Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Галіна Пазьняк: Аповяд чыстага сумленьня

Кніга дэпутата Вярхоўнага Савета 12 – га скліканьня Сяргея Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”, якая выйшла нядаўна ў Варшаве (Варшава – “Беларускія Ведамасьці”, Прага – “Clovek v tisni”, 2006 г.), захапляе з першай старонкі.

Прачытаўшы яе, уражвае, з аднаго боку, як дакладна перададзена атмасфэра беларускага Адраджэньня, зь іншага – сам аповяд пра ахвярную працу Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

У тых, хто быў удзельнікам падзеяў ці падтрымліваў Апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце на плошчы Незалежнасьці, кніга абуджае шмат асацыяцыяў- ўспамінаў і аднаўляе ў памяці ўздым і аптымізм 90-х.

Іншым, маладым, хто па ўзросту тады ня мог асэнсоўваць тыя гістарычныя перамены, кніга Сяргея Навумчыка раскрывае праўдзівыя падзеі нядаўняга часу. І гэта надзвычай важна, бо аднаўленьне незалежнасьці не “звалілася зь неба” (як хлусяць антыбеларускія прапагандысты), а было здабытае (ў выніку змаганьня пакаленьняў беларусаў і пры падтрымцы грамадзтва) неверагодна цяжкай, гераічнай і ахвярнай працай нешматлікай фракцыі фронтаўскіх дэпутатаў ў парляманце — авангардам сапраўднай беларускай эліты. Дзякуючы іх дзейнасьці, не абарвалася “нітка шчасьця”, пераемнасьць адраджэньня Беларускага духа ў пакаленьнях, і беларусы як народ не сыйшлі ў небыцьцё. А гэта цалкам магло стацца, каб не адбыўся Акт Незалежнасьці і Беларусь засталася б часткай імпэрскай Расеі. Менавіта гэтага дамагалася сваёй коснасьцю і саветызмам большасьць прамаскоўскага Вярхоўнага Савета БССР 12-га скліканьня.

Я памятаю гэтыя часы і атмасфэру тае пары, бо разам з авангардам беларускага грамадзтва таксама вырастала з жыцьця і ўзмацнялася мая нацыянальная сьведамасьць.

Расказваючы, што папярэднічала парляманцкай дзейнасьці адраджэнцаў, Сяргей Навумчык піша пра разгон “Дзядоў-88”, “які меў шырокі розгалас” у грамадзтве. І я памятаю, як гэта было, як (нібы сабак спусьцілі з ланцуга) “клеймили позором” “неформалов” (гэта пра нас) ва ўсіх дзяржаўных СМІ (а іншых СМІ не было), як кожны дзень зьяўляўся шэраг артыкулаў-падманаў, як абзывалі нас “фашыстамі” ды іншымі абразьлівымі словамі за нашую прагу свабоды і незалежнасьці ад страшнай імпэрыі, як нас запалохвалі і як мы вучыліся не баяцца.

“Пашырыліся патрабаваньні аб беларусізацыі”, — піша аўтар, які тады жыў у Віцебску. А я ўспамнінаю пачатак 1990 года — тры дні мітынгаў у Менску, калі цалкам савецкі Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прымаў Закон аб мовах, як спрачаліся савецкія дэпутаты, як лямантаваў, ненавідзячы беларускую мову, лімітаваны “дэпутат БССР” артыст Менскага рускага тэатра Янкоўскі ды выступаў супраць адзінай дзяржаўнай беларускай мовы (фрагмэнты гэтага абмеркаваньня паказвалі ў “Навінах” на ТБ”), і як патрабаваў народ прыняцьця гэтага Закону.

У першы дзень абмеркаваньня Закону ў Вярхоўным Савеце ўся плошча Незалежнасьці (тады Леніна) па закліку Беларускага Народнага Фронту была запоўнена менчукамі. Мы патрабавалі, каб адзінай дзяржаўнай мовай стала беларуская мова.

Назаўтра дэпутацкія дэбаты працягваліся, і тысячы людзей зноў сабраліся ля Вярхоўнага Савета, выкрыквалі лёзунгі і патрабаваньні. Мы былі ўсе разам, знаёмыя і незнаёмыя беларусы, мы адчулі сябе народам.

На трэці дзень абмеркаваньня нам афіцыйна дазволілі мітынг каля Дому палітасьветы, і тысячы менчукоў хлынулі туды. Людзі былі настроеныя на перамогу. Гэта радвала і ўздымала. Упершыню ў БССР тысячы людзей узьняліся ў абарону беларускай мовы. Шмат хто зь іх гаварыў па-руску, але чыстая хваля Адраджэньня ўскалыхнула ў беларусах тое, што 70 гадоў спала ў душах за саветамі.

С. Навумчык успамінае вясну 1990-га – выбары ў Вярхоўны Савет БССР і якія неверагодныя перашкоды стваралі савецкія ўлады кандыдатам ад Фронта. І я ўспамінаю, як у Менску Фронт аб’яднаў усіх вылучаных сваіх кандыдатаў у Вярхоўны і мясцовыя Саветы. У Фронце была наладжана вучоба кандыдатаў усіх узроўняў. Мы слухалі лекцыі спэцыялістаў розных галінаў аб будучай дэпутацкай дзейнасьці (эканоміка, гаспадарка, гісторыя, паліталёгія і г.д.). Такую ж “вучобу” правёў 2-3 разы і Райвыканкам Маскоўскага раёну Менска, на тэрыторыі якога я жыла і, як кандыдат у дэпутаты Гарсавета, прысутнічала на гэтых паседжаньнях.

Памятаю, як пасьля заканчэньня лекцыі мяне запрасіў у кабінет адзін чыноўнік райвыканкаму. “В доверительной беседе” ён паспрабаваў “расплюшчыць” мне вочы на некаторых дзеячоў у нашым адраджэнцкім руху. Ён гаварыў, што да нас “уліліся” гэбісты, называў вядомыя прозьвішчы. “Ці ж гэта ваша кампанія?” – скончыў ён сваю “проработку”. Ды я не зьбіралася верыць ягонаму “шчыраму” голасу, хоць (час паказаў) КГБ, сапраўды, рабіў апэратыўныя крокі, каб ня даць узмацніцца Адраджэньню.

Але не гэбэ вырашаў тады лёс будучай незалежнай Беларусі. Яго вырашалі тады лепшыя беларускія дзеячы Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, Беларускі народ і Беларуская адраджэнцкая плошча. Высілкі КГБ маглі прынесьці пэўную канкрэтную шкоду, але паўплываць на народны ўздым яны не маглі.

Галоўная каштоўнасьць кнігі Сяргея Навумчыка – расказ пра парляманцкую дзейнасьць Апазыцыі БНФ. Гэты расповяд для нас вельмі істотны, бо зыходзіць з “першых вуснаў” сумленнага чалавека, які расказвае так, як было, абапіраючыся на стэнаграмы паседжаньняў Вярхоўнага Савету. Тут усё – праўда. Сяргей Навумчык раскрывае знутры характэрны працэс змаганьня з рэакцыйнай дэпутацкай большасьцю, іх няздольнасьць да нацыянальнай палітычнай дзейнасьці, неразуменьне паняцьцяў “суверэнітэт”, “геапалітычная сітуацыя”, “незалежнасьць”, “нацыянальныя інтарэсы”, паказвае іхнюю воўчую ўпартасьць супраць беларускага Адраджэньня і падтрымку рашэньняў у інтарэсах Масквы. Тыя, хто тады назіраў за дзейнасьцю Апазыцыі БНФ праз СМІ, не маглі ведаць пра ўсе цяжкасьці прыняцьця гістарычных рашэньняў.

Апазыцыя БНФ вынесла на 2-ю сэсію некалькі дзясяткаў заканадаўчых прапаноў і законапраектаў, піша аўтар. І зьнешне гэта ўспрымаецца як належнае. Але за гэтым сьціплым выказваньнем – бяссонныя ночы, абмеркаваньні, ахвяраваньне ўласным асабістым жыцьцём на карысьць Бацькаўшчыны. І такое цяжкае жыцьцё доўжылася амаль шэсьць гадоў. За гэты час сябры Апазыцыі БНФ паступова станавіліся прафэсійнымі палітыкамі-змагарамі.

А напачатку гэта была неверагодна цяжкая праца першапраходцаў. Некалькі разоў я прысутнічала на абмеркаваньнях палітычных пытаньняў у Апазыцыі БНФ (знаходзячыся ў Вярхоўным Савеце па агульнафронтаўскіх справах і як дэпутат Менгарсавета). Я насамрэч бачыла, як выпрацоўвалася палітычная тактыка ў працэсе абмеркаваньня пэўнай палітычнай праблемы. Дыскусія, аргумэнтаваныя спрэчкі давалі магчымасьць дэпутатам Апазыцыі БНФ разглядаць пытаньне з усіх бакоў і выпрацоўваць аптымальныя рашэньні. Прытым, што характэрна, усе шукалі правільнае дзеяньне і дыскутавалі без амбіцыяў, агульная справа была над усім. Гаварылі канкрэтна, коратка і па тэме (быў рэглямант і калі хто адыходзіў ў бочныя разважаньні, то старшыня тут жа выпраўляў становішча і ніхто ня крыўдзіўся) І ўжо калі прымалі рашэньне, яно абавязвала кожнага і ўсе яго трымаліся.

Але іхняя дэпутацкая праца тым не абмяжоўвалася. Гэта была яшчэ свайго роду і ў высокай ступені творчая дзейнасьць, дзе трэба было арыентавацца ў сітуацыі непасрэдна ў Авальнай залі. Іхныя калектыўныя “экспромты” былі бліскучыя. Чытаючы пра абмеркаваньне закона аб адкліканьні дэпутатаў, аб прыняцьці Дэклярацыі аб суверэнітэце і інш., зноў перажываеш цяжкія моманты змаганьня. І узьнікае пачуцьцё найвышэйшага захапленьня ад дасьціпнасьці і агульнага інтэлекту гераічнай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, ад апэратыўнасьці іхняга мысьленьня, ад гнуткага валоданьня сітуацыяй.

Думаю, што парлямантарам нават самых магутных дзяржаваў сьвету можна б было павучыцца ў беларускіх герояў – Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Настолькі яны былі актыўныя, наступальныя, самаахвярныя, зьяднаныя і разумныя.

Аўтар нагадвае нам, як цаной вялікіх намаганьняў ішоў працэс вяртаньня беларускасьці, і які страшэнны націск праімпэрскіх сілаў (у якіх была і ўлада, і СМІ) прышлося стрымліваць адраджэнцам, успамінае і публікацыю ліста групы бацькоў з Рагачова. І я цалкам пацьвярджаю праўду ягоных слоў.

У сталіцы Беларусі ўсе пытаньні адраджэньня беларускасьці дзіцячых установаў курыравала Камісія па адукацыі Менгарсавета, якая праводзіла пільны кантроль за гарадзкім Упраўленьнем адукацыі па бесперабойным пашырэньні беларускіх школаў у Менску. Нас (дэпутатаў Камісіі) цікавіла таксама, як да гэтага працэсу адносяцца бацькі навучэнцаў і настаўнікі. З усёй адказнасьцю канстатую: перавод садкоў і школаў у статус беларускамоўных з боку настаўнікаў і бацькоў успрымаўся прыхільна – мы правялі сотні перамоваў і сустрэчаў і пераканаліся ў гэтым. А гэтак званыя “калектыўныя лісты” бацькоў і іншая праца “пятай калёны” – гэта справа шалёнай антыбеларушчыны, кіруючы цэнтар якой, зразумела, быў у Крамлі (а дакладней – на Лубянцы).

Але адраджэнцы “трымалі ўдар”. Сябры Камісіі Менгарсавета па адукацыі праводзілі сходы ва Упраўленьні транспарту Менска, у Маскоўскім РАУС, ва ўпраўленьні гандлю, у некаторых цэнтральных крамах. Мы выкарыстоўвалі любы шанец, каб увасобіць ідэі беларускай незалежнасьці. Беларускія школы-садкі расьлі, як грыбы. Але усё, як піша С. Навумчык, “даводзілася “выбіваць”, бо кебічаўскае чынавенства моцна супраціўлялася адраджэньню беларускасьці.

Узгадваючы пра падзеі тых часоў, аўтар часам дае характарыстыку некаторым вядомым ў беларускім грамадзтве асобам з палітычнага пункту гледжаньня. Шмат добрых слоў сказана пра двух славутых беларусаў, якія адразу падтрымалі Фронт – Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Цікавыя фрагмэнты адносна старшыні Камісіі па культуры і адукацыі Вярхоўнага Савета Ніла Гілевіча прымусілі і мяне ўспомніць выпадак з майго дэпутацкага жыцьця.

У 1990 г. у Камісію па адукацыі Менгарсавета зьвярнуліся ініцыятары стварэньня пры БДУ беларускага ліцэя з фізіка-матэматычным ухілам. Без ЦК КПБ вырашыць гэта тады было немагчыма. Мы са старшынёй камісіі Вольгай Кузьміч вырашылі зьвярнуцца да старшыні адпаведнай камісіі Вярхоўнага Савета Ніла Гілевіча і папрасілі яго схадзіць разам з намі да сакратара ЦК КПБ Камая па пытаньні адкрыцьця ліцэю.

Рэакцыя Н. С. Гілевіча была для нас зусім нечаканая. Ён катэгарычна і нават з абурэньнем адмовіўся ісьці з намі ў ЦК партыі, бо мы былі дэпутатамі Менскага Савета, а ён – Вярхоўнага. Ён лічыў сябе вышэйшым за нас. І таму з намі яму было як бы не з рукі, не тая субардынацыя. Мы аслупянелі ад такой (проста скажам, азіяцкай) лёгікі. Вось табе і агульны інтарэс, і “адданасьць ідэі”, вось табе і агульнае змаганьне за мову.

Мы выйшлі зь Вярхоўнага Савета расчараваныя, бо лічылі, што зараз галоўнае – беларушчына, а не нейкія там рэгаліі… Аднак яшчэ існаваў Савецкі Саюз і людзі, што спадзяваліся на камуністычную ўладу, паводзілі сябе па-савецку.

У грамадзтве бытуе такая думка, што палітыкай (як, дарэчы, і педагогікай) можа займацца любы разумны чалавек. Практыка, аднак, паказвае, што гэта ня так. Можна быць добрым вучоным, пісьменьнікам, лекарам ці юрыстам, а ў палітыцы, дзе трэба кіравацца агульнанацыянальным інтарэсам, часам уласныя амбіцыі, прывязанасьць і абмежаванасьць моцна перашкаджаюць. (Тады, дарэчы, беларускі ліцэй пры БДУ з фізіка-матэматычны ухілам мы адваявалі, але прайшоў час, і тыя, хто ўзначаліў ліцэй і біў сябе ў грудзі, што ён будзе беларускамоўным, здрадзілі нашаму змаганьню і перайшлі на мову расейскую… Было і такое, на жаль.)

І яшчэ адна асоба, пра якую абсалютна праўдзіва гаворыць аўтар кнігі С. Навумчык — гэта Станіслаў Шушкевіч. Памятаю, як моцна, крок за крокам, ён расчароўваў усіх тых адраджэнцаў, хто на яго спачатку так спадзяваўся.

Калі ў 1989 г. пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, увесь Фронт узмоцнена змагаўся за вылучэньне сваіх кандыдатаў. Але зарэгістраваць фронтаўцаў тады (па выбарчым законе СССР) не ўдалося, і Фронт заклікаў сваіх сяброў дапамагаць С.С. Шушкевічу (а Шушкевіч абавязаўся падтрымліваць беларускія адраджэнскія каштоўнасьці і фронтаўскія прынцыпы). Бяз гэтай нашай дапамогі С. Шушкевіч стаць двойчы дэпутатам (СССР і БССР) ня змог бы. Усю ягоную выбарчую кампанію падрыхтавалі і правялі фронтаўцы. Мы ж верылі яго словам аб адданасьці Беларусі. Я добра памятаю тыя змагарныя дні. Мы хадзілі па кватэрах, клеілі лістоўкі, агітавалі. Найбольш гэтыя выбарчыя кампаніі памятаюць мае ногі і ногі шматлікіх сяброў Фронту – колькі было выхаджана па раёнах, вуліцах, дварах і прыступках менскіх дамоў. Увесь Фронт агітаваў за Шушкевіча.

Потым, назіраючы сэсіі ВС па ТБ, я ня раз з горыччу шкадавала, што столькі сілаў аддала на змаганьне за С. Шушкевіча, так расчараваў нас гэты чалавек – шукальнік згоды (як ён сам вызначаў сваю пазыцыю), а на справе – ня моцны чалавек, высокая пасада якога аказалася яму не па плячу і прынесла так шмат прыкрасьцяў і няспраўджаных надзей адраджэнцам Беларусі. І зараз, чытаючы кнігу, гэтае пачуцьцё ўзьнікае зноў і зноў, ад старонкі да старонкі, бо у самыя крытычныя моманты, дзе патрэбна была актыўная пазыцыя С. Шушкевіча, ён часта маладушнічаў, марудзіў, угінаўся і марнаваў нацыянальныя магчымасьці Беларусі.

Чытаючы старонкі, прысьвечаныя барацьбе Апазыцыі БНФ за вяртаньне Незалежнасьці, мы бачым, як цяжка здабывалася Незалежнасьць, як шмат што залежыла ад палітычнай інтуіцыі, рашучасьці і інтэлекту дэпутатаў-фронтаўцаў. Абмежаванасьць, коснасьць і цынізм ворагаў беларушчыны ўражваюць, хоць расказ ідзе стрымана. Бачым і антынезалежніцкую пазыцыю тых, хто сёньня выступае ў ролі “апазыцыі” і барацьбітоў, з рэжымам.

Пацьвярджаецца старая праўда: прыгожа і востра здольны гаварыць шмат хто. Але за аднымі і тымі ж словамі можа стаяць супрацьлеглае: шчырасьць і хітрасьць. І каб адрозьніваць адно ад другога, у палітыцы, як нідзе, трэба ведаць, што гэта за чалавек, якая яго “гісторыя”, за што ён змагаўся ўчора, 5-10 гадоў таму і ці падтрымліваў ён нацыянальныя беларускія інтарэсы адкрыта, не хаваючыся пад лаву. Інакш мы рызыкуем быць моцна падманутымі.

Здраднікі беларушчыны былі раней, на жаль, ёсьць яны і сёньня. Але каб учарашні непрыяцель беларускіх інтарэсаў ператварыўся сёньня ў “змагара” за іх – гэта ўжо падазрона (хоць такое і здараецца ў гісторыі барацьбы). А менавіта дзейнасьць перакідчыкаў, пра якіх мы чытаем у кнізе С. Навумчыка, прывяла да сёньняшняга бездапаможнага стану. Памятаю трансьляцыі па ТБ сэсіяў Вярхоўнага Савету позна ноччу, а 1-й-2-й гадзіне. Тады думалася: ну, здаецца, пазабіваў бы гэтых рэтраградаў, гэтую прадажную дэпутацкую большасьць. А сёньня гэтыя лябедзькі-калякіны прафануюць змаганьне і тлумяць Адраджэньне, начапіўшы маскі “апазыцыі”.

Кніга С. Навумчыка дапамагае аднавіць ў памяці шмат што. Напрыклад, як несур’ёзна ўспрымаўся тады дэпутат А. Лукашэнка ў Вярхоўным Савеце і ў адраджэнцкім грамадзтве. Калі мы зьбіралі подпісы ля Галоўпаштамта за фронтаўскага кандыдата ў прэзыдэнты, каля нас заўсёды быў тлум народу. Людзі шчыра падпісваліся. І да нас як правіла “прымазваліся” 2-3 зборшчыкі за Лукашэнку. Мы са зьдзіўленьнем глядзелі ў іх бок, (да іх падыходзілі людзі неахвотна і мала) і не маглі надзівіцца, як яны могуць сур’ёзна займацца гэткай беспэрспэктыўнай справай. Што Лукашэнка, мякка кажучы, “ня цягне” на прэзыдэнта – для нас было настолькі відавочна, што мы толькі ўсьміхаліся… І гісторыя навучыла нас, што ў адказныя часы барацьбы трэба ставіцца вельмі сур’ёзна да праціўнікаў, да ўсіх праяваў гэтай барацьбы і ня ськідваць з рахунку нават самыя на першы погляд бязглуздыя “праекты” супернікаў.

Кніга С. Навумчыка выдатна ілюструе, што палітыку можна і патрэбна рабіць чыстымі рукамі, і пісаць пра яе таксама – праўдзіва, так, як было. Для гэтага неабходна толькі мець чыстае сумленьне, шчырае сэрца беларуса і журналісцкі талент, як у Сяргея Навумчыка.

Добра відаць, што пераацаніць унікальны палітычны подзьвіг дэпутатаў парляманцкай Апазыцыі БНФ немагчыма. Яны сыгралі вызначальную ролю ў аднаўленьні незалежнасьці Беларусі. Мінае час, настала цяжкая пара, некаторыя зь іх адыйшлі ад актыўнага змаганьня, некаторыя ўжо адышлі з жыцьця… Але за тое, што яны рабілі і зрабілі тады, у 90-х, — за гэта ім усім нізкі паклон і пажаданьне быць годнымі самых сябе й надалей.

Галіна Пазьняк
2006 г.

6/11/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2006
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024