Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Бэртольд Брэхт “Цэзар”

Ад пачатку сакавіка дыктатар ведаў, што дыктатуры засталіся лічаныя дні.

Чужаніца, які прыяжджаў з правінцыі, знаходзіў сталіцу больш імпазантнай, чымсьця раней. Горад непараўнальна разросься; стракатая мешаніна народаў запаўняла разбудаваныя кварталы; завяршалася будоўля магутных урадавых гмахаў; у дзелавым цэнтры не адбіцца было ад новых праектаў; дзелавое жыцьцё мела нармальныя рысы; рабы былі танныя.

Рэжым здаваўся добра ўмацаваным. дыктатура была абвешчаная дыктатарам на пажыцьцёвы тэрмін, і цяпер падрыхтоўваўся НАЙВЯЛІКШЫ ЯГОНЫ ЧЫН, — захоп Усходу, здаўна чаканая пэрсідзкая ваенная выправа, сапраўднае другое Аляксандрава нашэсьце.

Цэзар ведаў, што ён не перажыве гэты месяц. Ён стаяў на вершаліне сваёй улады. такім чынам, перад ім ляжала бездань.

Вялікае паседжаньне Сэнату 13 сакавіка, на якім дыктатар у сваёй прамове выступіў супраць “пагрозьлівай пазыцыі пэрсідзкага ўраду” і зрабіў спавешчаньне пра тое, што ён у Александрыю, сталіцу Эгіпту, сьцягнуў войскі, паказала прыкметна індыфэрэнтнае, нават халоднае стаўленьне Сэнату. Падчас прамовы сярод сэнатараў курсаваў ганебны пералік сумаў, якія дыктатар пад фальшывым імем дэпанаваў у гішпанскіх банках: дыктатар пераводзіць сваю прыватную маёмасьць (110 мільёнаў) за мяжу! Дык ён ня верыць у сваю вайну? Або ён прадугледжвае наогул вайну ня супраць Пэрсіі, а вайну супраць Рыму? – Сэнат ухваліў ваенныя крэдыты аднагалосна, як зазвычай.

У палацы Клеапатры, гэтым цэнтры ўсіх інтрыгаў, што тычацца Ўсходу, сабраліся вядучыя вайсковыя чыны. Эгіпецкая царыца зьяўляецца сапраўднай натхняльніцай пэрсідзкай вайны. Брутус і Касіюс, як і іншыя маладыя афіцэры, віталі трыюмф яе ваеннай палітыкі ў Сэнаце. Яе прыдумка запусьціць у абарот ганебны пералік атрымала належную ўхвалу і выклікала сьмех. Дыктатар будзе дзівіцца, калі ён паспрабуе атрымаць ухваленыя крэдыты ў рымскім цэнтры…

Сапраўды, Цэзар, які не пакінуў без увагі халоднасьць Сэнату пры ўсёй гатоўнасьці таго да згоды, меў магчымасьць канстатаваць крайне раздражнёны настрой таксама і ў асяроддзі прадпрымальнікаў. У гандлёвай палаце ён падвёў фінансістаў да вялізнай мапы, павешанай на сьцяну, і тлумачыў ім пляны сваіх выправаў у Пэрсіі і Індыі. Паны ківалі галовамі, аднак потым пачалі гаманіць пра Галію, якая захопленая ўжо колькі гадоў таму, і дзе ўжо зноў успыхнулі крывавыя паўстаньні. “Новы парадак” не працуе. Была выказана прапанова: Ці нельга новую вайну распачаць лепш недзе ўвосені? Цэзар не адказаў, рэзка выйшаў з залі. Паны ўзьнялі рукі ў рымскім вітаньні. Нехта прамармытаў: “Кепска ў дзядзькі з нэрваммі”.

З чаго раптам ім расхацелася вайны?

Вынікі запытаньняў падаюць дзіўныя зьвесткі: збраёўні ліхаманкава рыхтуюцца да вайны; іхныя акцыі рэзка падскочылі; кошты на рабоў таксама растуць…

Што гэта значыць? Яны за вайну дыктатара і адмаўляюць яму ў грашах на яе?

Пад вечар Цэзар ведае, што гэта значыць: ЯНЫ ХОЧУЦЬ ВАЙНЫ, АЛЕ БЕЗЬ ЯГО.

Ён аддае загад арыштаваць пяцёх банкіраў, ён глыбока ўзрушаны, блізкі да нэрвовага зрыву, чаму дзівіцца ягоны ад’ютант, які бачыў яго сярод крывавых бітваў абсалютна спакойнага. Ён трошкі супакойваецца, калі прыходзіць Брутус, якога ён вельмі любіць. Між тым ён не пачуваецца дастаткова моцным, каб праглядзець дасье, дасланае яму ягонай даверанай асобай у дзелавым цэнтры. Там імёны змоўшчыкаў, сярод якіх імя Брута. Яны рыхтуюць замах на ягонае жыцьцё. Страх знайсьці ў дасье (“Яно такое таўсьценнае, страшна тоўстае”) таксама й знаёмыя імёны не дазваляе дыктатару адкрыць яго. Брутус просіць шклянку вады, і раптам Цэзар аддае нераскрытую папку сакратару – прачытаю пазьней.

Вялікі вэрхал усчынаецца ў палацы Клеапатры, калі спалатнелы і падаўлены Брутус паведамляе пра дасье аб змове. Цэзар можа прачытаць яго ў любы момант. Клеапатра зь цяжкасьцю супакойвае прысутных, зьвяртаючыся да іхнага жаўнерскага гонару, а сама аддае загад пакаваць рэчы.

У Цэзара тым часам зьяўляецца для справаздачы эдзіл паліцыі. Ён трэці сёлета, працуе толькі два месяцы, двух ягоных папярэднікаў зьнялі, бо яны былі ўблытаныя ў змову. Эдзіл гарантуе дыктатару асабістую бясьпеку – нягледзячы на хваляваньне, якое ахапіла дзелавое асяроддзе пасьля арышту банкіраў, якое распаўсюджваецца на ўсё больш шырокія колы… Пэрсідзкая вайна, у хуткім пачатку якой эдзіл, здаецца, ня сумняваецца, прымусіць, на ягоны погляд, замаўчаць апазыцыю. Пакуль ён выкладае маштабныя мерапрыемствы па арганізацыі аховы, якія лічыць неабходнымі, Цэзар скрозь яго, як здань бачыць сваю сьмерць; бо ён павінен памерці.

Яго данясуць да портыка Пампэя, там ён выйдзе, прыме прасіцеляў, увойдзе ў храм, адшукае вачыма гато ці іншага сэнатар, каб павітацца, сядзе ў сваё крэсла. Пройдуць звычайныя цырымоніі, ён паназірае. Потым змоўнікі, — у Цэзарай мроі яны ня маюць абліччаў, толькі белыя плямы там, дзе павінны быць твары, — падыйдуць да яго зь нейкай нагоды. Нехта зь іх дасьць яму нешта прачытаць, ён працягне руку, яны накінуцца на яго, ЁН ПАМРЭ. Не, вайна на Ўсходзе не для яго. Найвялікшае зь ягоных прадпрыманьняў не адбудзецца: УСЁ СЫШЛОСЯ ДА ТАГО, КАБ ЖЫВЫМ УЗЫСЬЦІ НА КАРАБЕЛЬ, які завязе яго да ягоных войскаў у Александрыю, у адзінае месца, дзе ён, магчыма, будзе ў небясьпецы.

Калі позна ўвечары вартавыя ўбачылі, як некалькі паноў уваходзяць у апартамэнты дыктатара, яны, як заўсёды, падумалі, што гэта генэралы і вайсковыя інспэктары, якія хочуць абмеркаваць пэрсідзкую вайну. Але гэта былі ўсяго лекары, дыктатар патрабаваў снатворнага.

Наступны дзень, 14 сакавіка, прайшоў бязглузда і марудна. Падчас ранішніх практыкаваньняў у фэхтавальнай залі Цэзару трапіла непараўнальная думка. Сэнат і дзелавыя колы супраць яго, як быць? ЁН ЗЬВЕРНЕЦЦА ДА НАРОДА!

Ці ня быў ён некалі вялікім народным трыбунам, мудрай надзеяй дэмакратыі? Ён высуне велічную праграму, якая напалохае Сэнат насьмерць, — падзел зямлі, паселішчы для беднякоў.

Дыктатура? Больш ніякай дыктатуры! Вялікі Цэзар пойдзе ў адстаўку, вернецца ў прыватнае жыцьцё, паедзе, напрыклад, у Гішпанію…

Зьнясілены чалавек сеў быў на каня, якога млява правялі ўкола па фэхтавальнай зале, аж раптам (пры пэўных думках – пра народ) ён напружыўся, нацягнуў цуглі, прышпорыў каня, так што той памчаўся запацелы; сьвежы, новы чалавек пакідаў фэхтавальную залю.

Нямногія з тых, хто гуляў у гэтую вялікую гульню, сёньняшняй раніцай пачуваліся настолькі ўпэўнена, як Цэзар… Змоўнікі чакалі арышту. Брутус выставіў вартавых у сваіх садах, у розных пунктах ён трымаў напагатове коней. Шмат у якіх дамах палілі папірусы. У сваім палацы на Тыбры Клеапатра рыхтавалася да дня сьмерці. Цэзар павінен быў ужо даўно прачытаць дасье. Яна карпатліва займаецца туалетам, адпускае на волю рабоў, раздае падарункі. Хутка павінны прыйсьці забойцы.

Апазыцыя зрабіла свой удар учора. Сёньня чарга ўдарыць за рэжымам. На прыёме ў дыктатара становіцца зразумела, як будзе выглядаць гэты ўдар у адказ.

У прысутнасьці многіх сэнатараў Цэзар расказвае пра свой новы плян. Ён прызначыць выбары, пойдзе ў адстаўку. Ягоны лёзунг: НЕ ВАЙНЕ! Рымскі грамадзянін будзе захопліваць італьянскую зямлю, а не пэрсідзкую. Бо як жыве рымскі грамадзянін, уладар сьвету? Цэзар апісвае гэта.

Акамянелыя твары моўчкі слухаюць страшнае апісаньне нэндзы звычайнага рымскага грамадзяніна. Дыктатар скінуў маску, ён будзе падбухторваць натоўп. Праз паўгадзіны пра гэта даведаецца ўвесь дзелавы квартал. Варажнеча паміж прадпрымальнікамі і Сэнатам, паміж банкірамі і афіцэрамі зьнікне, усіх аб’яднае адзінае: прэч з Цэзарам!

Цэзар ведае, што ягоная прамова – гэта памылка, яшчэ не скончыўшы яе. Вядома, яму ня трэба было надта раскрывацца. Ён рэзка мяняе тэму і спрабуе ўжыць свой выпрабаваны шарм. Ягоным сябрам няма чаго баяцца. Іхныя маёнткі не закрануць. Трэба дапамагчы арэндоўшчыкам атрымаць зямлю, але гэта будзе рабіць Сэнат, зь дзяржсродкаў. Лета выдасца на славу, яны будуць ягонымі гасьцямі гасьцямі ў Баі.

Калі яны падзяквалі за запрашэньне і сышлі, Цэзар загадвае зьняць і арыштаваць эдзіла паліцыі, які яшчэ ўчора выпусьціў на волю арыштаваных банкіраў. Потым ён пасылае свайго сакратара празандаваць настрой у дэмакратычных колах. Цяпер усё залежыць ад пазыцыі народа.

Дэмакратычныя колы – гэта палітыкі даўно распушчаных клюбаў рамесьнікаў якія ў слаўныя часы рэспублікі адыгрывалі галоўную ролю на выбарах. Дыктатура Цэзара разьбіла гэты некалі магутны апарат і з часткі сяброў клюбаў стварыла грамадзянскую гвардыю, гэтак званыя вулічныя клюбы. Яны таксама былі распушчаныя. Але цяпер сакратар Тытус Рамус расшуквае плябейскіх палітыкаў, каб празандаваць іхны настрой.

Ён размаўляе з былым старшынём гільдыі тынкоўшчыкаў, потым з адным з былых выбарчых агітатараў, шынкаром. Абодва субяседнікі паводзілі сябе крайне асьцярожна, пазьбягалі размовы пра палітыку. Яны спасылаліся на Карпо, былога лідэра будаўнікоў, як на найбольш уплывовага, БО ЁН СЯДЗІЦЬ У ТУРМЕ.

Між тым да цэзара зьявіўся надзвычайны наведнік: Клеапатра. Царыца больш ня вытрымлівала напружаньня. Яна хацела ведаць, што будзе зь ёю. Яна падрыхтавалася да сьмерці, скарыстала ўсе мастацтвы Эгіпту, каб мабілізаваць сваю прыгажосьць, знакамітую на трох кантынэнтах. Здаецца, дыктатар зацягвае час. Як заўжды ў апошнія гады, ён гатовы даваць ёй парады з вытанчанай ветлівасьцю, час ад часу падкрэсьліваючы, што ён хоць зараз можа стаць ёйным каханкам, толькі б яна пажадала такога, як ён, нявопытнага знаўцу жаночай прыгажосьці. І ні слова пра палітыку. Яны сядаюць у атрыюме і кормяць залатых рыбак, гамоняць пра надвор’е. Ён запрашае яе гэтым летам у Баю…

Яна не супакойваецца. Ён, здаецца, яшчэ ня скончыў падрыхтоўку ўдару, прычына відавочна ў гэтым. Яна адыходзіць з напружаным выразам твару. Цэзар праводзіць яе да ейных насілак, А ПОТЫМ НАКІРОЎВАЕЦЦА Ў БЮРО, ДЗЕ ЮРЫСТЫ І САКРАТАРЫ ЛІХАМАНКАВА ПРАЦУЮЦЬ НАД ПРАЕКТАМІ НОВАГА ВЫБАРЧАГА ЗАКОНУ. Праект павінен захоўвацца ў таямніцы: ніхто ня мае дазволу пакідаць палац. ГЭТАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ БУДЗЕ САМАЙ СВАБОДНАЙ З ТЫХ, ПАВОДЛЕ ЯКІХ ЖЫЎ РЫМ…

Цяпер сапраўды слова за народам…

Аднак Рарус надзвычай доўга адсутнічае – пра што яны там могуць весьці перамовы, гэтыя ж плябеі павінны схапіцца абедзьвюма рукамі за любы шанец з боку дыктатара, — Цэзар вырашае пайсьці на сабачыя бягі. Ён адчувае патрэбу знайсьці з народам непасрэдны кантакт, а народ трэба шукаць на сабачых бягах. – Арэна запоўненая яшчэ ня цалкам. Цэзар накіроўваецца не ў вялікую ложу, ён сядае вышэй, сярод натоўпу. Ён ня мусіць баяцца, што яго пазнаюць, людзі бачылі яго заўсёды толькі здалёк.

Цэзар некаторы час прыглядаецца, а потым і сам ставіць на пэўнага сабаку. Побач зь ім сеў чалавек, ён яму тлумачыць, чаму ён паставіў менавіта на гэтага сабаку. Чалавек ківае. У наступным радзе ўспыхвае нязначная спрэчка. Некалькі чалавек, здаецца, селі не на свае месцы. Тыя, што прыйшлі, вытурваюць іх. Цэзар спрабуе завязаць размову з сваімі суседзямі, нават пра палітыку. Яны адказваюць млява, і тады ён здагадваецца, што яны ведаюць, хто ён: ён сядзіць сярод агентаў сваёй тайнай паліцыі.

Раззлаваны, ён устае і выходзіць. А сабака, на якога ён паставіў, між тым, выйграе…

Перад арэнай ён сустракае свайго сакратара, які шукае яго. Ён прынёс кепскія навіны. Ніхто ня хоча ўступаць у перамовы. Паўсюль пануе страх або нянавісьць. Больш апошняе. Чалавек, якому давяраюць, гэта – Карпо, будаўнік. Цэзар, насупоніўшыся, слухае. Ён раптам мякчэе й загадвае несьці сябе ў Мамэртынскую турму. Ён будзе гаварыць з Карпо.

Спачатку трэба адшукаць Карпо. У гэтых вязьніцах столькі плябейскіх вязьняў, што яны гніюць тут тузінамі. Але пасьля пэўнай мітусьні будаўніка Карпо вывалакваюць на доўгім дроце зь ягонага лёху, дыктатар можа пагаманіць з чалавекам, якому давярае народ Рыму.

Яны сядаюць тварам у твар і разглядаюць адзін аднаго. Карпо стары чалавек, магчыма, ён не старэйшы за Цэзара, але выглядае на васьмідзесяцігадовага. Вельмі стары, вельмі лядашчы, але не зламаны. Цэзар бяз хітрыкаў разгортвае перад ім свой нечувальны плян аднаўленьня дэмакратыі, прызначэньня выбараў, свайго адыходу ў прыватнае жыцьцё і да т.п.

Стары маўчыць. Ён ня кажа ані так, ані не, ён маўчыць. Ён утаропіўся ў Цэзара і не падае ані гуку. Калі Цэзар спыняецца, яго зноў адводзяць на доўгім дроце ў ягоны лёх. Мара пра дэмакратыю выдыхлася. Ясна: каля яны й хочуць перавароту, то безь яго. Яны яго надта добра ведаюць.

Калі дыктатар вяртаецца ў свой дом, сакратар намагаецца растлумачыць вартавым, хто гэта. Яны новыя. Новы эдзіл адаслаў прэч рымскіх вартавых і разьмясьціў у палацы нэгрыцянскую кагорту. Нэгры больш надзейныя, яны не разумеюць лаціну і таму іх цяжэй падбухторыць, заразіць настроем, што пануе ў горадзе…

Ноч у палацы праходзіць неспакойна. Цэзар неаднакроць устае і ходзіць па незьлічоных прасторах палаца. Нэгры пьюць і сьпяваюць. Ніхто не зьвяртае ўвагі на яго. Ён слухае іхныя сумныя сьпевы і выходзіць у стайню да свайго любімага каня. Прынамсьці конь пазнае яго… Вечны Рым распасьцёрся ў неспакойным паўсьне. Перад брамамі начлежак яшчэ стаяць разораныя рамесьнікі, чакаючы сваёй чаргі паспаць тры гадзіны. Яны чытаюць вялікія, паўабдзёртыя плякаты, што вярбуюць жаўнераў на ўсходнюю вайну, якая ніколі не адбудзецца. У садах, дзе звычайна бавіцца залатая моладзь, вартавыя зьніклі яшчэ папярэдняй ноччу. З палацаў даносяцца пьяныя галасы. Праз паўднёвую гарадзкую браму цягнецца невялікая кавалькада: царыца Эгіпту, шчыльна замаскаваная вэлюмам, пакідае горад… А другой гадзіне ночы Цэзар успамінае пра нешта, устае і ідзе ў начной вопратцы ў палацавы флігель, дзе юрысты яшчэ працуюць над новай канстытуцыяй. Ён адпускае іх спаць.

На золку Цэзару паведаляюць, што ягоны сакратар Рарус быў забіты ўначы. Відаць, нехта сачыў за ягонымі перамовамі з плябейскімі палітыкамі, і зь цемры да яго дацягнуліся моцныя рукі. Чые рукі? Сьпісы зь імёнамі змоўнікаў, якімі ён валодаў, зьніклі. Сакратар быў забіты ў палацы. Значыць, ужо і ў палацы няма бясьпекі для прыхільнікаў дыктатара?

Цэзар доўга стаіць перад паходным ложкам, на якім ляжыць мёртвы сакратар, апошні, каму ён давяраў, і гэты давер каштаваў яму жыцьця.

Калі ён выходзіў з пакою, адзін з пьяных вартавых жаўнераў зачапіў яго і не папрасіў прабачэньня. Цэзар нэрвова азіраецца ва ўсе бакі, пакуль спускаецца па сходах.

У атрыюме, дзе асабліва пустэльна, — ніхто не прыйшоў на вячэру, — ён сутыкаецца з пасланьнікам Антонія. Консул, гэты ягоны цень, паведамляе яму, каб ён ні ў якім выпадку не хадзіў у Сэнат. Ёсьць пагроза ягонаму жыцьцю. Цэзар перадае Антонію паведамленьне, што ён ня пойдзе ў Сэнат. – Замест гэтага ён загадвае несьці сябе ў дом Клеапатры, паўз доўгія шэрагі ранішніх прасіцеляў, што стаяць перад ягоным палацам. Можа Клеапатра возьмецца фінасаваць ягоную ваенную выправу? Тады б яму не спатрэбіліся ані дзелавыя колы, ані народ.

Клеапатры няма дома. Дом зачынены. Здаецца, яна ад’ехала далёка… Назад у палац. Брама шырока расчыненая, чаго раней ніколі не было. Аказваецца, зьнялі варту. Уладар сьвету выхіляецца з сваіх насілак і глядзіць на свой дом, у які ён ужо не рашаецца ўвайсьці.

Ён можа папрасіць у Антонія варту для аховы. Але ён не давярае ніякай ахоўнай варце. Лепш будзе хадзіць зусім бяз варты, тады прынамсьці ня трэба яе баяцца. Куды пайсьці?

Ён аддае загад. Ён накіроўваецца ў Сэнат.

Ён ляжыць, адкінуўшыся ў насілках, не глядзіць ані направа, ані налева. Яго падносяць да Портыка Пампэя. Ён выходзіць. Разьбіраецца з прасіцелямі. Уваходзіць у храм. Шукае вачыма то таго, то іншага сэнатара і вітае іх. Сядае ў сваё крэсла. Пачынаюцца цырымоніі. Потым да яго падыходзяць змоўнікі зь нейкай нагоды. У іх ужо ня белыя плямы на карках, як ён бачыў гэта ў сваім сьне два дні таму: яны ўсе маюць твары, твары ягоных найлепшых сяброў. Нехта зь іх дае яму нешта прачытаць, ён цягне руку. Яны кідаюцца на яго.

Bertold Brecht. Kalendergeschichten. Leipzig, 1979.

Пераклад з нямецкай - Валеры Буйвал

Бэртольд Брэхт (1898-1956), нямецкі пісьменьнік, драматург. Аўтар “Трохграшовага раману”, п’есаў “Што той жаўнер, што гэта”, “Трохграшовая опэра”, “Матуля Кураж”, навэлаў.

9/12/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2004
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь