Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пэтэр Энглунд “Каралева Крысьціна”

Распавядалі, што хто бачыў яе на кані,– яна выдатна скакала, фехтавала і страляла,– той не мог паверыць, што гэтая спрытная маладзіца з незачэсанымі валасамі і ў вопратцы з радна ёсць на самой справе будучай уладаркай Швецыі. Яна была жанчынай, але вызначалася якасцямі, якія традыцыйна прыпісваюцца мужчынам.

Ейнае маленства не было шчаслівым. Можна сказаць, што ўсё пайшло наперакос з самага пачатку. Яна прыйшла на свет з пранізлівым крыкам, мела на галаве рудыя валаскі і плацэнту — гэтакзваны пераможны капялюшык,– добры знак будучых поспехаў. Але гэта была дзяўчынка, што нікога не задавальняла, бо ўсе чакалі нараджэння спадчынніка трону. Крысцініна маці каралева Марыя Элеанора істэрычна плакала, а прыдворныя дамы збянтэжана маўчалі. Адзін Густаў Адольф захаваў спакой і заявіў, што спадзяецца, “што гэтае дзяўчо справіць для мяне такую ж прыемнасць, калі б яна была хлопчыкам”.

Густаў Адольф схаваў расчараванне, што не мае сына, і паставіўся да яе так, нібыта яна была хлопцам. Урачыстасці ў замку адбыліся такія ж, як пры нараджэнні сына. Кароль выдаў загад, каб Крысціна атрымала хлапечае выхаванне. Пасля смерці каралевы, калі стала ясна, што Крысціна сапраўды атрымае ў спадчыну трон, загад стаўся ўдвая больш дзейсны. Крысціна сама напісала пазней, што “дзіця, якое народжана, каб атрымаць у спадчыну карону, ёсць уласнасцю дзяржавы”. Каралеўскае дзяцінства тады ў Швецыі зусім не было прыватнай справай, а з’яўлялася прадметам дбайных дэбатаў у дзяржаўнай радзе і парламенце, якія заўсёды нагадвалі пра сваю ўладу, калі выхаванне рэгенткі здавалася ім недастаткова адназначным. Рэгенты ўмешваліся ў выхаванне і пасля смерці караля і, калі выкарыстоўваць сучасны тэрмін, пазбавілі Марыю Элеанору бацькоўскіх правоў на дачку.

Нягледзячы на тое, што шлюб з Густавам Адольфам быў ад самага пачатку шлюбам па разліку, яны жылі надзвычай шчасліва. Смерць Густава Адольфа была для каралевы ўдарам, ад якога яна так ніколі і не апамяталася. Яна закрылася з дачкой у пакоях, дзе ўсё, і вокны таксама, было зацягнута чорнай тканінай. Там пры святле свечак яна праплакала да поўнага шаленства. Загадала, каб цела караля не хавалі, пакуль яе саму не пахаваюць побач з ім. Выдала загад, каб труна была адкрыта, і наведвала мёртвае цела штодзень ў пасляабедзенны час, “глядзела на яго, аказвала яму пашану і зусім не заўважала, што яно ўжо счарнела, раскладаецца і становіцца непазнавальным”. У чэрвені 1634 г. удалося ўрэшце пахаваць труну ў рыдарсгольмскім касцёле. Аднак Марыя Элеанора адразу ж прабралася ў грабніцу і спрабавала ўлезці да мерцвяка. Тады раздражнёны канцлер быў вымушаны паставіць каля грабніцы варту, каб запабегнуць далейшым праявам адчаю. Праз колькі гадоў Марыя Элеанора, пераапранутая ў гараджанку, па патаемнай лесвіцы Грыпсхольмскага замку, што вяла з ейных пакояў да возера, выбралася за муры і ўцякла ў Данію.

Надрыўная жалоба па мужу высмактала з Марыі Элеаноры ўсе сілы. Яна занядбала сваю дачку. Самотная і ізаляваная Крысціна уцякала з зачыненых, чорных пакояў ад звар’яцелай маці і знаходзіла прытулак у кнігах. Крысціна мела двух настаўнікаў, вельмі важных і для ейнага эмацыйнага развіцця. Адным з іх быў сам дзяржаўны канцлер Аксэль Оксэншэрна, які надзвычай дбайна і старанна навучаў маладую дзяўчыну палітыцы, дзяржаўнай справе, ваеннаму мастацтву і геаграфіі. Ён рана даў ёй прачытаць у арыгінале Фукідзіда, Курцыя, Юстына і Палібія, а з трынаццаці гадоў праводзіў з ёй заняткі па афіцыйнаму цырыманіялу. Другім настаўнікам быў Ёханэс Маціаэ, біскуп з носам бульбінай, які навучаў яе мовам, тэалогіі і філасофіі. Маціаэ аказаў на маладую дзяўчыну асабліва вялікі ўплыў (з часам яна нават пачала называць яго бацькам) і абудзіў у яе цікаўнасць да філасофскіх і багаслоўскіх пытанняў. Біскуп захапляўся сінкрэтызмам. Сінкрэтысты (напрыклад, найвялікшы педагог таго стагоддзя чэх Ян Амос Каменскі) прапаведвалі згоду і цярпімасць, старанна працавалі на ўз’яднанне так смутна падзеленага хрысціянства. Маціаэ быў адным з многіх шведаў, што сустракаліся з Каменскім. На яго моцна паўплывалі ідэі сінкрэтызму. У гэтым сэнсе ён быў адасобнены сярод іншых шведскіх біскупаў. Шведскае святарства было строга артадаксальным, гадзілася ерасямі так жа сама як ненавідзела папства, вызнавала ідэялагічную чысціню веры, настолькі прамалінейную і пазбаўленую фантазіі, што гэта ўжо патыхала фанатызмам. Калі б рашэнне прымалі яны, Маціаэму ніколі б не было даручана выхаванне маладой каранаванай паненкі. Але ён атрымаў гэтае заданне ўжо у 1632 г. ад самога Густава Адольфа, так што з тым цяжка было даць рады. І вось, пакуль святары скрыпелі зубамі з адлегласці, “бацька” нашэптваў на вуха маладой дзяўчыне словы пра цярпімасць і павагу да іншых веравызнанняў. Аказалася, што Крысціна ахвочая да навукі. Паступова яна навучылася размаўляць на дзевяці мовах альбо прынамсці разумець іх. Валодала шведскай, дацкай, нямецкай, французскай, італьянскай, галандскай, іспанскай, лацінскай і грэчаскай; акрэм таго мела таксама пэўныя веды ў фінскай і яўрэйскай.

З ранняга маленства Крысціна ідэнтыфікавала сябе са сваім рана памерлым бацькам і ў той жа час аддалялася ад сваёй прыгожай, надзвычай жаноцкай, але ментальна лабільнай маці – а тая неяк і не хавала, што пласкагрудая дачка выклікае ў яе агіду. Усё гэта разам з хлапечым выхаваннем і хвалюючым чаканнем будучага наканавання, зразумела, пакінула свае сляды. Крысціна сама пазней казала, што ў яе развілалася “непераадольнае непрыняцце ўсяго, што робяць і кажуць жанчыны”. Яна прыйшла да высновы, што “жанчынам нельга ўладарыць”. Адчуванне непаўнавартасці з прычыны належнасці да жаночага полу вяло да таго, што яна падкрэслівала мужчынскія бакі сваёй асобы. Хадзіла з растрапанымі валасамі, на нізкіх абцасах, адмыслова апраналася нядбайна і непрыгожа, ела простыя стравы, шмат лаялася, мала спала, нястомна і добра ездзіла на кані – кажуць, была схопная вытрымаць у сядле ажно дзесяць гадзін—ненавідзела прыдворных дам і ўсе традыцыйныя жаночыя заняткі, шукала мужчынскага таварыства. Адным словам, рабіла ўсё, што звычайна не было дазволена жанчынам. У тую пару яна была ў мужчынскім свеце, як на вучэбнай экскурсіі. А калі дасягнула васемнаццаці гадоў, то раптам апынулася пасярод гэтага свету. Аднак, калі нехта ў тым звышарыстакратычным свеце ўяўляў сабе, што гэтая маладая жанчына будзе дурнічкай і лёгка кіруемай паненкай, якая дазволіць зрабіць з сябе паслухмяную марыянетку, той памыляўся.

На пачатку снежня 1644 г. у Стакгольме быў скліканы парламент, а 7 снежня пасля таго, як канцлер выступіў з самаўпэўненай справаздачай пра дзейнасць сваю і астатніх рэгентаў, слова атрымала васемнаццацігадовая Крысціна. Яна заявіла, што задаволена іхнім кіраваннем дзяржавай, а пазней таго ж дня склала каралеўскую прысягу. Гэтага моманту яна нецярпліва чакала. Хто слухаў яе, адразу заўважыў, што яе прысяга гучала не так абавязкова, як прысяга ейнага бацькі ў 1611 г. Прыкметна было, што ёйная прамова не змяшчала прызнання палітычнага ладу ад 1634 г., вялікага дасягнення Аксэля Оксэншэрна, якое кадыфікавала “змешаную манархію”. Яна паабяцала, што будзе шанаваць яе, але не праявіла схільнасці павысіць пастанову да ўзроўня “вечнага закону”. Тыя, хто, наслюніўшы пальцы, прамацвалі вецер у воблаках высокай палітыкі, адчулі прыкметы значнай перамены яго напрамку. 9 верасня 1650 г. парламент абраў стыечнага брата Крысціны князя Карла Густава спадчыннікам трону, а 20 верасня Крысціна была ўрачыста каранавана. Яна атрымала карону і амаль неабмежаваную ўладу, а да таго ж была канчаткова вырашана цяжкое пытанне спадчыны трону.

Швецыя ў тую пару ўсталявала зусім новыя адносіны з кантынентам і еўрапейскай культурай, і гэты ўплыў укараняўся галоўным чынам за пасярэдніцтвам стакгольмскага двара. У краіне, дзе раней ухвалялі перш за ўсё абстраляных вояў, выключна ацэньвалі воінскія подзвігі ды славілі за ваенныя новаўвядзенні, замест гэтага пачалі цаніць культуру, вучонасць і вытанчанасць. Вялікае мноства чужынцаў, якія былі пры двары, надавала яму міжнародны характар. Вакол каралевы Крысціны сгуртавалася мастацкая калонія замежнікаў. Належалі да яе раскошныя партрэтысты і гравёры. Такія, як англічанін Купер, французы Сіньяк, Бурдон і вечна п’яны Валары, галандцы Мунікховэн і Бэк – некалі адзін з фаварытаў англійскага караля Карла І – і шэраг іншых большых ці меншых талентаў, якія стваралі ў Стакгольме небывалы мастацкі ўзровень. Крысціна перапісвалася з адукаванымі людзмі з усёй Еўропы і запрасіла да сябе ў Стакгольм шэраг славутых навукоўцаў, якія з радасцю прымалі запрашэнне, прывабленыя расповедамі пра вялікую шчодрасць каралевы.

На прыканцы 1649 г. у Стакгольм прыехаў Дэкарт у прыгожым напудраным парыку, элегантна вышываных пальчатках і модных спічастых ботах. Вытанчаны філосаф-падарожнік прывёз з сабой усе свае апублікаваныя і неапублікаваныя творы. Ён спадзяваўся, што выкарыстае Стакгольм і магутную шведскую каралеву дзеля пашырэння сваіх наватарскіх ідэй, але хутка пераканаўся, што памыляўся. Крысціна засадзіла сівога філосафа ў адзін з пакояў у замку і загадала пісаць тэкст да балету. Праз пэўны час Дэкарт мусіў даваць справаздачу і надта ўзрушыўся, даведаўшыся, што да каралевы трэба з’яўляцца а пятай гадзіне раніцы. Тройчы на тыдзень ён уставаў у такі незвычайны для яго час, каб наведваць каралеву ў яе ледзяным кабінеце. У пісьме да сваіх французскіх сяброў ён скардзіўся, што “мысленне людзей тут замярзае, як вада ў шклянцы зімой”. Ледзь паспеўшы распачаць заняткі з каралевай, прыгнечаны духам Дэкарт захварэў на запаленне лёгкіх. І ўсяго праз тры дні памёр.
Крысціна ад самага пачатку была выхавана ў талерантнасці. І ў спелым узросце яна была адкрытай новым ідэям. Узышоўшы на трон, яна працягвала вучыцца, што было незвычайным. А яшчэ больш незвычайным было тое, што яе талерантнасць і інтэлектуальная цікаўнасць лучыліся з глыбокай рэлігійнасцю. Яна была верніцай, але ў тым не было нічога надзвычайнага, усе былі. Аднак, яна сваю глыбокую веру не дазволіла скрывіць моцным дагматызмам тае пары. Яна ніколі не захаплялася суровым, пазбаўленым паэзіі лютэранствам, якое надоўга ахапіла яе краіну. Лютэранскі пратэстантызм пачынаўся як сапраўдны пераварот у веры, дзе быў пошук Праўды і Збаўлення. Але, як усе рэвалюцыйныя ідэйныя сістэмы, у барацьбе за выжыванне і перамогу, лютэранства збочыла, акасцянела і пераўтварылася ў сваю супрацьлегласць. На аснове свайго адмоўнага стаўлення да прэдэстынацыі (наканавання) Крысціна не магла прыняць пратэстантызм у яго кальвінісцкім увасабленні. Яна вырасла пад уплывам скрыўленых забабонаў, ад якіх тхнула сернай кіслатой, пад уплывам прымхаў пратэстанцкага духавенства што да каталіцызму. Яна доўга ставілася адмоўна да гэтай веры, і гэта прывяло да таго, што, як сама напісала пазней, яна стварыла “нейкае ўласнае веравызнанне”. Аднак у 1650 годзе нешта адбылося. Доўгая, шалёная вайна ў Нямеччыне выклікала ўсеагульны крызіс у асяроддзі артадаксальных ідэёлагаў і рэлігійных фанатыкаў. Католікі і пратэстанты адначасова павысоўвалі насы над старымі і ўжо добра паабстралянымі акопамі і пачалі казаць адзін да аднаго. Адкрытасць пры шведскім каралеўскім двары не была нічым выключным. Пасля вайны новы дух эпохі ахапіў бальшыню Еўропы.

Непакой Крысціны ўзрастаў з гадамі. Яна ўсё часцей выязджала ўначы на кані на дзіўныя шпацыры. На прыканцы 1651 г. яе ахапілі адмысловыя прыпадкі, якія працягваліся да гадзіны. Яна часткова губляла здольнасць размаўляць. Відавочнымі былі прыкметы душэўнага і інтэлектуальнага крызіса. І ў той час Крысціне, ахопленай сумневам, надарылася магчымасць дыскутаваць з некалькімі перакананымі, спелымі католікамі, якія даказалі ёй, што яе ранейшае непрыняцце каталіцызму было закладзена на незразуменні і памылках. Гэта яе моцна ўразіла.

Ужо з 1650 г. яна ўпотай сустракалася з тайнымі езуіцкімі агентамі пры двары. Хіба што найуплывовейшым чалавекам, з якім яна вяла размовы, быў французскі пасол Шану. Ён паходзіў з багатай шляхецкай сям’і сваю першую пасаду выкупіў, што было у Францыі звычайнай з’явай. Хутка высветлілася, што гэта грунтоўны, здольны, працавіты і сціплы чалавек – дастаткова адмысловыя якасці сярод пыхлівых дыпламатаў тае пары. Да таго ж, нецярпімы да хабару, што было якасцю сярод людзей яго кола яшчэ больш рэдкай. Акрэм таго, ён быў адукаваны, сустракаўся з выдатнымі прадстаўнікамі літаратурных колаў Парыжа і быў адным з лепшых сяброў Дэкарта. (У Крысцініным кантакце з Дэкартам пасярэднічаў якраз ён). Шану быў таксама глыбока веруючым католікам і настолькі перакананым у сваёй веры, што насмеліўся наблізіцца да маладой каралевы. І таксама настолькі інтэлектуальна здольным, што задуманага дасягнуў. Пасля доўгага перыяду размоў ён пачаў мэтанакіравана працаваць над тым, каб навярнуць Крысціну, якая жыла сумневам, у каталіцызм.
Шану вабіў Крысцініну згаладнелую душу не толькі хлебам. Ён мог вабіць яе каталіцкім светам вакол Сяродземнага мора, які быў культурна і інтэлектуальна бясконца багацейшы за скупую, халодную і сырую краіну Свеяў. Паўночная Мінерва бачыла шведскую глебу няплённай. І яна рашылася.
Увосень 1652 г. езуіцкія агенты паслалі са Стакгольма паведамленне, што Крысціна прыняла рашэнне перайсці ў каталіцызм. Ужо ў мінулым годзе яна шакіравала раду і Аксэля Оксэншэрна заявай пра намер адмовіцца ад каралеўскай кароны. Тады яна яшчэ не згадала пра свае рэлігійныя пошукі, а толькі заявіла, што будзе лепш, калі дзяржавай будзе кіраваць мужчына, які цалкам зоймецца ваеннымі справамі, якімі яна не валодае. Калі ейныя цяжкасці, звязаныя з тым, што яна жанчына, рабілі яе адрачэнне ад трону верагодным, амаль прадугледжаным, то яе рэлігійны крызіс і пераход у каталіцызм зрабілі гэты крок проста непазбежным. Строга пратэстанцкая Швецыя не магла мець каталіцкага ўладара. То было проста немагчыма. Сівыя мужы ў дзяржаўнай радзе зноў і зноў прапанавалі ёй грунтоўныя довады, прасілі і заклікалі, каб яна ўзяла назад сваё рашэнне. Але Крысціна была нязломная. І тады было вырашана склікаць надзвычайнае паседжанне парламента 2 красавіка 1654 г. у Упсале. Там Крысціна павінна была назаўжды адрачыся ад трону дзяржавы Свеяў, а ейны спадчыннік Карл Густаў меўся быць каранаваны на новага уладара.

А шостай раніцы 6 чэрвеня 1654 г. парламенцкая зала ўпсальскага замку была запоўнена стракатым натоўпам: шляхтай, святарствам, гараджанамі і сялянамі, ззяючымі золатам прыдворнымі дамамі, дзецьмі, прыслугай, вартавымі з алебардамі і замежнымі пасламі. Пасля таго, як Аксэль Оксэншэрна зачытаў акт адрачэння і акт перадачы ўлады Карлу Густаву, Крысціна ўстала і кіўком галавы паклікала да сябе найвышэйшых асоб дзяржаўнай рады, каб яны дапамаглі ёй перадаць сімвалы ўлады. Радны, які падчас усёй цырымоніі трымаў меч, паклаў яго на падушку на стале, іншы паклаў туды ключ, Аксэль Оксэншэрна дзяржаву, Габрыель Оксэншэрна жэзл. Заставалася толькі карона. Яе меўся зняць Пэр Брахэ. Але ён не скрануўся з месца, дэманструючы гэтым сваю нязгоду з адрачэннем. Трошкі пачакаўшы, Крысціна зняла карону сама. Калі яна ўзяла слова, запанавала вялікае напружанне. Яна гаварыла голасна і выразна, але было зразумела, што і яна хвалюецца, часам яе голас трымцеў. Яна падзяквала ўсім, дзяржаўнай радзе і станам за іхную вернасць і падтрымку. Па ўсёй зале мужчыны і жанчыны пачалі ўсхліпваць і плакаць. Але не з-за таго, штó яна казала, але таму, як яна казала. Яна была, як пазней напісаў Пэр Брахэ, “прыгожая, як анёл”.

Ужо ўвечары наступнага дня яна ад’ехала з Упсалы, жадаючы пакінуць краіну. Па дарозе яе суправаджаў доўгі караван на конях і ў карэтах, сярод якога ехалі Карл Густаў, дзяржаўныя радныя і шляхта. Пад улеўным дажджом непадалёк ад Флотсунду яны развіталіся з маладой жанчынай, якая была іхняй уладаркай, але паслухалася голасу свайго сэрца і адмовілася ад велічы і ўлады дзеля іншага жыцця. Кранутыя сімволікай гэтага імгнення, усе плакалі. Большасць з тых прамоклых мужчын, што стаялі пад летнім дажджом над ракой Фюрыс, ніколі яе больш не ўбачылі.

Пасля ад’езду са Швецыі Крысціна падарожнічала ў мужчынскім адзенні пад імем “графа Дона”. Але, прыехаўшы ў Антвэрпэн, яна памяняла гэтую вопратку і кінулася ў вір свецкага прыдворнага жыцця – балі, музыка, тэатры і зацятыя спрэчкі з тымі, хто не зразумеў, што самаўпэўненая маладая жанчына адраклася ад трону, але не ад тытулу. У Брусэлі на Шчодры вечар 1654 г. вельмі патаемна, проста за дымавой заслонай яна прыняла каталіцкую веру. Толькі ў лістападзе наступнага году ў замкавым касцёле ў Інсбруку Крысціна афіцыйна адмовілася ад лютэранскага вучэння. Потым падалася ў Рым са сваёй шматлікай світай і пакункамі, поўнымі мастацкіх твораў. Паўсюль яе сустракалі шумнымі і трошкі манатоннымі славаслоўямі, трыюмфальнымі аркамі, працэсіямі, феерверкамі і шэсцямі з паходнямі. Радасць ад яе ўчынка была такая вялікая, што да святога горада яна мусіла ўязджаць двойчы. Спачатку ўвечары 21 снежня славутасць, навернутая ў веру, праехала ў раскошнай чырвонай карэце вуліцамі, аблямаванымі паходнямі і натоўпамі. У другі раз яна ўступіла ў горад 23 снежня праз гарадскую браму пад грукат артылерыйскага салюта і з усімі адпаведнымі ўрачыстасцямі. Крысціна ехала на белым кані, апранутая ў простую шэрую вопратку і без упрыгожванняў. Ёй аддалі ў наём адзін з самых раскошных палацаў у горадзе – Palazzo Farnese. У яго залах збіраліся італьянскія арыстакраты, замежныя дыпламаты і кардыналы курыі, каб ўзяць удзел у пышных святкаваннях, наладжаных каралевай.

Безумоўна, лічылася вялікай перамогай каталіцкага касцёла тое, што Крысціна, каралева шведскай дзяржавы, дачка Паўночнага Льва і адна з вядомейшых манархінь, пра якую столькі гаварылі, перайшла ў ісцінную веру.

Peter Englund. Ofredsår. Om den svenska stormaktstiden och en man i dess mit. Stockholm, 1993.

Пераклад са шведскай - Валеры Буйвал

Абдыкацыя (адрачэнне ад кароны і ўлады) каралевы Швецыі Крысціны (поўнае імя — Крысціна Аўгуста) была адной з ярчэйшых сенсацый 17 стагоддзя. Постаць Крысціны (1626-89) дагэтуль натхняе гісторыкаў і літаратараў, яе не забыліся не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце. Дачка шведскага караля Густава ІІ Адольфа (які забраў у Рэчы Паспалітай прыбалтыйскія тэрыторыі ў выніку няшчаснай для нашых продкаў дваццацігадовай вайны, што завяршылася ў 1629 г. мірам у Альтмарку) і дацкай прынцэсы Марыі Элеаноры, яна сфарміравалася як адна з найбольш адукаваных асобаў у Еўропе таго часу. Пасля трагічнай гібелі бацькі ў бітве пры Лютцэне ў Нямеччыне (1632), дзе Швецыя вяла змаганне ў еўрапейскай вайне, і па дасягненні паўналецця Крысціна была каранавана. На працягу ўсяго некалькіх гадоў маладая каралева паказала дастойны продкаў характар. Швецыя, знясіленая ў выніку каласальных стратаў, панесеных падчас Трыццацігадовай вайны на кантыненце (1618-48), перажывала перыяд сацыяльна-палітычнай нестабільнасці. Крысціна здолела дзе ўмелым лавірваннем і тонкай дыпламатыяй, дзе цвёрдай рукой, вывесці краіну з крызісу. Перад ёй адкрываўся бліскучы шлях манархіні вялікай імперыі – Швецыя валодала Фінляндыяй, адваявала ў Даніі тэрыторыі ў Скандынавіі, займала землі ў Паўночнай Нямеччыне, Прыбалтыцы і Новым Свеце. Яе ведалі далёка за межамі краіны як мудрую ўладарку – паўночную Мінерву. І раптам, як гром з яснага неба, Крысціна адракаецца ад улады. Гэта быў выбар моцнай і самастойнай асобы. Швецыя ўжо больш за сто год існавала як артадаксальная лютэранская краіна. А Крысціна кінула выклік традыцыі і перайшла ў каталіцкую веру. Нават у нашыя дні цяжка ўявіць сябе такі рашучы ўчынак венцаноснай асобы. Яны здольныя мяняць веравызнанне адно з мэтай уступлення на царства (паводле формулы Анры ІV – “Парыж варты Імшы…”). А вось каб наадварот, такое нешта не прыпомінаецца. А ў эпоху, калі ў Еўропе толькі што сцішыліся шматгадовыя рэлігійныя войны, і рэлігійная талерантнасць была ўдзелам нямногіх мудрацоў, такі ўчынак быў сапраўдным подзвігам. Крысціна заслужыла трыюмфу ў Рыме.

Пэтэр Энглунд (нар. 1957 г.) – вядомы шведскі гісторык, прафесар старэйшага ў Швецыі Упсальскага універсітэта. Аўтар манаграфій, перакладзеных на шэраг моў і вядомых многім тысячам чытачоў у розных краінах. Кнігі Энглунда чакаюць свайго з’яўлення на беларускай мове. Таму што ягоны расповед пра гісторыю Швецыі 17 ст. і пра Карла ХІІ насычаны беларускай тэматыкай, беларускімі імёнамі і партрэтамі. У сваёй манументальнай манаграфіі “Неспакойныя гады. Пра шведскае вялікадзяржаўе і чалавека таго часу” Энглунд дае панараму Трыццацігадовай вайны, жыцця тагачаснай Швецыі і Еўропы. Адзін з яркіх фрагментаў эпапеі прысвечаны каралеве Крысціне.

В.Буйвал. “Наша Вера”, 2004, №2.

30/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь