Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Баляслаў Прус “Легенда старажытнага Егіпта”

Глядзіце, якія марныя надзеі чалавечыя у параўнанні з ладам свету; глядзіце, якія яны марныя перад прысудамі, што напісаў вогненнымі знакамі на небе Спрадвечны!..
Стогадовы Рамзэс, магутны гаспадар Егіпта, дагараў. На грудзі ўладара, ад голасу якога на працягу паловы стагоддзя трымцелі мільёны, навалілася змрочная здань і душыла, піла яму кроў з сэрца, сілу з ягоных рук, а часам нават прытомнасць з мазгоў. Вялікі фараон ляжаў, як павалены кедр, на скуры індыйскага тыгра, з нагамі, накрытымі трыюмфальным плашчом цара эфіопаў.
Суровы нават да самога сябе, ён паклікаў наймудрэйшага лекара са святыні ў Карнаку і сказаў:

– Я ведаю, што ты валодаеш моцнымі лекамі, якія альбо забіваюць альбо адразу вылечваюць. Падрыхтуй мне адно з іх, што адпавядае маёй хваробе, і няхай гэта ўсё скончыцца… так альбо інакш.

Лекар вагаўся.
– Падумай, Рамзэс,– прашаптаў ён,– ад моманту твайго зыходжання з высокіх нябёсаў Ніл выходзіў з берагоў ужо сто разоў. Ці ж я магу даць табе лек, няпэўны нават для наймаладзейшага з тваіх ваяроў?

Рамзэс усеўся на пасьцелі.
– Я напэўна вельмі хворы,– гукнуў ён,– калі ты, святар, насмеліўся даваць мне парады! Маўчы і выконвай, што я загадаў. Бо жыве яшчэ трыццацігадовы ўнук мой і спадчыннік Горус. А Егіпет не можа мець уладара, які не здольны сесці ў калясніцу і падняць дзіду.

Калі святар дрыготкай рукой падаў яму страшны лек, Рамзэс выпіў яго так, як прагны п’е кубак вады; потым ён паклікаў да сябе найзнакамітшага астролага з Фіваў і загадаў яму шчыра распавесці, што там паказваюць зоркі.

– Сатурн сышоўся з Месяцам,– адказаў мудрэц,– што ёсць знакам смерці члена тваёй дынастыі, Рамзэс. Кепска ты зрабіў, выпіўшы сёння лек, бо пустыя чалавечыя планы ў параўнанні з прысудамі, якія на небе піша Спрадвечны.

– Натуральна, што зоркі прадказалі маю смерць.—адказаў Рамзэс.—І калі ж гэта можа здарыцца? – звярнуўся ён да лекара.

– Перад усходам сонца, Рамзэс, ты альбо будзеш здаровы, як насарог, альбо твой святы пярсцёнак апынецца на руцэ Горуса.

– Прывядзіце,– сказаў Рамзэс слабеючым голасам,– Горуса ў залу фараонаў: няхай ён там чакае на маё апошняе слова і на пярсцёнак, каб у выконванні ўлады ані на імгненне не было перапынку.

Заплакаў Горус (меў ён сэрца, поўнае літасці) над блізкай смерцю дзеда. Але ж у выконванні ўлады не магло быць перапынку, і таму ён пайшоў у залу фараонаў у атачэнні шматлікай світы.

Прысеў на ганку, мармуровыя прыступкі якога вялі ўніз, ажно да ракі, і поўны неяснага смутку пачаў углядацца ў наваколле.

Тым часам месяц, каля якога тлела злавесная зорка Сатурн, залаціў бронзавыя воды Нілу, на лугах і ў садах маляваў цені агромністых пірамід і на колькі міль вакол асвятляў усю даліну. Хаця была позняя ноч, у хатах і палацах гарэлі лямпы, а людзі выйшлі з дамоў пад голае неба. Па Ніле віравалі чаўны, было іх шмат, як у святочны дзень. У пальмавых гаях, на берагах ракі, на рынках, на вуліцах і каля палаца Рамзэса калыхаўся незлічоны натоўп. Але нягледзячы на гэта, была такая ціша, што да Горуса далятала шамаценне водных траснягоў, енк і выццё гіен, што шукалі здабычу.

– Чаму сабраўся такі натоўп?—спытаў Горус аднаго з прыдворных, паказваючы на бязмежныя масы чалавечых галоў.

– Яны хочуць цябе, пане, павітаць як новага фараона і пачуць з тваіх вуснаў аб дабрадзействах, якія ты ім вызначыў.

У гэтае імгненне ўпершыню ў сэрца князя ўдарыла хваля велічы. Так аб пакручасты бераг ударае набягаючае мора.

– А тыя агні што азначаюць? – зноў спытаў Горус.

– Святары пайшлі да грабніцы тваёй маці Зэфоры, каб перанесці яе парэшткі ў фараонавы катакомбы.

У сэрцы Горуса зноў абудзіўся смутак па маці, парэшткі якой – за міласэрнасць, якую яна аказвала рабам – суровы Рамзэс пахаваў пасярод магіл рабоў.

– Я чую конскае ржанне,– сказаў Горус, прыслухоўваючыся,– хто выязджае а такой гадзіне?

– Канцлер, пане, загадаў выслаць гончыкаў па твайго настаўніка Ятрона.

Горус уздыхнуў, узгадаўшы пра любімага сябра, якога Рамзэс вытурыў з краіны за тое, што той у душы ўнука і спадчынніка прышчапляў агіду да войнаў і літасць да паняволенага люду.

– А што за агеньчык тамака за Нілам?

– А тым агеньчыкам, о Горус!—адказаў прыдворны.—Цябе вітае з кляштарнай вязьніцы верная Бераніка. Вярхоўны святар ужо паслаў да яе фараонаў човен. А калі святы пярсцёнак заблішчыць на тваёй руцэ, цяжкія дзверы кляштара расчыняцца, і яна, што сумуе за табой і кахае, вернецца да цябе.

Пачуўшы гэтыя словы, Горус ужо ні пра што не пытаў. Ён змоўк і затуліў вочы рукой.

Раптам ён застагнаў ад болю.

– Што з табой, Горус?

– Пчала ўджаліла мяне ў нагу.—адказаў спалатнелы князь.

Прыдворны пад зеленаватым святлом месяца агледзеў ягоную нагу.

– Падзякуй Азірысу,– сказаў ён,– што гэта не павук, яд якіх цяпер смяротны.

О! Якія марныя чалавечыя надзеі ў параўнанні з нязменнымі прысудамі…

У гэтае імгненне ўвайшоў камандуючы арміяй і, схіліўшыся перад Горусам, сказаў:

– Вялікі Рамзэс, адчуваючы, што ягонае цела стыне, паслаў мяне да цябе з загадам: “Ідзі да Горуса, бо мне мала засталося жыць на гэтым свеце, і выконвай ягоную волю, як выконваў быў маю. Нават калі ён загадае цябе саступіць Верхні Егіпет эфіопам і заключыць з тымі ворагамі братэрскі хаўрус, выканай гэта, калі ўбачыш мой пярсцёнак на ягонай руцэ, бо вуснамі ўладароў гаворыць бессмяротны Азірыс”.

– Не аддам Егіпет эфіопам.—сказаў князь.—Але заключу мір, бо шкадую мой народ. Напішы цяпер жа эдыкт і трымай пад рукой конных гончыкаў, каб як толькі ўспыхнуць першыя агні ў мой гонар, яны панесліся б у бок паўднёвага сонца і перадалі знак згоды эфіопам. І напяшы яшчэ другі эдыкт, што з гэтай пары ажно да канца часоў ніводнаму палоннаму не можа быць вырваны язык з вуснаў ягоных на полі бітвы. Так я сказаў…

Камандуючы ўпаў ніцма, а потым адышоў, каб напісаць загады. А князь загадаў прыдворнаму зноў агледзець ягоную рану, бо вельмі яму балела.

– Твая нага трохі распухла, Горус.—сказаў прыдворны.—Што было б, калі б не пчала, а павук уджаліў цябе!..

У залу ўвайшоў дзяржаўны канцлер і, схіліўшыся перад князем, сказаў:

– Магутны Рамзэс, бачачы, што ў ягоных вачах цямнее, паслаў мяне да цябе з загадам: “Ідзі да Горуса і слепа выконвай ягоную волю. Нават калі б Горус загадаў цябе спусціць з ланцуга рабоў, а народу аддаць у дар усю зямлю, ты гэта зробіш, калі ўбачыш на ягонай руцэ мой святы пярсцёнак, бо вуснамі ўладароў гаворыць бессмяротны Азірыс”.

– Так далёка не распасціраецца дабрыня майго сэрца.—сказаў Горус.—Але цяпер жа напішы эдыкт, паводле якога народу напалову зніжаюцца дзяржаўная даніна і падаткі, а рабы атрымліваюць тры дні на тыдзень вольныя ад працы і не могуць быць бітымі кіём па хрыбце без судовага прысуду. І яшчэ напішы эдыкт, паводле якога з выгнання павінен быць вернуты мой настаўнік Ятрона, каторы ёсць наймудрэйшым і найшляхетнейшым з егіпцян. Я так сказаў…

Канцлер упаў ніцма, але перш чым ён адышоў, у залі з’явіўся вярхоўны святар.

– Горус,– сказаў ён,– у любы момант вялікі Рамзэс можа адысці ў царства ценяў і сэрца ягонае на беспамылковых вагах узважыць Азірыс. Як толькі святы пярсцёнак фараонаў заблішчыць на тваёй руцэ, аддавай загады, і я буду цябе слухацца. Нават калі б ты захацеў разбурыць цудоўную святыню Амона, бо вуснамі ўладароў гаворыць бессмяротны Азірыс.

– Не разбураць,– запярэчыў Горус,– а будаваць буду новыя святыні і павялічваць святарскі скарб. Жадаю толькі, каб ты напісаў эдыкт аб урачыстым пераносе парэшткаў маці маёй Зэфоры ў катакомбы і другі эдыкт… аб вызваленні каханай Беранікі з кляштарнай вязьніцы. Я так сказаў…

– Мудры пачатак.—адказаў святар.—Усё ўжо падрыхтавана для выканання тваіх загадаў. А эдыкты я зараз напішу. Калі ты дакранешся да іх пярсцёнкам фараонаў, я запалю вось гэтую лямпу, каб яна была для народу знакам ласкі, а тваёй Бераніцы знакам волі і кахання.

Увайшоў наймудрэйшы лекар з Карнаку.

– Горус,– сказаў ён,– не здзіўляе мяне, што ты спалатнеў, бо Рамзэс, дзед твой, ужо канае. Не мог вытрымаць моцы леку, які я не хацеў даваць яму, уладару над уладарамі. Пры ім застаўся цяпер толькі намеснік вярхоўнага святара, каб як толькі памрэ, зняць святы пярсцёнак з ягонай рукі і аддаць яго цябе ў знак неабмежаванай улады. Але ты палатнееш усё мацней, Горус?.. – дадаў ён.

– Агледзь маю нагу,– прастагнаў Горус і ўпаў на залатое крэсла, парэнчы якога былі выразаны ў форме ястрабіных галоваў.

Лекар укленчыў, агледзеў нагу і адхінуўся ўражаны.

– Горус,– прашаптаў ён,– цябе ўджаліў вельмі ядавіты павук.

– Няўжо трэба паміраць?.. у такі момант?.. – спытаў ледзь чутным голасам Горус.

А потым дадаў:

– А як хутка гэта можа здарыцца?.. скажы праўду…

– Перш чым месяц схаваецца за гэтую вось пальму…

– Ах, так!.. А Рамзэс будзе яшчэ доўга жыць?..

– Ці ж я ведаю?.. Можа цябе нясуць ужо ягоны пярсцёнак.

У гэтае імгненне ўвайшлі міністры з гатовымі эдыктамі.

– Канцлер!—гукнуў Горус, хапаючы яго за руку.—Калі б я зараз памёр, ці вы выканалі б мае загады?

– Дажыві, Горус, да ўзросту твайго дзеда!—адказаў канцлер.—Але нават калі б ты адразу пасля яго смерці ўстаў перад судом Азірыса, кожны твой эдыкт будзе выкананы, абы ты дакрануўся да яго святым пярсцёнкам фараонаў.

– Пярсцёнкам!—паўтарыў Горус.—Але дзе ён?

– Адзін з прыдворных казаў мне,– прашаптаў галоўнакамандуючы,– што душа вялікага Рамзэса ўжо вось-вось з цела выйдзе.

– Я паслаў па майго намесніка,– дадаў вярхоўны святар,– каб адразу, як сэрца Рамзэса перастане біцца, той зняў яму пярсцёнак.

– Дзякуй вам!..—сказаў Горус.—Шкада… ах, як шкада… Аднак, не ўвесь памру… Застануцца пасля мяне дабрадзействы, спакой, шчасце народу і… мая Бераніка выйдзе на волю… Доўга яшчэ?..—спытаў ён лекара.

– Смерць ад цябе на тысячу крокаў жаўнерскага маршу.—смутна адказаў лекар.

– Ці не чуеце, можа хто ідзе адтуль?..—сказаў Горус.

Маўчанне.

Месяц набліжаўся да пальмы і ўжо дакрануўся да першых яе лісцяў. Дробны пясок ціха шамацеў у клепсідрах.

– Далёка?..—прашаптаў Горус.

– Васемсот крокаў.—адказаў лекар.—Не ведаю, Горус, ці ты паспееш дакрануцца да ўсіх эдыктаў святым пярсцёнкам, нават калі б яго цябе прынеслі зараз…

– Падайце мне эдыкты.—сказаў князь, прыслухоўваючыся, ці не бяжыць хто з пакояў Рамзэса.—А ты, святар,– звярнуўся ён да лекара,– скажы, колькі мне засталося жыцця, каб я мог зацвердзіць прынамсці найдаражэйшыя для мяне рашэнні.

– Шасцьсот крокаў.—прашаптаў лекар.

Эдыкт аб змяншэнні даніны для народу і працы рабоў выпаў з рук Горуса на зямлю.

– Пяццот…

Эдыкт аб замірэнні з эфіопамі сасклізнуў з кален князя.

– Ці не ідзе хто?..

– Чатырыста…- адказаў лекар.

Горус задумаўся і… упаў загад аб пераносе парэшткаў Зэфоры.

– Трыста…

Той самы лёс напаткаў эдыкт аб вяртанні Ятрона з выгнання.

– Двесце…

Вусны Горуса пасінелі. Скурчанай рукой ён кінуў на зямлю эдыкт аб забароне вырываць языкі палонным, і пакінуў толькі… загад аб вызваленні Беранікі.

– Сто…

Пасярод магільнай цішы пачуўся стукат сандалей. У залу ўбег намеснік вярхоўнага святара. Горус выцягнуў руку.

– Цуд!..—гукнуў гончык.—Да вялікага Рамзэса вярнулася здароўе… Ён устаў з пасцелі поўны сілы і на ўсходзе сонца хоча ехаць на львінае паляванне… А цябе, Горус, у знак ласкі, ён заклікае далучыцца да яго…

Горус кінуў гаснучы позірк на той бераг Ніла, дзе блішчэла святло ў вязніцы Беранікі, і дзве слязы, крывавыя слязы скаціліся па ягоным твары.

– Ты не дасі адказу, Горус?..—спытаў здзіўлены пасланец Рамзэса.

– Ты што ж не бачыш, што ён памёр?..—прашаптаў наймудрэйшы лекар з Карнаку.

Дык глядзіце, якія марныя чалавечыя надзеі ў параўнанні з прысудамі, што Спрадвечны вогненнымі знакамі піша на небе.

Bolesław Prus. Nowele wуbrane. Warszawa, 1979.

Пераклад з польскай - Валеры Буйвал

Баляслаў Прус (1847-1912) – выдатны польскі празаік. “Легенда старажытнага Егіпта” была спробай пяра пісьменніка ў працы над гістарычнай тэмай з эпохі Рамзэса ХІІІ, якая завяршылася папулярным яго раманам “Фараон”. Аўтар раманаў і аповесцяў “Лялька”, “Анелька”, “Вартоўня”, “Эманцыпанткі”, навел і апавяданняў.

30/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь