Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сяргей Навумчык: “Рэфэрэндум быў нелегітымны, таму бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі”

Пра падзеі, якія разгортваліся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, мы гутарым з дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, каардынатарам Апазыцыі БНФ Сяргеем Навумчыкам.

(Навумчык: ) “Нагадаю, што рэфэрэндум, які прапанаваў Лукашэнка, утрымліваў чатыры пытаньні: аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня” як дзяржаўных сымбаляў, аб скасаваньні беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай мовы, таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Мы лічылі ўсе гэтыя пытаньні антыканстытуцыйнымі. Асабліва страшным для нацыі – гэта проста быў зьдзек для нацыі – было фактычнае скасаваньне дзяржаўнасьці мовы. Да гэтага на працягу месяца мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя спосабы ўплыву на дэпутатаў, каб яны не галасавалі за гэты рэфэрэндум. І калі ўсе нашы магчымасьці – кулуарныя размовы, выступы з трыбуны ВС – былі вычарпаныя, мы пайшлі на галадоўку.

Нас было 19 чалавек на чале з Пазьняком. Адзін дэпутат, Ігар Пырх, хацеў таксама браць удзел, але быў хворы, мусіў класьціся ў шпіталь, і Пазьняк папрасіў, каб ён не ўдзельнічаў. Дарэчы, гэта той самы Ігар Пырх, які ўзначальваў парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня абставінаў жнівеньскага путчу ГКЧП 1991 году, пазьней ён памёр. Таксама нашы патрабаваньні падтрымала Галіна Сямдзянава, ну але мы палічылі, што, канечне, жанчына не павінна ўдзельнічаць у галадоўцы.

11 красавіка а 9.30 раніцы выступіў Пазьняк, зачытаў нашы патрабаваньні, і мы селі вакол трыбуны.

Гэтую нашу галадоўку цяпер, часам, называюць актам адчаю. Я думаю, гэта быў не акт адчаю, а апошні спосаб паўплываць на падзеі. Мы разумелі, што трэба пайсьці на ўсё, каб не прайшоў гэты “рэфэрэндум”. Я скажу за сябе – проста сабе б не дараваў, калі б не зрабіў ўсё, што можна.

І што прыкметна: ужо празь дзьве ці тры гадзіны пасьля таго, як мы пачалі галадоўку, гэтыя пытаньні лукашэнкаўскія ня сталі набіраць патрэбнай колькасьці галасоў дэпутатаў. Недзе дэпутатаў 100 галасавалі “за”, але каб прызначыць рэфэрэндум, трэба было 174, калі не памыляюся. Відаць, у шмат якіх дэпутатаў, што сядзелі ў залі, мы нешта ў душы зварухнулі. Можа, прабілася ў іх сумленьне. Словам – пачаўся для Лукашэнкі правал”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а як выглядалі падзеі ў ноч з 11-га на 12-га красавіка?”

(Навумчык: ) “Мы заявілі, што мы будзем галадаваць “да апошняга”. Я памятаю, прыкідваў, колькі можна пратрымацца – два ці тры тыдні, думаю, можна дакладна пратрымацца. У сэнсе, знаходзіцца ў прытомнасьці.

Ноччу спачатку прыйшоў начальнік службы аховы, дэпутат ВС Цесавец, прапанаваў нам пакінуць залю. Потым прыйшла група вайскоўцаў з палкоўнікам, заявілі, што будынак замінаваны. Мы сказалі, маўляў, ну калі замінаваны, шукайце бомбу ці што ў вас тут, мы не перашкаджаем. І сапраўды, сапёры недзе гадзіну шукалі ў Авальнай залі, нічога не знайшлі. А потым у дзьве гадзіны начы, калі мы ўжо леглі спаць каля той трыбуны, хто дзе, адчыніліся дзьверы, увайшоў начальнік прэзыдэнцкай аховы Каралёў, увайшоў Цесавец і яшчэ адзін мажны суб’ект. Гэты апошні сказаў, што нам даецца пяць хвілін, каб мы пакінулі памяшканьне, і што калі мы не пакінем – дык прымуць “адпаведныя захады”. Пазьняк сказаў, што – не, мы нікуды ня пойдзем, працягваем галадоўку ў Авальнай залі і пацьвярджаем свае патрабаваньні. Яны выйшлі, але ніякіх “пяці хвілінаў” не было – імгненна адчыніліся ўсе дзьверы, і проста за некалькі сэкундаў па пэрыметры залі забеглі людзі ў шлемах, са шчытамі, з аўтаматамі Калашнікава і, што зусім дзіўна, з гранатамётамі (я служыў у Савецкай Арміі і магу адрозьніць зброю). А па цэнтральным праходзе і, здаецца, нават з балкону – пасыпаліся людзі ў чорным, у чорных масках з прарэзамі для вачэй, у чорнай вопратцы.

Пазьней тагачасны першы намесьнік старшыні КГБ генэрал-лэйтэнант Кез прызнаў, што гэта была спэцгрупа КГБ “Альфа”. Тая самая “Альфа”, якая бярэ тэрарыстаў. Адзін “альфавец” здольны супрацьстаяць дзесяці салдатам спэцназу. Натуральна, што з намі яны маглі зрабіць што заўгодна. Але выглядае, была каманда не забіваць, а біць. Ну і накінуліся на нас і пачалі зьбіваць.

Перада мной сядзеў Пазьняк, я бачыў, як чалавек у чорным скокнуў, адной нагой спружыніў аб пюпітар, а другой – ударыў у грудзі, потым пачаў выціскаць Пазьняку вочы. Я якраз быў з тых, каму ў той момант менш за ўсіх дасталася, бо сядзеў у сярэдзіне. Зьлева сядзеў Юры Беленькі, яго схапілі, я яшчэ, памятаю, устаў і пачаў нешта крычаць пра дэпутацкую недатыкальнасьць, штосьці такое. Ну але літаральна праз пару сэкундаў мне скруцілі рукі, перадалі спэцназаўцам, і тады гэтыя чатыры спэцназаўцы ў касках ужо павалаклі. Мяне вывалоквалі якраз, здаецца, першага, дзьверы гэтыя цэнтральныя чамусьці прыхлопнуліся, і яны мной, як таранам, галавой, гэтыя дзьверы адчынілі. Пацягнулі далей. А ўся гэтая прастрора, гэтае фае перад Авальнай заляй Дома ўраду – яно проста было запоўненае людзьмі ў форме. Потым пракуратура высьветліла, што там было 1300 чалавек. А нас было 19.

(Караткевіч: ) “Няўжо ўлады баяліся, што будзе нейкі народны супраціў, альбо людзі прыйдуць да будынку Вярхоўнага Савету?”

(Навумчык: ) “Нараніцу на нашу абарону выйшла прыблізна каля тысячы чалавек. Я ўсё жыцьцё буду ўдзячны гэтым людзям, гэтак жа як і Ўладзю Арлову, і Васілю Ўладзіміравічу Быкаву, якія потым патэлефанавалі і выказалі словы падтрымкі.

Бо кіраўніцтва Вярхоўнага Савету паводзіла сябе… ну я б сказаў, проста баязьліва. Грыб спачатку заявіў, што “Беларусь апынулася на мяжы грамадзянскае вайны”, Шаладонаў, генэральны пракурор, завёў крымінальную справу, але літаральна ўжо праз дзьве гадзіны Грыб правёў сэсію па сцэнары Лукашэнкі, і прайшлі ўсе гэтыя пытаньні рэфэрэндумныя. І потым яны пайшлі на банкет.

Паколькі рэфэрэндум гэты 1995-га году быў прызначаны незаконна, дык і вынікі ягоныя таксама нелегітымныя. Дэ-юрэ бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі, а мова беларуская – зьяўляецца адзінай дзяржаўнай мовай. З усімі вынікаючымі з гэтага юрыдычнымі наступствамі для тых, хто сёньня над імі чыніць зьдзек. У мяне няма ніякага сумневу, што новы дэмакратычны парлямэнт скасуе вынікі гэтага рэфэрэндуму. Роўна як я і не сумняюся, што рана ці позна, хай гэта будзе праз 10 ці хоць і праз 15 гадоў – колькі там яшчэ пратрымаецца Лукашэнка, тыя, хто арганізоўваў гэтую акцыю зьбіцьця дэпутатаў, зь якой пачаўся ў Беларусі дзяржаўны тэрор, – яны сядуць”.

(Караткевіч: ) “Ёсьць інфармацыя, што зьбіцьцё дэпутатаў здымалася на відэакасэту…”

(Навумчык: ) “Вольга, гэта абсалютна дакладная інфармацыя, бо ўся наша галадоўка, калі ў залі запалілася сьвятло, здымалася з балкона, прычым здымкі вяліся на дзьве відэакамэры. Потым (і гэта было ў прамой трансьляцыі з сэсіі ВС, і засталося ў стэнаграме) Лукашэнка абяцаў, што пакажа па ТВ народу відэакадры, дзе мы нібыта выхапілі нажы, пагражалі сябе зарэзаць, пілі гарэлку, а нас нібыта ветліва папрасілі выйсьці з залі… Насамрэч, калі б кадры зьбіцця паказалі, дык і вынікі галасаваньня на выбарах, і рэфэрэндуме ў Беларусі былі б зусім іншыя.

Я не сумняюся, што гэтая відэакасэта ёсьць. Ведаеце, мне казалі, што праз тыдзень адна заходняя тэлекампанія прапанавала тэхнічнаму супрацоўніку БТ, калі пераганялі касэту зь відэакасэты на “бэтакам” (тэлесыстэму), – дык вось яму прапанавалі 50 тысяч даляраў за копію. Ён пагадзіўся. Але потым, літаральна праз дзень, адмовіўся ад такой вельмі вялікай сумы, бо жыцьцё даражэй. Казалі, што нейкі час гэтая касэта была ў Сініцына, магчыма, у яго і ёсьць копія – ён жа кіраваў ўсёй той аперацыяй, быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. Можа, гэта, скажам, “ахоўчая грамата” Сініцына ад Лукашэнкі”.

(Караткевіч: ) “Відаць, гэта было наіўна тады думаць, што на той момант парлямэнтарызм замацаваўся, але апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-ага скліканьня паказала, што парлямэнтарызм магчымы. Бо малой колькасьцю вам удалося працягнуць важныя рашэньні. Вашы асабістыя адчуваньні як парлямэнтарыя і чалавека, наколькі гэта было страшна? І наколькі гэта сапраўды прадказвала далейшае разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі?”

(Навумчык: ) “Аднойчы зімой я ехаў на машыне зь Менску у Віцебск, быў лёд, мяне занесла і паставіла перад “фурай”, якая неслася насустрач. Пакуль я не вывернуўся, за дзьве-тры сэкунды ў мяне было абсалютна дакладнае адчуваньне, што гэта – канец. Дык вось калі гэтыя “чорныя” пасыпаліся на нас, у мяне таксама было адчуваньне, што – усё, гэта канец. Таму нейкага такога разгорнутага адчуваньня жаху апісаць не магу. Прычым, што цікава, у мяне ўжо праз пару дзён ў памяці засталіся толькі сэкунд дваццаць-трыццаць усёй гэтай дзеі. Я тады, памятаю, сеў пісаць артыкул для “Свабоды” Ігара Гермянчука (ён таксама ўдзельнічаў у галадоўцы, ён сарваў маску ў аднаго з “чорных”, Ігар памёр тры гады таму, зямля яму пухам…) – і ня мог ўсё ўзгадаць… А па храналёгіі “апэрацыя” цягнулася 8 хвілінаў ці нават 12 – гэта рэканструкцыя падзеяў, якую правёў сьледчы Бролішс.

Што ж датычна палітычнага жаху… У мяне ніколі не было ілюзіяў наконт Лукашэнкі, зь якім я чатыры гады правёў у парлямэнце, ні наконт ягоных паплечнікаў (якія потым, шмат хто зь іх, перайшлі ў апазыцыю). Я ведаў, што гэта абсалютна цынічныя людзі, якія кінулі лёс Беларусі пад свае прыватныя амбіцыі. Таму можна было прадбачыць, да чаго гэта прывядзе. Проста было жаданьне вось гэтым апошнім сродкам, гэтай галадоўкай неяк супрацьстаяць. І я магу сказаць цяпер, праз дзесяць гадоў – калі б ўсё назад адгарнуць, я зрабіў бы тое самае”.

Паводле RFE/RL, Вольга Караткевіч, Прага.

12/4/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2005
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024