Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон. Вялікае Княства.

Новая кніга Зянона.
Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Нью-Ёрку надрукавала ў 2005 годзе новую кнігу Зянона. Паэма ў трох частках называецца “Вялікае Княства”.

Вялікае Княства

А Г О Н Ь

Частка першая

Раздумляючы пра лёс Айчыны, не магу зьмірыцца з трагізмам народнага існаваньня.
Я йшоў здалёку. І аднойчы прышоў у засонены горад нашчадкаў ліцьвінскай велічы. І спынілася сэрца.
Няўжо гэтак можна ўпасьці?! Яны ня ведалі нічога: хто яны, адкуль прышлі, куды ідуць. Яны ня йдуць нікуды. Яны даўно не змагаюцца за Радзіму, за сябе, за народ. Яны нічога ня чулі пра Княства, пра Патоп, пра вялікае існаваньне. Яны слухаюць сваіх нішчыцеляў і ненавідзяць сваё. Ім бессэнсоўна і небясьпечна пра гэта казаць, бо могуць данесьці нішчыцелям, каб забіць.
Пойдзем, аднак, на шырокі шлях, дзе праносяцца коні і асядае пыл. Мне па сёньняшні дзень гучыць у вушах звон падкоў і даносіцца вецер Вялікага Княства…

ШЛЯХЦІЧ ВОЛЬНЫ

Сумна стала неяк аднаму шляхцічу. Выехаў ён на гасьцінец і якраз напаткаў мяне. “Заедзь, — кажа, — чалавеча, зірні, як шляхта жывець.”
– Пагаворым ды пап’ём,
Трэба – посуд пераб’ём.
Пасьпяваем разам дружна,
Каб гучэла ўся акружна.
Пасмакуем сабе ўволю,
Разьвядзём сваю патолю.
Пастраляем ціха ў неба.
Справа важна – надта трэба.
І малжонка будзе рада
З нашай добрае парады.
Коней, пчолы паглядзім.
Урадзіла ў мяне бручка,
Дык і бручкі паядзім.
А ўжо мёду, пане-браце,
(Шэлягоўкі – ані швах!)
Усё на зёлах
Тхне, як амбра,
Чуеш, ваша, які пах!

Пад’язджаем да сядзібы.
Ёлкі, ліпы і дубы.
(На’т на пнях растуць грыбы.)
Усё сакоча, галагоча,
Індыкоў гайня кулдыча.
А курэй (о, мой ты Божа!)
Як тых дзевак прад касьцёлам,
Не раўнуючы, на фэст,
Сабралося з усіх месц.
Рабых, белых, чорных, жоўтых,
Грабуць, дзяўбуць сабе, кудахчуць
І квактухі побач квохчуць.
Гусей за ставом – нібы сьнег,
Там дзесь зь Піліпаўкі прыбег.
А збоку тут бабёр схаваўся,
Запруду згаціў для сябе.
Бацян клякоча, цюцька брэша
І зайцы скачуць па траве.
– От, пане-браце, гляньце, зайцы, –
Мне гэтак шляхціч кажа тут. –
З зайцом асобы ёсьць статут.
Як мой, бывала, дзед-нябожчык,
Нарыхтаваўшы зайцам чмыху,
Цягаў вушастых, як грачыху.
Вечарком на пень капусны
Тытуню сабе насыпле,
Пакуль заяц дзесь там дрыпле.
Ноч настане, цень калыша,
Прыйдзе заяц ды падыша
І як чхне, мой пане-браце,
Галавой аб пень як лясьне,
Тут жыцьцё яго і плясьне.
Долу – брык і лапкі ўгору.
Дык ня трэба ўжо й страляць –
Усе, як любчыкі, ляжаць –
Шэра поле ад пабітых.
А ў раньні дзед мой зь мехам,
І спакойна так, нясьпехам,
Толькі й ходзіць, падбірае. –
Шляхціч кажа, пазірае,
Нават вокам не міргае.
Праязджаем поўз стадолу,
Гумны, стайня, хлеў, адрына.
Вецьце хіліцца да долу –
Чарада высокіх ліп,
Пуня, лазьня, студня, склеп.
І чуваць, як пахне хлеб,
Дзесь на кухні ці з гасподы,
Агарод, садок, калоды,
Качкі крачуць у карыце,
Ветрык кволіцца ў жыце.
Усё квокча і туркоча,
Аб’явіць пра сябе хоча.
Ржэ, мычыць (авечкі, козы)
І баран у дзьверы б’е,
(Пэўна, розум зь яго прэ.)
Бэкі-мэкі, хрукі-рохі –
Усё вухкае, як багна,
Галасуе безуладна.
А за тынам вось і хата
(Добра хата-веліката,
Дваццаць кантаў, кантавата)
Двухканцовая з паддашшам,
Гонтам крыта, вокны-дзьверы,
А ўнутры відаць парт’еры.
Збоку клюмба ўся ў юргінях,
А на ганку ўжо Мальвіна
Сустракае, запрашае
І ўсьмешкай нас вітае.

І насталі ж мне дзянёчкі.
Колькі зьедзена, папіта,
Шкла, пасуды перабіта.
І з рушніцы ў неба пярыў,
Пад сталом уначаваўся,
Хоць на тое й не зьбіраўся
І са сном сваім змагаўся,
Ды Шаціла першы здаўся.
А ўжо што пагаварылі..,
Што бывае, не бывае
І чаму яно трывае,
Як Пан Бог па сьвеце ходзіць,
Чаму жыта ў лесе родзіць,
Пра людзей з-пад цёмнай гвязды
І дрыгантаў добрай язды,
Пра чарцей у гразкай гаці
(Супраць ночы не казаці),
Як карова зарывае
І хвастом у тыл дыбае,
Пра кабылу двугалову,
Пана войта Пуставойта,
Калашмана, крывабойта,
Пустабрэха, абібока,
Дурачыну, вырвівока,
Пустадомка, пся халера,
І ўсялякая швалера.
– Пане-браце мой ласкавы,
Заставайся ў нас на лаве.
Ужо ж люблю цябе, як брата,
Для цябе мая во хата.
Анікуды не паедзеш
І на коніка ня ўзьлезеш.
Не рабі мне, пан, абразы,
Гавары во тут адразу.
– А ўжо ж просім, просім пана, —
Тут Мальвіна пад’язджае. –
Хто ж на вечар адбывае?
Трох дзянёчкаў на’т ня сьцерлі,
А ўжо пан так засьпяшаўся,
Як бы сьвет той зачыняўся.
– Мой спадару, пане-браце,
Што ў тым шляху-прыхамаці,
Што за прымхі, што за радасьць? –
Шляхціч кажа, налівае
І кілішак падымае. –
Няхай пан тут застаецца
І на’т вусам не шманае.
Шлях тут знойдзем мы, як трэба.
Там за горкай кум Патрэба
Дзяўлю гадуе, пане-браце.
Шляхцянка Любча – сыр ды вішня –
І ў гады свае ўжо вышла.
Як рэпа, дзеўка высьпявае
І па вашэці ўздыхае.
Гайда! Гайда! Па конях, браце!
Ў залёты прэм,
Бо дзеўка скісьне, —
Сказаў, кульнуў і ротам сьвіснуў.
Усталі ўсе, пра Любчу мова
(От жа цікаўская размова!)
Аж тут войт Пуставойт,
Пустабрэх, крывабойт:
– Вайна, панове! Зноў навала. —
І Любчы той — як не бывала.

Вайна, вайна, о, гэта справа!
Гэта файная забава,
Маскалям галовы секчы,
Гнаць галоту ў чыстым полі,
Пакуль хопіць коням волі,
Біць маскву у хвост і грыву Галадранцаў тых, баяраў
І ўсялякіх тарабараў.
Шкода, Любчы не пабачыў
І залётаў не пазначыў.
Шляхціч збоку пад’язджае
І шаблюкай пагражае:
“Маскву будзем ваяваці,
Масква стане ўцякаці.
Гэта я кажу, Шаціла,
Пане-браце, майма сілы!”
Зноў па шляху конна едзем.
Ехаў госьцем, вымкнуў братам.
Як вярнуся – стане сватам.

О, Вяліка наша Княства!
Наша вольна гаспадарства!
За гарой мая нязнана
З васількоў вяночкі вяжыць,
Залатыя слоўкі кажыць.
За гарой мая Айчына,
Наймілейшая дзяўчына.
У бярэзьнічку за гаем
Белагрывы конік скачыць,
Капытцом дарожку значыць.
О, Вяліка наша Княства!
Наша слаўна гаспадарства!
Слава! Слава! Ты найлепша!
За цябе іду я першы.

ГАЎЯ
На Гаўі, што ў Нёман плынна
Хвалі мкне свае няспынна,
Млын на востраве стаяў,
Навакольле аглядаў.
Мост драўляны з двух бакоў
З дыляў хвойных, круглякоў
Па дарозе ў Дабраўляны
(Лес быў – сосны, як арганы).
Стаў вялікі,
Рыбы поўна, ў бераг скача,
Рыбалоўны нораў драча.
Па тым мосьце ў дзяцінстве
Босым бегам крокі мераў
(Ўжо б, здаецца, й не паверыў).
За мастом паплаў вялікі,
Жоўтых кветак мора ў траўні,
Аж буяе рознатраўе.
Па грудзе бяжыць дарога,
Поўз Гаўю і вольхаў строі
Урачыстыя настроі.
Потым старыца, масточак
І вялікі лес сасновы,
Нібы даўніх часаў сховы,
Бо спрадвеку тут узрос
(Бальшавік пасек і зьвёз).
Збоку зноў адзін паплаўчык
І абрыў, дзе бераг-бор,
Нібы струнаў перабор,
Адбіваецца ў люстры пакручастае ракі.
Ўсё тут мае сваю назву,
Сваю прошласьць і легенду.
Вось вялікі камень-глыба
Пасярод ракі ўмясьціўся,
Абмінаюць хвалі-рыбы
Яго вечну таямніцу.
Тут калісьці сябры-другі
Аднаго хлапца забілі,
Які ведаў іхны справы
(Дзе яны зламалі права),
І пад камень утапталі,
Каб ня выйшла ўсё на яву.
Не пашэнціла забойцам
(Хоць ніхто не дакапаўся).
Адзін згінуў, другі сьпіўся.
Трэці, праўда, ажаніўся,
Але даў ім Бог калекаў –
Дзяцей мелі ненармальных.
Вось якое пакараньне.

А за поплавам старыца,
Сенажаць – Лука-макрыца,
Бор на выспе сярод лугу
(Там грыбы насіў дзяругай).
Побач бераг высачэнны
Ўвесь арэшнікам спавіты,
Выглядае самавіта –
Хмель, крушына, чарамшына.
Як вясной з падвора глянеш –
Цьвет чаромхі аж буяе,
Як аблокі, далягляды,
Водар церпкі далятае.
Азярцо там ёсьць, як сподак,
“Сінім Вокам” называюць.
Тут жа старыцы зародак,
Воды ў рэчку адплываюць.
Там калісьці, гадоў трыста,
Млын стаяў, Гаўю трымаў,
Што тады тут працякала,
Стромкі бераг абмывала.
На ўзгор’і тым высокім
Умясьцілася мястэчка,
Нібы белая хустэчка,
Хаты, крамы, збор кальвінскі
(Фундаваў нейкі Камінскі)
І цагельня там пад лесам,
Нават кафлю выраблялі
І глазурам палівалі.
Праз Паплаў была плаціна –
Грэбля строма над далінай,
Што дарогу там трымала,
Дзе зь мястэчка ў Геранёны
Радзівілы і Сапегі цугам ехалі бывала.
Усё гэта я ўбачыў,
Як капальніцтвам займаўся.
Дзе Суботнікаў пачатак –
Я ў сябе тады спытаўся.
І вось на табе – натрапіў.
Сам сабе зрабіў прынуку,
Укапаўся ў навуку.
Сам рукамі дакрануўся
Да начыньняў тых, талерак.
Тузін чарачак-швагерак
Хтось патоўк, як конь валяўся.
Вось макотры, міскі, кварты,
Продкі елі не на жарты.
Толькі ўсё тут пагарэла,
Як маскаль у Вільню ўдзёрся,
Папалілася дазваньня
Ўсё маё замілаваньне,
Маё першае каханьне,
Наша Княства паспаліта,
Дзе любоў мая спавіта.

МЯСТЭЧКА
Як Суботнікі спалілі,
Дык Гаўя ўжо адступіла,
І на правым узьбярэжжы
Будаваліся сялібы.
Іншы рэй рака прастуе,
Лёс нанова галасуе.
Адрадзілася мястэчка.
Лепшы млын гадоў праз дзьвесьце
Збудавалі ў новым месцы
(Закрануў маё дзяцінства).
У іншым часе – іншы весьці.
Толькі ў жыцьці так бывае:
Жаль – старое ўспамінае.

Не магу забыць з прадвесьня,
Трыста годзікаў мінула,
Любчу мілу, польны песьні,
Млын старога вайдэлёта,
Што ў Вільні Скаргу слухаў
І пазбавіўся маркоты –
Езуіцтвам захапіўся,
Ды ў кальвінства ўваліўся
(Так ягоны клёк скруціўся).
Яго ўнук ужо сядзеў тут,
І, як дзед, скрыпеў над схізмай,
Млын трымаў і збор вялізны.
Млын быў мурам на плаціне
(Камянюкі з рабаціньнем).
Верхні бой меў, зьнізу брама.
Калі трэба пераждаці,
Ўсё мястэчка мог схаваці
Ад навалы, закалоту
Ці ад дзе якой галоты,
Што шляхамі шнуравала,
Як вайну Масква пачала.
То ж бо былі іншы часы.
Здрада, пляга, мор, халера,
Чэрнь валіла самапасам –
Ўся маскоўская брыдота.
Дзесь валяўся там пад плотам –
Лапцем брагі насярбаўся.
Як вайна – ў Літву падаўся.
П’е, рабуе, вёскі паліць,
Пакуль гэтман ім ня ўваліць
І хвасты ім не падсмаліць.

Мукамол жа ўнук Вайдзіла,
Крыж над крэйкай асьвяціўшы,
Скрыжаваў капліцу з млынам.
Зборам правіў гэткім чынам –
Сьвятаром яго абралі.
Хоць палова тых выбранцаў
Да валуньня перлі ў ранцы
І пад ім гаршкі стаўлялі,
Камяні абагаўлялі.
От жа людзкая натура,
Гуся-сюся шчабятура,
Ўсім багам служыць ахвочы,
Так сабе, а мо’ й прыдасца.
Не пайдзе за рэй змагацца,
Кожны хітрым хоча стацца.

Гэтак думаў сабе ўсьцішна,
Добрым конікам буланым
Ў Трабы едучы ўвішна.
Зь Геранёнаў праставаўся,
Дзе сядзеў я ў залозе
Ўраз гатовы ў падмозе
Разам з сотняю выбранцаў
Маскавітаў пераймаці,
Што гайсалі ў навакольлі
І пускалі вёскі з дымам,
Насьлядуючы ардынам.
Ўсіх ліцьвінаў забівалі,
Літву нашу руйнавалі.
Справа ясна, зразумела:
Дзесьці блізу, недалёка
(Хоць масквы ніхто ня бачыў)
Кош паставіла басота.
Кош падпaльшчыкаў прызначыў.
Не заехалі б далёка,
Калі б іх было так мала.
Ўрэшце іх знайшлі праз сокаў.
Пад Лаздунамі стаяла,
Каля Пушчы Налібоцкай,
Дзесь пад тысячу мярзотаў,
Рабавальнікаў кляйнотаў.
Ноч пілі, а ўдзень палілі,
Вынішчалі народ Боскі.
Гэткі быў закон маскоўскі.
Каштэлян наш геранёнскі
Як пачуў, дык аж падскочыў:
– Сплюшчыць падлаў!
Здрузгатаць іх, як капусту!
Усю маскоўскую распусту!
Бяры хлопцоў, едзь у Трабы,
Хай Патрэба пойдзе з намі,
Самы ж бо не дамо рады,
Мусім сілы аб’яднаці
У дарогу, пане-браце!
– Ужо еду, каштэляне.
Меней сьледу ў адзіночку,
Сам паеду сабе ў прочкі. –
І, прышпорыўшы дрыганта,
Так рвануў, ажно сурочыў,
Жарабец з дарогі збочыў,
Аж прысеў на ўсе чатыры.
“Ну й прыкмета, тыры-мыры”, —
Сам сабе ў душы адзначыў.
Аднаму мне ехаць трэба,
Там жа Любча, дзе Патрэба.
Ну, нарэшце, яе ўбачу,
Хараство яе адзначу,
Можа, нават пацалую
(Так я ў розуме мяркую).
Сам сябе я падганяю
І аж песеньку сьпяваю.
Праўда, потым стаў мне сорам,
Як бы я зьмірыўся з горам.
Не да твару мая радасьць,
Калі тут маскаль віжуе
І народ мой тартуруе.
Дзе, калі было такое,
Каб нячысты ў Вільні ўсеўся!
Сьлёз напіўся і наеўся,
Ў нашы собалі адзеўся!
Век ня чулі гэткай здрады,
Гэткай страшнае заглады.
О, Вяліка наша Княства!
Ці ўжо ты ў нас паслабела?
Ці душа твая самлела?
Мо’ зашмат ты мела волі?
Кожны сам сабе пануе,
Кожны дурань галасуе,
Кожны пан – сабе за князя,
І ўладу ў грош ня ставіць,
Сам сабою хоча правіць.
Скуль жа будзе тая сіла?
Пакарае нас магіла.
Трэба Князя падымаці,
Каб мог Княствам кіраваці.
Трэба множыць сілу збройну,
Каб была напагатове,
А ня кожны раз зьбіраці,
Калі ўжо маскаль у хаце.

Разважаючы ў міжчасе,
Да Суботнік пад’язджаю,
На мястэчка пазіраю.
На высокім берагвіску
Тут мястэчка, як цацуля.
Спамінаю, як калісьці
У касьцёлік сярод лісьця
Прывяла мяне матуля.
Чую гукі клавесіна
І касьцельны хор няроўны.
І зямная небасіня
За сьцяною мілюжыцца,
І няўлоўны ветрык вее
Пералётны із-за жыта,
Як далёкі сьпеў народны,
Дзе душа мая адкрыта…

Азірнуўшыся наўкола,
Ўздоўж па вуліцы гарцую.
Дзе таго-сяго спаткаю,
Сам найперш яго вітаю.
Трох’ з старым памеркавалі.
На ваду з узбача глянуў,
Папіваючы са збана
(Сыраквашам частавалі).
От жа Боска красатуля!
Паплавы, вада люстэркам,
Клёны-шаты ў магерках,
І Гаўя, як вуж паганскі,
Ўецца стужкай серабранскай
Ўздоўж дарогі дабраўлянскай.

А тым часам з Падваранцаў
Прыскакаў дзяцюк з ружанцам:
– Йдзе масква, паўзуць паганцы!
Ўраз двары завіравалі,
Ўсе з дамоў павысыпалі.
У касьцёле званы звоняць,
Абразы ў схоў хаваюць,
Людзі з поля уцякаюць.
Як сабралася на плошчы
Ўсё паспольства на відошчы,
Прыляцеў ад радных лаўнік.
Бо прыслалі ягомосьця:
– Дзяды, бабы, ў лес, балота!
Ўсім хавацца ў імшарах.
Быдла брацьме на папарах,
У кусты кароў ганіце
І агню там не кладзіце.
Маскалёў няшмат, братове,
Мо’ са дваццаць, можа, болей,
Але паляць навакольле
І усіх, каго спаткаюць,
Ўраз на месцы забіваюць.
Трэба зьнішчыць згон сабачы.
Нас тут мала, добра бачу.
Мо’ хто мае дзельну раду,
Дык кажэце па загаду.
І тут выступіў Вайдзіла:
– Трэба ўсім у збор схавацца
Пад млыновы мур і сьцены.
Па вадзе масква ня ўскача,
А палезе – дык аддзячым.
Там мушкетаў маем з тузін,
Дык як смальнем з усіх гузін –
Аж пасыплюцца аскепкі,
Гэткі будзе бой наш крэпкі.
Толькі так сказаў Вайдзіла,
Ў даляглядзе закурыла,
Пыл клубіцца па дарозе.
Грамада крыху ў трывозе.
Лаўнік першы мкне да млына,
Дзяцюкі за ім сьпяшаюць
І каменьні падбіраюць.
У млын загналі пару коней,
Каб ня ўзялі супастаты,
А зьвястун – дзяцюк кудлаты,
Ўжо мушкеты цягне ў вышкі,
Расстаўляе па разворах,
Насыпае ў брамку порах.
– Гэй, усе! – крычу я зблізку. –
Пратрымайцеся да раньня,
Еду я па ўспамаганьня,
У Трабы хутка абярнуся,
Ўмэнт з падмогаю вярнуся.
Да дзьвярэй не падпускайце,
Толькі разам дыхт страляйце. –
І алюрам з павароту
У бок Карыціна праскочыў.
Потым думаю: “Нягожа,
Пагляджу, ці шмат варожжа”.
На ўзгорку прытаіўся
І лясочкам засланіўся.
Плошча, вуліца ля млына –
Усё відаць, як бы карціна.
Маскаль першы як уехаў –
Раз паходню пад застрэшак.
Аж салома затрашчэла,
Дымам чорным засьмярдзела.
Тут другія наляцелі
І давай паліць з кудзелі.
Ужо вуліца палае,
Дым да млына далятае.
Нейкі дзед там, як грыбочак,
Выпаўз з хаты на кіёчку.
Ля яго маскаль прыстаў
І шаблюкай крывалукай
З усяго размаху цяў.
Дзед маўкліва і сканаў.
І тут сталася такое,
Што пазбавіла спакою
Мне навек з тае хвіліны,
Не забыўся да магілы.
Ўжо з гарашчай хаты-клеці
Вонкі выскачылі дзеці,
Адзін хлопчык, дзьве дзяўчынкі.
Мальца пікай маскаль сходу
Пракалоў, як рыбу ў броду,
І, на дзіду нанізаўшы,
Сваім спрытам пацяшаўся.
Гарцаваў з такім трафеем,
Аж пакуль не надаела.
У агонь укінуў хлопца
І дзяўчынак даганяе,
Доўгай дзідай іх цаляе.
Ды дзяўчаткі скок у хату –
Пагарэлі, небажаты.
Я такога йшчэ ня бачыў.
Не я буду – не аддзячу.
Так маўчу, стаю я блізка,
Корд сьціскаю – рукавіска.
Усё мястэчка плыве дымам.
А тым часам маскавіты
Сабраліся перад млынам.
Штосьці радзяцца, гукаюць,
Нейку матку ўспамінаюць,
І радочкам так пасталі,
Як бы справу перасталі.
І тут, браце, стала помста.
Зьверху грымнулі наўпроста.
Пяцёх зразу палажылі,
Як бы іх прываражылі.
Дымам мост завалакло.
Маскалёў як што стаўкло –
Ужо ня знаюць куды рваць.
Можа б шчэ дайшлі да чыну,
Ажно бачу, хлопцы з млыну
Сталі браму адчыняць.
Не пасьпеў я надзівіцца,
Што там гэткае тварыцца,
Аж тут з брамы з крыкам дзікім
І з даўгой іржавай пікай
Лаўнік разам з тым кудлатым
Пруць на конях у атаку.
Тут жа зьверху зноў страляюць.
Маскавіты ўцякаюць
І ад страху ўжо ня знаюць,
Колькі іх там даганяюць.
“Ну, прыйшла мая часіна”.
– Рубон! – зароў я на ўсю сілу. –
Дрыганта сходу ўмэнт галопам,
У леву – корд. Перажагнаўся
І за бандытамі пагнаўся.
– Рубон! – крычу сабе, як п’яны. –
Гоп-гоп-гоп-гоп! Гэй-гэй-гэй-гэй! –
За мной жа лаўнік пне з кудлатым,
На пікі дрэняў падымаюць.
І вось яго я даганяю,
Таго, што мальца панявечыў
І сэрца мне тым акалечыў.
Падняў я корд, узьняўся ў стрэмю,
І сілу ўсю сваю сабраўшы,
Як гахнуў гада-басурмана,
Што ажно пырснула фантанам,
І галава зь яго зьляцела –
Такая помста ў мне кіпела.

Назад вярталіся ўтрох мы,
І па дарозе палічылі –
Шасьцёх маскоўцаў палажылі.
Палова, праўда, далі дралу,
Парассыпаліся ў гушчару,
Пазашываліся ў балоце.
Ня гэта нас ужо клапоце.
Ніхто іх зараз не баіцца.
Няма Суботнік – дым курыцца.

ТРАБЫ
Ўжо сонца хіліцца на дол,
І доўгі цень майго дрыганта
Бяжыць, як відма, прада мной
Дарогай трабскай, даліной,
Цераз Карыціна і Трыплі
(Няма іх болей – з дымам зьніклі).
Вакол пажарышчы, пустэча
І бадыльлё, палі – галеча.
І ні людзіны, ні скаціны,
Ні нават чэзлае хаціны.
Ужо Бялымшчыну мінаю
І так сабе там разважаю:
“Чаму маскаль усё зьнішчае?
Які тут сэнс, у чым тут ярасьць?
Манголы гэтак не рабілі
І толькі зь іх ясак даілі”.
Адказу ў тым сабе ня бачу.
Напэўна, ў гэтым іх прырода.
Як тая воўчая парода,
Ці ты дабром яго, ці пугай,
Ён толькі ў лес глядзіць зьвяругай.
А ваяваць прывыклі скопам.
Як толькі дзе маскаль надходзе,
То прэ лавінай з гікам, крыкам,
Усё зьмятае па дарозе.
Калі ж па пысе недзе схопіць,
Ці хто зьнянацку яму ўробіць,
Дык уцякае, як скаціна.
І пакацілася лавіна.
Тады яго ўжо не запыніш.
Бі ў каршэнь, пакуль ахвочы,
Покі бачаць яго вочы.

Раманы ўжо прамінаю.
Шчэ стаяць, не пагарэлі.
Навакол жыты жаўцелі
І ячмень вунь там, пад лесам,
Асьцюкамі ветрык чэша.
Тут – канопляў цэла поле
Зелянее на прывольлі.
Каб там дзе Піліп ня скочыў –
Азіраюся ўважна, як бы хто мяне сурочыў.
Жоўты лубін замігцеўся,
Між бярозаў – цэла поле.
Аж зіхцее навакольле.
От жа, як мне тут прыўкрасна!
Як душа чувае ясна.
Ах, якое харашэньне –
Жоўта мора – летуценьне!
Так, здаецца, і сьпяваў бы
І адсюль не ад’язджаў бы.

Вось, нарэшце, й Трабы бачу.
За прыгоду Бога дзячу.
На гарышчы замак моцны
Над дарогамі пануе,
Аб мястэчку галасуе.
Ўнізе тут Клява уецца,
Млын, ставок, касьцёлік файны,
І дагледжаны, і дбайны,
Па дарозе із Суботнік
(Дзе радзіўся я, гаротнік).
Потым шлях бяжыць у Вільню,
Побач сьцелецца ў Гальшаны,
На Юрацішкі і Іўе.
Тут старая наша Крыўя.
Недзе Сонька тут гуляла,
Як з Гальшанаў прыязджала
Ды за Князем пасьпявала.

Пакручастай сьцежкай бітай
Уверх да брамы пад’язджаю
І ў брамніка пытаю:
– Ці Патрэба ёсьць у замку?
– Можа й ёсьць, а хто ты, панку?
– Я Зянон, ці ты забыўся?
Гавары, каб ты сказіўся!
– Ну, то ёсьць жа, ёсьць, васпане, —
Кажа брамнік у пашане
І мне браму адчыняе
Ды ў замак прапускае.
– Йдзі, скажы, на тое брамнік,
Што прыехаў з важнай справай.
І ня баўся тут за брамай.

Ўраз Патрэба вылятае
І абдымкі адчыняе:
– Чуў я, чуў я пра вацьпана,
Мне Шаціла заікаўся,
Калі я ў яго бываўся.
Але ж, пане, добры весьці:
Ўжо пабіты маскавіты.
Скора будзем зь імі квіты.
Людзі ў Вільні ўзбунтавалісь
І за шляхтаю паднялісь.
Так далі, што бразгаталі,
Душы на’т не ўратавалі.
Ўсіх пасеклі, як капусту,
Нікаму ня далі спусту.
А таго зладзея-збойцу,
Камэнданта і прапойцу,
Дык спалілі ў вагнішчы,
Затахцілі ў гармату,
На Маскву спрасталі рулю
І як пальнулі – дахаты!
От народ, брат, узлаваўся,
Йдзі, маўляў, адкуль узяўся.
Галасуюць – ўсіх на вілы!
Толькі што во ад Шацілы
(Ён у Троках умясьціўся)
Гаварыў я з чалавекам:
Пакацілася маскоўя,
Пакацілася навекі.
Ну, цяпер мы іх пагонім.
Мы адвалім ім, як коням,
На плячох у іх паедзем,
Мы ўсыплем ім, мядзьведзям!

Расказаў я тут Патрэбу
Пра Лаздуны, кош маскоўскі,
Пра Капусту-каштэляна,
Моцны замак Геранёнскі,
Пра Суботнікі, Вайдзілу
І кудлатага Тамілу,
Пра спаленьне і страляньне,
І дзіцёнка забіваньне.
Ўраз Патрэба даў загады
Сабіраці два атрады,
Шабляў сто – уся выправа.
Калі войт шчэ дапаможа
(Пуставойт той наш, нябожа) –
Падтрымаў бы нас з Гальшанаў.
“Пасылаю гонца сходу,
Каб сказаў там пра нагоду.
А цяпер пара спыніцца.”
Пан Патрэба весяліцца:
“Я вацьпана госьцем маю,
На вячэру запрашаю”.
Увайшлі ў вяліку вежу,
Двайным зрубам збудавану,
Падняліся ў гору двойчы
І ўвайшлі ў шыроку залю,
Дзе вяліка печ палала,
Сталы з дубу, крэпкі лавы,
Кандэлябры над сталамі,
І Сынклета каля печы
(Ахмістрыня, дзеўка ў лецях)
Барана на шворне круціць.
Тут Патрэбіха і кажа:
– Просім пана, пан з дарогі,
Няхай пан адпусьціць ногі.
– Гэтак мы жывём часова, –
Пан Патрэба прадаўжае
І гасьця сваёго саджае, –
Зь Мілюцёў перабраліся,
Як маскоўцы тут знайшліся.
Ня раз біліся адважна,
Не ўзяла нас сіла ўражна,
Але ўвесь пасад спалілі,
Трабы ледзь абаранілі.
Ды цяпер другая справа,
Мы пакажам ягомосьцям,
Растрасем сабачы косьці.
Любча! Просім – у нас госьці.
(Тут пачуў я ў сэрцы млосьці.)
Любча ўраз з гары спусьцілась,
Ветла шляхце пакланілась.
– А во й Любча, мая доню, –
Кажа бацька і далоняй
Тапыркі свой вус пагладзіў,
Месьціць госьця на пасадзе.
Ўсе расьселіся на лавах.
– Сатварым малітву Богу, –
Мовіць тут Патрэба чынна, –
І прыступім да начыньня.
Пан Патрэба запрашае,
Усіх частуе, падстаўляе,
Прапануе, страву хваліць,
Наш ліцьвінскі звычай славіць.
А як добра ўжо паелі,
Дык віна прынесьлі бутлю
(Із лядоўні зь нізкай цэлі) –
Аж кілішкі запацелі.
– Не да балю зараз, пане,
Тут ня тое баляваньне,
Маскалі вакол, груганьне.
Час ня шэнціць роднай хаце.
Дык віна, брат, можна ўзяці,
Каб з сабой паразважаці,
Дабраслоўем скарыстаці,
Калі хто нагоду мае. –
І Патрэба прадаўжае:
– Не магу я надзівіцца,
Як ён мог у Вільню ўбіцца.
Скуль было тут столькі здрады.
Падстаўлялі сваё рыла,
Каб па ім масква хадзіла.
– Бо няма адзінства ў Княстве, —
Устаўляю “слоўца красна”.
– Усе ж ня могуць стацца шляхтай.
– То ж між шляхтай тыя жарты,
Адзін Глінскі чаго варты.
Зрэшты, кажучы “адзінства”,
Думаў я пра еднасьць веры.
– О, брат, кепскія паперы.
Што да Бога, што да Веры –
Між сабой шчэ ўмеем ладзіць.
А як збоку хто ўб’ецца,
Дык глядзіш – штось і чаўпецца:
Тацю дзьверы адчыняюць,
Родну матку зьневажаюць,
Што ня так іх гадавала,
Ня так елі, ня так пілі,
Ня той мовай гаварылі.
Дык якое ж тут адзінства.
Скажу гэтак – проста сьвінства.
Усе ж ядзім адну капусту,
Спажываем хлеба лусту,
Усе сьпяваем адны песьні,
Чаму трэба гэта скрэсьліць?
Дзе, скажэце мне, тут вера?
Нейка трасца ды халера
У народзе гэтым ходзіць.
Ці ўжо клёку ў нас ня родзіць?
– Як уважаю – шмат свабоды, —
Пярэчу я, нібы са згоды. –
Няма вальнейшага народа,
Чым родна наша вольна шляхта.
Гаспадара ж над ёй замала,
Рукі жалезнай не хапала.
Як шляхта хоча, так і робіць.
Ніхто яе не пераробіць.
Свабода – гэта наша сіла.
Свабода – нашая ж магіла.
– Свабода, кажа пан, свабода,
А мо’ тут іншая прырода, —
Пярэчыць мне Патрэба з ходу. –
Маскаль жа, бачце, непадобны.
Істота іншага заводу.
Ці лях, зірні, — падшыты бзікам,
Хаця народ зусім ня дзікі.
Альбо во немец той, пракуда,
І грош палічыць, як зануда.
От параўнаем во гавечак.
Зусім жа свойская скаціна.
Без чарады ні кроку – куча.
А воўк жа, пане, не гануча,
І нораў мае не сабачы
(Ня цётка голад – не паскачаш) –
Ля чарады здалёку тульчыць,
Так і глядзіць, каб дзе дурніца
Магла ад кучы адлучыцца.
Як дзе адстане самапасам,
Ну, крокаў хай сабе на сорак,
Кундзя гавечая – мацёра,
Тут воўк падыйдзе сабе скора,
Наўзбоч гавечкі ціха стане,
Як бы ён свой тут прызнаецца
(Траха што толькі не пасецца).
Гавечка здуру пазірае,
А воўк як быццам не шманае,
Ды ўсё да лесу адступае.
Гавечка ўсьлед ваўку снуецца,
А як далей шчэ адаб’ецца,
Дык воўк устане
І ў лес бяжыць сабе, вацьпане.
Гавечка сьледам даганяе
(Ёй трэба ж бо за нейкім бегчы),
Пакуль ёй воўк жыцьцё аблегчыць.
Цяпер, спадару мой, скажэце,
Ці мала ёсьць дзівос на сьвеце,
Каб чалавек у воўчай скуры
Ды быў гавечае натуры?
Ці ж бо нямала й сярод люду
Таго прыроднага прысуду,
Што той гавечцы Бог прызначыў?
Ўсе ажывіліся ў бяседзе
(Як хто й на месцы ня уседзеў).
– Ну, мы, мой пане, не гавечкі, —
Не спадабалася Мар’яньне. –
Магло быць інша параўнаньне.
– Ну, не гавечкі ж, пэўна, жонка,
А хто ж тут кажэць? –
Грыміць Патрэба, вус свой гладзіць,
І гэтак хітра пазірае,
Усьмешку нішчачкам хавае. –
Як ты мая ды ёсьць лябедзька,
Дзяцюк любедзькі не страляе,
А толькі весела сьпявае,
Калі лябедзьку абымае.
Ужо Мар’янна тут сьмяецца,
Ну, так ёй радасна вядзецца.
– То ж бо сьпявайма, гэй, мужчыны! —
Абазвалася дружына.
– Любча, дочачка, пачні, –
Даў каманду пан Патрэба.
Тут адкрылася мне неба.
“Туман ярам, ярам – даліною..,” –
Над цішынёй начною
Засьпявала гучна Любча.
Здалася мне яна сьвятою,
Так сьпеў яе ўгаласіўся.
Падхапілі грамадою.
У шыбы месяц нам прасіўся.

Вось гэта голас – сотні струнаў!
Арганы граюць, а ня песьня.
Стараўся я пад сьпеў падвесьці,
Свой голас зь ейным пераплесьці.
От дзеўка красна, от надзея.
Як паглядзіш – дык сэрца грэе.
Тут я ўжо сьмела прыглядзеўся,
Як бы да песьні прыкіпеўся.
Круглатвара (й праўда – вішня)
І ўсьмешліва, і ўвішна,
Зграбна ў рухах, станам пышна.
І з бацькі позірк не спускае,
І кожны сказ яго вітае.
“Ну, пэўна ж – бацькава дачушка”, –
Падумаў я сабе на вушка.
Патрэба тож душы ня чае,
Але, як бы не заўважае,
Няўзнак дачушку навучае.
О, з гэтых бацькавых любімчых
Як добры дзеўкі вырастаюць,
Верай, цнотай вас вітаюць,
І надзейнасьцю, і толкам.
Ад такой ня ўзвыеш воўкам,
Бо умее разважаці,
Дзе, калі і што сказаці,
За губой язык трымаці,
Каму трэба – выдаць здачы,
Без скандалу і бяз плачу,
Калі надта хто гарачы.
От жа Любча, дыхт дзяўчына!
От жа дзеўка самавіта!
А яшчэ й таленавіта,
Весялуха для людзей.
А як гляне сінім вочкам –
То й загінуў, Матэр Дэй!
Вось табе і ўкахаўся,
Ягамосьцю казнадзей!

А тут Любча ды з Мар’яннай
Засьпявалі “Дзеўку красну”:
“А ў горадзе верба расла,
Там стаяла дзеўка красна.
Яна красна, йшчэ й красіва,
Яе доля нешчасьліва.
Няма таго, што любіла.
Няма яго й ня будзе,
Разлучылі злыя людзі,
Абсьмяялі, абсудзілі,
Каб мы ў пары не хадзілі.
А мы ў пары хадзіць будзем
І друг друга любіць будзем”.

Ах, ты песьня наша міла,
Як ты людцаў пацяшаеш,
Літву слаўну велічаеш.
Беларусец наш як дзекне,
Аж у сэрцы ёкне.
Дзе ж ты, дзе ж ты, мая Любка,
Паглядзі ў вокна.
Эх, пайду я ў чыста поле,
На зямельку лягу.
Палыночак-кавылёчак,
Трава мацердушка.
Нават камень на Радзіме
Для мяне – падушка.

Тады ўжо мы з Патрэбам дружна
Ваярскі марш запелі мужна:
“А дзе ж тыя ваяры,
Што са мной хадзілі ў Крым?
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Што са мной хадзілі ў Крым.
А дзе ж тыя іх мячы,
Што з пляча ўмелі сячы?
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Што з пляча ўмелі сячы.
Не адседзецца нідзе –
Зноў маскаль да нас ідзе.
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Зноў маскаль да нас ідзе.
Лукі гнуцца ды ў дугу –
Дадуць рады ворагу.
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Дадуць рады ворагу.
Коні капытамі б’юць –
Ваяроў ды панясуць.
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Ваяроў ды панясуць.
Будзе, будзе зноў бітва –
Будзе вольнаю Літва.
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Будзе вольнаю Літва.
А як скончым ваяваць –
Будзем піці ды гуляць,
Ды гэй, ды гэй, ды во-ха-ха,
Будзем піці ды гуляць.”

– Будзем піці ды гуляць,
Станем песенькі сьпяваць. –
Пан Патрэба ўзьвесяліўся,
Бутлю хіліць, налівае
І кілішкі напаўняе.
Сам танцуе, прыпадае,
То прытопне, то падскача,
Як той качар сіні крача,
І на жонку вокам косіць,
Нібы яго вецер носіць:
“Адна дзеўка Ганна, другая Мар’янна,
А ты лепшая за іх,
Мая ты каханна”.

А Мар’янна ўжо рагоча,
Ручкай машыць, пець ахвоча.
І ўсе разам як запелі,
Ажно сьцены задрыжэлі:
“Чырвоная вішня
З-пад кораня вышла.
Аддала ж мяне маці,
Дзе я не прывычна…”

О, вішня! Вішня ў нашым лёсе.
Дарма, што нехта там галосе.
Вайна таўчэцца ў дарозе,
Ці дзеўка плача аб падмозе.
А ты ж вішанька, расьці,
Ты ж у весну зацьвіці.
З кім цябе мне параўнаці,
Сваё гора апяваці.

Зноў з Патрэбам мы сьпяваем,
Дзе са смуткам, а дзе з жалем,
Зноў кілішкі наліваем,
Ваяроў успамінаем.
“Пады чорнай вішняй,
Пады спалёным жытам,
Крывёю сьцёкшы,
Ваярэ забіты.
Чатыры гады
Масыкаля білі,
За краю родны
Галовы злажылі.
Пады чорнай вішняй,
Пады спалёным жытам,
Крывёю сьцёкшы,
Ваярэ забіты.”

– Невясёла гэта песьня, —
Я кажу, як памаўчалі. –
Мо’б другую запяялі,
Калі нам аспожка Любча
Дапаможа ў сьпяваньні,
А спадарыня Мар’янна
Падтрымае ўсіх старанна.
Дык пачнем маю любіму,
Як голуб купаўся,
Галубка жаркоча,
А верны дрыганце
Са мною скача:
“Ой косю, мой косю, косю вараненькі,
Прадам цябе, косю, за талер бяленькі.
Ты пойдзеш, мой косю, у край чужэнькі.
Ня будзеш там есьці авёс залаценькі.
Ня будзеш там есьці шаўковай травіцы,
Ня будзеш там піці крынічнай вадзіцы.
А хто ж табе, косю, там грыўку расчэша?
А хто ж добрым словам цябе там пацеша?
Біць будуць, мой косю, цябе батагамі,
А я буду плакаць горкімі сьлязамі.
Ой, косю, мой косю, косю вараненькі,
Няхай прападзе той талер бяленькі.
За талер бяленькі я не разжывуся,
З табою, мой косю, я не разлучуся”.

Затым сьпявала песьню Любча
(Патрэба так распарадзіўся).
Нідзе ня чуў я такой песьні,
Як рыцар жаніўся.
Ваяваў за каралеўну,
За гонар адзінай,
Але болей за кахану
Любіў ён Радзіму.
Ой, радзіма-радзіма,
Мая ты адзіна,
Як цябе страчу –
Нічога ня маю.
Як дзеўчыну страчу –
Другую спаткаю.
Дзе ж, мая ты сінявока,
Люцічка мая,
Ўсё жыцьцё сваё бярог я
На канцы кап’я,
Каб на Бацькаўшчыне мілай,
У Літве маёй любімай,
Былі б ты і я.
Ой, радзіма-радзіма,
Ты ж мая Літва,
Наша песьня лебядзіна
Прыукрасная.
Павярнулі ў пары коні –
Адны люцічы,
Наша Крыўя несьмяротна,
Беларусачка.

МІЛЮЦІ
Сонца ў вокны засьвяціла,
Ў замку ўсё загаманіла.
Прыскакаў ганец з Гальшанаў –
Пуставойт ня дасьць падмогі,
Бо баіцца сам аблогі.
– А якая там аблога,
Пустабрэх ты, пень-кярнога? –
Абураецца Патрэба, –
Варага шукаці трэба,
Забіваці яго ў стойле,
Не тады, як нас пяройме!
От жа клёпкі! От мікеці!
Каб ты век сядзеў у клеці!
Але добра! Ўсё чаўпецца.
Ўсё зьбіраецца, вядзецца.
Заўтра ноччу – ўжо выправа.
Да Лаздунаў – незабава.
Учора я направіў сокаў,
Скора будуць – пару скокаў.
А цяпер, мой ясны пане,
Мілюці хай пан пагляне.
То ж адсюль відаць із вокан –
Тры вярсты з паловай бокам.
На падворы ўбрукаваным
Ўжо стаялі коні ўбраны.
Чорны быў пакрыты гунькай
(Каб сядлу было ня мулка).
На імшастым – гунька красна
І сядло зусім ня наска,
А ў габроці васількі.
– Дык паедзем, пане, конна,
Лепей бачыш навакольле.
Любча з намі захацела.
Ёй у замку сумнавата,
Цягне дзеўку родна хата.
Любча радасна сьмяецца,
Бы ў гары ручэй снуецца:
“Ах, Мілюці! О, родны шаты!
О, дзе вы, дзе, мае пенаты?
Як мне каменьне тваё міла,
Што шлях дамоў загарадзіла.
Мне нават пыл твой даспадобы,
Што засьцілае мне аздобы.
Красу тваю не забываю
І перад Богам услаўляю”.
– О, райская, свая мясьціна,
Скажу вам так – зямля, як Неба.
Як ёсьць я сам Якуб Патрэба,
Кажу: нямашка лепш, як родна хата,
Няхай сабе і небагата,
Але свая, свая Айчызна. –
Тым часам ехалі праз Вызна
(Мясьціну гэтак менавалі).
Тут кожны куст – сваё названьне,
Сваё быцьцё, успамінаньне,
Сваё найменьне-уміленьне,
Сваё шчымлівае любеньне,
Дзе балацінка, лог ці кудра,
Ці рэчкі вузенькі закрут,
Вялікі камень, лесу груд –
Усё па-свойму назавецца,
Усё сваімі пазнаецца.
Зямля абжытая, жывая,
Людзкую памяць пажынае,
Ў вякі карэньнем прарастае.
І так паўсюль, па ўсёй краіне,
Дзе кожны сажань, позірк вока
Адбіўся ў памяці глыбока,
Урос у сэрца чалавека,
Навекі з жыцьцем зьнітаваўся,
Айчынай любаю назваўся.

* * *
Дарога йшла ў гару поўз поле.
Наўзбоч вялікае каменьне,
Малін, шыпшыны чырваненьне
І размарыньніка галіны
Дарогу ўсьцяж перакрывалі,
Бы падарожнікаў віталі.
Зьвісалі гронкі, нібы вішні,
Хвасталі шляхнікаў па твары,
Чаго раты не раскрывалі.
Я і Патрэба давай рваці,
Па жмені ягад у рот браці
І з смачным смакам іх жаваці.
– От файна ягада, вацьпане, –
Патрэба кажа, праглынуўшы.
– Угу, — кажу, перадыхнуўшы, –
І вераб’і іх надта ж любяць,
Абселі вецьце прыдарожна.
– То трэба пану асьцярожна, —
Тут Любча кажа, жмурыць вейкам, –
Ня стаўся б пане верабейкам.
Патрэба голасна рагоча.
– То, калі Любча так захоча,
Ці б мог яе пачаставаці,
Каб разам долі паспытаці, —
Кажу я гэтак, зьеўшы кулю.
Сьмяецца Любча, аж сакоча,
Ўсё разумее, усё соча,
І галасочак, як званочак.
– О, не, о, не, разумны пане,
Мне гэтка доля не дастане.
Ні вераб’іху, ні варону
Ня ўзьдзенеш, пане, у карону.
Ці знае пан, што паспытаці,
Каб каралеўствам заўладаці?
Якуб Патрэба зноў рагоча:
– От дзеўка, браце, чаго хоча.
На каралеву прымярае.
– Ня ўсё так проста выглядае, –
Кажу я так, нібы сур’ёзна.
Бо, калі глянуць надта розна,
І калі быць зусім адважным,
То шмат жа ёсьць тых цнот на сьвеце,
Што каралеўства пераважаць.
– І як да гэтых цнот дастацца, –
Патрэба далей разважае, —
Што тут найлепшае бывае,
Што чалавек усё кідае,
Каб аднаго трымацца ў сьвеце,
Што над душой яго пануе.
Жыцьця бывае не шкадуе, –
У рэй гаворку ён кіруе.
І сам, як быццам не шманае,
Галінкай мухі адганяе
І ў бок дачкі не пазірае.
– А найвышэйша цнота – гонар людзкі
І годнасьць наша чалавеча.
У шляхты гэта ўсё адвеку,
Ад продкаў нашых засталося.
Для маскаля – жыцьцё бліжэй,
Жыцьцё ў маскоўцаў найвышэй, —
Кажу я, нібы казнадзей,
Ці ксёндз з амбоны да людзей. –
Каб гонар за жыцьцё аддаць,
Не дазваляе наша існасьць.
Ня трэба й кодэксу пісаць,
Калі прыходзе шляхты час,
То кожны сам сабе напіша.
– Найвышшым кодэксам мужчыны
Павінна стаць жыцьцё Айчыны, –
Сказала Любча, як між іншым. –
О, калі б я была мужчынам,
І сілу б Бог мне ў рукі даў, —
Мой меч бы ў похвах не ляжаў.
Вазьмі мяне ў Лаздуны, тата.
Мячоў жа маеш не багата,
І я спатрэблюся за брата,
Што за Айчыну голаў склаў.
Ты ж навучыў, мой дабрадзею,
З пістоля я страляць умею.
О, гэй, о, гэй! Мой конік сівы.
Гоп-гоп! Гоп-гоп! Мой белагрывы, —
І Любча коніка – галопам.
Сама рагоча, сеўшы бокам.
Ў сядле ня наскім і глыбокім.
Ну нейка дзіва ў спадніцы.
Андарачок па ветры ўецца,
Няйначай дзеўка разаб’ецца.
За Любчай тут мы коней гонім
І між сабою не гамонім.
І толькі я цяпер заўважыў
Капшук, прывязаны да лучка.
Зь яго відаць пістолі ручка.
Аж стала мне тут нават сьмешна,
Дзяўка дзяўчыстая, пасьпешка,
Мо’ йшчэ й сямнаццаці ня мае
(А, зрэшты, хто яе там знае),
І во, зь пістоляй разьязджае,
Як быццам гэтман той палёвы
Заўсёды ў бітву стаць гатовы.
А Любча скача ды рагоча.
І так залівіста сьмяецца,
І так зьвініць, і так сакоча,
І столькі радасьці ў тых скочах,
І столькі шчасьця ў абліччы,
Што й мы забыліся баяцца
І сталі разам зь ёй сьмяяцца.
– О, краю мілы, край наш Боскі!
Люблю цябе, твае бярозкі,
Тваё каменьне пры дарозе.
Жыву з табой я ў трывозе.
А дзе ж наш сьмелы рыцар б’ецца,
Куды ён скача, дзе імкнецца?
Дзе ён кроў сваю аброніць,
Што Айчыну абароніць?
Ці ёсьць такія йшчэ на сьвеце?
Ці, можа, ўжо заснулі, кмеці?
А, можа, рак яшчэ і сьвісьне? –
Блюзьнерыць Любча – сонца блісьне.
І павадочкі нацягнула,
І круціць конікам, гарцуе,
Як бы ў таночку зь ім танцуе.
Патрэба быццам не зважае,
Далоняй вус сабе пагладзіць
І далей зноў гаворку ладзіць:
– От часам думаю, вацьпане
(Як ёсьць мы з панам тут мужчыны),
Аб таямнічасьці жанчыны.
Дзе нам здаецца ўсё тут ясна,
Яны там вяжуць перавясла!
А крыўды, браце, а папрокі,
Ну, хоць ты йдзі ад іх у скокі.
Дык іншы плюне і паскача
На паляваньне – зубра драча,
Ці медзьвядзя зімой упора.
А жонка плача ў пакоры,
Што муж бадзяецца па полі,
Сабак ганяе на прывольлі
(Каб лепей, значыць, сарну гналі).
І от глядзіш, агню нямашка.
Жывуць сабе, як быццам згодна,
А неяк прэсна, несвабодна.
У чым тут можа быць прычына,
Што не маркоціцца мужчына? –
Патрэба гэтак во пытае
І скоса позіркі кідае.
“Ага-а, — сабе я так мяркую, —
І хто каго тут, брат, гандлюе?”
– Найлепша, пане, паляваньне,
Дык гэта жонкі цалаваньне, —
Кажу я гэтак, не міргаю, —
Хоць жонкі, праўда, шчэ ня маю.
– Га-га, — рагоча шляхціч, —
Добра кажаш.
Ну, лепей, пане, і ня зьвяжаш.
І от, калі падумаць годна,
І са Сьвятым Пісаньнем згодна,
Дык Бог сказаў жану кахаць.
Жане ня трэба разважаньні,
Яго сабачы паляваньні
І надта мудрыя казаньні,
Як перастаў яе хваліць,
Ды мілаваць яе й любіць.
Жана такая, брат, як зробіш.
Папусьціш лейцы – ўсё ўгробіш.

І тут спускаемся мы з горкі,
І да фальварку пад’язджаем,
Мясьціну гэту аглядаем.
Наўзбоч сухая сенажатка,
Грудок, каменьні, лесу латка.
Далінка, нібыта карцінка.
Праз даліну ручэй журкоча,
З крыніцы побач вяцякае,
Што з-пад гары вадой бруяе.
На ўзгорках дрэвы па ўзьбярэжы
Пазначаюць месца межы.
Наўпрост сядзіба фальваркова
Разбудавана, як падкова,
Дом драўляны і вялікі,
З вальмовым дахам, гонтам крыты,
І вокны ў даху, мезаніны –
Ўсё навачэснай мешаніны.
Калёны ў цэнтры мураваны
І флігель зьлева дзераўляны.
Далей ужо дрэвы, бэз, кустоўе,
Адрына, пуня, стайня, клеці,
Вялікі склеп відаць наўзбочу
І журавель у неба строча
(Хаця крыніца побач соча).
Тут панска лазьня ля крыніцы,
Каля зялёнае даліны.
Далей відаць дзьве афіцыны.
Якаясь лаянка і кпіны
Чуваць была з аднэй хаціны.
Бліжэй пад’едзем –
Аж лемантуе баба ў хаце:
– А каб цябе разьдзелі таці!
Ах ты дурында ты, чурыла,
Ты шпуня, дрыньдзя ты, абрубак,
Ты шмуля, гнюздала, ты цюпа!
Каб ты ўжо спух, ты курашчупа!
Каб цябе сплюндрыла, халера!
Ты, падла, жлукта, ненажэра!
А каб цябе забралі чэрці!
Каб ты на пень брахаў па сьмерці!
Каб ты казою мэкаў, швэндзя!
Ты зладзюга, ты басота,
Валацуга ты, галота!
Табе на сьвеце ўсяго мала?
Каб ты сьвістаў ад таго сала!
Каб табе выпутрыла кішкі!
Каб ты сядзеў век на куркішках!
Шамоня ты, круцель паганы,
Карчомны гіцаль – з раньня п’яны!
От жа ўлез, як жыд у цыцаль!
Ах ты чартоўскі спадкаберцу!
– Ото дае, брат, баба перцу!
Чакайма добрага ўмалоту, –
Патрэба кажа так з-за плоту. –
Каб так цапамі малацілі,
Як языкамі намянцілі,
То б гора ўжо даўно ня зналі,
Як то’ раней дзяды казалі.
Каго так хваліш, Міхаліна?
Йдзі пакажыся на хвіліну! –
Гукнуў Патрэба ў афіцыну,
У ключарніцы хаціну.
– Аей, паночку, мой ты панку, –
Тут баба стала ўжо на ганку. –
Бяда, паночку, ўкралі сала.
Пятрук з Бычкоў у склеп удзёрся
І ў Бычкі зь мяшком папёрся.
Янук мой бачыў праз парог,
Але дагнаць яго ня змог.
– То ж бо Бычкі усе згарэлі?
– Там тры хаціны ацалелі.
Адзін крадзе, другія гінуць.
А нам тут што – спадарку кінуць?
Патрэба тут з канём крануўся:
– Застанься, Любча, я вярнуся,
Ў Бычкі з вацьпанам абярнуся.

ПЯТРУК
О, колькі бачыў я тых вёсак,
Што з дымам лёталі высока,
Дзе не сягала маё вока,
Над галавешкамі пажараў,
Над акіянам птушак – вырай,
Над нашым жыцьцем, нашым лёсам,
Дзе людзі – спаленыя вёсны,
Як бы анёл над папялішчам,
Лунаюць, кружаць кругавішчам.
Куды, куды вярнуцца, Божа?
У гэтым сьвеце нам варожым
Усё нанова пачынацьму,
Усё спачатку пражывацьму.

Бычкі – пустэч і ссохлыя рабіны,
І ліпы скручанае лісьце –
Ўсё, што пакінула вагнішча.
І печаў чорны камянішчы,
Як мерцьвякі з травы зіркаюць.
І тры хаціны ўзьнікаюць
З-за крапівы і лапухоўя,
Нібы прывіды безгалоўя, –
Ўсё, што пакінула маскоўя.
Патрэба дзьверы адчыняе,
І, галаву прыгнуўшы нізка,
Каб не ударыць макавіска
(От пана кмету пакланіска),
У хату бедну ўступае.

Пятрук на лаве сам сядзеў
І ў адзіноце сала еў.
Дрыжэлі рукі, аж спацеў,
І ліхаманкавыя вочы
Мужык у жаху ўтарочыў,
Калі Патрэба ў хату збочыў.
Пятрук устаў перад Патрэбам.
Дрыжэлі губы. Ён маўчаў.
Патрэба ўсё не пачынаў.
– Даруй, паночку, — адраблю, –
– Нарэшце сам Пятрук сказаў.
Тады Патрэба не змаўчаў:
– Ці ты ня ведаў, калі краў,
Што красьць няможна?
Што Бог ня красьці загадаў.
– Так, знаю я – ня можна красьці.
Ня ведаў я, што нельга есьці.
Ня злодзей я, але ўкраў.
Мне б хоць каня. Няма нічога.
Усё згарэла да парога.
І жыта сьпелае, й ячмень.
І ад жыцьця застаўся цень,
Забілі жонку і дзяцей,
Ўсю гаўяду маскоўцы зжэрлі,
Забралі коней, вёску сьцерлі,
І я адзін, як кол, мадзею.
Якую ж маю я надзею?!
Ты не карай м’не, пан Патрэба.
Я адраблю, мне хлеба трэба. –
Настала доўгае маўчаньне.
– Ідзі ў двор, працуй, нябога,
Ты атрымаеш, колькі змога, –
Патрэба кажа спахмурнеўшы,
Душой ваярскай злагаднеўшы. –
А пра каня – прыходзь у Трабы.
Ў абозе станеш ваяваці,
Маскоўца будзем выганяці.
Пакажаш ты сябе малойцам –
Дадзім каня
(Ад маскаля вазьмем у бойцы).
Пятрук насупіўся і кажа:
– Не пайду я, пан, у Трабы.
Мужык, вядома, я – ня баба.
Але, як ёсьць гэт’ сьвет вялік,
Я ўсё ж мужык, дурны мужык.
Які ж зь мяне ваяр, мой панку?
Гараў я зь вечара да ранку,
Я за саху трымаўся змалку,
Мяча й рукамі на’т ня кратаў,
Ні дзіды нават, хіба вілы.
Так недалёка й да магілы
У той дурной вайне патрапіць.
– Вось ты які, тхарыны лапаць!
Ты скуль прыбіўся?
Ты мо’ гіргун, што прытуліўся
І ў ліцьвіна перамяніўся? –
Кажу я гэтак паміж іншым.
Патрэба ціха з хаты вышаў
І больш гаворкі той ня рушыў.

– Як шляхта, пане, упадзе,
Літва, напэўна, прападзе, —
Пакінуў я маўчанку доўгу. –
Ніхто ня стане ваяваць,
Жывот за Княства аддаваць
Ды бараніці народ Боскі.
А шляхта, пане, усё валіць.
Ніхто так Княства не разваліць,
Як шляхта можна ганарова,
Што для сябе на ўсё гатова.
А дзе ж Айчына, я пытаю?
Калісь кароль, дзяржаўца Краю,
Наш добрамудры Жыгімонт –
Ён недарэчныя законы
Для гаспадарства, нібы шпоны,
Ня змог на добра адрабіць,
Каб гаспадарства ўзмацніць.
Рэспубліка – ня Княства.
Тут кожны пан краіну наску
Сабою мерыць па гарбе,
І з мазгаўнёй чужой варшаўскай
Масква Літву і заграбе.
– Я бачу прышласьць дрэннай, пане.
Ніколі ў векі шчэ над краем
Такіх зьнішчэньняў не было.
Тут як патоп, як вод лавіна
Бяжыць над нашай дамавінай –
Нашчадак ляжа ў труне.
Паб’ем маскоўцаў, ясна мне,
А потым што, пасьля патопу? –
Патрэба кажа, правіць тропу,
Каня кіруе ў павады. –
Ці стане край наш маладым?
Ці во Пятрук, мужык няшчасны.
І лёс ягоны не прыўкрасны.
А што, спадару, скажаш мне,
Хто падтрымаць яго павінен,
Калі згарэў ён на вайне?
Кароль? Дзяржава? Усё Княства?
Мо’ падтрымаць патрэбна мне?
І гэта будзе справядліва.
Было б аж надта негадзіва,
Калі усіх нас забіваюць
І ўсенькі край наш вынішчаюць,
І людзі гінуць на вайне,
Дбаць кожны толькі аб майне
І думаць толькі пра сябе.

ФАЛЬВАРАК
У Мілюці зноў уязджаем.
Хлапчук ганяець барана,
Кудахчуць куры, гамана.
Нібы чырвоны матылёк,
Андарачок вакол мільгае
І сьвет сабою засланяе.
Тут Любча носіцца, як вецер.
То жураўля уніз штурхае,
Вядро вадзіцай напаўняе,
То забягае ў ручаёк.
Адтуль у дом бяжыць, як сарна
(От дзеўка быстра, от жа гарна),
Усім камандуе, муштруе,
Усё вакол яе віруе –
І дым із коміна ідзе.
– Пакуль там што і як, і дзе,
Спадарку глянем кагадзе, –
Патрэба гэтак прамаўляе.
І вось спадарку аглядаем.
Пустая стайня – коні ў замку,
Хаця ўжо ліпень, лета родзіць.
Калі масковец не нашкодзіць,
То трэба з поля ўсё забраць.
Што я найперш тут мог сказаць:
Усё звычайна, але дбайна.
Ёсьць хлеб і ёсьць да хлеба.
Лядоўню ў склепе меў Патрэба.
Хавае сала і кілбасы,
Яшчэ зімовыя запасы.
З Клявы вазілі лёду стосы
І выкладалі ў стругавіньне,
Нібы глінянае начыньне,
Пасьля саломай прыкрывалі
І, калі трэба, адкрывалі.
Вядома ж, ветрам прадзьмувалі.
Больш спадабалася вяндлярня,
Бо выглядала дужа гожа.
Ратонда круглая, як рожа.
Уся кругом прабіта дранкай,
Нібы вялікая альтанка.
Ў сьпічастай стрэшцы дымаўніцы,
Як бы гатычныя вакніцы,
А дым ідзе — дык як Гарыныч
Усеўся побач на дзядзінец.

Не даглядзелі йшчэ аўса,
Аж лётам Любча, спрытна ўся,
Залацістая каса.
Як сонца, тварык разгарэўся
І на шчацэ румянец рдзеўся.
От дзеўка пышна, от краса,
Залацістая каса!
– Мой любы тату, мілы госьцю,
У хату просім ягамосьцяў. –
І засьмяялася з самосьцяў,
І ножкай тупне, кажа: “Ух!
У Мілюцях жыве наш дух!”
І так падскочыць, прытанцуе,
Як бы тут конік той гарцуе.
Стол з льнянымі абрусамі,
З вытыканымі пасамі,
Увесь устаўлены начыньнем,
Што чакаў нас добра, чынна.
Буракі – гарача страва –
Аж насы заказытала.
Эх, і добра так з дарожкі
Бурачкоў гарачых зьесьці,
Вантрабянкі добра ўціснуць,
Ды на блін вялікі грэцкі
Дробных скварак шчодра пырснуць.
Увесь дыміўся стол ад стравы.
Але скора незабавам
Падмянцілі ўсё начыста
І з Патрэбам гаманілі,
Як бы новы сьвет тварылі.
– Кажаш гонар, мой вацьпане,
Шляхтай рухаець у стане.
Вышэй сьмерці ставіць гонар
Шляхціч польны беларускі,
Калі разам у хаўрусе
Ён на ворага рушае.
Але хай пан не сьпяшае.
Ў шляхты ёсьць шчэ палавіна –
Найпякнейшая жанчына.
Дык які ў той шляхты гонар?
Ёй мяча ня трэ’ трымаці.
– Тут ня варта і гадаці, –
Я кажу адразу сходу. –
Маем іншую прыроду.
Нам найвышшая пагроза –
На жыцьцё наканаваньне.
Вораг петрыць нас зьніштожыць,
Сабе славу прыўмножыць.
Не абходзіць яму гонар,
Толькі жытка наша, пане.
Дык на жанчыну – паляваньне,
Якраз, каб гонар яе зьнішчыць,
Якраз на годнасьць іх жаноцку.
Каб чыстасьць іх зглуміць зьнянацку,
Каб іхны дух навек зьнявечыць.
Выходзіць так, што для жанчыны
Ім іхны гонар найвышэйшы.
Ім гонар іхны – ім адзіны.
Для нас ён існасьць,
Ім – быцьцё.
У нас – пытаньне.
Ім – адказ.
І, пане мой (які я горды),
Яшчэ народзіцца паэт,
Якога раньш ня ведаў сьвет,
Які напіша першазданна
Прыгожай ісьціны санэт:
“На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць”.
– Ва ўсім я тут з вашэцяй згодны, –
Сказаў Патрэба свой закон. –
Жанчыны цела – гонар ейны.
Хай беражэ, як свой жа скон.
Але, мой пане, ужо сонца
На небе месьціцца ў гары.
Траха спачнеце. Пайду яшчэ я па двары.
І ўжо тады ў Трабы хутка
Цераз Старыя Бабыры
Паедзем мы ў сваёй пары.
Патрэба йдзе распараджацца,
А Любча дзеўку заняла,
Каб стол прыбрала, мыла посуд
І тут парадак навяла.
– Хай пан зайдзе ў бібліятэку,
Бо скора ехаць нам пара.
Няма ўжо часу расчытацца,
Дык можна глянуць Псалтыра.
Скарына, пане, друкаваў шчэ.
То на ўсім сьвеце першы друк.
Мой бацька любіць ўсё ліцьвінска,
Лаціну – так: бярэ да рук.
Альбо во гляне, пан, Трышчана.
От жа пекнае чытаньне.
Як расчытаюся, дык плачу.
А йшчэ я пану тут зазначу,
Што бацька піша прапаведзі.
І, праўда, ксёндз ня надта хваліць.
Дык бацька грозіць, што уваліць
Таму ксяндзу, што яго бэсьціць.
“Я, — кажа, — як яго дастану,
Дык душу вытрасу з сутану”. –
Дзяўчына йме ў акладцы кніжку
І асьцярожна адчыняе,
Старонкі зь любасьцю гартае:
“Во гэта бацькава пісаньне,” –
І гладзе гэтае гартаньне.
– Эх, каб я мог, аспожка Любча
(Мо’ гэта прыйдзе калі зь Неба),
Дачушку мець, як пан Патрэба,
І хоць бы часткай той любові,
Што лёс яго ўзнагародзіў,
Заслужна радавацца з Богам. –
Тут Любча гэтак памаўчала,
Галоўку долу, вочкі ўніз,
І зноў сьмяецца, як бывала,
Як быццам чуе мой капрыз:
– Пан хоча мець мяне дачкою?
Спадар жа надта малады.
– Я ж і кажу пра маладое,
Пра шчасьце разам на дваіх.
– О, нешта пан тут надта цеміць, –
Сьмяецца Любча ўсхвалявана, –
Пра гэта думаць мне йшчэ рана.
– Дык будзьма думаць напярод.
Жыцьцё ж ня пойдзе на зварот.
Хай Любча знае:
Маё сэрца – яе ня будзе забываць.
Надзея ёсьць найвышша сьветласьць,
Што мне ўспаможа ваяваць.
Ці будзе тут надзея, Любча?
Ці можам мы яе чакаць? –
Маўчанка доўга затрывала,
Дзяўчына трапіла ў расплох,
І да дзьвярэй пашыбавала
Схаваці свой перапалох.
Кажу я: “Любча?”
– Што?
– А гэта ж я тут.
Надзея нас ужо чакае,
Але ня знае, што чакаць.
(Такая во ўжо нецярпяшка.)
Ці мо’ яе зусім нямашка?
Ну, што я мушу ёй сказаць?
Скажы хутчэй, каб не памерла,
Ато ўжо сэрца ёй замерла. –
Тут Любча зноў сьмяецца гожа.
І так ёй весела прыгожа,
Як быццам сонейка варожа,
Дзе лепш на сьвет узглянуць разам.
– Ну, Любча, ну, дык што ёй скажам?
– Надзея ёсьць! – Гукае Любча,
І, як сама сабе зьлякаўшысь,
Ажно сакоча, засьмяяўшысь,
Як ножкай тупне, кажа: “Ух!”
І, пакруціўшыся бачком,
У люстра зірк на міг кароткі,
У двор пабегла, як лябёдка.

БАБЫРЫ
Бабыры як Бабыры.
Ні двор, ні вёска, на’т ня людзі,
А так – убочная мясьціна.
Там ёсьць гара, ў гары даліна,
Дзе гліну браў калісь народ.
Патрэба едзе упярод,
За ім я зь Любчай ціха чынна,
Вачыма косім без прычыны,
Украдкай позіркі снуём,
Трасемся разам – конь з канём.
Як ад дарогі – гэта справа.
Гара кустоўем парасла,
Сьцяжына зьнікла ўжо ў травах –
Мятліца, дрок і крапіва.
Патрэбу трэба конча ўбачыць,
Ці можна гліну ў замак браць.
Нібыта гэта яго справа,
Другога ён ня мог паслаць.
І добра, што маўчалі тройга,
І ветрык лісьцем шалясьцеў.
На маскалёў мы з павароту
Раптоўна выехалі ўсе.
Рашалі тут адно імгненьні,
Хто першы ўдарыць і пайдзе.
Пістолю я схапіў у Любчы,
Цынгель – раз, на брамку – два,
Аж зазьвінела галава:
Крамзель! – пасыпалася лісьце,
Як з дыму вэлюм хто надзеў,
Патрэба кордам з похвы сьвіснуў,
І на маскоўцаў паляцеў.
– Гоп-гоп! – крычу. – Рубон! – раву я сьледам,
Пакуль тут нас маскаль ня ўведаў.
Маскоўцы ходу табуном.
– Рубон! – равём і гонім, сьвішчам.
І тут маскоўцы веярышчам
Парассыпаліся ў бакі,
Улева — пяць і ўправа — тры.
О, дрэнь, брат, справы, хоць згары!
Манэўр тут ведамы і просты:
Разьвернуцца і з флянгаў
Зашчымяць нас, як баба кросны.
– У Трабы, гэй! – крычыць Патрэба. –
Час кароткі!
– Хутчэй, хутчэй! Каня ў ляшчоткі, —
Крычу я Любчы з усёй сілы.
Ды бачу, дзеўка й да магілы
Ня сядзе ракам на кабылу,
Бо гэта ж трэба загаліцца
Перада мной — ёй лепш забіцца.
Пад’ехаў я і Любчу ў пояс:
– Сядай! – крычу, — бо ёсьць надзея,
Ты ж мая Любка-дзіндзілея. –
І на дрыганта ўзвалочыў,
Прышпорыў так, што пыл адскочыў.
Мільгаюць цені за кустамі,
Маскоўя шпарыць побач з намі.
Нам перавага ёсьць – дарога.
Але як скончыцца кустоўе,
Тут можа стацца безгалоўе.
Маскоўцы схочуць нас падрэзаць
І адступленьне перарэзаць.
Ах, ты, косю, мой ты косю!
Ні за талер, ні за злота
Я цябе не прамяняю –
Добры словы з маёй песьні
Я цяпер успамінаю.
– Гоп-гоп-гоп-гоп! Буланы, гоп-гоп-гоп!
Зьвялося чэзлае кустоўе,
Ды не ўдалося безгалоўе.
І як масковец ні стараўся,
Падрэз яму не ўкладаўся.
Дарога нас уратавала.
Маскаль яшчэ з паўмілі гнаўся,
Пакуль ахвота перастала
І ўся галота не адстала.

На ўсім хаду пад замак лётам
Тут падскакалі мы намётам:
– Браму! Гэй! – раве Патрэба. –
У двор уехаў, як Бог зь неба.
Каманды сыпле, каму трэба:
– На дзясяткі! Тры загоны!
Корды, дзіды! Ўсе на коні!
Зсекчы, вынішчыць падпальцаў! –
З замку вывеў трыццаць мальцаў.
Адзін загон быў на Гальшаны –
Пераняці за Клявой.
Другі загон быў на Лаздуны –
Перарэзаць ім сувой.
Трэці тут жа з ходу, з гікам
Паляцеў на Бабыры.
Вось прысталі на гары.
І глядзяць – маскоўцаў з тузін
Адступаюць да Клявы.
Вось да берага дапялі,
Цераз рэчку перайшлі,
І на шлях Гальшанскі біты
Свой напрамак узялі.
– За мной, за мной! – сказаў Патрэба. –
Патрушчым іх на той зямлі. –
Ваяры – да рэчкі цугам і ў кустоўі замярлі.
Чуюць раптам — мігаціцца,
Стук і крыкі, голап, шум.
Гэта ўдарылі з гасьцінца,
Пакацілася арава
Проста, ўлучна ў рэчкі рум.
Як маскоўцы ў рэчку ўлезьлі,
У асацэ балотнай гразьлі,
Мы – у бераг з-за кустоў.
Тут масковец – быў гатоў.
Усіх пасеклі, усіх дазваньня,
Усё бандыцкае кубло.
Сек бы болей, хоць да раньня,
Ды маскоўцаў не было.

* * *
Тут жа ў замку была сходка.
Шляхта думала, як быць.
– Гэта добра, што ўдалося
Ўсіх падпальшчыкаў забіць,
Але дрэнная прыкмета –
Што ля замка ім рабіць?
Значыць недзе недалёка
(Так Патрэба гаварыў)
Кош паўстаў, ці ўражжа войска
Недабітае стаіць.
Пераслалі нам з Тургеляў:
Там зьбіраецца гайня,
Ашкамёткі зь Вільні лезуць,
Вакол спалена зямля.
Інша банда ля Салечнік
Прадзіраецца на ўсход.
Трэба быць усім уважным,
Пераняць іхны паход.
Мне далі двух шляхтаў конных
(Так Патрэба папрасіў),
Каб дарогаю акольнай
Ноччу ехаў з усіх сіл.
Зьвечарэла. Дачакаўся.
Я з усімі разьвітаўся.
Кажу Любчы: “Ёсьць надзея!
Сьвеціць, сьвеціць зорка ясна
І ніколі не пагасьне!”
На каня – і бічам ляснуў.

АПОШНЯЯ ДАРОГА
На Сурвілішкі вакольна
Шэсьць вярстоў дарога польна.
Там пад лесам аднапольна
Жыў стары Сурвіла вольны.
Трох сыноў у войску мае
(Кожны шляхту атрымае).
Дык Патрэба прасіў спраўдзіць,
Ці жывы, ці хто ня крыўдзіць,
Што чуваць і што той знае,
Ці там дзе масква гуляе.
Шэсьць вярстоў мінулі з гакам –
Ні Сурвілы, ані хаты.
Галавешкі толькі чадзяць.
Гэта дрэнная навіна –
Дзесьці блізка маскаліна.
Павярнулі да Суботнік.
(Як там мой народ, гаротнік?)
Вось Кляву пераязджаем,
Месяц поўны зь неба сьвеціць,
Навакольле аглядаем,
Кожны думкі свае меціць.
Касагор бяжыць пахілы,
Ялаўцы стаяць, як сьвечкі,
Ці манашкі над магілай.
Тут бязьлюдная дарога,
Лес і лес, аж да Суботнік.
І вакол – ніякіх вёсак.
Ані вестак, ні сьцяжынак,
Дзесяць вёрст, як супачынак.
Маё сэрца стала біцца,
Як праз спалена Карыцьце
(Ці Карыціна, як потым)
Да сваіх мясьцін пад’ехаў.
Тут чакала мяне пэха.
Ужо пад раніцу бралося,
Скуль тут дрэва ўзялося?
Пазаўчора ж толькі ехаў.
Праз дарогу ў вузкім месцы
Шыркалісны клён аб’ехаў.
Не пасьпеў я ўсё зьмікіціць,
Нават лесу не паслухаў,
Штось як сьвіснула над вухам,
Ажно ёкнулі шляхцюкі.
Пахіліліся на лукі
І на дол з канёў звалілісь,
Быцца блёкату напілісь.
Не шанцуе чалавеку –
Мы ўткнуліся ў засеку.
Часу мала – толькі ўздых.
Каня ўздыбіў, кордам жы-ых,
І назад кірую ўміг.
Аж тут пеша нейка дрэнь
Мяне дзідай пора ў крэнь.
Сьцяў я дзіду й з павароту
Патаптаў тую брыдоту,
Пераехаў капытамі.
І ўжо выехаў на сам
І прышпорыў, колькі мог,
Але бразнуўся на мох.
Зразумеў, што нечакана
Я злавіўся на аркана.
Зашмаргнулі, дык з рукамі,
На’т плячом не шавяльнеш,
Хоць ты жылы тут парвеш.
Прывязалі да сядла,
Заматалі, падаткнулі
І наперад пацягнулі.
(Ды якайсь мангольска морда
Усё хіхікала звыродна.)
Пацягнулі, як палена.
Ды ня пехам, а трушком
(Быццам быў я там мяшком).
Абабіўся, абадраўся,
Пыл у горле – задыхаўся.
От харошанькі ягомасьць,
Хоць пішы яго ў маёмасьць.
(Ну ж і думкі ў галаве!)
У гэты час згубіў сьвядомасьць,
Паляцеў, нібы з гары,
Як мяне з крыжа зьнялі.

І ачнуўся ў Гаўі,
Як манголец на аркане
Маё цела ў воду кануў.
Трохі выцягне ўгару –
Зноў адпусьціць у ваду.
Дык таплюся, як сякера,
От прыгода мне, халера.
Тут м’не кончаць, як захочуць.
А маскоўцы ўсе рагочуць,
Пазіраюць, нібы зьверы,
Пэўна, кепскія паперы.
Шчэ раз кінулі ў воду,
Усьцягнулі на памост
І паклалі, як калоду.
Маскаль кажа: “Попамаць,
Скока будзет он лежаць?”
Разьвязаў мяне ардын –
Пазнаю Вайдзілаў млын.
Тут дайшло ўжо да мяне:
Гэтай ноччу банда руска
Начавала ў млыне.

Ужо сьвітае на двары,
Ружавеюцца нябёсы,
І маскоўскія бамбосы
Штось зьбіраюцца рабіць.
Ў дзьверы цягнуць сухастою,
Пэўна, будуць млын паліць.
Да галоўнага падводзяць.
Той пытае: “Кто такой?
Дзе, аткуда, пачаму?”
Што магу сказаць яму?
Усё адно заб’юць, паганцы.
Пазіраю: сонца ўранцы
Хутка ўзыйдзе над зямлёй.
Зелянее ліпаў строй.
Тут калісьці было тлумна,
Весяліліся бяздумна
Хлопцы, дзеўкі і дзятва.
– Гавары нам, где літва?
Где там вашая братва? –
Тут бандзёр ізноў гундосіць,
Нібы д’ябал яго носіць.
– Так далі, што аж забыўся?
Пэўна, Богу не маліўся, –
Пасьміхаюся з маскоўца. –
Лепш скажы “у Імя Ойца..,”
Бо ад Вільні аж да Вязьма –
Гэта ёсьць літва адважна.
Ты ж бо чуеш свой канец,
Скора будзе вам капец. –
Тут маскаль зубамі скрыпнуў,
З-пад ілба вачыма лыпнуў:
– Ладна, ты собака, пан,
Свой канец увідіш сам.
Эй, рэбята-жэрэбята,
Нада мяса пакапціць. –
Пачалі мяне лупіць.
Білі палкамі, нагой,
І, як стаў я сам ня свой,
Адлівалі ўжо вадой.
Зацягнулі мяне ў млын
І да кратаў у вакне
(За якім цьвіцеў язьмін)
Прывязалі рукі мне,
Падпалілі сухастой:
(“Ты, літва собач’я, — стой!”)
Завалілі дзьверы глуха,
І паехалі бяз скрухі.

І застаўся я адзін
З агнём і Богам, і Зямлёй.
І праз разьбітае вакно
Радзімы летні лістабой
Апошні раз шуміць са мной.
Вось бачу я луку Гаўі,
За ёй далёкія палі
І вербаў шэраг пры дарозе.
Стаю я на быцьця парозе.
Што можа стаці мне ў падмозе?
Езу Хрысьце, краю родны,
Даруй, прымі мой дух прыродны,
Я ўжо над безданьню вішу,
Асьцеражы маю душу,
Каб не згарэла ў вагні,
Што несьмяротна і нятленна –
Любоў мая і песьня сьпеўна:
Табе, о краю мой любімы!
Ты ўсё жыцьцё даваў мне сілы,
Я ж – толькі сэрца да магілы
І меч мой войстры, мой адзіны,
Што біўся верна за Радзіму.
Як, Божа, я Табе ўдзячны,
Што маё цела стане дымам,
І уздымецца над млынам,
Паразьвеецца над тынам,
Паляціць над любым краем,
Зямным маім і Боскім раем.
О, Вяліка наша Княства!
Пакуль сонца не пагасла,
Сьвяці ж мне зоркай сьветлай-яснай,
Ты ж будзь мне там, за небакраем,
Дзе існасьць наша не згарае,
Дзе мо’ чакае м’не цярпеньне,
І толькі ты маё збаўленьне,
Бо для цябе маё служэньне…
Ужо гарыць маё адзеньне,
Палае млын – агню гудзеньне,
Якое страшнае гарэньне,
Здаецца, дыхаю агнём.
І чую ўжо крыві кіпеньне,
І пах язьміну за вакном,
Маё апошняе ўтрапеньне…

СЬМЕРЦЬ
Узышло вяліка сонца,
Засьвяціла мне ў ваконца.
З гары ліецца бляск чырвоны,
Зямля ў крыві, палі, загоны,
І кроў-Гаўя цячэ да скону.
Які магутны гул сьвятла,
Яно гудзіць, яно гарача,
Яно, як гром, грыміць,
Яно зьвініць і плача.
Ах, гэта ж я крычу,
Мне сэрца ў горле скача,
Мне боль карожа,
Душа ня можа,
Божа…
Скруціўся сьвет – адно імгненьне,
Як ссохлы ліст, як берасьценьне,
І я ўнутры той берасьцені,
Нібы з замковых сутарэньняў,
Лячу да дзіўнага сьвятла.
І ўжо лунаю
Над краем, поўным хараства,
Зялёным гаем,
І ваблокі плывуць над небакраем,
І поўная рака, зялёная лука.
Урэшце бачу ўздым водны
І краявід, такі мне родны,
І млын ля ставу дагарае,
І дымам рэчку засьцілае.
Я толькі захацеў – і ўжо каля млына.
Гляджу ў вакно – мяне няма,
Агню сьцяна.
І толькі рукі ў вакне,
Нібы ў смале,
Гараць, палаюць,
Жалеза кратаў абымаюць.

Тут што й кранаю –
Нічога я не адчуваю.
Ды чую гукі
І ўсё, што ёсьць тут, назіраю.
Я быццам бы ў сьне – сябе ня бачу,
Ніяк сябе я не адзначу.
Але ж я думаю – то неяк існую,
І між бяроз, як цень, сную.
Мне цяжка з долу адарвацца
І над зямлёй высока ўзьняцца.
Чым я вышэй, тым лёт павольны.
Штось не пускае м’не,
Бы я ня вольны.
І не забыць мне месца сьмерці.
Ніколі з памяці ня сьцерці.

АНЁЛ
Прайшло ці шмат ці мала часу,
Ня бачыў цемры я начной.
Заўсёды сьветлы дзень са мной.
І чалавечае стварэньне
Мяне ня чуе, не чувае,
Зусім ня бачыць, не ўяўляе,
Што побач зь ім душа гуляе.
І вось аднойчы ў гаі сьветлым
Спаткаў мяне дзядочак ветлы
І павітаўся, як бывала.
І гэтак цёпла ў душы стала,
Нібы тут сонца начавала:
– Вітай, Зянон, я твой ахоўнік.
Я твой зямны духоўны кроўнік.
Цяпер жа буду Ангел польны.
Ты можаш быць са мной на роўных.
Бо, апроч Бога,
Ніхто цябе, як я, ня знае,
І Бог цябе мне даручае.
Ты маеш часу, колькі трэба.
Я пакажу табе пад Небам,
Што адбываецца і будзе,
Пакуль ты пойдзеш сваім шляхам,
Пакуль цябе ўсяго прыбудзе,
Пакуль ня станеш ты пад дахам
Гасподняй ласкі і рашэньня
Быцьця свайго і абнаўленьня.
– Маё быцьцё – Літва мая.
Яна адна – адзіная.
Жыцьця майго ня здолеў ты уберагчы,
Як я змагу ёй памагчы?
Як мне вярнуцца туды зноў,
Каб мечам помсьціць кроў за кроў,
І ўбачыць мужных ваяроў,
Тых, што Пагоню нашу ладзяць
І аніколі край ня здрадзяць?
Дзядочку ласкава глядзіць
І не сьпяшае гаварыць:
– Тваё спаленьне – лёс твой, дружа.
Ты б мог згарэць яшчэ ўпачатку,
Ды я прасіў за цябе Матку.
Ніхто, як Бог, ня зьменіць лёсу,
Ня зробіць іншага пракосу,
Ніхто ня вернецца зь Нябёсаў,
І ўсё, што ёсьць – у волі Боскай.
– Літву мне пакажы, о, сьветлы Ангел,
Я мала жыў, няшамат убачыў,
Нідзе пячаткі не пазначыў,
Ніводнай дзеўкі не даткнуўся,
За цыцку нават не трымаўся,
Калі ў Любчу укахаўся,
І вось жа ўсё каханьне – з дымам.
Як дух шчыміць па Любчы мілай!
– Каханьне вышшае – на Небе.
Лепш думай аб сваёй патрэбе.
Нішто цябе там не трымае.
Назад ніхто ўжо не трапляе.
Ня ўсьпеў ты дрэннасьці зрабіць.
Бывае шчасьце чалавеку –
Ня змог да старасьці дажыць.
Ды не пра сьмерць тут гаварыць.
Табе адчыняць шмат, саколе,
Як станеш ты ў гадзючым полі.
Адно глядзі – наперад мкніся
І на гадзюк не азірніся.
– Калі ўсё станецца, Анеле?
Тады, як будзе душа ў целе.

* * *
Ляцім, лунаем над Радзімай.
Дымы дымяць і сьвішча вецер,
І безьлюдзь змрочная на сьвеце,
І пустазельле, бадылі,
Дзе мусяць сьпеліцца палі.
Ўсе гарады ляжаць у друзе,
І дым гуляецца па крузе.
І адзічэлыя сабакі
Снуюць, дзе спаленыя хаты.
Вось слаўны Полацк сьветазарны.
Глядзім – аж толькі груд пажарны
І галавешкі. Выгляд марны.
А старажытная сталіца,
Літвы айчыстае дзясьніца,
Адкуль ліцьвінскі род бруіцца
І шчыра крыўя весяліцца.
Вось Віцебск, Ворша – яшчэ горша.
І не відаць ані даміны,
І землякі без дамавіны
Паклалі ў дол народу сілы,
Ляглі ў брацкія магілы.
Зыходзіць лецейка па леце,
Ў зямлі нас болей, чым на сьвеце.
Там, дзе прайшла арда маскоўска,
Там дым і рэзь, дарога коўзка,
Кроў крывянее пад капыцьцем.
У Амсьціславе зьніклі з жыцьцем.
Дзе горад быў – ваўчына зграя
На папялішчы завывае.
І вось Смаленск – ліцьвінска веліч,
Наша ўсходняя сталіца,
Адкуль мой род крывіцкі ймгліцца.
Зусім нядаўняя гістор’я.
Мне Ангел кажа: “Год зазор’я”.
Яшчэ ня быў я і на сьвеце,
Смаляне, шляхта, проста кмеці
Маскву-аблогу адбіваюць,
Палоняць войска маскалёўска
І зь мірам іх дамоў пускаюць.
І тут мой розум пратэстуе:
– Хто ж гэтак з варварам ваюе?
Хіба ж так можна ваяваці?
Дык от жа майма цяпер, брацьці, –
Так мушу сам сабе казаці.
– Глядзі туды. Вось бачыш гонца, —
Мне дзед паказвае ў бясконцасьць.
І тут жа бачу: куча скача.
Іх пераймае ў вузкім месцы
Сялянскі тлум з крывым зялезцам.
Шышы смаленскія дубасяць,
Загон маскоўскі калашмацяць,
Галовы з плеч усім здымаюць,
Ліста да цара адбіраюць,
Дзе выхваляюцца масквой
І за цара стаяць гарой.
І тут жа бачу ліст на белі:
“Вокруг Слуцка мы велели
Выжечь всё и всех убить.
А до Слонима идя,
Все деревни, сёла, хлеб –
Всё сожгли и всех убили,
Разорили без остатку.
А и в Клецке всех побили,
Всех людей и гореватку.
Бьёт челом холоп твой царский,
Жгём и режем день деньской –
Воевода Трубецкой”.

Далей ляцім над дымам Княства.
Дзе наша сьветла каралеўства?
І так мне цяжка, так балесна,
Ці на Зямлі яно, ці ў Небе?
Якога гэтмана нам трэба?
– Скажы мне, Ангел мой найлепшы,
Такога ў сьвеце не бывала,
Чым гэта скончыцца навала?
– Захопнік грозны будзе біты, –
Тут кажа Ангел самавіты. –
Глядзі ўніз. Там бачыш шчыты?
Народ паўстаў, бягуць масквіты.
Але навала не адбудзе.
Тут найвялікшае змаганьне.
Пачатак тут – наканаваньне.
Вяліка Княства ўпадзе,
Літвы ня будзе.
Бо разам немцы і масква
Ў адной аблудзе
Краіны цела разарвуць.
Народ забудзе
Сваю Айчыну называць
І як сябе найменаваць.
І новы людзі
Дадуць ёй новае іменьне.
За Беларусь
Ізноў на сьмерць
Йдуць маладыя пакаленьні.
І вось тады прачнецца Жмудзь
І скарб Літвы сабе прыўлашчыць.
Пакуль ідзе вайна з Масквой,
Для іншых гэта інша значыць.
– Мне трэба конча там зьявіцца, –
Кажу я Ангелу свайму. –
Мне трэба — мушу на вайну.
Мне нельга гэтак папусьціцца,
Я буду Госпаду маліцца,
Я буду век аб тым прасіцца.
О, Ангел сьветлы, за парогам
Перад Вялікім нашым Богам,
Пакуль Літва не праміне,
Ты папрасіся за мяне.
Ніхто ня вернецца з Тыхсьвету
І не адменіць Запавету,
Але ж на ўсё ёсьць Божа Воля.
І тым жыве мая спатоля.

* * *
Вось мы вярнуліся да млына,
Дзе толькі сьцены ацалелі,
І размаўляем, як хацелі,
Ў гаёчку беленькім тыхсьветным,
І ў луг глядзім зь дзядком прыветным.
– Як гэта можа быць, — пытаю, –
Што прышласьць-прошласьць сузіраю?
– Тут гэта можна,
Але кожнаму сварожна.
Дух прымітыўны – тут на’т ня чуе і ня бачыць.
А гэта ж, дружа, ох, як значыць.
Хто на Зямлі аглух, асьлеп,
Мадзеў, як мокры курасьлеп,
Ні дух яго ні хваляваў,
Ні вечна Боска Хараство,
І сэрца шэрсьцю абрасло,
Той тут ня стане лепей бачыць.
І колькі ты яго ня чысьці,
Чарта на бела не адчысьціш.
Для разьвіцьця – зямная доля.
Каб цела земска падтрымаць,
Ты мусіш думаць, працаваць,
Змагацца, неяк выжываць.
І так душу жыцьцё гартуе
(Калі да Бога лямантуе).
Але, каб дух загартаваць,
Ты мусіш запаведзі знаць,
І іх трымацца, шанаваць,
Умець дабром аддараваць,
Жыцьцё сваё не марнаваць
І Богу хвалу аддаваць.
Свабода духа – Запавет,
На тым стаіць духоўны сьвет.
Калі ж Закону там ня знаюць,
І стануць жыць, як пажадаюць,
То дух ня будзе разьвівацца –
Ён стане целам дыктавацца.
І часта, хто з такога людзтва,
Наробіць столькі там паскудзтва,
Такія часам ёсьць людзіны,
Што горш усякае зьвярыны.
Калі такі трапляе тут
(Ня трэба ж есьці, ані піць,
Нішто ні смаліць, ні баліць) –
Душа такая проста сьпіць.
У лепшым выпадку – мычыць.
Ня трэба бачыць ёй і чуць,
І ведаць, як яе завуць.
– Ну, а што потым?
– Потым – суд. Каму ветла, каму пекла.
– Не цікавіць мяне пекла,
Ні нябесная жытва,
Мой народ масква пасекла,
Мне баліць мая Літва.

* * *
Мінула, можа, дзён за сорак,
Як Ангел кажа мне: “Рыхтуйся,
Твой час зямны ўжо мінуўся.
На Неба пойдзем спачываць,
А там убачыш, як трываць”.
Як быццам бы ляцім увысь.
Удвух лунаем, нібы з пуху,
І павялічылася руху.
Тут стала нейкая труба.
У ёй ляцім мы з сілай ветру,
Як лісьце лёгкае ў паветры,
Нібы ў трубе той вецер дзьмуў.
Я на імгненьне як заснуў,
Нібы мне раптам млосна стала,
І маю сьведамасьць забрала.
Як толькі глянуў – сьвет другі,
Як бы ня няскі,
Трава, аблокі, як у казцы,
І кветкі ласкава цьвітуць,
І пчолы радасна гудуць,
І дрэвы ў гору вецьце мкнуць.
І невядома, адкуль сьветласьць,
Так дзіўна сьвеціць, гэтак ясна,
Што ўсё відаць, як дзеўка красна.
Няма ў тым сьвеце ценяў рэзкіх.
Ўсё, як бы разам высьвячае,
І сьвет нябесны пазначае.
– Ну, расстаемся, бо так трэба.
Тут першы ўзровень твайго неба.
На іншых будуць іншы другі,
Калі табе, дай Бог, удасца
Да тых нябёс другіх дастацца. –
Сказаў дзядочак, пакланіўся
І ў міг сабой перамяніўся.
І вось стаіць перада мною
Высокі Ангел, стройны, гожы
І тварам мужны і прыгожы,
І у вачах дабрынь і сіла,
І белы крылы за плячыма,
І ўсенькі белыя адзежы.
Ён, нібы замкавая вежа,
Пануе ў добрым навакольлі.
І голас – гром, і словы – воля:
– Ўжо за табой твая юдоля.
Ты скончыў круг,
Прайшоў пракосы.
Я адлятаю ў нябёсы.
Мяне ты болей ня ўбачыш,
Але, як ты захочаш,
Заўсёды ўніз магу спусьціцца,
Калі ты станеш сам смуціцца.
– Анеле! – кажу ўтраплёны я ў леку, –
Удзячны я за ўсю апеку,
За тваю дружбу, за дзядочка,
За мае земскія гадочкі,
Якіх сьцярог ты, як матуля,
Дапамажы ж мне, як братуля.
Дапамажы ў Літву вярнуцца.
Дапамажы мне ў патрэбе,
Я не знайду спакою ў Небе.
Нічога Ангел не сказаў,
Увысь падняўся і растаў.

Здаецца, я душой стаміўся.
Прысеў на камень сярод кветак.
Тут поўна ценяў-непрыкметак,
Снуюць у доўгіх балахонах,
То ў нейкіх портачках у шпонах.
Была дзяўчына ў шлюбнай сукні
І дзед стары, што кіем стукаў,
Кагосьці ўсё нібыта клікаў.
Я адвярнуўся – цені зьніклі.
Прыгожы луг, прастор шырокі,
Чырвоны кветкі і аблокі.
І вось на небе шэлест крыл –
Анёл лятае адзінокі.
Затым — ляцелі чарадою,
Як белы гусі над вадою.
І лёт іх быў такі прыгожы,
Нібы пялёсткі белай рожы,
Ў блакітным небе трапяталі
І з ціхім ветрам адляталі.
Анёлаў стала гэтак многа,
Што усё неба шалясьцела,
Нябесна музыка гучэла
Анельскіх крыльляў – арфы звон,
Як быццам цэркваў перазвон.
Я ўсё гляджу свайго Анёла,
Ўсё азіраюся наўкола.
Ці мо’ нябеснае ўжо кола
Іначай кружыць з Боскай волі,
Як шлях жыцьцёвы ў юдалі?
Мой сьветлы Ангел, дзе ты, дружа?
Больш твая сіла мне ня служа,
І дух мой слабне ў самоце,
І сэрца ў грудзі не калоце.
У юдолі я таго ня ведаў
І толькі тут, цяпер, дазнаўся,
Які мне сябра там дастаўся.

ХРЫСТУС
Блакітна неба і глыбока,
І белы голуб адзінока
Ляціць, як летні матылёк.
Якое рэдкае відзеньне:
Галуб, як Боска ўваскрасеньне,
Адзін купаецца ў паветры,
І вымярае неба нетры,
То перакуліцца, трапеча,
У крылцы б’е, у гору строча,
Нуркуе ўніз і зноў лапоча,
А потым раптам павісае
І толькі крылцамі мільгае.
Вакол ружовае квіценьне,
Ружы-дрэвы, мільгаценьне.
Мігцяцца промні між ствалоў.
І незабудак рабаценьне –
Блакіт і зелень дываноў.
І вось бывае ветрык дзьмухне –
Пялёсткі-лодкі з ружы-дрэў
Ляцяць на летні травастой,
Нібы ў моры сьветлы ветразь
Гуляе з хваляю марской.
Хоць мора я таго ня бачыў,
Але ж вада, як Нарач, пэўна,
Дзе я калісьці, ў тым жыцьці,
На чоўне плаваў.
Не рашаўся я тое Нарач абыйсьці.
О, Нарач, Нарач, ты — як сэрца!
Што прыгажэйшым можа быць?
Хіба нябесны гэты поўдзень –
Ня ўсё са злота, што блішчыць.
Мне б лепш туды, дзе Нарач-воды,
Дзе дзеўкі водзяць карагоды
І хлопцы плаваюць чаўном,
Дзе ў вечаровы час маёвы
Цьвіцее вішня пад вакном.
Прайшло, мінула, сьмерць забрала
Мне той маёвы шчасьця звон:
А дзе ж тая мілаваньня,
Што я ўкахаўся,
А дзе ж тая крынічэнька,
Што голуб купаўся…

Трапеча голуб белакрылы.
Штось падупалі мае сілы.
Я быццам духам прытаміўся,
І ў сон глыбокі пахіліўся.
І бачу я, аж на паўнеба
Вяліка воблака плывець.
Яно ясьнее і бялее, і вось блішчыць,
Як сонца круг
(Мо’ гэта Ангел, сьветлы друг?).
Зь яго ўтварылася Аблічча.
І ў Ім адразу пазнаю
(Гучаць нябесныя званы)
Усім знаёмы і прывычны
Ісуса вобраз назыўны.
Ісус выходзіць з аблачыны
І датыкаецца травы,
Але трава пад Яго стопай
Не ўгінаецца як бы.
А галава – высока ў Небе,
Як у гары далёкі сьветач,
І адначасна – блізка побач
Глядзяць, як зоры, Яго вочы.
Прад Ім стаю, прасіці хочу.
Мне перад Госпадам ня страшна.
Ня чую я сваёй віны.
“Я быць у Небе не дастойны,
Вярні мяне ў Літву, вярні!
О, наш Спадару! Сьветлы Пане!
Ня будзе хай, як я хачу,
Бо ўсё ў волі Божай, знаю,
І аб адным Цябе прашу,
Засьцеражы і захавай нам,
Уберажы маю Літву.
О, захавай нам наша Княства,
Наша слаўна гаспадарства,
Захавай і памажы.
Памажы майму народу
Зьберагчы яго прыроду,
Ад крывавага патопу
Адрадзіць сваю зямлю.
Адвядзі напад чужацкі,
Захавай наш род крывіцкі,
Нашы песьні, нашу мову,
Беларускую вымову
І духовы наш пачын,
Падтрымай наш праўды чын.
Хрысьце, Пане, наш Спадару!
Ўміласьціўся над народам,
Не пакінь яго прад Богам
У халоднае юдолі
Каласкі зьбіраць на полі,
Дзе чужая старана.
Заступіся за краіну,
Нашу мілую шыпшыну,
Дай зямлю нам, наша слова,
Дзе наш род і ўся радня,
Дай нам хлеба на штодня.
Захавай нам наша Княства,
Наша слаўна гаспадарства,
Захавай і памажы”.
І, сказаўшы, прад Хрыстусам,
На калені апусьціўся
І ў пакоры пахіліўся.

* * *
Мне здаецца, як казаў я –
Хрыстус слухаў, што было.
Твар Ягоны быў спакойны,
Ад Яго ішло цяпло.
Потым Ён перамяніўся:
З лугавіны аддаліўся,
Вобраз ціха нікнуць стаў
І ў далечы растаў.
Ні аблокаў, ні Ісуса.
Толькі голуб белакрылы
Зноў трапеча з Боскай сілы,
Адлятае ўгару.
І ў тым месцы галубіным
(Добра бачыў: тым адзіным)
Ужо трапеча палатніна,
Разьлятаецца ў бакі
І лунае, нібы птушка,
Нібы белая істужка,
Як жывая ўжо ляціць,
Вырастае ў памерах
І ад сьветла зіхаціць.
Бачу я ўжо на трэць неба
Там чырвона паласа,
Нібы Любчына краса –
Ручнічочак вытыканы
І чырвоным прабіраны.
Ажно тут я зразумеў.
Гэта прапар Хрыстусовы
Бел-чырвона-белы сьпеў.
Ён жывы – галуб лунае,
На паўнеба ўжо зьвінеў.
Гэта музыка, братове,
Гэта сьцягавы напеў.
Гэта песьня Хрыстусова,
Гэта Боскі Сьцяга гімн
Прамянеецца у Небе
Сьветазарных дзеяў чын.
Разьвіваецца ў вышынях,
Разьлягаецца ўшыркі,
Абымае м’не за шыю,
Ахінае ля шчакі.
Потым музыка сьцішэла,
Адлятае палатно.
А затым зусім змалела.
Вось яго ўжо не відно,
Толькі голуб белакрылы,
Знак сьвятой Нябеснай Сілы,
Зноў трапеча ў гары
І куляецца праз голаў,
Разьлятаецца наўкола
І лунае, як сакола.
Адлятае бела пташка.
Ужо яе зусім нямашка.
Шкода мне, аж сэрцу цяжка,
Хай бы ён застаўся.
А дзе ж тая крынічэнька,
Што голуб купаўся.

* * *
І адчуў я ўзрушэньне.
Нейка важнае рашэньне,
Пэўна, мушу я абняць.
Толькі з той пары мінулай,
Калі сон м’не агарнуў быў,
З таго дня, з таго відзеньня
Больш ня бачыў Неба я.
Пэўна, я не прачынаўся,
А мо’ сьцежкай абазнаўся,
Не туды скруціў з гары.
Як тут што ні гавары,
Ужо мінула досыць часу,
Каб пра ўсё сказаць, прызнацца
І ў лёсе разабрацца.
Два жыцьці ня кожны мае.
Хоць раней, хіба ж то жытка?
Праляцела гэтак прытка.
Гэта нават не палова,
Чвэртка, пэўна, хай – траціна.
Але ж хіба там жыціна
(Ні кіна, ні асьпірына).
Толькі, праўда, люд інакшы.
Калі йшчэ праўдзей, то, пэўна,
Там мне лепш было павеўна,
Лепей сьпеўна, лепей слаўна,
Лепш жыцейна, богадайна.
Што ж масквы яно датыча –
Індык песьні не кулдыча.
Як жыве, так і плыве.
На’т калі ня стала горай
(Хай мне будзе Бог апорай).
Але што м’не так зьдзівіла,
Проста з ног зусім зваліла,
Што наш люд гэты цяперскі
(Што любога прыгалубіць),
Моцна так маскоўю любіць.
Яму валяць проста ў голаў,
А ён просіць – валі болей.
Яму плюнуць гадка ў вочы –
Ён рагоча, болей хоча,
Кажа: цёплы дожджык соча.
От такое нерушэнства.
Проста нейкае збачэнства.
Як калісьці шляхтай быў,
Я б такога й не сасьніў.
Ды, як кажуць, усё мінула,
Дзень інакшы на двары.
Толькі з кожнае пары
Ймецца свой працяг у вечнасьць.
Дык зірнем у нашу бытнасьць,
Прыпаднімем часу лучнасьць,
Дзе той бераг, што, калі? –
Павандруем па Зямлі.

З Я М Л Я

Частка другая

ЯЎХІМ
Новы млын і плынь нанова,
Нова быцьце – сваё слова.
Недалёк Гаўі плывучай
І пад шум вады цякучай
(Паміж коламі млына)
Уцякло маё дзяцінства
Із Гаўі – у акіян.
Адляцела, як туман,
За пясчаны бераг родны,
У шырокі сьвет нязгодны,
У прастор за небакрай.
Тое месца было рай.

* * *
Мой па матцы дзед Яўхім
У сям’і быў шосты сын.
Маладым хлапцом паехаў
На Ўкраіну зарабляць,
Свае сілы маладыя
На чужыне марнаваць.
Працаваў ці шмат ці мала,
Там яго вайна застала,
І пайшоў ён ваяваць,
Маладую сваю жытку
За Расею аддаваць.
Ваяваў, здароўе згапіў,
Неўзабаве ў тыл патрапіў,
Дзесь на “Северскай зямле”,
Там, дзе кажуць, пане-браце,
Што “й за Гомлем людзі е”.
Тут прышлі бальшавікі –
Сталі іншыя шляхі.
Дзед Яўхім мой ажаніўся
І рашыў ўжо там і жыць.
Толькі нешта стаў ён моцна
Па Суботніках тужыць.
І ў годзе дваццаць першым
З бабкай Фэляй і дзіцём
Ён на Віленшчыну зьехаў –
Павярнуўся ў родны дом.
Ненадоўга (так намерыў) –
Паглядзець, пагасьцяваць
І далей ўжо гэткім чынам
У той Северск ад’язджаць.
Там нядрэнная краіна,
Людзі добры, хоць бядота.
Яўхіму там пашанота:
Эвангелію чытаў
І ў шырокіх колах штундаў
Надта добра выглядаў.
Людзі свойскія таксама,
Без замашак на выключнасьць
І ў размове розну штучнасьць.
Там калісь Марыя Косіч
Пра той край апавядала,
Ў сваіх творах апісала.
Толькі ўжо хацеў ад’ехаць,
Уся сабралася сям’я:
Бацька, матка і братове,
Дзьве сястры, прадзед Габрусь,
Аж тут – раз! Як гром із неба –
Падзялілі Беларусь.
Грошы палі
(У Рызе чэрці нашматалі).
Усіх дакумантаў ня мелі,
Мовы польскае ня зналі,
Пшык, тупік, куды паткнешся,
Дзе тут зь дзіцем абярнешся.
Трэба ехаць у Варшаву.
А дзе тая йшчэ Варшава?
Ні граша, няма й надзеі,
Галадуха, ледзь мадзелі.
А каб нешта ўсё ж парухаць,
Дык ніхто ня хоча слухаць.
(Іншы ўлады – іншы нораў.)
“Бальшавік! – крычаць “в ужэндзе”. –
Прошэ пана, ніц не бэндзе!”
Гэтак во Яўхім застаўся.
Няма хаты, усюды цесна.
І братам на сэрцы прэсна,
Бо зямлёй дзяліцца трэба.
От такая воля Неба.
Пасяліліся ў пана –
Ганаў дом стаяў ля гміны
(Так, для бедных афіцына).
Але трэба адрабляцца,
Лепей з Ганам тым ня знацца.
Дык Яўхім хадзіў у ройсты,
Пасьвіў коней,
Вазіў дрэва, елкі, сосны.
Як што скажуць, так і ладзіш.
Паніжэньне? Што парадзіш.
Так вялося гадоў восем.
І тады, неяк пад восень,
Крыху штосьці накапіўшы,
Яўхім скідаў сваю хатку,
Невялічку гараватку.
Глінай пазікі закрылі,
Нават шчэ не пабялілі,
А ўжо печку запалілі.
І пайшла са сьценаў пара,
Нібы сьцены задымелі,
Нават вокны запацелі.
Гараватка, ды свая,
У канцы шнуроў стаяла.
Тры гактары – надта мала.
Дзед змагаўся з кепскай доляй.
Даў шчэ жонку Бог талкову,
Працавітую і спраўну,
І паводзінамі слаўну.
Падрасталі двойга дзеці
(Ясь, Гануля на прыкмеці).
Ды ніяк тут раскруціцца.
І за што тут зачапіцца?
Так упаў, што хоць запіцца.
Ды Яўхім ня браў гарэлкі
(Хоць часамі дзе і нюхаў).
Усё чытаў Пісьмо Сьвятое,
Разам з жонкай Бога слухаў.
І здарылася нагода,
Як бы хто бяду парухаў,
Ці пажаліўся ў скрусе,
Камасацыю праводзіць
Польска ўлада ў Беларусі.
Ўсяляк мог бы парадзіць
Дзед Яўхім, каб меў задзелы.
У трох гактарах не паскачаш,
Хоць найлепш мяняй надзелы.
І таму, памеркаваўшы,
Ён узяў зямлю найгоршу,
Няудобіцу няворну,
Дзе былі карчы, кусты, далы, балота,
Не зямля – адна галота.
А йшчэ ямы пакапалі
(Як што здохне, дык хавалі).
Ўсіх – гактараў дзевяць стала.
Гэта ўжо зусім ня мала.
– Ну, Яўхім тут разжывецца, –
Рагатаў Пятрук з-за млына
(Падрабляў шавецкай справай,
Як нап’ецца – спаў пад лавай). –
Узбагацее з-за маліны,
Столькі ж там расьце кусьціны.

І настала ўсім змаганьне
За жыцьцёва выжываньне.
Уставалі – яшчэ цёмна –
Ўсёй сям’ёй, пакуль ня днела,
Шчэ і ў печы не дымела.
Карчавалі, высякалі, вырывалі ўсё кустоўе,
Усё лазоўе, ялаўцоўе,
Вольху, вербу і ляшчыну,
Усю ажыну і маліну,
Засыпалі ямы, ровы,
Пакуль цемра вечарова
Дазваляла працаваць
І зямельку ачышчаць.
Так мінула весна, лета,
Частку восені ўзяло,
Пакуль сьнежнаю завеяй
Усю зямлю не занясло
І пад белым пакрывалам
Ўсё схавала, што было.
Але ўсьпелі яшчэ жыта
У цалік засеяць роўна.
Узышлося, зарунела,
Ўраз пад сьнег дыванік мройны.
(Із пад лесу цаліна,
Як для жыта – імяніны.)
А вясной – сяўба ярыны,
Ячмень, грэчка, проса, лён.
І, як жніва падышло,
Тут сасьпеў дзівосны плён.
Аж хадзілі ўсе дзівіцца,
Што так жыта каласіцца.
Ў дзесяць пальцаў каласы,
Кожны трэці – спарышы.
Ну, а зерне, дык як боб.
І пшаніцу Бог зьбярог.
Грэчка густа закусьцела,
Не раўнуючы, як лес.
Каб баран які ўлез,
Дык бы век яго ня ўбачыў,
Хіба што пракос спартачыў.
Проса вырасла на дзіва,
Як папоўскае кадзіла.
І ячмень па пояс рос,
Йшчэ траха – казыча нос.
Ну, а лён узрос, як струны.
От жа Боскі падарунак!
Ўраз парвалі, павязалі,
Тут жа мочала скапалі,
Палажылі, замачылі
І тады толькі спачылі.
Ад такога ўраджаю
Дзед тым збожжам заваліўся,
Завазіўся, зарабіўся,
Але ўмэнт распарадзіўся,
Дзе прадаўшы, дзе аддаўшы,
Дзе за працу заплаціўшы,
Змалаціўшы ды змалоўшы,
Спытляваўшы, звальцаваўшы.
Досыць што, разбагацелі
І аж песенькі ўсе пелі.
Ўраз купілі ўжо каня,
Дзьве каровы, барана,
Шэсьць авечак,
Дзьве сьвіньні і парсюка,
Завялі гусей і качак
(Хай на рэчцы нашай крачуць).
Збудавалі новы хлеў
І пашырылі гумно.
Разрасталася майно.
Ну, а пляны, мой ты Божа!
Кожны сам сваё варожа.
Яська кажа: “Там, дзе плехі,
Навазіць зямлі з далоў.
Мусіць быць з таго ўцеха.
А зямлю, дзе станем браць,
Трэба будзе дол капаць.
Як напоўніцца вадой
І як стане ўжо гатоў,
Дык запусьцім карасёў.
Рыбу будзем мець заўсёды
Дзе зь якой любой нагоды.
На грудзе, што пры даліне,
Насадзіць трэба ялінаў,
Дзе бярозкі, дзе дубы –
Будзем мець свае грыбы.
А пад елкамі ўніз,
Як з грудочка адыйсьці,
Стануць рыжыкі расьці.
Уздоўж Гаўі, мой мілы тату,
Дзе занізкі бераг надта,
Трэба вербы пасадзіць.
Гэта проста, растуць хутка,
Будзе нам і харашутка”.
– Ая-ёй! Шчэ й харашутка? –
Пасьміхаецца Яўхім,
Яго вочы аж цьвілі.
– Праўда, праўда! – (тут Гануля), –
От, каб вербачкі расьлі!
– Ну, дык пойдзем, — кажа бацька, –
Ужо ж вясна бо – красавік,
Ён марудзіць не прывык. –
Ветрык цёплы латацёвы
Із-пад рэчкі патыхнуў,
Шпак галінкай калыхнуў,
Навакол зямелька гожа
І такая ўжо прыгожа,
І хароша, бо свая.
Яшчэ мокрая ральля,
Але тут ісьці так добра,
Так тут радасна, спадобна,
Што аж сэрца ўсё займецца
І хвалёўна ў грудзі б’ецца.
Так усё тут удаецца,
Што расчуленая Фэля
Раптам голасна запела.
І ўжо разам – загучэла:
“Што і ў лузі каліна
Ды ўвесь бор украсіла.
Несуворная ды й дружынушка
Маё сэрца сушыла”.

Аж тут сьлёзы ў Яўхіма.
Ўсе спыніліся, стаяць,
І Яўхім пачаў казаць:
– Божа! Госпадзе ласкавы!
Прымі малітву з нашых сэрцаў,
Ты паслухай сваіх верцаў.
Як мы ўдзячны Табе, Божа,
Ты наймільшы наш старожа,
За дары Твае і Ласку,
За зямелькі нашай казку
І за Боскую падказку.
Вось жа жаўранак сьпявае,
Сэрцы ласкай напаўняе.
Як мы будзем усе старацца
Апраўдаць Твае надзеі,
Каб з зямелькай не растацца.
Мы яе наноў адродзім,
Мы яе ўвысакародзім.
Наша новая зямліца,
Жыватворная крыніца,
Дай жа нам з Цябе напіцца,
Дай жа нам Табой хваліцца,
Тваім плёнам багаціцца
І любіць Цябе, як родну,
Нашу добрую, спагодну.
Божа, дай чаго мы просім,
Мы Табе хвалу ўзносім
І навекі ў сэрцы маем
Вобраз Твой над нашым краем.

ЯН
Ян вучыўся доўга ў Вільні
(Вышша школа арганістых).
Разабраўшыся ў рэгістрах,
У касьцёле Мікалая
Ён імшу звычайна правіў.
Рух магутны беларускі
Захапіў яго зь юнацтва
І прымусіў лёсам звацца.
Друк, палітыка, выданьні,
Беларускія пісаньні,
Хрысьціянскі рух, асьвета –
Тым душа была сагрэта.
З тым жыцьцё аддаў за гэта.
У Суботніках меў хату
І зямелькі шматавата,
Але стала жыў у Вільні,
Выпускаў сваю “Крыніцу”,
Варушыў партыйны справы
(Гэта, браткі, не забавы).
Жонку ўзяў із Дабраўлянаў
Харашулячку Мікшанку,
Мураваную шляхцянку
(Толькі дзе тое шляхцячча –
Растаптала навалачча).
О, Марыя была дзеўка!
Харашуха і чысьцюха,
І сьмяюха, і пявуха,
І манеры – кавалеры.
Гаспадарская з заводу.
Зь ёй бы мог агонь і воду,
Калі трэба, перабраць.
Але Янавыя сёстры
(Аж пяць дзевак, трэба знаць)
Сталі Маню раўнаваць
(Бо занадта ім прыгожа).
Кажуць: “Ясь, яна ня гожа,
Не сваю касу чапляе.
Гэта ж, брацейка, распуста”.
(От, каб ім было ўжо пуста!)
Ян аж надта ўсхваляваўся.
Браць за жонку, як бывала,
Што чужу касу чапляла,
Аніяк не выпадала.
І аднойчы на лужочку,
Кветкі, охі ды вяночкі,
Васілёчкі, каласы,
Ян і кажа так, між нішым:
– Люба Маня, распусьці ты валасы. –
Распусьціла Маня косу,
І рассыпалась яна,
Нібы лён, на васілёчкі,
Дзе зялёная трава.
Тут наш Яне як заплача,
І ня можа перажыць.
– Як так можна?!
Родны сёстры! –
Толькі змог ён гаварыць.
От такія былі людзі
У тым далёкім мройным часе.
Нам такога не прыбудзе
(Трошкі сьмешна нават будзе).
Але ўсё ж шчыміць у грудзех
Па далёкім мройным часе.

У цэнтры Вільні ў мураванцы
Ян займаў цэлы паверх.
Заля, поўная студэнтаў,
(Начавалі проста так.
Бо, як студэнт, то і бядняк.)
Тут рэдакцыя, друкарня,
Кабінэт яго і спальня,
Кухня, дзеці, жонка, госьці
І другія ягамосьці.
Усё б так неяк бы вялося
(Хоць і цяжка ўсім прышлося),
Ды прышлі бальшавікі.
Усё жывое парвалося.
Пачалі хапаць людзей,
Беднякоў і багачоў,
Беларускіх дзеячоў.
Ян быў анты-камуністам,
Выступаў супроць фашыстаў.
Ды, відаць, ня мог паверыць,
Што й яго жыцьцё прымераць.
Дачакаўся той прынукі,
Што й яму ў дзьверы грукі:
– Адчыняйце, вы там, сукі! –
Грукаў доўга бальшавік. –
“Ишь как спит он, попамаць!
Не пора ль ево поднять.”
– Дакументы! Расстрэляць!
Где печатная машына? –
Крычыць Яну маскаліна. –
А прайдзёмце-ка шчас с намі, –
Кажа тут у іх начальнік.
Дзеці, жонка – ўсе маўчалі.
У іх нічога не пыталі,
У вачах туга сардэчна.
Ян пайшоў – пайшоў навечна.

СТАСЬКА
Стаська, Янаў сын старэйшы,
Беларускую гімназію
Ў Вільні скончыў прад вайной,
І ў палітыку ўскочыў
(Неяк стала – сам сабой).
Бо дурноты і згрызоты
У гэтай Польшчы між вайной,
Каб хацеў на’т і прыдумаць,
Не прыдумаў галавой.
А як ва ўнівэрсітэце
Стаў на лекцыі хадзіць –
Ну, тут, браце, па завязку –
Мастадонтаў развадзіць.
Нейкі рэктар – ксёндз Вуйціцкі –
Той ксяндзоўскай галавой
З шавінізму так паехаў:
Кожну нацыю студэнтаў
Стаў па лаўках падзяляць,
Каб адразу было відна,
Што каму дзе прышпіляць.
І як звычай стала там,
Больш за іншых дасталося
Беларусам і жыдам.
Як студэнты-беларусы
У сваёй жа Альма-Матэр
Хочуць песьні пасьпяваць,
Той Вуйціцкі ім і кажа:
“Ад паліцыі прасіў бы
Мне дазволу паказаць”.
Быў яшчэ міністар Скульскі.
Той зусім жа быў мудрэц:
“Беларусаў апалячыць!
Справа ясна – і канец”, –
Так казаў той гаварэц.
А яшчэ быў Ялбжыкоўскі,
Біскуп віленскі, ксяндзец.
“Размаўляць па-беларуску
Ксёндз ня можа, прападзе, –
Кажа біскуп кагадзе, –
Бо ў пекла пападзе.”
– Ну, хіба фацэт разумны
Гэтак будзе гаварыць? –
Абураўся Стаська часам,
Хоць любіў і пасьмяшыць:
“Скора з нашых беларусаў
Польшча зробіць камуністаў.
Больш бы нам такіх артыстаў,
І камуна будзе жыць.
За камунай жа Расея.
Чым паболей дуралеяў –
Тым бліжэй мы да Расеі.
Так што, як тут ні мікікай,
Але скончыцца камукай”.
(Як у рэшку глядзеў Стаська.
От такая вышла фрашка.)

* * *
Як схапілі бацьку ночкай,
Стась паехаў быў у прочкі.
У Суботніках асеў.
Бо маглі забраць і Стася,
Мала што ён “не пасьпеў”.
Тут зямлі амаль валока.
Дык куды хадзіць далёка.
Стась рашыў яе ўпраўляць.
І пачаў тут прыглядацца,
Дзе б тут зь дзеўкай разгадацца
Ды за жонку яе ўзяць
І сядзібу збудаваць.
Неяк так само зышлося,
Што з Гануляй павялося.
Закахаўся аж па вушы,
Але ўмеў сябе трымаць.
Падружыўся з братам Ясем,
Стаў зь Яўхімам размаўляць.
Меў там дружбу і павагу.
Ўсё ішло як бы да ладу,
Ды вайна тут пачалася.
Не чакаў савет нападу.
Немец стукнуў – да ўпаду
Пакацілася армада,
Ідзе новая брыгада.

КАСЬЦЁЛ
Як на правы бераг рэчкі
Перабралася мястэчка,
Быў драўляны там касьцёл.
Але потым прайшлі годы,
І з сьвятое той нагоды
Замаслаўскі граф Мястоўскі
Схацеў іншы збудаваць.
Ды прышлося пачакаць.
Граф бадзяўся па замежжы,
У Парыжы болей жыў.
І, здаецца, не тужыў.
Але ж быў ён ганаровы,
Нават што (ня тыя словы) –
Фанабэрысты графок
(Хай ня будзе ў папрок).
Неяк, ходзячы па Рыму,
Ён набраў у голаў дыму,
У Суботніках якраз
Збудаваць сабор Пятра
Такі ж самы, як у Рыме.
Раз-два-тры – і панясьлі.
Прыязджае ў мястэчка,
Узгадняе ўсё, што трэба,
Месца, думкі, пляны зь неба,
І прызначыў, каб той справай
(На што грошы ён даваў)
Ксёндз Жаброўскі кіраваў.
Сам паехаў па парыжах,
І яго там чорт ня глыжа.
Ксёндз Жаброўскі воўка зьеў,
Слухаў графа мройны сьпеў,
Сам жа, хітры,
На свайго каня узсеў
І сваё на думцы меў.
Ў грошы графа ён ня верыў
І сваёю меркай мерыў,
Каб зрабіць тут штось рэальна
І ня біць ілбом у дзьверы,
Не псаваць свае паперы.
Як цар-бацюшка вялеў,
Ксёндз над Пётрам не мадзеў.
Ён узяў праект тыповы,
Дазваляльны і практычны,
Каб у справе быць прывычна.
І ўжо касьцёл будуе,
Графу весткі галасуе.
А як быў касьцёл гатовы,
Ксёндз і піша:
“Сіль ву пле, няхай граф
Сюды ўжо прэ”.
Граф прыехаў, з брычкі збочыў,
Як убачыў, аж падскочыў
Ды за браўнінг:
“Дзе, пся маць!?”
Ксёндз схаваўся, не відаць.
Тут жа граф сказаў: “Збурыць!
Так, як ёсьць, ня можа быць”.
Сам лятае – пыл курыць.
Тут бабулькі прыступілі
І ўжо графа так прасілі:
– А графочак, наш саколік,
А пакінь жа нам касьцёлік,
Не буры ж ты нам бажніцу,
Будзем мы цябе прасіцца,
А дзе ж нам тады маліцца? –
Граф тут трохі з пыхі зьехаў.
– Добра, — кажа, — дзеля Бога, бо прасеце.
Будзе мой такі аруд,
Што ксяндза аддам пад суд.
Суд адбыўся ў касьцёле.
Граф ксяндза абвінаваціў,
Што той грошы парастраціў
І сабе ў кішэнь змайначыў.
Зразу ўскочыў ксёндз Жаброўскі,
І прасіцца ў суддзяў стаў,
Каб Мястоўскі “браўнінг” здаў.
Граф аддаў суду “ляворвар”,
Суд паклаў яго ў алтар,
І тады пачаў сьвятар.
Кажа ён сваё найменьне,
Што сьвятое намашчэньне
Ён як пастыр атрымаў,
Што па Божаму Закону
Мусіць паству папасаць
І за ёю прыглядаць,
Каб дзе хто куды ня ўскочыў
І ад гурту не адбіўся,
Да касьцёлу прыхіліўся.
Дык жа вось у чарадзе
(Ксёндз тут сам сабе на ўме)
Запаршывела авечка,
Адышла ад чарады
І брыдзе абы куды.
І зайшла ў такі запруд,
Што на “косьцюл” шле ў суд.
Далей ксёндз ужо ня скончыў.
Граф тут зь месца як ускочыў:
– Ты, галгане, “косьцюл стлуціл”, –
І ў ксяндза фатэлем “жуціл”.
Так з суду нішто ня выйшла.
Пабіліся й разышліся.
Граф паехаў “до Парыжа”,
А Жаброўскі імшу служа.
Хоць быў “грабя” ганарысты,
Ксёндз таксама наравісты.
А ўсё гэты даўні праўды
Расказаў мне арганісты,
Сьведка часу – Біль Адварды.

МІНКА
У тым часе міжваенным
Аніхто нідзе ня ехаў,
І хадзілі яшчэ пехам,
Калі коніка ня прэглі.
Уся моладзь – у мястэчку.
Не сядзелі – вочы ў печку.
Толькі вечар – ўсе на вуліцы, на рэчку,
Песьні, жарты, гоман, сьмех.
Камуністаў шчэ ня зналі,
Брыдкіх слоў не ўжывалі.
І любілі жартаваць
Ды дасьціпнасьць паказаць.
Возьмуць хлопцы і на шабас
Ноччу ў комін жыду кінуць пятуха.
Той бывае жыў траха:
Раптам зь печы вылятае
І па хаце лапатае
Калашматы нейкі чорт.
“Гвалт! – крычыць тут Рапапорт,
Цэмах, Ульфка ці Абрам, —
Я цябе пад суд аддам!
Ты псяюха, ты бязбожнік”” –
Лае Хаім, а каго?
Хоць злавіць бы аднаго!
Ці заўважаць вечарочкам,
Што дзяўчаты пехаточкам
Каля могілак ідуць.
Тут дзяцюк на дрэва ўзьлезе,
На сукоўе пералезе,
І над сьцежкаю лясной
Ціха вісьне ды маўчыць,
Нібы вісельнік вісіць.
Месяц сьвеціць, бледны твар.
Дзеўкі глянуць – і ў жар,
Лемантуюць і крычаць,
Ног ня могуць адарваць.
А тут “вісельнік”, як сноп,
Долу з дрэва – шамялёк,
І ляжыць, нібы мяшок.
Тут, мой браце, дай Бог ногі,
Так лятуць аж да парога.
Ды аднойчы каваль Мінка
Ехаў з Трабаў позна з рынку.
Баба дрэмле, гуж рыпіць,
Воз у колах тарахціць.
Мінка трохі “прапусьціў”,
Але вочы не засьціў.
Едзе, ножкаю калыша,
Нічаго вакол ня слыша.
Мінка – дзядзька не прасьцяк.
А як ехаў поўз магільнік –
На муры ляжыць мярцьвяк.
Ўвесь у белым: ножкі проста, ручкі склаў,
Ноч наўкола. Мінка стаў.
Паўзіраўся, кажа: “Тпру!
Я з табой пагавару”.
Ўзяў тут вілы і ляйчыны,
Прывязаўшы да драбіны,
З ходу ў наступ, увесь у руху,
Паддае сабе ён духу:
– Го-го-го, ты, падла, вышаў,
А на месца, каб ты дышаў! –
І віламі ўзьдзямберыў.
Тут мярцьвяк ажыў, аж яўкнуў,
Нібы дзе сабака гаўкнуў.
Так у лес рвануў
Ды так прымерыў,
Ажно Мінка не паверыў.

ВАЙНА
Вайна ўсчалася нечакана.
Зьявіўся нейкі самалёт
І кінуў бомбу ў агарод.
Пасьля прышоў дэсант нямецкі
(Касьцёл хацелі зрабаваць).
А за Гаўёй аддзел савецкі
Пачаў па немцах быў страляць.
Сказалі немцы ўсім хавацца.
Ніхто ня ведаў, дзе падацца.
Тут ксёндз і кажа Яўхіму:
– Да нас, у склеп, за Матруну. –
Тут за рачулкай на гары
Усе й сядзелі да пары.
І пачалася страляніна.
Непадалёку каля тына
Дэсант паставіў кулямёт
І стракатаў у лес праз плот.
Расейцы білі запальнымі,
І ўраз сядзібу запалілі.
Калі Яўхім адкінуў склепу вечка,
Усё палала ўжо, як сьвечка.
Туды ён кінуўся ляцець,
І тут жа зь лесу
Па ім сталі стракацець.
Яўхімка падаў, зноў ляцеў,
Ды ўсё дарма – ён не пасьпеў.
І падыйсьці было ня можна.
Маўчком стаялі й назіралі,
Як іх сядзіба дагарала…

Згарэла ўсё:
І конь, і сьвіньні, і каровы,
І сена стог, і скірды-дровы,
І куры нават, нават кот,
І нават плот дашчэнту стліўся.
І надыходзіла ўжо ноч.
Ужо Птушыны Шлях сьвяціўся.
“Даруй правіны нашы, Божа! –
Яўхім у скрусе скалануўся. –
Мінула роўна 20 год,
І нам ізноў наш круг вярнуўся.”
Прыйшлі браты і братавыя:
“Што стаіцё, ідзем да нас.
Ці гэта нам у першы раз?
Ужо ж бо неяк разжывёмся.
Усе на Бога спадзяемся”.

Ужо як саветы адышлі,
А немцы недзе абышлі,
І ўлады тут шчэ ніякой –
Усе сабраліся талакой.
І дзесь за тыдзень (дай спакой!)
Навезьлі дзерава на хату.
Хутчэй, хутчэй – ўжо зруб кладуць,
З сырога, праўда, але ймуць,
Нідзе ж тут выбару нямашка.
Бо прамарудзіш, дык прамашка.
(Шчэ невядома, якая ў немцаў там “кандрашка”).
І неўзабаве дом стаяў,
Як бы ён тут здаўна бываў.
Ужо да восені сям’я
Сядзела ў кухні, як свая.
І пакрысе так хату дараблялі,
Стругалі, мылі, габлявалі
І печы новыя стаўлялі.
І не пасьпелі ўлезьці ў хату,
Вядуць тут немцы двух салдатаў,
Палонных гэтых супастатаў,
І загадалі ў хату ўзяць,
І ў сябе іх пратрымаць.
І шмат каму так расьпіхалі,
Каго на захад не загналі.
Адзін палонны быў з Масквы,
Другі там зь нейкай Пастрамы.
Зіму палонных тых кармілі
І да работы не прасілі.
Яны й нагой не шавялілі
(От, так і трэба),
“Водку пили” – на гэта спрыту ў іх было
(“Вот бульбарыла – дурачьё”).
Вясной зышлі ў лес салдаты
І рабавалі ў людзей хаты.
Казалі: “красны парцізаны” –
Той бандытызм расьперазаны
(Бо быў яшчэ і “белы”,
Той, што за Польшчу прыкіпелы).
Аднойчы двое тых змагайцаў,
Былых дармовых пастаяльцаў,
Прышлі Яўхіма рабаваць.
“Давай, кормилец, водку, сала,
А то зарежем, попамаць!”
І так вакольле рабавалі,
Пакуль іх немцы пастралялі.

З другой зімы ўжо пацішэла.
Ўсё як бы зьнікла і прысела.
І часам сонца ўсьміхнецца.
Вайна ж вайною застаецца,
Ці ты там верыш, ці ня верыш,
Вайна ня любіць белых руж,
Каб хто кранаў бы яе неруш.
І тут Гануля выйшла замуж.
Такое там было каханьне –
Разумна, сьветла ўмілаваньне.
Ізноў жа цёткі ўсе супроць.
І сталі Стаську ўжо пароць.
Ня тую хоча ён узяць, маўляў, бяднота,
Якая там ёй пашанота?
І бацька, во, у Расеі быў
І невядома, што рабіў.
Тут прыязджае матка зь Вільні.
Паглядзела, пахадзіла,
Аб тым-сім пагаварыла,
Бацьку з маткай пахваліла,
Крыху з Ганнай пасядзела
(Як бы ёй і ні карцела)
І ўжо Стаську потым кажа:
– Файна дзеўка, адно дзела,
Добра будзе жонка, сьмела!
Дык бяры, як прыкіпела. –
І ў Вільню паляцела.

Нібы шчасьце, а вайна,
Нібы радасьць, а бяда.
Цяжка ўсё ж уладкавацца,
Дзе ўсяму народу дрэнна
(Нават калі суверэнна).
Але ж жыцьце не спыніць.
Ўсё ішло сваёй дарогай.
Ня ўсім Стаська да спадобы.
“Беларусь шукае нейку, –
Кажа “белы” Ясь Нупрэйка. –
А то ж мы ўсе палякі,
А ня нейкі – шлапакі.”
Тады Стаська зь ім па-польску
Так ды сяк, а той – ніяк.
– Ну, дык хто, пан, ёсьць такі?
– Я паляк! – крычыць Нупрэйка, –
Ды па-просту гавару.
І аж дымецца ў гару.
– Пра “па-просту” (быў такоўскі)
Гаварыў тут ксёндз Жаброўскі.
Наматай сабе на вус,
Васпан “просты” беларус.
– Беларусы – гэта ў Вільні,
Калі пан тут надта пільны.
Панскі бацька быў такі.
Мы во пану йшчэ пакажам,
Дзе зімуюць япрукі.
Неўзабаве, дзён праз дзесяць,
Ідзе немец з аўтаматам.
Удзіраецца ў хату
І пытае, дзе тут Стась
(На пальшчызьне запытаўся),
І пры гэтым – “шмайсар” клась.
Стаська куляй ў вакно.
Немец – сэр’ю, і на двор
(Загарэўся тут сыр-бор).
Фэля ў лямант, Ганна ўсьлед:
– Пане, пане, пшэстань, пан! –
Немец руляй Ганьне ў стан:
– Цурук, фраў, гей цурук! –
Вырывае шмайсар з рук,
Прымасьціўся на слупок
І па Стаську — шпок-шпок-шпок.
Стаська ў жыта так і ўпаў.
Ганна млее. Стась устаў
І па жыце драла даў.
Немец цэліцца ізноў:
Шпок-шпок-шпок, — як у снапок.
Стаська ўпаў, а Ганна млее:
Ці той Стаська ацалее?
Потым ён ізноў бяжыць
(Кожны тут хацеў бы жыць).
Немец цэліць, выцалюе –
Ганна Богу галасуе.
І тут немчына як даў:
Тра-та-та-та-та-та-та, –
Аж калосьсе пасьсякаў.
Стаська ў жыце ўжо прапаў.
Немец шмайсар апусьціў:
– Аус, фраў, ігм гэнуг, —
І пацёгся, як парсюк.

Ноч глыбока, ўсе ня сьпяць
І ня знаюць, што казаць.
Не сядзеньне – пахаваньне,
І надзея — спадзяваньне.
Раптам шыбы: так-так-так!
Уваходзіць Стаська бледны,
Прадзіраўлены ў друшляк.
Цяжкі быў ягоны шлях,
Шмат крыві згубіў за так,
Неяк выбраўся, бядак.

Але тым не сканчылося.
Год мінуў, ці нават два,
Стаська ў ноч адводзіў коні
І праходзіў ля млына.
Зірк у вокны – як бы цені,
Быццам хто там сьвечкай сьвеціць,
Ці якія здані мецяць.
Цераз мост праходзіць гэтак,
Вее ветрык у кустох,
Аж тут вышлі ў чатырох:
– А-а, Стасютка, проша пана,
Пан тут ходзіць так ня рана.
Можа, пан тут заблудзіўся?
Ці сьвет пану закруціўся?
Можа, пан шукае пельку? –
Бачыць Стась таго Нупрэйку,
Пятрука, што тут, ля млына,
Быў там Гудзь са Старчанятаў
І йшчэ нейкі дурнаваты
(Кажух вывернуў калматы). –
Дык паможам, панска воля, –
Кажа гэты Ясь Нупрэйка
(Сам бандзюк, сястра — зладзейка),
Ножкай дрыгае, сваволя
І хіхікае давольны.
Стаська моўчкі назірае
І рахуе, йшчэ чакае.
“Глаўна даць Нупрэйку з Гудзем.
Пятрук, пэўна, сігане,
Дурнаваты (ён пазнаў – Фанут-сьлінкач)
Ім тут дрэнны памагач,
Можа нават уцячэ.
Стаська думае і жджэ.
Трохі неяк варухнуўся,
Гудзь адразу сьцепануўся:
– Но-о, ты гэта! Бо я зара, –
І наганам у нос шмара. –
Просім пана да млына.
Келіх вып’ем, можа, два,
Мы ж ня бачылісь здаўна. –
Стась крануўся, ў млын ідзе.
Тут Фанут-сьлінкач падскочыў,
І як дасьць па галаве
Стукачом, што жорны правіць.
Стась зваліўся, увесь крывавіць.
Наваліліся гуртом,
Рукі вяжуць, б’юць калом.
Слінкач застаўку ўздымае
І ваду ў млын пускае.
Кола круціцца, шуміць,
Можна гучна гаварыць.
Стаська зьвязаны ляжыць.
– Ты, Нупрэйка, — ён пытае, –
Што ты хочаш тут рабіць?
– Рыбак, пане, пакарміць.
Я казаў табе, артыста,
Мы ня любім камуністаў.
– Але я не камуністы.
– А Купалу хто чытае
І ўсім людзям падтыкае?
– Але й ён не камуністы.
– Змоўкні, ты, беларусіста!
Знаем вас, прапагандыстаў,
Балабонаў, антыхрыстаў!
Беларусь павыдумлялі!
Супраць Польшчы пан варожыць
І саветам зь Вільні служыць.
Мне Пуцюль Юзук казаў,
Як пан нешта там чытаў,
Бальшавіцку нейку падлу,
Нейку Пушкіна зваядлу,
Беларускую дурыдлу!
– Знаеш што – ужо абрыдла! –
Кажа Стаська. – Ну й цямнота.
Век ня чуў такой дурноты. –
Тут Нупрэйка яго – ботам:
– Ты ня ляпай сваім ротам!
Ты паскудства, ты марнота,
Каб я меў яшчэ згрызоты!
– Ты, Нупрэйка, ідыёта!
Пушкін век, як не жыве!
Здохнеш ты, як кот пад плотам.
Сьмерць мая не праміне.
Лапаць ты! Дзямук вясковы!
Хто сказаў такія словы:
Беларусаў забіваць?!
Вы ж вясковыя хлапцы,
Беларускія мальцы.
Будзе вам усім капцы.
Хто паслаў вас – уцячэ.
Усіх жа вас – савет стаўчэ.
– Мы – палякі, толькі просты, —
Мовіць тут Пятрук з-за мосту.
– Табе ксёндз гэта сказаў,
Што так розум завязаў?
– І ня трэба нам казаць,
Дзе каго мы мусім знаць.
Нам сказала войска наша
Здрайцаў Польшчы забіваць.
– Ого, цікава, — Стаська кажа, –
Мо’ й загад мне хто пакажа?
Раз вы войска – дзе ваш вырак?
Тут Нупрэйка спахмурнеў,
Як бы трохі ён абсеў.
– А ўжо ёсьць, — Сьлінкач тут кажа
І вялікі камень вяжа,
Ды на шыю Стасю грузіць,
І давай яго валтузіць.
Стася з дошчак падымаюць
І на край маста штурхаюць.
– Адно слова перад сьмерцю! –
Стась хітруе з усёй сілы,
Хоць стаіць каля магілы. –
Сказаць малітву дайце мне.
Тут гэта часу не займе.
– Ну, хай гаворыць, — буркнуў Гудзь. –
Ды толькі тут не баламуць.
Ўжо Стась малітву прамаўляе
І разумее, што, як скончыць,
Сьлінкач калом яго прыкончыць,
І гэтак кінуць у ваду.
Аднак, злавіў жа на вуду.
Не даказаў, рвануўся, скочыў,
У шум пад кола добра ўбочыў,
І з каменем – на дно.
Тут ведаў Стась, што за яно.
Ня раз ён тутка нуркаваў,
У дзяцінстве з млынам сябраваў.
На дне пад шумам павярнуўся,
Назад пад кола паімкнуўся.
Шуміць вада над галавой.
Хутчэй пад млын, на вадастой.
Там пад памостам можна стаць,
Па шыю там вадзе дастаць.
І пад лавінаю вады,
Што зьверху падала заўжды,
Ніхто яго тут не усочыць,
Пакуль ён сам куды ня збочыць.
Стась цэлу ночку ў вадзе сьцёр,
Пыхцеў і соп, нібы бабёр,
Пакуль аб клямар заржавелы,
Што палі сьцягваў, як дзьверы,
У руках вяроўку перацёр,
І ўжо пад раніцу паплыў
Па цёмнай рэчцы ў разьліў.

ФЭЛЯ
Ўжо лета ў сілу ўвайшло,
На захад войска паплыло.
Нах дойчлянд драпаў “Вэр” і “Махт” –
Туды й дарога!
Туды яму і трахт.
Усё ў мястэчку замярло,
Паўзло йшчэ горшае мурло.
З трывогаю глядзелі ў сьвет –
Ізноў маскаль, ізноў савет.
Закон вайны такі стаіць –
Пры адступленьні ўсё паліць.
Тым больш, чужога не шкада.
У 41-м, як уцякаў адсюль савет,
НКВД спаліў быў горад Менск ушчэнт.
А потым немцы ўсё палілі.
Так і Суботнікі накрылі
Дымы пажараў летнім днём.
Перавярнулася ўверх дном
Жыцьцё, надзеі, суцяшэньне.
Нішто так людзям не баліць,
Як дома роднага спаленьне.
Дымяць Суботнікі, гараць,
І іскры вецер раськідае.
І на Яўхімаў дом спадае
Саломы вогненнае пучча.
Гарыць, як порах,
Як сасны пасохлай сучча.
Яўхім на стрэсе мітусіцца,
Дзяругай мокрай накрывае,
Вадой салому палівае.
А потым іскры ўжо змалелі,
Дамы суседзкія згарэлі,
І страляніна усчалася,
Як быццам бойка завялася.
Яўхім і Фэля ды Гануля
Ад дому хуценька адбеглі
І ў лажобінку прылеглі.
Аж бачаць тут пляцецца немец,
Ідзе дадому наупрост.
Чаго ён хоча, іншаземец?
Ішоў бы ты лепш на пагост.
Яўхіму сэрца аж зайшлося:
Ідзе паліць нас. Што рабіць?
Ніякай думкі не знайшлося,
Як толькі Госпада маліць.
“О, Божа моцны, міласэрдны!
Пачуй нас, зьлітуйся над намі,
Над нашым краем і дамамі.
Не дапусьці нам трэці круг,
Таптаць пражытыя ўжо сьцежкі
Жыцьця праторанага рух.
Хай будзе воля Твая, Божа.
Хай будзе тут Тваё рашэньне.
Яго мы прымем, як збаўленьне.”
Тут немец той на двор ускочыў
І да вакна пад хату збочыў.
Залез у кветнік і сядзіць,
Як бы яму там што баліць.
Мінае час, а фрыц сядзіць,
Табаку важыць
І з агароду не вылазіць.
– Чаго ён там засеў, паганы, –
Тут Фэля кажа Яўхіму. –
Мо’ я пайду і лепей гляну,
Бо нешта ж трэба там яму?
А немец быў, як быццам п’яны.
І позірк нейкі, як забраны.
– Гэр, пан! А што баліць?
Ты, можа, хворы? Хочаш піць? –
Нічога немец не сказаў.
Вачыма лыпнуў і маўчаў.
Прынесла Фэля тут вады
І агурочкі два з грады.
Дык немец выпіў: “Данкэ, фраў”, –
І зноў маўчыць, як чорт забраў.
– Ён, пэўна, хворы, –
Ўжо кажа Фэля Яўхіму. –
Паможа, пэўна, Бог яму,
Як нам памог, — хвала Яму. –
Сям’я сабралася ў хату.
І што тут зь немцам тым рабіць?
Рашылі – трэба пакарміць.
Прынесла Фэля супу міску
І хлеб, і соль, і бульбы, сьпечанай у прыску.
Усё тут немец ціха зьеў
І — “данке, фраў” – і зноў абсеў.
Тады Яўхім (ваяка зь “Першай”)
Да немца йдзе і памяць чэша,
Нямецкі словы ўспамінае,
Сабе рукамі памагае:
– Ты, гэр зольдат, гір комэн рус.
Заб’юць цябе, зов’ет хаўрус.
Фэрштэйн ты, уцякай хутчэй,
Гір Сталін комт, ты – шнэлер гей!
– Найн, — сказаў тут немец адно слова.
І з гэтым скончылась размова.
А потым, як прышлі саветы,
Забралі немца, павялі,
Ніхто ня знае, дзе зьвялі.

* * *
І ўспамінаю я дзяцінства леты,
Як мне расказвалі пра гэта,
Пра тыя першыя саветы,
Як у Сібір людзей зганялі,
Як забівалі і каралі,
Як хаты ў вёсках пуставалі,
Як па краіне немец крочыў,
Як палон савецкі гналі,
Як забівалі і стралялі,
Піці, есьці не давалі.
І тады Гануля й Фэля,
І кабеты местачковы
Хлеба, бульбы набіралі,
На дарогу выбягалі
І палонным хлеб кідалі,
Хоць бы й немцы ім крычалі
І страляці пагражалі.
А салдаты, як сабакі,
Між сабой скарынкі рвалі –
Так яны там згаладалі.
Адышлі гады чатыры.
Што тут немцы нарабілі:
Напалілі, настралялі, зрабавалі,
Край панішчылі, стапталі,
І Суботнікі спалілі,
І людзей памардавалі.
Вось вядуць палон нямецкі.
Забівалі і стралялі,
Піці, есьці не давалі.
І тады Гануля й Фэля,
І кабеты местачковы
Хлеба, бульбы набіралі,
На дарогу выбягалі
І палонным хлеб кідалі,
Хоць саветы ім крычалі
І страляці пагражалі.
А салдаты, як сабакі,
Між сабой скарынкі рвалі –
Так яны там згаладалі.

Мне гэта цяжка было ўцяміць.
Я толькі мог пытаньні ставіць.
За што бандытам хлеб і бульбу?
За сьмерць людзей? За край забраны?
За перасьлед і лёс парваны?
За нашы спаленыя хаты,
Дзе кожны зь іх ёсьць вінаваты?
– То ж гэта, сынку, усе ж бо людзі.
– Хіба ж саветы – гэта людзі?
Хіба ж бо немцы чалавекі?
За што ж яны вайну стварылі
І людцаў зьнішчылі навекі?
– Мінецца час і пакаленьні
Адчыняць новы дачыненьні.
– А сьмерць мільёнаў, а пакуты?
– Твой розум шчэ дзяцінствам скуты.
Ёсьць справы, што вяршацца ў Небе.
І толькі той, хто веру мае,
Той мудрасьць Боску адчыняе.
Як узрасьцеш — і ты адчыніш.

Мінулі годы, леты злыя
І, пэўна – поры залатыя.
Ніяк забыць я не магу
Таго далёкага бываньня
І сэрца чыстага чуваньня.
Мо’ не адкрыў Гасподзь мне тайны,
Мо’ скора зноў – ўжо мой чарод,
Уражаны, кажу, як заклінаньне:
О, мой вялікі! О, літасьцівы!
О, Беларускі мой Народ!

ГАНУЛЯ
Як добра, калі ў сьвеце,
Вялікім, Божым і прыгожым,
Дзьве чыстыя душы
Адна адну спаткаці могуць.
І адчыняецца тады
Вялікі сэнс быцьця.
І радасьць існаваньня,
Любові шчырай павітаньне,
Як частка Раю на Зямлі,
Паміж людзей жыве.

* * *
Сям’я – сьвятая сфэра для любові.
І для жыцьця ўладкаваньня,
Прыроды роду прадаўжаньня.
І ў чалавечых дачыненьнях
Тут ёсьць гісторыі вянец
І цнотаў нацыі скарбец.
Зьяднаньне душ – у Беларусі шчасьце.
І кожны беларус жадае шчасьця:
“І каб ты, сынку, шчасьцейка спаткаў,
Каб ты, дачушка, шчасьцейка знайшла”.
Таго на Захадзе няма.
Сучасны род не мкне да шчасьця,
Цікавіць іх жыцьцё дачасна,
Даляр, хіба, і эўрагрош,
І пажаданьняў
цела
кош.
* * *
Гануля й Стась пазналі шчасьце.
І на дарозе той стаялі,
Дзе шчасьця вечныя скрыжалі
У вечну будучыню звалі.
І шчасьце тут было іх Раем,
Дзе чыста міласьць не згарае.
І вось маёваю парой,
Як сонца ўстала над зямлёй,
Ідуць яны ў браму сьветлу,
Што сьвеціць ім жыцьцём прыветным.
А гэта там, каля Ленкішак.
Дарога – брук у бок Ліпнішак.
Направа лес, за лесам поле,
Далін зялёнае прывольле,
І рэчка Якунка цячэ.
Валока тут зямлі ў руцэ.
– Вось тут збудуем сабе дом, –
Мяркуе Стаська, — тут – гумно,
Там – хлеў і пуню заадно.
А тут, Ганулька, гацім рэчку,
Бярэм струмень яе ва ўздэчку.
Ваду падымем – каб стаяла,
Каб гусь з вады той карыстала.
А на плаціне зробім млын.
Ну, невялічкі, так, як блін.
Але сабе, суседзям збоку
Малоць ён будзе без папроку.
Аднак, галоўнае ня ў тым.
Здабуду ў Вільні я машын
І генэратар улаштую
(Каб не круціў ухаластую).
І будзе нам на вечар сьветла:
Блішчыць электрыка прыветна.
Пад электрычнасьць радыё падвядзем
І будзем мець сабе Эдэм.
І хор, і песьні слухаць станем,
А надакучыць – перастанем. –
Ганулька сьвеціцца, як сонца:
– Як добра станем жыць!
І каб бясконца.
– І я так думаю, каб вечна.
– І гэтак чыста, сьветла, чалавечна.
– І гмах збудуем, як харом,
Каб гэта быў сасновы, сьветлы дом.
– І каб аблокі над харомам,
Нібы анёлы над каронай… –
Сьмяюцца разам – так прыемна
Казаць усё, што ім павеўна.
– Калі ня так, дык будзе лепей.
– Лепей, Стаська, толькі дзе? –
Ганна іншы рэй вядзе.
– Як то дзе? Дык тут жа, во!
Тут, на горцы пры даліне.
– І ў якой гэта краіне?
– У якой.., — і Стась асёкся,
Нібы голас яго сьпёкся.
Бо зразумеў, пра што чуваньне –
Жыцьця яго ўсё змаганьне,
Начэй бяссонных разважаньне,
На Ласку Божу спадзяваньне
І з сьветлай марай нерасстаньне.
І Ганна мовіць яго сэрцам,
Душы ягонай спадкаберцам,
Як ноч за ноч, як дзень да дня,
На што адказу ў іх няма.
– Маю дрэннае прачуцьце,
Любы Стаська, мілы Стасю,
Што ў гэтай завірусе
Ўжо ня будзе наша шчасьце,
Як ня стане Беларусі.
Дзе ж ты выб’ешся ў скрусе?
Пад нямчурай – сьмерць ды й годзе.
Пад той Польшчай – меў нагоду,
Што за людзтва не лічылі,
Шавінізмам атруцілі.
Пад Расеяй, пад саветам?
Без зямлі? Якое ж шчасьце…
Дзе дамочак мы збудуем?
Дзе млыночак мы загацім?
Дзе далінку мы пакосім?
Нас з табой, мой мілы Стасю,
За зямельку гэту родну
Пакладуць у дол халодны,
І за тое, што мы маем,
Па Сібіру атрымаем, –
Аж сьлёзы Ганна не стрымала.
–За Беларусь змагацца трэба, –
Парушыў тут маўчанку Стаська. –
Трэба змагацца за яе.
– А шчасьце як? Жыцьцё ж міне.
– Інакш нас доля абміне.
Моўчкі йшлі па сваім полі.
Над галовамі аблокі
Адплылі ў нябеснай волі,
І ветрык выбег на прывольле,
І зацішэла навакольле.
У прадчуваньні лепшай долі
Яны ўсё йшлі па сваім полі…

* * *
Мінае лета, сіне неба.
Плывуць да скону аблачынкі,
Нібы авечыя аўчынкі,
Як дзень за днём, адна ў адну,
Зьбіраўся Стаська на вайну.
Улада спраўна позвы слала,
Ваенкаматам пагражала.
Ня доўга думаў: “Ваявацьму.
Бо нейкі выбар здабывацьму”.
Жыцьцё яго наканавала,
І на чужу вайну кідала.
Вось падышоў ён да калыскі,
І з Ганнай ціха памаўчаўшы,
Нічога сыну не сказаўшы,
Рашучым крокам з хаты вышаў.
(Каб не заплакаць, голас сьцішыў.)
І вось вазочак зь месца рушыў.
Вось пераехаў сенажатку –
Зялёны, мокры дол ля хаткі –
(Там кудрачка і дзьве вярбы)
І едзе верхам па гары.
На брук віленскі выязджае
І ўлева на масток цаляе,
Што Матруну перасякае.
А побач хатка з падвалінай.
Жыве там цётачка Паўліна,
Сястрыца родная Яўхіма,
Дачка Ірэнка выбягае
(Дзяўчынка шэсьць гадочкаў мае)
І з-пад далонькі выглядае,
Як Стаська ў войска адбывае.
Ужо мінулі мураванку
І на Касьцельну выязджаюць
(Дзе разьзявакі назіраюць).
Па бруку ўсё вазок грукоча
І гаварыць ніхто ня хоча.
“Нядобра гэтае расстаньне, –
Сама сабе мяркуе Ганна. –
Пад сьцяг чужы – што там за доля?
Якое там яшчэ змаганьне,
Калі ніякіх спадзяваньняў?”
Вось параўняліся з касьцёлам.
І раптам ён азваўся звонам,
Званіў і біў жалобным бомам.
І Ганьне хтось як бы гавора:
“Ну, ўсё – апошняя разора.
Ня будзе ўжо ў нас харома,
Ні нават сосеннага дома,
М’не іншы лёс ужо чакае.
І Стась навекі ад’язджае”.
І Ганна бледная сядзіць.
І Стаська сьцяўся і маўчыць.
Яўхім жа голаў апусьціў,
Як быццам слухаў – звон званіў.
І аддалялася фурманка,
Малела, меншала, зьнікала,
Як бы ўжо й вока не сягала,
І ўсьлед ёй звон званіў і біў,
Як бы аб літасьці прасіў.

ТРЭЦІ КРУГ

Частка трэцяя

ІНТРАДУКЦЫЯ
У дзяцінстве – іншым было неба
І лес, і рэчка, водар хлеба.
Скарынку соляй пасыпаў –
І найсмачнейшага ня знаў.
І фарбы кветак і зямлі,
І жыта хвалі, і палі –
Усё тады, як цяпер помню,
Было, як трыста год таму
(Што мне вядома аднаму).
Але тады ня ведаў я,
Дзе даўней цякла Гаўя,
Дзе мой дух лунаў над плыняй,
Як над песьняй лебядзінай,
Што адбілася ў душы.

Як самалёт ляцеў над хатай,
Я вылятаў на двор ракетай,
І клікаў бацьку: “Тут я, тут!”
Зазнаў тады і я пакут.
І проста роў (а ўжо ж крычэў),
Як самалёт далей ляцеў.
Бо мне казалі:
Ён з вайны на самалёце прыляціць
І будзе моцна нас любіць.
Усё дзяцінства бацькі культ
У доме быў нязьменны.
І калі я ўжо быў аж надта дрэнны,
Аргумант маці быў адзін:
“Твой бацька гэтак не рабіў”.
Было яшчэ разы са два,
Што аргумэнты не дайшлі,
Шляхоў у розум не знайшлі.
Тады матуля з шафы (знала)
Марнарку бацькі даставала
І на відок яе паклала,
Каб бачыў – куля пашматала.
На гэтым скончана было.
І я маўчаў, як заняло.
А як падрос пад бацьку ростам,
Марнарку маці ўжо падшыла
І мне насіці падарыла:
“Насі, сыночку, заслужыў –
От бацька цешыўся б, каб жыў”.
Я ўсё юнацтва маладое
Насіў марнарку, як сьвятое,
Калі ж мяне трывога брала,
Ці часам вусьцішна бывала,
Мяне марнарка сагравала,
Як бы душа мая чувала,
Што ў жылах бацька мой жыве
І дух яго са мной ідзе.

Баба Фэля кожны дзень
(Усе, як з поля прыязджалі,
Па абедзе ўжо маўчалі)
Ішла ў сьвятліцу ў адзіноце,
Каб, пазбыўшыся згрызотаў,
З духам сына гаварыць,
Зь ім параіцца, як жыць.
Там ставала на калені
І усьцешна ў маленьні
Перад фоткай Яські-сына
Вылічала, галасіла
Ціха, нішчачкам – сабе.
Яська згінуў на вайне,
Спалымнеў з савецкім танкам
Дзесь марозным прускім ранкам
За “страну эсэсэсэр”.
Дык савет хоць меў давер.
Як загінуў бацька, дзядзька,
Не чапалі да пары
(Не падходзіў пад ранжыр),
І ня вывезьлі ў Сібір.

Ўсе працавалі на зямлі.
І дрэвы-вербы над Гаўёй,
Што Яська сам сваёй рукой
Садзіў калісьці над ракой,
Як быццам кубачкі, цьвілі.
І вось на коніку ў калёсах
У чатырох на поле едзем.
Шмат помню я такіх агледзін.
“Унучак мой”, — бабуля кажа,
Матуля зноў жа – “мой сынок”.
“Ну, мой унук, пара зьлязаць,
Зараз станем працаваць
(Было мне, можа, гадкоў пяць),
А ты будзеш памагаць”, —
Тут кажа дзед Яўхім і строга
Каня стрыножвае гнядрга
І, зрэшты, пэўна што дарэмна,
Бо конь пад бокам быў нядрэмна
(Вялікі, моцны ламавік).
І ўжо ж спакойны, як мужык.
Ад “Коські” я не адыходзіў,
Круціўсь наўкола, абыходзіў.
Па шыйцы гладзіў, размаўляў,
Стручкі гароху падаваў
І грыву зьвіслую часаў.
Хацеў хваста яшчэ часаці,
Ды дзед сачыў ня горш за маці:
“Пад хвост, унучак, не збліжайся,
Глядзі, ўвесь час асьцерагайся.
Вунь цётку Франю, ты ж бо чуў,
Як моцна конік убрыкнуў”.
А ўжо як сонца стала ўгору
І на абед было ў пору,
Дзед Коську звыкла з поля браў,
За гобраць сам яго трымаў,
Мяне ж саджаў наверх, на грыву,
І крочыў так з канём к абрыву,
Дзе нізкі бераг з боку поля
І рэчка круціцца, сваволя,
І дно пясчана пад ракой –
Найлепшы конскі вадапой.
Аднойчы конь як нахіліўся,
Дык я праз голаў і зваліўся,
І толькі боўтнуў у вадзічку,
Нібы той грошык у крынічку.
Ўсхапіўся я, як мокры лапаць,
І толькі ўжо сабраўся плакаць,
Як дзед і кажа, жмурыць вока
(Ну, добра, рэчка не глыбока):
– Ого! Відаць адразу малайца!
Я так ня ўмею даць нурца –
З каня ды ў рэчку го-ца-ца!
Вылазь, унучак, пакажы,
Бо я баюся, памажы!
Ну, дзе тут, пэўна ж, не да плачу,
Бо трэба дзеда вучыць скачу.
Назад бо еду, як бывалы,
Ня кожны ўмее так зухвала
З каня зваліцца, не пабіцца
І нуркаваньню навучыцца.
Паклаў галоўку я на грыву,
Рукамі моцна ўчапіўся
І назіраю – сьвет зьмяніўся.
І гайдаецца калыскай:
Чукі-чукі, чукі-чукі,
У дол – у гору, у дол – у гору.
Коська пахне, конь мой дружка,
Яго грыва – мне падушка.
Коська наш разумны, файны,
Ён гарэ зямельку дбайна.
Бачу – тут бацян дыбае,
Доўгай дзюбай выглядае.
Іншы там вунь, за ракою,
Ужо ляціць над асакою.
– Глянь во, дзеду, йшчэ бацянчык
Там ляціць, дзе наш паплаўчык.
– А гэта ж чапля, не бацянчык, –
Гаворыць дзед і прадаўжае,
Рукой за рэчку ўсё махае. –
Вунь бач, як выгнулася шыя,
Як бы вальлё сабе прышыла,
І дзюба шэра, не чырвона.
А там вунь шэрая варона
Ляціць сабе і дзюбай круціць,
Яе там чапля баламуціць. –
От гэты сьвет мне падабаўся,
Дзе я на коніку катаўся,
Дзе я на Коську езьдзіў конна,
Дзе лесу звон і ветру вольна,
Дзе час каціўся мой прывольна.

ПАДАТКІ
Як Сталін быў, то ўсё падаткі.
Зямля і бульба, сад і скура,
Хата, хлеў і ўся натура –
Усё пад падаткамі хадзіла.
І дыхаць нават трэба сіла,
Каб за падаткі заплаціла.
Здавалі бульбу (“нормай” звалі).
Як дзед вазіў,
Дык цэлы воз для іх зьбіралі.
Найболей бралі ўсё натурай.
Як сала меў, дык каб бяз скуры,
Бо загадалі ўсё зьдзіраць
І за падаткі аддаваць.
Аднойчы памятаю ў школе
(Тады ўжо скончылась прывольле),
Здаецца мне, у клясе першай,
На перапынку дзеці елі
Усё, што ў торбах з сабой мелі.
І тут Антоська Рамановіч
Дзесь там паволі сабе йшоў
(Хадзіў у школу з Рыбакоў).
А завуч кажа Мурашоў:
“Ты гдзе такое сало взял?
Чтоб я те большэ не видал”.
Ня тое сала Антон еў
(Са скуркай хлопчык захацеў).
Здаецца, бацька яго сеў.
І розных там было агентаў,
Ўсё па нядоімках, падатках,
Сабе бадзяліся па хатках,
Людзей у страх той уганялі,
Да Мінкі, як смала, прысталі.
Меў сад нявелькі, пяць-шэсьць дрэў,
Ня мог падаткі заплаціць,
Дык сталі ўжо яго мясіць:
“Таварыщ Минко, не шутите,
Налоги лучшэ заплатите.
Савецка власть ведь терпелива
И для народа справедлива.
Вазьмём карову, попамаць,
Народ не можэт наш страдать
Из-за таких вот, попамаць”.
Тут на агента Мінка глянуў,
Сякеру з запечка дастаў
І на парозе хаты стаў:
– Падаткаў, кажаш, захацеў,–
(Агент савецкі задрыжэў),–
То пачакай. – І сам пашоў сабе за хлеў.
Пасьля прыходзе й не глядзіць,
Бо ўся душа ў ім кіпіць.
– Ідзі, бяры вунь, пад хлявом,
Свае падаткі з каптуром. –
Пакуль агент яго чакаў,
Ўсе Мінка яблыні зрубаў.
А быў яшчэ адзін бывалец,
Агент савецкі. Той зухвалец
У галіфэ хадзіў з партфэлем
І па дварах падаткі цьвеліў.
Зануда быў і юхарыла.
Усё на ім там аж званіла,
Што бальшавіцкая мандрыла.
З такімі лепш не гаварыць,
І ўжо адразу ў морду біць.
Аднойчы, можа ў раз дваццаты,
Ён да Алены йдзе ў хату.
Алена – гэта ўдава,
Бяда-бядота, дзяцей цьма,
Жыве на вотшыбе адна.
– Ну, здраствуй, маць,
Налоги будем атдавать?
– А мой начальнічак, а дзе ж?
Грашэй нямашка, прападзеш.
Адкуль жа я табе вазьму,
Адна ж жыву, я ж не магу.
– Ну что ж, прыдётся, маць,
У вас каровіцу забрать. –
І тут Алена ужо плача
І просіць сьлёзна, і галосе.
І вылічае, і зноў просе.
– Масква слезам не верыт, маць,
Веді каровіцу опять. –
Алена тут бяжыць із хаты
І па суседзях – хто багаты,
З плачам, енкам аблятае,
Па капеечцы зьбірае.
– Ну, на во, на табе , Мандрылаў.
Бяры во грошы, каб ты згінуў.
Мандрылаў так шырокай лапай
Ўсе грошы згрэб, ў кішэню “спрятал”,
І, крок ступіўшы да парога,
Гаворыць ветліва і строга:
– А вы мне денег не давали. –
І сам стаіць, нагу адставіў.
І ў вус ня дзьме, і не шманае,
Забраць карову пагражае.

І быў такі маёр Асееў
(Што ў Суботніках асеў быў),
Інструктар партыі з райкама.
Як на каго – вяліка шышка,
Гэта райкамаўска пакрышка.
Алена з плачам да маёра.
Маёр паслухаў, абурыўся
І аж увесь закалаціўся:
– Да он жэ прама, попамаць,
Ему на партью наплевать!
Пазваць яго ў сельсавет,
Я разберусь и дам атвет. –
Пры той размове я стаяў,
Зь дзяцьмі ў пікера гуляў,
І праз адчынена вакно
Чуваць было:
Маёр з Мандрылам размаўляў.
Прытым так голасна крычэлі,
Што шыбы ў вокнах задрыжэлі.
Па-руску я тады ня знаў,
Маленькі быў, ні ў два, ні ў пяць,
Але, відаць,
Сэнс той размовы перадаць
Ня мог ніхто.
Было чуваць: “савецка ўласьць”
І “попамаць”.
Больш нічаго не разабраць.

“КАЛКОЗ”
І вось жа чуткі папаўзьлі
(Як павітуха па зямлі),
Што ўсё чыста абагуляць
І што было тут – перакуляць,
Што адбяруць зямлю і коней,
Ва ўсіх усё, а можа й болей.
І дзе хто меў які запасы,
Аддаць прыдзецца ў калгасы.
І праўда – собіў такі лёс.
Пакуль ня стукнуў тут мароз,
Людзей зганяюць у “калкоз”.
Рабілі сходы, агітацыю,
Давалі розны праклямацыі,
Начальства поўна прыязджала,
Сярод сялян свайго шукала.
Каб зь беднякоў, і быў талковы,
Умеў казаць патрэбны словы,
Каб гаспадарку ведаў з ходу,
Быў пралетарскага заводу.
І тут была найбольша цяжкасьць
(Бо гэта, брат, ня лапцем пляскаць).
Гаварылі зь Пятруком
Аб выбраньні старшынём.
(Ён з шавецкім сваім тварам
Выглядаў быў пралетарам.)
Дык Пятрук, як трусаваты,
Уцякаў, як тхор, дахаты.
Але форсу не губляў
І начальству раду даў,
Каб падалі Канчара.
Бо як добра справу браць,
Яму няма чаго губляць:
Бедалага, без зямлі,
Скончыў школу, клясы тры.
“Мог бы крэпка працаваць
І калгасам кіраваць.”
Тут яму крычаць: “веди!”
Вось пайшлі да Канчара
(І Пятрук той “впереди”).
І трэба ж так было адбыцца,
І Канчару якраз напіцца,
І пад плотам абудзіцца.
А тут гэткае начальства.
Пятрук бачыць, супыніўся
І на месцы закруціўся.
– Что такое, кто такой?
– Гэты во, якраз во той.
– Так он жэ п’ян! – Начальства кажа.
– Але ж бо так, як вып’е – ляжа.
Бывае рэдка гармідар.
Душа, таварыш, — пралетар.
Ён наш адзін на ўсё мястэчка.
Такіх ня знойдзеш у падпечку.
– Шуціць сабрался? Или как?
– Якія жарты – гэта факт.
Больш пралетарыяў нямашка.
Ён адпрацуе, як мурашка.
Канфуз мінуўся сваім ходам,
Бо ўжо параіўшысь “з народам”
(Званіў райкам з тае нагоды),
Рашылі ставіць Канчара
(І к Магамету йдзе гара).
Канчар той жлукта быў запойны
(І гультай жа быў забойны),
А тут якраз працьверазеў,
На справу проста паглядзеў
І ў начальства захацеў.

* * *
І пачалі ўжо ў калгас
Местачкоўцаў заганяць,
Заявы змусілі пісаць.
Яўхім жа доўга не даваўся,
Чакаў, прыкідваў, хаваўся.
І ўрэшце зразумеў – ня мае сілы.
Ня пойдзеш – выпхнуць да магілы.
А пойдзеш – дык куды?
І як пазбавіцца жуды,
Што без зямлі застаўся?
Сам прад сабой не апраўдаўся.
І страшна стаць у трэці круг.
Бо ўжо не над табой – над краем,
Над зямлёй і небакраем
Заломны, чорны, самагубны
Вісіць зьнішчэньня крук.
Пячатку зводу прыляпілі –
Сьмяртэльная пячаць.
Усіх нас будуць вынішчаць.
Як запабегчы, як змагацца?..
І без сыноў застаўся,
І вораг людзкасьці ўсеўся,
І маіх хлябоў наеўся
Пасярод майго двара.
Настала горшая пара.
Удар у цэла пакаленьне,
Жыцьця магчымага цьвіценьне.
Затым другі і трэці…
Ці хто калі зару прывеціць?
Бо ўзыйдзе ж Боская зара!
Прыбудзе дзень вясеньні.
І на’т як вынішчаць усіх,
Настане наша ўваскрасеньне.

Яўхім узяў асадку ў рукі
І паўзіраўшыся ў неба,
Бо толькі Бог яму зарукай –
“Я, беларус, Яўхім Патрэба…” –
Заяву піша, як адмаўляецца ад хлеба.
Назаўтра дзед, запрэгшы Коську,
Паклаў рыштунак свой на возе
І, пастаяўшы на парозе,
Паехаў ціха па дарозе.
Тут барана і плуг, і вупраж,
Брунта, жэрдка, нават кіта
(Каб выглядала самавіта) –
Усё ўжо гэта больш ня наша.
Рыпелі колы, дожджык кволы
І дзьве ластаўкі з паддашша
Абляталі нас, як лёсам.
Едуць нашыя калёсы
Праз апошнія пракосы,
Праз дарогу безнадзеі
І нябёсаў родных сінь,
Едуць, мкнуць у далячынь.

Вось ужо і пад’язджаем,
І карціну назіраем.
Усіх сабралася багата.
Шумна, тлумна каля хатаў.
Усё вазы, калёсы, коні,
Гам стаіць, што голас тоне.
Хлеў Зайкоўскіх тут вялікі.
Сам Зайкоўскі дабралікі
(Хоць пішы зь яго абраз)
Выстаўляе напаказ,
Што здае каня з кабылай
І клапоціцца, каб была
Ёй найлепей гэты раз.
Кожны збоку прыглядае,
Пільным вокам выцаляе,
Як там коніка паставіць,
Хто тут той парадак правіць.
Усёроўна – ды ж сваё.
Здаў рыштунак дзед у дзьверы,
Падпісаў якісь паперы,
І павёў таўсматы дзядзька
Майго Коську ў глыб хлява.
Аж кружылась галава:
Майго Коські ў нас няма.

А назад ішлі ўжо пешкі
(Такі вось шлях: з каня – у пешкі).
Прышоў Яўхім – у хаце ціша,
Вячэрні ветрык бэз калыша.
І цені дрэва на сьцяне
Чырвоны промні адцяняюць,
Што ў небакраі прападаюць.
І змрок у шыбы пранікае,
Сачыцца ў дом і спачывае
За печкай белай ў рызмане,
Дзе нічаго ня відна мне.
Рукі на стол паклаў Яўхім, сагнуўся,
Нібы душой перавярнуўся,
І доўга-доўга назіраў,
Як сонца вогненны авал
Згасаў у сіняй цемры хмар.
І надыходзіла ўжо ноч.
І цень яе плыла наўзбоч,
Зьліваўся зь цемрай сілуэт,
Як быццам ён пайшоў у сьвет.
І толькі зорка ў вакне
Зіхціць-мігціць, не праміне.
Можа, калі засьвеціць мне.

“КОСЬКА”
Усё ішло сваёй дурнотай.
Дохлі коні, кралі ўпотай.
Што дзе горшае было,
Ўраз паднялась, паплыло,
Стала нормай, нават шыкам.
Канчар гарэлку зноў залыкаў.
Пагналі прэч. Другі зьявіўся.
Туды-сюды і глянь — разжыўся.
Гарэлку піў – Канчар зайздросьціў.
Ды не турнулі ягамосьця.
Расеяц быў і кадр парцейны,
З НКВД дзяліў закон піцейны.
Калгас той нейк мадзеў фармальна.
Прыслалі трактар ХТЗ
(Што менавалі больш вэрбальна)
І малатарню, як вагон.
Аж трактар той зьляцеў са шпон,
Калі цягнуў тую гаргару
(От нарабіла гармідару).
Зламаўся ўшчэнт, нават ня чмыхаў.
І трактарыст ужо ледзь дыхаў.
І як даставіць агрэгат?
І тут Пятрук дае заклад,
Што конь Яўхімаў сам пацягне,
Каб нават ехалі па багне,
Такі ён дужы, во канюра.
– Ну, гэта ўсё, панове, бздура, –
П’яны Канчар тут так гаворыць. –
Аб тым ня трэба нават мовіць,
Ня цягне конь таго цяжару,
Што ХТЗ не да шпацару.
– Ну, як то не? Пацягне, хлопцы, –
Крычыць Пятрук і сам рагоча.
Ён брыгадзір і выпіць хоча.
– Ну, то давай! Кажу я – не! –
Канчар крычыць і рукі тне. –
Во, на бутэльку! Не, на дзьве! –
Тут рукі б’юць
І па каня ўжо бягуць.
Прыгналі Коську.
Ўраз з калёс яго адпрэглі
І ў малатарню зноў запрэглі.
Пятрук тут лейцы ўжо трымае
І па Коську паганяе.
Коська пнецца – ані зь месца.
Натоўп ужо вакол віруе,
Крычыць, рагоча, лемантуе.
– Но! Но! Но, падла, но! –
Крычыць Пятрук сваё адно.
І па каню ляйчынай б’е,
Нібы тут злосьць сваю сарве.
Тут Коська стаў так упрагацца,
Што аж буксуюць капыты,
Хоць падкладай пад іх шчыты.
Яшчэ, яшчэ – і гмах крануўся,
Набраў інэрцыі – папнуўся,
І цяжка коціцца па бруку.
Ня мог глядзець на Коські муку.
Ды вось жа коціцца, паўзе.
Аж рвецца Коська, але йдзе.
Цярпі, мой дружа, як на полі,
Ты йшчэ пазнаеш лепшай долі,
Я толькі падрасту –
І вызвалю зь няволі.
– Гы-гы, го-го! – натоўп гагоча. –
Давай-давай! О, брат, валоча!
Сьцягнуў тут конь вагон уніз
І прад мастом у гразь завіс.
– Давай-давай! – крычыць натоўп.
– Но-о, ты, мяса воўча, но! – Пятрук раве,
А конь вагона не скране.
І тут давай каня дубасіць,
Якойсьці доўгай палкай квасіць.
Рвануўся Коська з капытоў
І на калені ўпасьць гатоў.
І пот цячэ ўжо па сьпіне,
І ўзбухлі жылы, пара йдзе.
– Но, падла! Но, пся крэў!
Пятрук каня калом агрэў.
І тут мой Коська задрыжэў,
Нагамі дробна перабраў,
Але з каленяў не устаў.
Я гэтак плакаў, так крычаў,
Я голас свой ужо сарваў,
Мой твар ад сьлёз увесь распух,
Я ад свайго голасу аглух.
Рвануўся я да Коські сам,
За шыю коніка абняў,
Як на каленях Коська стаў.
– Коська! Коська!
Люблю цябе, мой Косячка, люблю! –
І прытуляюся шчакой,
І чую пах знаёмы той,
І бачу ў Коські (Божа мой!)
Буйныя сьлёзы паплылі,
Як боб, каціліся, цяклі
І ў рукі ўпалі мне з гары.
Мяне цягнулі, адрывалі,
Нагамі высьпяткаў давалі,
Кагось за палец укусіў
(І той ад болю аж завыў).
Ды Коську я адно люблю
І я яго абараню.
Мяне схапілі і трымалі,
Да Коські болей не пускалі.
Увесь я тросься, калаціўся
І галавой у жывот біўся
(Трымайцаў тых, хто заручыўся),
Дрыжэў, хрыпеў, да Коські рваўся,
Аж тут Канчар перапужаўся.
– Ну, до ўжо, до! Не цягне, хлопцы.
З балота нам яе ня ўзяць. –
І сталі Коську выпрагаць.

ШКОЛА
Савецка школа.
Пра гэта лепей не казаць,
Няма што раны адчыняць.
Галоўны сэнс – зламаць асобу,
Зрабіць бязбожніка да гробу
Ды навучыць любіць саветаў
(Дзеля чаго – ніхто ня ведаў).
Йшчэ там Ленін, Сталін, Бэр’я,
ВКПБ і ўся халер’я –
Усё гэта ў голаў нам штурхалі,
Тым нашы веды правяралі.
Адразу гналі ў піянэры.
Такія ў іх былі намеры –
Ўсіх піанэрай ахапіць.
Ды не ўдалося так зрабіць.
Загналі восем з сарака.
Ну ўжо ж далі ім драпака.
Таго-сяго як адлупілі –
Яны пра гальштукі й забылі.
Дык прымушалі іх насіць,
І не стамлялася зь іх кпіць
Ўся пэдагогія савецка.
А пачыналі лекц’ю так:
“Устань! Дзе гальштук? Завяжы!”
А ў перапынку мы ўжо кажам: “Адвяжы!
Іначай мы табе пакажам,
Як зь Вільні поўзаюць вужы”.
І доўгі час так і вялося,
Пасьля забылася, зьвялося.
І стаў савет тут прыжывацца,
У люд мясцовы ўцірацца.
І мат, і бруд, і п’янства,
Хлусьня, няветлівасьць і хамства –
Ўсё надта ліпка ўжылося,
Як пустазельле разраслося,
Як клешч у цела упілося.
І кожны меў сваю тут школу,
Сваю нагоду і назолу,
Сваё жыцьцёва параўнаньне,
Ілжы і праўды адчуваньне.

І на жыцьця апошнім годзе,
Дзесь там пры нейкае нагодзе,
Мне дзед Яўхім размову мае
І, як з дарослым, размаўляе:
– Ня будзем жыць мы і ня пець,
Адно, як вол сьляпы, мадзець,
Пакуль ні мы, ні нашы дзеці
Сваёй зямлі ня станем меці.
Зямельку нам як адабралі,
Лічы – жыцьцё нам паламалі.
Хто без зямлі – не гаспадар
І над краінай не ўладар.
Таму запомні, мой унучак,
Што б дзе калі нам лёс ня лучыў,
Зямлю сваю вярнуць мы мусім.
І гэта першае заданьне,
Жыцьця твайго наканаваньне.
Цяпер нам цяжка жыць на сьвеце,
Бо ўсё саветы папсавалі,
Людзей, краіну зрабавалі
І нават памяць растапталі.
Але ня будзе так заўсёды.
Такія ёсьць жыцьця прыгоды.
Ты ўжо хлапчынка не малы
(Дзявята весна на двары),
Што я кажу, ты нікаму не гавары,
Бо зьнішчаць дзеда без пары,
Хоць я ўжо хутка йду у неба,
Маўчаць умець – табе патрэба.
Каб нам вярнуць зямлю любіму,
Нашу заслужану радзіму,
Сваю адзіну несьмяротну,
І каб вярнуцца незваротна,
Для нас ідзе – адна дарога:
Вучыцца трэба, мой нябога.
Вучысь ад самага парога,
І ўсё жыцьцё, аж покі змога.
Бо іншай зброі мы ня маем,
Каб заўладаці сваім краем,
Зямлю каханую вярнуці,
Сілу й моц сабе здабыці,
Гонар людзкі бараніці.
Як будзеш ты разумны ў школе,
Вучыцца станеш лепш за іншых,
Ты ўласны гонар абароніш.
Ніхто цябе ня зробіць лішнім,
І калі нават хто закіне,
То гэта іншае начыньне –
Цябе да дрэнных не наблізяць,
Ніхто цябе ўжо не прынізіць.

Сядзелі мы ў пералеску.
Вакол бялеюцца пралескі,
Пянёчкі, неба ды кароўка,
Якая пасьвіцца на ўзьлеску.
І ветрык часам павявае,
Лазу маёвую гайдае.
Яўхім у далеч пазірае,
Аб чымсьці думае, гадае,
Кіёчкам шышкі адкідае,
А м’не сказаці падмывае:
– Дазволь агенчык раскладаці
І сухалапак назьбіраці.
Ужо ж бо сонейка за хмарай,
І дожджык часам накрапае.
– Агенчык, кажаш? – дзед падумаў. –
То раскладай,
Бяры запалкі, пачынай.
Набраў я тут сухога ялаўца,
І кучу сьцёг – да макаўца.
Як падпаліў – агонь палае,
У неба полымя шугае,
Трашчыць і жарам абымае.
А потым раптам ўсё змалела,
Агонь патух, нічога нават і ня тлела.
І засталіся толькі сьцімбуры
Ад той вялікае жары.
І мох дыміць.
Агонь ужо мой не гарыць.
Зьбянтэжаны, я моўчкі пазіраў,
Хадзіў вакол і ўздыхаў.
І ўжо да дзеда паклыпаў.
Гляджу, аж дзед сядзіць сабе на пні
І грэе рукі на агні.
Цяпельца ціхенька гарыць сабе, палае,
А дзед сучочкі падкладае.
– Ну як, унучак, твой агонь? Патух?
А ў мяне гарыць во, каб ён спух.
Паленцы толькі падкідаю
І бачыш во – агенчык маю. –
Больш пра агонь не гаварылі.
Мінулі дні.
Гады дзяцінства попелам пакрылі
Мае далёкія ўяўленьні,
Жыцьця мінулага трымценьні.
Але да гэтых дзён я ўспамінаю
Тае навукі плён,
Той просьценькі сялянскі завядзён,
Як не хапае мне паленьняў у вагонь.

ВІЛЬНЯ
Ў жыцьці (і ў тым, і ў гэтым)
Мне адно шчыміць відзеньне,
Адно гарачае ўяўленьне,
Што неадступнае, як цень,
Быцьця майго найлепшы дзень –
Дык гэта Вільня!
Вільня паміж гор.
О, горад гарадоў!
Духоўны наш упор.
Лепшых гарадоў няма на сьвеце.
Аб’езьдзіў я Парыж і Лёндан,
Нью-Ёрк Сіці –
Нішто ў душы не каласіцца.
Няма больш плёну і гарэньня,
Як Вільні любай уяўленьне,
І сэрца шчырага хаценьне.
Вось вобраз Беларусі!
Вось выяўленьне духа,
Дзе я ня меў ніколі скрухі,
Бо кожны раз душа сьпявала
І пад аблокі ўзьлятала!
Мне Вільня ўкрочыла ў дзяцінства,
Нібы душа мая зь дзядзінца.
Яшчэ дзіцём я зьмерыў яе вулкі,
Ўсе гарадзкія закануркі,
Сто раз па бруку ставіў крокі,
Дзе адбіваліся эпохі.
І трыста год як галасіцца
Мой голас даўні ў тых каменьнях,
Дзе я шукаў душы збаўленьня,
Дзе каля дзедаўскага дому
Расла вярба і плакаў вецер.
І гнаў ён лісьце па Завальнай,
Як лёсы нашы з накавальні,
У гарачы прыск жыцьцё пакідаў.
І засталося дзён прывідаў
Вязьмо аберуч абымаці,
Там, дзе мой бацька, дзед і маці
Надзеяй вечнай заручылісь,
Дзе, можа, брат мой ці сястрыца,
Што ўжо ніколі не радзілісь,
Мне галасуюць з таго сьвету.
Ня чуюць людзі стуль прывету.

Цяпер жа лёс віленскі – Божа!
Якая злосная нягожа!
Ані ў гэтым, ні ў даўнейшым
Жыцьці сваім не найблажэйшым
Ня мог такога я ўявіць,
Каб невядомаму народу
Аддалі Вільню ў нагоду.
І што прысвояць наша імя,
Што племя наша вытаптацьмуць,
Што нашы косьці варушыцьмуць,
І будуць рваць з-пад папялішчаў
І славы нашай даўніх зглішчаў.
Якая злосная насьмешка!
Мы як палацу галавешка,
Над якой пастух варожыць
(Распаліць агонь ня можыць),
Каб пасмажыць сабе сала.
Ці нам гэтага шчэ мала?
Якое стромае падзеньне,
І, як вялікае зьнішчэньне,
Народу нашага слабеньне.

Ды Боскі шлях нам невядомы.
Што можа ўсім здаецца сьмерцю
У гэтай земскай кругаверці,
Нам стане зернем аднаўленьня,
Садоў народу ўваскрасеньнем,
І адраджэньнем жыта плёну
Там, дзе зьбіраюцца да скону.
Каб толькі жыў агонь надзеі,
Каб дух яе не змарнаваўся!
Жыла б ідэя ў дабрадзеі
І каб народ жывы застаўся.

Мне хараство тваё, о, Вільня!
Найбольш аб Бацькаўшчыне мовіць.
Сьвятая Ганна, Вежа Яна,
Дамініканец, Востра Брама –
Сакральны словы прамаўляю
І хараство – як сымвал краю.
З маленства меў любімы сховы,
Муры, мясьціны і засовы,
І брук, і вулкі, мураванкі,
І плошчы, дворыкі-быванкі.
Найбольш Вяльля м’не чаравала
(Там, дзе Віленка ўпадала),
Дзе на гары Замковай
Старая вежа панавала.
Яшчэ зусім малым хлапчынкай
Я стаў прад стромай спускавінкай:
“Як людзі ў гору падняліся
На строму ўзьнёслу і высоку
І ходзяць там на відавоку?” –
Так думаў я, глядзеў здалёку,
Падняцца трэба мне тут, збоку.
Ня стаў шукаць я ўзыходу
І ніякога там зыходу,
На штурм палез замчыска сходу.
Ці меў тут хто калі нагоду
(Хіба якія альпіністы)?
Зьдзівіў тады я ўсіх чыста,
Што на гары шпацыравалі
І горад зьверху аглядалі.
Ды ўсё ж узьлез з апошняй сілы
(Мяне ад стомы аж вадзіла).
Калені, локці пазьдзіраў,
Але замчыска тое ўзяў.
О, братове, тут відокі!
Ўся Вільня ў нас на відавоку,
Усе касьцёлы, мураванкі,
Завальна, Брама, Пагулянка.
А там далёка, аж пад “галяй”,
На Конскім пляцы мы гулялі,
Дзе мае дзядзькі пражывалі,
І Вільню тут спрадвеку зналі.
Але ж Вяльля! Якая рэчка!
Цячы, плыві, мая парэчка.
Каб зразумець тваю чароўнасьць,
З табою трэба быць нароўні.
Цябе тут проста трэба бачыць,
Каб век табе любовяй дзячыць.
Калі глядзець з гары з замчыска,
Праз Антаколь на закручыска,
Як вечарова сонца сьвеціць,
Ну, хто цябе ня мог прывеціць!
Лясы на горах сінявеюць
І адбіваюцца, плывеюць,
Ў люстэрку водным палавеюць,
Нібы на ветразях арганы,
Сярод узьнёслых белых хмараў,
Там, дзе касьцёл
Пятра і Паўлы гаспадарыў.
Ягоны белы вежы
Як бы плывуць ля узьбярэжа
Ды над лясамі-велясамі
Аж да нябеснага рубежа.

Дзьве рэчкі ёсьць толькі на сьвеце,
Што, нават вочы зачыніўшы,
Я іх пазнаю ў непрыкмеце.
А гэта ёсьць Вяльля з Гаўёю.
Бо пахнуць роўна між сабою.
І тыя ж травы, і латаці.
На вобмацак бы мог пазнаці,
Дзе ёсьць яны, дзе іхна плынь,
Дзе высока небасінь
Адбіваецца ў спакоі.
І пах хваёвы над ракою
Мне аб Радзіме ў снах варожыць
І на чужыне дух мой множыць.

О, колькі раз я перамерыў
Дарогі нашыя ў Вільню!
Цераз Дзявенішкі –Тургелі,
Цераз Салечнікі – Яшуны
Канём, аўтобусам, машынай.
Ў пяцідзесятых шчэ хадзіў “арбон”.
Свае ўсе людзі, свой закон,
Няпісаны і пэўны:
Як па дарозе хто падсеў,
То пра сябе раскажа сьпеўна.
Вось у Шадзюнах дзядзька сеў
(Увесь мужыцкі тут пасеў)
І за халявай нож тырчэў.
– Ого! То добры маеш мэсар.
Ня страшны ўжо табе агрэсар! –
Тут нехта кажа, хтось сьмяецца,
А хтось уважна азірнецца.
– Ну, пэўна ж бо, — тут дзядзька кажа. –
Ніхто ня знае, што хто зьвяжа,
Калі паедзеш тут адзін.
А во цяпер я гаспадзін. –
І нож дастаў, каб паказаць,
Гаворку добра завязаць. –
Калю тым шылам парсюка.
Узяў, дык от ляпей,
І неяк чуюся вальней.
– А скуль пан ёсьць?
– А я, мой пане, тут ня госьць.
З Шадзюнаў я, калі пан пільны.
Мая сястра якраз у Вільні
Жыве там дзесь на Добрай Радзе.
– То хай пан лепей тут во сядзе.
І так тут едзецца, вядзецца,
І ўжо гаворка ўсьцяж снуецца.
Ужо Салечнікі мінаем
І на Яшуны выязджаем.
І тут жа справа пры дарозе,
Як бы пры ўезьдзе на парозе,
Капліца Маткі Боскай гожа
Мястэчка слаўнае старожа,
Што йшчэ Міцкевіч зьвекавечыў
І свой выдатны твор уквеціў.
Касьцёл Яшунскі дзераўляны,
Але й палац жа мураваны,
І брама моцная ўязная,
І парк, і сажалка лясная.
З Салечнік можна й на Тургелі
(Што за саветам пацярпелі)
Дарогай сьветлай і прыгожай
Паехаць добра й любавацца,
Як будуць тут палі зьмяняцца.
А ўжо ж дарогі – брук сіненькі
І, як нітачка, раўненькі.
Усё шараваркай збудавалі,
Дзяды і прадзеды раўнялі.
Як да Тургеляў пад’язджаеш
І на горку выязджаеш,
То здалёк, як на далоні,
Мястэчка бачыш на ўлоньні.
І пасярод касьцёл вялікі,
Чырвоны, моцны, самалікі,
Дахоўкай крыты дужа файнай
І побач з брамай надзвычайнай.
Вакол Тургеляў жа мясьціны!
І хараство, і пуцявіны!
Тут побач замак, мур і брамы,
Як бы зь дзівоснага рамана.
А гэта ж жыў тут той Брастоўскі,
Што свае грошы меў і войска.
І на зямлі той неўрадлівай
Стварыў рэспубліку-краіну.

Аж да Вільні – цікавосьці.
На Лентварова можна ў госьці,
Дзе ёсьць палац і сваё “мора”,
І сама першая чыгунка
(Йшчэ Тызенгаўза задумка),
Касьцёл выдатны мураваны,
Вакзал на добра ўштукаваны.
Але найбольшае тут дзіва –
Па ўсіх дарогах, што да Вільні,
Дык гэта людзі нашы пільны.
Разгаварыцца – маё хобі.
З сваім жа ўсё ж, а не ў Найробі,
Ці мо зь якім дзе, як кітайцам,
Што сам і станеш вінавайцам.
Ён зь беларускай ні бум-бум.
Я ж па-кітайску ні “шурум”.
Зусім інакшы тут “бурум”,
На мілай Віленшчыне нашай,
Дзе ксёндз сваю, а чорт сваю
Дзялянку паша.
Неяк зь дзядзькам з-пад Карпеляў
Я гэтак доўга гаварыў
(Гэты дзед брылі рабіў),
Што той мяне аж палюбіў
І, дачакаўшыся мамэнта,
Сказаў мне гэтак камплімэнта:
– Але ж па-польску пан гавора
Дужа файна, надта спора,
Аж прыемна пана слухаць. –
Прышлося мне мазгамі рухаць:
– Па-беларуску ж мы гаворым.
– Жартуе пан, — аж дзед зьдзівіўся,
Як бы тут сьвет перамяніўся. –
Мы размаўляем тут па-польску.
“Отэтада!” (як кажуць з Омску)
От дзе паэта!
Мэдаль ксяндзу даваць за гэта.
Вось такая эстафета.

* * *
Із узгорачка на ўзгорак
Едзе наш малы арбонік.
Хутарочкі ды дамочкі
Вунь пад лесам у садочку.
І дарожкі палявыя,
Побач рэчачкі малыя,
Крушні, грушкі ды масточкі –
Ўсе, як родныя браточкі:
І падобны, й непадобны.
Вось праз вёскі праязджаю,
Навакольле аглядаю.
Як спыніўся ў Майшаголе,
Маладзіцу запытаўся,
Быццам тут зусім ня знаўся:
– Як, спадарыня, скажэце
У Майшаголу нам дастацца? –
Пачала яна зьдзіўляцца:
– Пан, напэўна, заблудзіўся?
У Майшаголе во спыніўся
І шукае Майшаголы!
То ж пан бэндзе ў Майшаголе.
– От скажэце, а я еду тут наўкола.
Ну, то дзякуй, маладзічка,
Хай табе бруіць крынічка
І вадзічкай спаталяе,
А мы далей папытаем.
Вунь з касою крочыць дзядзька.
Накасіўся, дык прысядзь-ка.
– Дзе тут гэтая крыніца,
Што з гары цячэ, бруіцца?
– Го, крыніца? За Імгліцай.
Як пан зьедзе толькі з мосту,
Дык скажу – валіце проста.
Як мінаеце капліцу,
Нех пан тшымасе правіцы.
– Ну, то дзякуй! Дзенькі, пане. –
І мы едзем сабе далей.
“Валім проста”, нібы з мосту,
Пані “бэндзе”, як “бэндзяла” –
І вясёласьць мяне брала.
Люблю я наш народ віленскі,
Зь беларушчызнай і з пальшчызнай,
І характару віцізнай,
І за гумар, і за жарты,
Дзе адзін другога варты,
І за нораў самавіты,
Самаіснасьцю падшыты.
Са скуры тут ніхто ня скача
(Глядзіце, ён вялікі мача),
За грош сябе не выстаўляе,
Як быццам ён мільёны мае,
А сам бяз портак шчыгаляе.
Віленчукі – народ спакойны
І ў мэнтальнасьці ня мройны,
Пазналі розныя ўлады,
Перамены, зьмены, здрады,
Дзе кожны, ўсеўшыся ў Вільні,
Сваю гундосіў гаварыльню.
Дык віленчук усё гэта слухаў,
Свайго трымаўся і ня рухаў
Таго, што склалася, ліпела,
Хоць бы там сто чарцей насела.

О, Віленшчызна! Край мілы і прыгожы.
Тваёй красою заварожан.
Пазнаць цябе па лёсу пожнях
Яшчэ хацеў бы. Мо’ ня позна
Ізноў да сьцен тваіх вярнуцца,
Хоць ваўкалакам абярнуцца,
Каб на мяжы ніхто ня бачыў,
Прыйсьці, упасьць і ціха плакаць.
Жыцьця майго асеньня сьлякаць
Мне ўжо на сэрца наступае
І часта голасна пытае,
Калі ж, калі вярнуцца тыя
Мае дзянёчкі залатыя,
Дзе побач жыта каласіла
І хвалі ветрам аднасіла
Да сіняй кромкі небаспаду –
Лясоў зялёных далягляды.

* * *
Мне ўсё здаецца – я вярнуся
У сьветлы сьвет на Беларусі.
Мяжа мне шчасьце разарвала,
Хоць і жыцьцё ўратавала.
О, Віленшчызна!
Я, спадкаемца твой адзіны,
Хаджу тут госьцем на Радзіме.
Як гэта ўсё тут нарабілась?
(І ў думках нават не круцілась).
Дзе сад цьвіцеў – мяжа адбілась,
Якой ніколі не бывала.
Якая ведзьма нагадала,
Пакуты мне наканавала.
Цячэ Гаўя, ракі вярхоўе,
Знаёмы пах – лясоў сумоўе.
Мой погляд з хваляй адплывае
Уніз, дзе дом мой спачывае,
І голас зь ветрам адлятае
Туды, за лес, дзе чую згукі
Маіх дарог і дрэў парукі,
Што пасадзілі мае рукі,
Быцьця майго былі зарукай.
І ўзіраюся са скрухай,
Як адплывае па Гаўі
Мая растузаная памяць
На дол, у ніз, дзе дух лунае,
І звон касьцельны зноў зьвініць –
Сюды з Суботнік далятае.

ПАРОГ
Пасьля вайны,
як адабралі ў нас зямліцу,
Дык цягам доўгіх пакаленьняў
беларус
Ня мог на месцы зачапіцца.
Цягнуў яго другі прымус –
Далей ад роднага мястэчка.
Надзеі кволенькая сьвечка
Сьвяціла кожнаму – шукаць,
Вучыцца, ў сьвет паехаць,
Хоць небудзь-дзе, ды працаваць.
Хто не пасьпеў у дзевятнаццаць,
Таго ў войска забірацьмуць
Пад сьцяг савецкі начаваць.
І ў мазгі там так накладуць,
Што забываўся й размаўляць,
Зямлю і мову шанаваць.
Не пазнаваў сваіх варот
Часамі нейкі абармот,
Калі ў родны край вяртаўся,
Пакуль на граблі не ступаўся.
І мой парог – у сьвет вучыцца,
У добрай справе праявіцца.
Гучэў мне дзедаўскі наказ:
Для Беларусі кожны з нас
Павінен краю пасьвяціцца.
І атрымаў я поўнай чашай,
Аж па завязку, пад паддашак,
Ад маскаля і камуністаў,
Ад цемрашалаў усіх чыста
І за краіну, й за ідэю.
Ня траціў я ўсё ж надзею.
Жыцьцё было для мяне казка,
І адчуваў я Божу ласку.
І так мінаўся год за годам.
Ўжо сорак лет прабілі сподам,
Навука йшла сваім чародам.
І сьніцца сон мне гэткім родам.
Я па Суботніках іду
І пераходжу Матруну,
І на гары перад касьцёлам
Капаю шурф вузкім зазорам.
Знаходжу шэлег залаты
І не зьдзіўляюся той справе,
Хоць не бывае так на яве.
Далей іду ў лес глыбока,
Туды, пад сама Сіне Вока,
І там зямлю капаю плытка.
І адчыняецца мне рытка,
Уся ў посудзе прыгожым,
Як бы мяне хто заварожыў.
Ня ў сілах я спыніць пагляду
Ад таго посуду агляду.
Такі ён дзіўны, зелянёвы
І белы-белы фарфаровы.
І ў гэтым я прачнуўся стане.
Ўжо пачало сьвітацца раньне,
І сонца дымецца, як блін,
І нешта пахне мне язьмін,
Хаця няма таго язьміну.
І адхінаю я гардзіну.
Касьцёл чырвоны ў вакне.
І промні жоўтыя на вежы
Застылі ў летнім тумане.
Я на парог із хаты вышаў –
Нідзе галінка не калыша.
Ня чутна птушак і людзей,
Ні рыканьня кароў, машын гудзеньня,
Нібы заснула ўсё жывеньне,
І летняй раніцы гучэньне.
Я мэту ведаю адну.
Вось пераходжу Матруну,
І на гары перад касьцёлам
Капаю шурф вузкім зазорам.
І, раскапаўшы пласт культурны
(Аскепкі місак, кафлі, гонту),
Знаходжу шэлег Жыгімонта.
На меднай рэшцы там Пагоня
Імчыць у круглым палігоне.
Ніколі б я не здагадаўся,
Што там культурны пласт адклаўся.
Пад Сіне Вока йду з надзеяй.
Арэшнік там і луг цьвіцее,
Крушына, зарасьнік чаромхі
Груды сухія абляпілі.
Унізе старыцы, крыніцы.
Тут шчупакоў калісь лавілі
Пасьля павонькі веснавое,
Калі ўжо воды адступілі.
Бываў я тут аж надта часта.
Грыбы, арэхі, быдла паста.
Сюды заўсёды м’не цягнула,
Хоць і дзяцінства прамінула.
І вось з размаху
Дзірван рыдлёўкай я падважыў.
Адкрыўся від, які ўразіў.
Пад дзірваном адразу зьверху
Ляжала кафля на паверхні,
Зялёна, цэла, палівана,
З высокай рамкай штукавана,
І з гарэльефам на ўсё поле –
Ляціць імклівая Пагоня.
І я пазнаў яе, о Божа!
Касьцёлік наш, вось тут ля зложа,
Кустоў ляшчыны ў даўняй яме.
Адкуль яна – ніхто ня ведаў.
І толькі раптам я ўведаў,
Як быцца гэта было ўчора.
Нібыта лопнула запора,
І памяць скочыла ў мінуласьць.
Жыцьця далёкага прачуласьць
Мяне, як гром, апанавала
І, як маланкай, асьвятляла.
Імчыцыцца вогненнае кола.
Я ўспомніў Неба і Анёла,
І Любчу… Божа! Любча міла!
Аж маё сэрца галасіла.
Я ж толькі ўчора яе страціў,
Цяпер жа родам парадніўся
І ў пакаленьнях аддаліўся,
Хоць адышло адно імгненьне,
І гэта ўсё маё гарэньне
Вось толькі зараз адбылося.
Ці гэта толькі мне здалося?
Бягу праз зарасьнік пустэчы,
Ляту імкліва, нібы вецер,
І чую ўжо язьміну пах.
Дык дзе ён, дзе ён, млына прах?
Яго няма — груды, кустоўе
І ветру з травамі сумоўе.
Усё такое – й не такое.
І далячынь м’не родна кліча,
Як быццам маміна аблічча,
Якое сорак год ня бачыў,
І маладосьць яе адзначыў
На мілым сэрцу твару рысах,
Што ў чаканьні сына высах.
А гэта ж ты, мая Айчына,
Быцьця майго першапрычына.
Літва! Літва! О, Беларуська!
Як у вязьніцы каралевіч,
Ты дзе? Дзе твая веліч?
Дзе твая слава, што аберуч,
Як меч двувостры мы трымалі,
Маскву і немцаў адганялі,
Каб край ніколі не тапталі?
Ах, як мне шкода, што міжволі
Жыцьцё пакінуў без патолі
І ўжо ў няволі нарадзіўся
У гэтым сьвеце, што й ня сьніўся,
І сам сюды я напрасіўся.
Але на тое Боска Воля.
Яшчэ засьвеціць наша доля.
Навошта мне немаладому
Заслон таемны адчыніўся?
Аж розум мне перакуліўся.
Не для маёй душы ж, напэўна,
Мне гэта веданьне павеўна.
Хаця, як полка з вачэй спала,
Як памяць мне жыцьця дадала.
Здаецца, сотні тры з паловай
Жыву на гэтым сьвеце новым.
І шмат што стала зразумелым,
Душой прачутым, набалелым
І ў гэтым сьвеце ўжо – сасьпелым.
Яно ж трымаецца, завецца
І часам іншым абярнецца.
У нашым часе электронным
Ёсьць людзі, што жывуць – каменным
Паняцьцем, ладам, успрыняцьцем
І ўсяго жыцьця абняцьцем.

Не разумеў я доўга сэнсу
Вялікай тайны адкрываньня,
Таго, што схована дазваньня,
Каб не спрыяці пагаршэньню
Душы людзкой і ўваскрашэньню.
І ўсё ж, калі кавалак шляху зьмерыў,
І за сабой капу прымерыў,
Я ўсьвядоміў адкрываньне
І сэнс нябеснага спрыяньня.
Яго я мушу апісаць
І добрым людзям расказаць,
Каб зразумелі сувязь часу,
Адкрылі будучыню нашу.
Нядарам Госпад Палатніну
Спусьціў із Неба у даліну,
Каб сьведчыць нам сваю Краіну.
Пра гэта кожны мусіць ведаць
(Сваёй душы найперш паведаць),
Каб мог зьвязаць былыя леты
Мінулай прышласьці каметы
Зь бягучым новым запаветам,
Дзе наша прышласьць стане сьветам.

* * *
Народу нашаму паэтам
Ня будзе пісана вучэньне.
І нават тым – каму мучэньне,
Хто поўна, моцна і здаўна –
Усё адплаціў народу,
Чым моц яго магла,
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў зь цемры да сьвятла.
І ўсё ж снуецца нітка шчасьця.
Снуецца, рвецца, зноў снуецца.
О, Вяліка наша Княства,
Што на сьвеце застаецца.
Нам толькі зноў зьвязаць канцы!
Дзе ў нас народу малайцы?!
Снуецца, рвецца нітка шчасьця
О, Вяліка наша Княства!
Над чорнай безданьню сусьветнай,
Над цёмным жэрлам апраметнай
Вянок зь нябесных белых руж.
Я ўсё жыцьцё к табе імкнусь –
Лунае наша Беларусь…
І ўсё ж снуецца нітка шчасьця,
О, Вяліка наша Княства!

ЭПІЛОГ
Васьмідзесятыя гады –
часы вялікіх перамен.
Балянс грамадзтва ўжо зьмяніўся
І дух свабоды аднавіўся.
І засьвяцілася надзея,
Жыцьця ў няволі панацэя.
Што нашай прышласьці прыбудзе?
І сэрца кажа – можа будзе.
Гэй-гэй, наперад – можа быць.
Па конях, хопіць гаварыць.
І вось жа сталася яна,
Нібы маланка з-за вакна –
Бліснула наша рэвалюцыя.
Мы незалежнасьць здабылі –
Галоўна ёйна рэзалюцыя.
Мы змалацілі чорну зграю
Адным маленькім авангардам.
Ды як жа крэпасьць утрымаць?
І дзе нам сілы той набраць?
Народ стаміўся бо чакаць
І за змаганьнем назіраць.
І ўспомніў я, ах, мілы Коська!
Ужо спархнелі твае косьці.
Ты б нам памог, мой мілы Косю,
Ты б прыскакаў бы – дай Бог ногі.
У каго ж яшчэ прасіць падмогі?..

* * *
Даўным-даўно, у 60-х,
Былі мы ў Іўі ў добрай хаце.
І разважалі з прыхамаці
У вечаровай небашаці
Пра нашы звычаі і справы,
Пра падарожжы і выправы,
Як што павінна было стацца,
Пакуль ня стала ўжо зьмяркацца.
Аж раптам – чырвань у гары.
Пажар! За Іўем, пэўна, штось гарыць.
І тут мой сябра Баразна
(Той незабыўны наш Лявон,
Што ад бандытаў скончыў скон),
Валер Скачкоў, шафёр і я
Ў машыну – раз! Хутчэй! Разгон!
Аж скочыў “вэн”, імчыць у ноч
З паўночным ветрам наўздагон.
І пад’язджаем: там, дзе парк,
Шляхецкі дом стары і стаў,
Там камбінат якісь палаў,
І гэтак во людзей сабраў.
Стаяць наўкола, сотняў пяць,
І на пажар даўно глядзяць.
Пажарнік круціцца, як цьвік,
(Адзін брандспойт зусім панік).
“Давай-давай! – крычыць. — Давай!”
А што “давай”? От тут і знай.
Схапіў Лявон брандспойт за нос
І ў дом з кішкой яго панёс.
І палівае там кругом,
І скача, круціцца ваўчком.
А мы – у школу, вёдры браць.
А там заўгас: “А ключ аддаць,
А без загаду, хто такі?
А там далёка да ракі”, –
А тралі-валі драп-пакі,
Гугнявіць ён, нібы з “ЦЭКі”.
– Гэй, ты! – крычу я тут і аж раву, –
Давай вядрыскі, бо заб’ю!
Ты, мачыляпа, ай лав ю!
Агонь гарыць, а ён ду-ду! –
Схапілі мы мо’ вёдраў дваццаць
І на пажар хутчэй прастацца.
І тут калейку хутка ставім,
Штурхаем, просім, розум правім.
Ня надта штось і хочуць слухаць.
(Няма чаго нам магзі рухаць.)
Хацелі дзьве зрабіць ад рэчкі,
Дык разьбягаюцца ўсе прэчкі.
І вось, нарэшце, ланцужком
Пайшлі вядзерцы з рэчкі ў дом.
А мы там толькі паліваем,
Да рэчкі лётам – падмяняем.
Тут з боку дах быў абваліўся,
А перад тым Лявон скаціўся,
Увесь спацелы, закапцелы,
Кашулька белая на целе,
Нібы кудзеля, абгарэла.
І ўсё з брандспойта палівае,
Хоць там яно й не памагае.
Глядзім — калейка ўся растала,
Пайшла і вёдры пакідала.
І на пажар ізноў глядзяць,
Ня могуць погляд адарваць.
І так усе вакол стаяць.
Штось там Лявон пачаў крычаць:
– Давай! – махае, — памагай! –
Як той пажарнік, што ахрып
І галавой таксама зьнік.
І так мы бегалі, тушылі
І памагчы ўсіх прасілі,
Пакуль даміска ні згарэў.
І нават мур у ім сатлеў.
Як перастала ўсё дыміцца,
Тады ўжо сталі расхадзіцца,
Хто вячэраць, а хто спаць,
А хто й з суседам пабалтаць.
То ж бо дзяржаўная пячаць.
Ніхто й ня думаў ратаваць.

Назад як ехалі – маўчалі,
Як бы мы словы пагублялі.
– Мне гэты дом, нібы яна, –
Лявон прамовіў ля вакна. –
І што было ўсё тут – спаўна,
Зямелька бедная мая. –
Гудзіць матор – і цішыня…

Вось тая добрая сям’я,
Дзе нам прышлося начаваць.
Гаспадаровы дочкі сьпяць.
Нам заўтра рана ад’язджаць.
Па Беларусі ўвесь наш шлях.
Каб не пагас яе прасьцяг,
Агеньцы творчасьці шукаем
І, каго можам, падтрымаем,
Дзе беларускі наш пасаг.
Па Беларусі ўвесь наш шлях.
(Тут лепш ні слова не казаць.)
Нам заўтра рана ад’язджаць.

* * *
Мне даў Гасподзь выпрабаваньне
(Тут найвялікшае вызваньне)
З маёй краінай разлучыцца
І на чужыне залучыцца.
Пажыў, паезьдзіў я па сьвеце.
Якое мытарства, паверце,
Ды ня ў гэтым сэнс блуканьня,
Душы збалелай паяднаньне.
Ні зямлі і ні краіны
Няма лепшае на сьвеце,
Чым Беларусь – а мы ёй дзеці.
Як хто ня ведае – гаворыць
(Ці дзе якое глупства порыць).
Ды нам ня трэба гаварыць –
Усё ж бо варта перажыць,
Вачыма ўласнымі ўбачыць,
Вушамі ўласнымі пачуць
(Глухія праўды не імуць).
Людзей жа добрых ёсьць на сьвеце
І шмат мне моцны Бог паслаў,
Каб я ў сьвеце не прапаў.
Ды сярод іх найлепш свае,
Дзе і з паўслова розум тне,
І ўразуменьне ў галаве,
І сэрца к сэрцу прыхіне.
Удзячны ім ў чужыне.
І часта думаеш тады,
Як добра ўсе маглі б мы жыць,
І песьні пець, і не тужыць
У нашай добрай старане.
І трэба стаць на чужыне,
І бачыць стуль, як дзень міне,
І сонца месьціцца за краем,
Які для нас застаўся раем,
Які зрабіўся нам здароўем
Над відмаў, ценяў безгалоўем.
О, любы край, дзе сэрца сховы,
Недасягальны з-за любові!
Цяпер чужынец ладзіць ловы
І ненавідзіць нашу мову.
Адна нянавісьць у пашане.
Хто ненавідзіць нас – той лепшы,
Публічна ладзяць свае клепшы.
І хто б падумаў, што дурнота
Набудзе столькі пашаноты.
І што чужак залезе ў хаты
І панаставіць свае краты.
Мой любы краю, шчэ вясною,
Як называўся ты Літвою,
У тым далёкім смутным часе
Ляпей было з табой мне стацца
І на канцы кап’я змагацца.
Мой корд, дрыгант і мая жытка,
І Багародзіца, пануй!
Маёй любові вышша шчытка –
Табе ў далоні аддаю
І першы псальму запяю.
Бо будзе шчасьце. Мусіць стаць.
Ня мусім толькі мы чакаць.
Бо шчасьце трэба здабываць.
Адна ўмова ёсьць для шчасьця Краю:
Любіць сябе і Бога — раю.
Бяз Бога ты жыцьця ня маеш,
Бо сэнс жыцьцёвы не пазнаеш.
Калі ж народ сябе, сваё ня любіць –
То ў самагубцах вечных блудзіць,
І паніжэньнем шлях свой мосьціць,
І прыйдзе час – сябе загубіць.
Дык падымайма вочы ў гору.
Зірні! У сіняе прасторы
Сьвеціць, сьвеціць зорка ясна.
Гэта наша зорка з вамі
Зіхаціць над нашым Краем.

ЗЯНОН
5 лютага — 26 сакавіка 2005 г.,
Нью-Ёрк

6/7/2005 › Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2005
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь