Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: “Я ніколі ня ўзяў ад ураду Амэрыкі ніводнага цэнта”

Роўна дзесяць гадоў таму незалежныя газэты Беларусі зьмясьцілі сэнсацыйную навіну: старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк выйграў судовы працэс супраць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Суд прызнаў, што распаўсюджаныя адказьнікам зьвесткі не адпавядаюць сапраўднасьці і зьневажаюць гонар і годнасьць пазоўніка. Суд абавязаў, каб прабачэньне прагучала па беларускім радыё – паколькі і абвінавачваньні на адрас Пазьняка з вуснаў Лукашэнкі трансьляваліся на ўсю краіну.

Вечарам Аляксандр Лукашэнка па тэлебачаньні прынёс прабачэньне Зянону Пазьняку, але такім чынам, што яно не выглядала як прабачэньне.

(Навумчык: ) “На тэлефоннай сувязі ў Нью-Ёрку – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Зянон Пазьняк. Спадар Зянон, нагадайце, у чым была сутнасьць справы?”

(Пазьняк: ) “Справу тады разглядаў Вярхоўны суд, і яна была вырашаная на маю карысьць. Сутнасьць палягала ў тым, што Лукашэнка публічна абвясьціў у Вярхоўным Савеце, што я нібыта заклікаў беларусаў ехаць ваяваць у Чачэнію. Я падтрымліваю чачэнскіх змагароў супраць расейскай акупацыі. Але закліку такога я не рабіў. У суд я зьвярнуўся таму, што няпраўда Лукашэнкі была не бяскрыўднай хлусьнёй, а прадуманай палітычнай гнюснасьцю.

Мы, дэпутаты БНФ у Вярхоўным Савеце, дамагліся яшчэ ў 1990-1991 гадах вяртаньня на Радзіму беларускіх вайскоўцаў з так званых “гарачых пунктаў” – гэта значыць, з розных расейскіх войнаў, узброеных канфліктаў на Каўказе ды ў Сярэдняй Азіі. Мы ўратавалі такім чынам здароўе і жыцьцё шмат якім беларусам. Няпраўда Лукашэнкі магла даць нагоду для непрыяцеляў Беларусі скампрамэтаваць нас і гэтыя нашы добрыя патрыятычныя справы перад людзьмі. Таму трэба было праз суд паказаць, што Лукашэнка схлусіў і публічна патрабаваць ад яго прабачэньня. І суд вынес менавіта такое рашэньне. Дыктатура тады яшчэ толькі пачыналася і ня мела поўнага кантролю над судамі.

Пасьля рашэньня суду Лукашэнка нібыта папрасіў прабачэньня, ускосна. Выступаючы па тэлебачаньні, ён пачаў жаліцца, што на яго “нападаюць ворагі”, што Вярхоўны суд патрабуе прабачэньняў… І тут была сказана такая фраза: “Я, конечно, извиняюсь, но…”, – і далей пасыпаліся абвінавачваньні ў мой адрас. Ну, гэта ўсё, на што ён быў здольны”.

(Навумчык: ) “За дзесяць гадоў з вуснаў Лукашэнкі гучала шмат абвінавачваньняў у адрас палітычных апанэнтаў. Гучалі такія абвінавачаньні і ў выступах найбліжэйшых Лукашэнкавых паплечнікаў, а таксама з вуснаў афіцыйных журналістаў. Ці верыце Вы, што пасьля ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратыі гэтыя людзі будуць прыцягнутыя да адказнасьці?”

(Пазьняк: ) “Я думаю, што тут ёсьць аб’ектыўныя працэсы, і незалежна ад таго, веру я ці ня веру, гэтыя людзі будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Так, як было некалі ў Паўднёвай Карэі: вырастае новае пакаленьне, якое дбае пра дзяржаўныя інтарэсы, і яно вяртаецца да тых падзей, дзе гэтыя інтарэсы былі парушаныя. Таму тое, што нарабілі гэтыя людзі, гэты рэжым, – яно проста так ня можа кануць у лету. Ня можа. Нармальная краіна, нармальная нацыя абавязкова вернецца да гэтых злачынстваў”.

(Навумчык: ) “Здаецца, Вы адзіны палітычны лідэр, які яшчэ не выказаўся на хвалях “Свабоды” пра перайменаваньні цэнтральных магістраляў Менску – праспэкту Скарыны і праспэкту Машэрава”.

(Пазьняк: ) “Так, хаця выказаўся пра гэта ўжо на Сойме Народнага фронту і на вэб-сайце “Беларускай Салідарнасьці“. У той час, калі паўсюдна чакаюць беларускай рэвалюцыі, Лукашэнка вырашыў прадэманстраваць сілу рэжыму. І чарговы раз зьняважыў беларусаў. Прынізіць беларускіх людзей, псыхічна задушыць, паказаць, што ўсе яны нішто, марната, што тое, што ён захоча, тое і зробіць, – у гэтым палягае ўвесь псыхалягічны і палітычны разьлік. Імя Францыска Скарыны адносіцца да сакральных сымбаляў беларускай нацыі. Па ім пазнаецца Беларусь. Мэдаль Францыска Скарыны – гэта найвышэйшая ўзнагарода Беларусі. Таму прычынаў для перайменаваньня праспэкту не існавала. Лукашэнка пра іх і не гаворыць. Ён плюнуў без папярэджаньня.

Дарэчы, гэта паводзіны тыповай акупацыйнай улады. Але тое, што да гэтай акцыі быў прышпілены яшчэ і адмоўны пэрсанаж гісторыі савецкага часу, камуніст Пётра Машэраў, які зьнішчаў беларускую мову і пазачыняў усе беларускія школы, гаворыць, што Масква, апрача спадара Казуліна, прымерваецца выпусьціць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў якасьці яшчэ адной запасной альтэрнатывы – магчыма – ізноў дачку Машэрава. Гэта здагадкі. Лукашэнка тут, хутчэй, неўсьвядомлены выканаўца тэхналёгіі. Ужо доўгі час КДБ стварае міт пра “добранькага” Машэрава. Цяпер зь яго яшчэ лепяць і “апазыцыянэра” – маўляў, Лукашэнка яго пакрыўдзіў. Адпаведна і дачка Машэрава ўжо можа выходзіць у якасьці апазыцыянэркі. Па такім прынцыпе фармавалі ў Беларусі падстаўную апазыцыю з паплечнікаў Лукашэнкі.

І я мяркую, што да 2006 году Масква і Лубянка падрыхтуюць сваю падстаўную рэвалюцыю ў Беларусі. Спроба сілаў ужо была – 26 красавіка гэтага году. У гадавіну Чарнобылю. Падстаўная рэвалюцыя будзе кіраваная, як і падстаўная апазыцыя. І ўзначаляць яе “свае людзі”. Трэба разумець, што калі народ адмаўляецца ад сваёй барацьбы за свой лёс, дык на ягонай тэрыторыі за ягоную душу будуць змагацца чужыя. Будуць адбывацца чужыя розыгрышы, ставіцца чужыя спэктаклі. І мы ўжо гэта назіралі”.

(Навумчык: ) “Гэтымі днямі на саміце краінаў Рады Эўропы прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў пра магчымасьць правядзеньня ў Вільні сустрэчы кіраўнікоў краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну. Яшчэ раней тэма Балта-Чарнаморскай судружнасьці гучала з вуснаў лідэраў Украіны. Але першым, хто пятнаццаць гадоў таму сказаў пра Балта-Чарнаморскую судружнасьць як геапалітычную пэрспэктыву, былі менавіта Вы. Тады шмат каму гэтая ідэя падалася проста абсурднай. У тым ліку і цяперашнім лідэрам беларускай апазыцыі. Скажыце, Вам ня крыўдна, што прызнаньне прыйшло толькі цяпер і пры гэтым ня згадваецца імя ініцыятара?”

(Пазьняк: ) “Якая крыўда? Мне радасна! Я лічу, што ідэя Балта-Чарнаморскай супольнасьці ёсьць адной з найлепшых ідэяў Беларускага народнага фронту. Яна пачала палітычна ажыцьцяўляцца ў пачатку 1990-х, адбыліся дзьве міжнародныя канфэрэнцыі па БЧС, аб будучым уладкаваньні Ўсходняй Эўропы, былі прынятыя дакумэнты. Потым у рэчышчы БЧС зьявілася ідэя балтыйска-чарнаморскага нафтавага калектару. Ужо было дамоўлена з Украінай, пачалі рыхтаваць праектную дакумэнтацыю. І тады ўсёй гэтай справе перашкодзіла Расея. У 1993 годзе разам з праектнымі дакумэнтамі па калектары бясьсьледна зьнік намесьнік старшыні Народнага руху Ўкраіны Байчышын. У 1994 годзе да ўлады ў Беларусі прывялі Лукашэнку. Ну і ўсё разумнае і выгаднае для Беларусі спынілася. Але тое, што цяпер ідэя БЧС пачынае зноў прамаўляцца, мяне вельмі радуе.
Справа ў тым, што гэтая ідэя ня ёсьць суб’ектыўным дадумваньнем. Гэта вынік аналізу і адлюстраваньне гістарычна-культурнай сытуацыі. Тут паказаныя парадак і падзел, які вынікае аб’ектыўна з сутнасьці гісторыі і культуры Эўропы. Эўропа Заходняя – гэта адно, а Эўропа Ўсходняя – гэта іншае. Яны ніколі ня стануць адным, як ня будзе суіснаваць вада і агонь, хіба што за кошт разбурэньня іншай палавіны. Гэтак жа, як ніколі Расея ня стане ўвогуле Эўропай: ні Заходняй, ні Ўсходняй. Пагатоў яна і ня хоча ёй стаць. Ідэя Балта-Чарнаморскай супольнасьці як ідэя культурнага і палітычнага падзелу будзе ўзьнікаць увесь час, пакуль не ўвасобіцца ў аптымальнай форме. Гэтак жа, скажам, як некалі было ў Сярэднявеччы”.

(Навумчык: ) “Цяпер прэзыдэнт ЗША Буш падпісаў закон аб дапамозе беларускай дэмакратыі, і гэта шырока камэнтуецца. Скажыце, а Вы асабіста ці атрымлівалі альбо атрымліваеце нейкую дапамогу з боку ўраду ЗША?”

(Пазьняк: ) “У палітыцы вельмі небясьпечна браць чужыя грошы. А лепш іх зусім ня браць, бо яны прыліпаюць да рук… Што датычыць мяне – я адчуваю сябе абсалютна свабодным палітыкам і свабодным чалавекам. Бо я ніколі ня ўзяў ад ураду Амэрыкі ніводнага цэнта. Ні аднаго цэнта! Тое, што мне даводзіцца рабіць – літаратуру, якія выпускі – гэта ўсё за кошт дапамогі сяброў зь беларускага замежжа. За кошт збораў, складак, нават прыходзіцца з шапкай у руках зьбіраць, але гэта нашы, беларускія грошы, заробленыя беларусамі. І галоўнае, урэшце, у палітыцы ня грошы, а людзі. Калі ёсьць людзі, калі яны здольныя змагацца, дык будзе ўсё. І Фронт гэта даказаў. А вось гэтая падстаўная пуга, якую зрабілі, яна ня мае нічога, ні найменшых посьпехаў у палітыцы. Назавіце хоць адну перамогу, якой яны дабіліся за гэты час? Яны ўсё развалілі, усё зьнішчылі. Ніхто іх не падтрымлівае, а грошы ім, кажуць, то столькі даюць, то гэтак даюць… Гэта – пародыя ў палітыцы.

Палітыка ня робіцца грашыма. Гэта маё перакананьне, і гэта пацьвердзіла наша гісторыя. Незалежнасьць мы здабылі нашымі сэрцамі, нашай працай і нашай ахвярнасьцю, а ніякімі не грашыма”.

Паводле RFE/RL, Сяргей Навумчык, Прага

17/5/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2005
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024