Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (10–20 сьнежня 2004 г.)

Валеры Буйвал
Беларускія клясікі нацярпеліся ад расейскіх акупантаў і іхных мясцовых паслугачоў пры жыцьці і пасьля згону. Вядома , напрыклад, што ў расейскім перакладзе паэмы “Новая зямля” мы ня ўбачым тых фрагмэнтаў тэксту, дзе апісаныя заможнасьць беларускага побыту, яркасьць і высокі ўзровень нашай культуры (усё гэта не ўваходзіла ў маскальскі стэрэатып беларуса, “які толькі і марыў як бы гэта далучыцца да маскальшчыны ды растварыцца ў ёй”).

Апошнім часам прарасейскі рэжым мабілізаваў усю сваю псэўдаэліту на выпінаньне правінцыйнай “русскості”. Тая й радая старацца, адкрывае часам і высоўвае ў цэнтар такое, што заўсёды было абсалютна маргінальным і нязначным. Днямі радыё РБ давала рэпартаж са сталічнага Музэя Якуба Коласа. Дырэктарка музэя ў выглядзе ўступу адбарабаніла некалькі дзяжурных сказаў. А потым пачала дэклямаваць “на московском говорке” фрагмэнты лістоў клясіка да іншых асобаў (лістоў глыбока асабістых, якія не надаюцца на публічную дэклямацыю!). Проста лісты напісаныя клясікам па-расейску (мы ведаем, што беларускія інтэлектуалы Адраджэньня былі высокакультурнымі асобамі і ведалі шэраг моваў). Цяпер для прафэсіяналаў русіфікацыі гэты нязначны факт біяграфіі літаратара стаўся козырам у іхнай спробе заблытваньня нашага грамадзтва. Слухаючы квазімузэйную балбатню, думалася, што такія “коласазнаўцы” скора сфармулююць для школьнікаў новае крэда гісторыі нашай літаратуры, дзе знойдзецца месца фальшыўкам, накшталт “Колос – довольно известный русский писатель, проживавший в Белоруссии”. Фальсіфікатары спрабуюць увесьці нас у стан, які народ даўно вельмі трапна выказаў – “і я – не я, і хата не мая…”

10 сьнежня ў галоўным саборы ў Маскве, пабудаваным у канцы 1990-х гг. на месцы сталінскага басэйну (многія разумныя людзі цярпець ня могуць гэтую жалеза-бэтонную калясальную будыніну; кажуць, што лепш было б пабудаваць на тыя самыя грошы некалькі тысячаў храмаў у занядбаных расейскіх правінцыях), адбывалася чарговае эклектычнае шоў. У інтэр’еры, падобным на прапагандысцкі клюб брэжняўскіх часоў,– чырвоныя крэслы з пазалочанай разьбой, сцэна-прэзыдыюм, цяжкія заслоны, не хапала толькі ленінскага бюсьціка,– аргкамітэт раздаваў прэміі “чалавек году”. Спачатку ўсе ўскочылі зь месцаў і грукатаў гімн савецкага саюза, дзе замест рэфрэна “Па-а-артия Ленина, сила наро-одная, нас к торжеству коммунизма ведёт…” цяпер гучыць уставачка “Страна-а-а, Богом хранимая…” Прэмію атрымаў патрыярх РПЦ Алексій, які зрабіў кар’еру яшчэ пры “таржастве камунізму” (сярод іншага чытаў у ленінградзкай тэалягічнай акадэміі курс лекцыяў “Роль В.І.Леніна ў разьвіцьці праваслаўнай царквы”). Потым хор манахаў засьпяваў а капэла “Так за царя, за родину, за веру…” Прэмію выдалі з празрыстым намёкам Ул. Пуціну “за выдатныя заслугі ў эканоміцы і дзяржаўным будаўніцтве” (да-а, украінскага ордэну яму ўжо не дачакацца). Старажытным талентам, якія стварылі папулярныя да нашых часоў вобразы кэнтаўраў і грыфонаў, ня сьніліся такія эклектычныя штучкі: гібрыд ці то сьвіньні з паўлінам, ці то жырафа з клапом.

Пакуль прэзыдэнтша Л. Пуціна купляла на індыйскіх і турэцкіх базарах золата, шчодра абсыпанае дыямэнтамі, у Варкуце застрайкавалі інваліды-шахтары. Тэлевізія паказала, як на падлозе ляжаць на тапчанах 12 змардаваных галадоўкай асобаў, як іх маральна падтрымліваюць калегі і семьі. Справа ў тым, што ў верасьні гуманнае начальства ня проста рэзка зьнізіла памер пэнсіяў па інваліднасьці (напрыклад, той, хто атрымліваў 30 тысячаў, раптам атрымаў 8 тысячаў рублёў), але яшчэ й запатрабавала, каб інваліды вярнулі ў казну грошы, атрыманыя раней. Гэтакага зьдзеку людзі ўжо ня вытрымалі. Тэлегрупа завітала й да варкуцінскага столаначальніка (фізіяномія магутная, ласьніцца ад тлушчу – яго трэба б у ваганэтку з вуглем запрагаць). Афіцыйная фізіяномія заявіла ў камэру: “Мы іх разумеем. Ім хочацца мець усё больш і больш. Але ёсьць закон і прадпісаньне”. Нешта мы, аднак, ня чулі пра акцыі пралетарскай салідарнасьці з галадоўшчыкамі ў іншых гарадах Расеі.

11 сьнежня расейская тэлевізія паказала спэцыяльную праграму пра цяперашнюю сітацыю ў Крыме. На плошчах бачна адразу, як падзялілася мясцовая грамадзкасьць. Расейскі акупанцкі охлас стаіць пад расейскімі сьцягамі і гарланіць – Януковіч! Побач стаяць крымскія татары, якія спакойна і з годнасьцю выказваюць падтрымку Юшчанку. Калі на татараў кідаюцца амоны з дубінамі і шчытамі, яны становяцца на калені і моляцца. Гэта ёсьць супрацьстаяньне двух сьветаў. Журналіст не пасаромеўся патлумачыць, што насельніцтва гарадоў і мястэчак – гэта ў асноўным адстаўныя савецкія марскія афіцэры. Цяпер шмат хто зь іх запісаўся ў казакі і “обороняет россійское отечество” пад расейскім трыкалёрам. Трэба спадзявацца, што новая ўлада Украіны аблегчыць “казацкіе страданія” і зробіць так, каб яны сапраўды жылі ў Расеі.

На 12 сьнежня прыпадаюць 10-я ўгодкі пачатку вайны расейскай імпэрыі супраць народу Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. На расейскай тэлевізіі генэралы і палкоўнікі распавялі, як яны ў сьнежні 1994 г. уварваліся сьвіньнёй сваімі бронекалёнамі на чачэнскую зямлю і пачалі забіваць і нішчыць (гэта значыць, “наводзіць канстытуцыйны парадак”). Прычым, яны прызналіся, што спадзяваліся рабіць гэта беспакарана. Крэмль даў войскам інвазіі ясныя загады: праз два дні ўвайсьці ў Грозны, праз два тыдні пераможна завершыць апэрацыю. Праз два тыдні маскалі толькі дапёрліся да ўскраінаў Грознага, пакідаючы за сабой свае трупы і спаленую бронетэхніку на перадавых пазыцыях чачэнскай арміі. У канцы сьнежня 1994 г. чачэнскае камандаваньне зрабіла бліскучы падманны манэўр, урэшце дапусьціўшы агрэсараў да сваёй сталіцы і завабіўшы іхнія танкавыя калёны на вуліцы Грознага. Расейскія генэралы-ідыёты пасьпяшаліся ўвесьці танкі і пяхоту на вуліцы горада і паведаміць у Маскву пра перамогу. А ў навагоднюю ноч чачэнскія героі завалілі маскальскім трупам увесь Грозны і спалілі больш за 250 танкаў і бронемашынаў (цяпер гэтая бліскучая апэрацыя вывучаецца ва ўсіх ваенных акадэміях сьвету; камандзёры, што арганізавалі яе, выступалі з лекцыямі ў шэрагу эўрапейскіх акадэміяў). Замест двух тыдняў, вайна працягваецца ўжо дзесяць гадоў. Вырасла цэлае пакаленьне чачэнскага народу, якое ня ведае нічога, акрамя вайны. Вайна раскрыла таксама сапраўднае аблічча мясцовых здраднікаў, якія прадаюць Айчыну маскоўскаму ворагу. Алханавы і кадыравы – гэта чачэнскі варыянт намэнклятурнай “аб’яднанай” псэўдаапазыцыі, якая дзейнічае ў Беларусі (усе гэтыя вінцучкі вечерко, хадыкі, лебедько, статкевічы ды іхныя падстаўныя “пяцёркі плюс”, якія 17 кастрычніка сёлета разам з антыбеларускім рэжымам заганялі людзей на незаконны “рэфэрэндум” і псэўдавыбары). Усяму сьвету ясна – Расея і ейныя вінцучкі пацерпяць сакрушальную паразу на ўсіх франтах антыімпэрскага змаганьня.

Адсьвяткавала па-свойму гадавіну расейскай агрэсіі і французкая тэлевізія. Мы яшчэ раз пераканаліся, што парыжскія дурачкі, нягледзячы на змрочны досьвед 1812 г. і шмат чаго іншага, працягваюць ляпіць для свайго насельніцтва ілжывы вобраз “сьвятой матушкі-русі”. Гэта быў не рэпартаж, а сэнтымэнтальная казачка. Паказалі нейкае шэсьце па калені ў сьнезе ў падмаскоўным Падольску начале з бадзёрым бацюшкам, які трымаў у руках нейкі “абраз” з выявай “сьвятога” у мундзіры расейскага сяржанта. Аказваецца, так у правінцыі адзначалі юбілей вайны супраць чачэнскага народу. А на “абразе” бацюшкі намалявалі партрэт Евгенія Родіонова, удзельніка расейскай інвазіі, забітага чачэнскімі абаронцамі Айчыны. РПЦ прыдумала й міф пра тое, як “гераічна загінуў падольскі юнак, баронячы ад нячыстых нацельны крыжык”. Французкая тэлегрупа запісала таксама й (даволі шчыры) маналёг мясцовага курсанта ваеннай вучэльні. Ён сказаў: “Моладзь не разумее, чаму трэба ісьці на гэтую вайну. Маладыя ўцякаюць і хаваюцца ад арміі. А вось цяпер ім раскажуць, які гэта подзьвіг, і ўсё зьменіцца”. Ну, наконт апошняга мы сумняваемся: расейская моладзь даўно артыкулятыўна заявіла ваеннай адміністрацыі імпэрыі і зрабіла адмысловы жэст у бок Крамля — вось вам шыш, ідзіце самы ваяваць і гінуць на Каўказе. Юнакоў ловяць на вакзалах і станцыях мэтро, на вуліцах і ў кавярнях. Па іх прыходзяць уначы і ў адных трусах валакуць у ваенкаматы. “Закасіць” ад войска! – вось галоўны лёзунг расейскай моладзі, якая хоча выжыць. Менавіта таму крамлёўскае мурло разьзяпілася на нашую Беларусь – ім патрэбныя нашыя маладыя жыцьці, гарматнае мяса (толькі маскоўская гадзіна праваліцца і ў нас, як правалілася на Ўкраіне – гэта несумненна). Але вернемся да французкіх бараноў. Яны паказалі іканастас падольскай царквы. Сярод лікаў сьвятых там бачны ў поўны рост таксама Родіонов, выкананы з мінімальным захаваньнем іканапіснага канону (і сьмех і грэх – проста нейкі плякат пра форму адзеньня ў савецкай казарме). Бацюшкі абкурваюць яго кадзілам і заводзяць “многая лета”. Дэпартамант КГБ пад папулярнай назвай РПЦ дакаціўся ўжо да «благословления» ваеннага злачынства і злачынства супраць чалавечнасьці. Хаця што тут зьдзіўляцца, з гэтым дэпартамантам даўно ўсё ясна – гляньце, што гэтыя псэўдасьвятары-русіфікатары вырабляюць у нашай Беларусі. З усяго французкая тэлегрупа зрабіла яркі фінальны камэнтар: “Так, загінуўшыя ў Чачэніі лічацца ўсёй Расеяй сьвятымі…” А мы ведаем, што ў адрозьненьні ад пэўнага спачуваньня і рэспэкту з боку савецкага грамадзтва да вайскоўцаў падчас Аўганскай авантуры цяпер расейцы сьмяюцца з недабіткаў каляніяльнай вайны, абзываюць іх, расказваюць пра іх цынічныя анэкдоты, сьпяваюць пра іх іранічныя прыпеўкі.

13 сьнежня – чарговыя ўгодкі абвешчаньня ваеннага становішча ў Польшчы. Роўна 23 гады таму, у 1981 г. камуністычнае кіраўніцтва маскоўскага сатэліта ўвяло ў сваёй краіне жорсткі антынародны рэжым. Польшча знаходзілася тады ў авангардзе антыкамуністычнага і антырасейскага супраціву ў Эўропе. Цяпер вядома, што ў 1979 г. кампартыя і польскія спэцслужбы мелі адпрацаваны плян па стварэньні “альтэрнатыўнай” грамадзкай арганізацыі, якая б пасьлядоўна павяла палякаў у тупік і зрабіла ілюзію некамуністычнага, незалежніцкага шляху (якраз такім спосабам дзейнічае цяпер у Беларусі “аб’яднаная” псэўдаапазыцыя, створаная і кіруемая КГБ). Але раптам на працягу некалькіх дзён у заяўленую арганізацыю запісалася дзесяць мільёнаў чалавек (з 40 мільёнаў насельніцтва краіны) і назвалася “Салідарнасьцю”. У сітуацыі агульнанароднай ініцыятывы і агульнай плятформы ніякія спэцслужбы не маглі ўжо кантраляваць гэты працэс. Масква залямантавала і прымусіла сваіх варшаўскіх васалаў праз два гады ўводзіць ваеннае становішча ды разгортваць рэпрэсіі. Расея, аднак, не рашылася на адкрытае ваеннае ўмяшальніцтва. Таму што ўжо два гады ішла Аўганская вайна, і імпэрыя не магла дазволіць сабе вайну на два франты. Не надоўга хапіла пораху ў прамаскоўскай ваеннай хунты. Ёй не давалі спакою польская моладзь, рабочыя і інтэлігенцыя. Шырокія грамадзкія пратэсты і супраціў расхісталі антынародны рэжым. Генэрал Ярузэльскі вывеў супраць народу войскі, а вынікі такой акцыі ўнівэрсальныя – армія ў такой сітуацыі хутка развальваецца і перастае быць апірышчам рэжыму. Камуністычная эканоміка хутка зайшла ў глыбокі крызіс. І ўжо праз сем гадоў, у 1988 г. рэжым рухнуў. А скора пасыпаліся камуністычныя халуйскія ўлады па ўсёй Цэнтральнай Эўропе, гахнуў СССР. Мы назіраем цяпер новы этап гэтага працэсу. Правальваецца спроба імпэрскай рэстаўрацыі, Расея толькі ў апошні час атрымала дыхту ў Грузіі, Аджарыі, Летуве і Ўкраіне. Апошняя імпэрыя кантынэнту канае на вачах і ў перадсьмяротных канвульсіях спрабуе нанесьці як мага больш шкоды чалавецтву. Вось дзе патрэбная была б эўтаназія.

Людзі сярэдняга пакаленьня памятаюць, як на пачатку 80-х гадоў па ўсёй імпэрыі “раширяли грудь тов. Брежневу”. На сьценах будынкаў жыў тады растыражаваны генсек ЦК КПСС з чатырма залатымі зоркамі героя на пінжаку. І раптам крамлёўскія лізаблюды паднесьлі яму пятую. Бедныя мастакі (тысячы і тысячы мастакоў ад Берасьця да Курылаў) палезьлі па драбінах на свае манумэнтальныя размалёўкі і пачалі прымалёўваць Брэжняву яшчэ кавалак грудзей у пінжаку, каб памясьцілася яшчэ адна ўзнагарода. Даўно так не сьмяяўся савецкі народ, колькі анэкдотаў хадзіла… Мы ўжо паведамлялі, што днямі Пуцін стаўся “чалавекам году” і прэмію з дыплёмам атрымаў. А 13 чысла давялося пашыраць грудзі, прываліла новае шчасьце. На гэты раз ордэн “Андрэя Першазванага”: брыльянтавая зорка, падвеска на шыю і яшчэ нейкі геральдычны элемэнт на нейкую частку цела. І ўсё пад дэвізам “За веру и верность”. Ордэн з выяваю сьвятога апостала разам з Пуціным раздавалі арыгінальнай “честной компаніі”: бязбожніцы Пахмутавай, аўтарцы камсамольскіх песьняў; палкоўніку з групы “Альфа” – відаць, за зьнішчэньне дзяцей у Беслане. На ордэне, які ўзьнік у Расеі яшчэ ў 18 ст., зьмешчаная выява ўкрыжаванага на касым крыжы апостала. Ці ня ёсьць гэта знак закатаваных расейскімі сатаністамі людзей і народаў, краінаў і тэрыторыяў? Жудасны знак, пасыпаны дыямэнтамі.

Эпоха нараджае адпаведных знакавых постацей. Стогадовая вайна дала французам Жану Д’Арк, ангельскі кансэрватызм выдаў брытанцам жалезную лэдзі Тэтчар… У Беларусі назіраецца цяпер актывізацыя жулікаў розных калібраў, функцыя якіх чмурыць беларускую і міжнародную грамадзкасьць ды ствараць ілюзію “дэмакратычнай дзейнасьці”. Гэты пэрыяд будзе ўспамінацца нам як часовая зона мельцяшэньня дубовых цётак. 15 сьнежня ў Стразбурзе аб’яднаная Эўропа выдала прэмію “русской журналистике из Белоруссии” (інакш гэтую зьяву не назавеш). На сцэне зьявілася старшыня “Белорусской ассоциации журналистов” Ж. Літвіна. Гэтая асоба адной з першых, ужо шэраг гадоў таму заслужыла народны тытул “грантасмока”. Па калхознаму ўзроўню мясцовай журналістыкі мы заўсёды адчувалі клапатлівую руку рэжыму і ягонай падстаўной “в доску демократичной” аб’яднанай псэўдапазыцыі. СМІ неяк не паведамілі нам, за які подзьвіг БАЖ атрымаў эўрапейскую прэмію “За свабоду думкі” (заходнія падаткаплацельшчыкі раскашэліліся на 50 тысячаў эўра). Мяркуючы па імпэту, зь якім “незалежныя” СМІ галёкалі і зазывалі беларусаў пайсьці 17 кастрычніка на лукоўскі рэфэрэндум і “сказать своё НЕТ режіму”,– то подзьвіг заключаўся менавіта ў гэтым. Журналісцкая шпана, усё цудоўна разумеючы, выканала заказ ворагаў Беларусі. Паслухмяна і з энтузіязмам рэалізавала нямецка-расейскі праект падману беларускага грамадзтва дзеля ўвекавечваньня прамаскоўскага рэжыму. Калі б такое здарылася ў цяперашняй Украіне, Літвіну з кодлай чытачы гналі б з прагнілых рэдыкцыяў да самай расейскай мяжы. А тут прэмія… Але самае сьмешнае было потым. Тэлевізія паказала Літвіну на стразбурскай трыбуне. Такую мізансцэну не скапіраваў бы й Чарлі Чаплін. Яна ўсё паўтарала: “Белорусский народ парализован страхом… Белорусский народ боится…” (зразумела, што гэтая публіка, ня ведаючы ніводнай прыстойнай мовы, паўсюль за мяжой выказваецца па-маскальску). І ручкамі рабіла рэзкія рухі перад мікрафонам, нібыта робячы з самой сабе сурдапераклад. За такі тэатр аднаго актора трэба даваць не палітычнаыя, а цыркавыя прэміі. А што да зьместу дэбільнага маналёгу, то гэтак, безумоўна, немцы с расейцамі загадалі. Так у Эўропе актыўна лепіцца стэрэатып зашуганага і слабавольнага беларускага народу. У гэтыя ж дні БТ круціць дакумэнтальны сэрыял пра разьвіцьцё лукоўскага рэжыму. Глядзець нудна, але трэба прызнацца, што апявальнікі рэжыму адмовіліся ад голасу Гітлера за кадрам на фоне дэманстрацыяў БНФ, не паказвалі ўжо крывавую працу АМОНу, які зьбівае моладзь (як гэта было ў папярэдніх брахлівых стужках). Нават падгайныя-мясьніковічы-чыгіры выказваюцца ў фільме даволі спакойна і неяк без цалаваньня туфлі султана. Ад каго ж мы пачулі непрыкрытую, гнюсную лісьлівасьць у адрас зьнішчальнікаў Бацькаўшчыны? Ад “демократов средней рукі”, што з камсамольскім задорам адбарабанілі з экрана: “За последние годы Лукашенко невероятно вырос как политик. Он просто настоящий государственный деятель…” (Т. Процька, старшыня Беларускага Гэльсінскага Камітэту); “Лукашэнка назваў рэчы сваімі імёнамі. Ён упэўнена кіраваў сітуацыяй і забясьпечыў разьвіцьцё самастойнасьці дзяржавы…” (Ю. Дракахруст з радыё “Свабода”, даўно засьвечаны агент ахранкі). Але зараз у нас размова пра дам. Угледзьцеся ў іхнія твары, паслухайце, што яны “вяшчаюць” – вы не захочаце, каб яны зьявіліся да вас нават у сьне.

Палітыкі і журналісты ў апошні час усё часьцей параўноўваюць Украінскую рэвалюцыю па геапалітычнаму значэньню з ліквідацыяй Бэрлінскага мура і распадам СССР. У інтэрвію французкай газэце “Лё Монд” міністар замежных справаў Грузіі Саламэ Зурабішвілі выказалася наконт гэтага: “Расея больш не дамінуе на постсавецкай прасторы. Падзеі на Ўкраіне ўплываюць на ўсю сітуацыю на гэтай прасторы. Побач з Грузіяй зьявілася яшчэ адна дэмакратычная краіна з насельніцтвам у 50 мільёнаў чалавек. Чорнае мора становіцца басэйнам дэмакратыі”. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі пракамэнтаваў рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб адмене сфальшаваных вынікаў выбараў і аб 2-м туры галасаваньня: “Гэта – гістарычны дзень. На Ўкраіне пачаліся неабарачальныя працэсы. Таму што нельга, каб зло і антыдэмакратычныя сілы ўвесь час дзейнічалі беспакарана”.

А прадстаўнік названых сілаў зла У.У. Пуцін прыняў у Маскве міністра замежных справаў Люксембурга Жана-Клода Юнкера (на працягу першай паловы 2005 г. гэтая маленькая краіна будзе старшыняваць у Эўразьвязе). Удзельнікі сустрэчы актыўна хіхікалі перад тэле- і фотакамэрамі, дэманстравалі аптымістычны настрой. Карцінна спрачаліся, хто больш вялікі – Расея ці Вялікае герцагства Люксембург. Юнкер не хваляваўся: расейскія войскі апошні раз прайшлі па тэрыторыі герцагства ў 1813 г. Ясна, што ў небясьпечнай сітуацыі такі дзяжурны па Эўропе ня будзе хвалявацца і абараняць інтарэсы любой ахвяры расейскай агрэсіі. У лепшым выпадку пахіхікае і прыдумае апраўданьне маскоўскаму нахабству. Яны думалі зрабіць так і на Ўкраіне. Толькі з гэтым не пагадзіўся ўкраінскі народ, пачаў ламаць эўра-расейскі сцэнар падзелу “сфэраў уплыву” (а прасьцей — зонаў рабства). Давялося хуценька пасылаць на самалёце ў Кіеў Хав’ера Саляну, каб выратаваць ад раз’юшанага народу Кучму з ягонай прамаскоўскай бандай ды зьмякчыць удар па Расеі. Наступны раз, аднак, яны могуць не пасьпець.

Днямі ў японскай Міязакі адбыўся зьезд Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. Тамака зрабіў кар’ерны скачок Аляксандр Ярашук. Добра памятаем гэтага намэнклятурнага дыназаўра, нібыта выцягнутага з музэйнай экспазыцыі бальшавіцкага палеаліту. Не так даўно ён зрабіўся старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Гэбоўскі намэнклятуршчык так бараніў правы працоўных, што прарваўся ў прафсаюзныя самураі. Пад лібэральна-сацыялістычную сурдзінку разбэшчанай і тупой Эўропы ў міжнародных структурах атабарваецца ўсё больш агентуры, якая па прыродзе і функцыі сваёй можа толькі шкодзіць, падрываць, нішчыць, нявечыць. Вось такая “дэмакратыя” і такія “правы чалавека”.

16 сьнежня на Калінінскай атамнай станцыі ўрачыста адкрывалі трэці блёк. Па памяшканьнях гіганта чарнобыльскага тыпу імпэтна рухаўся Пуцін з камарыльяй. Потым даваў прэс-канфэрэнцыю ў актавай зале. Палаяў журналістаў за тое, што тыя “раздзьмуваюць” кожную непаладку на АЭС. “Вось,– кажа, — нядаўна быў дробны інцыдэнт на Варонежскай АЭС, дык паведамленьні прэсы выклікалі паніку сярод насельніцтва…” Сёньня крамлёўскі начальнік мог быць задаволены. Камэнтуючы тэму, расейскае ТБ зазначыла, што “пасьля чп (вось як, аказваецца) у Чарнобылі на нашай тэрыторыі не назіралася больш значных інцыдэнтаў на АЭС”. Гэта нахабная хлусьня. На той самай Калінінскай АЭС не раз у 80-я – 90-я гады адбываліся выкіды радыёактыўных рэчываў, рабочых прымушалі рыдлёўкамі зграбаць з дахаў дамоў атамны попел (!). Азёрны край вакол станцыі стаўся атамным запаведнікам, дзе немагчымае нармальнае існаваньне жывых арганізмаў. Гэта толькі адзін з аспэктаў глыбокага крызісу, які пэрманэнтна існуе ў Цьверскай зямлі ад самага разгрому Цьверы мангола-маскоўскімі карнікамі Івана Каліты ў 14 ст. Сталіцу канкурэнтнага княства маскальска-азіяцкія хаўрусьнікі разграмілі тады так грунтоўна, што гісторыкі доўга спрачаліся нават аб месцазнаходжаньні цьверскага Крамля (які быў большым па памерах за маскоўскі аналаг). Толькі нядаўна ў нейкай бабулі знайшлі старажытны мэталічны складзень, на якім угадваецца сілуэт архітэктурнага шэдэўра – так Масква “собірала русскіе землі”. Ад самага пачатку маскоўскага панаваньня Цьвер спаборнічае з суседнімі Ноўгарадзкай, Пскоўскай і Смаленскай вобласьцямі па маштабах гаспадарчай, культурнай і сацыяльнай катастрофы. Электраэнэргія з мясцовай АЭС выводзіцца прама ў Маскву. Да нядаўніх часоў у мясцовых крамах ня было нават аддзела з вывескай “мяса – кілбасы” (прадукцыю мясцовых мясакамбінатаў вывозілі ў Маскву). Цяпер тут наладжваецца “дэмакратыя по-русскі”: мясцовае начальства душыць любую праяву бізнэсовай самастойнасьці, нават у невялікіх мястэчках актыўна пашыраюцца адмысловыя могілкі ахвяраў мафійных сутычак і канкурэнтных разборак. Масква ахвотна адпраўляе мясцовых юнакоў на каляніяльныя войны, ведаючы, што тыя любяць гвалт, а іхныя сьпітыя бацькі ня здольныя абараніць нашчадкаў. Дзеўкі масава выяжджаюць у Пецярбург або Маскву (вобласьць ляжыць якраз пасярэдзіне гасьцінца паміж дзьвюма мегалопалісамі), каб «путанить». Хаця езьдзіць далёка ня трэба: мясцовыя дамы ствараюць прадажную шпалеру па ўзбочынах усіх дарог. Гарады і вёскі Цьвершчыны, здаецца, нядаўна перажылі набег нейкіх намадаў: разьбіты асфальт, акамянелыя горы сьмецьця паўсюль, па 2-3 спаленыя дамы застылі на кожнай вуліцы. І галоўнае – агаломшаныя, дзікага выгляду грамадзяне РФ. Адзін мужчына расказаў нам, як яго па знаёмству ўладкавалі на працу да мясцовых мільянэраў. Ён мусіў зьбіваць зэдлікі па 12 гадзінаў шэсьць дзён на тыдзень за месячны заробак у эквіваленце 60 доляраў (!). Гэты 53-гадовы чалавек (па выглядзе лядашчы дзед-інвалід) паведаміў таксама, што зь ягонай клясы жывым засталіся толькі ён ды яшчэ адзін габрэй, які зьехаў у Менск. Астатнія памерлі ад гарэлкі, былі атручаныя жонкамі (даволі распаўсюджаны спосаб вырашэньня сямейных канфліктаў), загінулі ў выпадках у стане апьяненьня. Беларус, які паедзе па шляху Радзішчава, павінен падумаць таксама над цывілізацыйнымі працэсамі, што наладжвала ў гэтых мясьцінах Масква. Цягнік ідзе ад сталіцы імпэрыі, мінаючы старажытныя, яшчэ дамаскоўскія гарады Цьвер і Вышні Валачок. А потым на працягу соцень кілямэтраў няма ніводнага значнага населенага пункту, толькі лес і багна да самага Пецярбургу. Далёка збоку застаюцца зноў жа дамаскоўскія цэнтры Растоў, Яраслаўль, Ноўгарад. На працягу 600-гадовай акупацыі гэтай тэрыторыі маскалі не стварылі тут НІЧОГА. Імпэрскія сілы былі змарнаваныя на скарэньне чужых народаў і тэрыторыяў. У самым цэнтры эўрапейскай Расеі жыве такі жах.

Расейская тэлевізія паведаміла, што ў Сьвярдлоўскай вобласьці назіраецца найбольшая актыўнасьць працоўных у абароне сваіх правоў, у асноўным права на атрыманьне заробленых грошай. Прадпрыемствы маюць агульную запазычанасьць па заробках у памеры 1,5 мільярдаў рублёў. Рабочыя рэагуюць на зьдзек галадоўкамі, страйкамі і пратэстамі. На Таўдзінскім гідролізным заводзе жанчыны выйшлі з цэхоў і залямантавалі пра голад і холад. А мужчыны ўсталі вартай калі цысцэрнаў са сьпіртам (прадукцыяй заводу, за якую ім не выплочваюць грошы) і не выпускаюць прадукцыю з тэрыторыі. Рабочыя Уральскага падшыпнікавага заводу застрайкавалі, і адразу ж на наступны дзень ім пачалі выплочваць заробак. “Гэта нейкі навагодні цуд!” – гукалі ў тэлекамэру пралетарыі. Сапраўды, салідарнасьць у абароне сваіх правоў – цуд. Статыстыка сьведчыць, што ўральскія прадпрыемствы на пачатку 90-х гадоў скуплялі, а часта захоплівалі крымінальным чынам мафійныя паханы. Мабыць, у іхнія пляны не ўваходзіла кампэнсацыя за працу і разьвіцьцё вытворчасьці. Нават падкупленыя ўлады ня могуць не рэагаваць: супраць заводзкіх начальнікаў у вобласьці заведзена каля ста крымінальных справаў.

17 сьнежня ў Расеі “банны дзень”. Адну з лазьняў на ўскраіне Пецярбурга заняла каманда “уважаемых людей” (гэта лексіка міліцыянтаў і журналістаў). Але да лазьні пад’ехала іншая група “уважаемых людей” з пісталетамі і венікамі. Пачалася страляніна. Наехала міліцыя, зарылася ў сьнег. Абедзьве каманды працягвалі ўзброеную спрэчку за чаргу. Потым паехалі дадому. Міліцыя кінулася ўсьлед і ўварвалася ў дачную маліну адной з камандаў. На дачы міліцыянты знайшлі калекцыю старажытнай стралковай зброі. А на двары стаялі гармата і бронемашына. Камэнтатар РТР весела ёрнічаў: добра, што яны не паехалі ў лазьню на браневіку… Цяпер ужо многія кажуць, што адна з прычын посьпеху народнага пратэсту на Ўкраіне заключаецца ў падтрымцы народу з боку нацыянальна сьведамых украінскіх бізнэсоўцаў. Назіраючы за навязьлівымі візытамі ў Кіеў Пуціна ды за дзеяньнямі прарасейскага крымінальніка Януковіча, багатыя людзі зразумелі, што ў выпадку перамогі маскоўскай крэатуры “уважаемые люді” з Масквы і Ленінграду будуць адстрэльваць іх у лазьнях, офісах і г.д. Калі ўрэшце тое самае зразумеюць беларускія прадпрымальнікі?

Падчас Нідэрляндскай рэвалюцыі ў канцы 16 ст. рэпрэсіі, наладжаныя гішпанскімі акупантамі, прымусілі дзесяткі тысячаў людзей пакінуць радзіму. Па правінцыях (у тым ліку і па тэрыторыі будучай Бэльгіі) езьдзіў перасоўны трыбунал пад кіраўніцтвам збачэнца герцага Альбы і раздаваў сьмяротныя прысуды. Уся Эўропа здрыганулася ад жаху, даведаўшыся пра крывавыя пагромы, наладжаныя акупантамі ў Лейдэне і Антвэрпэне. Пратэстанты ва ўсіх краінах прымалі ўцекачоў, дапамагалі ім. А тыя не атабарваліся на доўга. Часовыя эмігранты адразу пачыналі ствараць палкі, і ўжо праз некалькі месяцаў вызвольная армія ўдарыла з тэрыторыі Нямеччыны па гішпанскіх гарнізонах у Нідэрляндах. Мы згадваем пра гэта таму, што пра гэта памятаюць цяперашнія бэльгійцы. Іхнія ўлады гатовыя прымаць асобаў, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў і генацыдаў ва ўсім сьвеце. Вядома, аднак, што абсалютная большасьць з тых, што патрабуюць палітычнага прытулку – мягка кажучы “эканамічныя эмігранты”, а цьвёрда кажучы — тулягі, якія нідзе не змагаліся, а на Захадзе не зьбіраюцца працаваць. За апошнія 10 год там прынялі і далі прытулак некалькім сотням грамадзянаў РБ. Пра іх некалькі разоў пісаў рэпартажы спэцкор “Нар. Волі” Алесь Сіліч. Пісаў даволі цікава, з сарказмам. Перадаваў іхнія маналёгі: “Мы прыехалі сюды з Салігорску. Прывезьлі з сабой цэлы букет хваробаў, думалі нас будуць лячыць. А лекары так груба размаўляюць з намі…” Або вось яшчэ адзін маналёг: “Я схадзіў аднойчы на мітынг БНФ, сфатаграфаваўся на фоне іхняга сьцяга. А потым сеў на цягнік і паехаў у Бэльгію. Цяпер паказваю гэтае фота ў каралеўскіх эміграцыйных службах. Я ж змагар…” Прайдзісьветы і халяўшчыкі з РБ ня будуць ствараць палкі, яны проста карыстаюцца сітуацыяй, а шэраг зь іх прадстаўляе ў Эўропе гэбоўскія структуры. У Бэльгіі няма палітычнай беларускай эміграцыі. Усе ў нас ведаюць гэта, адны бэльгійскія чыноўнікі гэтага не разумеюць. Эўропа яшчэ нацерпіцца ад гэтай шпаны. А тут раптам мы атрымліваем навіну, што А. Сіліч у сваю чаргу папрасіў днямі палітычнага прытулку ў Брусэлі. Ягоныя калегі ў газэце з цяжкасьцю прыдумляюць нейкія гераічныя ўчынкі рэпарцёра, якія могуць паслужыць прэтэкстам для легенды наконт “пагрозы здароўю, жыцьцю і свабодзе ад антычалавечнага рэжыму”. Аказваецца пару гадоў таму Сіліч задаў адно (!) сьмелае пытаньне А. Лукашэнку. Сапраўды – Прамэтэй! У той самы час Уладзімер Плешчанка, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адрадженьне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, на працягу апошніх гадоў перажыў безьліч працэсаў і судоў за сваю партыйную дзейнасьць і грамадзкі пратэст. За кратамі яму, хвораму на сэрца чалавеку, адміністрацыя і паліцэйскія лекары адмаўлялі ў аказаньні мэдычнай дапамогі. Нешта “герой” Сіліч і ягоныя жулікаватыя калегі не пісалі пра віцебскага героя і пра ягоных катаў. Гэта было нямодна ў сьвятле барацьбы за “правы чалавека”. У іх былі свае “ахвяры” і “героі” – такія ж жулікі і імітатары, як яны самы – Лебедько, Вечерко, Хартыя-97, Саннікаў, Сіўчык etc.

21/12/2004 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024