Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Алеха Карпэнцер. Выбраныя

…et facta est pluvia super terram… (1)

І

На досвітку ўсё запоўнілі каноэ. У неабсяжную затоку, возера, унутранае мора, народжанае з нябачнай сутокі Ракі, што цячэ здалёк – яе крыніцы нікому невядомы – і Ракі Правай Рукі, прыбывалі караблі. Імклівыя, яны жадалі хутчэй прайсці з усёй урачыстасцю праз вузкую пратоку, каб ударыць вёсламі і ўстаць побач з іншымі чаўнамі, якія ўжо прышвартаваліся, прытуліліся борт да борта, на якіх віравалі людзі, што скакалі з носа на карму, выдурваліся, як блазны, кідалі жарцікі, корчылі грымасы ў бок, дзе іх нібыта ніхто не заўважаў. Тамака былі людзі з варожых плямёнаў – спрадвечныя ворагі, што зводзілі іхніх жанчын і кралі харчовыя запасы, — ім ужо не ставала ваяўнічага духу, яны забыліся пра бойкі, глядзелі з дурнымі ўсмешкамі, нават не наважваліся ўступіць у размову. Тамака былі людзі з плямёнаў вапішанаў і шырышанаў, што некалі – можа два, тры, чатыры стагоддзі таму – білі нажамі людзей племені хаўрыясаў у бойках на смерць, настолькі жорсткіх, што часам не заставалася нікога, хто мог бы расказаць пра іх. Але блазны з тварамі, размаляванымі сокам дрэваў, усё скакалі і скакалі з каноэ на каноэ, выстаўляючы з-пад аленіх скур палавыя органы, калацілі ў бубны і бразгалі кастаньетамі з ракушак, што віселі ў іх на геніталіях. Гэтая згода, гэты ўсеагульны мір ўражваў тых, якія толькі што прыплылі. Іхняя зброя была схавана, прывязана вяроўкамі, якія можна было імгненна парваць. Зброя была пад рукой на дне каноэ. І ўсё гэта – зграмаджэнне караблёў, гармонія, што панавала паміж братамі-ворагамі, распярэзанасць блазнаў – адбывалася таму, што звестка дайшла да народаў, да народаў, якія жылі далёка за бурнымі плынямі, да народаў, што не мелі сваёй дзяржавы, да народаў, што не ведалі агню, да народаў-бадзягаў, да народаў каляровых гор, да народаў Далёкіх Сутокаў – звестка, што Стары мае патрэбу ў дапамозе ў адной вялікай справе. Ворагі або не, народы шанавалі старога Амалівака за ягоную мудрасць, ягонае разуменне ўсяго, ягоную добрую параду, ягоныя гады, пражытыя на гэтым свеце, ягоную сілу, што дазволіла яму яшчэ даўно занесці на вяршыню гары тры маналіты, якія людзі, калі грымаў гром, называлі Барабанамі Амалівака. Амалівак не быў богам; ён быў чалавекам веды; ён ведаў многія рэчы, што былі недаступныя звычайным смяротным; ён часам размаўляў з Вялікай-Змяёй-Прамаці, якая ляжала на гарах, паўтараючы іх контуры так, як адна рука можа паўтараць контуры другой, якая стварыла жудасных багоў, што кіруюць чалавечым лёсам, даючы Дабро прыгожай дзюбай тукана, падобнага на Вясёлку, і даючы Зло ядавітай змяёй, у малюпасенькай і тонкай галаве якой схаваны найстрашнейшы з ядаў. Хадзіў жарт, што Амалівак зрабіўся зусім стары, размаўляў сам з сабой і адказваў рознымі глупствамі на свае ж пытанні, а да таго ж звяртаўся да глекаў, кошаў, драўляных абручоў, як да людзей. Але калі Стары Трох Барабанаў склікаў грамаду, то значыць, нешта мела адбыцца. Тады ад самага ранку ціхамірна-рахманы суток Ракі, што цячэ здалёк, і Ракі Правай Рукі запаўняўся да краёў, у яго водах віравалі каноэ.

Калі стары Амалівак з’явіўся на камені, што нібыта гіганцкая трыбуна ўздымаўся над водамі, запанавала ціша. Блазны вярнуліся ў свае каноэ, чарадзеі навастрылі вушы, а жанчыны перасталі круціць круглыя камяні жорнаў. Здалёк, ад самых апошніх шэрагаў караблёў можна было разглядзець, ці ўзялі гады ўладу над Старым. Ён глядзеўся на вяршыне каменя, як казурка, што жэстыкуліравала, як нешта малюпасенькае і актыўнае. Узняў руку і пачаў гаварыць. Казаў, што ў жыцці людзей набліжаюцца Вялікія Пераўтварэнні. Казаў, што сёлета змеі паклалі яйкі на вяршынях дрэваў. Казаў, што неварта разважаць пра прычыны, а лепш, каб запабегчы вялікім няшчасцям, трэба падняцца на пагоркі, горы, сысці ў кардыльеры. “Але там жа нішто не расце”.—сказаў адзін вапішан шырышану, які слухаў старога з хітранькай усмешкай. Раптам на правым фланзе, дзе сабраліся каноэ, што прыплылі здалёк, ўзняўся вэрхал. Нехта крычаў: “Дык мы граблі два дні і дзве начы, каб паслухаць гэта?” “Што ж гэта робіцца?” – крычалі справа. “Заўсёды мы працуем, гаруем і нічога не маем!” – крычалі злева. “Гавары па справе! Па справе!” – крычалі справа. Стары ўзняў руку другі раз. Блазны змоўклі. Стары паўтарыў, што не мае права здрадзіць тое, што ведаў праз таемнае адкрыццё. Што патрабуе як мага хутчэй рук, людзей, каб паваліць незлічоныя дрэвы і як мага хутчэй. Ён заплоціць маісам – ягоныя свіраны поўныя – і мукой юкі, якой запоўнены ягоныя клеці. Усе, хто сабраўся тут, хто прыплыў разам з дзецьмі, чараўнікамі і блазнамі, будуць мець усё неабходнае і яшчэ больш, калі настане час вяртацца. Сёлета – і гэта ён сказаў дзіўным тонам, хрыпатым голасам, які вельмі збянтэжыў тых, хто ведаў яго – голаду не будзе, ім не прыйдзецца есці зямных чарвякоў у сезон дажджоў. Але вось што трэба рабіць: валіць дрэвы і ачышчаць іх. Падпальваць іх пад корань, валіць, спальваць вялікія і малыя галіны і пакідаць толькі ствалы без якіх-кольвечы заганаў: чыстыя, гладкія, як барабаны, што ўзвышаюцца тамака далёка (і ён паказаў на іх). Ствалы, абчэсаныя і здольныя трымацца на вадзе, трэба скласці на гэтай паляне – і ён паказаў на вялізную натуральную пляцоўку – дзе каменчыкамі трэба будзе скласці рахунак ствалоў, дастаўленых кожным народам. Стары скончыў прамову, сцішыліся крыкі, і распачалася праца.

ІІ

“Стары з’ехаў з глузду”. Так казалі людзі племені вапішанаў, так казалі людзі племені шырышанаў, так казалі гуаібы і піароі; так казалі ўсе народы, занятыя на лесапавале. Яны бачылі, як з дастаўленых імі ствалоў Стары будуе вялізазнае каноэ – прынамсці, тое, што было падобна на каноэ – такое не мог бы прыдумаць чалавечы розум. Абсурднае каноэ, няздольнае плаваць, яно распасціралася ад пакручастай Скалы Трох Барабанаў да берагоў затокі. Унутры яно было падзелена рухомымі перагародкамі – гэта было зусім невытлумачальна. Акрамя таго, гэтае каноэ мела тры паверхі, над якімі пачынала ўжо ўзвышацца нешта падобнае на дом, пакрыты дахам з лістоў пальмы-марычэ ў тры тоўстых слаі, з вакном з кожнага боку, і мела яно такую пасадку, што мясцовыя воды з пяшчанымі мелізнамі і безліччу падводных камянёў не змаглі б падняць карабель. Больш таго, найбольш неверагодным было тое, што пабудова мела форму каноэ з кілям, шпангоўтамі, з усімі прыладамі дзеля мараплавання. На храм яна была не падобна, таму што багам пакланяюцца ў адкрытых пячорах на вяршынях гор, там, дзе ёсць звяры, намаляваныя продкамі, сцэны палявання і жанчыны з вялікімі грудзямі. Стары з’ехаў з глузду. Але ягоным шаленствам можна было жывіцца. Хапала маніокі і маісу, каб у глеках гнаць маісавую гарэлку-чычу. А потым наладжваць грандыёзныя гулянкі ў ценю Каноэ-Гіганта, што рос з кожным днём. Цяпер Стары прасіў белай гумы, той, што цячэ са ствалоў дрэваў густой плынню і напаўняе шчыліны, калі дрэва раптам заціснута суседнім ствалом. Уначы ўсе танцавалі пры святле вогнішчаў; чараўнікі выймалі Вялікія Маскі Малпаў і Дэманаў; блазны імітавалі аленя і жабу; адбываліся спаборніцтвы, бяскроўныя дужанні паміж плямёнамі. Прыбывалі новыя народы, прапанавалі свае паслугі. То было святкаванне да моманту, калі Амалівак усталяваў квітнеючую галіну на даху дома, які дамінаваў у канструкцыі Каноэ-Гіганта, вырашыўшы, што праца скончана. Кожны быў шчодра ўзнагароджаны мукой юкі і маісам, і – не без смутку – народы адплылі ў свае валадаранні. А пад поўняй засталося абсурднае каноэ, раней нябачанае каноэ, наземная канструкцыя, якая ніколі не змагла б плаваць, нягледзячы на сваю форму карабля-з-домам-на-вяршыне, на квадратны дах якога з лісця марычэ ўзышоў стары Амалівак і пачаў вырабляць дзіўныя жэсты. Да яго казаў Вялікі-Голас-Таго-Каторы-Стварыў-Усё. Перад ім разбурыліся межы будучыні, і стары атрымаў таямнічыя інструкцыі. “Каб ізноў засяліць зямлю людзмі, няхай твая жонка кіне цераз плячо семя пальмы”. Часам гучаў жудасны, салодка-забойчы голас Вялікай-Змяі-Прамаці, ад чыіх спеўных слоў кроў стыла ў жылах. “Чаму я павінен быць – думаў стары Амалівак – захавальнікам Вялікай Таямніцы, недаступнай людзям? Чаму яна абрала мяне, каб я выказаў страшныя заклінанні і ўзяў на сябе такія вялікія справы?” Нейкі цікаўны блазан затрымаўся на сваім чаўне, каб паглядзець, што адбудзецца з Тым-Дзіўным-Што-Ёсьць-Каноэ-Гігантам. І калі месяц ужо схаваўся за блізкімі гарамі, прагучалі Заклінанні, нячувальныя, недаступныя розуму, выказаныя голасам настолькі моцным, што гэта не мог быць голас Амалівака. Раптам уся расліннасць, дрэвы, трава, галлё, што засталося пасля лесапавалу, зрушыла з месца. Гэта было магутнае рушанне скачкамі, паўзком, лётам, галопам, рыўкамі ў бок Каноэ-Гіганта. На досвітку неба прасвятлела сінню. Маса, якая раўла, тупала лапамі, гудзела, стракацела пысамі і гарбамі, уставала на дыбкі, натапырвалася рагамі; маса, лавінападобная, магутная, імклівая, улівалася ў немагчымы карабель, пакрытая птушкамі, што імпэтна ўляталі туды пасярод рагоў, задзертых ног, пысаў, што грызлі вецер. Потым уся зямля закішэла ад рэпцілій вады і сушы, сярод якіх былі і агромністыя яшчаркі, і хамелеёны, і меншыя змеі – тыя, што робяць хвастом музыку, прыкідваюцца ананасам і носяць на целе бранзалеты з бурштыну і каралаў. Да самага поўдня адбывалася нашэсце людзей, што, як і чырвоныя алені, своечасова не атрымалі паведамлення, таксама ж як чарапахі, для якіх доўгія падарожжы ёсць цяжкай справай ды яшчэ ў перыяд кладкі яек. Урэшце, убачыўшы, што апошняя чарапаха ўпаўзла ў каноэ, стары Амалівак зачыніў Вялікі Люк і ўзышоў на вяршыню дома, дзе жанчыны ягонай сям’і – гэта значыць: ягонага племені, бо ў племені жаніліся ў трынаццаць гадоў – спявалі і няспынна круцілі ручныя млыны. Неба ў той поўдзень было чорным. Здавалася, што чорная зямля наваколля ўстала наўтапыркі ад далягляду да далягляду. Раптам загучаў Вялікі-Голас-Таго-Каторы-Стварыў-Усё. “Засланіце вушы”,– сказаў ён. Амалівак ледзь паспеў падпарадкавацца, як грымнуў гром такі жудасны і працяглы, што звяры Каноэ-Гіганта аглохлі. Пачаў падаць дождж. Але не той дождж, які вы бачылі. Дождж Гнева Багоў, сцяна вады невымернай таўшчыні, якая абрынулася з вышыні; воднае покрыва пасярод няспыннага разбурэння. Пад такім дажджом немагчыма было дыхаць, таму Стары вярнуўся ў дом. Туды ўжо прасачыліся кроплі, там плакалі жанчыны і пішчэлі дзеці. І немагчыма ўжо было адрозніць дзень ад ночы. Зразумела, Амалівак зрабіў запасы фіцілёў. Іх запалілі, і яны няроўна гарэлі ўдзень або ўначы. Але цяпер з прычыны браку святла Стары збіўся ў сваіх рахунках, блытаючы ночы з днямі, а дні з начамі. І раптам, у імгненне, якое стары не забудзе ніколі, нос каноэ пачаў даваць крэн. Нейкая сіла ўздымала, ўзносіла, штурхала канструкцыю, зробленую пад камандай Магутных Валадароў Гор і Неба. І вось, пасля ўсяго напружання, разгубленасці, страху, ад чаго Амалівак вымушаны быў выпіць цэлы глек маісавай гарэлкі, яны адчулі нібыта глухі ўдар. Каноэ-Гігант парваў апошні канат, што звязваў яго з зямлёй. І паплыў. Вырушыў у свет бурных плыняў, што віравалі сярод гор, плыняў, няспынны роў якіх напаўняў страхам грудзі людзей і звяроў. Каноэ-Гігант плыў.

ІІІ

Спачатку Амалівак і ягоныя дзеці, ягоныя ўнукі ды праўнукі-прапраўнукі спрабавалі, выскачыўшы з крыкам на палубу, разабрацца ў манеўрах рулявога. Бессэнсоўна. У атачэнні гор, пад ударамі маланак Каноэ-Гігант падаў з віра ў вір, з аднаго віража ў другі, абыходзячы падводныя камяні і не сутыкаючыся ні з чым. Не маючы сілы, карабель паддаваўся шалёнаму парыву вады. Калі стары зірнуў за борт свайго Каноэ-Гіганта, ён убачыў, як карабель ляціць імкліва, згубіўшы арыентацыю на Поўнач (дарэчы, а ці бачны зоркі?), пасярод ускаламучанага бруднага мора, якое паступова залівала горы і вулканы. На карабель зусім зблізу глядзела нікчэмная зеўра, якая некалі вывяргала агонь. Горы паступова памяншаліся па меры таго, як знікалі іхныя схілы. А Каноэ-Гігант плыў няпэўнымі маршрутамі ў бок невядомых прыстаняў, часам круціўся вакол сваёй асі, аж пакуль не налятаў на магутны ўсплеск вады, што абрынаўся водаспадам на спакойныя глыбінныя плыні. І так яны плылі праз нязведаныя цясніны да тае пары – а паводле падлікаў Амалівака, дождж ліў больш за дваццаць дзён і гэта быў проста патоп…—пакуль воды не перасталі падаць з неба. Усё сцішылася, бескрайняе мора супакоілася пасярод апошніх бачных вяршыняў з іхнімі берагамі, залітымі стракатай гразёй, вышынёй у тысячы пядзяў, і Каноэ-Гігант больш не хістаўся. Нібыта Вялікі-Голас-Таго-Каторы-Стварыў-Усё прымусіў яго супакоіцца. Жанчыны вярнуліся да сваіх ручных млыноў. Жывёлы ўнізе былі спакойныя: усе яны, нават драпежнікі, з дня Адкрыцця задавольваліся штодзённым кормам з маісу і юкі. Стомлены Амалівак хільнуў у раток добры глек маісавай гарэлкі і затуліўся спаць ў свой гамак.

На трэці дзень сну ён абудзіўся, бо карабель ударыўся аб нешта. Але то была не скала, не камень, не старыя ствалы дрэваў, што звычайна ляжаць і гніюць, нікому не патрэбныя, на палянах у сельве. Удар быў настолькі моцны, што паперакульваліся рэчы: глекі, начынні, зброя. Але то быў мягкі ўдар, так сутыкаецца адно мокрае дрэва з другім, адзін плаваючы ствол з другім. І пасля таго, як яны параняць адно ў аднаго кару, яны працягваюць сваё плаванне разам, злучаныя, як муж з жонкай. Амалівак падняўся на верхнія палубы свайго судна. Ягонае каноэ сутыкнулася наўскось з нечым надзвычай дзіўным. Яно наляцела бортам і не пацярпела шкоды ад удару аб агромністы карабель з адкрытым каркасам, шпангоўтамі па-за бортам. Карабель быў нібыта збудаваны з бамбука і трыснягу і меў нешта зусім непаўторнае: мачту, вакол якой паварочваліся ў залежнасці ад напрамку брыза – вялікія вятры ўжо скончыліся – чатыры квадратныя ветразі, якія падхоплівалі паветра, што свісцела ўнізе, як комін хаты. Узіраючыся ў цёмнае судна, на якім не было ні душы, стары Амалівак думаў і прымерваўся да яго вокам бывалага гандляра глекамі – зразумела, поўных маісавай гарэлкі. Карабель меў каля трохсот локцяў у дліну, каля пяцідзесяці ў шырыню і каля трыццаці ў вышыню. “Больш менш, як маё каноэ, — казаў ён,– хаця я павялічыў да максімуму прапорцыі, што былі паведамлены мне ў адкрыцці. Богі не надта разбіраюцца ў мараплаванні, бо ўвесь час перасоўваюцца ў небе”. Расчыніўся люк дзіўнага карабля, і з’явіўся малюпасенькі стары ў чырвоным капелюшы. Ён выглядаў на крайне раздражнёнага. “Як гэта? Мы не прыстанем?” – закрычаў ён на дзіўнай мове, танальнасць якой мянялася скачкамі з кожным словам. Але Амалівак зразумеў усё, таму што ў тыя дні мудрацы разумелі ўсе мовы, дыялекты і жаргоны чалавечых істотаў. Амалівак загадаў кінуць канцы на дзіўнае судна. Караблі прыціснуліся адзін да аднаго, і Амалівак абняўся са старым, які меў скуру жоўтага колеру і казаў, што ён плыве з Царства Сін ды вязе жывёлаў у сутарэннях Вялікай Баркі. Ён расчыніў люк і паказаў Амаліваку свет нябачаных жывёлаў. Тыя знаходзіліся за загароджамі, што абмяжоўвалі іхнія рухі, і прадстаўлялі заалагічныя тыпы, аб якіх Амалівак не меў уяўлення. Ён напалохаўся, убачыўшы, як да іх караскаецца чорны жудасны мядзведзь. Унізе былі таксама нейкія нібыта алені з гарбамі на хрыбтах. Там скакалі таксама нейкія няўрымслівыя кошкі, якія называліся рысямі. “А што Вы тут робіце?” – спытаў чалавек з Царства Сін у Амалівака. “А Вы?” – адказаў стары. “Я ратую род чалавечы і жывёльныя віды”. – сказаў чалавек з Царства Сін. “І я ратую род чалавечы і жывёльныя віды”. – сказаў стары Амалівак. Тым часам жанчыны чалавека з Царства Сін прынеслі рысавага віна, і той ноччу гаворкі на цяжкія і няясныя тэмы больш не вяліся. На раніцу чалавек з Царства Сін і стары Амалівак былі ўжо на добрым падпітку, як страшны ўдар скалануў абодва караблі. Квадратнае судна – трыста локцяў у даўжыню, нешта каля пяцідзесяці ў шырыню, трыццаць локцяў (можа каля пяцідзесяці) ў вышыню – над якім узвышалася жылая пабудова з бакавымі вокнамі, наляцела на прышвартаваныя адзін да аднаго караблі. На носе, перш чым яго гукнулі з прычыны няўдалага манеўра, стаяў стары чалавек, вельмі стары, з доўгай барадой, і дэкламаваў са скрутка, зробленага са звярыных скураў. Ён дэкламаваў крыкам, каб усе слухалі яго і не наважыліся перапыніць з прычыны няўдала выкананага манеўра. Ён казаў: “Явэх сказаў мне: “Зрабі каўчэг з дрэва гафэр, зрабі адсекі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку. Зрабі ў каўчэзе ніжні паверх, другі і трэці”. “І тут таксама тры паверхі”. – сказаў Амалівак. Але стары казаў далей: “І вось, я навяду на зямлю патоп вады, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсць дух жыцця, пад нябёсамі; усё, што ёсць на зямлі, пазбудзецца жыцця. Але з табою я станаўлю запавет мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою…” “А ці ж не тое самае зрабіў і я?” – сказаў стары Амалівак. Але той стары працягнуў распавядаць са свайго Адкрыцця: “Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. З птушак паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя”. “А ці ж я не зрабіў так жа сама?” – спытаўся стары Амалівак, прыходзячы да высновы, што гэты чужынец надта выхваляецца сваімі Адкрыццямі, якія былі так падобны на іхнія Адкрыцці. Але, калі яны пабылі адзін у аднаго на суднах, паміж імі ўсталяваліся прыязныя сувязі. І чалавек з Царства Сін, і стары Амалівак, і Ной, што прыбыў апошнім, былі вялікімі выпівакамі. Віно апошняга, гарэлка-чыча старога, салодкая рысаўка першага змягчылі іхнія сэрцы. Пачаліся роспыты, спачатку сціплыя, пра іхнія народы, пра іхніх жанчын, пра тое, хто што есць. Час ад часу падаў дождж, нібыта дзеля таго, каб навесці больш яснасці на Небе. Ной, капітан масіўнага каўчэга, запрапанаваў зрабіць нешта, каб даведацца, ці ўсё расліннае жыццё свету знікла. Ён выпусціў галубку над водамі, спакойнымі, але нявыказана мутнымі. Пасля доўгага чакання галубка вярнулася, трымаючы ў дзюбе пальмавую галінку. Тады стары Амалівак кінуў у ваду мыш. Пасля доўгага чакання мыш вярнулася, трымаючы ў лапках пачатак маісу. Урэшце чалавек з Царства Сін паслаў папугу, якая вярнулася з рысавым коласам пад крылом. Жыццё вярталася ў сваю каляіну. Заставалася толькі атрымаць Настаўленне ад Тых, што са сваіх храмаў і пячор кіруюць дзеяннямі людзей. Узровень вады зніжаўся.

ІV

Прамінулі дні, і сцішыліся Вялікія Галасы Таго-Каторы-Стварыў-Усё, Явэха, з якім Ной, здаецца, вёў доўгія размовы і атрымліваў больш дакладныя інструкцыі, чым атрымаў Амалівак; Чалавек з Царства Сін слухаў Таго-Хто-Стварыў-Усё і жыве ў прасторы, невясомы і вісіць у паветры, як бурбалка. Разгубіліся капітаны караблёў, счэпленых бартамі, і не ведалі, што рабіць. Воды спадалі; горы вырасталі; пачалі вырысоўвацца горныя храбты на даляглядзе, дзе ўжо не было туманаў. І вось аднойчы ўвечары, калі капітаны выпівалі, каб забыцца на свой неспакой і цяжкія думкі, ім паведамілі, што з’явіўся чацверты карабель. Ён быў амаль белы, з вытанчанай тонкасцю ліній, з гладкімі бартамі і ветразямі, якіх ніхто раней не бачыў. Карабель нетаропка падплыў, і на ім з’явіўся капітан, захінуты ў чорны ваўняны плашч: “Я – Дэўкаліён.– сказаў ён.—Я адтуль, дзе ўздымаецца гара, што называецца Алімп. Мне было даручана Богам Нябёсаў і Святла аднавіць насельніцтва свету, калі скончыцца гэты жудасны патоп”. “А дзе ты змясціў жывёл у такім сціплым караблі?” – спытаўся Амалівак. “Пра жывёлін мне не было сказана. – сказаў прыбылы капітан. – Калі гэта скончыцца, мы возьмем камяні, якія ёсць плоццю зямлі, і мая жонка Піра перакіне іх цераз свае плечы. З кожнай булыгі народзіцца чалавек”. “А я павінен зрабіць тое ж з пальмавым семям”. – сказаў Амалівак. А тым часам з туману, што згусціўся над блізкімі берагамі, вынырнула аграмадзіна – карабель, амаль ідэнтычны каўчэгу Ноя. Майстэрскім манеўрам каманда павярнула судна і завяла яго ў шыхт. “Я — Оўр-Напішцім, — сказаў новапрыбылы Капітан, пераскочыўшы на карабель Дэўкаліёна. – Ад Гаспадара Водаў я даведаўся аб тым, што мае адбыцца. Тады я пабудаваў каўчэг і пагрузіў у яго акрамя сваёй сям’і па галаве жывёлаў кожнага віду. Мне здаецца, што горшае ўжо прамінула. Спачатку я выпусціў у прастору галубку, але яна вярнулася, не знайшоўшы нічога, што было б для мяне знакам жыцця. Тое ж здарылася з ластаўкай. Але крук не вярнуўся, што даказвае: ён знайшоў корм для сябе. Я ўпэўнены, што ў маёй краіне, у мясціне, якая называецца Пашча Рэк, засталіся людзі. Вада адыходзіць. Настаў час вяртання ў родны край. Цяпер столькі зямлі ад краю да краю, яе нанесла, наваліла на палі – будзем мець багатыя ўраджаі”. І сказаў чалавек з Царства Сін: “Скора мы расчынім люкі, і жывёлы выйдуць на свае забалочаныя пашы; і ўзновіцца вайна паміж відамі; і адны будуць жэрці другіх. Мне не дасталося славы за выратаванне расы цмокаў, і я адчуваю, што цяпер гэтая раса вымрэ. Застанецца толькі адзін цмок-самец без самкі на поўначы, дзе пасвяцца сланы са скрыўленымі біўнямі, а вялікія яшчуркі нясуць яйкі, падобныя на кунжутныя мяхі”. “Усё гэта магчыма, калі людзі далі рады ў гэтай прыгодзе. – сказаў Ной. – Шмат хто павінен бы ацалець на вяршынях гор”.

Капітаны маўкліва вячэралі. Вялікая журба – зразумела, нявыказаная – жыла ў іхных грудзях, яны ледзь стрымлівалі слёзы. Ім выпаў на долю гонар стацца выраннікамі і памазаннікамі розных багоў, але тыя звярталіся да людзей з аднолькавымі словамі. “Тамака павінны быць іншыя караблі, падобныя на нашы.—сказаў з горыччу Оўр-Напішцім. – Далёка за даляглядам, тамака далёка павінны быць іншыя выбраннікі , што плывуць са сваім грузам жывёл. Выбраныя з Краіны, дзе пакланяюцца агню і воблакам”. “Выбраныя з Імперый Поўначы, дзе, кажуць, людзі надзвычай дзейныя.”. У гэтае імгненне Голас-Таго-Хто-Стварыў-Усё загрымеў у вушах Амалівака: “Адплыві ад іншых караблёў і падпарадкуйся воднай плыні”. Ніхто, акрамя Старога, не пачуў грамавое пасланне. Але з усімі нешта здарылася, таму што ўсе хутка, не развітваючыся, вярнуліся на свае судны. Кожны з караблёў знайшоў адпаведную яму плынь пасярод вады, што ўжо была больш падобна на раку. І ўжо скора стары Амалівак застаўся сам са сваімі людзмі і жывёламі. “Багоў ёсць шмат. – думаў ён. – І дзе ёсць столькі багоў, колькі народаў, не можа цараваць згода, але жыццё будзе праходзіць у сварках і вэрхале вакол спраў сусвету”. Багі падаліся яму такімі маленькімі. Але яму яшчэ трэба было выканаць сваю місію. Каноэ-Гігант прыстаў да берага. Стары высадзіў на бераг адну са сваіх жонак і загадаў ёй кідаць цераз плячо пальмавае семя, якое прынёс у мяху. І сапраўды – гэта быў цуд – зярняты ператвараліся ў людзей, што на працягу некалькіх імгненняў раслі, раслі, былі спачатку ростам з дзяцей, потым станавіліся падлеткамі, юнакамі, і ўрэшце мужчынамі. З семям, што ўтрымлівала жаночыя расткі, здаралася тое ж самае. Раніцай бераг запаўняў натоўп, які віраваў паўсюль. Але раптам няясная гісторыя з выкраданнем жанчыны падзяліла масу людзей на дзве групы, і пачалася вайна. Амалівак хуценька вярнуўся на Каноэ-Гіганта і глядзеў адгуль, як толькі што выратаваныя, толькі што створаныя людзі забівалі адны адных. А паводле баявых пазіцый на беразе, абраным для ўваскрэсення, было ясна, што ўтварыліся група горцаў і група людзей раўніны. Ужо ў аднаго выбітае вока расцякалася па твару, у другога выпалі вантробы, а ў таго чэрап быў разбіты ўдарам каменя. “Думаю, што мы змарнавалі час”. – сказаў стары Амалівак, кіруючы Каноэ-Гіганта ў плаванне.

1. …і ліў на зямлю дождж… (лацінск.)

Alejo Carpentier. Cuentos. Ciudad de La Havana, 1979.

Пераклаў з іспанскай Валеры Буйвал

Алеха Карпенцер (1904-1980) – вядомы кубінскі пісьменнік. Аўтар раманаў “Страчаныя сляды”, “Стагоддзе асветы”, “Магчымасць метаду”, “Арфа і цень”, “Асвячэнне вясны”, аповесці “Барочны канцэрт”, навел і апавяданняў.

16/4/2005 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2005
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь