Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце: пакуль што - у складзе СССР

Сяргей Навумчык,
з кнігі “Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”

Паказальна, што ў траўні 1990 году ў Сойме БНФ некаторыя яшчэ вялі дыскусіі наконт незалежнасьці.
„Супраць незалежнасьці цяпер выказаўся Юры Дракахруст. „Людзі не гатовыя да аддзяленьня. (А хіба мы ўжо заўтра выходзім? – кінуў рэпліку Ўладзімер Крукоўскі). Таму незалежнасьць ня можа быць сёньня галоўным палітычным лёзунгам. Трэба, – працягваў Ю. Дракахруст, – узьняць галоўны лёзунг цяперашніх пераўтварэньняў у ГДР: „Камунізм – больш ніколі!”. З-за лёзунгу незалежнасьці мы прайгралі выбары”. Міхась Чарняўскі: „Нельга сказаць, што мы прайгралі выбары. Да выбараў мы ня мелі нічога, а цяпер маем дэпутатаў”. („Свабода”, №5–6, травень 1990).

Зазначу, што я ні ў якім разе не хачу закінуць Юрыю Дракахрусту папрок у жаданьні пазбавіць Беларусь незалежнасьці наагул; гаворка на Сойме ішла пра тое, што павінна быць спачатку — дэмакратызацыя альбо Незалежнасьць. У нечым тая дыскусія паказальная, калі ўлічыць далейшае разьмежаваньне ў дэмлягэры па лініі „агульныя дэмакраты” – „незалежнікі”. (На практыцы аказалася, што „агульныя дэмакраты” арыентаваліся ў асноўным на Маскву, на супольную палітыку з Расеяй, „незалежнікі” – на аднаўленьне незалежнай нацыянальна-дэмакратычнай Беларусі).

Але трэба сказаць, што аднадушша наконт незалежнасьці не было напачатку і ў дэпутатаў, якія ўвайшлі ў „Дэмакратычную плынь”, якая пазьней пераўтварылася ў „Дэмакратычны клюб”. Усьведамленьне неабходнасьці сувэрэнітэту прыйшло паступова, хоць і даволі хутка: ужо праз два месяцы пасьля пачатку першай сэсіі да дэпутатаў ад БНФ далучыліся тыя, хто меў пра праграму Фронту цьмянае ўяўленьне альбо нават канкураваў на выбарах з фронтаўскімі кандыдатамі. Шмат у чым паспрыялі гэтаму цынізм, зь якім дэпутаты-прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры адкідвалі кадравыя прапановы „дэмклюбу” падчас выбараў старшыняў парлямэнцкіх Камісіяў.

11 траўня Сойм БНФ заявіў, што дасягненьне сувэрэнітэту немагчымае ў складзе СССР, а 30 чэрвеня –1 ліпеня БНФ правёў канфэрэнцыю „Незалежная Беларусь”, з удзелам больш як пяцісот чалавек, у тым ліку і 62 дэпутатаў Саветаў ўсіх ўзроўняў – ад раённых да Вярхоўнага. З дакладам выступіў Зянон Пазьняк, які канстатаваў, што БНФ, хаця і мае прадстаўніцтва ў парляманце, але не зарэгістраваны, паколькі камуністы бачаць у ім рэальную палітычную сілу. Пазьняк вызначыў галоўную праблему Беларусі як „радыяцыйны генацыд” і адзначыў, што вырашыць яе можна толькі палітычным шляхам пры выкананьні двух умоваў: дзяржаўны сувэрэнітэт і дэмакратычная ўлада. Канфэрэнцыя прыняла праект Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі, які пазьней дэпутаты БНФ прадставілі ў Вярхоўны Савет.

Цікава, што праз два тыдні група дэпутатаў-камуністаў у ВС распаўсюдзіла сярод дэпутатаў тэкст рэпартажу Сяргея Шапрана з канфэрэнцыі, надрукаванага ў латыскай газэце „Советская молодёжь” — акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што БНФ абірае курс на Незалежнасьць бяз камуністычнага таталітарызму. Такая канцэпцыя „развалу Саюза”, ва ўсьведамленьні дэпутатаў-камуністаў, павінна была скампрамэтаваць БНФ.

Такім чынам, парляманцкая большасьць упарта не жадала прымаць дэклярацыю. Але пасьля прыняцьця дэклярацыяў Вярхоўнымі Саветамі Расеі і Украіны сытуацыя зьмянілася. Старшыня ВС Мікалай Дземянцей заявіў, што і Беларусь павінна прыняць аналягічны дакумэнт.

Але ў камуністаў ніякага праекту не было — затое ён быў у нас. Вярхоўны Савет адкінуў фронтаўскі праект дэклярацыі. Тады фронтаўскія дэпутаты агулам пайшлі працаваць у адпаведную Камісію ВС па суверэнітэту і неўзабаве падрыхтавалі там новы сумесны праект, які йшоў ужо пад грыфам Камісіі (Старшынём Камісіі быў Л. Козік) і на 90 адсоткаў грунтаваўся на нашых ідэях. Гэты праект і ўзялі за аснову.

Пазьней Станіслаў Шушкевіч будзе казаць, што пад час прыняцьця Дэклярацыі дэпутаты БНФ ня бралі ўдзел у галасаваньні, сышлі з залі — некарэктна замоўчваючы вельмі істотныя акалічнасьці.

Па-першае, сама Дэклярацыя была амаль цалкам напісаная дэпутатамі БНФ.

Па-другое, мы бралі ўдзел у абмеркаваньні ўсіх артыкулаў і галасаваньні па іх (толькі на пленарным паседжаньні 26-27 ліпеня дэпутаты БНФ бралі слова больш за сто разоў!) .

Ужо пасьля заявы Дземянцея, калі была ўтвораная рабочая група ў справе падрыхтоўкі Дэклярацыі, Зянон Пазьняк прапанаваў дэпутатам сабрацца ў перапынку паміж пасяджэньнямі. У „менскім сэктары” Авальнай залі (з правага боку, калі стаць тварам да прэзыдыюму), засталіся ня толькі дэпутаты БНФ, але і дэпутаты „дэмклюбу”, і нават некаторыя камуністы. На працягу гадзіны З. Пазьняк, В. Голубеў ды іншыя дасьведчаныя ў беларускай мінуўшчыне дэпутаты распавядалі пра Вялікае Княства Літоўскае, БНР, пра пераемнасьці ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Шмат якія дэпутаты ўсё гэта чулі ўпершыню.

Прыняцьце Дэклярацыі адбывалася ў некалькі этапаў – спынюся на, бадай што, самым драматычным, на пасяджэньні Вярхоўнага Савета 26-27 ліпеня 1990 году.

Хаця прапанаваны БНФ праект Дэклярацыі і быў прыняты за аснову, пад час абмеркаваньня і галасаваньня зь яго выкрэсьлівалася ўсё тое, што прадугледжвала рэальную Незалежнасьць. Нягледзячы на намаганьні дэпутатаў БНФ, не праходзіць прэамбула Дэклярацыі, у якой рабілася спасылка на „пераемнасьць дзяржаўнай ідэі БССР ад Беларускай Народнай Рэспублікі і неабходнасьць рэспубліканскай парляманцкай формы праўленьня”.

Не прайшла прапанаваная дэпутатамі БНФ назва — замест БССР — „Беларуская Рэспубліка, альбо Беларусь”.

Прынялі, што „Беларуская ССР ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасьць беларускага народа”. Але дадатак – „ … адраджае гістарычныя, нацыянальна-дзяржаўныя сымбалі народа” набраў толькі 91 голас (а для прыняцьця станоўчага рашэньня трэба было 170).

Дыскусія разгарнулася — вакол тэрмінаў „абвяшчае” сувэрэнітэт альбо „пацьвярджае”. Мы
прапанавалі запісаць „пацьвярджае”, паколькі Беларусь у дваццатым стагодзьдзі ўжо мела Незалежнасьць, увасобленую ў БНР. Нам падавалася істотным падкрэсьліць, што ідэя Незалежнасьці ўзьнікла ня сёньня, што яна мела канкрэтныя ўвасабленьні, а сёньня аднаўляецца гістарычнае права народа на сваю дзяржаву. Да таго ж, гэта надавала Дэклярацыі, ды і самой ідэі дзяржаўнасьці, гістарычны падмурак і пазбаўляла яе налёту каньюнктуры.

Голубеў: „ …дзяржаўны сувэрэнітэт у нас ужо быў абвешчаны і ёсьць у нашай Канстытуцыі. Нам неабходна пацьвердзіць і абвясьціць поўную незалежнасьць рэспублікі”.

Садоўскі: „ . Мы сувэрэнная дзяржава. Я дапускаю, што якая-небудзь дзяржава, член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый можа паставіць пытаньне аб новым прыняцьці нас у ААН… Вы зразумейце. Калі мы абвяшчаем сувэрэнітэт, не прымаючы пад увагу, што мы паўнацэнна прызнаны суб’ект міжнароднага права, то можна ставіць пытаньне аб новым прыёме нас, аб скасаваньні членства, а тады аб прыёме. Калі вы не прымаеце пад увагу нават факт Устаноўчага сходу, абвяшчэньня БНР, давайце паглядзім на дзьве апошнія акалічнасьці, толькі на гэта. І гэта прымусіць нас напісаць „пацьвярджае”.

Пазьняк: „ Юрыдычна мы валодаем сувэрэнітэтам.. Мы ня маем фактычнага сувэрэнітэту. Гэта таксама факт. Таму ставіцца пытаньне, што мы пацьвярджаем дэ-юрэ, што мы пацьвярджаем наш сувэрэнітэт. І адначасова расшыфроўваем, абвяшчаем, што пад гэтым крыецца, і дзеля гэтага прымаецца Дэклярацыя. Такія юрыдычныя моманты вельмі важныя, у нас яшчэ няма палітычнага міжнароднага вопыту, але, калі мы наробім памылак, ён можа праз нейкі час узьнікнуць”.

Адрынаньне камуністамі нашых аргумэнтаў было не выпадковым — яны не жадалі бачыць Беларусь незалежнай ад Масквы.

Прыкметна, што ў ліпні 1990-га шмат якія палажэньні праекту Дэклярацыі, накіраваныя на падмацаваньне Незалежнасьці, аспрэчваў дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Так, сярод іншых ён выступіў за фармулёўку „абвяшчае”.

Лукашэнка: „ …моя мотивация: суверенное мы государство или нет? Коль Декларацию мы принимаем, значит, я считаю, провозглашает…”.

У пацьвярджэньне сваіх аргумэнтаў Лукашэнка працытаваў расейскія слоўнікі Даля („ Декларация
– объявление, оглашение, провозглашение”) і Ожагава („ официальное торжественное заявление”).
Дыскусія дасягнула такога напалу, што фармулёўкі галасаваліся ў шасьці варыянтах — і не
адна (нават з „абвяшчэньнем”) не набрала патрэбнай колькасьці. Пасьля чаго віцэ-сьпікер Шушкевіч зрабіў рэмарку, якая красамоўна характарызавала шмат якіх дэпутатаў.

Шушкевіч: „ …Магчыма, у нашым Вярхоўным Савеце беларускія фармулёўкі не асэнсоўваюцца ўсімі так, як трэба. Я з вашага дазваленьня прачы таў бы дзьве фармулёўкі, якія набралі большасьць галасоў, на рускай мове..”

Была пазначана яшчэ адна матывацыя прыняцьця рашэньняў:

Гермянчук: „ Некаторыя супраць галасуюць, калі зьяўляецца прозьвішча Зянона Пазьняка”.

Дземянцей: „ Не разжигайте вы таких моментов”.

Яшчэ два галасаваньні — і зноў ні які варыянт не праходзіць (пазьней прагаласавалі за „ абвяшчае”). Не жадалі камуністы саступаць і ў эканамічных артыкулах Дэклярацыі. Не прайшла прапанова, што „ усе віды маёмасьці з’яўляюцца ўласнасьцю грамадзян БССР” („ Пазьняк: „ Калі мы не пакінем сабе ўсе віды маёмасьці, то мы выйдзем у сувэрэнітэт жабракамі”).

Дэбаты выклікала і прапанова дэпутатаў БНФ стварыць уласную грашовую адзінку.

Някрасаў: „ Я предложил исключить положение о собственной денежной единице. Почему? Представьте себе, вы едете на Украину, в Россию или ещё куда-нибудь, и надо уже менять деньги, это раз. Во-вторых, в иностранных финансовых кругах, о чём были сообщения в нашей печати, выражают серьёзное беспокойство по поводу того, что в некоторых республиках собираются вести собственную валюту. Для них это очень и очень неудобно. Поэтому я полагаю, что валюту нужно сохранить общую”.

Сасноўскі: „ … я тоже просил, чтобы национальную валюту исклюсчить.”

Леўчык: „ Я… против ввода своей денежной единицы.”

(Някрасаў быў дэпутатам ад інвалідаў, Сасноўскі — ад вэтэранаў; падобны баляст усе гады існаваньня Вярхоўнага Савету цягнуў на дно нашы прапановы. Былы партыйны сакратар Леўчык быў членам Прэзыдыюму ВС — няцяжка ўявіць, як „ ахвотна” ён і ягоныя аднадумцы, якіх у Прэзыдыюме была большасьць, „спрыялі” Незалежнасьці краіны).

Праўда, дэпутаты прагаласавалі за тое, што Беларусь ўтварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету, стварае фінансава-крэдытную сыстэму, ўласную падаткава-мытную службу — але прапанова БНФ аб тым, што Беларусь „ стварае ўласную грашовую сыстэму”, ізноў выклікала неразуменьне.

Камісія, а таксама асобныя дэпутаты (у тым ліку Лукашэнка) прапанавалі абмежавацца фармулёўкай „ мае права на стварэньне”.

Беленькі: „ Дзякуючы таму, што не існуе зараз сваёй грашовай сыстэмы, Беларусь штогод губляе больш паўмільярды рублёў”.

Пазьняк: „ Я хачу засяродзіць ўвагу на прынцыповым палажэньні, не „ мае права” а „ утварае”. Таму што мы маем права і на забесьпячэньне жыльлём, і на жыцьцё, і на што хочаш… Калі мы прымем такую папраўку, што „ маем права”, то мы гэтага права мець ня будзем… Гэта даволі расплыўчатая фармулёўка, таму што калі мы ня будзем мець сваёй грашовай сыстэмы, сваіх грошай, свайго банка, сваёй крэдытнай сыстэмы, ні аб якім сувэрэнітэце ня можа ісьці гаворка”.

Аднак наша фармулёўка набрала толькі 127 галасоў. Запісалі, што ўсяго толькі — „ мае права…”. Затое прайшла прапанова Ўладзімера Заблоцкага, што Беларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзным алмазным і валютным фондах і залатым запасе.

Сумненьне ў большасьці дэпутатаў выклікала фармулёўка „ Ня могуць дзейнічаць арганізацыі, палітычныя партыі, якія падпарадкоўваюцца замежным цэнтрам”.

Канешне, гэтая нашая прапанова была накіраваная, галоўным чынам, супраць КПСС. У адрозьненьні ад літоўскіх сваіх калег, беларускія камуністы, адданыя Маскве, адмовіліся прыняць уласны статут КПБ — і жылі па статуце КПСС. Маскоўскае ЦК цалкам кіравала беларускім ЦК, а апошняе, у сваю чаргу, кантралявала парлямэнцкую большасьць у Вярхоўным Савеце.

Абараняючы папраўку, Пазьняк ні слова не сказаў пра камуністаў, але засяродзіў увагу на іншым (гаварылася пад прарасейскіх ветэранаў, каб прыдбаць галасы): „ Мы ведаем, як дзейнічае каталіцкі касьцёл зараз. І якая падаплёка за гэтым стаіць”

(Мелася на ўвазе палянізацыя; пад час сустрэчы з дэпутатамі ад БНФ міністар замежных спраў Польшчы Скубішэўскі прагаварыўся, ўжыўшы выраз „ касьцёл польскі”).Тое сапраўды была небясьпека, але галоўную небясьпеку камуністы бачылі ў іншым – пазбыцца ЦК КПСС.

З месца: „ Вопрос есть. ЦК КПСС как сейчас будет относиться, как к «замежным» или «незамежным»?”

Дземянцей: „ Через некоторое время, да. Первый микрофон”.

Пазьняк: „ Адносна ЦК КПСС, паважаныя калегі, як камуністы вырашаць, так і будзе”.

Але для камуністаў усё даўно вырашана — цэнтар павінен заставацца ў Маскве. Вынік — прапанова недабірае 69 галасоў.

Дэпутат БНФ Аляксандар Шут ўносіць крыху зьменены варыянт папраўкі і апэлюе да аргумэнтацыі, якая павінна была б быць зразумелая камуністам і вэтэранам: „ значыць, у нас тут могуць намі кіраваць і ЦРУ, і фашысцкія арганізацыі” — але ягоная папраўка набірае яшчэ менш галасоў, чым папярэдняя…

Абмяркоўваецца прапанова З. Пазьняка і іншых дэпутатаў БНФ аб тым, што „ Беларусь патрабуе
ад ураду СССР безумоўнай і тэрміновай кампэнсацыі стратаў, зьвязаных з пераадоленьнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы”.

Пазьняк: „ Шаноўныя дэпутаты, усе нашы дзеяньні, якія датычаць лёсу рэспублікі, нашага народу, зараз праходзяць пад знакам чарнобыльскай бяды. І насельніцтва, разважаючы аб сувэрэнітэце, часта задае пытаньне: а як будзе з Чарнобылем? У гэтай сытуацыі было б карысна пацьвердзіць, што сувэрэнітэт даць нам магчымасьць выкарыстаць свае нявыкарыстаныя сілы для выхаду з гэтай бяды”.

За прапанову Пазьняка галасуе 241 дэпутат, і ў Дэклярацыі запісваецца, што „ Сваю свабоду і сувэрэнітэт Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў першую чаргу выкарыстоўвае на выратаваньне беларускага народа ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы”.

Супраць гэтага прагаласавалі толькі чатыры дэпутаты.

А вось прапанова аб забароне манапалізацыі СМІ галасоў не набірае.

Калі падышлі да галасаваньня па першай часткі артыкула 10 аб тым, што „ Беларуская ССР мае права на ўласныя Узброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, падначаленыя Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР”, першым супраць выступіў Віктар Ганчар, які заявіў, што пералічаныя структуры ня могуць быць падпарадкаваныя парляманту. Заўважу, што фармулёўка вылучалася камісіяй (у БНФ варыянт быў больш радыкальны). Пройдзе два гады, і калі ва ўжо незалежнай Беларусі ўрад Кебіча не пажадае рэалізоўваць прынятую парлямантам вайсковую дактрыну, Апазыцыя БНФ ізноў паставіць пытаньне аб падпарадкаваньні Ўзброеных Сілаў Вярхоўнаму Савету.

Дэпутат ад вэтэранаў Міхаіл Сасноўскі заявіў, што „ я считаю, что слова „ ўласныя Узброеныя Сілы” нам надо убрать. Я не думаю, что мы, белорусы, не можем создать все роды войск..”(у даведніку нацыянальнасьць дэпутата Сасноўскага, між іншым, пазначана — „ расеяц”. Але заявіў ад імя беларусаў).

І тут зусім нечакана для нас у абарону ўласнага войска выступіў палкоўнік міліцыі Мікалай Серада: „ До войны в Белоруссии были свои национальные Воружённые Силы”.

Пазьняк: „ Я ўносіў папраўку, якая зьмяняе адно толькі слова… Сутнасьць вось у чым. У першую чаргу я прапаную напісаць наступнае: „ Беларуская ССР мае ўласныя Ўзброеныя Сілы”. Абгрунтаваньне. Усё, што мы гаворым „ мае права”, на практыцы застаецца толькі „ правам”. У нас ужо дэпутат Серада паведамляў, што ў 20-ыя гады былі свае Узброеныя Сілы. Вы цудоўна ведаеце, Воінскі Статут быў на беларускай мове, маршал Жукаў быў у Беларусі, выдатна валодаў беларускай мовай і не забыў яе да сьмерці. Так што ў нас ужо ёсьць і вопыт. Я думаю, што калі мы прымем больш імпэратыўную форму, гэта будзе больш гарантавана..”

Разьлік быў дакладны — для вэтэранаў аўтарытэт Жукава быў бясспрэчны. Аднак да мікрафону падышоў намесьнік старшыні КДБ, дэпутат Генадзь Лавіцкі: „ Мне сегодня понравилось, что нам говорил Гончар. Но мы как-то пропустили его слова мимо ушей. О том, что мы вот так, под эмоции, принимаем всё. Но если подойти реально, надо посмотреть. То, что у нас были свои Вооружённые Силы в 20-х годах, возможно, были. Тогда, наверное, это и обусловлено было. Но какие это были Вооружённые Силы?… Я поддерживаю предложение комиссии ветеранов, что первые два пункта на сегодняшний день пока ещё не созрели и нереальны. Потому что идёт нарушение статьи 73 Конституции СССР. Но мы принять можем, чисто символически, что мы имеем такое право, как суверенное государство”.

(Пазьней генэрал Серада будзе абраны членам Канстытуцыйнага Суда, падтрымае імпічмант Лукашэнку ў 1996 годзе, за што Лукашэнка выключыць яго са складу КС. Лавіцкі зойме пасаду старшыні КДБ, а пры Лукашэнку атрымае ранг амбасадара і будзе ўзначальваць дыпмісыю ў Ізраілі — нашмат даўжэй, чым звычайна. Міжволі прыходзіш да высновы, што вызначэньне „ свой-чужы” Лукашэнка ўжо тады рабіў паводле стаўленьня чалавека да Незалежнасьці).

Галасаваньне па гэтай частцы артыкула адклалі і перайшлі да разьдзелу, які дэкляраваў, што „ Беларуская ССР… ажыцьцяўляе правы на добраахвотнае аб’яднаньне зь іншымі дзяржавамі і свабоднага выхаду з дзяржаўных саюзаў. Беларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі новага Саюзнага дагавора”.

Валянцін Голубеў прапанаваў цалкам выключыць гэтае палажэньне, паколькі ва ўжо прынятым раней разьдзеле канстатаваліся правы Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Голубева падтрымалі толькі 124 дэпутаты. Кампрамісны варыянт прапанаваў Пазьняк, замяніўшы слова „аб’яднаньне” на слова „саюзы” (тэрмін „ аб’яднаньне” быў тоесны страце дзяржаўнай самастойнасьці, і ў Дэклярацыі было пажадана яго не ўзгадваць).

Леанід Козік, наадварот, заклікаў прызнаць „ сфэры адносінаў у межах Саюза ССР”.

Пасьля кароткіх дэбатаў 208 дэпутатаў прагаласавалі за „ аб’яднаньне”. „ Аб’яднаньне — гэта
можа быць паглынаньне” — заявіў Пазьняк і прапанаваў перагаласаваць.

„ Видите, как Вы поступаете: если того голосовать — это смех, если Вы – давайте в первую очередь. Давайте уважительно относиться друг к другу” — парыраваў Дземянцей фразай з няўцямным зьместам.

Пазьняк: „ Шаноўныя калегі. Я не затрымаю вашай увагі. Я іменна так і мяркую, таму што пры саюзе застаюцца два сувэрэнныя бакі, пры аб’яднаньні гэты сувэрэнітэт можа быць згублены”. Папраўка Пазьняка ўсё ж галасуецца — і набірае толькі 120 прыхільнікаў.

Тут жа слова бярэ Пётра Садоўскі: „ Людзі, калі яны галасуюць, яны думаюць пра зьмест таго, за што яны галасуюць. Калі людзі ня думаюць, яны адключаюцца… Калі мы прагаласавалі, што нехта заключае, ідзе на аб’яднаньне зь іншай дзяржавай, ён траціць сувэрэнітэт, і мы тады не прымаем нашу Дэклярацыю пра сувэрэнітэт. Вы зразумелі, што гаварыў дэпутат Пазьняк? Мы проста прымаем абсалютна нелягічныя фармулёўкі”.

Сямдзянава: „ Удивляет та поспешность, с которой мы только пытаемся обрести реальный суверенитет и тут же пытаемся его ликвидировать. Ведь мы же политики. Давайте рассуждать трезво. Давайте мы узнаем, что такое „ новый договор на новой основе”.

Галасуецца сфармуляваны рабочай камісіяй артыкул „ Беларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе сувэрэнных сацыялістычных дзяржаў”.

„ Чаму сацыялістычных — пытаецца Лявон Баршчэўскі. — Я не разумею, хай мне растлумачаць. Які — кампучыйскі сацыялізм? Ці швэцкі?”

Лявонцій Зданевіч вяртае ўвагу да прапановы Галіны Сямдзянавай дазнацца, які ж варыянт саюзнай дамовы распрацаваў Крэмль, і дзеля гэтага заслухаць дэлегацыю дэпутатаў, якія высьвятлялі гэта ў Маскве.

Слова даецца члену дэлегацыі Уладзімеру Заблоцкаму, які паведамляе, што Масква прапануе пакінуць за СССР наступныя функцыі: Савецкая Армія, дзяржбясьпека, памежныя войскі, унутраныя войскі, юрыспрудэнцыя, мытня, ваенная прамысловасьць, энэргетыка, нафтагазавыя рэсурсы і пераапрацоўка нафтапрадуктаў, трубаправодны транспарт, зьнешнепалітычныя функцыі МЗС, зьнешнеэканамічная дзейнасьць, крэдытна-фінансавая сыстэма, банкаўская і грашова-манэтарная сыстэмы, чыгуначны, паветраны і марскі транспарт, сувязь і камунікацыі, космас, інфарматыка, тэлебачаньне і радыё, фундамэнтальныя навука.

„ Всё остальное остаётся республикам” — падсумаваў Заблоцкі пад сьмех і аплядысмэнты. Што разумела Масква пад „ астатнім” — заставалася здагадвацца; зрэшты, яна адназначна непрэтэндавала на стратную прамысловасьць ды калгасы, затое нафта-газавы комплекс і „ труба” былі ўведзеныя ў ранг стратэгічных інтарэсаў Крамля нароўні са зьнешнепалітычнай дзейнасьцю і функцыямі КДБ.

Алег Трусаў прапануе выключыць узгадаваньне пра саюзную дамову і наогул зьняць гэты пункт з галасаваньня — Дземянцей выступае ў абарону дамовы, заяўляючы, што ні Расея, ні Украіна не выключыла ў сваіх дэклярацыях магчымасьць яе падпісаньня.

Пачынаецца галасаваньне – і за саюзную дамову выказваюцца 184 дэпутаты пры кворуме для прыняцьця рашэньня ў 170. Супраць – 34 дэпутаты – практычна поўны склад фракцыі БНФ ды яшчэ некалькі чалавек.

Тут патлумачу, што адбывалася. Як бачна, шмат якія прапанаваныя намі палажэньні Дэклярацыі хаця і пасьля гарачых дыскусіяў, але, з большага, прымаліся. Заставаўся апошні артыкул — у які прыхільнікі СССР жадалі уключыць пункт аб неабходнасьці падпісаньня „саюзнай дамовы”. Да таго ж большасьць адмаўляла нашае патрабаваньне — надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць — у выпадку супярэчнасьці Канстытуцыі і законаў СССР Канстытуцыі і законам Беларусі перавагу б мелі апошнія).

Узьнікала і яшчэ адна пагроза — пасьля паартыкульнага галасаваньня Дэклярацыя павінна была прымацца „у цэлым”, і тут магла пачацца рэвізія раней прынятых палажэньняў, іх выхалошчваньне (гэта было б парушэньнем рэглямэнту, але нязначным). Ішло да таго, што Дэклярацыя ўвогуле магла быць не прынятая. Так, дэпутат Леанід Козік (член Прэзыдыюму ВС, пры Лукашэнку — лідэр праўладных прафсаюзаў) пад час абмеркаваньня заявіў, што „ если мы примем эту Декларацию, то она направлена на сто процентов на выход из Союза”.

У гэтых умовах Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасьць будзе настойваць на „саюзнай дамове” і адмовіцца ад канстытуцыйнасьці Дэклярацыі – выйсьці з Авальнай залі. Гэта мела б псыхалягічны эфэкт, заблытала б дэпутатаў, яны б дзейнічалі ад „ супрацьлеглага” („ насуперак” БНФ. Пра што раней і сказаў Гермянчук — шмат хто галасуе насуперак Пазьняку).

У фракцыі БНФ адбылася дыскусія. Прапанова была вельмі рызыкоўная, але Пазьняку ўдалося пераканаць ў яе слушнасьці; некалькі чалавек ўсё ж вырашылі пакінуць у залі ў якасьці назіральнікаў. Фактычна, у той момант Пазьняк паставіў на карту свой аўтарытэт сярод калег і палітычную будучыню; калі б тактыка не спрацавала і Дэк-лярацыя была не прынятая, ці адбылася б рэвізія ўжо прынятых артыкулаў — ён успрымаўся б сваімі ж паплечнікамі як авантурыст. Аднак мэта сувэрэнітэту была нагэтулькі важная, што ён пай- шоў на такую рызыку, будучы ўпэўненым, што
пераможа.

Калі дайшлі да апошняга артыкулу – была адкінутая канстытуцыйнасьць Дэклярацыі і ўведзеная „саюзная дамова”, слова ўзяў лідэр БНФ.

Пазьняк: „ Паважаныя дэпутаты, я не затрымаю доўга вашай увагі. Але прашу мяне выслухаць адну мінуту. Тое, што мы зараз пачулі зьвесткі, што нам рыхтуе „саюзны дагавор”, і тое, што зараз сэсія прагаласавала за гэты „саюзны дагавор”, гэта тое самае, што сунуць галаву ў пятлю. Гэта значыць, што далейшая размова аб сувэрэнітэце ня мае сэнсу. Гэта значыць, што наша праца два дні была без патрэбы. На вялікі жаль, народныя дэпутаты, відаць, мы ўсё ж такі не дарасьлі да сувэрэнітэту. Таму я, Пазьняк Зянон Станіслававіч, заяўляю, што я адмаўляюся далей удзельнічаць у гэтай сэсіі ў выніку таго, што Вярхоўны Савет ня здольны прыняць Дэклярацыю аб сапраўдным сувэрэнітэце. Тых дэпутатаў, якія мяне падтрымліваюць, прашу зрабіць тое самае. Я пакідаю залю”.

Выйшлі 30 чалавек. Сабраліся ў памяшканьні за прэзыдыюмам, дзе па тэлевізары ішла трансьляцыя (той самы пакой, дзе ў часы Машэрава зьбіралася ў перапынках сэсіяў вышэйшае кіраўніцтва).

Я быў сярод пакінутых у Авальнай залі і бачыў, які эфэкт зрабіў выхад з залі трох дзесяткаў дэпутатаў на чале з Пазьняком на дэпутатаў-камуністаў: „ Яны ня хочуць галасаваць? Ну дык мы прагаласуем”.

Большасьць дэпутатаў была ў шоку — і ў гэтым стане працягвалі галасаваць за іншыя пункты Дэклярацыі. Тыя дэпутаты фракцыі БНФ, якія былі пакінутыя ў залі, працягвалі адстойваць нашу канцэпцыю.

У адказ на прапанову дэпутата палкоўніка Леаніда Прывалава паставіць беларускія Ўзброеныя Сілы ў залежнасьць ад Канстытуцыі СССР і „ з улікам забесьпячэньня бясьпекі СССР”, Васіль Шачак запытаўся – „ Чаму ад Масквы ў 80 кілямэтрах ніводнай ракетнай базы няма? А я вось гляджу, 80 кілямэтраў ад Слуцка. Як так можна ,таварыш палкоўнік?”

Таварыш палкоўнік не адказаў. Шачака падтрымаў Шушкевіч: „ З улікам забесьпячэньня бясьпекі СССР” – гэта заўсёды можна сказаць, што „ўлік” не дазваляе нам нічога рабіць”. Таму гэта перакрэсьлівае ўвесь сувэрэнітэт”.

Навумчык: „ Аўганская вайна пачалася не ў Кабуле, яна пачалася ў сьнежні 1979 года на аэрадроме пад Віцебскам, калі Брэжнеў ўзьняў Віцебскую дэсантную дывізію. І вось гэтыя сумныя і ганебныя ляўры дасталіся Крамлю, але сьлёзы, сіраты, інваліды і магілы – ўсё гэта дасталося нам. Ці можам мы сёньня даць гарантыю, калі большасьць дэпутатаў прагаласавала за заключэньне новага „ саюзнага дагавору”, што заўтра да ўлады ў краіне ня прыйдзе чалавек, які паўторыць гэта самае?…. Таму я прасіў бы, вельмі прасіў бы, не баяцца слова „ нацыянальныя фармаваньні”…

Шмат дзесяцігодзьдзяў нашы людзі, грамадзяне Беларусі, плацілі падаткі, і … мы можам ставіць пытаньне аб нацыяналізацыі нашай арміі, аб цалкам падпарадкаваньні яе камандаваньня Вярхоўнаму Савету..”

У выніку за разьдзел аб тым, што Беларусь „ мае права на ўласныя Ўзброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету” прагаласавала 230 чалавек — пад аплядысмэнты! Пераканаць дэпутатаў у тым, што Беларусь трэба ўжо зараз абвясьціць безьядзернай зонай, нам з Шачакам не ўдалося — аднак 229 чалавек прагаласавалі за тое, што Беларусь „ ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку – нэўтральнай дзяржавай”.

Як ня дзіўна, і прапанова дэпутатаў БНФ, што „ ніякія вайсковыя фармаваньні іншых краін, іх вайсковыя базы і пабудовы ня могуць быць разьмешчаныя на тэрыторыі Беларускай Рэспублікі бяз згоды Вярхоўнага Савета” – прымаецца (натуральна, са зьменай назвы на БССР).

Вярнуліся да прэамбулы — ізноў пачалі абмяркоўваць, „абвяшчае” ці „пацьвярджае” Беларусь свой сувэрэнітэт.

Гілевіч: „ 45 гадоў Беларуская ССР — член Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяй. І які б ня быў гэты сувэрэнітэт, не хачу характарызаваць яго там — недастатковы, недасканалы, каб не гаварыць вастрэй, але ўсё-такі ў сьвеце нас прызнавалі як дзяржаву раўнапраўную у аб’яднаньні дзяржаў сьвету”.

Бойка: „ Мне непонятно, где был ранее закреплён наш суверенитет? Толи в тех грамотах, которые были приняты БНР, то ли в Конституции?”

Навумчык: „ Я разумею, што некаторых дэпутатаў засмучае Трэцяя і Другая Устаўныя граматы. У такім разе я прапаную вам зьвярнуцца да 1922 года, да Дэклярацыі аб утварэньні СССР. СССР быў утвораны як Саюз сувэрэнных дзяржаў”.

Лукашэнка: „ … Зачем мы разворачиваем эти бесполезные дискуссии?”

Даўлюд: „ … когда депутат Лукашенко подходит к пятому микрофону, ему сразу слово. Иногда не добъешься: стоишь, стоишь… Но не об этом речь. Я был автором дополнения „провозглашает”. Подумав, решил, что мы должны пойти на компромисс. Давайте мы будем умнее Украины и России, которые „провозглсили”. Давайте „подтвердим”.

Ніяк не магла прайсьці прэамбула — розныя варыянты аб тым, што Беларусь абвяшчае сувэрэнітэт, не набіралі належнай колькасьці галасоў. Аж да таго моманту, пакуль Анатоль Вярцінскі не прапанаваў дадаць да слова „сувэрэнітэт” вызначэньне „ поўны”

Я прапанаваў вярнуцца да тэмы „ саюзнай дамовы” і выключыць узгадку пра яе з тэксту — але безвынікова.

Мы ізноў паспрабавалі дамагчыся, каб Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы.

Нечакана супраць гэтага выступіў Шушкевіч, які сказаў, што „ на пераходным пэрыядзе, калі мы будзем ісьці па клясычнаму праву, па законах, мы нікуды не прыйдзем… канстытуцыйную норму надаць Дэклярацыі цяпер проста немагчыма”, што адразу ж выклікала заяву Віктара Ганчара: „ Я вынужден заявить решительный протест по поводу последнего заявления Первого заместителя Председателя Верховного Совета, поскольку фактически он призвал нас к беззаконию… пункт 12 в той редакции, в которой он стоит – это перечёркивание всей Декларации, которую мы приняли. Это пустой политический треск”.

Мне падалося, што варта паспрабаваць вярнуць дэпутатаў да тэрміну аб „аб’яднаньні” і запісаць, што Беларусь ажыцьцяўляе права на добраахвотныя саюзы з іншымі дзяржавамі. Гэта была адна з прапановаў БНФ, якую ўпарта не жадалі прыняць. Папраўдзе, ніякага лягічнага абгрунтаваньня, што ўдасца яе правесьці, у мяне не было.

Але інтуіцыя падказвала, што паспрабаваць варта. Было нейкае адчуваньне, што камуністы пасьля выхаду іншых дэпутатаў БНФ настроеныя паказаць, што яны, насуперак заяве Пазьняка, „гатовыя да сувэрэнітэту”. Многім ветэранам, што заўсёды йшлі ад адваротнага, карцела насаліць „бэнээфовцам во главе с Пазьняком”, (на што Пазьняк і разьлічваў) і паказаць сваю значнасьць у прыняцьці рашэньняў. Пра рэвізію палажэньняў Дэклярацыі, прынятых пад напорам фронтаўскіх дэпутатаў, здаецца, ня думалі (маўляў, „ Пазьняк протів, значіт всё в порядке”).

Гэта быў хвалюючы момант.

Сюрпрызам было, што мяне ад мікрафону падтрымаў былы другі сакратар Віцебскага абкаму Яўген Радзецкі. Дэпутат Котаў, які прадстаўляў артыкул, зачытвае фармулёўку Пазьняка (якую раней „зарэзалі”) — і яна праходзіць, набіраючы — пад аплядысмэнты – 219 галасоў.

Усё гэта выглядала лагічным абсурдам. Але, відаць, ніхто з нас так добра не разумеў (і не адчуваў) гэты ўнікальны Вярхоўны Савет, як Пазьняк. Тут кіраваліся ня логікай, а псіхікай, карпаратыўнымі інтарэсамі і думкамі начальства. Гэта была наша выдатная і тонкая перамога ў камуністычным і прамаскоўскім парляманце, у якім мы, дэпутаты ад БНФ, складалі толькі восем адсоткаў ад усёй колькасьці дэпутатаў.

За Дэклярацыю „у цэлым” прагаласавалі 229 дэпутатаў – пры ніводным „супраць” альбо „устрымаўся”.

У выніку, Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР была прынятая (праўда, з „саюзнай дамовай” і без канстытуцыйнага статусу, што будзе выпраўлена ў жніўні 91-ага). Канешне, нават і ва „ўсечаным” варыянце Дэклярацыя была велізарным крокам наперад. Важна што тэкст быў напісаны намі, фронтаўцамі, і праведзены праз Камісію ВС, і што прадстаўляў гэты тэкст на абмеркаваньні па прапанове Старшыні Камісіі Л. Козіка (які проста не валодаў тэмай) Зянон Пазьняк. Як ні стараліся камуністы і ветэраны перакуліць зьмест Дэклярацыі, ім усё ж не ўдалося зламаць партытуру гэтага гістарычнага дакуманта, бо складзены ён быў ня імі, ня іхняй логікай і ня іхнымі галовамі. Прышлося ім усё ж плаваць у нашым рэчышчы і танцаваць па нашых схемах, хоць і ламаючы што магчыма па дарозе.

Але на працягу двухдзённых дэбатаў 26-27 ліпеня нам удалося адстаяць шмат што і з некаторых істотных палажэньняў (напрыклад, бязьядзернасьць Беларусі).

28/7/2006 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2006
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024