Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Станіслаў Лем “Казка пра караля Мудраса”

Пасьля добрага караля Геліксандра на трон узышоў ягоны сын Мурдас. Гэта ўсіх засмуціла, бо ён быў амбіцыйны і палахлівы. Наважыў дамагчыся тытулу Вялікага, а баяўся скразьнякоў, прывідаў, воску, таму што на нацёртым воскам паркеце можна нагу зламаць, сваякоў, бо замінаюць уладарыць, а больш за ўсё – прадказаньняў. Як толькі ён каранаваўся, адразу ж загадаў ува ўсёй дзяржаве пазачыняць дзьверы і не расчыняць вокнаў, зьнішчыць усе шафы варажбітоў, а вынаходніку машыны, якая адганяла прывідаў, даў ордэн і пэнсію.
Машына сапраўды была добрая, бо ён ня ўбачыў ніколі ніводнага прывіду. Да таго ж ён ніколі не выходзіў у сад, каб не прадзьмула, а гуляў толькі ў замку, які быў вельмі вялікі. Аднаго разу ходзячы па калідоры і анфілядах, ён заблукаў у старую частку палацу, куды яшчэ ніколі не зазіраў. Сьпярша адкрыў залю, у якой стаяла лейб-гвардыя ягонага прадзеда, завадная, яшчэ з тых часоў, калі не было электрычнасьці. У другой залі ўбачыў рыцараў на паравой цязе, таксама заржавелых, але гэта яго зусім не зацікавіла, і ён ужо хацеў вяртацца назад, калі заўважыў малыя дзьверцы з надпісам “Уваход забаронены”. Іх пакрываў тоўсты слой пылу, і ён нават не дакрануўся б да іх, калі б ня гэты надпіс. Ён абурыўся. Як гэта яму, каралю, насьмеліліся нешта забараніць. Не без намаганьняў ён расчыніў рыпучыя дзьверы і па стромкіх сходках падняўся ў пакінутую вежу. Там стаяла вельмі старая медная шафа з рубінавым вочкам, ключыкамі і векам. Ён адразу зразумеў, што гэта шафа прадказаньняў, і зноў раззлаваўся, бо насуперак ягонаму загаду яе пакінулі ў палацы, ды раптам яму прыйшло ў галаву, што, аднак, адзін раз можна паспрабаваць, як гэтая шафа прадказвае. Падышоў ён да яе на дыбачках, пакруціў ключык, а калі нічога не адбылося, пастукаў па веку. Шафа храпавіта ўздыхнула, мэханізм заляскатаў і паглядзеў на караля рубінавымі вочкамі, нібыта скрыва. Гэта яму нагадала косы погляд дзядзькі Цанандра, бацькавага брата, які раней быў ягоным працэптарам. Падумаў, што гэта, напэўна, дзядзька загадаў паставіць шафу яму на злосьць, бо іначай чаму яна косіцца? Неяк дзіўна яму стала на душы, а шафа заікліва паціху пачала граць сумную мэлёдыйку, нібыта нехта рыдлёўкай абстукваў жалезнае надмагільле, а з-пад века вылецела чорная паперка з жоўтымі, як косьць, радкамі літараў.

Кароль не на жарт спалохаўся, але ўжо ня мог стрымаць цікаўнасьці. Схапіў паперку і пабег у свае апартамэнты. Калі застаўся сам, дастаў яе з кішэні. “Зірну, але толькі адным вокам для пэўнасьці”,– вырашыў ён, так і зрабіў. На паперцы было напісана:

Прабіла гадзіна ночы – рэжуцца родзічы,
Брат брата або цётку, а стрыечны стрыечнага.
Булькоча кацёл – сваяк падышоў,
Жарэ падагра швагра, вось і кат прыйшоў…

Кароль Мурдас так напалохаўся, што ў яго ў вачах аж пацямнела. Ён адчайна папракаў сябе за легкадумнасьць, празь якую ўключыў шафу прадказаньняў. Шкадаваць было, аднак, позна. Ён бачыў, што павінен дзейнічаць, каб не дайшло да найгоршага. Ён не сумняваўся ў сэнсе прароцтва: як даўно ўжо падазраваў, пагражалі яму блізкія сваякі.

Праўду кажучы, невядома, ці ўсё адбывалася так, як пераказана. У любым выпадку, потым адбыліся падзеі смутныя, нават жахлівыя. Кароль загадаў пакараць сьмерцю ўсю сваю сям’ю, толькі ягоны дзядзька Цанандэр адзіны ацалеў, схаваўшыся ў апошнюю хвіліну за піяніна. Гэта яму не дапамагло, урэшце яго схапілі, і ён паклаў галаву пад сякеру. Гэтым разам Мурдас мог падпісаць прысуд з чыстым сумленьнем, бо дзядзьку схапілі, калі той пачаў рабіць змову супраць манарха.

Раптам асірацеўшы, кароль абвясьціў жалобу. На душы яму стала лягчэй, хаця й смутна, таму што сам па сабе ён ня быў ані злы, ані жорсткі. Нядоўга працягвалася сьветлая каралеўская жалоба, бо прыйшло Мурдасу ў галаву, што, можа, ёсьць такія сваякі, пра якіх ён нічога ня ведае. Кожны з падданых мог быць нейкім далёкім родзічам па цётчынай лініі. Тады ён час ад часу сек галаву то аднаму, то другому, але гэта зусім не супакойвала яго, таму што немагчыма быць каралём без падданых і як жа тады зьнішчыць усіх? Ён стаў такі падазроны, што загадаў прывязаць сябе да трону, каб яго ніхто адтуль не саштурхнуў, спаў у браніраваным шляфроку і ўвесь час толькі й думаў, што рабіць далей. Урэшце ён зрабіў такое, нешта такое дзіўнае, да чаго, відаць, сам не дадумаўся. Здаецца, нашаптаў яму гэта вандроўны перакупнік, апрануты пад мудраца, або мудрэц, апрануты пад перакупніка, — рознае казалі пра гэта. Казалі, што абслуга замку бачыла постаць у масцы, якую кароль уначы ўпусьціў у свае апартамэнты. Дастаткова сказаць, што аднаго разу Мурдас выклікаў усіх прыдворных будаўнікоў, электрыкаў, настройнікаў ды майстроў па блясе і абвясьціў ім, каб яны павялічылі ягоную асобу, ды такім чынам, каб яна пераўзышла ўсе далягляды. Гэтыя заказы выконваліся зь дзіўнай хуткасьцю, таму што дырэктарам праектнага бюро кароль прызначыў адпетага ката. Электрыкі і будаўнікі грамадой узяліся цягнуць у палацы драты і шпулі, а калі перабудаваны ўшыркі кароль запоўніў сваёй асобай увесь палац так, што адначасова знаходзіўся на франтоне, у сутарэньнях і флігелі, дайшла чарга да суседніх пабудоваў. Праз два гады Мурдас распаўсюдзіўся па цэнтры гораду. Ня надта пышныя пабудовы былі нявартыя таго, каб у іх пасялілася манархава думка, іх раўнавалі зь зямлёй, і на іхным месцы вырасталі электронныя палацы, названыя ўзмацняльнікамі Мурдаса. Кароль разрастаўся паступова й бесьперапынна, шматпавярховы, з выдатнай сувязьзю, падсілкаваны ўласнымі падстанцыямі, ажно запоўніў сабою сталічны горад і не спыніўся на ягоных межах. Ён павесялеў. Сваякоў не было, а скразьнякоў ён не баяўся, бо ня мусіў і кроку зрабіць: быў паўсюль адначасова. “Дзяржава – гэта я”,– казаў ён не без фанабэрыі, таму што апроч яго, чалавека, які запаўняў шэрагамі электрычных пабудоваў пляцы і алеі, ніхто ўжо ня жыў у сталіцы, за выняткам, ясная рэч, асаблівых каралеўскіх прыбіральнікаў пылу: тыя клапаціліся аб каралеўскім думаньні, якое плыло ад гмаху да гмаху. Задавальненьне караля Мурдаса кружылася мілямі па ўсім горадзе так, што ён здолеў дасягнуць велічы прыжыцьцёвай і сапраўднай. І пры тым схавацца паўсюль, як загадвала варажба, бо ён быў усюдыпрысутны па ўсёй дзяржаве. Асабліва маляўніча гэта выглядала ў прыцемках, калі кароль-гігант, шырока зьзяючы, міргаў агеньчыкамі-думкамі, а потым паволі згасаў, патанаючы ў заслужаны сон. Але гэтая цемра бяспамяцтва першых начных гадзінаў пазьней саступала месца бледнаму мільганьню, што ўспыхвала то тут, то там хісткімі агеньчыкамі. Гэта пачыналі віраваць манархавы сны. Бурнымі лавінамі зданяў яны праплывалі цераз гмахі, ажно ў змроку ўспыхвалі вокны, і цэлыя вуліцы па чарзе блішчэлі чырвоным і фіялетавым сьвятлом, а асабістыя прыбіральнікі пылу, ідучы па пустых ходзішчах, чуючы чад распаленых кабэляў Яго Каралеўскай Вялікасьці і ўпотай заглядаючы ў вокны, дзе ўспыхвала, ціха казалі між сабой:

– Ого! Пэўна, нейкі кашмар мучае Мурдаса – каб толькі на нас не адыграўся.

Аднойчы ўначы, пасьля асабліва напружанага дня – кароль тады абдумваў новыя віды ордэнаў, якімі мерыўся ўзнагародзіць сябе – ён сасьніў, што ягоны дзядзька Цанандэр пракраўся ў сталіцу, карыстаючыся цемрай, накрыты чорным плашчом, і ходзіць па вуліцах, шукаючы паплечнікаў, каб арганізаваць подлую змову. З сутарэньняў вылазілі групы людзей у масках, і было іх столькі, і такую яны паказвалі прагу забіць караля, што Мурдас задрыжэў і абудзіўся ад вялікага страху. Ужо разьвіднелася, і сонца залаціла белыя аблачыны на небе, тады ён сказаў сабе: “Сон – здань”, — і ўзяўся за працяг праектаваньне ордэнаў, а тыя, што прыдумаў учора, яму ўжо вешалі на тэрасы і гаўбцы. Аднак калі ён, адпацеўшы цэлы дзень у працы, зноў лёг адпачываць, то ледзь задрамаўшы, убачыў антыкаралеўскую забойчую змову ў поўным росквіце. А здарылася гэта так: калі Мурдас абудзіўся ад сну пра змову, то зрабіў гэта ня цалкам: цэнтар гораду, дзе засеў гэты антыдзяржаўны сон, зусім не абудзіўся, а застаўся надалей у ягоных кашмарных абдымках, толькі кароль наяве нічога пра гэта ня ведаў. Тым часам значная частка ягонай асобы, а менавіта стары цэнтар гораду, не ўяўляючы таго, што злодзей-дзядзька і ягоныя махінацыі – гэта толькі трызьненьне і здань, надалей жылі ў памылцы кашмару. Наступнай ночы Мурдас убачыў у сьне, як дзядзька ліхаманкава ўвіхаецца, склікаючы сваякоў. Зьявіліся ўсе да аднаго, з пасьмяротным скрыгатам ланцугоў, і нават тыя, якім бракавала найважнейшых частак цела, падымалі мячы на правадзейнага ўладара! Групы людзей у масках скандавалі шэптам падбухторчыя лёзунгі, у хованках і сутарэньнях ужо шылі чорныя бунтарскія харугвы, паўсюль варылі атруту, тачылі сякеры, вастрылі дручкі і рыхтаваліся да канчатковай расправы зь ненавісным Мурдасам. Кароль другі раз жахнуўся, абудзіўся ў трасцы і хацеў ужо заклікаць Залатой Брамай Каралеўскіх Вуснаў усе свае войскі на дапамогу, каб яны пасеклі мячамі бунтароў, але адразу ж сьцяміў, што гэта бяз сэнсу. Войска ж ня ўвойдзе ў ягоны сон і ня зможа разграміць той змовы, што мацнее там. Нейкі час ён спрабаваў намаганьнем сваёй волі абудзіць тыя чатыры квадратныя мілі сваёй істоты, якія ўпарта, але дарэмна сьнілі пра змову. Зрэшты, праўду кажучы, ён ня ведаў, дарэмна ці не дарэмна, бо калі ён ня спаў, то не заўважаў змовы, якая зьяўлялася толькі тады, калі ім авалодваў сон.

Калі ж ён ня спаў, то ня меў доступу да ўзбунтаваных раёнаў, і нічога тут дзіўнага, ява ж ня можа трапіць углыб сну, і прарвацца туды можа толькі іншы сон. Кароль прыйшоў да высновы, што ў такой сытуацыі лепш за ўсё будзе заснуць і прысьніць контрасон, не абы-які, зразумела, а манархічны, вернападданы, з разгорнутымі сьцягамі, і такім каронным сном, аб’яднаным вакол трона, ён тады здолее сьцерці ў парашок самазваны кашмар.

Узяўся Мурдас за справу, але ня мог заснуць ад страху; тады ён пачаў лічыць на памяць каменьчыкі, ажно гэта яго змарыла, і ён заснуў. Тады раптам аказалася, што сон зь дзядзькам начале ня толькі ўладкаваўся ў цэнтральных кварталах, але пачынае ўжо нараджаць арсэналы, поўныя магутных бомбаў і разбуральных мінаў. А сам ён, колькі ні намагаўся, ледзь здолеў сасьніць адзін кавалерыйскі эскадрон, ды й той сьпешаны, неваяўнічы і ўзброены толькі вечкамі ад збаноў. “Няма рады,– падумаў ён,– не ўдасца мне, трэба пачаць яшчэ раз!” Узяўся ён тады за абуджэньне, давалася яно цяжка, урэшце прачнуўся поўнасьцю, і тады яго працяло страшэннае падазрэньне. Ці насамрэч ён вярнуўся на яву, ці застаецца ў іншым сьне, які толькі ёсьць фальшывай ілюзіяй явы? Што чыніць у настолькі заблытанай сытуацыі? Сьніць ці ня сьніць? Вось у чым пытаньне! Скажам, ня будзе цяпер сьніць у адчуваньні небясьпекі, бо на яве ж няма ніякай змовы. Гэта было б някепска: тады той антыкаралеўскі забойчы сон сам сабой дасьніцца да канца, а праз канчатковае абуджэньне ягоная вялікасьць верне сабе належную цэласнасьць. Вельмі добра. Але калі ня будзе сьніць контрасноў, думаючы, што знаходзіцца ў зацішнай яве, у той час, калі гэтая нібыта ява сапраўды ёсьць толькі іншым сном па суседстве з тым, дзядзькавым, то можа здарыцца катастрофа! Бо кожную хвіліну цэлая кодла праклятых забойцаў караля з брыдкім Цанандэрам начале можа ўварвацца з таго сну ў гэты сон, які здаецца явай, каб пазбавіць яго трона і жыцьця!

– Напэўна,– думаў ён,– пазбавіцца гэтага можна толькі ў сьне, але калі змова ахопіць усю маю каралеўскую асобу, калі разгуляецца ў ёй ад гораў да акіянаў, калі, о жах, зусім не захачу больш абуджацца, што ж тады?! Я буду тады назаўсёды адрэзаны ад явы, і дзядзька зробіць са мной, што захоча. Будзе катаваць, зьневажаць, ня кажучы пра цётак: памятаю іх добра – не дадуць спуску, што б там ні было. Такія ўжо яны ёсьць, гэта значыць, былі, а дакладней, зноў жа ёсьць у гэтым жахлівым сьне! Зрэшты, што тут гаварыць пра сон! Сон існуе толькі там, дзе існуе й ява, у якую можна вярнуцца, але дзе яе няма (а як жа я вярнуся, калі яны здолеюць затрымаць мяне ў сьне?), дзе няма нічога, апроч сну, там ужо сон ёсьць адзінай рэчаіснасьцю, а значыць, явай. Жах! Усё, зразумела, адбываецца праз гэтую праклятую залішнюю асобнасьць, цераз гэтую духоўную экспансію – трэба ж было мне ўлезьці ў гэта!

У роспачы, бачачы, што бязьдзейнасьць вось-вось яго загубіць, ён убачыў адзіны паратунак у неадкладнай псыхічнай мабілізацыі. “Трэба абавязкова дзейнічаць так, як у сьне,– сказаў ён сабе.—Я павінен прысьніць натоўпы падданых, поўныя любові і энтузіязму, аддзелы, верныя мне да канца, якія будуць гінуць з маім імем на вуснах, горы зброі, і варта б нават прыдумаць нейкую цудоўную зброю, бо ў сьне ж усё магчыма: ну, скажам, сродак, каб вывесьці сваякоў, нейкія антыдзядзькавыя гарматы або нешта ў гэтым родзе – такім чынам я буду гатовы да кожнай неспадзеўкі, і калі вызначыцца змова, то я хітра і каварна, перапаўзаючы са сну ў сон, разаб’ю яе адным махам!”

Уздыхнуў кароль Мурдас усімі алеямі і палацамі сваёй існасьці, настолькі гэта было ўсё складана, і ўзяўся за справу, гэта значыць, заснуў. У сьне павінны былі ўстаць карэ стальных аддзелаў зь сівымі генэраламі начале і натоўпы з ровам вітаньняў у грукаце трубаў і літаўраў, але зьявіўся толькі маленькі шрубік. Нічога – толькі зусім звычайны шрубік, трошкі парэпаны з краю. Што ж рабіць зь ім? Разважаў ён і так і гэтак, адначасна ў ім рос неспакой, і млявасьць, і страх, ажно яго пранізала: — Гэта ж рыфма да “трупік”!!!

Ён увесь затросься. Гэта значыць, сымбаль раскладу, сьмерці, значыць, зграя сваякоў, безумоўна, ужо падбіраецца цішком, маўчком, па падкопах, пракапаных у тым сьне, каб дабрацца да гэтага сну – і ён вось-вось праваліцца ў здрадніцкую сківіцу, пракапаную сном цераз сон! Ды гэта ж канец! Сьмерць! Пагібель! Але адкуль? Як? Зь якога боку?

Зазьзялі дзесяць тысячаў асабістых гмахаў, затрэсьліся падстанцыі Вялікасьці, абвешаныя ордэнамі і апярэзаныя стужкамі Вялікіх Крыжоў; узнагароды ў такт пазвоньвалі ў начным ветры, так змагаўся кароль Мурдас з сымбалем упадку ў сьне. Урэшце перамог яго, перасіліў, ажно той зьнік так добра, нібыта яго ніколі не было. Глядзіць кароль – дзе ён? На яве ці ў іншых зданях?Нібыта на яве; але з чаго быць упэўненым? Зрэшты, можа быць, што сон пра дзядзьку ўжо скончыў сьніцца і ўвесь клопат залішні. Але зноў жа: як пра гэтае даведацца? Няма іншага спосабу, як толькі снамі-шпіёнамі пад выглядам змоўнікаў ператрасаць без адпачынку ўсю ўласную венцаносную асобу, дзяржаву сваёй істоты, і ніколі ўжо кароль-прывід не спазнае спакою, таму што заўсёды павінен быць гатовы, што змова сьніцца недзе ў нейкім таемным кутку ягонай агромністай асобы! А значыць наперад: давай ляпіць вернападданыя здані, сьніць ухвальныя звароты і шматлюдныя дэлегацыі, што зьзяюць духам правапарадку, атакаваць снамі ўсе ўласныя засекі, цемру і прасторы, каб у іх ня мог схавацца ні на хвіліну ніводзін падман, ніводзін дзядзька! І вось ахапіў яго мілы сэрцу шум сьцягоў, ад дзядзькі сьлед прастыў, сваякоў таксама не відаць, абкружае яго толькі вернасьць, нястомна раздае яму падзякі і ўзнагароды; чуваць звон наштампаваных залатых мэдалёў, іскры лятуць з-пад разцоў, якімі мастакі высякаюць яму помнікі. Разьвесялілася каралёва душа, бо ўжо й тарчы з гербамі зьявіліся, і дыванкі ў вокнах, і гарматы, сшыхтаваныя для салюту, і тубачы прыкладаюць да вуснаў доўгія трубы. Калі ён, аднак, уважліва прыгледзеўся да ўсяго, то ўбачыў, што як бы нешта ня тое. Помнікі ёсьць, але неяк малападобныя, са скажэньнем аблічча, у касым поглядзе ёсьць нешта ад дзядзькі. Шумяць сьцягі – праўда, але з маленькай стужкай, зусім невыразнай, амаль чорнай; калі ня чорнай, то бруднай, у любым выпадку, бруднаватай. Што ж гэта зноў? Што за намёкі?!

“Божухна! Гэтыя ж дыванкі выцертыя, зусім лысыя, а дзядзька, дзядзька быў лысы… Ня можа быць! Назад! Адыходзім! Абудзіцца! Абудзіцца!!!—падумаў ён.—Трубіць пад’ём, прэч з гэтага сну!” – завішчэў ён. Але калі ўсё зьнікла, лепш ня стала. Ён зваліўся са сну ў сон, у новы, што сьніўся папярэдняму, а той натрапіў на ранейшы сон, значыць, цяперашні быў ужо пад нейкай трэцяй сілай; усё ў ім ператварылася ў здраду, сьмярдзела прадажніцтвам, сьцягі – як пальчаткі – з каралеўскіх выварочваліся ў чорныя, ордэны былі з разьбой, як абсечаныя каркі, а з залацістых трубаў грукаталі не баявыя маршы, а дзядзькаў сьмех, як гром, што грымеў яму на пагібель. Зароў кароль голасам ста званоў, закрычэў на войска – няхай яго колюць дзідамі, каб абудзіць! “Ушчыкнеце!!!—патрабаваў ён на ўсю глотку, а потым зноў: — Явы!! Явы!!” – дарэмна аднак. Тады ён зноў імкнуўся з антыкаралеўскага, забойчага, здрадніцкага сну ў тронны, але ў ім напладзілася ўжо сноў, як псоў. Яны віравалі, як пацукі, адныя гмахі заражалі кашмарам іншыя, разьбягалася ў ім скурчанае, крыючыся, крадком, цішком, няведама што, але такое жахлівае, аж крый Божа! Стопавярховым электронным гмахам сьніліся шрубікі і трупікі, дручкі і атруткі, у кожнай асабістай падстанцыі засела зграя сваякоў, у кожным узмацняльніку рагатаў дзядзька. Затрэсьліся гмахі-страхі, напалоханыя самі сабой, вырвалася зь іх сто тысячаў сваякоў, самазваных прэтэндэнтаў на трон, двуаблічных інфантаў-падкідышаў, касавокіх узурпатараў. І хаця ніхто ня ведаў, ці ён істота, якую сьняць, ці істота, якая сьніць, хто каму сьніцца, навошта і што з гэтага выйдзе – усе без вынятку гайда на Мурдаса, каб яго засячы, з трона звалачы, на званіцу павесіць, раз забіць, другі ўваскрэсіць, тры чвэрці да сьмерці. І толькі таму нічога пакуль не рабілі, што не маглі пагадзіцца, з каго пачаць. І так перлі лавінамі машкары каралеўскія думкі, што аж бліснула полымя ад замыканьня. Ня ў сьне, а самы сапраўдны агонь паказаўся залатым бляскам у вокнах каралеўскай асобы, і распаўся кароль Мурдас на сто тысячаў сноў, якіх ужо не злучала нішто, апроч пажару, — і гарэў доўга…

Stanisław Lem. Ratujmy kosmos i inne opowiadania.
Kraków, 1966.

Пераклад з польскай - Валеры Буйвал

Станіслаў Лем (нар. 1921) – польскі пісьменьнік. Сусьветную вядомасьць набылі ягоныя творы ў жанры навуковай фантастыкі “Зорныя дзёньнікі”, “Салярыс”, “Кніга робатаў”, “Казкі робатаў”.

20/12/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь