, могуць раздражняць, выклікаць патрабаваньне “канкрэтных дзеяньняў” і г. д. Але трэба ведаць і разумець, што ніякія “канкрэтныя дзеяньні” немагчымыя без разуменьня і ўсьведамленьня агульных ідэй і агульнай справы як справы нашай і справы сваёй. Якраз у слабым усьведамленьні свойскасьці беларускага “нашага” і нацыянальнага “агульнага” крыецца прычына неактыўнасьці, несалідарнасьці ў нашым грамадзтве.

Мяркую, што вопыт гэтых выбараў (пры любым выніку і любым зыходзе) павінен даць беларусам моцны штуршок для асэнсаваньня народнага лёсу, прыхіліць многіх да калектыўных дзеяньняў дзеля нацыянальнай будучыні, волі і шчасьця Бенларусі.

27 верасьня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК

29/9/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2008
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024