Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк. Выступ на жнівеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Паважаныя сябры Сойму Партыі БНФ, вітаю вас у Бацькаўшчыне, зычу спаўненьня надзей, нястомнасьці духу і трываласьці ў нашай працы!
Аналіз фактаў і заяваў паказвае, што Масква рыхтуецца да нейкіх маштабных падзеяў у Беларусі. Пасьля выбараў на трэці тэрмін адчувальна павялічылася вынішчэньне ўсяго беларускага; прытым у сваіх антынацыянальных дзеяньнях рэжым стаў дзейнічаць цалкам адкрыта па тыпова акупацыйнай схеме. Відавочнае прысьпешваньне курсу на зьнішчэньне беларускай грамадзянскай супольнасьці; адбываецца ня тое што перасьлед, а паляваньне на беларускую моладзь. Падыходы цалкам нагадваюць схемы НКВД у 30-х гадах па вынішчэньні беларушчыны. Усё гэта, плюс брутальнасьць дзеяньняў міліцыі, дэманстрацыя поўнага бяспраўя рэжымнай уладай мае на мэце (як мне падаецца) растаптаць да рэшты і без таго слабы дух людзей, замацаваць страх на ўзроўні поўнай бязвыходнасьці перад падзеямі нацыянальнай важнасьці і рэжымнай ініцыятывы.
Рыхтуюць ня толькі грамадзтва, але і рэжымную ўладу і галоўнага начальніка гэтай улады. Сімптаматычна, што перад выбарамі ды рэфэрэндумамі заўсёды паяўляецца ў Менску гэты цёмны паяц Павел Глоба і бармыча пра Лукашэнку свае лубянскія заклінаньні. Апошняя ягоная антрэпрыза нагадвае вытрымкі зь Ільфа і Пятрова. “Беларусь ёсьць цэнтрам Эўропы, — кажа гэты Бэндар, — яна трымае вось раўнавагі ва ўсёй эўрапейскай сістэме”. “Зьявілася адзіная моцная харызматычная асоба”, якую “Гасподзь Бог паставіў кіраваць гэтай краінай. Я кажу пра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку”.
Нарэшце! А мы так чакалі, калі ж, калі паявіцца вышэйшы лубянскі пілатаж. Зьявіўся! Наступны этап – сын божы. А там… хто ведае…
Для паўнаты карціны працытую кавалак глобскага сьпічу цалкам і ў арыгінале.
“Он (Лукашэнка) родился на берегу Днепра. Это центральная река для всего славянского этноса. Как Кий, эпический основатель Киева, как княгиня Ольга. Это символично, ведь река считается переходом из царства живых в царство мёртвых. Плюс ко всему президент Беларуси родился в той самой Александрии, где в своё время, в десятом веке, умер первый епископ российской земли, которого называли Лука!
Карэспандэнт: — Какая связь имён…
Глоба: — Да. Лукашенко родился почти через тысячу лет после смерти епископа Луки. Он пришёл к власти в то время, когда на небе наблюдалось редчайшее явление – на Юпитер упала комета, которая раскололась на 22 куска, когда развалился на куски Союз. И Лукашенко, кстати, не подписал акт о развале Союза. Потому что он – один из тех, кому будет поручено стать предвестником объединения расколотых земель.
Карэспандэнт: — Для этого потребуется время. (правильна задае пытаньне карэспандэнт).
Глоба: — Времени у него будет достаточно”.
Ня трэба думаць, што гэтая прымітыўная і камічная “бздура”, надрукаваная газэтай “Обозреватель”, вынік хворай сьвядомасьці. “Отнюдь”, — як пісалі расейскія знаўцы. Гэтае казаньне якраз разьлічана на хворую сьвядомасьць, якая верыць таму, што сказана, і з хваляваньнем успрымае. Тым больш, што “времені у него будет достаточно”.
Глобская гастроль безумоўна зьвязана з расейскімі плянамі прысьпешваньня “інтэграцыі” і “канстытуцыйнага акту” так званага “союзного государства”. Гэбэ зноў узялося апрацоўваць кліента мэтадам клінічнай псіхалёгіі. Вопыт паказвае, што Масква ставіць сур’ёзныя задачы.
Падстаўная прамаскоўская псэўдаапазыцыя цалкам адпрацавала сваю службовую ролю на апошніх выбарах. Лукашэнка замацаваўся на трэці тэрмін і “апазыцыянэрамі” пакуль што не цікавяцца. Нават у Маскву не запрашаюць. Пасьля зрабленьня справы згодна імпэрскай традыцыі, Масква заўсёды кідала сваіх выканаўцаў як адпрацаваны матэр’ял, бо Крэмль не зацікаўлены ствараць у Беларусі нейкія рэальныя пункты канцэнтрацыі палітычнай сілы і разграбаць потым рэшткавыя праблемы сваёй палітыкі. Так зьнік у багне гэтай маскоўскай паліттэхналёгіі (якую Крэмль надта і не хавае) цэлы шэраг палітычна нявырабленых людзей, якія мелі амбітныя задумкі і хацелі верна супрацоўнічаць з Расеяй (В. Ганчар, М. Чыгір, Г. Карпенка, В. Лявонаў, М. Марыніч, А. Казулін). Наступнымі пасьля зрабленьня прамаскоўскай справы і “адпрацоўкі” будуць “кінутыя” А. Мілінкевіч, С. Калякін і г.д.
На супрацоўніцтва з гэбісцкай Расеяй у гэтых паўваенных абставінах ідуць людзі, якія не былі і ня ёсьць улучаныя ў беларускую нацыянальную палітыку, ня выйшлі яшчэ з сьведамасьці расейскай імпэрыі, з СССР, ня ўспрымаюць беларускія нацыянальныя інтарэсы і наўрад ці ўсьведамляюць сутнасьць і зьмест гістарычнага расейска-беларускага канфлікту. У той час калі ўся Расея, пачынаючы ад яе прэзыдэнта і КГБ і канчаючы “дзеячамі культуры”, змагаецца за інкарпарацыю (“об’единение”, “интеграцию”) нашай краіны і ўлучэньне яе ў расейскую дзяржаву ды яшчэ абапіраецца на свой прамаскоўскі рэжым на Беларусі. У гэтакай сітуацыі палітычнае супрацоўніцтва з Расеяй (супраць прамаскоўскага Лукашэнкі) ёсьць альбо абсурд адсталасьці і поўнай сьлепаты, альбо здрада і калябарацыя. Зрэшты, тут і адно, і другое.
Існуе небясьпека, што Масква і антыбеларускія сілы ў Беларусі выкарыстаюць бліжэйшыя выбары ў мясцовыя ворганы ўлады для правядзеньня інкарпарацыйнага рэфэрэндуму аб “канстытуцыйным акце” незаконнага так званага “союзного государства”.
Беларускі і сусьветны вопыт неаднаразова пацьвердзіў, што пад акупацыйным рэжымам і дыктатурай ня можа быць справядлівых выбараў, бо вышэйшым крытэрам такіх выбараў ёсьць не закон, а некантраляваная народам злая воля палітычнае ўлады. Удзельнічаць у такіх выбарах нельга. Трэба пазбавіць рэжым магчымасьці прыкрывацца народам у сваёй хлусьні. Няхай ашуканства стане ўсім наглядна відаць. Тады сіла і магчымасьці такой улады хутка змалеюць. Барацьба – гэта працэс, і нішто ня зробіцца на Беларусі адным махам.
Практыка паказала, што людзі, якія ў беларускіх абставінах заклікалі пад выглядам агітацыі ісьці галасаваць па правілах рэжымнай машыны ўлады, людзі гэтыя ў рэальнасьці спрыялі рэжыму ў дасягненьні патрэбных яму вынікаў.
Альтэрнатывай супраць гэтай шкоднай інэрцыі ёсьць змаганьне. Бяз волі і барацьбы нічога не дасягаецца, асабліва ў палітыцы. На выбары ісьці нельга. Але трэба рыхтавацца да рашучага змаганьня. У дзень галасаваньня трэба ісьці не на выбарчыя ўчасткі галасаваць для рэжыму, а выходзіць на вуліцы і плошчы, яднацца ў пратэстах і дзеяньнях. Тады выявяцца і будуць сапраўдныя беларускія змагары і сапраўдныя беларускія арганізатары. Наша Партыя і ўвесь Народны Фронт павінны бачыць такую пэрспэктыву барацьбы і рыхтавацца да яе.
Надыходзіць 15-я гадавіна вяртаньня Незалежнасьці Беларусі. 25 жніўня як і 25 сакавіка – найвялікшы дзень нашай беларускай гісторыі. Яго трэба адзначыць годна і высакародна, нягледзячы ні на якія абставіны акупацыйнага рэжыму. Мяркую, што ў будучыні ў вольнай Беларусі 25 жніўня будзе адзначацца народам як найвялікшае сьвята Беларускай нацыі.
Зыходзячы з галоўнай тэмы нашага сёньняшняга паседжаньня, намі (Паліткамітэтам) падрыхтаваны тэкст заявы Сойму Партыі БНФ, які я прапаную абмеркаваць і прыняць на Сойме як стратэгічны дакумант, які выяўляе нашу палітычную пазыцыю на бліжэйшы час. З гэтай пазыцыі будзе выпрацавана і наша тактыка.
Зь медыцыны і электронікі мы ведаем, што вірусы нясуць вельмі вялікую небясьпеку і шкоду арганізму. Змаганьне зь вірусамі непазьбежнае. Але памятайма, што зацыклівацца толькі на падстаўной апазыцыі нельга, бо ёсьць больш небясьпечныя ворагі Беларусі. Гэта рэжым і асабліва тое, што стаіць за яго плячыма – маскоўскі гэбізм і імпэрыялістычная палітыка. У выпрацоўцы тактыкі ёсьць магчымасьці выкарыстаць на пэўных участках змаганьня падстаўную апазыцыю супраць рэжыму і нават рэжым супраць Масквы. Але ўсё гэтае вымагае вялікай дакладнасьці і кіруемасьці, а значыцца і палітычнае сьпеласьці нашай фронтаўскай партыі. Чаго ўсім нам і зычу. Жыве Беларусь!

13.08.2006

13/8/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2006
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024