Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сяргей Навумчык «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

Сяргей Навумчык «Сем гадоў Адраджэньня» Сяргей Навумчык. Сем гадоў Адраджэньня
Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)
Выданьне: «Беларускія ведамасьці», Варшава
“Clovek v tisni”, Прага, 2006 г. – 140 стар.: іл.

Спампаваць PDF (3,1 Mb.)

Кніга Сяргея Навумчыка пра нядаўняе Беларускае Адраджэньне, якое вярнула незалежнасьць Беларусі, выйшла з друку ў ліпені гэтага году накладам ўсяго адна тысяча асобнікаў.

Гэтая кніжка павінна б была зьявіцца даўно, але з-за розных прычынаў выходзіць толькі цяпер са спазьненьнем, у той час калі непрыяцелі беларушчыны (нават лютыя непрыяцелі) супраць якіх мы змагаліся за незалежнасьць Бацькаўшчыны, стварылі ўжо цэлую сваю літаратуру сфальшаваных падзеяў, наперабой пэцкаючы Беларускае Адраджэньне і здабыткі нацыянальнай рэвалюцыі. Прычыны такой іхняй пасьпешнасьці зразумелыя, бо вайна за Беларусь трывае далей. Але ёсьць адна галоўная схаваная прычына, якая пабуджае іх да актыўнасьці – гэта жаданьне ашукаць гісторыю. Марнае жаданьне, аднак, бо гісторыя падзеяў пачынаецца толькі тады, калі не жыве пакаленьне людзей, якія стварылі падзеі. Усё што пішацца сучасьнікамі – гэта працяг змаганьня, давядзеньня да іншых сваёй рацыі і сваёй праўды.

Аднак ізноў жа рацыя падзеяў мераецца праўдай рэальнасьці. Рэальнасьць нашай барацьбы такая – што ёсьць незалежная беларуская дзяржава і беларускія грошы, межы і мытня, амбасады і нацыянальнае грамадзянства. Ёсьць праўда пра Чарнобыль і генацыд, адроджаныя дзяржаўныя сымвалы нацыі, школа і гісторыя. За гэта змагаліся мы з Масквой і з камуністамі і гэта сьцьвярджалі.
Рэальнасьць іхнага дзеяньня (альбо бяздзеяньня) у тым – што існуе антыбеларускі рэжым, што палітычна ліквідаваная дзяржаўнасьць беларускай мовы, вынішчана беларуская школа, нацыянальная навука і вышэйшая адукацыя, зноў сфальсіфікавана гісторыя, зноў беларус ня ўласьнік зямлі і ня творца ўлады. Зноў над краінай савецкія сымвалы, зноў пад пагрозай незалежнасьць дзяржавы.
Каляніяльныя сілы пры падтрымцы Масквы вярнулі старое. Яны змагаюцца “за Беларусь” пад сьцягам каляніяльнай ідэі “злучэньня з Расеяй”. Мы, адрджэнцы, змагаемся “за вольную Беларусь” пад сьцягам нацыянальнай ідэі незалежнасьці і Беларускага Адраджэньня.
На гэтым палягае ўся розьніца і сутнасьць канфлікту ў Беларусі. Трэцяга тут ня існуе (і ня дадзена) вось ўжо 200 гадоў. І ня будзе дадзена пакуль жыве расейская імпэрыя і яе вялікадзяржаўная палітыка. Той хто “за вольную Беларусь”, той мусіць змагацца з Расеяй.
У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганьне.

Кніга напісана фрагмэнтарна. Але адлюстраваныя важнейшыя падзеі, зьвязаныя зь незалежнасьцю і барацьбой з камунізмам. Месцамі аўтар падрабязна перадае напружаную атмасфэру таго часу, калі нешматлікай дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту даводзілася, гаворачы ваеннай тэрміналёгіяй, змагацца за кожны куст і за кожны дом, кідаючыся ў адчайныя атакі, часам мімікрыруючы і ўдаючы адступленьне, і нападаючы зноў.

Дзейнасьць і, галоўнае, палітычныя здабыткі дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня – гэта абсалютна неверагодная і ўнікальная зьява ў гісторыі эўрапейскага парлямантарызму. Асэнсаваньне яе не паддаецца фармальнай лёгіцы. І тым ня менш гэта факт, што Апазыцыя БНФ, маючы восем адсоткаў дэпутатаў у парляманце рэгулярна перамагала камуністычную большасьць (амаль 90 дсоткаў дэпутатаў) у галоўных пытаньнях, здабыла незалежнасьць парляманцкім мэтадам насуперак прамаскоўскай пазыцыі камуністычнае бальшыні, спыніла дзейнасьць КПСС у Беларусі рукамі і галасамі самых жа камуністаў, якія былі супраць БНФ.

Агульная рэальная колькасьць дэпутатаў сягала 345 асобаў (па канстытуцыі БССР патрабавалася 360). Дэпутацкая апазыцыя БНФ мела менш за 30 дэпутатаў (23 – 27), а разам з Дэмакратычным дэпутацкім клюбам ня больш 70. Астатняе камуністычна-намэнклятурная большасьць жорстка падпарадкаваная ЦК КПБ і камуністычным кіраўнікам у парляманце. І тым ня менш быў такі фэномэн, які фармальна мяжуе з абсурдам – камуністы трымальнікі абсалютнай улады ў краіне і бальшыня ў парляманце цярпелі паражэньні ад Апазыцыі БНФ.

Мне якраз зразумела чаму яны прайгравалі (але тэма вымагае спэцыяльнай гаворкі). Найперш трэба згадаць, што сумарная колькасьць неадукаванага розуму не пераходзіць у калектыўную дозу розуму, колькасьць у якасьць. Гэта вядома. Тут закон Гегеля ня дзейнічае. Апазыцыя БНФ у сваім інтэлектуальным і адукацыйным разьвіцьці стаяла вышэй за камуністычную намэнклятуру. Але галоўнае – фронтаўцы ў адрозьненьне ад камуністаў адлюстроўвалі моцную энэргічную ідэю свабоды, дзяржаўнай незалежнасьці і грамадзкай справядлівасьці, яны не былі заплямленыя ўдзелам у непапулярнай намэнклятурнай уладзе. Фронтаўцы наступалі, заганялі камуністаў у абарону, у пазыцыю адкіданьня нашых добрых ініцыятываў. Мы пазбаўлялі іх магчымасьці да канструктыўных дзеяньняў (да якіх яны і так ніколі не імкнуліся). Усё гэта адбываася на вачах грамадзтва.

Істотна таксама тое, што маса дэпутатаў намэнклятуры ў Вярхоўным Савеце не была палітыкамі і мела пра парляманцкую дзейнасьць цьмянае ўяўленьне. Яны прывыклі выконваць загады партыйных сакратароў (у асноўным як трэба галасаваць), не разумеючы часам сутнасьці таго за што галасуюць. Літаральна ўсе парляманцкія палітычныя дыскусіі ў Вярхоўным Савеце Апазыцыя БНФ выйгравала ў камуністаў, што называецца, з сухім лікам, за які яны адыгрываліся кнопкамі галасаваньня. Але ж і тое – не заўсёды.
Дзеля рэальнай перамогі галасамі мы стасавалі ня толькі разумную кулюарную працу (дзе галоўнае было – чалавечая павага да апанэнта і не спрачацца, памятаючы, што ў спрэчках ніколі не нараджаецца ісьціна). Мы часта ўжывалі асаблівую тактыку, якую прыдумвалі на кожны выпадак сур’ёзна і скрупулёзна, а часам лёгка і са смехам. Часта, напрыклад, мы стасавалі прыём “паралельнай мэты” ці “ пабочнай задачы”. Гэта тады, калі непасрдна, адкрыта, “у лоб” дасягнуць мэты было немагчыма (большасьць галасавала б адмоўна). Тады мы акцэнтавалі дыскусію на пабочнай задачы, прыймальнай для большасьці (ці прыдумвалі такую). Прыняцьцё пабочнай задачы як галоўнай дазваляла часам закамуфляваць і незаўважна правесьці галоўную пазыцыю, якую мы хацелі. Гэта звычайна рабілася ў паартыкульнай дыскусіі і галасаваньні.

Парляманцкая камуністычная маса інтуітыўна адчувала гэтую нашу траянскую тактыку, але не заўсёды магла яе зразумець. Гэта выклікала ў іх псіхалягічны шок містычнай падазронасьці да ўсяго, пра што мы казалі і што прапаноўвалі. “Нам подбрасывают, – крычалі яны па любому поваду, – нас уводят в сторону” і г. д. Вынікам шоку стала імкненьне камуністаў усё рабіць наадварот, галасаваць ад адваротнага, насуперак усяму чаго хацелі дэпутаты Апазыцыі БНФ. Мы скарысталі гэты іхны псіхалягічны калапс і некалькі разоў з гумарам правалілі іхнымі ж рукамі іхныя ж ініцыятывы супраць Фронту і Беларускага Адраджэньня. Альбо наадварот быццам бы “нязгодай” правакавалі іхняе галасаваньне за нашыя ідэі (характэрны прыклад галасаваньне за Дэклярацыю аб суверэнітэце). Некаторыя эфэктыўныя выпадкі такой тактыкі з камуністычнай масай Сяргей Навумчык апісвае ў гэтай кнізе.
Паражэньні абсалютнай камуністычнай бальшыні Вярхоўнага Савета перад нешматлікай палітычна і інтэлектуальна вырабленай фронтаўскай фракцыяй паказалі поўную гніласьць, застой, дэградацыю і нікчэмнасьць камуністычнай каманднай сістэмы знутры. Наменклятурныя камуністы аб’ектыўна былі няздольныя ні на якую стваральную справу дзеля народа Беларусі, акрамя як быць перашкодай, ляжаць калодай на шляху народнага адраджэньня і нацыянальнага разьвіцьця ды цягнуць усіх пад Маскву. Палітычная дурнота камуністычных кіраўнікоў у тых крыху не стандартных для іх умовах мяне часам уражвала. Памятаю галасаваньне за Белавежскія пагадненьні. Зразумела, што большасьць намэнклятуры прагаласуе “за”, бо пагадненьні падпісаў Кебіч (калі б падпісаў толькі адзін Шушкевіч, дык яны б яго тады зьнялі з пасады). І вось важна выходзіць кіраўнік камуністычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня і выступае супраць пагадненьняў. Мала таго, ён яшчэ галасуе супраць (“не паступіўся прынцыпамі”) і аказаўся адзіным з прагаласаваўшых насуперак. Такое вось палітычнае харакіры вернага самурая. Пасьля гэтага самазьнішчэньня ён яшчэ зноў думаў кіраваць камуністычнай бальшынёй. (Потым, у 1996, Ціхіня яшчэ нашкодзіць Беларусі разам з Шарэцкім як ніхто – праваляць імпічмант Лукашэнкі). Так што нам, Апазыцыі БНФ, тады яшчэ, мжна сказаць, крыху пашчасьціла на палітапанэнтаў. З вырабленымі ды разумнымі было б цяжэй.

Асабліва паказальным быў прыклад на травеньскай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР у 1991 годзе адразу пасьля красавіцкіх масавых страйкаў і маніфэстацыяў рабочых у Менску (дэманстравалі больш ста тысячў рабочых). Камуністычная верхавіна Беларусі на той час была самай рэакцыйнай, самай антынароднай і самай прамаскоўскай у СССР. Першы сакратар ЦК КПБ і дэпутат Вярхоўнага Савета СССР А. Малафееў выступае тады за жорсткую палітыку і за ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў СССР. Аналізуючы тыя падзеі, пачынаеш разумець як высьпявала ідэя ГКЧП і кадэбоўскі путч у Маскве.

На сэсію камуністы вынесьлі тры заканапраекты: аб увядзеньні прэзыдэнцкай пасады ў БССР, закон аб выбарах прэзыдэнта і закон аб надзвычайным становішчы. Камуністычнай верхавіне БССР (па ўзгадненьні з Масквой) хацелася расправы і дыктатуры. Заля Вярхоўнага Савета аж “рымела” ад рашучасьці намэнклятуры прыняць гэтыя законы. У гэтакіх умовах мы пачалі парляманцкую дыскусію з камуністамі і абмеркаваньне іхных праектаў. Дыскусійнае абмеркаваньне доўжылася 15 дзён. Гэта было адно з найцяжэйшых нашых змаганьняў. У выніку камуністычная бальшыня была разьбітая намі ўшчэнт, “ўдрызг”, “пасечаная”, падзеленая на групы, пераагітаваная супраць праектаў і ўсе яны (гэтыя праекты) былі праваленыя пры галасаваньні гэтай жа, рашучай на пачатку, бальшынёй.

Канешне, мы “выклаліся” і ў залі, і ў кулюарах, і ў друку. Але магчымасьць нашай перамогі (там дзе ніякіх лягічных і статыстычных магчымасьцяў не існавала) была закладзена, як я лічу, ізноў жа ў палітычнай дурноце, у чванлівым цэкоўскім “банзізме” камуністычных намэнклятурных рэтраградаў, якія нешта плянавалі, пісалі і спускалі “к исполнению», шмат не аналізуючы.
Калі б гэтыя заканапраекты не падаваліся імі пакетам, калі б аддзялілі (на іншую сэсію) закон аб надзвычайным становішчы, нам цяжка было б аргумэнтавана ўлічыць гэтых недасьпелых “гэкачэпістаў” і выразна паказаць, што яны плянуюць зрабіць праз увядзеньне прэзыдэнцтва на Беларусі. Пасьля паўмесяца штодзённых бесперапынных дыскусіяў і размоваў шмат якія дэпутаты зразумелі, на што разьлічвалі малафеевы. Цэкоўскай дыктатуры пабойваліся правінцыйныя намэнклятуршчыкі і шэраговыя камуністы. Я ўжо не кажу, што яны таксама былі падзеленыя на групы (умоўна, праўда) і мелі свае абласныя інтарэсы. Мы гэта ведалі і стараліся скарыстаць у змаганьні.

Тая травеньская перамога ў парляманце над камуністамі дала нам крылы, камень зваліўся з душы, мы верылі ў будучыню, у свае магчымасьці і ня ведалі страху. Потым было ГКЧП, правал путчу ў Маскве і спаўненьне надзей – вяртаньне незалежнасьці Беларусі.
У кнізе Сяргея Навумчыка добра і прасторна апісаныя галоўныя карціны гэтай падзеі, калі ўсё вісела на валаску, і ўсё удалося, сталася дзень у дзень, хвіліна ў хвіліну і мы не спазніліся, пасьпелі на апошні цягнік. Мы ўдзячны Богу, што зьлітаваўся Ён тады над Беларусяй.
Праца Сяргея Навумчыка цікавая ня толькі выразнымі апісаньнямі падзеяў, трапнымі характарыстыкамі асобаў, дакладнымі высновамі, але таксама адэкватным беларускім бачаньнем працэсаў, адраджэнскай канцэптуальнасьцю ацэнак, якія вынікаюць з галоўнай сутнасьці адвечнага змаганьня з Усходам – быць ці ня быць Беларусі.

З гэтых пазыцыяў нацыянальнага існаваньня, барацьбы і адраджэньня аўтар дакладна ацэньвае ня толькі падзеі і працэсы нядаўняга часу, але і аб’ектыўныя ролі асобаў, якія прымалі ўдзел у дзяржаўным кіраваньні і палітычных канфліктах. Яны паказаныя рознабакова (плюсы і мінусы) і цалкам аб’ектыўна, што тычыцца іхных дачыненьняў перад людзьмі і Айчынай.

Праніклівы чытач заўважыць і будзе, відаць уражаны амбівалентнасьцю паводзінаў асобных афіцыйных палітычных постацяў Беларусі пэрыяду нядаўняга нацыянальнага Адраджэньня (1988 – 1995 гг. па С. Навумчыку). Гэта датычыць перш за ўсё Шушкевіча, у меншай ступені Кебіча, потым Гілевіча, Краўчанкі, Бутэвіча, Дзямчука і іншых, якія сфармаваліся ў камуністычнай сістэме, пад ціскам абставінаў выйшлі зь яе прэч, але так і не разьвіталіся зь яе звычкамі і псіхалёгіяй, засталіся адной нагой у Менску, другой у Маскве. На прыкладзе ацэнак апанэнтаў Сяргей Навумчык, які быў каардынатарам дэпутацкай Апазыцыі БНФ, гарачым удзельнікам канфліктаў і змагарных падзей, выявіў аб’ектыўнасьць, добрыя якасьці дасьледчыка, здльнага глядзець на падзеі з боку і з вышыні і ацэньавць іх па крытэрыях шкоды і дабра для Беларусі.

Сяргей Навумчык канстатуе, што палітычны працэс Беларускага нацыянальнага Адраджэньня прыпынены з прычыны захопу ўлады ў Беларусі прамаскоўскімі сіламі. Аналізуючы становішча і пэрспэктывы разьвіцьця Беларусі, аўтар (як і ўсе мы цяпер) ня можа не трывожыцца за лёс Бацькаўшчыны, якая апынулася нібы закладніцай уласнага лёсу. Ён піша пра гэта. Але ёсьць канкрэтныя прычыны ад якіх залежыць гэты яе лёс і шлях да перамогі. Чытаньне кнігі Сяргея Навумчыка, упэўнены, дапаможа белрусам убачыць хутчэй гэты шлях і лепей яго распазнаць.

Зянон Пазьняк
2006 г.
Варшава

Сяргей Навумчык «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

Спампаваць PDF (3,1 Mb.)

28/7/2006 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2006
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь