Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Жнівень 1991: Праімпэрскі путч

Сяргей Навумчык,
з кнігі “Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)

Раніцай 19 жніўня 1991 году маскоўскае тэлебачаньне і радыё паведаміла пра адхіленьне ад пасады Міхаіла Гарбачова і стварэньне Дзяржаўнага камітэту ў справе надзвычайнага становішча (у гісторыю ён увайшоў з расейскай абрэвіятурай – ГКЧП).

Мы не былі ад Гарбачова ў вялікім захапленьні, уласьцівым маскоўскай лібэральнай інтэлігенцыі і іх менскім адэптам. Асабіста ў мяне апошнія ілюзіі зьніклі пасьля кароткай размовы зь ім у лютым 1991 году пра дзеяньні кіраўніцтва СССР падчас Чарнобылю. Генэральны сакратар ЦК КПСС і Прэзыдэнт ядзернай звышдзяржавы паводзіў сабе як вучань, які выправіў ацэнку ў дзёньніку. У той жа дзень, выступаючы ў беларускай Акадэміі навук, Гарбачоў абрынуўся з рэзкімі выпадамі на дэмакратаў; я сядзеў у першым радзе, Міхаіл Сяргеевіч паказваў на мяне пальцам, тэлекамэры трансьлявалі, і цешча ў Глуску думала, што гэта – канец. Аднак было абсалютна зразумела, што пры адным зь яго папярэднікаў – Андропаве – за мае пытаньні мяне б чакаў арышт, а пры яшчэ ранейшым папярэдніку, Сталіне – расстрэл. Разумелі мы і тое, што замест адносна лібэральнага, хоць і непасьлядоўнага Гарбачова, на трон можа ўзысьці пасьлядоўны ў сваёй рэакцыйнасьці вылучэнец ваенна-прамысловага комплексу.

Яшчэ за некалькі тыдняў да абвяшчэньня ГКЧП у СМІ зьявілася заява групы „ дзеячоў літаратуры і мастацтва” пра небясьпеку распаду СССР з заклікам прыняць рашучыя меры; ГКЧП і стаў выразьнікам вяртаньня ў старыя часы. Наяўнасьць у ГКЧП сілавых міністраў і кіраўнікоў ваенна-прамысловага комплексу не пакідала ілюзій наконт антыдэмакратызму і рэпрэсіўнасьці мэтадаў, якімі
будуць захоўваць СССР ад распаду.

Той жа раніцай 19 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ сабраліся ў Вярхоўным Савеце і зрабілі шэраг заяваў, ацаніўшы падзеі як спробу захаваць савецкую імпэрыю шляхам усталяваньня ваеннай дыктатуры. „ Беларускі народ добра памятае жудасныя злачынствы сталінскай дыктатуры і не даруе патураньня тым, хто зноў імкнецца растаптаць яго сувэрэнітэт і свабоду”, – гаварылася ў нашым Звароце да Дземянцея.

Раніцай 19 жніўня мы, шэсьць дэпутатаў Апазыцыі БНФ – Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў. У. Заблоцкі, С. Навумчык – прыйшлі ў кабінэт Старшыні ВС Мікалая Дземянцея. Вось скарочаны запіс гутаркі.

„ Ул. Заблоцкі: Аналіз сытуацыі сьведчыць што з парушэньнем Канстытуцыі і законаў СССР уладу ў Крамлі спрабуе захапіць так званы камітэт па надзвычайным становішчы. Апазыцыя лічыць неабходным тэрмінова склікаць сэсію ВС БССР і абмеркаваць становішча. Мы лічым, што сем чалавек, які ўвайшлі ў склад гэтага камітэту, ня маюць права вырашаць за кожную рэспубліку.

М.Дземянцей: Нічога яны за нас не вырашаюць.

Ул. Заблоцкі: Яны за нас вырашаюць усё. Гэта відавочна. Таму ВС БССР павінен тэрмінова сабрацца і заявіць, што гэты камітэт антыканстытуцыйны і не паўнамоцны ўводзіць надзвычайнае становішча.

В. Голубеў: Мікалай Іванавіч, наш Вярхоўны Савет павінен вызначыць: падтрымліваем мы гэтых самазванцаў ці будзем усё ж кіравацца канстытуцыйнымі прынцыпамі. Мы ведаем, што Вы званілі Лукьянаву (старшыня ВС СССР – С.Н.). Зразумела яму нічога не заставалася сказаць Вам, як толькі тое, што „ усё робіцца па закону”. Але Беларусь павінна вырашаць сама за сябе.

М. Дземянцей. Вы з Гарбачовым асабіста сустракаліся? Вы ведаеце, чаму ў Гарбачова нарадзілася гэтая заява?

В. Голубеў: Якая заява?

М. Дземянцей. Ну будзе гэтая заява. Гарбачоў прыйшоў за шэсьць гадоў да цяжкага становішча, у якім ён заўсёды быў. Гэта група, а дакладней казаць – Янаеў, былі зь ім разам, калі гэтая заява нарадзілася разам з Гарбачовым. Па стане ягонага здароўя…

С. Навумчык: Дзе заключэньне дактароў? Давайце пазвонім Гарбачову ад Вас па ВЧ.

М. Дземянцей: Яшчэ раз паўтараю: Гарбачоў псыхалягічна вычарпаў сябе. Ён ня ведае, што далей яму рабіць. Ён кажа: я далей не магу, давайце думаць разам. Вось і давялося па Канстытуцыі часова выконваць абавязкі Янаеву. Прэзыдэнт за суткі да гэтага пайшоў у адстаўку. На працягу тыдня будзе склікана сэсія ВС СССР. Усё робіцца па Канстытуцыі. У нашы рэспубліканскія справы ніхто ня ўмешваецца. Нам няма патрэбы зьбіраць сэсію. Гарбачоў сам за сябе вырашыў. Ён сышоў, а жыцьцё будзе працягвацца. Не парушайце ніякага грамадзкага парадку. Вы сёньня са значкамі БНФ прыйшлі (так Дземянцей вызначыў бел-чырвона-белыя сьцяжкі – С.Н.). Што, абвешчана з вамі нейкую вайну весьці? Ну, не, вы ўсё ведаеце, а я займаю пасаду і нічога ня ведаю. Я вас прашу, не рабіце паніку.
Не сутыкайце людзей, не падбухторвайце людзей. Вось гэта я вас прашу: не займайцеся падбухторваньнем людзей.

І. Гермянук: Выходзіць, што Вы прызнаеце законнасьць камітэту на чале з Янавевым і бузеце выконваць яго распараджэньні?

М. Дземянцей: А што Вы хочаце, каб я выконваў?

І. Гермянчук: Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі з’явяцца на вуліцах Беларусі.

М. Дземянцей. Усё, далей я ня буду працягваць размову…

Ул. Заблоцкі: Вы можаце казаць нам усё што заўгодна. Аднак усе разумеюць, што ў СССР адбываецца неабальшавіцкі пераварот. Таму мы настойваем на тэрміновым скліканьні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Калі Вы адмаўляецеся гэта зрабіць, мы будзем зьбіраць неабходныя 115 подпісаў дэпутатаў”.

Была ў нас і сувязь з Масквой, з „Белым домам”, дзе знаходзіўся Прэзыдэнт РСФСР Б. Ельцын, які адназначна назваў путчыстаў „ дзяржаўнымі злачынцамі” і заклікаў грамадзянаў Расеі выконваць распараджэньні толькі тыя, якія сыходзяць з „ Белага дому”. У мяне захаваліся перасланыя нам па факсу ад Ельцына падпісаныя ім дакумэнты. Аднак мы былі перакананыя, што лёс Беларусі павінен вырашацца ў Менску.

Тады ж, 19 жніўня, мы накіравалі звароты да старшыні Саўміну В. Кебіча, міністра ўнутраных справаў, старшыні КДБ, у якіх канстатавалі, што „ спроба антыканстытуцыйнага перавароту, зробленая… групай палітычных авантурыстаў у Маскве, накіраваная супраць дэмакратыі, законных органаў улады і сувэрэнітэту рэспублік, зьяўляецца дзяржаўным злачынствам. Безадказныя дзеяньні путчыстаў у СССР не павінны мець ніякай падтрымкі на Беларусі. Усе іхнія распараджэньні зьяўляюцца незаконнымі і не павінны выконвацца ніякімі органамі ўлады Беларускай ССР. Мы заклікаем Вас праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць
беларускай рэспубліцы…”

І старшыня КДБ, і міністар унутраных справаў занялі нэйтральную пазыцыю (але пазьней стала вядома, што на чыгунчанай станцыі былі падрыхтаваныя эшалёны для „ транспартаваньня” тых, хто, як выказаўся ў той дзень Дземянцей“, падбухторвае людзей”).
Нам так і не ўдалося пераканаць большасьць членаў Прэзыдыюму ВС адназначна асудзіць путчыстаў.

Кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Малафеевым цалкам падтрымала дзеяньні ГКЧП, абавязаўшы партыйныя камітэты выконваць яго распараджэньні. Старшыня Дзяржтэлерадыё А. Сталяроў спыніў вяшчаньне беларускага каналу і пераключыў яго на Маскву, з трансляцыяй распараджэньняў ГКЧП. Члену Прэзыдыюму ВС М. Сьлямнёву, які хацеў выступіць супраць ГКЧП, было адмоўлена ў радыёэфіры.

Увечары 19 жніўня перад будынкам Дома ўраду мы правялі мітынг – на яго прыйшло некалькі соцень чалавек. Мітынг адбыўся і 20 жніўня, ужо больш шматлюдны. Да патрабаваньня аб скліканьні сэсіі далучыліся і іншыя дэпутаты, у тым ліку першы намесьнік Старшыні ВС С. Шушкевіч.

Аднак шмат хто вырашыў за няць пазыцыю чаканьня, і на 13 гадзін 20 жніўня мы мелі ўсяго 33 подпісы дэпутатаў (для скліканьня нечарговай сэсіі іх патрабавалася 120).

Пасьля мітынгу мы з жонкай паехалі да Аляксандра Лукашука – там ужо былі журналісты Дзьмітры Філімонаў, Вераніка Чаркасава, кірарэжысэр Юры Гарулёў. Ні ў каго не было страху – затое была злосьць і жаданьне супраціўляцца. У выдавецтве „ Беларусь”, дзе Лукашук быў галоўным рэдактарам, ён правёў сход – разьлічваў, што ўдзельнікі асудзяць хунту. Шмат хто пабаяўся галасаваць адкрыта (але некалькі чалавек усё ж падпісалі ліст пратэсту).

Большую частку тых дзён я правёў у будынку Дома Ўраду і на плошчы.

Увечары 21 жніўня ГКЧП пацярпеў паразу. У 16 гадзін на чале з Пазьняком мы ізноў былі ў кабінэце М. Дземянцея; цяпер ужо ён быў вымушаны прымаць рашэньне аб скліканьні нечарговай сэсіі, якая прызначалася на 24 жніўня.

Пазьней у сваіх успамінах Дземянцей напіша:
„ Перад пачаткам пленарнага паседжаньня да мяне ў працоўны кабінэт зайшла група дэпутатаў ад Апазыцыі на чале з З. Пазьняком і С. Навумчыкам. Двое апошніх папярэдзілі мяне, каб я не выступаў за захаваньне Саюза ССР. Інакш можа здарыцца непапраўнае. Я пажартаваў:
– Павесіце на вяроўцы бяз мыла?
Яны засмуціліся і, прамармытаўшы нешта няўяцямнае, сышлі.” (М. Дземянцей, „ Уроки жизни”, стар.148).

Размова, якая гэтак уразіла Дземянцея, насамрэч адбылася ня ў дзень сэсіі, а 21 жніўня, адразу пасьля таго, як з Масквы паступілі паведамленьні аб паразе ГКЧП. Захаваўся пісьмовы запіс той гутаркі, які я вёў і які падаю без скарачэньняў.

„ 21 жніўня. 16 гадзін. Дэлегацыя ў складзе: Пазьняк, Голубеў, Беленькі, Навумчык. Кабінэт старшыні ВС БССР М. Дземянцея.

Дземянцей: Добры дзень!

Пазьняк: Добры. Шаноўны Мікалай Іванавіч, мы да Вас ужо ня першы раз заходзім, і мы зварот ад дэпутацкай Апазыцыі БНФ Вам абавязаныя ўручыць. Вось, калі ласка, прачытайце.

Дземянцей: Вы присаживайтесь…

Пазьняк: Ня трэба…

Голубеў: Ведаеце, якія зьвесткі ідуць па цэнтральнаму радыё? Ведаеце?

Дземянцей: Нет…(Далейшыя словы Дземянцея не запісаныя, якраз тут ён і запытаўся, ці не рыхтуем мы яму намыленую вяроўку з пятлёй, і мне давялося яго супакойваць – С.Н.)

Навумчык: Мы ніколі не заклікалі да пятлі…

Дземянцей: Ну хорошо.. С мылом, без мыла..

Навумчык: Мы ніколі не заклікалі да пятлі.

Дземянцей: Ну я с вами тоже очень вежливо, вежливо…

Пазьняк: Мікалай Іванавіч, калі Вам хочацца пагаварыць, то ў 18 гадзін мы можам пагаварыць тут, на плошчы. Калі ласка. Мы Вас запрашаем.

Дземянцей: Спасибо!.”

Аднак на плошчу Дземянцей не прыйшоў.

У тыя дні ня толькі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, патрабавалі аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі. На мітынгах і стыхійных сходах гучалі заклікі надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы. Так. У тыя дні да мяне як дэпутата ад Віцебску паступіў зварот прадстаўнікоў працоўнага калектыву завода заточных станкоў, падпісаны дырэктарам Я. Кісялёвым і старшынём прафкаму Я. Белагузавым, у якім патрабавалася надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы.

На наступны дзень нам прадставілі жывы тэлеэфір. У сваёй заяве дэпутаты Апазыцыі БНФ выказалі ўпэўненасьць, што „ народ Беларусі ў гэтыя дні канчаткова зразумеў неабходнасьць поўнай незалежнасьці Рэспублікі… Толькі ў свабодзе і незалежнасьці наша будучыня”.

Акрамя таго, мы запатрабавалі неадкладнага прыняцьця новага Закона аб выбарах дэпутатаў, праект якога мы перадалі ў Прэзыдыюм ВС яшчэ ў траўні) і прызначэньня новых парлямэнцкіх выбараў.

23-га жніўня мне перадалі рашэньне сходу калектыву выдавецтва Беларусь: „ Супрацоўнікі выдавецтва „ Беларусь” вітаюць дзейнасьць членаў дэпутацкай Апазыцыі БНФ і ўсіх тых сумленных дэпутатаў, якія ў дні антыдзяржаўнага перавароту адстойвалі Канстытуцыю і свабоду. Мы патрабуем прыцягненьня да адказнасьці калябарацыяністаў – старшыню Вярхоўнага Савета БССР Дземянцея, тых членаў прэзыдыюма, якія не адмежаваліся, а фактычна падтрымалі путчыстаў, а таксама урада Беларусі, іншых службовых і афіцыйных асобаў, кіраўніцтва ЦК КПБ, якія сталі на шлях здрадніцтва. Патрабуем неадкладнай дэпартызацыі ўсіх дзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў, КДБ, МУС, арміі, нацыяналізацыі маёмасьці КПСС-КПБ. Па даручэньню сходу дырэктар В. Дубоўскі, галоўны рэдактар А. Лукашук, вядучы рэдактар А. Вячорка.”

19/8/2006 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2006
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь